Ад «Белдзяржкіно» да «Беларусьфільма»

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

Гэты будынак з адметнымі архітэктурнымі аздабленнямі ў Санкт-Пецярбургу (былым Ленінградзе) больш за дзесяць гадоў быў працоўным месцам беларускіх кінематаграфістаў. Так склалася гістарычна, што калыска рэвалюцыі, здзейсненай бальшавікамі ў кастрычніку 1917 года, зрабілася і калыскай нашага нацыянальнага кінамастацтва.«Роды» пачаліся ў часы нэпа (новай эканамічнай палітыкі) пасля таго, як была створана арганізацыйна-кіруючая інстанцыя «Белдзяржкіно» (снежань 1924 года).

Набярэжная канала Грыбаедава, 90. З сярэдзіны 1927 года ў дом па гэтым адрасе пачалі ўваходзіць людзі з паўнамоцтвамі культуртрэгераў, рабочыя розных кваліфікацый, а потым і спецыялісты з кінатэхнікай. У той час архітэктурная біяграфія будынка налічвала некалькі дзесяцігоддзяў (ён — равеснік мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены, пабудаванага ў 1905 — 1907 гадах; адразу пасля вайны якраз у касцёле размясцілі беларускую кінастудыю). Спачатку асабняк прызначаўся для Афіцэрскага дваранскага сходу Пецярбурга. У 1910 — 1915-х тут асталяваўся тэатр «Крывое люстэрка». Як выкарыстоўваўся будынак на працягу наступных некалькіх гадоў, невядома. З 1920 года ў ім пачаў функцыянаваць Тэатр палітупраўлення Балтыйскага флоту. Праз нейкі час яго выселілі, і з канца 1920-х да 1938-га тут панавала кінавытворчасць пад беларускай маркай.

Калі адчыніце пудовыя дзверы ў альма-матэр белдзяржкіноўцаў (так яны сябе называлі), дык адразу трапіце на шырокую мармуровую лесвіцу. Толькі яна і засталася сведкай тых гадоў. (Ды, можа, яшчэ вузкія свяцільні каля столі.) Лесвіца ў кіно — вобраз руху наверх, да ўлады або кар’еры. І сапраўды: праца над стужкамі пад эгідай «Белдзяржкіно» зрабілася для шэрагу савецкіх рэжысёраў першай ступенню да кінематаграфічнага Алімпа.

У гэтую кінапрастору прынёс уласную культуру і кінематаграфічны досвед Юрый Віктаравіч Тарыч, якога запрасілі з Масквы на пастаноўку першай беларускай фільмы (тады гэтае слова ўжывалася ў жаночым родзе) «Лясная быль». Тут рос рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін, які здымаўся ў стужках Тарыча ў якасці акцёра, а потым асісціраваў яму.

/i/content/pi/mast/28/479/53.gif
/i/content/pi/mast/28/479/53-.gif
Лясная быль.
Дакументы і ўспаміны дзеячаў культуры пра пачатак і станаўленне беларускага кіно ў той перыяд сведчаць: рухацца давялося ўхабістым шляхам. Пункт №4 Пастановы Саўнаркама БССР «Аб рэгуляванні кінасправы БССР» дазваляў «Белдзяржкіно» рэарганізавацца ў таварыства на паях з прыцягненнем як дзяржаўных, так і прыватных сродкаў. А адкуль іх узяць? Першапачатковы капітал складаў усяго 38 тысяч савецкіх рублёў, а поле, на якое выйшла «Белдзяржкіно», ужо налічвала нямала канкурэнтаў. Давялося ўступаць у спрэчкі і канфліктаваць з рознымі расійскімі кінаўстановамі, каб адваяваць права на закупку за мяжой кінаплёнкі і апаратуры, а таксама каб манапалізаваць кінапракат на тэрыторыі Беларусі і рэалізаваць як фінансава-гаспадарчыя, так і ідэалагічна-асветніцкія мэты.

Адна з іх не страціла актуальнасці да сённяшняга часу — гаворка ідзе пра беларусізацыю кіно. Ужо праз паўгода, летам 1925-га, загадчык «Белдзяржкіно» Абрам Галкін пісаў у дакладной у партыйныя інстанцыі Мінска, што «да набытых стужак савецкай вытворчасці рыхтуюцца надпісы на беларускай мове». Выкарыстанне нацыянальнага «ферменту» разам з умелымі арганізацыйнымі захадамі прынесла свой плён. Гераічна-прыгодніцкія стужкі «Лясная быль» Юрыя Тарыча і пісьменніка Міхася Чарота (1926), «Хвоі гамоняць» Леаніда Малчанава і Анатоля Вольнага (1929) — аб «мужыцкай вайне» ў лясах і маёнтках супраць польскіх «гаспадароў жыцця» — апраўдалі сябе і ў камерцыйным плане, і ў прапагандысцкім. Глядач прагнуў тэм і герояў з блізкага яму жыцця, таму масава і з удзячнасцю на іх адгукнуўся.

Вядома, намераў у справе беларусізацыі кіно было больш, чым здзяйсненняў. І тут варта працытаваць разважанні расійскага гісторыка кіно Валерыя Фаміна. У артыкуле «Беларускія хронікі» (часопіс «Кинофорум», № 3 за 2004 год) ён піша: «У шэрагу ўсіх іншых савецкіх рэспубліканскіх кінематаграфій, біяграфіі якіх, бадай, усе без выключэння маюць глыбокія шрамы і лёсавыя адзнакі, гісторыя беларускага кіно выглядае, на маю думку, неяк ужо асабліва нязграбна і драматычна. Яна вельмі нагадвае гісторыю казачнай Папялушкі, але, на жаль, без шчаслівага канца (...) Некаторая дапамога і падтрымка ад старэйшага кінабрата, канешне, мела месца. Але складаецца ўражанне, што фабрыка “Белдзяржкіно”, якая базіравалася ў Ленінградзе, у першую чаргу зрабілася кадравым адстойнікам “Ленфільма”. Усе, каму не хапіла месца ў ленфільмаўскіх кабінетах і павільёнах, рушылі на нованароджаную, быццам бы беларускую, студыю. Вядома, сярод гэтага кадравага корпуса трапляліся людзі і небясталентныя. Дастаткова сказаць, што тут адзначыліся Марк Данской, Іван Пыр’еў, Рыгор Рашаль. Але ўсё ж асноўнае кадравае ядро склаў народзец хутчэй амбіцыйны і пранырлівы, чым па-сапраўднаму таленавіты, кампетэнтны і працавіты. І самае галоўнае — ніякім чынам не звязаны з самой Беларуссю, з яе гісторыяй, народам, зямлёю...»

Такіх рэзкіх ацэнак беларускае кіназнаўства асцерагалася. Мо таму, што даследавала і параўноўвала больш фактаў, падзей, асоб з ленінградскага перыяду беларускага кіно і мела больш шырокі погляд на кінапрацэс згаданага часу. Ды і на якіх шалях узважыць неаднолькавыя па змесце тэндэнцыі — аддаленне ад нацыянальнай глебы і пазітыўны ўплыў рускай культуры на беларускае кіно ў 1930-я гады (напрыклад, больш-менш удалыя працы: фільм «Паручнік Кіжэ» па ўласным сцэнарыі Юрыя Тынянава, пасля якога і з’явілася апавяданне «Падпаручнік Кіжэ», экранізацыі чэхаўскіх твораў «Мянтуз», «Маска», «Мядзведзь», «Чалавек у футляры»)?

Калі разважаць пра кадравы фактар, дык беларусізацыю кіно падкасіла перш за ўсё сталінская рэпрэсіўная палітыка. Яе ахвярамі зрабіліся «маладнякоўцы» Міхась Чарот і Анатоль Вольны, кансультант «Белдзяржкіно» драматург Язэп Дыла. Былі арыштаваны і выкінуты з кіно пісьменнікі Рыгор Кобец і Андрэй Александровіч.

Вось некаторыя пункты рассакрэчанага пісьма, дасланага кіраўніком «Белдзяржкіно» Конікам начальніку Галоўнага ўпраўлення кінапрамысловасці СССР Барысу Шумяцкаму ў жніўні 1937 года:

«п. 2. “Возвращение Нейтана Беккера” — в картине надпись с упоминанием врага народа — Беервольда (звукооператор)...

п. 4. “Сосны шумят” (сценарий врага народа — Вольного). Разгром партизанского движения. Поскольку фильм представляет собой интерес с точки зрения показа борьбы партизан и Красной Армии с белополяками, нами принимаются меры к его исправлению...

п.6. “Лесная быль” (сценарий врага народа — Чарота). Ввиду показа в картине врагов народа (Червякова, Кнорина, Адамовича), картина запрещена. Поскольку фильм представляет собой интерес с точки зрения показа борьбы партизан и Красной Армии с белополяками, нами принимаются меры к его исправлению».

/i/content/pi/mast/28/479/54.gif

«Двойчы народжаны». Кадры з фільма.

Адна з лепшых на той час стужак, «Двойчы народжаны» з Уладзімірам Крыловічам у ролі конюха Рыгора Лапуха (1933, рэжысёр Эдуард Аршанскі, сцэнарый Рыгора Кобеца), была запатрабавана ў Мінск. Ва ўсіх копіях стужкі замянілі 5-ую частку і надрукавалі па-новаму, бо ў негатыве затушавалі партрэт «ворага народа», старшыні ЦВК БССР Аляксандра Чарвякова. (Дакументы адшуканы і апублікаваны Валерыем Фаміным у расійскай прэсе.) Тую або іншую экзекуцыю зведалі многія стужкі, зробленыя ад пачатку беларускай кінавытворчасці. Кінаінквізіцыя карысталася ўласнаручна выпрацаваным абвінаваўчым кодэксам, дзе значыліся «фармалізм», «паклёп на Савецкую ўладу», «палітычная шкода», «контррэвалюцыйны» паказ той або іншай падзеі і яшчэ з дзесятак «злачынстваў» — кляймо ганьбы мела мноства варыянтаў.

Яшчэ большую працу па «кастрацыі» кіраўнікам «Белдзяржкіно» давялося зрабіць у кінахроніцы і дакументалістыцы: па кожнай стужцы прайшліся знішчальныя нажніцы. Так што не толькі творчы і арганізацыйны неспакой, не толькі масавы поспех шэрагу фільмаў спадарожнічаў беларускім і рускім кінадзеячам у Ленінградзе. Выкрывальныя сходы, дзе кляймілі «ворагаў народа», чаканне арыштаў, змыванне негатываў, страх і адчай — гэта таксама гісторыя беларускага кінематографа...

...У будынак на набярэжнай канала Грыбаедава — ужо ў Санкт-Пецярбургу — я трапіла пятнаццаць гадоў таму. Там гаспадарылі праекціроўшчыкі і канструктары марскіх суднаў. Начальнік канструктарскага бюро дазволіў агледзець інтэр’еры, але з суправаджэннем (установа была закрытай). Зразумела, усё перабудавалі, зрабілі перагародкі, прыстасавалі для патрэб гаспадароў. Неабдымную калісьці прастору на першым паверсе падзялілі на музей Цэнтральнага канструктарскага бюро і залу для масавых мерапрыемстваў. Маштабны павільён на другім паверсе размежаваны на ячэйкі-пакоі для працы вучоных і інжынераў. У былых мантажных — падсобныя службы. І — не кранутая перабудовай лесвіца, якую не маглі не выкарыстаць «кіношнікі». Яна прысутнічае ў фільме «Паручнік Кіжэ» — па парэнчах па-цыркавому спрытна з’язджаў Эраст Гарын, які выконваў ролю ад’ютанта цара Паўла I.

Адзін з піянераў кіно таго часу, Пётр Шамшур, рэпрэсаваны ў 1938-м і рэабілітаваны у 1956-м, пакінуў некалькі жанравых замалёвак таго, што адбывалася ў гэтым будынку: «...Шумна і дымна ў вестыбюлі. Тут сцэнарысты Анатоль Вольны і Рыгор Кобец любілі памацаць на слых наноў прыдуманую сцэну будучага фільма. Тут смяяліся да слёз, калі акцёр Веніямін Зускін, што прыязджаў з Масквы на здымкі карціны “Шукальнікі шчасця”, ператвараўся ў местачковага няўдачніка Піню Копмана, які выпадкова трапіў у вялікі горад, ды яшчэ на нейкую фабрыку кіно. Тут, ля ўвахода, распачыналі “гімнастыку розуму”, апавядаючы розныя забаўныя гісторыі, пікіруючыся вострымі жартамі, два сябры, два балтыйскія маракі — драматургі Усевалад Вішнеўскі і Іаган Зэльцэр. Калі-нікалі, быццам накрыўка ў кіпучым катле, расчыняліся насцеж шырокія дзверы, і на набярэжную канала вывальвалася група “кіношнікаў” — размяцца, паглядзець на неба, падыхаць свежым паветрам...»

У лістападзе 2009 года па гэтым адрасе ўсё было іншым. Цяпер тут размясцілі ўстановы ўрада Санкт-Пецярбурга, пра што сведчыць расійскі флаг на другім паверсе паміж скульптурамі, падобнымі на сатыра і німфу. Даўніна знікла. І толькі цэлулоідныя стужкі, якія ляжаць у фондах Музея гісторыі беларускага кіно, захавалі водар тых гадоў...

Ала Бабкова

 

 

 

ПАДЗЕІ. ФАКТЫ. ПЕРСОНЫ

Першы гукавы фільм у беларускім кіно з’явіўся ў 1932 годзе — «Першы ўзвод» (другая назва — «Заходні фронт»), які паставіў рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін па сцэнарыі Барыса Брадзянскага. У фільме зроблена даволі ўдалая для тых гадоў спроба ўвасобіць у кінавобразах лозунг бальшавікоў аб перарастанні вайны імперыялістычнай у грамадзянскую. З вядомых выканаўцаў тут здымаліся Фёдар Нікіцін і Андрэй Катрычкін. Артыст Барыс Бабачкін яшчэ ў «дачапаеўскі» перыяд сыграў рускага пралетарыя, салдата Макара Бобрыка. Адзначыліся ў стужцы і такія папулярныя пазней артысты, як Леанід Кміт, Міхаіл Цароў, Алег Жакаў, Аркадзь Райкін. Музыку напісаў Ісаак Дунаеўскі, імя якога з’явіцца ў цітрах беларускіх фільмаў яшчэ восем разоў.

Першы дакументальны фільм «У здаровым целе — здаровы дух» (заказаў яго Бабруйскі акружны камітэт камсамола) і першую навукова-папулярную стужку «Меліярацыя БССР» зрабіў рэжысёр-аператар Міхаіл Лявонцьеў у 1925 годзе. Тады яны называліся культурфільмамі і мелі асветніцкія мэты. Дарэчы, Міхаіл Лявонцьеў разам з асістэнтам у 1926 годзе заснаваў у Мінску вытворчую лабараторыю, якая размяшчалася на вуліцы Энгельса ў памяшканні былой фарбавальнай майстэрні.

Спроба стварыць на «Белдзяржкіно» першы дзіцячы фільм зроблена ў 1932 годзе («Адбітак часу», рэжысёр Георгій Кроль). Аднак яго агітацыйная ідэя (пазнаёміць
самых маленькіх грамадзян з праграмай Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву СССР) была маладаступнай для заяўленага ўзросту, а астатнім — нецікавая. Толькі праз некалькі гадоў, у 1934-м, прапагандысцкія і асветніцкія мэты больш удала рэалізаваліся ў стужцы «Палескія рабінзоны» (паводле аднайменнай аповесці Янкі Маўра). Сцэнарый належаў аўтару літаратурнай крыніцы, рэжысёры — Іосіф Бахар, Леанід Малчанаў. Фільм захаваўся не цалкам, у ім адсутнічаюць заключныя 5-ая і 6-ая часткі.

Першыя анімацыйныя фільмы з’явіліся яшчэ на «Белдзяржкіно» — рэвалюцыйны мульціплакат «Кастрычнік і буржуазны свет» (1927) і асветніцкая стужка для дзяцей «Бунт зубоў» (1928). Потым быў вялікі перапынак. Беларуская анімацыя адрадзілася на пачатку 1970-х гадоў. Першымі называюць маляваную стужку «Два погляды на адно і тое ж» рэжысёраў Уладзіміра Голікава і Марты Лубянікавай і лялечнага «Нязнайку» Уладзіміра Голікава.

Вышэйшай узнагародай у СССР у галіне мастацтва з’яўлялася Сталінская прэмія трох ступеняў, якая пазней атрымала статус Дзяржаўнай прэміі СССР; потым самай прэстыжнай узнагародай сталася Ленінская прэмія. Лаўрэатаў Ленінскай прэміі сярод беларускіх кінематаграфістаў няма. Першымі лаўрэатамі Сталінскай прэміі ў 1950 годзе былі стваральнікі героіка-патрыятычнай стужкі «Канстанцін Заслонаў» — рэжысёры Уладзімір Корш-Саблін, Аляксандр Файнцымер, артысты Уладзімір Дружнікаў, Аляксандр Хвыля, Уладзімір Дарафееў, Уладзімір Салаўёў, Генадзь Мічурын.

У даваенны час па-за межамі СССР беларускае кіно ўшанавана толькі Ганаровым дыпломам Міжнароднай выставы ў Парыжы (1937). Яго атрымаў дзіцячы музычны фільм «Канцэрт Бетховена», пастаўлены Уладзімірам Шмітгофам і Міхаілам Гаўронскім. Ролі выконвалі вядомы артыст Уладзімір Гардзін (прафесар музыкі Малевіч) і будучы шахматны гросмайстар Марк Тайманаў (хлопчык Янка).