«Шчыра адданы і ўдзячны...»

№ 3 (324) 01.03.2010 - 31.03.2010 г

З ліставання Браніслава Эпімах-Шыпілы і Язэпа Драздовіча 1917–1929 гадоў

Мовазнаўца, фалькларыст, выдавец Браніслаў Эпімах-Шыпіла і мастак Язэп
Драздовіч — два волаты беларускай культуры. Іх лёсы вельмі падобныя, бо і той і другі самаахвярна служылі Радзіме, абодва зведалі шмат пакутаў пры жыцці і працяглае забыццё пасля скону. Творчая спадчына Язэпа Драздовіча доўгі час ігнаравалася. Шырока вядомым імя мастака стала толькі ў 1984 годзе дзякуючы даследчыку Арсеню Лісу. А Эпімах-Шыпіла пры канцы 1920-х быў высланы
за межы БССР. Смерць напаткала яго ў Ленінградзе. Вучоны памёр у галечы.

/i/content/pi/mast/29/498/53.gif

Язэп Драздовіч

/i/content/pi/mast/29/498/53-.gif
Браніслаў Эпімах-Шыпіла
Магчыма, упершыню дзве гэтыя асобы спаткаліся ў Пецярбургу ў 1912 годзе: на кватэры прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы (4-я лінія Васільеўскага вострава) штосуботу ладзіліся сустрэчы беларускай студэнцкай моладзі. Вось як пра гэта ўспамінае актрыса, першая выканаўца ролі Паўлінкі Паўліна Мядзёлка ў кнізе «Сцяжынкамі жыцця»: «Нас прыветна вітаў сам прафесар — сівенькі, невялічкага росту, тоўсценькі, кругленькі, з выпуклымі сінімі вачыма на такім жа круглым румянашчокім твары. Мы размяшчаліся ў зале з мяккай мэбляй, абабітай чырвоным плюшам. Справа ад круглага стала — піяніна, на сценах карціны з беларускімі краявідамі.

Апрача студэнцкай моладзі тут можна было спаткаць дзеячаў беларускай культуры: рухавага, са светлай бародкай жывапісца Язэпа Драздовіча, высокага, з шапкай сівых валасоў, па-дзіцячаму наіўнага збіральніка беларускіх песень Антона Грыневіча...»

Невядома, пры якіх умовах і дзе пазнаёміліся Эпімах-Шыпіла і Драздовіч. Прыведзеныя вышэй словы Мядзёлкі — першая згадка пра іх сустрэчу. Драздовіч тады плённа супрацоўнічаў з газетай «Наша Ніва», добра ведаў яе рэдакцыю, бо падчас вучобы ў мастацкай школе жыў у Вільні (у 1906 — 1910 гадах), удзельнічаў у афармленні «Беларускага календара» на 1910 год, пазней аздобіў малюнкам вокладку кнігі Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» (1914). У 1912 годзе Драздовіч вучыўся на фельчара ў горадзе Саратаве і пэўна меў магчымасць дабрацца да Пецярбурга.

Першы адшуканы ліст Эпімах-Шыпілы да Драздовіча пазначаны 14-м чэрвеня 1917 года. У гэтым лісце (дасланым з фальварка Залессе ў фальварак Красоўшчына) прафесар паведамляе, што ён прыехаў у Залессе на адпачынак, і просіць Драздовіча, каб «пан чыркнуў яму пару слоў» на гэты адрас. Невядома, ці напісаў тады Драздовіч ліст Эпімах-Шыпілу, але ў другім вядомым лісце (ад 21 чэрвеня 1928 года) апошні зазначае, што «праз 12 цяжка пражытых гадоў усё сільна змянілася, і я на спатканні ніколі не пазнаў бы пана, як роўна і пан мяне...»

Як вынікае з пачатага праз 12 гадоў ліставання, Драздовіч даслаў Эпімах-Шыпілу сваю фотакартку з Наваградскай беларускай гімназіі, дзе ён выкладаў маляванне з 1927-га па 1930 год. Калі ад 1928 года адняць 12, то атрымліваецца 1916 год. Пра гэты момант сустрэчы паведамляе сам Драздовіч у сваім «Дзённіку» за 1938 год. У Петраградзе на кватэры Эпімах-Шыпілы абмяркоўвалі новую газету «Homan», якая выходзіла ў Вільні ў 1916-м: «А глядзіце, хто рэдактарам», — з гэтымі словамі стары прафесар звярнуўся да прысутных гасцей — Язэпа Драздовіча і Антона Грыневіча...

17 лістоў Эпімах-Шыпілы да Язэпа Драздовіча, адна фотакартка Эпімах-Шыпілы з дароўным надпісам Драздовічу, а таксама адзін ліст апошняга да Эпімах-Шыпілы, які, магчыма, не быў адпраўлены, захоўваюцца ў аддзеле рэдкай кнігі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН Беларусі (фонд №2). Верагодна, што гэта самае вялікае па колькасці дакументаў ліставанне Эпімах-Шыпілы са сваімі карэспандэнтамі.

Безумоўна, кожны з гэтых лістоў мае свае адметнасці. Але лучыць іх незвычайная шчырасць пачуццяў, адкрытасць, праўдзівасць нават у жыццёвых дробязях. Сапраўды, калі не ведаеш, хто гэтыя людзі, то можа скласціся ўражанне, што яны вельмі блізкія сябры, якія разам выхоўваліся ці вучыліся, што паміж імі няма амаль трыццацігадовай розніцы ва ўзросце і розніцы ў сацыяльным становішчы. Пры канцы 1920-х гадоў Браніслаў Эпімах-Шыпіла — прафесар, дырэктар Слоўнікавай камісіі Інстытута беларускай культуры (пасля — Акадэміі навук БССР), а Язэп Драздовіч — настаўнік малявання Беларускай гімназіі ў Наваградку, які ў той час належаў Польшчы.

Менавіта з ліста Драздовіча да Эпімах-Шыпілы становіцца вядомым, што летам 1926 года мастак быў камандзіраваны Віленскім навуковым таварыствам на Піншчыну дзеля збору матэрыялу для этнаграфічнага слоўніка. Падчас вандроўкі Драздовіч на працягу месяца зрабіў звыш сотні малюнкаў («вагай каля пуду», як адзначаў ён сам) з выявамі драўляных хат і званіц, сакральных крыжоў, капліц, цэркваў, прылад працы і побыту, нацыянальных касцюмаў пінчукоў, краявідаў; запісаў звыш трыццаці песняў, шмат прыказак, мясцовых дыялектных слоў і выказванняў для беларускага лінгвістычнага слоўніка. Сёння гэтую калекцыю можна назваць «залатым фондам» з гісторыі культуры 1920-х гадоў, большасць яе захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Частка гэтых малюнкаў была адаслана Драздовічам у Інстытут беларускай культуры.

Напрыканцы 1920-х Драздовіч цесна супрацоўнічае з навуковымі ўстановамі Менска і дасылае ў Інбелкульт АН БССР вялікую колькасць сваіх малюнкаў (альбомаў) з выявамі ўзораў беларускай драўлянай архітэктуры, наваградскімі краявідамі, фальклорнымі запісамі.

«Кахане і паважаны Язэпе Нарцызавічу! Сёння атрымаў я Вашу пісульку і 2 альбомы рысункаў — 1 у пяць, а 2 — у дзесяць абразкоў — усё гэта для Камісіі гісторыі беларускай драўлянай архітэктуры пры Этнаграфічнай катэдры Беларускай Акадэміі Навук, і адзін цудоўны рысунак руін Наваградскага замка асабіста для мяне, за што вельмі і вельмі шчыры Вам дзякуй» (16 красавіка 1929 года). Безумоўна, з гэтага ліста бачна, з якой цеплынёй адносіўся прафесар да твораў Драздовіча, як шанаваў ягоныя малюнкі.

Усе свае альбомы, малюнкі Драздовіч дасылаў у Менск на імя Эпімах-Шыпілы, а прафесар перадаваў іх нязменнаму сакратару Акадэміі Вацлаву Ластоўскаму. Акрамя малюнкаў Драздовіч адправіў і сваю кнігу «Вялікая шышка», аб якой прафесар прасіў яго, прыслаў з Наваградка «Беларускі каляндар на 1929 год». У сваю чаргу прафесар бандэролямі дасылаў Драздовічу ў Наваградак беларускія кнігі і навуковыя выданні («У палескай глушы» Якуба Коласа, 1-ы том «Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва» Міколы Шчакаціхіна).

Перапіска паміж Эпімах-Шыпілам і Драздовічам узнаўляе імёны такіх вядомых дзеячаў, як Вацлаў Ластоўскі, Мікола Шчакаціхін, Цішка Гартны, Алесь Шлюбскі. Таму фрагменты гэтага ліставання, якія мы прапануем чытачу, могуць уяўляць цікавасць для самых розных даследчыкаў гісторыі беларускай культуры 1910 — 1930-х гадоў.

Лісты Браніслава Эпімах-Шыпілы да Язэпа Драздовіча

 

Менск, 21 чэрвеня 1928.

Вельмі паважаны і дарагі мастачэ, пане Юзэфе!

Неспазнана абрадавалі Вы мяне сваім лістом і фатаграфіяй, за што бязмежна дзякую Вам і прашу прабачыць, што не змог зараз жа адпісаць Вам. Праз 12 цяжка пражытых гадоў усё сільна змянілася, і я на спатканні ніколі не пазнаў бы пана, як роўна і пан мяне. Па пераездзе сваім у Менск я чуў ад пана, што захапляўся прысланымі ў Інбелькульт яго рысункамі, каторыя пляменнік мой сканаваў для мяне і за каторыя назначана была Інбелькультам прэмія. Ці атрымаў пан яе? Але дагэтуль не ведаў, дзе пан. З сваёй стараны пасылаю пану хоць марную, знятую два гады таму назад фатаграфію, якая аказалася ў мяне пад рукой. Можа вам пажадана якія небудзь кніжкі, то я з прыемнасцю пашлю пану.

Заўтра выязджаю з Менску ў двухмесячны адпачынак на вёску ў Полаччыну, вёска Ветрына, фальварак Залессе. Калі будзеце ласкавы і захочаце чыркнуць мне слаўцо, што вельмі прыемна будзе.

Крэпка сціскаючы Вашу руку, застаюся з пашанай адданы Вам.

P.S. Галава Вашай Гарыславы стаіць у залі пасяджэнняў Інбелькульта.

 

Менск, 6-га верасня 1928 года.

Шаноўны і каханы пане Язэпе!

Вот ужо тры з гакам тыдні, як я вярнуўся ў Менск з летніка, каторы сёлета быў для мяне вельмі паганым, аб чым ніжэй. Заўчора выслаў я пану заказной бандэроляй 2 кніжкі Якуба Коласа: «У палескай глушы», каторыя пэўна вядомы Вам, бо першы раз выйшла ў Вільні, і працяг гэтай аповесці: «У глыбі Палесся». Аповесць гэта, ці скарэй раман, павінна быць вельмі цікава для Вас, каторы таксама быў, як відаць з Яго рысункаў, у Палессі...

...Кніжачку «Вялікая шышка» я калісьці ў 1925 годзе чытаў у дзяржаўнай бібліятэцы. Толькі не ведаў, што гэта Ваш твор. Хацелася б мець яе. Але тут нідзе не дастаць... Можа ў Вас знойдзецца?

Затым сціскаючы нарэшце Вашу руку і жадаючы Вам ад усяго сэрца што ёсць лепшага, астаючыся з паважаннем.

 

23 лістапада 1928.

Вельмі паважаны і дарагі Язэп Нарцызавіч!

Ліст Ваш з пекнымі рысункамі Вашымі старасветчыны — гарадзішча і руінаў замку ў Навагрудку я атрымаў, шчыры дзякуй. Зробленая два гады таму Пастанова Слоўнікавай Камісіі аб узнагародзе вас за вашыя рысункі 75 руб. і нявыкананая ў свой час страціла цяпер моц сваю. На прошлым тыдні адбылося паседжанне Камісіі, на каторым адноўлена рашэнне Пастановы аб высылцы Вам грошай. Не ведаю толькі, як удасца казначэю зрабіць гэта, бо з перасылкай за граніцу грошы ідуць у нас цяжка.

Затым цісну Вашу руку і цалуючы Вас, астаюся шчыра адданым і ўдзячным. Ваш Б.Э.-Шыпіла.

 

19.12.1928.

Атрымаў ад Вас Каляндар на 1929 год, шчыры дзякуй. Мне дужа хацелася мець гэты каляндар, але ж Вы яснавідзец згадалі мае пажаданні. Вам выслалі прэмію 75 руб. Ці атрымалі вы яе? Учора ў доме працаўнікоў асветы, пачынаючы з 8 гадзін вечару, адбылося ўрачыстае паседжанне для ўшанавання Цішкі Гартнага (З.Жылуновіча) з прычыны 20-ці гадовага юбілею яго літаратурнай, грамадска-палітычнай дзейнасці. Ваш Б.Э.-Шыпіла.

 

19.02.1929.

Кахане і паважаны Дзядзька! Сёння атрымаў я ад Вас 12 паштовак-пісулек з відамі Наваградка. Шчыра дзякуй Вам за іх. Прыемна паглядзець і гледзячы мысленна перанесціся туды і пахадзіць па Наваградку. Зайшоў бы і да Вас, але Вы не ласкавы былі абазначыць на іх гімназіі і сваёй кватэры. Яна мусіць на Рынкавым пляцу, але не ведаю, у якім доме і куды зайсці.

Шкада, што фотаграфічныя карткі без подпісу і не вядома, што яны абазначаюць. Карткі з нямецкімі подпісамі зроблены, відаць, немцамі ў час акупацыі імі Наваградка. Напішыце, ці атрымалі вы грошы, калі, якія і колькі.

З пашанай і ўдзячнасцю адданы Б.Э.Шыпіла.

 

12.03.1929 у аўторак, хоць правідлівей было б назваць яго снегавіком.

Паважаны і дарагі Язэп Драздовіч! Учора атрымаў я прысланы Вамі альбом беларускіх драўляных будоўляў. Прызначаны, мусі быць, неадменнаму Сакратару Акадэміі акадэміку Ластоўскаму, каторы Вас прасіў аб гэтым, і катораму я і перадаў яго для навуковых доследаў над гэтымі будоўлямі. Альбом ваш мае тыя недахопы, што ў ім не паказаны мясцовасці, у якіх зроблены гэты пекныя Вашы зарысоўкі, а гэта абавязкова неабходна для даследчыка. Можа вы лістоўна дашлеце гэтыя патрэбныя весткі: назва мясцовасці, вёскі, сялібы, засценку, дзе знаходзяцца гэтыя будоўлі, і назвы саміх будынкаў і іх прызначэнне.

Неўзабаве, можа, пазаўтра, вышлю Вам «Нарысы з гісторыі Беларускага мастацтва — Мікалай Шчакаціхін, том першы», у якім Вы знойдзеце апісанне і руін Наваградскага замку. За тым сардэчна цісну Вашу руку і астаюся з пашанай адданы. Бр. Эпімах Шыпіла.

P.S. Ці ў Навагрудку выходзіць які-небудзь часопіс? Ці не?

 

16 красавіка 1929, Менск.

Кахане і паважаны Язэпе Нарцызавічу!

Сёння атрымаў я Вашу пісульку і 2 альбомы рысункаў:1 у пяць, а 2 — у дзесяць абразкоў — усё гэта для Камісіі гісторыі беларускай драўлянай архітэктуры пры Этнаграфічнай катэдры Беларускай Акадэміі Навук, і адзін цудоўны рысунак руін Наваградскага замка асабіста для мяне, за што вельмі і вельмі шчыры Вам дзякуй. Прысланае я перадам па прызначэнні, як гэта рабіў і раней. Што да Вашага тлумачэння адносна слова атрымаць, якое вы пішыце адтрымаць, хочучы гэтым паказаць паміж імі розніцу, то Вы занадта філязоўствуеце і хочаце навязаць мне тое, чаго няма. З глыбокай адданасцю.

Р.С. У нас усё яшчэ зіма, вясны і духу не чуваць.

 

11.? 1929.

Высокапаважаны Язэп Нарцызавіч!

Даўно ўдзячны за ліст і за альбом, які атрымаў, з якога, з Вашага дазволу, выбраў сабе тры рысункі. Рэшту перадам Ластоўскаму, як ён вернецца з адпачынку. Зараз у нас усе раз’ехаліся. Сёння і я выязджаю на месяц для новай працы ў Ленінград. Жонка на гэтых днях дашле Вам маю апошнюю кнігу па беларускай этнаграфіі. Даведаўся, што за ранейшыя рысункі Акадэмія пастанавіла выдзеліць Вам 100 руб. Думаю, што хутка атрымаеце. Дужа дзякуй. Б.Э.-Шыпіла.

 

Каханы і дарагі Зямлячэ! (14.6.1929)

Пасылаючы Вам свае прывітанні, прашу не адмовіць спаўнення выкладзенай просьбы майго калегі Алеся Шлюбскага (просьба даслаць этнаграфічны малюнак у альбом аўтографаў)... Апроч таго, прашу ў Вас, каханы Дзядзечка, нарысаваць мне мой «ex librіs», паводле далучанай тут пячаткі, зробленай мне калісь у Пецярбургу, каторы ўжо знасіўся і трэба будзе зрабіць новы. Крэпка сціскаючы Вашу руку, астаюся адданы Вам Бр.Эпімах-Шыпіла.

 

Ліст Язэпа Драздовіча да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 1 ліпеня 1928 з Наваградка

Шчыра паважаны Браніслаў Ігнатавіч!

Віншую Вас з адпачынкам на лоне прыроды і з пачаткам сапраўднага лета.

/i/content/pi/mast/29/498/dr.gif

Язэп Драздовіч. Гарадзец. Туш, пяро. 1920.

Шчыра Вам дзякуй ад чыстага сэрца за картачку і добрыя весткі, якія ўсхвалявалі мяне, прымуштрованага, вымучанага жыццём адзінотніка. Вестка аб тым, што мне прысуджана Інстытутам (беларускай культуры. — Ю.М.) прэмія, — усцешыла не толькі мяне самаго, але нават і маіх бліжэйшых прыязнейшых калегаў, — як нейкая радасная неспадзеўка. Бо і неспадзеўка. Аб тым, што рысункі мае лікам каля двухсот з палавінай сабраны ў альбом і змешчаны ў Б. (еларускі. — Ю.М.) этнаграфічны музей, я даведаўся яшчэ аж у мінуўшым годзе праз «pracy ad Wilenski» (№7-9), з украінскай прэсы, з успамінаў старшыні «Просьвіты» д-ра Свенціцкага, але аб гэтым, што за іх прысуджана мне нейкая прэмія, я яшчэ першы раз чую і мяне вельмі цікавіць: «Што за прэмія? Каторая і якая? І ці змагу я яе ў хуткім часе адтрымаць?»

Ці не былі б ласкавы, Браніслаў Ігнатавіч, прычыніцца да гэтай справы і мяне аб гэтым паінфармаваць? Калі ласка...

Апроч гэтае працы я маю яшчэ тры мастацкія выстаўкі ў мінулым годзе (у Вільні, у Радашковічах, у Наваградку) і яшчэ ў дадатак больш сотні рысункаў-графікі вялікага фармату, сшытых у дзесяць альбомаў (вагай каля пуду) — характарызуючых сабою балотны край — Піншчыну і Пінскае Палессе: краявіды, забыткі (архітэктура капліц і розных будынкаў, вопратка народная і тыпы жыхароў Палесся).

Маю і яшчэ адну досыць цэнную рэч, з каторай я здыму копію, бо думаю здаць у музей — гэта (закрэслена слова — рэпрадукцыя) устанаўленне ліку Францішка Скарыны (партрэт у 1 і з адной чацвёртай натуры) маляваны алейнымі фарбамі, з тэндэнцыямі на старасветчыну.

Моцна цешуся, што хоць адна з маіх скульптур не загінула марна і ўпрыгожвае сабою куток адной з нашых культурных устаноў. Скульптурай цяпер я не займаюся, бо вандроўна-жабрацкі стан жыцця майго на гэта не дазваляе.

З найглыбейшаю пашанаю і пажаданнямі ўсяго найлепшага Язэп Нарцызаў Драздовіч.

Юрась МАЛАШ