Сучасны мастак нікому не вінны?

№ 3 (324) 01.03.2010 - 31.03.2010 г

Арт-далягляды 2010-х

 

Шаноўны чытач можа палічыць паспешлівай спробу на пачатку 2010 года рабіць прагнозы мастацкіх перамен на будучае дзесяцігоддзе. Але хто, як не крытык, здольны зрабіць аб’ектыўны аналіз сённяшняга стану выяўленчага мастацтва і задумацца над перспектывамі?

Першае дзесяцігоддзе веку было насычаным творчымі падзеямі, выставамі і імпрэзамі творцаў розных пакаленняў.

Нашы шаноўныя класікі, маладосць якіх прыпадае на пачатак 1960-х, па-ранейшаму захоўваюць сваю прафесійную форму, не перастаюць працаваць у майстэрнях. У гэтых патрыярхаў беларускага мастацтва — Гаўрылы Вашчанкі, Леаніда Шчамялёва, Васіля Шаранговіча, Аляксандра Зінчука, Мікалая Назарчука і іншых — такі вялікі творчы вопыт і відавочнасць здабыткаў, што можна толькі пажадаць ім новых здзяйсненняў, вартых іх сталасці.

Адваротная сітуацыя назіраецца ў амбіцыйным асяроддзі мастакоў так званага сярэдняга пакалення. У 2000-х яны маглі б не адзін раз пацвердзіць сваё бясспрэчнае лідэрства, але здолелі прапанаваць гледачу толькі рэтрастылізацыі «пад мадэрн», «пад сюр», «пад абстракт», млявую эротыку, бліскучыя паверхні і адмысловыя фактуры палотнаў. У гэтым шэрагу — «Настальгія» Алены Шлегель (2006), «Адраджэнне міфа» Андрэя Асташова (2008), «Месяц» Васіля Касцючэнкі (2008), «Ружа» Сяргея Давідовіча (2008), «На востраве Крыт» Уладзіміра Кожуха (2007), «Гукі» Валянціны Шобы (2008), «Талерка-вока» Руслана Вашкевіча (2008) і інш. Менавіта ў гэтым масцітым асяроддзі выпрацавалася самаўпэўненае крэда: «Сучасны мастак нікому нічога ніколі не вінен!»

Такая «бязвінная» свабода, верагодна, і аблягчае багемнае жыццё, але не ўзбагачае новымі ідэямі. На палотнах некаторых паважаных і прафесійных майстроў псеўдаарыстакраткі, рэтрамадэлі, дапатопныя купальшчыцы млеюць у таямнічых салонах, лунаюць у аблоках, плёскаюцца ў ружовых ручаінах, як быццам палотны тыя дэманструюцца не ў мінскім Палацы мастацтва, а ў нейкім палацы віктарыянскіх часоў. Выяўленчая мова страчвае сваю самакаштоўнасць, бо пачынае імітаваць дэкаратыўна-аздабленчыя вырабы не надта высокай значнасці.

Галоўная праблема творчай моладзі — адсутнасць арганізаванасці, імпэту гучна заявіць пра сабе, стварыўшы нават часовую суполку дзеля ўвасаблення амбіцыйнага праекта. Больш згуртаваныя «постмадэрністы» 1990-х час ад часу спрабавалі наладзіць першы ці другі «фронт мастацтваў», але іх запалу хапала на адзін-два стрэлы па вераб’ях, бо прынцыповыя і актуальныя творчыя задачы імі пастаўлены не былі. Арт-моладзь з акадэмічнымі і ўніверсітэцкімі дыпломамі, у адрозненне ад больш дарослых і вопытных калег, аказалася непадрыхтаванай да паслядоўнага адстойвання сваіх творчых прынцыпаў. Многія здольныя пачаткоўцы знікаюць з мастацкага поля пры першых жыццёвых праблемах. Дзе, напрыклад, жывапісцы Валянціна Лузан, Максім Дудараў, графікі Дзяніс Сінюгін, Рэната Палякова, Наталля Кійко, скульптары Ксенія Палякова, манументаліст Дзмітрый Кунцэвіч і іншыя? Прыкра чуць, як многія маладыя мастакі не могуць прыхаваць сваіх наіўных трызненняў пра вялікія заробкі. А калі ж пачуем пра арганізацыю маладзёжнай выставы, якая зачэпіць за жывое і на якую збяжыцца ўвесь Мінск?

У 2000-х можна было ўбачыць на выставах самае рознае: кіч, натуралізм, рэтраспектызм, салоншчыну, інфантыльнасць, анархізм, анахранізм, кампіляцыі... Былі і такія станоўчыя праявы сучаснай творчай заангажаванасці, як арганізацыя міжнародных выставачных праектаў ці спробы пераканаць сябе і ўвесь цывілізаваны свет, што, напрыклад, беларуская графіка «самая геніяльная»... Але ніхто нікога пераканаць не здолеў і кожны застаўся пры сваім меркаванні. Склаліся свае полюсы традыцыяналістаў і контртрадыцыяналістаў з хісткай салоннай сярэдзінай. Але адсутнасць выразнай перавагі аднаго ці другога полюсу і яго жывой падтрымкі ў грамадстве больш не можа задавальняць.

Паспрабуем высветліць прычыны гэткай сітуацыі. Для мастака, які называе сябе сучасным, нехарактэрна працаваць выключна ў адной тэхніцы, у адным жанры ці толькі ў камернай тэматыцы, шчыльна зачыніўшы дзверы майстэрні ад рэальнага жыцця. Раней ці пазней тэхнічны бок пачынае пераважваць над эксперыментам, з’яўляюцца паўторы, клішэ, штампы. Верагодна, таму і не хапае рашучасці для творчага прарыву ні ў нашых акадэмістаў, ні ў рэтра-мадэрністаў, хоць ніхто не лічыць іх няздольнымі адважыцца на неардынарную «мастацкую акцыю» (тым больш што нагоды для гэтага былі: 200-годдзе з дня нараджэння Ігнація Дамейкі (2002), 100-годдзе першых авангардных выстаў (2005), 400-годдзе з дня нараджэння Рэмбранта (2006)). У нашым мастацтве немагчыма знайсці нешта прынцыпова адметнае, што б вызначыла стыль 2000-х. Даходзіла часам да смешнага. На выставах 2008 года, прысвечаных памяці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Язэпа Драздовіча, вядомыя мастакі дэманстравалі свае працы 1970-х — 1980-х гадоў. Такое ўражанне, што ў вопытных аўтараў не хапае свежых задум (або часу?), каб развіваць на сучасным узроўні тэмы, што прынеслі ім поспех у маладыя гады.

Зразумела, што нашы мастакі вельмі ашчадна ставяцца да свайго «аўтарскага стылю», які з узростам робіцца надзвычай рафінаваным і элітарным, і ўжо немагчыма апусціцца да нейкай сюжэтнай кампазіцыі асветніцкага характару. Але ніхто і не патрабуе такога «самапрыніжэння». Што перашкаджае перажыць другую маладосць і паспрабаваць сябе ў новых арт-ізмах, дзе патрабуецца не тэхнічная бездакорнасць, а смелая і арыгінальная вынаходлівасць? Бо калі, прабачце, у маладым, а тым больш сталым узросце не дазваляць сабе нічога неардынарнага, дык не адбудзецца ў творчасці ні маладосці, ні сталасці.

Існуе яшчэ адна прафесійная праблема, пра якую нават няёмка і казаць. Гэта — прапісныя акадэмічныя ісціны, ігнараванне якіх пагражае неўзабаве стаць тормазам для большасці нашых мастакоў. Гаворка ідзе пра так званую завершанасць твора. Вельмі часта ў 2000-х замест яе многія аўтары прапаноўвалі гледачам нейкую кампазіцыйную заблытанасць-загрувашчанасць. Практыка назойлівай металічнай «прамалёванасці, прапісанасці, вытачанасці» яшчэ не азначае, што мастацкая ідэя можа прачытвацца і станавіцца даступнай не толькі аўтару, але і яго прыхільнікам. Самае важнае ў творы — выявіць галоўнае. Тады можна лічыць, што работа завершана, нават калі многія дэталі ледзь пазначаны.

Часта сустракаецца такая недарэчная практыка, як заніжэнне кантрастаў дзеля надання працы туманнага каларыту. У большасці выпадкаў такая штучная мінорнасць не адпавядае вобразным задумам. Хапіла б аднаго-двух кантрасных акцэнтаў на галоўным, каб усё стала на сваё месца, каб твор пачаў гучаць і пераконваць.

Уцёкі ад рэпартажнасці, унутраная міграцыя маюць сэнс тады, калі майстры выпрацоўваюць новыя канцэпцыі, ствараюць свае сістэмы. Але ў нашым выпадку мастакоўская індыферэнтнасць прывяла да памнажэння колькасці аднастайных пазачасавых алегорый, рэфлексій, што ствараюцца пад уплывам глянцавых часопісаў ці элегічных мар аб лёсавызначальнай сустрэчы з грашавітым мецэнатам. Такія шчыраванні нагадваюць буржуазны класіцызм 1860 — 1890-х. Але як ні намагайся, салонных акадэмікаў Лондана і Парыжа не перагнаць! У параўнанні з іх саладжавай антыкізацыяй сучасныя беларускія рэплікі пры ўсёй іх імпазантнасці заўсёды будуць успрымацца местачкова-другаснымі.

Будучыня ўжо нарадзілася ў 2000-х. Тыя мастакі, якія яшчэ не развучыліся захапляцца жыццём, наведваць святыні, хадзіць у тэатр, сачыць за тэленавінамі, вандраваць па мінскіх вуліцах, выязджаць за мяжу, могуць перажыць новыя адчуванні, спарадзіць нечаканыя ідэі, якія дазволяць ім нарэшце зрушыцца з нейтральных пазіцый. Такія патэнцыяльна-абуджаныя творцы ў нас ёсць. Мяркую, што надышоў час без залішняга фармалізму ўручыць сімвалічныя «Прэміі незалежнага крытыка» за шчыры творчы ўклад у развіццё беларускага мастацтва 2000-х гадоў.

Алесь Родзін варты такой прэміі за вернасць міжнародным мастацкім сувязям («Дах 2001 — 2009»). Аляксей Зінчук заслугоўвае званне майстра манументалізаваных жаночых вобразаў. Юрый Піскун зарэкамендаваў сябе як вядучы мастак сцэнічнага касцюма ансамбля «Харошкі» і стваральнік сямейнай мастацкай суполкі, у якой разам з жонкай Аленай і трыма дочкамі Соф'яй, Вольгай і Валянцінай займаецца дызайнам адзення, жывапісам і графікай. Дастойныя ўхвалы Антаніна Слабодчыкава — за перанясенне традыцый поп-арта на беларускую творчую глебу; Таццяна Кандраценка — за спробы спалучыць фармальную кампазіцыю з праблемамі сучаснага жыцця; Таццяна Сіплевіч — за распрацоўку архаічнай сімволікі ў літаграфіі. Ірына Радкевіч (Гродна) з’яўляецца стваральніцай самых канцэптуальна-наватарскіх керамічных кампазіцый. Зміцер Вішнёў стаў аўтарам самых буйных у жывапісным неаэкспрэсіянізме вобразаў няшкодных мікробаў. Валянцін Калтыгін — нястомны арганізатар штогадовых міжнародных керамічных праектаў «Арт-жыжаль». Сяргей Плыткевіч можа прэтэндаваць на высокае званне лідэра аэрафотапанарамы за адмысловыя здымкі мясцін Беларусі з вышыні птушынага палёту. Віктар Нямцоў пераконвае сваім жывапісным цыклам «Вадзяныя і ветраныя млыны». Фелікс Гумен (Віцебск) не страчвае лідэрскіх пазіцый у акварэльнай эксперыментальнасці. Аляксандр Некрашэвіч арыгінальна спалучыў алегарычны жанр жывапісу з прыёмамі цюнінгу (роспісу аўтамабіляў). Фёдар Ястраб заслугоўвае добрага слова за падрыхтоўку і ажыццяўленне ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі міжнародных выставачных праектаў «Арт-лінія», «Фестывалі пейзажа памяці Віталя Цвіркі». Спецыяльны прыз — арганізатарам мерапрыемстваў, якія дапамаглі па-сапраўднаму адсвяткаваць другое вяртанне на Радзіму мастака-падарожніка Напалеона Орды (2008).

Адзначыўшы галоўных герояў дзесяцігоддзя, можна таксама шчыра падзякаваць пераважнай большасці беларускіх мастакоў за іх прынцыповае (ці — інтуітыўнае) нежаданне пашыраць на айчынным творчым полі праявы антымастацтва, якія нібы чорныя хмары насоўваюцца да нас з заходніх мегаполісаў. Бруднымі струменямі прасочваюцца «эстэтыка» паталогій, шоу-замбіраванне, культ гвалту і звышбагацця, бязбожны цынізм і іншае. Ёсць, зрэшты, і іншая еўрапейская цывілізацыя: сотні тысяч маленькіх гарадоў і мястэчак на Захадзе, дзе жывуць людзі, сваёй гарманічнай культурай падобныя да нас. З імі найперш неабходна наладжваць творчыя масты.

Гісторыя засведчвае, што — прынамсі, на працягу апошніх 200 гадоў — кожнае другое дзесяцігоддзе новага стагоддзя становіцца пераможным для незалежных, найбольш адпаведных свайму часу кірункаў у мастацтве. Як ні чапляліся за сваю салонную перавагу праслаўленыя канфармісты, іх рашуча адсунулі «ў гістарычны архіў» рамантыкі 1810-х гадоў, а потым пачынальнікі рацыянальных і экспрэсіўных эксперыментаў 1910-х. 2010-я гады — наступны перыяд стварэння праектаў ідэальнай, свабоднай, чалавекалюбнай і прыродалюбнай будучыні. Больш патрабавальнасці да сябе! Лёгка, вядома ж, паўтараць па завядзёнцы раней напрацаванае, але і вельмі проста з такімі «здабыткамі» неўзабаве трапіць на архіўную паліцу.

2010-я гады дазваляюць вобразна актуалізаваць самыя значныя гістарычныя падзеі ў палітыцы, навуцы і культуры. Бліжэйшы перыяд дасць магчымасць нашым мастакам, схільным да працы ў розных творчых напрамках, з поспехам для сябе паспрабаваць «паўтарыць» гісторыю мастацтва, супаставіць свае пошукі з пераломнымі творамі Рафаэля, Караваджа, Вато, Жэрыко, Гоі, Малевіча, Шагала, Татліна, якія, дзякуючы сваёй ідэйнай неабмежаванасці, заўсёды будуць сучаснымі. Хай і творы нашых аўтарытэтных мастакоў будуць не менш сучаснымі! Беларускія мастакі маюць дастаткова высокую прафесійную падрыхтоўку, каб быць «па сумяшчальніцтве» яшчэ і агульнаеўрапейскімі.

Не варта пасіўна чакаць, каб хто-небудзь арганізаваў выставы з нагоды 600-годдзя Грунвальда, 100-годдзя Першай сусветнай вайны і іншыя. У Мінску сканцэнтравана большасць мастакоў рэспублікі. Іх рэдка, аднак, здараецца ўбачыць у іншых рэгіёнах, дзе ў кожным раённым цэнтры можна наладзіць выставу асветніцкай тэматыкі. Няма сумненняў, што там і пачнуць ажыццяўляцца трыумфальныя праекты, якія потым зробяць фурор у сталіцы.

Немагчыма абмінуць у мастацкім планаванні этапных выстаў і памятны кастрычнік 1817 года, калі была ўпершыню абвешчана ідэя нацыянальнага Адраджэння беларусаў, літоўцаў, украінцаў, палякаў. Яе сфармулявалі маладыя інтэлектуалы Адам Міцкевіч і Тамаш Зан, а пасля ў рамантычным руху філаматаў і філарэтаў яна пашырылася па іншых каланізаваных рэгіёнах Еўропы, падмацавала маладую дэмакратычную культуру Расіі, дасягнула лацінаамерыканскіх далячынь. Хіба могуць маладыя мастакі «праспаць» такую ідэйна-вобразную зару, прызначаную самім часам акурат для іх? Застанецца толькі пашкадаваць тых маладых выпускнікоў нашай Акадэміі і іншых творчых устаноў, якія так і не знойдуць славутага каменя філарэтаў, не ўздымуцца, як калісьці Адам Міцкевіч, на крымскую скалу Аю-Даг, не прывязуць з далёкага хрыбта ў Кардыльерах кавалак мінералу «дамейкіт», названага ў гонар геолага-першапраходцы Ігнація Дамейкі.

Верагодна, такія ідэйныя ўстаноўкі пачынаюць падавацца шаноўнаму чытачу празмерна тэндэнцыйнымі. Але мы ўсе, разам узятыя, яшчэ не выкупілі перад нашай гісторыяй віну бяспамяцтва.

Пейзаж, партрэт, карціна міфалагічнай і біблейскай тэматыкі ў 2000-х заставаліся на вельмі камерным, нават салонным узроўні. Можа, часцей нашым пейзажыстам варта бываць на пленэрах, каб увасобіць непаўторныя куточкі беларускай прыроды… Нашы сучаснікі сталі больш індывідуальнымі, выразна-партрэтнымі, і кожны прыстойны грамадзянін збіраецца заказаць свой партрэт мастаку, бо каляровыя здымкі хутка блякнуць. Ужо не першы год героі беларускай міфалогіі амаль наўпрост супастаўляюцца навукоўцамі з германскімі, антычнымі, нават далёкаўсходнімі боствамі. А ці ёсць нешта падобнае ў так званым беларускім «сюр-мастацтве»? Калі няма, дык, магчыма, з’явіцца ў 2010-х! Ужо неяк сорамна ў наш час мастакам не ведаць Бібліі. А калі сучасны мастак удумаецца ў яе тэксты, адразу зразумее, што за 2000 гадоў хрысціянская тэма па-сапраўднаму не распрацавана. Ёсць безліч вельмі актуальных сюжэтаў, да якіх не даходзілі рукі самых славутых творцаў мінуўшчыны. Застаецца толькі перафразаваць вядомы афарызм: «Жадаеш быць вялікім, зрабі ў хрысціянскай тэматыцы тое, чаго не адлюстравалі ў свой час вялікія».

Мабыць, ужо дастаткова крытычных заўваг. Спадзяёмся, што яны будуць прыняты да ведама ў асяроддзі мастакоў. І з хрысціянскіх, і з прафесійна крытычных пазіцый неабходна многае дараваць неардынарным творчым асобам, якія могуць ганарліва перажываць ілюзіі эфемернага поспеху, потым апынацца ў доўгім застоі і бяздзейнічаць, пакуль нарэшце не з’явіцца жаданне адчуць «другое дыханне». З іншага боку — немагчыма не ганарыцца сучаснымі беларускімі мастакамі. Іх так многа — таленавітых, здатных на здзяйсненні. На іх творчым рахунку шматлікія міжнародныя выставы, а лепшыя творы захоўваюцца, як сведчаць буклеты і каталогі, у прыватных калекцыях амаль усіх цывілізаваных краін свету. На прыступках да аўтарытэтнага мастацкага саюза — моладзь, выпускнікі творчых устаноў Мінска, Віцебска і Гродна і іншых гарадоў. Таму можна не сумнявацца: творчыя задачы, пэўная частка якіх пазначана ў першым арт-прагнозе, цалкам вырашальныя для такога вялікага мастацкага войска. Цярплівасць, паслядоўнасць, творчае самаўдасканаленне, вернае сяброўства (як засведчылі гэта філаматы сваім уласным прыкладам) абавязкова прывядуць да вялікай мэты, шлях да якой кіруецца праз пераломныя 2010-я гады.

Яўген ШУНЕЙКА