Terra incognitа

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Сакральныя знакі жывапісу

/i/content/pi/mast/30/505/17.jpg
Сонца. Змешаная тэхніка. 2009.
Валянціна Шоба — мастачка адметнага шляху. Яна вынайшла графічную тэхніку, стварыла ў ёй свой завершаны свет і адшукала логіку
яго развіцця.

Яе майстэрня займае паверх гродзенскай вежы (былой вадацяжнай), які яна насяліла ўтульнымі рэчамі. У гэтым шасцікутніку прасторы будуе свой паралельны сусвет. Новы кірунак творчага развіцця мастачкі прадэманстравала выстава «artХАОС», якая адбылася ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Геаметрыя — слова, што нібы і не стасуецца з палётам фантазіі. Але згадаем, што самыя незвычайныя і складаныя (на цяперашні прагматычны погляд — фантастычныя) уяўленні пра будову сусвету нашы продкі заключылі ў выразны геаметрычны рытм. Дакладнасць канструкцыі ляжыць у аснове вобразатворчасці Валянціны Шобы, хоць яна і сцвярджае, што свядома парушае законы кампазіцыі. Дакладнасць тут варта разумець як поўнае супадзенне задуманага і ўвасобленага. Мастачка пэўная ў руху сваёй рукі, у стварэнні нюансаў сваіх адметных фактур. Агульны вынік-твор падаецца непрадказальным, але гэткая лёгкасць — ад перакананасці і ведання. Фантазія — толькі спадарожніца, вытворны прадукт. Адчуванне і разуменне, няспынны пошук адпаведнасці сваім унутраным станам кіруе яе доследамі ў будове формы і ў вызначэнні каларыту.

Узімку мастачка наладзіла сваю выставу ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску. Экспазіцыя была прысвечана Раству. Валянціна Шоба ўспрымае яго як свята, у якім спалучыліся самыя розныя традыцыі, але захавалася і непазбыўная мара пра ператварэнні і пераўвасабленні.

На выставе панавалі далікатныя вохрыстыя і ультрамарынавыя конікі, падобныя на жывых істот месяцы. Гэтыя стварэнні — адмысловыя і заблытаныя персаніфікацыі самой мастачкі — нібы наўпрост вырастаюць з фактуры яе жывапісу (таго глыбока пачуццёвага, кранальна-тактыльнага, што хаваецца за банальным подпісам «змешаная тэхніка»).

У свяце Раства перапляліся хрысціянская і язычніцкая традыцыі. Для Валянціны Раство — гэта вяртанне сонца: ад моманту зімовага сонцастаяння нябеснае свяціла паварочвае на лета. Таму мастачка ўключае ў экспазіцыю і свае ўласныя «Сонцы», што вылучаюцца з агульнай плыні яе мастацтва, але арганічна прыналежаць ёй.

Аўтарскія хады ў «Сонцах» пазнавальныя. Увогуле, серыі Шобы — гэта бясконцы аповед без пачатку і канца, яго секвенцыі будуюцца паводле дыктату логікі, якая вызначае кожны наступны твор. Для аўтарскага выказвання заўсёды мала аднаго графічнага аркуша. Ідэі, вобразы, колеры вольнай плынню перацякаюць з работы ў работу, кожны раз фармуюцца ў выразную кампазіцыю. Як слова-знак у тэксце. Як супынкі на доўгім шляху...

Тры «Сонцы» Шобы — толькі пачатак цыкла. Сказанае ў адным творы ўжо запатрабавала працягу — наступнага слова...

Сонца вызначыла формы і рытмы зямнога існавання. У шматлікіх культах яму надавалася велізарнае значэнне. Міфамі, уласнымі вобразамі і асацыяцыямі напоўнены салярныя аркушы Валянціны Шобы. Памятаючы і тое багацце адлюстраванняў, што адвеку бачыў чалавек на паверхні свяціла, і тыя шматлікія персаніфікацыі, што зведалі астранамічныя целы ў людскім уяўленні, яна дадае да гэтага свой уласны працяг. Сонца-рэверс, ці начное (у многіх культах існуе падземнае сонца), вырашана ў стрыманай гаме, толькі цьмяную медзь пазначае прывіднае святло. Адначасова яно — і перавернуты стан душы. Ёсць яшчэ сонца халоднае, яно не дае цяпла, але нараджае кветкі на сваёй паверхні. Зямля застаецца настылай і белай.

Фармальна кампазіцыі пабудаваны вельмі проста: круг упісаны ў прамавугольнік аркуша. Умоўная плоскасць зямлі, рытмы дрэў-аб’ектаў...

Нягледзячы на складанасць фактур і вясёлую адвольнасць вобразаў, работы Валянціны лёгка чытаюцца, бо яны будуюцца паводле выразнай канструктыўнай логікі. Формы яе твораў пазнавальна-паўтаральныя — яны нібы клеткі ў школьным сшытку, куды мастачка ўпісвае свой тэкст. Так выбудоўваецца герметычны свет Валянціны Шобы, які ўтрымлівае і механізм свайго бясконцага ўзнаўлення-працягу. Знешні імпульс гэткага стварэння прачытваецца проста — гэта настрой, рух рукі ці абрывак думкі. Але тая логіка, якая хаваецца за зменлівай абалонкай чалавечых станаў, выяўляе сябе ў мастацкім вобразе. Валянціна Шоба абжывае вонкавы свет, упускаючы туды сваіх герояў.

Алеся Белявец