Чэхаў на опернай сцэне: неспадзяваны вынік

№ 2 (323) 01.02.2010 - 28.02.2010 г

Напярэдадні 75-гадовага юбілею Сяргей Картэс убачыў прэм’еры сваіх опер на сцэнах Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Маскоўскага акадэмічнага камернага музычнага тэатра імя Барыса Пакроўскага. А ці можа быць для аўтара падарунак лепшы за выкананне яго сачыненняў?

Партрэт кампазітара на фоне часу — задача нялёгкая. Якім яго «намаляваць» — парадным, традыцыйным, праблемным? Прапаную партрэт музычны, са сваёй сістэмай лейтматываў, экспазіцыяй і распрацоўкай, эпізодамі і... не, не кодай, а адкрытым фіналам!

/i/content/pi/mast/28/476/41.gif
«Юбілей». Ірына Гелахава (Мярчуткіна), Сяргей Байкоў (Шыпучын). Маскоўскі камерны музычны тэатр.
Сяргей Альбертавіч Картэс — сучаснік самых розных перыядаў гісторыі і сведка эпахальных падзей. Аднак няпросты жыццёвы шлях не зрабіў змрочнай ягоную музыку, якая ў сваёй генетычнай аснове мае вітальную энергію. Кампазітарскаму стылю Картэса ўласцівыя індывідуальнасць, сучаснасць, рамантычны парыў і глыбокія філасофскія разважанні. Спадчына творцы багатая ў выбары і тэм-ідэй, і жанраў: інструментальныя і вакальна-сімфанічныя сачыненні, камерныя опусы, музыка да кінастужак, драматычных спектакляў.

Аднак альфай і амегай для Сяргея Картэса застаецца опера — сімвал яго музычнай паэтыкі, вяршыня памкненняў і творчых пошукаў. «Я — чалавек тэатра. Для мяне важнае ўсё, што адбываецца ў гэтым відзе мастацтва. Я жыву операй!» — сцвярджае кампазітар. Усе пяць буйных тэатральных работ былі напісаны ў тандэме з лібрэтыстам Уладзімірам Халіпам: оперы-прыпавесці «Джардана Бруна» (1977), «Матухна Кураж» (1980), «Візіт Дамы» (1989), камічная камерная дылогія «Юбілей» (2000) і «Мядзведзь» (2007).

 

З’яднаныя жанрам прыпавесці

 

Усе пяць убачылі святло рампы на розных сцэнах. Іх інтэрпрэтацыі нязменна выклікалі шырокі грамадскі рэзананс. Водгукі і рэцэнзіі на пастаноўкі змяшчаліся на старонках вядучых выданняў, бо праблемы, узнятыя ў сачыненнях, і іх рашэнні аказаліся надзвычай сугучнымі актуальным сацыяльным рэаліям. У гэтых творах знайшлі адлюстраванне духоўныя, этычныя, эстэтычныя пошукі і складаныя працэсы ў оперным мастацтве, якія адбываліся ў другой палове ХХ стагоддзя.

Дастаткова згадаць «Джардана Бруна» на сцэне Беларускага тэатра оперы і балета, прадстаўленага ў сатворчасці з дырыжорам Яраславам Вашчаком, рэжысёрам-пастаноўшчыкам Сямёнам Штэйнам, мастаком Яўгенам Лысікам. У атмасферы канца 1970-х опера пра вялікага вальнадумца, які выступае супраць фарысейства і крывадушнасці, а таксама сама ідэя «ерасі» (шырэй — дысідэнцтва), што вынішчалася ў савецкай масавай свядомасці, былі ўспрыняты з незвычайным энтузіязмам і ў Беларусі, і на гастролях нашай трупы ў Вялікім тэатры Саюза ССР.

Зусім іншая опера-прыпавесць «Матухна Кураж», у якой ідэя разбурэння розуму і інтэлекту перарастае ў агульначалавечую катастрофу знішчэння ўсяго жывога на зямлі. У оперы ядналіся абвостранае пачуццё сённяшняга дня і глыбока сімвалічны падтэкст. Усё, што адбывалася на сцэне, наўпрост нараджала асацыяцыі з сучаснасцю. Мастацкім вынікам «Матухны Кураж» становіцца заклік «да ўсіх, хто жыве на зямлі», помніць пра ахвяр гвалту і насілля. Пастаноўка оперы была ўключана ў рэпертуарны план 1981 — 1982 гадоў. Аднак дазвол на яе не быў атрыманы. Спасылаліся на антываенную тэматыку, якая не адпавядала палітычнаму моманту (падзеі ў Афганістане). На жаль, гэтая адмова, абумоўленая кан’юнктурнымі меркаваннямі, негатыўна адбілася і на вырашэнні актуальнай для айчыннай оперы праблемы фарміравання сучаснага і разнастайнага нацыянальнага рэпертуару.

Прэм’ерныя паказы «Матухны Кураж» адбыліся ў Каўнаскім музычным тэатры (рэжысёр Рымантас Вайткевічус, дырыжор Станіславас Чэпінскіс, мастак Альгіс Карыняўскас) і — пад назвай «Маркітантка» — у Малдаўскім тэатры оперы і балета (пастаноўшчык Элеанора Канстанцінава, мастакі Вячаслаў Окунеў і Ірына Прэс). Акцэнт у малдаўскай інтэрпрэтацыі ставіўся на ўніверсальнай і парабалічнай аснове п’есы Бэртальда Брэхта. Па задуме рэжысёра, месца дзеяння ў оперы — «...знявечаная, спапялёная вайной зямля з абломкамі цывілізацый розных эпох, купал неба, што злучае яе з Сусветам, у якім Зямля можа быць адзінай планетай, дзе існуе выдатнае стварэнне прыроды — Чалавек».

У аснове канцэпцыі оперы-прыпавесці «Візіт Дамы» — пазбаўленне ад граху і выратаванне душы цаною жыцця. Задума сачынення, якое мела пазачасавую прыроду, рабілася больш актуальнай дзякуючы культурна-гістарычным рэаліям. У оперы нараджаецца новы тып героя — звычайнага чалавека, спачатку «не-героя», які робіцца асобай, прайшоўшы складаны шлях пакаяння. Другая канцэптуальная лінія ў оперы звязана з тэмай усеагульнай прадажнасці і ўсеўладдзя грошай («людзі гінуць за метал»), якая зноў зрабілася актуальнай у канцы ХХ стагоддзя. Праз пропаведзь дабрыні асэнсоўваюцца прыкметы «хваробы» грамадства, якая караніцца ў самой прыродзе чалавека.

Пастаноўка «Візіту Дамы» была ажыццёўлена на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі ў студзені 1996 года дырыжорам Генадзем Праваторавым, рэжысёрам-пастаноўшчыкам Мікалаем Пінігіным і мастаком Зіновіем Марголіным. Меламаны добра памятаюць тую прэм’еру — там былі і сапраўдны аўтамабіль, і лялькі, што лёталі ў паветры, і барс у клетцы. Меркаванні гледачоў на гэты конт былі досыць супярэчлівыя — у тым ліку і таму, што для прыпавесці шукалі аналагі ў псіхалагічнай драме ХIX стагоддзя.

Усе тры згаданыя оперы Картэса вылучаюцца шматузроўневай сістэмай элементаў: дэіндывідуалізацыяй герояў, максімальным абагульненнем іх характарыстык, сумяшчэннем дакладна-гістарычнага і міфалагічнага планаў, умоўнасцю геаграфічных тапонімаў (гратэскава-фарсавы горад Гюлен). Ім уласціва наяўнасць скразной міфалагемы Дома (крэпасць-турма ў «Джардана Бруна», разбураны дом-фургон у «Матухне Кураж»), сюжэтных лейтматываў (палявання, суду, ахвяры, сумлення, памяці) і, нарэшце, сімвала агню як філасофскага выніку разважанняў пра вечныя каштоўнасці.

 

Любоў да музыкі і Чэхава — у спадчыну…

 

Пачатак новага тысячагоддзя вызначыў новыя тэмы і ідэі. Зварот Сяргея Картэса да тэкстаў Чэхава спачатку меў адценне выпадковасці. Сачыненнем оперы «Юбілей» ён адрэагаваў на просьбу сябра, швейцарскага рэжысёра і імпрэсарыё Дзіна Арычы, стварыць штосьці да ягонага юбілею і прадставіць на фестывалі «Open Air» у Салатурне. А да ўласнага юбілею кампазітар напісаў яшчэ адну оперу на чэхаўскі сюжэт — «Мядзведзь».

/i/content/pi/mast/28/476/ccch.gif

«Юбілей». Януш Нялепа (Хірын), Наталля Руднева (Мярчуткіна). Нацыянальны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Сувязь кампазітара і драматурга, як высвятляецца, мае глыбокія карані. Тут трэба згадаць пра знаёмства і сяброўства сям’і Чэхавых з Пятром Шастакоўскім. Сын Пятра, Павел Шастакоўскі, пасля жаніцьбы з Яўгеніяй Крычэўскай (бабуляй кампазітара) удачарыў Людмілу, у будучым — маці Сяргея Картэса. У сям’і Пятра Шастакоўскага панавала музыка. Брат Антона, Міхаіл Чэхаў, успамінаў: «Калі справа датычыла музыкі, якую ён (П.Ш.) любіў, то ён забываў пра ўсё на свеце, ператвараўся ў ільва і гатовы быў разарваць на кавалкі кожнага са сваіх музыкантаў за маленькую памылку ў аркестры». Такая любоў (не толькі да музыкі, але і да твораў Чэхава) перадалася ў сям’і наступным пакаленням.

У камерных камічных операх Картэса працягваецца магістральны кірунак творчасці: убачыць у паўсядзённых сітуацыях вечныя матывы, завастрыць увагу на чалавечых слабасцях і заганах, праз побытавае асэнсаваць быційнае.

Абраныя чэхаўскія вадэвілі — гэта «п’есы з настроем», дух якіх узмацняецца музычным пачаткам. Схільнасць Чэхава ўводзіць у свае тэксты вядомыя музычныя цытаты, ствараць багаты асацыятыўны шэраг «правакуе» чытача на ўважлівае ўслухоўванне ў радкі, закранае тонкія ніткі падсвядомасці і выклікае пэўныя эмоцыі. Музычная метафара — абавязковы атрыбут пісьменніцкага метаду Чэхава, будаўнічы матэрыял у кампазіцыі і драматургіі яго п’ес. Чытаючы яго, вы, па тонкім назіранні Дзмітрыя Меражкоўскага, «мімаволі адрываеце вочы ад кнігі і прыслухоўваецеся, як у душы ўзнікае доўгая чарада думак...»

 

Два вялікія «Ч»

 

У прачытанні Уладзімірам Халіпам п’ес Чэхава захоўваюцца, а шмат у чым і ўзмацняюцца асаблівасці аўтарскага стылю. У лібрэта завастраюцца яркія слоўныя выразы, абыгрываюцца камічныя сітуацыі, падкрэсліваюцца іранічныя характарыстыкі. Аднак толькі еднасць слова і музычнай інтанацыі нараджае цэласнасць задумы і стварае камедыйна-іранічную танальнасць опер.

/i/content/pi/mast/28/476/cye.gif
«Мядзведзь». Вольга Беразанская (Папова).

Маскоўскі камерны музычны тэатр.

Усе музычныя цытаты, закладзеныя ў тэксты Чэхава, атрымліваюць увасабленне ў операх і правакуюць з’яўленне новых, якія то ўзнаўляюць непаўторную атмасферу правінцыйнага гарадка (ваенны вальс, што гучыць з расчыненага акна ў «Мядзведзі»), то адлюстроўваюць нараджэнне пачуццяў паміж героямі (рамансы і танга Смірнова). Героі «Юбілею» і «Мядзведзя» напяваюць шлягеры, ствараючы неабходную для камічнай оперы «мас-культурную» надбудову, і гэта надае творам характарны каларыт. У вытанчанае перапляценне квазіцытат і стылістычных намёкаў уключаецца і знаёмая мелодыя арыі Грэміна («Онегин, я скрывать не стану») у выкананні маладых людзей, якія пачулі імя Таццяны, гераіні «Юбілею». Эпізод выпісаны ў Чэхава з асаблівым пачуццём, ды і ўвогуле з’яўленне персанажаў Чайкоўскага на літаратурных старонках не выпадковае. Сучаснікі называлі іх «два вялікія “Ч”». Кожны быў прыхільнікам творчасці другога, а Чэхаў, зачараваны «Анегіным», неаднойчы згадвае радкі з «рамана стагоддзя» ў сваіх апавяданнях («Пасля тэатра», «Чорны манах»).

Партытуры камічных опер Картэса пабудаваны на сістэме лейтматываў герояў, лейтжанраў і лейттэмбраў (чаго вартая адна тэмбравая характарыстыка Хірына, прадстаўленая хрыплым фаготам!). Яны стройныя па кампазіцыі і вывераны па сіле драматургічнага напалу, калі эмацыйнае крэшчэнда нарастае да фіналу. У працэсе «амузычвання» чэхаўскай прозы дамінуе рэчытатыўна-дэкламацыйны стыль і яркімі фрагментамі інкрустуюцца песенныя эпізоды.

Гледзячы гэтыя оперы, суперажываеш героям, іранічна пасмейваешся над уласнымі слабасцямі і, па справядлівых словах самога кампазітара, адчуваеш «радасць, пяшчоту, шчасце і... прагу кахаць і быць каханым».

Абедзве оперы атрымалі сцэнічную апрабацыю. Беларускі варыянт «Юбілею» (рэжысёр Таццяна Сальнікава, дырыжор Вячаслаў Воліч, мастак Людміла Ганчарова) пасля прэм’еры ў Швейцарыі некалькі разоў паказваўся на сцэне тэатра. «Мядзведзь» у канцэртна-сцэнічнай версіі дырыжора Аляксандра Анісімава і рэжысёра Галіны Галкоўскай быў пастаўлены ў Белдзяржфілармоніі.

 

Маскоўскія ўражанні

 

Да 75-гадовага юбілею Сяргей Картэс атрымаў падарунак ад Маскоўскага камернага музычнага тэатра імя Барыса Пакроўскага ў выглядзе прэм’еры дзвюх сваіх опер. 2010-ы ўвогуле афарбаваны для кампазітара ў юбілейныя тоны. Сам Картэс з усмешкай пералічвае: «150 гадоў з дня нараджэння Антона Чэхава, 100-гадовы юбілей маёй мамы, 75 мне... і 5 гадоў майму кату Нікі…»

Трапіўшы на маскоўскую прэм’еру, якая адбылася пры канцы мінулага года, не магу не падзяліцца ўражаннямі. Ужо само рашэнне Камернага тэатра рэалізаваць на сваёй сцэне оперы Картэса — падзея знакавая і для кампазітара, і для гісторыі беларускай музыкі. У рэчышчы традыцый калектыву такі выбар арганічны. У свой час тэатр адкрываўся камічнай операй Радзівона Шчадрына «Не толькі каханне», а затым, натхнёны ідэяй індывідуальнага прачытання і ўвасаблення ўнутранага сэнсу музычна-тэатральнага дзейства, акрылены духам эксперымента, прадстаўляў гледачу пастаноўкі опер Стравінскага, Брытэна, Шнітке, Холмінава, Вайнберга, Кабекіна... Камерны музычны тэатр заўсёды імкнуўся заінтрыгаваць гледача — ці выбарам матэрыялу, ці ягонай інтэрпрэтацыяй.

 

Максімальная стылізацыя эпохі

 

Выбар да пастаноўкі опер Картэса на чэхаўскія сюжэты быў зроблены яшчэ Барысам Пакроўскім, а працу над музычнымі тэкстамі і іх адаптацыяй да ўмоў сцэны тэатра працягнуў Леў Асоўскі. Па задуме пастаноўшчыкаў, дзве оперы аб’ядноўваліся ў адзін спектакль не фармальна, але праз наяўнасць перакрыжаваных матываў.

Рэжысёр Ігар Мяркулаў да пастаноўкі чэхаўскіх п’ес звяртаўся неаднаразова («Вішнёвы сад», «Прапанова»). Што ж тычыцца інтэрпрэтацыі опер, дык у якасці канцэпцыі ён абраў ідэю максімальнай стылізацыі эпохі, стварэння каларыту канца XIX стагоддзя. Гэтым рашэннем кіруецца мастак і сцэнограф Юлія Акс, якая з асаблівай стараннасцю ўвасабляе самыя дробныя дэталі адзення герояў і інтэр’ера. Ажно да бюста Напалеона, які стаіць на стале ў «Юбілеі» і ледзь не робіцца інструментам забойства ў момант гарачага дыялога Хірына і Мярчуткінай. У дадатак усё дзеянне за межамі музычнага тэксту адбываецца ў вар’яцкім доме: да такога стану яго насельнікі даведзены недарэчнымі сітуацыямі, сведкамі якіх потым становяцца гледачы. Прысутнічае на сцэне і доктар Чэхаў, які на пачатку «Юбілею» прамаўляе сентэнцыю, што «ў чалавеку ўсё павінна быць цудоўным», і завяршае думку ў прэамбуле да «Мядзведзя». Рэжысёрам прыдуманы арыгінальны ход — у «Мядзведзі» партрэт памерлага мужа «ажывае» і мімікай рэагуе на ўсе рэплікі «несуцешнай» удавы. У фінале оперы, калі жаночае сэрца адтаяла, выява мужа знікае: застаецца пустая рамка.

Рэалізацыі задуманага надзвычайна спрыяла набліжанасць гледача да сцэны (у тэатры каля двухсот месцаў): стваралася адчуванне, што падзеі адбываюцца побач, а зала — частка тэатральнай прасторы. У гэтых умовах выдатна бачныя нюансы мімікі артыста і змены настрою героя. На вялікай сцэне такія ўражанні згладжваюцца, бо мазок становіцца больш буйным і знікае любаванне дэталямі. Міжволі вяртаешся да думкі, што і ў нас даўно наспела вострая патрэба мець уласны Камерны музычны тэатр.

 

Тэмпарытм — маскоўскі і мінскі

 

Калі партытура «Мядзведзя» ад пачатку стваралася кампазітарам у разліку на магчымасці аркестра Камернага тэатра, то ў «Юбілеі» былі зроблены істотныя карэктывы. Яны ў першую чаргу закранулі харавыя эпізоды, якія замяніў вакальны квартэт, а таксама размеркаванне партый хору між галоўнымі героямі. Па задуме кампазітара, хор надае значнасць і фактурнасць драматургічным сітуацыям, выступае як самастойны персанаж, які рэагуе на падзеі. Сама перааркестроўка аказалася, на жаль, не заўсёды ўдалай, у яе не-аўтарскай версіі адчуваюцца «пустыя месцы», не прасочваюцца інструментальныя тэмы-каментарыі.

Самым галоўным атрыбутам чэхаўскіх п’ес з’яўляецца тэмпарытм сцэнічнага дзеяння, які нагадвае імклівае выпростванне тугой спружыны. У гэтым сэнсе маскоўская пастаноўка (дырыжор Алег Бялунцаў) аказалася занадта маруднай, а таму глядацкая ўвага, асабліва на пачатку «Юбілею», рассейвалася. У «Мядзведзі» аркестр даволі паспяхова справіўся з пастаўленай задачай. У мінскіх версіях інтэрпрэтацыі Аляксандра Анісімава і Вячаслава Воліча пабудаваны больш дынамічна. Пабываўшы на ўсіх пастаноўках опер Картэса ў Мінску, не магу не адзначыць дзівосную атмасферу, якая ўвесь час панавала ў зале, і яркую эмацыйную рэакцыю публікі.

На маскоўскай прэм’еры нельга было не заўважыць выразную акцёрскую ігру большасці салістаў, якія выдатна адпавядалі сваім персанажам. Сярод найбольш каларытных выканаўцаў можна назваць Віктара Бараўкова (Шыпучын), Германа Юкаўскага (Смірноў), Ірыну Аляксеенка (Таццяна Аляксееўна). Выдатна ўвасоблена Ірынай Гелахавай старая Мярчуткіна. Але выканаўцам яшчэ трэба старанна працаваць над інтанацыяй і гарманічным балансам акцёрскага і вакальнага пачатку.

Усё новае, безумоўна, патрабуе пэўнага часу для асэнсавання. Маскоўская прэм’ера ў гэтым плане не выключэнне. Яшчэ ёсць магчымасць адрэдагаваць залішнюю фарсавасць асобных сцэн і надаць псіхалагічным фарбам больш адценняў і паўтонаў. Эмацыйныя гіпербалы чужародныя для прасторы згаданых опер. І яшчэ немалаважны момант: «Мядзведзь» у Чэхава і ў Картэса завяршаецца працяглым пацалункам галоўных герояў — гэта вынік разбурэння сцяны неразумення. У маскоўскім спектаклі ўсё абмяжоўваецца толькі абдымкамі. І тады, успамінаючы Станіслаўскага, хочацца ўсклікнуць: «Не веру!»

І ўсё ж... Каб зразумець, што адбываецца на сцэне, варта зноў задаць пытанне: аб чым п’есы Чэхава? Быццам і ні аб чым — сустрэчы, гутаркі, спрэчкі, «ружжо, якое страляе»... І з гэтай пазіцыі іх аналіз нецікавы. Але як толькі мы асвятляем іх промнем агульначалавечых пачуццяў, яны набываюць асаблівы настрой, прымушаюць сімпатызаваць героям, пражываць разам з імі тыя дзіўныя сітуацыі, якія імкліва развіваюцца і нечакана набываюць абрысы вечнасці...

Для Сяргея Картэса 75-гадовы юбілей — яшчэ не нагода для падвядзення вынікаў. На даляглядзе ўжо акрэсліваюцца контуры новага опернага сачынення — па п’есе Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы». Так што мы чакаем працягу...

Наталля Ганул