Невядомы Вердзі

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Канцэртнае выкананне оперы «Макбет»

/i/content/pi/mast/30/502/14.jpg 
 «Макбет». Ніна Шарубіна (лэдзі Макбет), Станіслаў Трыфанаў (Макбет), Сяргей Франкоўскі (Макдуф).
Пра будучую пастаноўку оперы «Макбет» Джузэпе Вердзі на сцэне нашага Вялікага тэатра паведамлялі на прэс-канферэнцыях неаднойчы, прычым упершыню — яшчэ некалькі гадоў таму. А «падступацца» да гэтага твора трупа пачала ў 1992-м, калі ў рэпертуары з’явіўся спектакль «Вердзі і Шэкспір», заснаваны на асобных сцэнах з адпаведных опер.

Высокую музычную ступень гатоўнасці да сцэнічнага ўвасаблення «Макбета» артысты прадэманстравалі летась у Віцебску. Нарэшце адбылася сталічная прэм’ера канцэртнага выканання оперы. Гэтая падзея адкрыла публіцы не толькі невядомага Вердзі («Макбет» у нас ніколі не ішоў, з яго клавірам, не кажучы ўжо пра партытуру, знаёмыя хіба рэдкія знаўцы), але і невядомых салістаў.

Чароўнай незнаёмкай паўстала прызнаная прымадонна Ніна Шарубіна. Спявачка з шыкоўным бельканта, чый голас «прабівае» любы аркестравы склад і пры гэтым здольны перадаць найтонкія псіхалагічныя адценні (згадаем хоць бы яе безабаронную і адначасова моцную духам Аіду ў аднайменным спектаклі), для лэдзі Макбет яна знайшла абсалютна новыя фарбы. У свой час Вердзі адмовіў у гэтай партыі знанай італьянскай зорцы Тадаліні толькі таму, што тая была... надта прыгожай, з ясным, светлым, анёльскім голасам. І выказваўся ў сваіх лістах, што хацеў бы, каб яго гераіня была выродлівай, злой, з глухім, рэзкім, змрочным тэмбрам, у якім ёсць штосьці д’ябальскае. Наша Ніна Шарубіна змагла стаць менавіта такой.

Спявачку было не пазнаць — прычым без аніякага мудрагелістага грыму. Твар жалезнай лэдзі перакошвае зласлівая грымаса, часам перад гледачом з’яўляецца папраўдзе «д’ябальскі профіль». Некаторыя фразы вырываюцца, бы клінкі-маланкі, іншыя сыплюцца дробнымі, колкімі градзінамі-льдзінкамі. У голасе з’яўляецца то метал, то сціснуты, амаль містычны шэпт, што крадзецца, як ліслівая кошка. І толькі ў сцэне вар’яцтва і смерці, як гэта і задумана Вердзі, у ім прачынаецца штосьці сапраўды чалавечае, нават кранальнае.

Побач з такім яркім бенефісам не згубіліся і іншыя выканаўцы. У ансамблевых сцэнах з сапрана Ніны Шарубінай годна спаборнічала сапрана Марыны Ліхашэрст (Дама). Бясспрэчна высакародны, па-каралеўску ўпэўнены тэмбр Васіля Кавальчука (Банка) кантраставаў з псіхалагічна шматаблічным барытонам Станіслава Трыфанава (Макбет), які адлюстроўваў душэўныя ваганні і сумневы. У такой трактоўцы героя спеваку, верагодна, вельмі дапамагла колішняя праца над супярэчлівым вобразам Барыса Гадунова ў аднайменнай оперы Мусаргскага. Рамантычным, поўным выбуховых эмоцый атрымаўся Макдуф Сяргея Франкоўскага. Цудоўна гучалі харавыя сцэны (хормайстар Ніна Ламановіч), насычаныя небяспечнымі для выканаўцаў унісонамі, акапэльнымі, фугіраванымі фрагментамі. Аркестр жа на чале з Віктарам Пласкінам выступіў, можна сказаць, у ролі сапраўднага чытальніка аповеду. Ужо першыя такты ўверцюры музычны кіраўнік пастаноўкі трактаваў нязвыкла нервова, узбуджана, з рэзкімі бетховенскімі кантрастамі.

У выніку ў гэтай оперы, напісанай у 1847 годзе і адрэдагаванай у 1869-м, Вердзі нават больш, чым у сваіх апошніх творах, паўстаў кампазітарам не толькі ХІХ, але і ХХ стагоддзя. Выкананне падкрэсліла і наблізіла да сучаснага слухача полістылёвую прыроду партытуры, якую раней музыказнаўцы называлі «эклектычнай». Ці не ў такой перастаноўцы акцэнтаў, выяўленні раней не заўважанага, але надзвычай актуальнага сёння — сапраўднае прызначэнне музыкантаў?

У канцэртным выкананні гэтая опера магла б гучаць часцей (дарэчы, побач з аднайменным драматычным спектаклем купалаўцаў і лялечным — гродзенцаў: вось вам і «макбетаўскі» фестываль!). Тым больш што літаральна неабмежаваныя магчымасці сучаснай светлавой апаратуры, усталяванай у тэатры, здольныя паспрыяць у дасягненні любога сцэнічнага эфекту. Пэўна, з цягам часу маглі б з’явіцца і дадатковыя заднікі (пакуль іх толькі два, але вельмі трапных па настроі), відэавыявы. Бо і сама опера, і праца нашых артыстаў таго вартыя... Засталося дачакацца сцэнічнай прэм’еры.

Надзея Бунцэвіч