Глядзіце, хто ідзе! Першыя крокі, першыя ўражанні

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Як вядома, поспех спектакля залежыць не толькі ад уласцівасцей п’есы, яе тэмы, стылю, ідэі, але і ад творчай супольнасці, апантанасці людзей, што над ім працавалі. І менавіта рэжысёр каардынуе ўвесь працэс работы калектыву, ён аб’ядноўвае ў адзінай задуме творчыя намаганні акцёраў, сцэнографа, кампазітара, з’яўляецца арганізатарам усіх работ, звязаных са стварэннем спектакля. І, канешне, адказвае за яго якасць. Ды толькі маладыя рэжысёры, выпускнікі Акадэміі мастацтваў з майстэрні Барыса Іванавіча Луцэнкі, не баяцца цяжкасцей і смела далучаюцца да прафесіі. Многія з іх ужо пад час вучобы ў Акадэміі зацікавілі сваёй непаўторнасцю і арыгінальнасцю. Ягор Лёгкін ажыццявіў пастаноўкі п’ес «Бедны Марат» А.Арбузава і «Апошняя ноч апошняга цара» Э.Радзінскага. Запомніўся гледачам спектакль «П’яны анёл» паводле «Жывога трупа» Л.Талстога ў пастаноўцы Таццяны Навумавай. Кацярына Аверкава прадставіла «Кысь» Т.Талстой, а Вольга Сыратокіна -- «Аоі» японскага аўтара Ю.Місімы. Усе спектаклі непадобныя адзін на другі, як непадобныя і метады работы рэжысёраў з акцёрамі: адным бліжэй паступовасць, памяркоўнасць, разважлівасць падчас рэпетыцый, іншыя -- больш рашучыя і пераканаўчыя. Падаецца, менавіта разважлівасцю і ўдумлівым стаўленнем да творчасці вылучаецца дыпломны курс рэжысёраў, што выйшлі з майстэрні Барыса Луцэнкі.

Вось што думаюць самі рэжысёры-выпускнікі пра тое, якім павінен быць тэатр: 

-- Чаму была абрана прафесія рэжысёра, а не якая-небудзь іншая?

Ягор Лёгкін:
Усё дзяцінства наведваў тэатральныя гурткі. Пасля скончыў Магілёўскае вучылішча культуры, маю дыплом кіраўніка студыі і выкладчыка ў школе мастацтваў. Яшчэ калі вучыўся, мяне ўзялі працаваць акцёрам у Магілёўскі абласны драматычны тэатр. У Акадэмію мастацтваў спачатку паступаў на рэжысуру тэатра лялек, курс тады набіраў А.Ляляўскі, але вучыцца на платнай аснове не стаў. Неўзабаве зразумеў, што лялечны тэатр -- не тое, да чаго я імкнуўся, і праз год паступіў на рэжысуру драмы.
 /i/content/pi/mast/2/50/p.39_1.jpg
“Маці” К.Чапека. Рэжысёр Я.Лёгкін. Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы.
Вольга Сыратокіна:
Я не імкнулася стаць актрысай і не марыла пра тэатр, але цяпер ні пра што не шкадую. Калі прыходзіцца вельмі цяжка, узнікае пытанне: ці ёсць у маёй працы сэнс? Ці змагу данесці да гледачоў тое, што задумала? Даводзіцца пераадольваць шмат вонкавых і ўнутраных перашкод. Ды калі нарэшце выходзіць спектакль, разумееш, што намаганні вартыя выніку. Нішто не можа параўнацца з тымі пачуццямі, якія ўзнікаюць, калі наша агульная з акцёрамі праца знаходзіць водгук у гледачоў.
Таццяна Навумава: У тэатра цяпер адна задача -- выжыць. Існуюць людзі, якія займаюцца сцэнічным мастацтвам шчыра, імкнучыся данесці важныя думкі і сэнс твора, разважаць аб праблемах, неабыякавых для сучаснікаў. Пакуль такія людзі ёсць, тэатр існуе. Мабыць, ягонае галоўнае прызначэнне -- захоўваць веру і не дазваляць грамадству духоўна дэградаваць. Людзі мусяць верыць, што казкі ёсць. Таму заўсёды хочацца, каб у жыцці штосьці змянілася, няхай крыху, няхай толькі на нейкі момант, але змянілася.
Кацярына Аверкава: Да шасці гадоў я хацела быць нявестай -- лічыла, што такая прафесія існуе. Пасля мне растлумачылі, што пажаніцца можна толькі адзін раз у жыцці. Так і ў тэатры: стаўшы рэжысёрам, цяжка ўявіць сябе ў іншай прафесіі.

-- Які літаратурны твор быў абраны для пастаноўкі дыпломнага спектакля?

Я.Л.: П’еса К.Чапека «Маці» мне цікавая тым, што ў ёй яскрава паўстае праблема спажывання, асабліва сярод моладзі. Усе вельмі добра ведаюць слова «дай», але чамусьці мала хто задумваецца пра слова «аддай». Што ты сам можаш аддаць іншым, чым можаш быць карысны? -- вось пытанні, на якія я шукаю адказ. Маладое пакаленне сёння пачало мысліць занадта павярхоўна. І ад гэтага становіцца неяк сумна... Але мой спектакль -- пра маці. Я хачу ў ім узвесці своеасаблівы «мемарыяльны комплекс» жанчынам, якія страчваюць сваіх дзяцей.
В.С.: Перад тым як выбраць твор для пастаноўкі, прачытала вялікую колькасць беларускіх п’ес. Натуральна, паколькі я -- малады рэжысёр, кіраўнік тэатра В.Анісенка прапанаваў
 /i/content/pi/mast/2/50/p.40_1.jpg

 "Сталіца Эраўнд" С.Гіргеля. Д.Паршын (Васіль Сухарэўскі), М.Паніматчанка (Пятро Кунцэвіч). Рэжысёр В.Саратокіна. Беларускі цэнтр
драматургіі і рэжысуры.

адкрыць імя маладога драматурга. Спынілася на п’есе «Сталіца Эраунд» С.Гіргеля, якая зацікавіла сваім стылем, дзіўнаватым гумарам, што нечым нагадваў адначасова Хармса і Таранціна. Спектакль атрымаўся пра адзіноту чалавека ў горадзе, дзе наўкол шмат людзей...
Т.Н.: Спектакль «Прыгоды Бібігона» К.Чукоўскага, які рэпецірую на малой сцэне Тэатра юнага гледача, не можа быць складаным. Такі спектакль павінен мець добрую ігравую форму, бо трымаць увагу дзяцей ва ўзросце 4-7 гадоў вельмі цяжка. Яны ж зусім маленькія і не могуць доўга засяроджвацца: спачатку ім цікава, потым можа стаць і нецікава. З дзецьмі трэба гуляць, весці дыялог. Я ўдзельнічала ў лялечных спектаклях і крыху ведаю гэтую аўдыторыю… Мне было важна выявіць дзіцячыя страхі і дапамагчы гледачу змагацца з імі. Праз гульню хачу падтрымаць маленькага чалавека, пераканаць яго, што не ўсё агромністае -- небяспечнае і жудаснае. У пастаноўцы будзе шмат гульняў, танцаў, спеваў -- тут я не адкрываю нічога новага. Але, думаю, зрабіць прафесійны дзіцячы спектакль нават больш складана, чым паставіць трагедыю.
К.А.: Актуальным і цікавым можа быць кожны спектакль, дзе мы бачым жывога чалавека. У якасным тэатральным творы гледача, па-першае, захапляе дзеянне, па-другое, ён абавязкова адкрывае для сябе штосьці новае. Здзіўляць моднымі цяпер феерычнымі скокамі і песнямі ў спектаклі «Тры сястры» А.Чэхава, які стаўлю са студэнтамі трэцяга курса Акадэміі мастацтваў, мы не будзем. Варта здзіўляць жыццёвай глыбінёй. А калі хто імкнецца ўбачыць шоу, няхай глядзіць тэлевізар.

-- Якія рысы характару павінен мець рэжысёр?

Я.Л.: Трэба вучыцца праводзіць сваю думку праз увесь спектакль. Рэжысёру неабходна быць падрыхтаваным да таго, што ён робіць. Усе моманты, якія могуць замінаць, трэба
 /i/content/pi/mast/2/50/p.41_3.jpg
 К.Аверкава (Ружа).

ўмець рэгуляваць. Колькі акцёраў -- столькі меркаванняў пра будучы спектакль, але скразная ідэя адна, і вакол яе трэба ўмець згуртаваць выканаўцаў. Цэласнасць успрымання задумы вельмі важная, нельга яе драбіць. У рэжысёра заўсёды павінна быць свая пазіцыя, сваё стаўленне да драматургіі, калі гэтага няма -- няма нічога. Спектакль для сябе? Не ведаю... Самалюбаванне можна называць па-рознаму, але гэта не для мяне.
В.С.: Быць жанчынай-рэжысёрам увогуле складана, бо прафесія вымагае такіх рысаў характару, якія жанчыне ў паўсядзённым жыцці не заўсёды патрэбныя: цвёрдасці, непахіснасці і іншых якасцей «жалезнай лэдзі». У кожнага рэжысёра ёсць спосабы, мэты і сродкі, якія ён выбірае, зыходзячы са сваёй індывідуальнасці. Я імкнуся наладзіць узаемаразуменне, набыць аўтарытэт, бо калі пачну крычаць і грукаць па стале, гэта будзе выглядаць проста смешна.
Т.Н.: Рэжысёр павінен быць вельмі начытаным, бо ён нясе маральную адказнасць за працэс, ідэю, дзеля якой усе сабраліся. Не лічу, што трэба «фанацець», па-вар’яцку ставіцца да сваёй прафесіі. Тут дарэчны здаровы падыход да ўсяго.
К.А.: Такія якасці, як розум, сіла, мужнасць, сумленнасць, рэжысёру проста неабходныя. Ён -- заўсёды кіраўнік, і таму яму трэба ўмець сабраць каманду і не баяцца памыліцца, зрабіць так, каб акцёр рэжысёру давяраў. Іначай плёну не будзе…

-- Ідэальны акцёр -- хто ён для цябе?

Я.Л.: Акцёр мусіць быць старанным. У студэнцкім тэатры менш сутыкаешся з амбіцыямі, бо там усе проста навучэнцы, а вось акцёры прафесійнага тэатра -- гэта ўжо асобы з уласным светапоглядам. Многія выканаўцы прыходзяць на рэпетыцыю, маючы асабістае меркаванне пра спектакль. З гэтым трэба і змагацца, і мірыцца адначасова. Калі пачнеш цалкам выкараняць тое, што ёсць у акцёра, нажывеш сабе ворага. Калі дазволіш яму іграць ягоны спектакль -- дык увогуле навошта тут рэжысёр? Трэба знаходзіць залатую
 /i/content/pi/mast/2/50/p.41_1.jpg

 Т.Навумава (Дзелавы чалавек).

сярэдзіну…
В.С.: Мне значна прасцей працаваць з выканаўцамі, якія ідуць ад сваёй прыроды. Ёсць акцёры, якія ўсё разумеюць, раскладваюць па палічках, абдумваюць, а потым прыходзяць і выдаюць вынік. А іншыя ўспрымаюць падзеі спектакля на эмацыйным узроўні. Адразу дзейнічаюць у прапанаваных абставінах, пачуццёва адгукаюцца на сюжэт. Мне больш падабаецца працаваць з такімі. Важна, каб акцёр як асоба меў уласную пазіцыю. Гэтага ўжо дастаткова.
Т.Н.: Для мяне важныя чалавечыя стасункі. У нас хутка ўзнікае атмасфера ўзаемаразумення, я давяраю акцёрам. Можа, гэта і няправільна, але ў мяне так. І ў рэжысуры, і ў акцёрскай справе многае залежыць ад стаўлення да прафесіі.
К.А.: Нашым акцёрам не хапае рамяства, ім вельмі цяжка даюцца характарныя ролі. Часта выканаўца аднолькава выглядае ў розных спектаклях. У тэатральнай моладзі вочы пакуль іскрацца -- важна не згубіць захопленасць. З такімі акцёрамі заўсёды будзе цікава працаваць.-- Хто сёння галоўны ў тэатры?

Я.Л.: Зразумела, акцёр, бо менавіта ён ладзіць кантакты з гледачамі. Я мог бы аднавіць так званы «тэатр прадмета», будаваць кампазіцыі з неадухоўленых рэчаў і паказваць іх публіцы. Ды толькі гэта будзе своеасаблівы перформанс, як модна цяпер казаць, на першае месца выйдзе рэжысёр, але ж у маім тэатры галоўны -- акцёр.
Т.Н.: Шчырасць -- вось што істотнае ў тэатры. Калі пачынаюць высвятляць, хто галоўны, -- гэта шкодзіць прафесіі. У тэатры важныя ўсе. Добра, калі ніхто не прэтэндуе на абсалютнае пяршынства.
В.С.: Мастацкі кіраўнік вызначае рэпертуарную палітыку, а дырэктар -- займаецца арганізацыйнымі пытаннямі для пастаноўкі спектакля. Ды толькі калі няма грошай -- няма і спектакля. Вось і атрымліваецца, што галоўны ў сучасным тэатры -- дырэктар. Усё ж хацелася б, каб мастацкае пераважвала матэрыяльнае...
 /i/content/pi/mast/2/50/p.42_1.jpg

 “Апошняя ноч” Э.Радзінскага. Рэжысёр Я.Лёгкін. Тэатр-студыя імя Е.Міровіча.


К.А.: Тэатр часам мне нагадвае краму або цырульню. Тут важны не той, хто працуе, а той, дзеля каго ўсё робіцца. Як толькі пачнем высвятляць, хто галоўны, знікне каманда. Я не магу ставіць сябе вышэй за акцёра, бо гэта ён выходзіць на сцэнічную пляцоўку, паўстае перад гледачамі. Нельга зневажаць акцёра, але ж і ён не павінен зневажаць рэжысёра. Кожны мусіць займацца сваёй справай.

-- Што дае праца ў майстэрні Б.Луцэнкі? Ці можаш назваць сябе яго вучнем?

Я.Л.: Часткова. Я імкнуўся штосьці браць у кожнага педагога, які з намі займаўся. У Б.Луцэнкі ёсць талент развіць свабоду думкі, ён вучыў разняволенасці ў выбары прыёмаў. Вучыў бачыць шматпланавасць матэрыялу, які можна вырашаць па-рознаму, а потым выбраць штосьці адно, тое, што падаецца найбольш цікавым. Узбагачаў творчае стаўленне да драматургіі, каб мы не ўспрымалі сябе рэжысёрамі, якія абапіраюцца толькі на паняцце школы. Многім рэжысёрам сёння не хапае акцёрскага пачуцця. Нельга спасылацца толькі на інтуіцыю, бо не ведаеш, куды яна можа цябе завесці.
В.С.: Б.Луцэнка надзвычай вызваляе фантазію, уяўленне. Ён нам казаў: «Вазьміце любую п’есу і пастаўце самі. Самі сыграйце, самі зрэжысіруйце -- усё зрабіце самі, каб вам ніхто не перашкаджаў, і праз аднаго персанажа прадстаўце ўсю п’есу»... Мы з захапленнем прынялі такія ўмовы, і ў нас атрымаліся вельмі цікавыя работы, бо нічога не было забаронена. Не было межаў -- так можна, так нельга. У Барыса Луцэнкі можна ўсё. І гэта выдатна!
/i/content/pi/mast/2/50/p.43_1.jpg 
“Аскар і Ружовая дама” Э.Шміт, Б.Масумян (Ружовая дама), С.Беляковіч (Аскар). Рэжысёр К.Аверкава. Нацыянальны тэатр імя М.Горкага.
Т.Н.:
Студэнцтва -- цудоўны час, калі я магла працаваць з тым драматургічным матэрыялам, які мяне цікавіў. У Акадэміі я кожны дзень сустракалася з рознымі, па-свойму таленавітымі людзьмі, размаўляла з імі на важныя для нас тэмы. Мы стваралі цікавыя праекты. Лічу, пашанцавала, што мяне вучылі такія прафесіяналы сваёй справы, як Б.Луцэнка, М.Абрамаў і іншыя.
К.А.: У мяне былі два настаўнікі -- Б.Луцэнка і М.Абрамаў. Іх прынцыпы выкладання аднаго і таго ж матэрыялу былі абсалютна рознымі. Спачатку мяне захапілі лекцыі па майстэрстве рэжысёра М.Абрамава, яго дакладная логіка кожнай секунды існавання на сцэне. Калі ж да нас прыйшоў Б.Луцэнка, мы размаўлялі ўжо не пра ўчынкі і матывіроўкі герояў, а пра мастацкую задуму спектакля, вывучалі розныя віды тэатра. І гэта выдатна, што ўжо ў Акадэміі нам давялося сустрэцца з такімі рознымі, але па-свойму цікавымі школамі.

-- Якія задачы стаяць сёння перад тэатрам?

Я.Л.: У кожнага канкрэтнага тэатра -- свае. Але ў першую чаргу -- жывы дыялог з гледачамі. Калі тэатр ператворыцца ў СМІ -- будзе жудасна. Калі стане падручнікам па гісторыі -- знікне жывая творчасць. Тэатр мусіць размаўляць з гледачамі на важныя тэмы, якія хвалююць людзей. Калі ў грамадскім жыцці наспявае праблема, пра яе і трэба весці размову. І адказы на актуальныя пытанні можна знайсці ў многіх драматургічных творах -- няважна, у які час яны напісаны.
В.С.: У тэатра сёння існуе адна задача -- выжыць. Калі б ён цалкам датаваўся дзяржавай, можна было б выбіраць і ставіць спектаклі ў залежнасці ад сваіх творчых прыхільнасцей, а не ад сумы, на яго выдаткаванай. Адсутнасць фінансавання чыніць урон творчасці.
Т.Н.: Ідэальны тэатр -- тое месца, дзе акцёры з радасцю бачацца, атрымліваюць задавальненне ад рэпетыцый, выказваюць сваё стаўленне да праблем грамадства. Выканаўцы зацікаўлены працай, самім яе працэсам, у іх няма часу на плёткі і канфлікты. Калі б усе тэатры жылі па такім прынцыпе, як было б добра!
 /i/content/pi/mast/2/50/p.43_2.jpg

                      “Аоі” Ю.Місімы. Рэжысёр В.Саратокіна.
                                             Тэатр-студыя імя Е.Міровіча.


К.А.: Спектаклі трэба ставіць для гледачоў. Пра іншыя аспекты я імкнуся не думаць. Напрыклад, ці гатова публіка прыняць тое, што, на мой погляд, ёй проста неабходна. Для мяне важная ідэя. Калі на сцэне мы бачым гвалт, распусту, хамства, якіх і так хапае ў жыцці, -- гэта дрэнна. Тэатр павінен ачышчаць, а не забруджваць душу.

-- Як ставіцеся да сучаснай беларускай драматургіі? Ёсць жаданне працаваць з маладымі аўтарамі, адкрываць новыя імёны?

Я.Л.: Можа, я чагосьці не разумею, але пакуль не з’яўляюся прыхільнікам падобнага роду літаратуры. Адкрываць новыя імёны жаданне ёсць. Тут галоўнае -- пытанне даверу, наколькі аўтар дазволіць -- разам з ім -- дапрацоўваць ягоную п’есу.
Т.Н.: Я не ўпэўнена, што добра ведаю маладую сучасную драматургію. Калі яна будзе мне цікавая, заўсёды з задавальненнем адрэагую. У нашай краіне шмат таленавітых людзей, але ім вельмі часта не хапае дзёрзкасці, смеласці, веры ў сябе. З унутранай каштоўнасці чалавека не вынікае яго знешняй паспяховасці. Гэта адно з пытанняў, на якія трэба сёння шукаць адказ.
В.С.: Ідэальна было б працаваць у тандэме з такім драматургам, які прыходзіў бы на рэпетыцыі, каб мы разам нешта перараблялі, дапісвалі, калі трэба. Галоўнае для мяне -- адшукаць у літаратурным творы штосьці важнае і цікавае для сябе. І няважна, калі і кім ён напісаны.
К.А.: Пакуль яшчэ не знайшла сучаснай п’есы, з якой хацела б працаваць. Беларускай драматургіі сёння не хапае глыбіні, ёсць толькі асобныя павярхоўныя творы. Працаваць з драматургам, дапрацоўваць ягоную п’есу не бачу сэнсу. Я -- не пісьменнік, таму за драматурга не напішу, не здолею развіць ягоны сюжэт. А паставіць спектакль па ўласным сцэнарыі змагу і без тэксту.

-- Ці існуюць праблемы самарэалізацыі? Чаго чакаць ад сёлетніх выпускнікоў-рэжысёраў?

Я.Л.: Так, праблемы існуюць. Пастаўлю дыпломны спектакль, а што будзе далей -- не ведаю. Гэта пытанне кшталту: «Ці існуе жыццё на Марсе?». Пакуль у мяне ёсць магчымасць працаваць з сур’ёзнай драматургіяй, а пазней наўрад ці змагу ставіць тое, што захачу. У кожнага тэатра свая рэпертуарная палітыка -- давядзецца гэта ўлічваць, хочаш таго ці не.
В.С.: З Акадэміі выпускаюць няшмат рэжысёраў, але іх чамусьці ўсюды хапае. Нават калі ты трапіш у тэатр, невядома яшчэ, праз які час з’явіцца магчымасць паставіць свой спектакль. «Зялёнай вуліцы» для маладых рэжысёраў не існуе. Адна з галоўных праблем -- фінансавая. Нельга разлічваць на тое, што сродкі на пастаноўку знойдзе тэатр. Калі жадаеш што-небудзь зрабіць, грошы давядзецца шукаць самастойна.
К.А.: Для стварэння спектакля заўсёды патрэбна памяшканне, магчымасць забяспечыць акцёрам зарплату і г.д. Самая вялікая праблема сёння -- фінансавая. Неабходны спонсары, без якіх тэатру вельма складана выжываць.
Т.Н.: Тэатральны свет у Беларусі не надта прасторны, бо краіна невялікая. Тыя, хто жадае ведаць, за кім будучыня тэатра, цікавяцца нашым лёсам. Іншая справа -- наколькі грамадства заклапочана развіццём маладой рэжысуры? Зрэшты, не мае значэння, колькі мне гадоў, важна тое, што я хачу працаваць, змагацца за сваё месца ў прафесіі. Маладыя спецыялісты могуць скардзіцца на дрэнныя ўмовы, але ж калі хто з іх трапляе ў тэатр, дык трымаецца за сваё месца -- і гэта нармальна. 

Спектакль -- новы досвед
Барыс Луцэнка, народны артыст Беларусі:

Вядома, у кожнага выкладчыка ёсць свая метадалогія. Я быў мастацкім кіраўніком гэтага курса, а Вітаус Грыгалюнас -- педагогам. І мы задумаліся вось пра што: калі чалавек паступае ў кансерваторыю, у ягоныя рукі трапляе, напрыклад скрыпка, і ён потым усё жыццё іграе на ёй. А які ж інструмент даць у рукі рэжысёру? Лічу, што гэты інструмент -- сам тэатр. Таму амаль з першага курса студэнты атрымлівалі такое заданне: кожны выбіраў якую пажадае п’есу, пасля ствараў свой уласны тэатр, даваў яму назву, станавіўся акцёрам, рэжысёрам, кіраўніком, мастацкім і музычным афарміцелем у адной асобе. Але перадусім чыталіся лекцыі пра Мейерхольда, Таірава, Станіслаўскага, Вахтангава, і праз уласнае стаўленне да геніяў тэатральнага свету, праз асэнсаванне іх творчасці студэнты выпрацоўвалі выхоўвалі свой густ, і кожны з іх ствараў уласны тэатр у нас. Былі цікавыя паказы, якія адлюстроўвалі сур’ёзнае стаўленне да прафесіі. Навучаючы іх, я вучыўся сам. Бо рэжысёр, як губка, павінен убіраць у сябе ўсё: ведаць накірункі прафесіі, разбірацца ў музыцы, жывапісе, замежнай мове... Рэжысёр мусіць вучыцца пастаянна, да канца свайго жыцця, бо кожны новы спектакль -- новая адукацыя, новы досвед.
На курсе засталіся тры дзяўчыны і адзін хлопец. Усе маюць абсалютна розныя густы і прыхільнасці: калі Вользе Сыратокінай бліжэй тэатр метафізічны, творчасць Арто, дык Кацярына Аверкава больш свабодна адчувае сябе ў рэалістычным, псіхалагічным напрамку. Таццяна Навумава -- своеасаблівы рэжысёр, які мае свой стыль, яго не зблытаеш ні з якім іншым. Ягор Лёгкін добра адчувае жанр не толькі драмы і трагедыі, а і камедыі. Кожны са студэнтаў мае яркую індывідуальнасць. І ў кожнага свой творчы шлях. Трэба мець талент, неверагодную працаздольнасць і ўдачу, каб ісці ўверх, а не таптацца на адным месцы. У іх ёсць і першае, і другое. Жадаю ім поспехаў і ўдачы.

Вераніка РУСАКОВІЧ