«Яна – жыццё, рух, радасць, захапленне...»

№ 3 (324) 01.03.2010 - 31.03.2010 г

Маці Максіма

/i/content/pi/mast/29/499/56.gif

Іван Садоўскі. Партрэт Марыі Багдановіч.1893.

Гэткага кшталту павільённыя партрэты тысячамі з’яўляліся ў гарадскіх
фотамайстэрнях. Фатаграфія зроблена ў так званым візітным памеры (9х6 см). Здымак наклеены на шчыльны светла-шэры кардон, унізе, па-французску, падпісаны імёны ўладальнікаў фотамайстэрні: Садоўскі—Казлоўскі, Гродна.

Майстэрня мешчаніна Івана Садоўскага была адной з найстарэйшых у Гродне. Дазвол на яе адкрыццё быў дадзены ў 1865 годзе. Як і ў іншых гарадскіх фотаатэлье, тут пераважна рабілі партрэты, і на вуліцу Купецкую гродзенцы прыходзілі здымацца цэлымі сем’ямі.

Іван Садоўскі, аднак, не быў звычайным рамеснікам. Яго цікавіла фатаграфія, якая фіксавала б жыццё ва ўсіх яго праявах. Менавіта таму ў 1870-х гадах Садоўскі прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы «Альбома касцюмаў Расіі». Здымкі для яго выконваліся па заданні ваеннага ведамства, якое меркавала ўвесці ў арміі новую, блізкую да народнай форму адзення. Дзеля гэтага ў розных мясцінах Расійскай імперыі рабіліся фатаграфіі народных мужчынскіх строяў.

У 1880-я гады Іван Садоўскі фатаграфуе жыхароў прынёманскіх вёсак — герояў рамана Элізы Ажэшкі «Над Нёманам». «Лекаркі зёлкамі», «Шляхцянка Марыя Сташалкоўская з дзецьмі» і іншыя здымкі з гэтай серыі сёння захоўваюцца ў зборы Нацыянальнага музея ў Варшаве.

З 1871-га да канца 1890-х Іван Садоўскі працуе разам са сваім кампаньёнам і вучнем — лідскім дваранінам Марцыянам Казлоўскім.

Менавіта тут, у фотамайстэрні Садоўскага—Казлоўскага, у 1893 годзе пабачыў свет гэты фотаадбітак. Прыгожая маладая жанчына з доўгімі прыбранымі назад валасамі задумліва пазірае ўдалячынь. Гледзячы на яе, зусім не скажаш, што гэта — маці дваіх дзяцей: Вадзіма і Максіма. Марыя Апанасаўна Багдановіч (народжаная Мякота) разам са сваім мужам Адамам Ягоравічам і сынамі ўжо год жыве ў горадзе над Нёманам. Сям’я пераехала сюды з Мінска, бо тут, у Гродне, бацька будучага паэта Адам Ягоравіч атрымаў працу ў Сялянскім Пазямельным банку. Сям’я Багдановічаў пасялілася на гарадской ускраіне. Невялікі, але прыгожы сад, побач — палі, лес і Нёман... Музыка, сумеснае чытанне кніг, сяброўская і добразычлівая атмасфера, што панавала ў гэтым доме ў вялікай ступені дзякуючы маці…

Марыя Апанасаўна, паводле ўспамінаў мужа, была вельмі чулай, уражлівай і выключна знаходлівай, асабліва ва ўсім, што тычылася дзіцячых забаў. «Жвавая, заўжды вясёлая, з іскрыстымі вачыма, касой надзвычайнай даўжыні, яна ў дадатак валодала грацыяй кацяняці і той чароўнай прывабнасцю, якую прынята называць жаноцкасцю... Яна была ўся зіхатлівае, спяваючае жыццё, уся рух, радасць, захапленне». Марыя іграла на фартэпіяна, добра спявала. Сярод музычных твораў, якія яна часта выконвала, быў раманс Міхаіла Глінкі «Паўночная зорка». Менавіта гэтую хвалюючую мелодыю вельмі любіў слухаць яе сын Максім. Марыя Апанасаўна шмат чытала і мела літаратурныя здольнасці. Адно з яе апавяданняў было нават надрукавана ў «Гродненских губернских ведомостях».

Але што чакала яе тут, у Гродне? Хутка, у гэтым жа 1893 годзе, у сям’і Багдановічаў народзіцца трэці сын — Леў, які ў будучым праявіць вялікія схільнасці да матэматыкі (складзеныя ім матэматычная задачы ўвойдуць у шматлікія зборнікі). У 1896-м з’явіцца на свет доўгачаканая дачка Ніна. І праз некалькі месяцаў, на 28-м годзе жыцця, памрэ ад сухотаў яе маці — прыгожая і таленавітая Марыя.

Кароткае, але іскрыстае жыццё... Імгненне з яго аднойчы спынілася, замерла перад фотааб’ектывам — каб захавацца назаўжды.

 Надзея Саўчанка