Таццяна Старчанка. Чалавек-аркестр

№ 3 (324) 01.03.2010 - 31.03.2010 г

У асяроддзі тых, хто трывала звязаны са сферай акадэмічнай музыкі (ад выканаўцаў, кампазітараў, адміністратараў да публікі), існуе цвёрдае перакананне, што філарманічныя канцэрты класічнага накірунку прадаць цяжка або немагчыма.

Што шырокая публіка такую музыку не разумее, належным чынам ацаніць не здатная. Што цана квіткоў на класіку не можа быць высокай, бо нашы небагатыя слухачы іх не купяць, а дарагімі білеты бываюць выключна на замежных зорак...

/i/content/pi/mast/29/491/28.gif
Дзейнасць «Музычнай гасцёўні», чыім мастацкім кіраўніком шмат гадоў з’яўляецца піяністка Таццяна Старчанка, пераконвае ў адваротным. А менавіта ў тым, што публіка і хоча, і цэніць, і цікавіцца, і прыходзіць. У «Музычнай гасцёўні» нашай філармоніі — заўсёды поўная зала, аншлаг і супераншлаг. Білетаў няма, у зале шэрагамі стаяць прыстаўныя крэслы...

Таццяна, напэўна, так было не заўсёды. Ці хутка вы прыйшлі да такога выніку?

— Сапраўды, апошнія пяць гадоў няма ніводнага канцэрта, каб не было аншлагу. Гэта вялікая рэдкасць... Вядома, так было не заўсёды. У Беларусь з Расіі я прыехала ў 1991-м. У Мінск трапіла, пазнаёміўшыся на гастролях у Расіі са скрыпачом Міхаілам Сямёнавічам Казінікам. Мы з ім разам выступалі, ездзілі па прасторах Савецкага Саюза.

Тут, у Мінску, я вельмі хутка выйшла замуж: пазнаёмілася са сваім будучым мужам у сакавіку, а ў ліпені было вяселле... Выходзіла за абсалютна творчага чалавека — кандыдата навук, які пісаў цудоўныя вершы, здымаў фільмы. Але на пачатку 1990-х многія навуковыя структуры перасталі існаваць. Сысці з прасторы стараславянскай мовы, палеаславістыкі няпроста. Ён сышоў у бізнес…

Але вернемся амаль на 20 гадоў назад... Памятаю, сяджу ў вялікай зале філармоніі. Снежань, здаецца, Штаркман іграў... І ўсведамляю, што ведаю сярод прысутных толькі некалькіх чалавек: мастацкага кіраўніка філармоніі Юрыя Гільдзюка, мастацтвазнаўцу Алега Ойстраха і дырыжора Віктара Дуброўскага.

Думаю, гэта нараджала адчуванне дыскамфорту...

— Калі даводзіцца асвойвацца ў незнаёмым горадзе, спачатку складана, бо ты нікога не знаеш. Але ж гэта велізарны стымул і плюс. Творчыя людзі часам скардзяцца: маўляў, ім перашкаджаюць, — няпраўда! Па вялікім рахунку, чалавек можа перашкаджаць сабе выключна сам.

/i/content/pi/mast/29/491/30.gif

Таццяна Старчанка і Ісаак Шварц.

Пачынала я толькі як піяністка. Адчувала, што магу выходзіць на любую аўдыторыю. І кантактаваць не адно з дапамогай інструмента. Прычым ведала пра тое ўжо ў кансерваторыі. Мая прафесія — гэта сур’ёзная музыка, а пра яе ніхто не можа так добра сказаць, як выканаўца. Таму што ніводны музыказнаўца, нават самы разумны і таленавіты (мо, за выключэннем Салярцінскага), не прапусціў твор праз сябе... У мяне быў досыць вялікі абанемент «Паэтычнае слова і музыка». А ягоныя тэмы — «Шапэн і Пастэрнак», «Цвятаева і музыка», «Ахматава і музыка».

Для такіх праектаў запрашалі артыстаў-чытальнікаў?

— Не, такія канцэрты рабіла адна.

Што — і Пастэрнака самі чыталі?..

— Вядома!

Аднойчы мне сказалі, што «Музычная гасцёўня» — не вельмі дасканалы праект. Бо ён трымаецца на мне. Якая б ні была праграма, я ўвесь час на сцэне, два аддзяленні. Гэты праект, з аднаго боку, цудоўны. З другога — калі мяне няма, канцэрта не будзе, бо замяніць няма кім. У штаце філарманічных калектываў, нават камерных, артыстаў шмат. У «Музычнай гасцёўні» двое — я і мой дырэктар і сябра Ала Мікалаеўна Воўк.

Такім чынам, якія складнікі мае аншлаг у акадэмічнай музыцы: імя саліста, эксклюзіўнасць праграмы, актыўнасць дырэктара калектыву, які займаецца квіткамі?

— Думаю, усё разам.

У жніўні ў малой зале я заўжды іграю сольны фартэпіянны канцэрт «На зыходзе лета». У гэтай зале 180 месцаў, а з дадатковымі — 240. Нават білеты не трэба распаўсюджваць, яны адразу разыходзяцца. Бо за летнія месяцы публіка засумавала па «жывой» музыцы. У сярэдзіне верасня мінулага года мы зрабілі новую праграму з аркестрам тэлерадыёкампаніі.

Такія праекты — ваша ініцыятыва?

— Так. У чым сакрэт поспеху? Калі б я выступала толькі як піяністка, то не пратрымалася б. Для гэтага павінна існаваць фантастычная разнастайнасць у праграмах. Бо ў філармоніі амаль няма калектываў, з якімі б я не супрацоўнічала. Сімфанічны аркестр, камерны, камерны хор, «Камерата» — з усімі імі «Музычная гасцёўня» ладзіла сумесныя праекты. Прыходжу і прапаноўваю: прыдумала ідэю і праграму. Давайце зробім разам!

Праграму «Музыканты жартуюць» мы паказваем кожны год 1 красавіка. І штораз гэтая праграма адрозніваецца ад мінулай! Восем гадоў яна прэзентавалася ў малой зале — і гэта адзін фармат. А ў вялікай трэба ўсё рабіць іначай!

Інакш кажучы, крэатыў зыходзіць ад вас. Здаецца, вам гэта ўсё-такі падабаецца...

— Па сутнасці, я — чалавек-аркестр. Хіба што чачотку на сцэне не б’ю! У «Гасцёўні» няма сталага калектыву, але ёсць кола аднадумцаў — флейтыст Яўген Віданаў, піяністка Дар’я Мароз, скрыпачка Кацярына Архіпава, віяланчэлістка Наталля Малышава, ударнік Ігар Аўдзееў.

Заўважыла, вы кантактуеце з залай нязмушана і натуральна, нібы перад вамі даўнія сябры, якіх добра ведаеце і чый настрой адчуваеце, а зусім не 200 або 800 чалавек, многія з якіх прыйшлі да вас упершыню. Адчуваеце, якая зала сёння?

— Вядома. Калі даю канцэрт «Шапэн і Пастэрнак», мне трэба чытаць і іграць. А іграю я не па нотах... Гэта дастаткова цяжкая праца.

Пераключацца з ігры на чытанне — лёгка ці складана?

— Вельмі цяжка...

Выкананне піяністычнага твора — з’ява імгненная і летуценная. Паляцелі гукі — і іх няма...

— Імкнуся запісваць самыя адметныя праграмы. Сярод набыткаў «Музычнай гасцёўні» пяць CD-дыскаў, у тым ліку з рускай музыкай, творамі Баха і Моцарта, сачыненнямі Шапэна. Адлюстраваны на дысках і ўнікальныя прэм’ерныя праграмы — «Бах у Раство» (ягоныя канцэрты для 2, 3 і 4 фартэпіяна), монаопера Мікаэла Тарывердзіева «Чаканне» ў выкананні Таццяны Траццяк.

Хацела б закрануць тэму «спявак і канцэртмайстар». У свае праграмы вы часта запрашаеце вядучых салістаў з опернай трупы, з трупы музычнага тэатра, з філармоніі. Не проста запрашаеце, а рыхтуеце з імі пэўныя нумары...

— Спявак ведае аксіёму: палова ягонага поспеху — прырода. А другая палова — гэта піяніст, які працуе з ім. Вакалісты рэдка самі штосьці вучаць. Піяніст «робіць» з імі кожны музычны сказ, бо ён чуе, што гучыць і як гучыць. Я мела магчымасць атрымліваць урокі ў лепшых педагогаў і працаваць з першымі спевакамі Расіі. Увогуле маё амплуа — рускі камерны рэпертуар. У Ніжнім Ноўгарадзе быў такі Яўген Рыгоравіч Крэсцінскі, педагог экстра-класа. Ягоная маці ўсе рамансы Рахманінава «праходзіла» з самім аўтарам. Так што неацэнныя веды я атрымлівала з першых рук. І таму дакладна ведаю, як спяваць камерныя творы кампазітара. Працавала з Галінай Аляксееўнай Пісарэнка, народнай артысткай Расіі, адной з найбольш вядомых спявачак акадэмічнага жанру. Яна — прафесар Маскоўскай кансерваторыі, усё жыццё канцэртавала разам са Святаславам Рыхтэрам і Нінай Дарліяк. І гэта творчае шчасце, калі можаш кантактаваць з асобамі такога ўзроўню.

Як у піяністкі ў мяне шмат сольных канцэртаў. І кожны раз, калі іграю сола, адчуваю сябе шчаслівай. Але вельмі люблю сумесную рэпетыцыйную працу са спевакамі. Бо кожны вакальны сказ трэба «зрабіць». Чаму цікава працаваць з опернай салісткай Таццянай Траццяк? Яна — піяністка па адукацыі, у яе галава працуе як камп’ютэр. Але такіх — мала. Таццяна Траццяк ды Таццяна Гаўрылава — і ўсё. Трэба згадаць яшчэ і салістку філармоніі Таццяну Громаву, на мой погляд, яна — адна з лепшых камерных спявачак. Пра гэта не пішуць і не кажуць, але праблема і філармоніі, і нашых музычных тэатраў у тым, што статус канцэртмайстраў не надта высокі. Яны нават не на другіх, а на трэціх ролях.

Атрымліваецца, што пры іншым падыходзе да спевака можна мець зусім іншы мастацкі вынік?

— Так. Люблю спевакоў, але калі займацца толькі імі, не застанецца часу на ўсё астатняе. Цяпер і ў нас, і ў Маскве дастаткова востра стаіць пытанне з рэжысёрамі музычнага тэатра. Мы з мужам час ад часу ездзім у Венскую оперу — і такое задавальненне атрымліваем! Менавіта ад класічнага прачытання оперных твораў — «Вяселля Фігара», «Чарадзейнай флейты». Генеральны спонсар Венскай оперы — фірма «Leksus», таму не дзіўна, што тэатр не шкадуе сродкаў на пастаноўкі.

Шмат разоў бачыла вас у філармоніі на чужых канцэртах, у оперным тэатры і ў драматычных. Такія паходы — па ўражанні або шукаеце выканаўцаў для будучых канцэртаў «Гасцёўні»?

— Надзвычай люблю тэатр — і драматычны, і музычны. Прычым з дзяцінства. У свой час ведала ўсе маскоўскія тэатры і маскоўскіх акцёраў. Потым піцерскіх... Уражанні нараджаюць адпаведныя ідэі. Памятаю, у свой час проста агаломшыла Віктара Манаева, калі прапанавала сумесны праект. Цяпер сябруем.

Віртуознейшы артыст, на мяжы геніяльнасці...

— У сваім амплуа ён узрушае. Надзвычай падабаецца Сяргей Журавель. Зачароўвае Святлана Сухавей. Першы спектакль, які ўбачыла, прыехаўшы ў Беларусь, — «Ідзем глядзець “Чапаева”» з яе ўдзелам. І была ў захапленні... Сумесны праект са Святланай пакуль не рэалізаваны. Але цыкл канцэртаў «Зоркі беларускага тэатра ў філармоніі», спадзяюся, зраблю.

Творчыя людзі з радасцю адгукаюцца на прапановы і ідэі, але часта пры ўмове, што хтосьці іншы ўсё прадумаў і арганізаваў. Тады, маўляў, і я з задавальненнем паўдзельнічаю... Увогуле чалавек не ведае, што ў ім схавана...

— А я яму расказваю... Новы праект мы рыхтуем з драматычным артыстам Аляксандрам Кашперавым. Сярод тых, каго запрашаю, ёсць свайго кшталту «пастаянны склад». І я разумею, чаму яны адгукаюцца на запрашэнні. Акрамя таго, што ўсе таленавітыя, жывыя, яны яшчэ і сапраўдныя — па сваіх чалавечых якасцях.

Дзякуючы вашай ініцыятыве ў 2008-м у філармоніі прайшла вечарына, на якой гучалі і вядомыя, і малавядомыя сачыненні Ісаака Шварца...

— Гэта асобная гісторыя. Ягоную музыку вельмі люблю. Ведала кампазітара асабіста. Наша сустрэча адбылася яшчэ ў 2000-м. Ён жыў недалёка ад Піцера, на станцыі Сіверская. Справа ў тым, што многія вядомыя яго творы не выдаваліся, а мне патрэбны былі ноты... У мінскую праграму ўвайшлі канцэрт для аркестра «Жоўтыя зоркі» і музыка са знакамітага фільма «Мелодыя белай ночы».

Згодна, ягоныя мелодыі сапраўды незвычайныя, адна за другую лепшыя. Дастаткова згадаць фільм «Зорка чароўнага шчасця»...

— А «Станцыйны наглядчык»?.. Шкада, што часам музыку Шварца лічаць музыкай Булата Акуджавы. Аднойчы ў рукі трапіўся дыск Акуджавы. Дваццаць песень, у васьмі з іх — музыка Шварца... Здараецца, слухачы думаюць, што музыку рамансаў, якія гучаць у «Белым сонцы пустыні», напісаў Акуджава. На самай справе яна належыць Шварцу. Калі я прыехала да кампазітара, паміж намі ўзніклі вельмі цёплыя, душэўныя стасункі. Шварц — адзін з лепшых кампазітараў ХХ стагоддзя.

Сольнае выступленне — гэта заўжды хваляванне, эмацыйнае напружанне, выплеск энергіі. Заканамернае пытанне: дзе і як вы знаходзіце сілы? Як аднаўляецеся пасля канцэртаў?

— Нельга ўвесь час жыць на сонечным баку жыцця. Нармальна, калі трапляеш і на ценявы. Гэта не самае страшнае... Мы з мужам заўжды шмат і з цікавасцю падарожнічалі. Новая краіна, няхай яе бачыш усяго 2-3 дні, выдатна ўзнімае тонус. Наогул для творчага чалавека новыя ўражанні і іх яркасць — самае важнае. І зусім не абавязкова некуды ехаць (хоць сама я была шмат дзе, нават у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, у В’етнаме). Таленавіты, адметны спектакль, які паглядзіш у Беларусі, — таксама натхняе.

Аднаўляцца дапамагаюць фітнес, спорт... Увогуле я — чалавек спартыўны. Гэта ў мяне сямейнае. Бацька быў валейбалістам, трэнерам і суддзёй міжнароднай катэгорыі, а мама — баскетбалісткай, трэнерам і дырэктарам спартыўнай школы. Калі мы з мужам пазнаёміліся, ён быў сцэнарыстам, а я — піяністкай. Муж выдатна іграе ў валейбол. І ў тэніс... Калі б ён не іграў, мы, магчыма, і не знайшлі б адно аднаго.

Дарэчы, пра валейбол... У мінулым годзе ў Міністэрстве культуры ладзілася спартакіяда. У складзе валейбольнай каманды філармоніі аказаліся пяцёра мужчын не-артыстаў (у тым ліку генеральны дырэктар Аляксандр Валянцінавіч Гарбар) і адна жанчына — я. Удумайцеся: з трох тысяч выканаўцаў, якія працуюць у філармоніі! Мы тады выйгралі...

Па-мойму, гэта працяг вашага музычнага цыкла «Музыканты жартуюць»... Мне здаецца, што ў вас усё атрымліваецца само па сабе — лёгка, проста, без аніякіх пакут і сумненняў... Вы заўсёды бадзёрая, у добрым настроі, цудоўна выглядаеце...

— Так, хаджу па філармоніі з усмешкай. Імкнуся падтрымліваць такі імідж. Калі ў музыканта праблемы, дык, лічу, на сцэну не трэба выходзіць.

Сапраўды, публіка чакае найперш пазітыўных эмоцый...

— Але кожную праграму мне трэба вучыць. Гэта велізарны аб’ём! Па Беларусі і Расіі езджу толькі з сольнымі канцэртамі. Па нашай краіне рэальна ездзіць з невялікімі калектывамі — напрыклад, «Класік-джаз-трыо» прапануе класіку, канцэрты Баха ў джазавай транскрыпцыі. Сама «будую» ўласныя канцэрты, бо праблема рэжысуры падчас рэалізацыі класічных праграм таксама вялікая. Два аддзяленні іграю — сола, са спевакамі, інструменталістамі, вяду канцэрт...

Вернемся да пытання, з якога пачалася размова. Пра аншлаг...

— Перапоўненая вялікая зала — гэта вынік. На афішы можа быць пазначана шмат розных званняў, але калі на твае канцэрты публіка не хоча хадзіць, яны мала значаць. Ва ўсім свеце рэгаліі перасталі быць актуальнымі.

Каб зала была заўсёды поўнай, неабходны давер публікі. Глядач мусіць быць перакананы: тое, што ты робіш, абавязкова акажацца цікавым. Ці тое новая праграма, ці прэм’ера твора. Колькі прэм’ер адбылося за той час, пакуль існуе «Музычная гасцёўня»! Я запрашала і прывозіла ў Мінск многіх музыкантаў. Увесь час павінна гучаць нешта свежае, нечаканае. Іншым разам пужаюся і думаю: а раптам перастану прыдумваць штосьці арыгінальнае? Але пакуль ведаю, што ў «Музычнай гасцёўні» будзе да канца 2010-га. Ведаю, што запланавана на 2011 год, якім будзе кожны канцэрт... Аншлаг — гэта давер. І ён дорага каштуе!

Таццяна мушынская