Аляксандр Колбышаў. Фільм як кругасветнае падарожжа

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Напрыканцы мінулага года на кінастудыі «Беларусьфільм» адбыўся прагляд новай мастацкай стужкі — драмы «Ваўкі» (па сцэнарыі Аляксандра Чакмянёва і Аляксандра Колбышава) у пастаноўцы Аляксандра Колбышава. Фільм яшчэ толькі рыхтуецца да прэм’еры, але крытыкі ўжо аднадушна прызналі яго з’явай у беларускім кінематографе. Шлях рэжысёра да сваёй першай поўнаметражнай стужкі «Ваўкі» быў вельмі доўгім.

/i/content/pi/mast/30/510/27.jpg
Аляксандр, паводле першай адукацыі вы акцёр. Чаму вырашылі стаць рэжысёрам?

— Пасля заканчэння Кіеўскага тэатральнага інстытута быў размеркаваны ў Брэсцкі драматычны тэатр. Гэта здарылася яшчэ за савецкім часам. Нас, пецярых чалавек, запрасілі ў Брэст, абяцалі стварыць умовы для творчасці. Абяцанне стрымалі. У мяне адразу была галоўная роля ў спектаклі па п’есе Рамана Сонцава «Артыкул». Але надышоў час, калі я зразумеў, што вырас з гэтых «штонікаў» і хочацца нешта рабіць самому. Пачаўся канфлікт: і ўнутраны — з сабою, і вонкавы — з рэжысёрам, калі мне здавалася, што трэба дзейнічаць так, а ён чамусьці гэтага не адчуваў. Я зразумеў, што стаю перад выбарам — ці сыходзіць з прафесіі, ці штосьці мяняць.

І вы наважыліся атрымаць яшчэ адну адукацыю. А гэта ж быў пачатак 90-х гадоў, калі ў кіно прыходзілі літаральна з вуліцы...

— Лічу, што базавая адукацыя павінна быць абавязкова. Ва ўсякім выпадку, кожны, хто хоча займацца той ці іншай справай, павінен яе мець. Разумею, што ёсць выключэнні з правілаў, але кепска, калі ў прафесіі збіраецца шмат выпадковых людзей. Мяне, напрыклад, гэта вельмі раздражняе.

Вы вучыліся ў майстэрні Віктара Турава. Якія ў вас засталіся пра яго ўспаміны і, галоўнае, чаму ён вас навучыў?

— Успаміны самыя лепшыя. Адносіны будаваліся не як у педагога са студэнтамі, а так, нібыта ўсе мы — калегі. Мы адчувалі вялікую адказнасць, бо мусілі адпавядаць узроўню майстра. І сваю прафесійную планку неабходна было ўвесь час уздымаць. Тураў казаў: «Любая гісторыя нічога не вартая, калі мы не гаворым пра чалавека». Спачатку я не да канца гэта разумеў. Існуе ж рознае кіно, напрыклад, такое, дзе паперадзе ўсяго — форма. Падчас навучання ўсвядоміў, што я — прыхільнік неарэалізму, дзе галоўнае — чалавек, яго ўнутраныя праблемы, яго свет, перажыванні і ўсё тое, што з гэтым звязана. Тут у мяне з майстрам супярэчнасцей і рознагалосся не было.

/i/content/pi/mast/30/510/29.jpg

Аляксандр Колбышаў на здымачнай пляцоўцы фільма «Ваўкі».

З якімі надзеямі і марамі вы скончылі Беларускую акадэмію мастацтваў?

— Гэта быў 1998 год, вельмі складаны час, бо фільмаў рабілася мала. Але нам пашанцавала. Мы здымалі кіно менавіта на плёнцы. Пры канцы навучання ў мяне былі тры фільмы: дзве курсавыя работы («Чорная скрыня» па ўласным сцэнарыі, «Яма» па творы Вітаўтаса Бубніса) і дыпломная праца «Ахвота жыць» (паводле Васіля Шукшына). Гэта шыкоўна! Нават ва ВГІКу ў Маскве не было такой магчымасці, студэнты ўсё здымалі на відэа. Пасля абароны дыплома тагачасны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Сяргей Лук’янчыкаў прапанаваў мне ставіць фільм па сцэнарыі Віктара Мярэжкі. Але мне не спадабалася драматургічная аснова. На мой погляд, гэта была п’еса, мала адаптаваная для кіно. Палічыў, што для «поўнага метра», для дэбюту — не той матэрыял. Таму і адмовіўся. Лук’янчыкаў не зразумеў: гэта ж Мярэжка! Хіба можна адмаўляцца?! А я ўвогуле лічу, што сцэнарый трэба чытаць без першай старонкі, дзе стаіць прозвішча аўтара, каб ягоны аўтарытэт не ціснуў...

/i/content/pi/mast/30/510/29-.jpg

Андрэй Панін (Зіновій Пятровіч).

Як будаваліся вашы адносіны з «Беларусьфільмам»?

— Мы ўсе вельмі чакалі работы. Студыя нічога не прапаноўвала. Я разумеў, што хутка можна згубіць тое крохкае ў прафесіі, што толькі-толькі стала нараджацца. Пачалі працаваць над стужкай «Акупацыя. Містэрыі». А з чаго яна з’явілася? Вырашылі — камера ёсць, прафесія ў руках. Алесь Качан прыдумаў гісторыю, яны з Андрэем Кудзіненкам яе давялі да ладу. Андрэй узяўся за рэжысуру. Мяне запрасілі як акцёра. Напачатку гэта было свайго кшталту свавольствам — у добрым сэнсе. Вельмі хацелася здымаць. Працавалі амаль без грошай. Гісторыя вырасла ў тры часткі і доўжылася амаль чатыры гады.

Паралельна ўвесь гэты час я спрабаваў нешта рабіць. Прыносіў на студыю сцэнарыі, наіўна мяркуючы, што калі ў мяне выдатны матэрыял, ад яго ніколі не адмовяцца. Да 60-годдзя Перамогі прынёс сцэнарый «Мы з будучага», дзе не проста згадваюцца ваенныя падзеі, а вайна прапушчана праз сучасніка, ягонае сэрца. Галоўны рэдактар адхіліў яго. Гэта сталася апошняй кропляй, і я з задавальненнем паехаў працаваць у Расію. Мяне запрасілі ў Піцер на здымкі серыяла «Хронікі забойнага аддзела».

Серыялы — гэта добрая школа? Яны дапамагаюць у прафесіі ці псуюць густ?

— Ёсць небяспека. Гэта і добра, і дрэнна. Добра, бо ты працуеш у прафесіі і падтрымліваеш сябе «на плаву», абрастаеш кантактамі, стасункамі. Гэта лепш, чым жлукціць гарэлку з гора ад таго, што няма занятку. Самае галоўнае для мужчыны — пачуццё асабістай годнасці, таму вельмі важна, калі ёсць праца. Паехаў у нікуды. Серыял, вядома, не «поўны метр», але тут галоўнае — асабістае стаўленне да справы. Я імкнуўся дасягаць выніку выразнымі сродкамі кіно, таму выкарыстоўваў любую магчымасць. Цікава было кантактаваць з акцёрамі, мастакамі, аператарамі. Дзякуй Богу, мне трапляліся добрыя хлопцы. На той час кінастужак здымалася мала, і на вытворчасць серыялаў прыйшлі класныя спецыялісты. Людзям трэба было выжываць. Для мяне гэты час аказаўся вельмі плённым і карысным. Не ведаю, як бы працаваў над «Ваўкамі» без атрыманага вопыту.

Што сталася пачаткам гэтай стужкі?

— Сустрэча з Аляксандрам Міхайлавічам Чакмянёвым. Ён даў мне пачытаць сваё апавяданне «Ваўкі», якое было напісана ў 1966 годзе, але надрукавана толькі ў 2003-м у часопісе «Няміга». Узяў часопіс з ветлівасці і паехаў дадому на метро. У дарозе пачаў чытаць. І з першай старонкі быў агаломшаны стылем, словам і тымі падзеямі, якія разгортваліся ў творы. Не верыў: «Няўжо гэта той матэрыял, пра які я марыў?!» Зачапіла ўсё і адразу — экспазіцыя, дыялогі, сітуацыя. Як твая група крыві... Наступным днём прымчаўся да Чакмянёва, і ён сказаў, што бачыў мой фільм «Ахвота жыць», які спадабаўся яму па атмасферы. Таму свой матэрыял ён аддасць толькі мне. Потым я даведаўся, што гэтае апавяданне шмат хто чытаў на студыі і многія рэжысёры хацелі яго здымаць. Панёс матэрыял да галоўнага рэдактара Лук’янава, нават у Міністэрства культуры хадзіў. Ніхто не выказаў цікавасці. Шкада...

На той час я ўжо працаваў у Расіі. Але думкі пра «Ваўкоў» не пакідалі мяне, і ў вольную хвіліну заўсёды звяртаўся да гэтага матэрыялу. Прыходзіў пасля цяжкага здымачнага дня, рыхтаваўся да наступнага, усё рабіў добрасумленна, а потым адкрываў камп’ютэр, запаветны файл з «Ваўкамі», і працаваў. Гэта ператварылася ў хобі. Так і цягнулася, пакуль аднойчы не прагучаў тэлефонны званок з «Беларусьфільма». Мне патлумачылі, што на студыі з’явіўся новы дырэктар. Адным з накірункаў ягонай палітыкі стала вяртанне рэжысёраў, якія пасыходзілі раней. Урэшце запыталіся: «Што б вы хацелі прапанаваць?»

Гэта было шокам, поўнай нечаканасцю, і я нават не ведаў, як да такога пытання ставіцца. Але потым зразумеў, што ўсё сур’ёзна. Прыехаў у Мінск, прывёз літаратурны сцэнарый, сустрэўся з генеральным дырэктарам Уладзімірам Пятровічам Замяталіным, адбылася мастацкая рада. І я ўбачыў сапраўдны інтарэс да сваёй ідэі. Душа спявала...

Падзеі ў стужцы разгортваюцца адразу пасля вайны. З цягніка, які перавозіць палітвязняў, збягае палонны. Адны яго хаваюць і дапамагаюць выжыць, другія жадаюць яго смерці. Час, які адлюстраваны ў «Ваўках», складаны. Чаму вы да яго звярнуліся?

— Праз гісторыю трагічнай гібелі аднаго чалавека мы імкнуліся паказаць цэлы космас ягонай душы. А што можа быць больш каштоўнае за жыццё? Мы ўсе памятаем «ліхія 90-я», калі жыццё перастала штосьці значыць. У маім фільме, нягледзячы на ўвесь трагізм сітуацыі, спадзяюся, выяўлена любоў да чалавека, ёсць атмасфера, чалавечая цеплыня, душа. Зноў-такі, хачу верыць, што гэтым «Ваўкі» адрозніваюцца ад шматлікіх фільмаў, якія цяпер з’яўляюцца на экранах, ад бессэнсоўных баевікоў, дзе мы бачым суцэльную мясарубку, дзе герояў не шкада, а гледачу не страшна.

Для кіно вельмі важна паказаць, як чалавек трапляе ў трагічную сітуацыю і робіць маральны выбар. У залежнасці ад таго, у які бок ён пойдзе, можа змяніцца лёс чалавецтва. У «Ваўках» тое ёсць. Жыхары вёсачкі апынуліся перад маральным выбарам, калі кожны павінен для сябе вырашыць: выратаваць ці не чалавека і ягонае жыццё (а гэтым учынкам — і ўласную душу). Калі працаваў над стужкай, дык звяртаў увагу менавіта на гэтыя пласты. Імкнуўся зрабіць кіно не дыдактычнае, а на ўзроўні асацыяцый...

У фільме «Ваўкі» яркія акцёрскія працы, прычым усе — ад галоўных роляў у інтэрпрэтацыі Колі Спірыдонава, Дзмітрыя Ульянава, Андрэя Паніна, Уладзіміра Гасцюхіна, Тамары Міронавай да невялікіх — у выкананні Аксаны Лясной, Дзіяны Запрудскай, Дар’і Баранавай і іншых. Як вы дабіліся такога выніку?

— Гэта нармальна, калі рэжысёр умее працаваць з акцёрам. Люблю акцёраў, а ў аснове маёй працы — сістэма Станіслаўскага. Усе мы яе вывучалі ў тэатральным інстытуце. Але адно — тэорыя, і зусім іншае — практыка на сцэне ці на здымачнай пляцоўцы. У мяне адчуванне, што кожны акцёр па-свойму інтэрпрэтуе сістэму. Што яна сабою ўяўляе? Гэта тры магічныя словы — «што, калі б?» Гэта магчымасць сканцэнтраваць уяўленне, фантазію акцёра ў абставінах героя. Каб ён мог адпаведна адчуваць персанажа і паводзіць сябе так, як ён. Напрыклад, Дзіяну Запрудскую было вельмі цяжка выбраць на ролю Танькі. Ёю я вельмі задаволены... Спрабаваліся цудоўныя дзяўчынкі, гэта той рэдкі выпадак, калі ёсць з каго выбіраць і ў кожнага выканаўцы ўласны ракурс.

А па якіх крытэрыях вы выбіраеце акцёра на ролю?

— Калі ў мяне акцёр пытаецца перад камерай: «А што я павінен іграць?», кажу: «Нічога, ты мусіш існаваць у прапанаваных абставінах». Усё па сістэме Станіслаўскага — навучыцца правільна існаваць пасля таго як прымерыш на сябе меркаваныя варункі, зразумееш свайго героя і здолееш растварыцца ў ім. Калі працую над сцэнарыем, дык як акцёр прайграю кожную сітуацыю, пачынаю чуць галасы, інтанацыі, нават паўзы, пачынаю бачыць героя. Мне трэба адчуць правільны рытм яго існавання. Потым, калі праводжу пробы, шукаю ў акцёру неабходную мне танальнасць. Беручыся за «Ваўкоў», давялося прагледзець шмат акцёраў. Няхай яны не крыўдуюць, але ў рэжысёра сваё ўяўленне пра персанажа, і ў яго трэба «патрапіць». Акцёр можа запярэчыць: у мяне, маўляў, іншая псіхафізіка. Тады — развітваемся... Шукаю акцёра з такой псіхафізікай, якую вымагае пэўны герой. І калі выбіраю канкрэтнага выканаўцу, гэта не значыць, што ўсе астатнія дрэнныя. Кожны артыст унікальны. Акцёры працуюць па-рознаму — хто на прафесіяналізме, хто на інтуіцыі...

А якіх акцёраў любіце вы?

— Тых, якія мысляць і маюць моцна развітую інтуіцыю...

У працы з акцёрамі вы — тыран?

— Не, хутчэй — саўдзельнік працэсу, на мяне ўскладзена адказнасць за вынік. Я нафантазіраваў уласны фільм, яго свет, і мае героі павінны ў ім гарманічна існаваць. Калі бачу, што акцёр выбіваецца з маёй сістэмы каардынат, вымушаны яму адмовіць. Набіраючы каманду, стаўлюся да гэтага, як да падрыхтоўкі кругасветнага падарожжа: вельмі важна, хто побач. Я павінен быць упэўнены ў кожным, каб мы ўсе працавалі на канчатковы вынік.

А што вам больш падабаецца як рэжысёру — ставіць акцёрам задачу або паказваць, як трэба іграць?

— Калі не хапае часу на рэпетыцыі, магу паказаць. Але вельмі добра, калі выканаўца разумее задачу. Гэта ідэал, таму вельмі важнымі з’яўляюцца рэпетыцыі. Ім надаю вялікую ўвагу, бо менавіта акцёр з экрана праз ігру ўвасабляе і сюжэт, і атмасферу стужкі. Рэжысёра ніхто не бачыць, ягоная праца — па-за кадрам. Усімі выканаўцамі я задаволены і яшчэ раз пераканаўся, што ў нас ёсць выдатныя акцёрскія сілы. Увогуле лічу, што дрэнных акцёраў няма, ёсць дрэнны сцэнарны матэрыял ці няправільнае размеркаванне выканаўцаў на тыя ці іншыя ролі.

Ці магчыма яшчэ на пачатку запуску карціны пралічыць яе экранны лёс? Калі ёсць грунтоўны сцэнарый і рэжысёр таленавіты, то шанцы на поспех вельмі вялікія...

— Усё адносна. У кіно працуюць людзі, таму існуе чалавечы фактар і такая рэч, як нарматывы. Напрыклад, у мяне ў галоўных ролях заняты дзеці, а іх здымачны дзень паводле нарматываў — 6 гадзін. На «Ваўкоў» у нас пайшлі 42 здымачныя дні. Трэба было ўсё паспець. Зіма, снегу — па пояс, часам тэхніка не магла прабіцца, калі ішлі натурныя здымкі. Але зрабілі! Апошняя справа — працаваць на энтузіязме, хочацца, каб усё было падрыхтавана. Напрыклад, для «Ваўкоў» кінастудыя спецыяльна пабудавала натуральныя дэкарацыі, вясковую хату менавіта таго часу. Беспрэцэдэнтны выпадак! Дагэтуль абыходзіліся інтэр’ерамі. Калі здымаецца сучасны фільм, студыя звычайна арандуе адпаведныя інтэр’еры. Кіно ж павінна здымацца ў дэкарацыях. З’яўляецца магчымасць папрацаваць са святлом, што павялічвае мастацкія вартасці аператарскай працы. Дэкарацыі эканомяць час, сродкі, уся група знаходзіцца разам. І тады ўсё спрыяе поспеху. Я адказваю за фільм, бо ён уплывае на людзей, якія яго глядзяць...

А хто ваш глядач, якая ў вас, як сёння кажуць, «мэтавая аўдыторыя»?

— Той, хто чытае кнігі, не глядзіць «Comedy Сlub», не абыякавы, не развучыўся спачуваць. У чалавека павінна быць пэўная планка, якую ён сам сабе ставіць. Апошняе ўжо залежыць ад выхавання.

У фільме вы рэалізавалі ўсё, што хацелі, ці нешта не атрымалася?

— Усё, што адчуваў, здолеў выявіць. Доўгі час пакутаваў з фіналам. У апавяданні ён адкрыты. Мяне гэта не задавальняла. У галаве круцілася метафара: «Узыходжанне на Галгофу». Вельмі баяўся, каб апошнія кадры не ператварыліся ў пафас. Адсюль узнікла панарама. Купал царквы, цягнік з палітвязнямі, словы малітвы дзяўчынкі...

Увогуле — што для вас кіно?

Кіно — гэта як суразмоўца. Калі чалавек мне цікавы, я ўключаюся ў размову. Рэжысёр — гэта субяседнік гледача. Не люблю кіно, якое атупляе, якое не прымушае задумацца. Увогуле, кіно нікому нічога не павінна. Яно мусіць быць розным, але абавязкова пазітыўным...

Наталля Сцяжко