Водар экзатычных раслін

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

Прыгожы краявід, каваная брама, навокал экзатычныя расліны — ажно не бачна сядзібнага дома! Але менавіта да яго вядуць гэтыя шырокія прысады, па якіх шпацыруюць гаспадары. Іхнія прозвішчы згубіліся ў прасторы часу, не дайшла да нас і назва мясцовасці, дзе зроблена фатаграфія. Магчыма, гэта адна са шматлікіх сядзіб Міншчыны, тая ж Ганута ці Бабоўня.

На другім плане здымка з высокай гары ўзносяцца ў неба ўзорыстыя касцельныя вежы, ніжэй размясціўся двухпавярховы будынак.

Фатаграфія нагадвае пра тыя часы, калі на нашай зямлі жылі шматлікія шляхецкія роды, будавалі шыкоўныя палацы, высаджвалі паркі, збіралі гістарычныя калекцыі і бібліятэкі. Гэты своеасаблівы свет арыстакратычнай сядзібы фарміраваўся на нашых землях пачынаючы з далёкага ХV стагоддзя і значна ўплываў на культурнае развіццё краіны. Сёння ўсе ведаюць пра славутыя роды Радзівілаў, Сапег, Тышкевічаў, Храптовічаў, Чапскіх і пра іх не менш славутыя маёнткі ў Нясвіжы, Пружанах, Лагойску, Вішневе, Станькаве. Але нават і не такія вялікія родавыя гнёзды былі асяродкамі, дзе нараджаліся мастацкія шэдэўры, рабіліся навуковыя адкрыцці, пісаліся літаратурныя творы.

Гэты фотаздымак пабачыў свет у 1880-х гадах у мінскім фатаграфічным атэлье Вінцэнта Барэці (1859 — 1932). Шляхціц паводле паходжання, вялікі аматар мастацтва, музыкі і літаратуры, ён, як ніхто іншы, мог перадаць у фотаздымку адчуванне ладу жыцця тагачасных маёнткаў. Бо і сам выхоўваўся ў гарадской сядзібе, якую пабудаваў паводле ўласнага праекта яго бацька — варшаўскі архітэктар Язэп Антоні Барэці. Мастацтву фатаграфіі Вінцэнт навучаўся ў свайго дзядзькі, славутага варшаўскага фатографа Тэафіла Язэпа Барэці.

Першыя згадкі пра гэтую фотамайстэрню ў Мінску адносяцца да 1881 года. Яна перайшла да Барэці ад ранейшай уладальніцы Марыі Бржэскай. Усё абсталяванне атэлье сведчыла пра строгі густ і культуру гаспадара, маніфеставала яго погляды і зацікаўленні. У прыёмнай, дзе афармляліся замовы і звычайна чакалі заказчыкі, — гіпсавая скульптура Адама Міцкевіча, на сценах — фатаграфіі, большасць з якіх партрэты. У прыгожых белых з золатам паспарту, у авальных ці квадратных пакрытых чорным лакам рамках.

Вінцэнт Барэці быў не толькі майстрам партрэтнай фатаграфіі. Адным з яго ўлюбёных жанраў з’яўляўся пейзаж: Барэці здымаў гарадскія віды, выязджаў па замовах дваран у навакольныя сядзібы. Яго пейзажы — ідылічныя, яны нагадваюць старыя габелены. З бездакорным адчуваннем кампазіцыі: прастору кадра гарманічна дзеляць між сабой расліны, неба, будынкі, людзі. Нездарма на выставе ў Маскве ў 1882 годзе Барэці атрымаў за свае фатаграфіі залаты медаль.

Фотамайстэрня Вінцэнта Барэці праіснавала ў Мінску 9 гадоў. Затым, у 1890 годзе, яе ўзначаліў Язэп Барэці — брат Вінцэнта. Апошні жа з сям’ёй з’ехаў у Каліш і адкрыў там уласную «Варшаўскую фатаграфію». У 1898 годзе мінскае фотаатэлье Барэці па прычыне пажару было зачынена.

Нягледзячы на непрацягласць свайго знаходжання ў Мінску, Вінцэнт Барэці пакінуў адметны след у гісторыі беларускай фатаграфіі — і не толькі тым, што быў таленавітым фотамайстрам. Яму давялося стаць першым настаўнікам славутага фатографа-партрэтыста Майсея Напельбаўма.

Надзея Саўчанка