Канкурыраваць са «Шрэкам»?

№ 3 (324) 01.03.2010 - 31.03.2010 г

Айчынная анімацыя: ідэі, жанры, героі

Даследчыкі на поўны голас, а самі рэжысёры сціпла гавораць пра тое, што менавіта анімацыя прынесла айчыннаму кіно найбольшую колькасць узнагарод на разнастайных міжнародных фестывалях і кон-
курсах.

Некалі сама гісторыя вызначыла агульнасць лёсаў расійскай, украінскай і беларускай анімацыі, дзе перыяды творчых узлётаў і падзенняў былі падобныя. Расійская і цяпер не здае сваіх пачэсных пазіцый у еўрапейскім кіно. Украінская анімацыя, якая ў 2008-м адзначыла 80-гадовы юбілей, перыядычна дэманструе творчую актыўнасць.

Беларуская анімацыя ў 1990-я перажыла складаны перыяд выпрабаванняў,
/i/content/pi/mast/29/493/37.gif
«Аповесць мінулых гадоў».
арганізацыйных, матэрыяльных і мастацкіх праблем. На гэты час прыпадаюць першыя спробы дзяржаўнай і незалежных маладых мультстудый спасцігнуць законы сучаснай рынкавай кінавытворчасці і кінапракату. Напэўна, такая складаная навука дагэтуль не засвоена. Але менавіта беларуская анімацыя (разам з дакументальным кінематографам) засталася ў авангардзе айчыннага кіно, калі меркаваць па мастацкім узроўні і міжнародным прызнанні. Яна не толькі выжыла, але і даказала сваю канкурэнтаздольнасць на фестывальным экране.

Работы вядомых майстроў на пачатку новага тысячагоддзя сталі больш аднастайнымі па тэматыцы — пэўна таму, што рэпертуарная палітыка кінастудыі арыентавалася на народныя і аўтарскія казкі з павучальнай мараллю і кансерватыўнымі мастацкімі формамі. Тым не менш, засталіся выспачкі аўтарскага кіно — напрыклад, фільмы Ірыны Кадзюковай з яе «Каляднага цыкла» ці некаторыя стужкі Уладзіміра Пяткевіча.

Галоўным плюсам сучаснай анімацыі з’яўляецца сам факт пастаяннай вытворчасці мультыплікацыйных фільмаў — нават у рэжыме строгай дзяржаўнай эканоміі. Некалькі гадоў таму ў сферы мульткіно распачаліся новыя творчыя працэсы, з’явіліся свежыя ідэі. Прастора анімацыйнай свядомасці пашырылася, уключыла актуальныя рэаліі і мякка, як гэта ўласціва нацыянальнай культуры наогул, успрыняла і асімілявала сусветныя мастацкія навацыі. Стымулам для своеасаблівай «новай хвалі» айчыннай анімацыі сталі традыцыйныя каштоўнасці — беларуская гісторыя і культура.

Вядомай тэндэнцыяй сусветнай камп’ютэрнай анімацыі з’яўляюцца шматсерыйныя цыклы, адрасаваныя масаваму гледачу. Адметнай з’явай у развіцці жанру стала таксама стварэнне анімацыйных серыялаў. Першы з іх — сумесны беларуска-расiйскi праект «Рэактыўны парсючок», які здымаецца з 1994 года рэжысёрам Аляксандрам Ленкіным (разам з Аляксандрам Кацялеўскім). Маскоўскія калегі дапамагаюць у праекце фінансавымі сродкамі, але асноўныя тэхналагічныя і творчыя працэсы праходзяць на кінастудыі «Беларусьфільм». Вясёлыя гісторыі аб прыгодах парсючка Нюшкі і яго сяброў — ваўчка Андрушкі і вараняняці Кірушкі — прыцягваюць увагу маленькіх гледачоў стылістыкай комікса, адкрытымі лакальнымі колерамі, шматлікімі трукамі. Да станоўчых якасцей фільма трэба аднесці і дынамічнасць дзеяння, але слабым месцам застаецца невысокі ўзровень драматургіі. Стварэнне серыялаў такога кшталту сведчыць пра шлях да «індустрыялізацыі» і масавага гледача. Але менавіта такі прадукт запатрабаваны пракатам.

У планах студыі — першы айчынны поўнаметражны фільм «Прыгоды Мюнхгаўзена ў Расіі». Гэты сумесны беларуска-расійскі праект будзе фінансавацца абедзвюма дзяржавамі і мець пракат на іх тэрыторыях. Калі казаць пра матэрыяльны бок, то трэба нагадаць вядомую рэч: хвіліна мультыплікацыі каштуе каля 15 мільёнаў рублёў.
/i/content/pi/mast/29/493/39.gif

«Бегла мышаня па траве». Рэжысёр Наталля Хаткевіч.

Гэта сапраўды дарагая справа! Таму на айчыннай кінастудыі яшчэ не здымаліся поўнаметражныя мультфільмы, якія каштуюць прыкладна 2-3 мільёны долараў.

Сучасная рэчаіснасць патрабуе стварэння серыялаў з героямі сваёй нацыянальнай культуры. І такі праект з’явіўся. Калісьці рэжысёр Яўген Ларчанка ў лялечным фільме «Несцерка» (1980) узнавіў славуты вобраз папулярнага персанажа беларускіх народных казак. Больш чым праз 20 гадоў здымачная група пад кіраўніцтвам Ігара Волчака вырашыла зняць васьмісерыйны фільм аб прыгодах хітрага селяніна і яго сяброў — ката і сабакі. Перад аўтарамі паўстала складаная задача стварэння нацыянальнага характару, абагульненага вобраза-сімвала. Галоўныя рысы абаяльнага персанажа — незвычайнае жыццялюбства, кемлівасць, якія дапамагаюць у самых цяжкіх сітуацыях. У выніку склаўся тып трохі гультаяватага і адначасова працавітага рамантыка-летуценніка, у якога ёсць сваё ўяўленне пра сэнс жыцця. Фільм прынцыпова агучаны па-беларуску і разлічаны на самую шырокую аўдыторыю. Ужо знята шэсць серый. Цікава, што сцэнарыст Дзмітрый Якутовіч актыўна выкарыстоўвае агульныя вобразы славянскіх казак, сярод якіх востраў Буян, Змей Гарыныч. Але галоўны акцэнт робіцца на беларускіх рэаліях: менавіта гліна і ганчарныя вырабы сталі мэтай дзейнасці Несцеркі.

Вядома, што ў мастацтве галоўнае — свежыя ідэі. Калектыўная творчасць стымулявала выхады на новыя тэматычныя і мастацкія накірункі. На мяжы 1980 — 1990-х гадоў група таленавітых рэжысёраў і мастакоў стварыла анімацыйныя альманахі «Крокі», «Лабірынт-1» і «Лабірынт-2», прысвечаныя вострым сацыяльным праблемам. У 2000-я гады асаблівую актуальнасць набыла гістарычная тэма, якая заўсёды з’яўлялася адным з найбольш прывабных і трывалых духоўна-эстэтычных арыенціраў айчыннага мастацтва.

Сапраўднай культурнай падзеяй стаў мультыплікацыйны праект «Аповесць мінулых гадоў», які распавядае аб гісторыі ўзнікнення гербаў беларускіх гарадоў — Мінска, Гродна, Брэста, Гомеля, Віцебска, Магілёва, Полацка, Шклова, Мазыра, Навагрудка і іншых. Ідэя стварэння такой стужкі літаральна лунала ў паветры. Выявы на гербах гарадоў маюць яркі візуальны вобраз, які так і просіцца ў кіно. Невыпадкова для цыкла абрана назва славутага летапісу. Вядома, што ў гербах закадзіравана гісторыя горада, вёскі, рэгіёна. Таму аўтары паставілі сабе за мэту яскрава і дакладна данесці з далёкай гісторыі пасланне нашчадкам. Мастацкі кіраўнік праекта Ігар Волчак сабраў моцную каманду — гэта сцэнарысты Дзмітрый Якутовіч, Марына Бяршацкая, рэжысёры Міхаіл Тумеля, Аляксандр Ленкін, Уладзімір Пяткевіч, Ірына Кадзюкова, Таццяна Жыткоўская, Наталля Хаткевіч, Наталля Касцючэнка, Таццяна Кубліцкая, Яўген Надточый. Нездарма цыкл «Аповесць мiнулых гадоў»-3 перамог у намінацыі «Лепшае выяўленчае вырашэнне» на XIV фестывалі анімацыйнага кіно, які летась адбыўся ў Суздалі. Часам «Аповесць…» параўноўваюць з расійскім серыялам «Гара самацветаў», які складаюць экранізацыі казак народаў Расіі. Нельга не адзначыць і вялікую асветніцкую функцыю беларускага праекта. Зняты ўжо чатыры серыі, плануецца выхад яшчэ дзвюх.

Вядомы «генератар ідэй» айчыннай анімацыі — Міхаіл Тумеля таксама прапанаваў уласны цыкл, прысвечаны нашым сакавітым вобразным выслоўям. Пачаткам серыі стаў фільм «Беларускія прымаўкі» (2007), зроблены ў незвычайнай тэхніцы: камп’ютэрная перакладка (плоская марыянетка) стылізавана тут пад выцінанку. Гэтая рэдкая тэхніка выклікае трапяткое пачуццё і абуджае ўспаміны пра дзяцінства, калі кожны з нас перад Новым годам выразаў з паперы сняжынкі. У фільме паўсталі яскравыя пярлінкі са скарбонкі роднай мовы. Невыпадкова Міхаіл Тумеля атрымаў спецыяльны дыплом «За дасціпнае вырашэнне беларускага фальклору» на згаданым ужо фестывалі анімацыйнага кіно ў Суздалі. Каштоўная ідэя была развітая ў музычным фільме «Выцінанка-выразанка», дзе гучыць песня этна-гурта «Троіца».

На сённяшні дзень у прадукцыі беларускай студыі прысутнічаюць разнастайныя тэхнікі, але дамінуе традыцыйная, класічная анімацыя, а таксама змяшаная тэхніка, заснаваная на разнастайных мікстах. Варта прызнаць, што нашы аўтары больш арыентуюцца на так званыя ручныя тэхнікі, але адначасова ідзе актыўнае засваенне камп’ютэрных магчымасцей.

Першай айчыннай стужкай новага тыпу стаў фільм Алены Пяткевіч «Песенька для канарэйкі» (2002), дзе камп’ютэр выкарыстоўваўся для падбору колераў, прарысоўкі і расфарбоўкі персанажаў, фону і дэкарацый, для кампаноўкі кадраў і заліўкі фону. Свае пошукі рэжысёр працягнула ў стужцы «Чароўная крама» (2006), дзе спалучыліся маляваная тэхніка і камп’ютэрная перакладка. Незвычайная гісторыя, якая здарылася напярэдадні Новага года з Бацькам і Малым, расказана квяцістай мовай, праз пластычныя вобразы, якія ўвасабляюць казачную атмасферу дзівоснай крамы. У тэхналогіі толькі камп’ютэрнай перакладкі зроблены фільм «Як служыў жа я ў пана» (2005) рэжысёра Уладзіміра Пяткевіча, створаны на сюжэт жартоўнай народнай песні. Дарэчы, ён атрымаў дыплом «За яскравае ўвасабленне нацыянальнай тэмы» на ХV Міжнародным кінафестывалі «Залаты Віцязь». Сярод апошніх камп’ютэрных стужак — фантастычная гісторыя «Пра сяброўства, Шарыка і лятаючую талерку» Аляксандра Ленкіна.

Сучасная 3D-анімацыя прапануе вялізны выбар карцін, прыгожыя поўнафарматныя фільмы. Але ў Беларусі яшчэ няма моцнай канкурэнцыі ў гэтай галіне. Дарэчы, паводле меркавання шмат якіх рэжысёраў, ручная анімацыя мае больш выразную выяву і вытанчаны густ. Магчыма, пошукі нацыянальных праектаў варта весці не ў сферы тэхналогій — цяжка спаборнічаць са «Шрэкам» ці «Мадагаскарам», а ў новых тэматычных «нішах» і, верагодна, у рэчышчы традыцыйнай анімацыі. Атрымліваецца ж гэта ў Ірыны Кадзюковай, якая з’яўляецца адданай прыхільніцай тэхнікі перакладкі і шмат гадоў радуе гледачоў сваімі аўтарскімі фільмамі на складаныя духоўныя тэмы. Сярод апошніх — казка «Залатыя падковы» паводле Андэрсена і «Старадаўняя аповесць пра жыццё, любоў і іншыя дзівы» пра жыццё славутых праваслаўных святых — Пятра і Фяўронні.

Адным з балючых пытанняў па-ранейшаму застаецца пракат айчынных мультфільмаў. Нашы стужкі атрымліваюць прэстыжныя прызы на разнастайных фестывалях высокага кшталту. Менавіта анімацыя прынесла кінастудыі «Беларусьфільм» найбольшую колькасць узнагарод сусветнага ўзроўню. Але для беларускага гледача яна застаецца малавядомай. Так, на фестывалі «Лістападзік» дэманструюцца нашы лепшыя стужкі. Калі вельмі пашчасціць, можна сустрэць відэадыскі. Добра, што існуе інтэрнет, дзе ёсць магчымасць пабачыць некаторыя беларускія карціны. Але на айчынным кіна- і тэлеэкране беларускія мультфільмы — рэдкія госці. Выклікае здзіўленне той факт, што нашы тэлеканалы да гэтага часу не зацікавіліся шматлікімі мультфільмамі лепшых айчынных рэжысёраў і не закупілі іх.

Няма сістэмы распрацаванага пракату, рэкламнай і маркетынгавай службы. Вось чаму айчынныя майстры чакаюць стварэння інстытута прадзюсіравання. Вельмі вострым застаецца пытанне сістэматычнага распаўсюджвання і продажу мультфільмаў. Між тым, у сусветным кіно анімацыя — вельмі прыбытковая рэч. Да таго ж анімацыйныя стужкі «старэюць» не так хутка, як вялікія мастацкія фільмы. Увогуле на сёння існуе прыкладна 130 беларускіх анімацыйных стужак, і іх патрэбна ўвесці ў культурную прастору краіны і свету. Нагадаем прыклад Расіі, дзе на DVD выйшла залатая калекцыя класічнай савецкай анімацыі.

Ці патрэбна наогул беларуская анімацыя? Існуе шмат амерыканскіх, японскіх, французскіх стужак, якія з задавальненнем глядзіць самая розная публіка. На поўнаметражныя стужкі студый «Disney» ці «Pixar» раскупляюцца ўсе квіткі. А наша айчынная анімацыя складаецца з кароткіх 10-хвілінных фільмаў, якія даводзіцца аб’ядноўваць у альманахі або цыклы. Так, нашы мастакі не ствараюць тыповага для сучаснага кіно вобраза супермэна, яны прынцыпова не робяць агрэсіўных, жорсткіх стужак. Беларускія анімацыйныя фільмы часцей за ўсё разлічаны на сямейны прагляд, калі дзецям не трэба заплюшчваць вочы перад занадта страшнымі выявамі. І нарэшце, ёсць у беларусаў уласная гісторыя, міфалогія, свае казкі. Таму айчынныя аніматары бачаць галоўную мэту ў стварэнні гуманістычных стужак, якія маюць вялікі асветніцкі і выхаваўчы патэнцыял.

Паўстае пытанне: як злучыць дзве плыні анімацыі — камерцыйную, скіраваную на масавага гледача, і так званую фестывальную, аўтарскую? Не сакрэт, што апошнім часам анімацыя паступова і няўхільна ідзе па шляху камерцыялізацыі, да масавай аўдыторыі. Пра гэта сведчаць мультсерыялы «Рэактыўны парсючок» ці «Несцерка». Але нават у межах вялікіх праектаў застаецца магчымасць аўтарскага выказвання, пошуку выразнай мастацкай формы. Ігар Волчак, напрыклад, заканчвае працу над фільмам з цыкла «Казкі старога піяніна», прысвечаным знакамітаму кампазітару ХХ стагоддзя Сяргею Пракоф’еву. Сам піяніст па першай спецыяльнасці, Ігар Волчак у цікавых візуальных вобразах адлюстроўвае біяграфію славутага музыканта і быццам вяртаецца ў той час, калі былі створаны яго бліскучыя аўтарскія стужкі «Капрычыо» і «Скерца». Удалым і арганічным спалучэннем двух накірункаў падаюцца цыклы «Аповесць мінулых гадоў» і «Беларускія прымаўкі». Майстар складанай жывапіснай анімацыі, Уладзімір Пяткевіч звярнуўся да казачнай плыні ў стужцы «Жабка-падарожніца» і працягвае лінію кінематаграфічнай лірыкі.

Цяпер у айчыннай анімацыі захоўваецца адносная раўнавага двух напрамкаў, двух магістральных шляхоў мастацтва. Але галоўнай тэндэнцыяй у развіцці жанру пачатку стагоддзя застаецца рух да стандартызацыі. Аўтарскі пачатак, эксперымент адыходзяць на перыферыю галіны, пачынае ўладарыць камерцыйны «мэйнстрым». Жанр павольна, але настойліва рухаецца да наладжанай сістэмы вытворчасці.

Айчынная анімацыя мае невялікую, але слаўную гісторыю. Тым не менш складаецца парадаксальная сітуацыя. У некаторых спецыялізаваных замежных выданнях пішуць пра школу беларускай анімацыі, але ў самой краіне гэтага паняцця не існуе. Больш за тое, майстры-практыкі па-рознаму адказваюць на пытанне пра школу. Так, Ігар Волчак лічыць, што айчынную мультыплікацыю стваралі і ствараюць асобныя энтузіясты. Па сутнасці, страчана цэлае пакаленне аніматараў, няма змены майстрам 1980 — 1990-х гадоў. Больш маладая генерацыя рэжысёраў прадстаўлена толькі імёнамі Марыны Карпавай і Наталлі Хаткевіч, прызёраў шэрагу міжнародных і айчынных кінафестываляў. Страчана цэлая галіна: адной з вострых праблем з’яўляецца знікненне айчыннай лялечнай анімацыі, якой з поўным правам ганарыліся нашы кінематаграфісты. Фільмы Яўгена Ларчанкі, Наталлі Лось і Віктара Доўнара ў свой час годна прадстаўлялі беларускую анімацыю на міжнародных фестывалях. Менавіта лялечная анімацыя мае багатыя традыцыі ў айчыннай культуры: варта нагадаць славутую батлейку.

Існуюць адвечныя праблемы са сцэнарыямі, кадрамі, апаратурай, але застаецца самае галоўнае — таленты. Таму вельмі важным стала адкрыццё курсаў мастакоў-аніматараў на кінастудыі «Беларусьфільм», якімі кіруюць нашы лепшыя майстры. Доўгачаканы набор на курс рэжысёраў анімацыйнага кіно адбыўся ў 2008 годзе ў Акадэміі мастацтваў — другі за ўсю гісторыю айчыннай мультыплікацыі. На жаль, яго кіраўнік Алег Белавусаў заўчасна пайшоў з жыцця, і цяпер студэнтамі апякуюцца Алена Пяткевіч і Міхаіл Тумеля. Важна і тое, што ў краіне працуюць некалькі пакаленняў аніматараў і з’яўляюцца маладыя кадры. Нагадаем імёны Ганны Емяльянавай, Алены Алешка, Соф’і Піскун.

Не будзе перабольшаннем казаць пра асаблівую каштоўнасць анімацыі ў агульным рэчышчы беларускага кіно. Разам з дакументальным кінематографам яна захоўвае цікавасць да этнічных крыніц. Калі дакументалісты Віктар Аслюк, Галіна Адамовіч, Міхаіл Жданоўскі на матэрыяле неігравога кіно даследуюць нацыянальны характар, то анімацыя звяртаецца да нематэрыяльнай спадчыны беларусаў, да казак і прымавак, да гісторыі краіны. Няхай гэта адбываецца ў больш умоўных формах у параўнанні з рэалістычнымі дакументальнымі стужкамі. Але шчырасць аўтарскай фантазіі стварае своеасаблівы асяродак, у якім як быццам матэрыялізаваліся метафары душы і свету. І таму беларуская анімацыя захавала тыя рысы, якія сучаснае мастацтва паступова страчвае: прастату, цэласнасць, яснасць прыгажосці.

Сёння можна сцвярджаць, што яна прысутнічае ў айчыннай і еўрапейскай экраннай культуры як асобная сацыяльна-мастацкая з’ява. Пра гэта сведчаць шматлікія прызы аўтарытэтных форумаў у Анэсі, Бруселі, Кіеве, Клермон-Фера, Лейпцыгу, Мангейме, Нью-Йорку, Суздалі, Чыкага, Штутгарце. Але галоўным застаецца пытанне: калі нашу анімацыю нарэшце ўбачаць і ацэняць на роднай зямлі?

Антаніна Карпілава