Шукальнік забытых скарбаў

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Спадчына Лявона Баразны

 /i/content/pi/mast/30/508/20.jpg
 Капыльска-клецкі строй. Вёска Падліпцы Слуцкага раёна. Акварэль. 1957.
Выстава твораў Лявона Баразны ў Нацыянальным мастацкім музеі сталася сапраўдным прызнаннем гэтага майстра, даследчыка гісторыі і краязнаўцы, этнографа
і мастака.

Ён нарадзіўся ў 1928 годзе ў вёсцы Новае Сяло Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў аддзяленне ткацтва тэатральна-мастацкага інстытута, працаваў галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР.

Лявон Баразна збіраў узоры адзення, народнага ткацтва, занатоўваючы ў сваіх альбомах праявы матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, яе забытыя, занядбаныя скарбы — прадметы быту, прылады працы, адзенне. Праца метадыстам у абласным Доме народнай творчасці ў Гродне паспрыяла яго супрацоўніцтву з народнымі ансамблямі песні і танца. У Баразны ўзнікае жаданне ўзбагаціць сцэнічныя строі каларытнымі нацыянальнымі адметнасцямі. Ён распрацаваў касцюмы для Гродзенскага ансамбля песні і танца «Нёман», Смаргонскага ансамбля песні і танца імя Агінскага, Навагрудскага ансамбля песні і танца «Свіцязь». Увогуле з 1963-га па 1972 год мастак стварыў касцюмы больш чым для паўтара дзесятка народных і самадзейных мастацкіх калектываў, ансамбляў і хароў. І па сённяшні дзень яны лічацца лепшымі ўзорамі ў сваёй галіне.

Многім паваенным даследчыкам здавалася, што Беларусь — краіна пагарэльцаў, дзе ўсё спалена і разрабавана. Але нягледзячы на ўсе выпрабаванні, спадчына засталася. Мастак, які вырас у вёсцы, перажыў там ваеннае ліхалецце, добра ведаў, што яе зберагалі простыя людзі, хавалі ў надзейных месцах, ратавалі ад пажараў і іншых навал. Лявон прайшоў па добра вядомых яму мясцінах дзяцінства, пасля — па іншых рэгіёнах Беларусі. Замалёўваў не толькі самі строі, але і тыпы сялян і сялянак. Следам за Язэпам Драздовічам ён развіваў плынь мастацкага рэгіяналізму, у аснове якога ляжыць зварот да так званага «невядомага блізкага». На беларускай глебе гэтая плынь аказалася надзвычай выніковай: яна разбурала штучныя міфы, развенчвала невуцтва. Баразноўскія вандроўкі доўга помніліся ў вёсках, і згадкі пра «дзядзьку Лявона» перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Фактычна, Лявон Баразна зрабіў учынак, супастаўны дзеям чэшскіх, славацкіх, венгерскіх творцаў-рамантыкаў XIX стагоддзя, якія праз этнаграфічныя замалёўкі народных строяў у Карпатах і іншых не кранутых уплывамі Аўстра-Венгерскай імперыі рэгіёнах імкнуліся давесці, што іх народы не страцілі свайго ўласнага аблічча.

У 1958 — 1960 гадах мастаком былі сабраны і падрыхтаваны да выдання альбомы малюнкаў «Беларуская народная вопратка», «Арнамент паўднёвай Беларусі», «Тканіны Гродзеншчыны». Сваімі доследамі ён засведчыў, што народнае адзенне — помнік мастацтва. У матывах і колерах арнаментаў — у выявах караваеў, калодзежаў, зорак, сняжынак, у раслінных (лянок, елачкі, кветкі) і зааморфных (павучкі, кажан, гусіныя лапкі, валовае вока) узорах увасобіліся і захаваліся старажытныя вераванні. Мастак быў вельмі ўважлівы і пільнавокі, хуткі на творчы экспромт. Ледзь пазначыўшы акварэллю асноўныя каларыстычныя і танальныя адносіны, ён проста і віртуозна перадаваў асобныя дэталі арнаменту, фактуру тканін, гульню святлаценю, і замалёўкі ператвараліся ў сапраўдныя перліны неарамантычнага мастацтва. Варта адзначыць, што ў ХХ стагоддзі высокакваліфікаваныя творцы такімі замалёўкамі ўжо не цікавіліся. Гэта была справа этнографаў, якія рабілі падрабязныя ці схематычныя малюнкі. Таму досвед Баразны з’яўляецца ўнікальным. Як прыгадваў сам мастак, рэакцыя на яго адкрыцці часам была негатыўнай. Некаторыя заяўлялі, што ён не мог такога адшукаць у Беларусі — гэта, маўляў, яго фантазіі, нацыяналістычны блеф. Баразна шкадаваў, што не мог узяць з сабой фотакамеру, якая была для яго недасягальнай раскошай, каб дакументальна пацвярджаць свае акварэльныя матывы.

У Лявона Баразны была запаветная мара — «Пеўчае поле». Каб сабраліся шматлікія калектывы Беларусі і суседніх рэспублік, загучалі спевы на розных мовах, захаваныя са старажытных часоў, каб змянялі адзін аднаго выступоўцы ў нацыянальных строях...

Гэтая ідэя ўспрымалася многімі спевакамі з энтузіязмам. Мастак пачаў думаць над сцэнічнымі касцюмамі для найбольш паслядоўных у нацыянальным рэпертуары калектываў. Ён і сам заўжды хадзіў у вышыванай святочнай кашулі. Для адных гэта было незабыўным уражаннем на ўсё жыццё, іншыя паціскалі плячыма. Памятаю сваю сустрэчу з Лявонам Цімафеевічам у Гродне. Я тады працавала над мазаікай для ЗАГСа, дык ён параіў мне аздобіць сукенку маладой народным арнаментам. А каб гэта было цалкам легітымна, дамогся дазволу на такі дэкор у першага сакратара абкама партыі. Было тое ў 1967 годзе.

Лявон размаўляў на сакавітай народнай мове, і побач з ім заўсёды пачыналася ажыўленне. Хтосьці пасмейваўся, але таксама спрабаваў размаўляць па-беларуску, згадваючы дзяцінства ці вучобу ў школе. Баразна стаўся ўзорам паводзін сучаснага мастака, які не толькі займаецца творчасцю, але і ўласнае жыццё пераўтварае ў перформанс, зацягваючы ў кола сваіх ідэй самых розных людзей.

Пільныя справы часта не давалі яму магчымасці спакойна папрацаваць у майстэрні, але ў творчай спадчыне Лявона Баразны захавалася шмат цудоўных акварэляў. Ён захапляўся лірычнымі краявідамі: мастака натхнялі ціхія куточкі горада, астраўкі чыстай прыроды. Сярод лепшых твораў — «Партрэт маці», «Аўтапартрэт», «Апусцелы хутар», «Стары Мінск», «Каложская царква», «Вежа Навагрудка». У пастаяннай экспазіцыі Мастацкага музея знаходзяцца яго эскіз вітража «Беларуская казка», творы жывапісу і графікі.

Значнай падзеяй у гісторыі беларускага скарыназнаўства другой паловы ХХ стагоддзя стаўся альбом Лявона Баразны «Гравюры Францыска Скарыны», які пабачыў свет у выдавецтве «Беларусь» у 1972 годзе. У гэтай кнізе Лявон Баразна з’яўляецца аўтарам уступнага артыкула, каментарыяў і тлумачэнняў да гравюр, заставак, віньетак, манаграм. Даследчык заўважае, што малюнкі адзення былі ўведзены ў навуковы ўжытак з часоў Францыска Скарыны — у XVI стагоддзі. Гэтае даследаванне вытрымала выпрабаванне часам і было перавыдадзена ў 1990 годзе.

Няўрымслівая душа творцы ўцягвала яго ў вір складаных і часам невырашальных праблем — такіх як ратаванне старога горада ад разбурэння, падтрымка роднай мовы, маладых талентаў з народа. Сваім універсалізмам, выяўленай патрыятычнасцю ён нагадваў Язэпа Драздовіча. Свабодная і эмацыянальная творчая манера Лявона Баразны дазваляе гледачу наноў перажываць тыя шчаслівыя імгненні адкрыцця прыгажосці і этнічнай адметнасці стыляў розных часоў і рэгіёнаў Беларусі. Упершыню былі прадстаўлены малюнкі беларускага касцюма ад ХI стагоддзя да нашых дзён. Гэтыя ўзоры беларускага народнага адзення аказалі вялікае ўздзеянне на многіх даследчыкаў, этнографаў, мастакоў. Сярод іх Яўген Сахута, Міхась Раманюк, Вольга Лабачэўская, мастачкі Валянціна Бартлава, Галіна Крываблоцкая...

Выстава Лявона Баразны прадэманстравала новы погляд на спадчыну мастака (экспанаваліся 90 твораў графікі і жывапісу, фотаздымкі розных перыядаў, энцыклапедычныя выданні), які сваім жыццём і мастацтвам даказваў адметнасць і ўнікальнасць народнай творчасці, адвечнае хараство Беларусі.

Людміла Налівайка