Не прапусціце вясну!

№ 3 (324) 01.03.2010 - 31.03.2010 г

Спадчына Сяргея Каткова

У Беларускі саюз мастакоў Сяргей Каткоў уступіў у 1946 годзе і быў актыўным сябрам гэтай арганізацыі — уваходзіў у праўленне, узначальваў мастацкія саветы, дапамагаў наладжваць работу ў рэгіянальных аддзяленнях, працаваў на Мастацкім камбінаце. У мастацкіх выстаўках удзельнічаў з 1938 года.

/i/content/pi/mast/29/497/49.gif

Вячэрні матыў. Алей. 1954.

І ўсё ж яго творчасць і пры жыцці, і пасля смерці заставалася нібы ў цені, пакуль не адбылося незвычайнае здарэнне: дачка і паслядоўніца Сяргея Пятровіча, мастачка Святлана Каткова распачала капітальны рамонт у бацькоўскім доме, які атрымала ў спадчыну, і выявіла на мансардным паверсе патаемны пакой, дзе захоўвалася значная колькасць жывапісных палотнаў бацькі.

Нечаканая знаходка не толькі ўзрадавала блізкіх Сяргея Пятровіча, яна напоўніла новым сэнсам іх жыцці: карціны вымагалі рэстаўрацыі, скручаныя палотны трэба было распрастаць і нацягнуць на падрамнікі, «апрануць» у рамы. Усю гэтую працу метадычна, з года ў год, не шкадуючы ні сіл, ні сродкаў, рабілі Святлана і Аляксандр, дачка і сын мастака. Да працы з энтузіязмам далучылася ўнучка Каткова мастачка Зоя Луцэвіч са сваёй сям’ёй. Не засталася ўбаку і любімая вучаніца Зоя Літвінава, якая менавіта з лёгкай рукі Сяргея Пятровіча вызначыла некалі свой уласны шлях у мастацтва (па сённяшні дзень сям’я Катковых — гэта і яе сям’я).

Дзякуючы іх намаганням творчасць мастака па-новаму адкрылася аматарам жывапісу. Святлана Каткова наладжвае з карцін Сяргея Пятровіча выстаўку за выстаўкай. Адна з іх з надзвычайным поспехам прайшла летась у Полацкай карціннай галерэі. У 2009 годзе выстаўкі жывапісу мастака экспанаваліся ў сталічнай галерэі «ДМ» Фальварка «Добрыя мыслі» і ў Мастацкім музеі ў Віцебску. А ў студзені 2010 года ў выставачнай зале Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску адкрылася экспазіцыя твораў Сяргея Пятровіча Каткова «Пейзаж, які ўсміхаецца».

Думаецца, падставай для назвы выстаўкі стала энергія вялікай дабрыні яе аўтара, якая і сфарміравала ўзнёслы, урачысты тонус яго мастацтва, прасветленасць і прамяністасць колераў.

/i/content/pi/mast/29/497/50.gif

Поўдзень. Алей. 1969.

Нельга сказаць, што дагэтуль жывапіс Каткова быў малавядомы — мастак удзельнічаў у многіх рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках. Але хоць мова яго мастацтва і мела датычнасць да «суровага стылю» (а значыць, ёй не бракавала памкненняў аўтара да ахопу значных тэмаў і манументальнасці іх вырашэння — карціны «Будаўніцтва дамбы» (1960), «Зіма. Даўгінаўскі тракт» (1961), «Сказ аб Бярэзіне» (1970), «На Прыпяці» (1973), «Палескія волаты» (1975) і іншыя), можна ўпэўнена сцвярджаць, што самыя ўдалыя карціны мастака — тыя, дзе болей камернасці, жывога чалавечага пачуцця, адыходу ад індустрыяльнай тэматыкі.

Найлепш раскрываюць індывідуальнасць мастака карціны «Стажкі» (1950), «Вячэрні матыў» (1954), «Вечар у Лагойску» (1957), «Расквітнела чаромха» (1970), «Восень. Сланечнікі» (1970) — творы, напісанне якіх патрабавала ўдумлівага заглыблення ў асэнсаванне станаў прыроды, у яе з’явы і «формулы». А гэткая праца не прадугледжвае пафасу. Значыць, і на выстаўцы такую камерную працу не заўжды прыкмеціш у шэрагу манументальных як па памеры палатна і падачы сюжэта, так і па гучнасці колераў карцін. Менавіта гэткімі прыкметамі вызначаліся жывапісныя творы 1960–70-х гадоў, побач з якімі Сяргей Пятровіч выстаўляў свае пейзажы.

Гэта не значыць, што пранікнёнасць, адметнае хараство яго жывапісу засталіся незаўважанымі. Жывапісныя палотны мастака набыты Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі, Мастацкім фондам Беларускага саюза мастакоў, Міністэрствам культуры Расіі і іншымі музейнымі ўстановамі, увайшлі ў энцыклапедыі і падручнікі па беларускім мастацтве. Застаецца шкадаваць толькі пра тое, што жывапіс Каткова, яго талент у свой час не здолелі раскрыцца грамадству ў поўнай меры, бо не зусім адпавядалі мастацкім тэндэнцыям савецкай рэчаіснасці, «выпадалі з абоймы» напорыстага, бескампраміснага мастацтва сваёй увагаю да інтымнага хараства прыроды і рэчаў у ёй. Мабыць, усведамленне гэтага і падштурхнула Каткова замураваць большую частку сваіх твораў у патаемным месцы — без спадзеву на іх належнае разуменне і справядлівую ацэнку.

Распазнаць талент, патэнцыял жывапісца на цяперашніх персанальных выстаўках Сяргея Каткова дазваляе кантэкст, які ўтвараюць яго карціны. Кожная з іх дапаўняе наступныя і папярэднія, што выбудоўвае ланцужок гармоніі гучання ліній, фарбаў, сюжэтаў, настрояў, эмоцый. Хочацца верыць, што досвед і культура сённяшняга гледача дазволяць яму дастаткова глыбока асэнсаваць той важкі ўнёсак у айчыннае выяўленчае мастацтва, які зрабіў гэты неардынарны творца. Нельга пакінуць без увагі і тыя намаганні, якія прыкладаюць нашчадкі мастака, яго вучні і сябры, каб раскрыць грамадству найвышэйшы прафесійны ўзровень мастацтва гэтай адметнай, унікальнай асобы.

Мабыць, тут дарэчы будзе сказаць, што Сяргей Пятровіч атрымаў класічную мастацкую адукацыю, якую «адпрацаваў» усёй сваёй творчасцю не толькі як жывапісец, але і як графік, а таксама як фотамастак. Яго таленты здолелі раскрыцца і знайсці сабе прымяненне нават у часы вайны, калі Каткоў «...знаходзячыся на фронце, паміж жыццём і смерцю, заставаўся мастаком, творчай асобай. Ён выкарыстоўваў любы момант, каб запісаць свае ваенныя ўражанні, зрабіць малюнкі. Сярод хаосу і жахаў вайны ён не страціў здольнасці бачыць прыгажосць прыроды, адчуваць радасць і натхненне. Бацька, дарэчы, захапляўся фатаграфіяй, многа здымаў, рабіў замалёўкі пасляваеннай сталіцы» (з успамінаў дачкі Святланы Катковай). У гады вайны Сяргей Пятровіч прайшоў шлях ад Масквы да Кёнігсберга ў радах 5-ай арміі 3-га Беларускага фронту, сумяшчаючы абавязкі салдата з функцыямі мастака-агітатара і фотакарэспандэнта.

Каткоў не толькі сам спяшаўся задакументаваць як у малюнках, так і ў фатаграфіях паваенны Мінск. На гэтую задачу ён нацэльваў і сваіх вучняў. Распавядае адзін з іх — Анатоль Наліваеў, аўтар серыі ўнікальных па гістарычнай значнасці карцін пра пасляваенную сталіцу: «Каткоў накіроўваў вучня ў розныя куткі — ён цаніў, як мастак-пачатковец фіксуе архітэктурныя аб’екты. Пра імпазантны дом ля галоўнага будынка Міністэрства ўнутраных спраў ён так і сказаў: “Ідзі і малюй, гэтага дома можа хутка не быць!”»

Адкрыццё выстаўкі Сяргея Пятровіча «Пейзаж, які ўсміхаецца» было надзвычай шматлюдным. Панавала атмасфера агульнай узрушанасці і ўспамінаў.

Вучаніца Каткова Зоя Літвінава высока ацэньвае ўклад мастака і педагога ў фарміраванне мастацкай культуры Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя. Яна стараецца не прапускаць ніводнай выстаўкі і імпрэзы памяці настаўніка.

Думаецца, Сяргей Пятровіч ганарыўся б дасягненнямі сваёй выхаванкі. Як мастак Літвінава пачала рэалізоўвацца яшчэ ў 1960-я гады. Сярод яе буйных ранніх прац — манументальныя роспісы ў сааўтарстве са Святланай Катковай у кінатэатры «Вільнюс» і ў Палацы культуры чыгуначнікаў у Мінску. У 1970–80-я гады айчыннае мастацтвазнаўства ўжо прылічыла Зою Літвінаву да класікаў выяўленчага мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя. Яе творчасць атрымала высокую ацэнку і за межамі нашай краіны.

Прадаўжальнікам педагагічнай справы свайго першага настаўніка малявання ў пэўным сэнсе стаў Васіль Сумараў, які нібы пераняў у яго эстафету. Сумараў успамінае пра ўнікальную педагагічную методыку Каткова: у пасляваенныя гады Сяргей Пятровіч падбіраў па задворках напаўразбуранага горада беспрытульнікаў і незанятую дзятву і прыводзіў іх у Палац піянераў. Дзякуючы Каткову многія з падлеткаў знайшлі добрых сяброў у мастацкім калектыве і дарадцу ў асобе кіраўніка студыі, а значыць — не прапалі ў цяжкія часы. Сярод першых выхаванцаў Сяргея Пятровіча былі цяпер высока ўганараваныя ў нашай краіне мастакі Уладзімір Стальмашонак, Май Данцыг, Нэлі Шчасная, Уладзімір Тоўсцік, Эдуард Агуновіч і шмат іншых.

Вучань Сяргея Каткова архітэктар Леанід Левін — аўтар шэрагу славутых мемарыялаў, сярод якіх «Хатынь», «Прарыў», «Праклён фашызму», — таксама выступаў на вернісажы. Размова ішла пра актуальнасць стварэння музея Каткова, дзе маглі б разам экспанавацца і творы мастака, і малюнкі яго вучняў.

Пра музей дзіцячага малюнка Каткоў марыў усё жыццё. Ён патраціў шмат сіл на распрацоўку яго канцэпцыі. Але здзейсніць задуманае не ўдалося. Цяпер пра рэалізацыю мары настаўніка клапоцяцца яго вучні і нашчадкі. І сёння для гэтага ёсць шчаслівая магчымасць. Нядаўна ў пасёлку Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна быў узведзены мемарыял дзецям вайны, аўтар якога Леанід Левін. Да працы над праектам архітэктар прыцягнуў мастачку Святлану Каткову, якая з’яўляецца не толькі адным з выдатных беларускіх манументалістаў, але, як і сам Левін, вучаніцай Сяргея Пятровіча Каткова. Мастацкая канцэпцыя мемарыяла ў адной са сваіх частак прадугледжвала прастору з мальбертамі, на якіх сімвалічна пададзены дзіцячыя малюнкі — сціплыя мары пра шчасце і прыгажосць. Матэрыялам для яе ўвасаблення паслужылі малюнкі выхаванцаў Каткова, сабраныя ім і захаваныя яго нашчадкамі.

Праект атрымаў высокую ацэнку і станоўчыя водгукі. Лагічна было б побач з узведзеным мемарыялам, у суседнім незанятым памяшканні фальварка зрабіць той Музей дзіцячага малюнка, пра які мроіў Сяргей Пятровіч. Ён цудоўна дапоўніць ідэю канцэпцыі мемарыяла — перамогі святла над цемрай — і стане рэалізацыяй мары выдатнага педагога.

У інтэрнэце, набраўшы прозвішча і імя Сяргея Пятровіча Каткова, сустракаеш вельмі шмат успамінаў пра яго, прычым творцаў самых розных пакаленняў. Што цікава, многія разважаюць пра нейкі фантастычны, зададзены выкладчыкам імпульс, устаноўку на мастацтва. Вось, да прыкладу, нататкі пісьменніка Адама Глобуса: «Настаўнік-мастак Сяргей Каткоў аднойчы сабраў нас, навучэнцаў студыі, і сказаў: “Не прапусціце вясны. Гэта вельмі важна — не прапусціце вясны”. У ягоных словах была мудрасць будысцкага настаўніка, толькі гэта я зразумеў праз трыццаць гадоў».

Мне здаецца, усе тыя, хто вучыўся ў Сяргея Пятровіча Каткова, хто ў той ці іншай ступені лічыць сябе яго пераемнікам або проста цэніць яго уклад у беларускае мастацтва, павінны абавязкова прыкласці намаганні, каб Музей яго памяці, Музей дзіцячага малюнка быў на нашай зямлі. Іначай нешта сутнаснае будзе сцёрта з нашай свядомасці.

 Таццяна ГАРАНСКАЯ