Гліняны запавет

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Сямейная справа Калтыгіных

— Любыя параўнанні — глупства. Дзеці не лепш і не горш за бацькоў.
Бацькі не горш і не лепш за дзяцей. Мы ўсе — ад пачатку іншыя.

З размовы з Максімам Калтыгіным.

Testamentum vs. Скрыжаванні

/i/content/pi/mast/30/511/31.jpg
Валерый Калтыгін. З серыі «Ню». Шамот, паліва, солі. 2009.
Testamentum. Слова каменю. Абапіраючыся на запаведзі бацькі і на каменныя скрыжалі Маісея з сіняй гары Сінай, Максім Калтыгін стварыў уласны «Запавет» і зацвердзіў сябе ў кераміцы як творца цалкам самастойны і самабытны, ні ў якім разе не адбітак бацькі і не ягоны паслядоўнік. Пахмурнай біблейскай узнёсласцю патыхала ад выставы «Testamentum», як быццам бы ў першыя сакавіцкія дні, калі шэрае неба цёплым ветрам абяцае ціхую вясну.

А бацька, славуты бабруйскі майстра керамікі Валерый Калтыгін, працягвае жывіцца вясёлым паганствам. Яго экспазіцыя «На скрыжаваннях» праходзіла ў галерэі «Універсітэт культуры» паралельна («А не сумесна!» — падкрэслівае спадар Валерый) з «Testamentum» Максіма. Кераміст стварыў для выставы з’едлівыя, цынічныя і задуменныя адначасова серыі «Скрыжаванні», «У кожнага свой крыж», «Анёлы ў горадзе», а таксама крыху распусныя «Ню», якія дзіўнавата глядзеліся тут, бо Калтыгін-старэйшы «... спецыяльна выбіраў такія творы, каб падтрымаць рэлігійную тэматыку сына...» Падтрымка аказалася з лёгкімі язычніцкімі ноткамі: каляровыя, шматдэталёвыя, тонкія працы бацькі выглядалі вельмі кантрасна побач з цяжкаватымі, даволі лаканічнымі, аб’ёмнымі, плаўнымі і такімі сур’ёзнымі працамі сына Максіма.

Валерый Калтыгін атрымлівае асалоду ад цягучага, смешнага і трошкі недарэчнага правінцыйнага быту, які складаецца з бутэлек ды пляшак, цыгарэт ды сухарыкаў, пасядушак ля самавара і хатніх піражкоў. Зямное і нябеснае цесна пераплятаюцца ў ягоных працах. Хтосьці сумленна цягне свой крыж на гару, хтосьці горда носіць яго на шыі, а хтосьці старанна вісіць на крыжы, задаволены сваёй ахвярнасцю. Хтосьці ўпаў з неба, зачапіўся за дрэва ды так і застаўся там — распіваць гарэлку ды любіцца.

«Мы ўсе — паўшыя анёлы», — пасміхаецца Валерый. Але пры гэтым — «сябе шкадаваць нельга, трэба шкадаваць іншых людзей. Людзі няшчасныя», — упэўнены ён.

Вось толькі як яшчэ могуць пачувацца анёлы з абламанымі крыламі?..

«Плод», «Гранат», «Паслясмак» — Максім Калтыгін дае магчымасць напіцца самым сокам хрысціянства. Звыклыя міфы пра Іону, Вавілонскае стоўпатварэнне, Ноя і яго сыноў Максім дапаўняе ламанай фігурай змея Нахаша, які ўвасабляе сам Грэх, нагадвае пра цуд са стацірам (Ісус загадаў Пятру пайсці да мора і сказаў: «Першую рыбіну, якая пападзецца, вазьмі і, адкрыўшы рот яе, знойдзеш стацір. Вазьмі яго і аддай за Мяне і за сябе». Пётр выканаў загад Ісуса, знайшоў у рыбіне манету, якую аддаў як подаць на будаўніцтва Іерусалімскага храма) і пра лаўцоў — стаіць такі Лавец на лодачцы тонкай ды рыбачыць у акіяне чалавечых душ.

— Распрацоўваючы гэтую тэму, я хацеў аддаць даніну традыцыі, — тлумачыць Максім. — Чытаў пра многіх мастакоў — яны тварылі якраз у гэтым рэчышчы. Напачатку было складана: ёсць жаданне, але няма ідэй, толькі невялічкія накіды, кшталту, як бы я абыграў той ці іншы сюжэт. Калі патэлефанавалі і сказалі, што мяне могуць вылучыць на атрыманне стыпендыі ад Міністэрства культуры і трэба прыдумаць праект, то для мяне другой тэмы і не знайшлося. Гэта быў як выклік самому сабе — з нічога прыдумаць і стварыць. Але я прыдумаў. Веды былі, але вельмі абрывачныя, паўнаты не было. Я чуў, хто такі Георгій Пераможца, чуў пра падзеі ў райскім садзе... Але што гэта значыць, якія існуюць тлумачэнні? Дзіўна, але калі я пачаў працаваць, інфармацыя стала паяўляцца сама. Напрыклад, мы ўбачылі аб’яву пра набор у Школу катэхізатараў пры Мінскай епархіі і вырашылі запісацца туды на падрыхтоўчыя курсы. Там знайшліся адказы на многія пытанні. Я размаўляў з выкладчыкамі, якія патлумачылі мне шмат. Узяўся за справу ў пачатку мінулага года — эскізы, макеты з пластыліну... А калі напрацаваў матэрыял і дакладна ведаў, што буду рабіць, то ўвесну кожны тыдзень ездзіў у бацькаву майстэрню. К лету ўсё было гатова, засталася толькі даводка работ на пленэры.

«Веру — не веру»

/i/content/pi/mast/30/511/30.jpg 
 Максім Калтыгін. Ной і тры сыны. Шамот, солі, паліва, дымленне. 2009.
Восем гадоў Максім працаваў пры Свята-Елісавецінскім манастыры:

— Там шмат майстэрняў — для керамістаў, шаўцоў, металістаў, мазаічныя і сталярныя, мядовыя і свечкавыя, майстэрні для роспісаў і разьбы па дрэве. Знаёмы ганчар збіраўся пакінуць манастыр і прапанаваў мне сваё месца. Мой шлях да веры... Пасля Акадэміі я прыйшоў працаваць сюды і вырашыў разабрацца, што стаіць за верай і ці стаіць за ёй штосьці ўвогуле. Людзі ў манастыры хутка мяняюцца. У такім асяродку немагчыма заставацца ўбаку: калі ты не прапускаеш гэтую аўру скрозь сябе, трымаешся на адлегласці, то цябе проста нешта выштурхоўвае адтуль. Не, ніхто не выганяе, але абставіны так складваюцца, што ты не можаш працаваць. Людзі «з міру» — і маладыя, і ва ўзросце — прыходзяць і сыходзяць, цякучка вялікая. Розныя людзі. Ёсць хворыя, ёсць і тыя, хто ў турме адседзеў. Але там ніхто не пытаецца пра тваё мінулае і пра твае перакананні. І чалавек можа пачаць жыццё з нуля, з чыстага аркуша. Некаторыя мае працы, напрыклад, «Вар’яты», былі зроблены менавіта там. Непадалёк ад манастыра знаходзіцца псіхіятрычны інтэрнат, і аднойчы я трапіў на службу, якая ў ім праходзіла. Цяжка было вытрымаць. Як людзі там пастаянна працуюць? Як бацюшкі слухаюць, спавядаюць, прычашчаюць?

А вось Валерый Калтыгін лічыць сябе абсалютна нерэлігійным чалавекам, прычым кераміст у свой час вывучаў і Біблію, і рэлігійную філасофію.

— «Духоўнае жыццё пачынаецца з царквы!» — чаму? Хто гэта прыдумаў? — шчыра абураецца ён.

Максім настойвае, што бацька — глыбока веруючы чалавек:

— ...Проста яму цяжка вярнуцца да пачатку, акунуцца ў выток і разабрацца ва ўсім да канца. Ён рос і выхоўваўся ў час, калі карыкатурны вобраз праваслаўя і хрысціянства ў цэлым уплывалі на фарміраванне светапогляду. Наогул, усе людзі — вернікі: адны вераць, што Бог ёсць, а другія — што Бога няма... Бацька верыць, што Бог ёсць, проста вонкавыя адносіны з рэлігіяй у яго не складваюцца. Некаторыя рэчы бацька бачыць больш глыбока і аб’ёмна, грунтуючыся на сваім жыццёвым вопыце, яго погляд — вельмі мудры і цвярозы. Калі глядзець на лад яго жыцця і ягоныя працы, то не скажаш, што ён — атэіст. Ён вельмі пакорлівы чалавек, а пакорлівасць — адна з асноў хрысціянства, адна з духоўных асноў развіцця ўвогуле!

Такое яркае супрацьстаянне светапоглядаў — выдатная падстава для «перакрыжаванага допыту», адказы на які і складуць «справу Калтыгіных».

Філасофія ахвяры

Рэлігійная глеба — як багна — адна з самых небяспечных для спрэчак паміж блізкімі людзьмі. А ў вас, спадар Валерый, з сынам ніякіх сварак не ўзнікае?

— У кожнага сваё жыццё — гэта элементарна. У маё жыццё бацькі не ўмешваліся. Ні-ко-лі. Я спрабаваў весці такія размовы, але бачу — не трэба. Пра што спрачацца? Я ўжо ва ўзросце, у мяне сталы светапогляд. Мы заўсёды знаходзімся на скрыжаванні патокаў жыцця. Гэта і фарміруе нас — як людзей і тым больш як мастакоў.

Вось была выстава «Дах» пад лозунгам «Ахвяры мастацтва». Зразумела, што першая ахвяра — гэта мастак, канешне. І ён сам сябе прыносіць у ахвяру. Пікасо быў абсалютна неардынарным мастаком, але эгаістам. І Далі, і Мадыльяні — усе яны былі эгаістамі... Толькі такі чалавек можа дасягнуць вяршыні. Калі ён здольны адкідваць ад сябе непатрэбныя моманты.

Але эгаізм і вера несумяшчальныя. Ці не баіцеся вы, што рэлігійнасць вашага сына будзе перашкаджаць яму як творцу?

— А гэта яго сапраўды тармозіць...

І справа тут не толькі ў тым, што Максім, паводле вашых жа слоў, недастаткова займаецца керамікай?..

— Ён яшчэ і айкідо разам з жонкай займаецца. Усходняя філасофія накладваецца на праваслаўе...

Максім, на адным са спартовых сайтаў вас атэставалі як чалавека, «адданага айкідо і мастацтву керамікі»...

— Да гэтага было захапленне каратэ, барацьбой, боксам. Падчас вучобы ў Віцебску спорт закінуў. Фізічная форма пачала пагаршацца. А калі паступіў у Акадэмію, раптам узнікла жаданне ўзнавіць трэніроўкі. З проста цікавай справы гэтыя заняткі перараслі ў нешта больш сур’ёзнае. На іх я пазнаёміўся са сваёй жонкай. Так што айкідо моцна паўплывала на маё жыццё.

Ці падзяляеце вы будысцкія ідэі, якія ляжаць у аснове айкідо?

— Калі ў мяне пытаюць, якая філасофія ў айкідо, я адказваю, што філасофіяй займаюцца філосафы. Мае практыкаванні ніякім чынам не закранаюць філасофію — гэта толькі адна з форм фізічнай актыўнасці, як шэйпінг ці аэробіка, не больш. Ёсць людзі, якія прымешваюць сюды эзатэрыку, тайныя веды, але ўсё гэта залежыць ад жаданняў і чаканняў канкрэтнага чалавека. Я не бачу ў сваіх занятках таго, што бачаць яны ў сваіх. Зразумела, што ў айкідо шмат усходніх элементаў — тое тычыцца адзення і рытуалаў, — я рухаюся ў зададзеных рамках, але не надаю гэтаму залішняй увагі.

Пераемнасць

Максім просіць у вас парады?

— Не прасіць у мяне парады — грэх. Я проста ведаю сабе цану як спецыялісту.

Але, магчыма, у яго ўзнікае такі ўнутраны пратэст — маўляў, бацька цісне сваім аўтарытэтам...

— Не, я не вішу над ім, не кажу: «Ты павінен рабіць вось так і так...» Я ўвогуле не ўмешваюся. І калі неяк ён папрасіў давесці адну яго работу, я выразна ўсвядоміў: нельга лезці ў чужую працу, бо тут ты пачынаеш баяцца і асцярожнічаць. А творчасць прадугледжвае разняволенасць. Сапраўдны майстар знайшоў сваю пластычную мову, свой прыём, падыходы да матэрыялу і свабодна імі валодае... Кожны мастак па-свойму ўнікальны і непаўторны, неардынарны. І вось калі я паспрабаваў «касіць» пад Максіма, у мяне не атрымалася. У мяне сваё бачанне, у сваёй рабоце я магу пайсці на рызыку, а ў ягонай — не.

Вы казалі, што ў вас няма пераемніка...

— Так, і я вельмі расчараваны гэтым. Напэўна, да мяне ніхто не цягнецца. Ведаю, што характар маю цяжкі. Хоць я не злосны і не помслівы — проста вельмі патрабавальны. А людзі любяць, калі іх, умоўна кажучы, гладзяць па галоўках. Магчыма, не хапае педагагічнага такту, вось гэтага «ой, як добра! ой, нашы дзеці!.. нашы дзеці такія таленавітыя!..» Я звычайна адказваю: «Пакажыце мне гэтых таленавітых дзяцей».

Але ў вас ёсць вучні, вы выкладаеце і маеце магчымасць перадаць увесь свой вопыт.

— Ну, гэта даволі складана, бо я ўсё ж такі абмежаваны вучэбным планам і праграмай.

А бывае, што дзеці самі хочуць даведацца больш, праяўляюць цікаўнасць?

— Я даю вучням заданне і, каб не губляць час, сам працую. Пласты, якія вы бачылі на выставе, я ляпіў якраз падчас заняткаў. Ні адно дзіця імі не зацікавілася.

Яны проста абыякавыя. Вывучаюць прынцыпы керамічнага формаўтварэння, і на тое, каб разабрацца ў сутнасці гэтых прынцыпаў, ідуць чатыры гады ў мастацкай школе. Але каб спасцігаць філасофію керамікі сур’ёзна, трэба прыходзіць не раз у тыдзень на дзве гадзіны. Не ляпіць бяздумна, без спробы зразумець, што і навошта ты робіш. Ляпіць — вельмі працаёмкі працэс. Ім прасцей алоўкам нешта чыркаць: не атрымалася — сцёр. А можа, і не сцёр, — у нас як у мастацтве? — у кожнага сваё вобразнае бачанне! І вось ён якую-небудзь пляму пасадзіў, а ўсе хорам — ой, як прыгожа! У кераміцы трэба ляпіць — правільна ляпіць! — каб гэта кампазіцыйна «сядзела». Зараз гляджу — наляпаюць, наляпаюць, і ім «падабаецца». Я кажу: «Добра, табе падабаецца, але давай разбяромся, вось гэта — кампазіцыйна няправільна, тут — “нематэрыяльна”...» Самае смешнае, што мае вучні займаюцца керамікай выключна для самаразвіцця. Яны не ставяць перад сабой такой мэты: «Я буду мастаком». Многіх заганяюць туды бацькі, многім падабаецца сам працэс, хтосьці шукае сяброў. У групе 15 чалавек, палову з якіх я ніколі не бачыў.

Калі заходзіць размова пра тое, ці ёсць у нас сучаснае мастацтва ў тым яго разуменні, якое існуе на Захадзе, я заўсёды адказваю, што ў нас яго няма. У нас — адрыжка. Больш за тое — у нас яго і не можа быць з-за атавізмаў яшчэ таго, савецкага, часу. Артадаксальная, акадэмічная школа вельмі закаранелая. Дзяцей трэба вучыць разуменню. Тады можна навучыць і разуменню сучаснага мастацтва. Але хто будзе мяняць штосьці ў школах? Там выкладаюць людзі, якія атрымалі аналагічную падрыхтоўку ў падобных навучальных установах і ездзяць па тых жа рэйках. Ніхто не зацікаўлены ў пераменах. Вось ідзе так, ну і няхай сабе ідзе.

Дзіцёнак у 9-10 гадоў сядзіць і малюе нейкія бязглуздыя нацюрморты. Я ў адной, дванаццацігадовай, пытаю: «Вось што такое малюнак, ты мне можаш растлумачыць?» Яна: «Ну, гэта нацюрморт маляваць...» Я: «Вазьмі аловак, вазьмі кавалак вугалю, палец абмакні ў фарбу, па сценцы так вось правядзі — і гэта ўжо будзе малюнак! Малюнак — гэта выява чагосьці. Магчыма, тваёй думкі. Глядзі, ты пішаш — і гэта ЎЖО графіка. Калі ты малюеш, ты мусіш ДУМАЦЬ!»

А вучань не думае — ён тупа перамалёўвае. Падыходзіць да такога выкладчык: «Вось тут трэба ўзмацніць», — ён узмацняе. — «А тут аслабіць», — ён аслабляе. І пра што потым казаць? Вось выпускаюцца з вучэльні 25 чалавек кожны год. І што, яны потым наведваюць выставачныя залы, займаюцца мастацтвам? Не. Пара чалавек паступіць на дызайн — улюбёную сучасную спецыяльнасць, якая мае практычны выхад. Зараз куды ні сунься — усюды дызайн. Адзенне, архітэктура... У Мінску мастакоў — што сабак. Кінеш палкай — абавязкова ў мастака патрапіш. І гэтых дызайнераў зараз процьма. Як тут можа з’явіцца рэвалюцыянер кшталту Сухамлінскага? Што ж мне, яшчэ і педагогікай займацца?..

Максім, вашым першым настаўнікам быў бацька. А які ён — выкладчык Валерый Калтыгін? Дарэчы, сам сябе ён абмаляваў чалавекам жорсткім, суровым, які трымае вучняў у кулаку...

— Бацька вельмі добры педагог — у яго гэта фамільнае, ён выкладчык у трэцім калене. Калі бачыць недахопы, дае вельмі канкрэтныя рэкамендацыі. Ён здольны падрыхтаваць любога чалавека з нуля, калі той будзе давяраць яму і мець жаданне працаваць. Бацька навучае вельмі тонка і непрыкметна. Калі я працаваў з ім, ніякага ціску не было. Ён не прымушаў. Амаль усё маё дзяцінства прайшло ў майстэрні. Я дапамагаў бацьку ў ягонай працы, рабіў нескладанае — мяў гліну, глазураваў... Пры гэтым свой лёс я ніяк не звязваў з керамікай. Простая помач. Цікава было разглядваць альбомы і часопісы, гартаць кнігі. Я амаль не маляваў (хіба што ў самым раннім дзяцінстве ў мяне былі малюнкі), да паступлення ў 15-ю вучэльню практычна не браў алоўка ў рукі. То-бок мэтанакіравана бацька са мной не займаўся, я проста прыходзіў, набіраўся ведаў. Падчас вучобы я быў вымушаны маляваць і ўжо тады звяртаўся да бацькі па дапамогу. Прычым яго метады значна адрозніваліся ад тых, што прынятыя ў мастацкіх навучальных установах. Ён вельмі ўдала вучыць кампазіцыйнаму мысленню. Выхаванцы, якія прайшлі яго школу, атрымліваюць выдатны «зарад», і калі яны працягваюць займацца творчасцю, то выходзяць на вельмі нядрэнны прафесійны ўзровень.

Пра бедны пленэр закінеце слоўца?..

Валерый Аркадзьевіч, навошта вам такая бурная грамадская дзейнасць?

— У Забалоцкага ёсць добрыя радкі: «Вчера, о смерти размышляя, ожесточилась вдруг душа моя...» Калі пачынаеш разважаць пра смерць, прыходзіць разуменне, што пасля яе нешта тваё павінна застацца. Шкадаваць сябе — ушчэрбнасць. Я намагаюся не жыць успамінамі, гэта — прыкмета старасці. Калі ёсць яшчэ жаданні — ты жывы. Гэта спадзяванне на лепшае. Хочацца адысці ад марнасці, але яшчэ больш у яе ўблытваюся. Я — заложнік уласных страсцей. Трэба гнаць і мучыць сябе, ні ў якім выпадку не даваць паслаблення. Бо лянота стаіць у галавах кожнага чалавека. Уладзімір Басалыга мне сказаў: «Ты ўжо ўвайшоў у гісторыю!» — «Ну, дзя-а-акуй!» — адказваю. Ашчаслівіў ён мяне. Я лепей буду займацца тым, чым хачу.

Сімвал пленэраў — Жыжаль, жывы агонь — гэта вы і ёсць. Але ці не падаецца вам, што ўсё хутка затухне, як толькі адыдзеце ад справы?

— Я кажу пра гэта ўвесь час. Ніхто не хоча займацца арганізацыяй: «Калі мне за гэта грошы заплацяць, тады буду займацца...» А хто вам будзе плаціць?

Калі хочаш, каб нешта было зроблена добра, зрабі гэта сам — вось мой прынцып. Кожны год я дабіваўся дазволу з цяжкасцю. Мне прапаноўвалі праводзіць пленэр раз у два гады, але я настойваў на штогадовым, бо трэба было яго раскруціць. Ёсць яшчэ праблема захавання старых «кадраў». Тэхналагічныя працэсы такія, што трэба абавязкова перадаваць вопыт, прытрымлівацца нормаў, суадносін. Я пішу для ўдзельнікаў памяткі. У іх — правілы паводзінаў на пленэры, расклад заняткаў. У гэтым сэнсе я жорсткі чалавек.

Нагадваеце ўсім, навошта яны тут...

— Так, гэта вялікая адказнасць. Мы ж не проста сабраліся тут, скінуліся па 50 долараў: хочаш — ляпі, хочаш — не. Мне патрэбны вынік, я павінен бачыць, на што я трачу сваё жыццё. Некаторыя кажуць: «Прыехалі, нешта там паляпілі, па-гу-ля-лі!» Маладыя яшчэ.

Зразумела, трэба, каб хтосьці гэтым займаўся. Але я ўжо стаміўся. У мяне знікла пачуццё навізны. Больш за тое, у тых, хто часта ўдзельнічае, таксама гэтае адчуванне прападае. Каб яго «разагрэць», трэба шукаць новыя формы.

Максім, вы ездзіце на пленэры. Працуеце там з задавальненнем. Прычым, наколькі я зразумела, гэта добрая нагода для творчых здзяйсненняў, бо ўласнай майстэрні вы не маеце. А як наконт таго, каб працягнуць арганізатарскую справу, ад якой стаміўся ваш бацька?

— Складанае пытанне. Калі займацца гэтым, дык займацца сур’ёзна. Я зрабіў бы штосьці інакш — маю на ўвазе сам лад жыцця на пленэры. Перш-наперш, увёў бы там сухі закон, але гэта, хутчэй за ўсё, нікому б не спадабалася. Зарадку прымушаў бы рабіць раніцай. Я не ўяўляю, як можна столькі піць і рабіць добрыя працы, бо ў чалавека, які шмат вып’е, моцна змяняецца светаўспрыманне. Апошнім часам на пленэрах увялі «дні цвярозасці», але поспехам яны не карыстаюцца. У людзей знікае нагода сабрацца і пагутарыць. Калі аб’ядноўвае толькі выпіўка, мне гэта падаецца занадта дробным. Дзіўна, што ніхто не пяе, не грае на музычных інструментах. Людзі творчыя, але ў іншых сферах яны ніяк сябе не праяўляюць. Не скажу, што я такі ўжо адданы прыхільнік спеваў ля вогнішча, але чагосьці душэўнага не хапае. Таму мне трохі цяжкавата.

Кераміка і ўсё-ўсё-ўсё

Валерый Калтыгін зрабіў жудаснае прызнанне: кераміка яму надакучыла, ён хоча кінуць яе і заняцца жывапісам!

— У аднаго рускага філосафа я прачытаў такое разважанне: як толькі ў мастака выпрацоўваецца сталая манера і ён пачынае паўтарацца ў сваёй творчасці (напрыклад, піша аднолькавыя пейзажы «ў сваёй манеры», «шлёпае» іх 100 — 200 — 300 і робіцца «пазнавальным»), — гэта значыць, што ён памірае як мастак. Таму той жа Пікасо эксперыментаваў, мяняў манеру і падыход. Я адчуваю, што гэта правільна. Эксперымент адкрывае ў цябе новыя рэсурсы.

Часам кажу: вось бы мне зноўку патрапіць у бальніцу, каб я там мог спакойна маляваць. Ляжыш сабе два-тры тыдні ці месяц, ні на каго не звяртаеш увагі. Я туды з сабой планшэт цягну. Мае графічныя цыклы дзялю так — пасля адной аперацыі, пасля другой аперацыі... Ляжыш на дзіравым матрацы: дзень, другі — ніхто не падыходзіць. А ў гэты час варона ў акно — цюк-цюк-цюк-цюк-цюк... Цікава!.. І графіка атрымліваецца такая... сюррэалістычная.

Справа ў тым, што кожны матэрыял мае свае перавагі і недахопы. Кераміка таксама абмежаваная. У мяне перад вачыма добры прыклад Пікасо. Ён займаўся жывапісам, графікай, скульптурай і керамікай. Прычым калі кажуць: «Кераміка Пікасо!» — мне робіцца смешна. Таму што сядзелі з ім два чалавекі — спецыялісты, якія р-р-раз — загатоўку зробяць, ён падыдзе, пальцамі пакамячыць: «Ану, прыляпі сюды гэта!..» Праўда, Пікасо імгненна схопліваў, унікаў у сутнасць... Ну, вось ён хуценька там кручкоў наставіў, і кажуць: «О, якія ўнікальныя талеркі ў Пікасо!», але на гэтым і ўся яго кераміка, вось такі ён кераміст.

А вы — жывапісец?

— У тым і справа. Але тэма ёсць: аб’екты ў горадзе. Мяне зачароўвае так званы industrial. Я крочу па вуліцах, бачу — ляжыць вывернутае дрэва, з цікавай каранёвай сістэмай, такое вузлаватае... Ляжыць год, два, тры, пяць. Ляжыць. Аб’ект. Потым — раз, і яго ўжо прыбралі. Але я аслупаваў сабе гэты вобраз і потым ужо па памяці яго малюю. Будаўнікі пакінулі сваю халупку — без колаў, яна стаіць на нейкіх цаглінах, на камянях, з яе тырчыць труба, нейкая праводка!.. Ці вось калонка старая. Ці вось штука, у якой смалу вараць, — па горадзе іх раскідана вельмі шмат, і самых дзіўных канструкцый! Глядзіш і разважаеш: «Інжынерная думка нашага чалавека такая шырокая, такая глыбокая!..» Здавалася б, прымітыўная штука — а колькі разнастайнасці. Сарцір які-небудзь занядбаны стаіць — таксама аб’ект. Як я гэта раблю? Вось ідзе ўмоўная карта горада — схема: домікі-квадрацікі, рэчка, вуліца нейкая пайшла — і ўсё гэта фрагментамі, кавалкамі. А аб’ект я малюю падрабязна.

...А вось для Максіма Калтыгіна на першым месцы — кераміка:

— Я спрабаваў сябе ў жывапісе, у графіцы... Існуе добрае выслоўе: калі ёсць магчымасць штосьці не рабіць — не рабі. Быў час — я не мог не займацца жывапісам, але гэты этап мінуў, мяне адпусціла. І жадання вярнуцца да жывапісу зноў няма ніякага. Мастацтва, на мой погляд, не тое каб хвароба — бо творчыя здольнасці дадзены кожнаму, — гэта свайго кшталту назойлівасць, дакучлівасць. Чалавек нікуды не можа дзецца ад вобразаў, якія перад ім усплываюць. Каб пазбавіцца, трэба іх рэалізаваць.

Вас ужо «адпусціла» біблейская тэма?

— Працаваць у адной вузкай тэматыцы і проста, і складана. Гэта свядомае самаабмежаванне. Сальвадор Далі казаў: «Дайце мне рамкі». Занадта вялікая свабода пазбаўляе кропак апоры. А калі ёсць пэўныя ўмовы, пэўныя сітуацыі, то, зыходзячы з іх, пачынаеш працаваць. Ёсць каардынаты, ёсць кропка, ад якой рухаешся. Але надумваць нешта спецыяльна па гэтай тэме я не буду.

...Бог зляпіў Калтыгіных з гліны, удыхнуў душу-полымя і наказаў тварыць з шамоту новыя сусветы: старэйшаму — дэталёвыя, вясёлыя, кплівыя, пакрытыя ўсімі адценнямі палівы, малодшаму — суровыя, стрыманыя, маўклівыя і лаканічныя. Так выбудоўваецца сямейная традыцыя. Стаіць за ёй не пераемнасць, сляпая і няўклюдная, а свабодны палёт. Не праклён, а шчасце — выбіраць іншы шлях, станавіцца не на прыступку вышэй, а на прыступку іншай лесвіцы. І заставацца — роднымі. Роўнымі. Кроўнымі.

Алена Каваленка