У апошнім свяце бралі ўдзел калектывы з Германіі, Францыі, Кітая, Італіі, Перу, краін СНД і Балтыі. У праграму леташняга, дзевятага па ліку фестывалю, што прайшоў на сцэне «Тэатра Месяца», упершыню быў уключаны конкурс тэатраў сучаснай харэаграфіі і пластычнай драмы. Таксама ўпершыню за гісторыю фэсту ў ім прынялі ўдзел беларусы. Сімптаматычна, што ў якасці дэбютанта аргкамітэтам быў абраны Тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I» (Мінск), які паступова набывае вядомасць за межамі нашай краіны.
Этна-ракурс
«Азімут». Харэограф Лілія Севасцьянава. Тэатр руху «Лік» (Ташкент, Узбекістан).
Міжнародныя межы фестывалю аказаліся надзіва блізкімі і амаль што сваімі, бо яго ўдзельнікамі сталі калектывы з краін постсавецкай прасторы — Расіі, Беларусі, Узбекістана. Большасць з іх добра вядомыя прыхільнікам Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC): танцавальная кампанія «Акаём» Аляксандра Гурвіча (Екацярынбург), Тэатр танца «Скрым» Эльвіры Пярвовай (Самара), камерны балет «Пантэра» Наіля Ібрагімава (Казань), Тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі Ірыны Афонінай (Масква) і інш.
Актуальнасць і аўтэнтычнасць — так можна акрэсліць канцэпцыю фэсту. Першае — гэта «тут і цяпер», гарызантальны вектар сучаснасці, другое ж — позірк углыбіню, спасціжэнне каранёў. Арганізатары форуму, прадзюсерскі цэнтр «Згода» Анжэлы Голубевай, робяць асноўны акцэнт менавіта на актуальнасці традыцыйнай культуры. І сведчанне таму — конкурс «Этніка», які штогод праводзіцца ў межах праекта, з’яўляецца яго галоўнай падзеяй і «звышзадачай».
Што ёсць фольк сёння, і што можа быць крытэрыямі этнічнай «самасці» ў наш глабалісцкі постпостмадэрнісцкі час? Як у танцы праяўляецца аўтэнтычна-сапраўднае, спрадвечнае, а не яго прафанны, «кірмашовы» варыянт? І што лічыць за нацыянальнае? Балет з вялікай колькасцю народных танцаў? Спектакль з нацыянальным сюжэтам і адпаведным музычна-сцэнічным антуражам?..
Арганізатары фэсту інтэрпрэтуюць гэтыя тэмы для роздуму з пункту гледжання чалавека XXI стагоддзя. «Этнічны пачатак у культуры — тэма вечная і невычэрпная, — гаворыць Анжэла Голубева, арт-дырэктар і прэзідэнт фестывалю. — У адрозненне ад многіх фальклорных фестываляў, этніка для арганізатараў праекта “Чатыры элементы” — не музей і не цудоўная архаіка. Гэта наша сучаснасць і будучыня. Сінтэз мастацтваў, атмасфера эксперымента, дыялог з сённяшнім гледачом — вось тыя прынцыпы, якіх прытрымліваецца наш фестываль. Для ўдзелу ў конкурсе не абавязкова будаваць спектакль цалкам на фальклоры ці этнічнай музыцы. Нам цікавая розная работа з этнікай — ад хвілінных украпванняў да маштабных двухгадзінных спектакляў. Абмежаванняў няма ні па форме, ні па змесце».
Такое стаўленне рэзануе з тэндэнцыямі ў сучасным мастацтве. Пры існуючым плюралізме інтарэсаў творца можа абраць любое рашэнне. Галоўнае — каб выбар быў асэнсаваны, а вынік меў мастацкую арганічнасць. І сучасная харэаграфія (або так званы contemporary dance) з яе татальнай полістылістыкай, пазбяганнем якіх бы то ні было канонаў і стэрэатыпаў — яскравы доказ гэтага.
Не магу тут не згадаць заўчасна памерлага Яўгена Панфілава, першапраходца ў расійскім contemporary dance. Ягоныя пастаноўкі, нягледзячы на адсутнасць дэманстратыўнага патрыятызму і прыёмаў з тэзаўруса народна-сцэнічнага мастацтва, былі няўлоўна рускімі па сваім вобразна-філасофскім напаўненні, паэтыцы. Неаднаразова падчас прагляду балетаў Панфілава «Бабы. Год 1945», «Восем рускіх песень», «Рака» лавіла сябе на думцы, што менавіта тут, у Расіі, падобныя вобразы і могуць нарадзіцца. Трапнае тлумачэнне гэтай асаблівасці даў сам харэограф у адным з інтэрв’ю: «Мне здаецца, што ўва мне вельмі глыбока спіць рускі чалавек... Але як выразіць рускі дух? Не пераскокамі “à la russe” ці фольк-дансавымі рытмамі. Хочацца знайсці знакавасць, архетып, адчуванне таго, што гэта магчыма толькі ў Расіі і больш нідзе...»
Самаідэнтыфікацыя — праз цела
Калі ўлічыць этнічную скіраванасць фестывалю, дык конкурс тэатраў contemporary dance і пластычнай драмы — новаўвядзенне заканамернае. Бо, па-першае, сучасны танцтэатр вельмі пільна ставіцца да архаікі, да каранёвых, фальклорна-рытуальных вытокаў. У дыялоге з мінулым харэографы імкнуцца знайсці кропкі апоры сярод шалёнай інфармацыйнай плыні нашага часу, каб дакрануцца да спрадвечнага, існага, сапраўднага ў зменлівым свеце моды і герояў на гадзіну. Гэтая тэндэнцыя назіраецца паўсюдна: да этнаматываў і філасофіі краін Усходу звяртаўся ў сваёй творчасці легендарны Марыс Бежар; іспанскі нацыянальны архетып вабіць Нача Дуата, аднаго з цікавых балетмайстраў сучаснасці; традыцыі Пекінскай оперы, прыёмы ўсходніх адзінаборстваў, медытацыі сінтэзуе з тэхнікай мадэрн-танца ў сваіх спектаклях сусветна вядомы Лі Хвай-Мін; узаемапранікненне аўтэнтыкі і вострасучаснай экспрэсіі характэрна для японскага танца буто. У расійскім данстэатры гэты працэс нярэдка набывае драматычную афарбоўку, становіцца спробай узнавіць перарваную сувязь часоў, формай мастацкага самавызначэння і самадаследавання славянскай душы ў постсавецкую, посттаталітарную эпоху. Нярэдка самадаследавання жорсткага і бескампраміснага, як, да прыкладу, у спектаклях Таццяны Баганавай і Вольгі Поны.
У пошуках уласнай самаідэнтыфікацыі маладыя харэографы ўсё часцей звяртаюцца да так званай памяці цела, яе ўзнаўлення праз аўтэнтычны жэст. Такой пазіцыі прытрымліваецца Генадзь Абрамаў, вядомы маскоўскі рэжысёр і харэограф, стваральнік «Класа экспрэсіўнай пластыкі»: «У нашым целе генетычна закладзена ўся гісторыя папярэдніх пакаленняў, пачынаючы з навыкаў і звычак жывёл, — гаворыць ён. — Калі вы спрабуеце танцаваць, то трэба зразумець, што цела ўмее ўсё, але многае забыта і схавана ўнутры. Таму набліжэнне да архаікі першачалавека — гэта адначасова і шлях да сябе». І аўтэнтыка ў гэтым сэнсе становіцца своеасаблівай ніццю Арыядны, што дазваляе ўсвядоміць свет у сабе і сябе ў свеце.
Pro et contra
«Плач». Харэограф Наіль Ібрагімаў. Камерны балет «Пантэра» (Казань, Расія).
Нягледзячы на рознасць падыходаў і ступені далучанасці да фольку, конкурсныя работы аб’ядноўваў агульны вобразны настрой — кшталту «плач душы і сэрца боль». Змрочны свет жорсткай бойні і крывавых разборак у духу чорнай прозы паказаў Аляксандр Гурвіч у спектаклі «Вальгала». Скандынаўская міфалогія тлумачыць гэты тэрмін як нябесны прытулак для воінаў, што загінулі гераічнай смерцю. У трактоўцы харэографа прытулак хутчэй нагадваў турму, пякельную прастору, жыхары якой паводзілі сябе зусім не па-геройску.
Маўклівым крыкам прагучала мініяцюра «Плач» Наіля Ібрагімава. Болем непаразумення, якое адчайна імкнуліся пераадолець тры сяброўкі, быў прасякнуты яго ж спектакль «Трохкроп’е».
Безумоўна, змрочнасць тэматыкі не адмаўляе арыгінальнасці пастановачнага рашэння. Уменне мысліць экспрэсіяй руху, выразнасцю позы, памножанае на рэжысёрскую дакладнасць і метафарычнасць мізансцэн, вылучала згаданую работу Гурвіча, адзначаную спецпрэміяй журы як лепшы спектакль contemporary dance. Філасафічнасць канцэпцыі, нацыянальная аснова вобразнасці, аскетызм і сімвалічная шматзначнасць сцэнічных прыёмаў заўсёды заўважныя ў работах Ібрагімава (лаўрэат у намінацыі «Лепшая драматургія спектакля. Акцёрскі ансамбль», спецпрэмія «За прафесіяналізм і нестандартнасць мастацкага мыслення»). Аднак чаргаванне плачу, крыкаў у рэжыме non-stop рабіла розныя кампазіцыі адной бясконцай песняй.
Вядома, дэпрэсіўнасць, зварот да паталагічна-паранаідальных праяў чалавечага жыцця былі заўсёды ўласцівы сучаснаму танцу, які з першых дзён існавання радыкальна абвяргаў цудоўныя ідэалы класічнага балета. Аднак у наш час культываванне сумнага і трагічнага ўспрымаецца штампам, выглядае гэтак жа няплённа, як і парадна-аптымістычныя скокі з арсенала народна-сцэнічнай харэаграфіі. Не веру, што ў жыцці сучаснага чалавека — пры ўсіх крызісах, эпідэміях, тэлевізійнай «чарнусе» — і насамрэч так мала радасці. І што гэтае жыццё ў такой ступені эмацыйна аднастайнае...
Але былі і выспачкі ў агульным «моры слёз». Паэтычным гімнам каханню, жыццю, маладосці прагучаў балет Эльвіры Пярвовай «Кліч белых жораваў», прысвечаны тым, хто не вярнуўся з вайны. Аўтарскае вырашэнне даволі заштампаванай, а таму небяспечнай на сённяшні дзень тэмы было цалкам пазбаўлена звыклых інтанацый пафасу і афіцыёзу. Кантраснае чаргаванне драматычных і прасветлена-лірычных сцэн стварала вобраз несупыннага кругабегу жыцця — у адзінстве разбурэння-міру, радасці-болю, адчаю-надзеі — і пашырала канцэпцыю спектакля ад лакальна-ваенных падзей да агульначалавечых, вечных. Асабліва ўразіла майстэрства маладых выканаўцаў, якія насычалі балет такой дзівоснай шчырасцю эмоцый, прыгажосцю пачуццяў і гарачай верай у прапанаваныя абставіны, што аказвалі на публіку амаль катарсічнае ўздзеянне. Абыякавым не застаўся ніхто: спектакль атрымаў прыз глядацкіх сімпатый і дыплом лаўрэата ў намінацыі «Выканаўчае майстэрства. Лепшы акцёрскі ансамбль».
Былі на фестывалі і іншага кшталту выключэнні. «Этнаграфічнай літаральнасцю» ў параўнанні з эксперыментальнымі ў стаўленні да фольку работамі вызначаўся пантамімны спектакль «Азімут» Тэатра руху «Лік» Ліліі Севасцьянавай (Ташкент). Аднастайная па тэмпарытме дзея, што доўжылася больш за гадзіну, сабрала ў адзіны букет, здавалася, усе папулярныя і абавязковыя для еўрапейца атрыбуты Усходу. Тут былі і дыван, які мылі, і пярэстыя хусткі, і гарлачы, і вінаград з гранатам... Аднак не было галоўнага — адчування сапраўднасці гэтага візуальнага глянцу. Тым не менш, спектакль адзначылі дыпломам конкурсу, што сведчыць пра падтрымку розных падыходаў у інтэрпрэтацыі этнічнага матэрыялу.
Беларускі трыумф, але без Гран-пры
«Зіма». Харэографы Дзмітрый Залескі, Вольга Скварцова. Тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I» (Мінск, Беларусь).
Нягледзячы на тое, што лаўрэатаў не вызначылі ў намінацыях «Гран-пры — лепшы спектакль», «Лепшы рэжысёр» і «Лепшы харэограф», на конкурсе былі свае лідэры. Прыемна адзначыць, што відавочным хэдлайнерам фэсту стаў наш Тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I». Калектыў уразіў многім: і колькасцю прадстаўленых работ, і экстра-класам выканання (пры тым, што не ўсе танцоўшчыкі маюць прафесійную харэаграфічную адукацыю), і самай вялікай колькасцю дыпломаў і прызоў конкурсу, якіх гурт атрымаў... ажно шэсць!
З улікам творчых дасягненняў тэатра і самаадданасці ягоных кіраўнікоў такі поспех заканамерны. Здзіўляе іншае — сам факт існавання гурта, які ў наш эканамічна нестабільны, крызісны час успрымаецца як нейкі цуд, а таксама «сямімільная» інтэнсіўнасць прафесійнага росту. «D.O.Z.SK.I» (назва тэатра створана з пачатковых літар імёнаў яго стваральнікаў Дзмітрыя Залескага ды Вольгі Скварцовай) — першы ў Мінску калектыў, што свядома займаецца сучасным танцам у яго інтэлектуальна-аўтарскім, а не эстрадна-забаўляльным абліччы. Заснаваны ў 2005 годзе, за кароткі тэрмін гурт стаў удзельнікам і лаўрэатам прэстыжных форумаў сучаснай харэаграфіі (IFMC, расійскага «Цэха»), атрымаў вядомасць у Беларусі і замежжы.Прэм’ера балета Залескага — Скварцовай «Мухі на сонцы» адбылася мінулым летам у Варшаве.
Кожная з паказаных на конкурсе работ была ганаравана асобным дыпломам. Спецпрызам журы ў намінацыі «Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства» была адзначана пастаноўка Дзмітрыя Залескага «Сталасць», якая на Міжнародным конкурсе фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (XXI IFMC) выбухнула 1-ай прэміяй (пры тым, што раней нашы калектывы нават у фінал звычайна не траплялі).
Аднаактовы спектакль, пастаўлены на мужчынскую частку трупы, спалучыў рэжысёрска-тэатральную дакладнасць дзеяння і вынаходлівы, нават лексічна віртуозны танец, арыгінальнасць канцэптуальнай задумы і яе вобразна-метафарычнае, багатае на асацыяцыі ўвасабленне, грузінскую і армянскую народную музыку з матывамі нацыянальнай характарнасці ў пластыцы. Сталасць — стан, у якім раптоўна апынуўся адзін з трох братоў. Пасля страты маці ён бярэ на сябе адказнасць за двух астатніх і з бесклапотнага юнака ператвараецца ў дарослага мужчыну. Гэтая тэма аказалася настолькі балюча-надзённай, што балет атрымаў спецпрыз гледачоў «За актуальнасць сцвярджэння мужчынскага пачатку ў век фемінізацыі мужчын». Акрамя таго, Дзмітрый Залескі быў уганараваны персанальным дыпломам «За творчую фантазію».
Пераможцам у намінацыі «Арганічнасць спалучэння этнічнай музыкі і сучаснай харэаграфіі» стала Вольга Скварцова. У мініяцюры «У даліне долі» на музыку Сяргея Старасціна, вядомага знаўцы рускага музычнага фальклору, аўтар прапаноўвала паразважаць пра архетып жанчыны. Дыяганальны малюнак мізансцэны і адпаведная траекторыя рухаў, прыхавана напружаныя позы танцоўшчыц, позіркі, скіраваныя быццам да нечага малавядомага, неспазнанага, — усё гэта буйным планам выяўляла ўнутраны стан гераінь, іх вечнае чаканне. Чаканне свята, кахання, цуду, дзіцяці — чаго заўгодна...
Спецпрыз гледачоў і дыплом «За арыгінальную трактоўку жаночага вобраза» атрымаў аднаактовы балет «Зіма» — першая сумесная пастаноўка Залескага — Скварцовай. Пластычная нешматслоўнасць, статычныя, падобныя да стоп-кадраў мізансцэны агаляюць асноўны балючы нерв спектакля, галоўную тэму — трагедыю чалавечай адзіноты. Назва ўспрымаецца метафарай унутранага холаду, які скаваў ільдом не толькі цела, але пранік і ў сэрца, паралізаваў душу. Зіма — як эмацыянальны стан чалавека... Доўгі, бясконцы шлях, які кожны з насельнікаў гэтага халоднага, няўтульнага свету спрабуе пераадолець сам. У фінале балета, калі, здаецца, сітуацыя татальнай адчужанасці дасягае апагею, у руках героя раптам з’яўляецца гарачы, бы толькі што зняты з агню чайнік — знак надзеі, унутранага адраджэння. Харэографы завяршаюць спектакль шматкроп’ем.
Сярод прац іншых удзельнікаў фестывалю пастаноўкі Залескага і Скварцовай вылучаліся ўменнем аўтараў працаваць з рухам — як на ўзроўні жэста, выразнасці пластыкі, так і на ўзроўні ўсяго танца. А менавіта здольнасці мысліць танцам не хапае сёння многім адэптам сучаснай харэаграфіі.
Бонус
«Апноэ сну». Харэограф Раман Андрэйкін. Тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі Ірыны Афонінай
Падчас фестывалю глядач таксама змог пабачыць гасцявую праграму — спектаклі Тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі Ірыны Афонінай. Калектыў, які сёлета, дарэчы, адзначыў сваё 15-годдзе, не паддаецца звыклай класіфікацыі і ў расійскім данс-кантэксце ўспрымаецца з’явай унікальнай. Гэта і цэнтр сучаснага танца, і сапраўдная школа, дзе навучаюцца дзеці з чатырохгадовага ўзросту, і вядомы тэатр, які актыўна ўдзельнічае ў фестывалях і прэзентуе ўласныя праграмы. Сапраўдная лабараторыя contemporary dance!Што ж да маскоўскага фэсту, то ў якасці «the best-падарунка» ад арганізатараў быў паказаны балет Рамана Андрэйкіна «Апноэ сну» (тэрмін «апноэ» тлумачыцца як «спыненне дыхання») — лаўрэат прэмій за драматургію, рэжысуру і харэаграфію «Этнікі-2008». Спектакль цалкам адпавядаў сваёй назве. Яго гераіні знаходзіліся ў нейкім трансава-гіпнатычным, паранаідальным стане па той бок свядомасці, нагадваючы пацыентаў псіхлячэбніцы або персанажаў начнога кашмару. Рэдкія хвіліны спакою выбухалі канвульсіўна-істэрычнымі «прыпадкамі» танцоўшчыц — аж да пены на вуснах (у гэтай якасці была выкарыстана пена для галення) пад акампанемент агульных немых крыкаў.
(Масква, Расія).
Цікава, што гэтая пастаноўка, паказаная на леташнім IFMC, выклікала зусім іншыя ацэнкі журы і крытыкі. Харэографа папракалі ў дэфіцыце танца, залішне жорсткай эмацыянальнай танальнасці спектакля, удзеле ў ім дзяўчынак, якім па ўзросце не трэба пагружацца ў нервова-галюцынаторны стан. Аднак на тое яна і сучасная харэаграфія, каб выклікаць самыя розныя меркаванні і гарачыя спрэчкі.
Фінал
Праграма фестывалю пакінула супярэчлівыя ўражанні. Як крытыку мне не хапіла прэс-канферэнцый, постсцэнічных дыскусій журы і аналітыкаў, майстар-класаў, што звычайна суправаджаюць падобныя акцыі. Відавочна, такая сітуацыя абумоўлена дэбютнай спробай правядзення пластычнага эксперымента ў межах праекта і, як вынік, адсутнасцю адпаведнага досведу. Тым не менш, зробленае прадстаўнікамі менавіта не-класічнага кірунку харэаграфіі нельга не вітаць. І расійскі, і беларускі contemporary dance, нягледзячы на тое, што ідзе ўжо трэцяе дзесяцігоддзе ягонай гісторыі і змяняюцца генерацыі харэографаў, усё яшчэ застаецца мастацтвам непрэстыжным, афіцыйна-перыферыйным і ідэалагічна-маргінальным. Таму падобныя нешматлікія праекты для многіх творцаў становяцца выратавальнымі вокнамі ў свет, магчымасцю заявіць пра сябе і далучыцца да інавацый іншых.
Святлана Уланоўская