Шляхі Рэнесансу

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Для многіх краін Еўропы ХVІ стагоддзе стала эпохай вялікіх пераменаў: росквіту Адраджэння, развіцця гарадоў, змены манархічных дынастый, пашырэння рэфармацыйнага руху, пасля — контррэфармацыі і барока. Не было выключэннем і Вялікае княства Літоўскае.

Асноўнай крыніцай распаўсюджання ідэй італьянскага Рэнесансу на нашых землях стаў двор Боны Сфорца з роду міланскіх герцагаў — другой жонкі караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога. Яна прыбыла ў Кракаў у 1518 годзе з вялікай світай, што ўключала і мастакоў. Сярод іх быў і шэраг італьянскіх архітэктараў: Францыскус Італікус, Франчэска дэла Лора, Барталамеа Бярэці, Нікола дэ Касціглёнэ і іншыя, яны прынялі ўдзел у адбудове Вавельскага замка ў першай палове ХVІ стагоддзя.

/i/content/pi/mast/27/461/pl_03_opt.gif

 Палацава-замкавы комплекс. Мір. Пачатак ХVІ стагоддзя.

Паводле гістарычных звестак, у 1501 годзе Бона разам з маці Ізабэлай Арагонскай была вымушана ўцякаць з Мілана на поўдзень Італіі ў горад Бары. Відавочна, што яны былі добра знаёмыя з архітэктурнай творчасцю Леанарда да Вінчы, які жыў і працаваў у Мілане пры двары Ладавіка Сфорца (па мянушцы Мора) у 1483 — 1500 гадах. Важнейшае месца ў архітэктурнай спадчыне Леанарда займае стварэнне фартыфікацыйных збудаванняў Мілана, вуліц з рухам на двух узроўнях, гарадскога добраўпарадкавання і водазабеспячэння. Сярод талентаў і ўменняў, якія ён прапануе герцагу, найперш адзначае: «Валодаю спосабамі пабудовы самых лёгкіх і моцных мастоў, якія можна без цяжкасці пераносіць і пры дапамозе якіх можна пераследаваць ворага». Урбаністычныя фантазіі Леанарда зафіксаваны ў распрацоўцы плана «ідэальнага» горада ў форме круга, абнесенага бастыённымі ўмацаваннямі.

Як вялікі мастак Леанарда ўлічваў эстэтычныя вартасці архітэктуры. Ён адзначаў, што «бажаство навукі жывапісу... сваёй асновай, то-бок малюнкам, навучае архітэктара рабіць так, каб яго збудаванне было прыемным для вока», неаднаразова падкрэсліваў антрапаметрычнае паходжанне архітэктурных прапорцый.

Хоць каралева Бона Сфорца з’яўляецца для гісторыі Вялікага княства Літоўскага фігурай даволі адыёзнай, бясспрэчна тое, што гэтая ўладарная жанчына прыняла надзвычай актыўны ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным жыцці краіны. Яна спрыяла Міколу Гусоўскаму, і пры яе падтрымцы ў 1523 годзе ў Кракаве была выдадзена паэма «Песня пра аблічча, дзікасць зубра і паляванне на яго».

Пад уплывам ідэй італьянскага Рэнесансу на нашых землях замест традыцыйнай горадабудаўнічай структуры ранняга Сярэднявечча, аснову якой складаў абкружаны пасадамі ўмацаваны дзядзінец у сутоку рэк, у першай палове ХVІ стагоддзя ўзнік новы тып гарадской планіроўкі. Вядомыя з больш ранніх часоў горадабудаўнічыя ўтварэнні (дзядзінец — замак, пасады — прадмесці) дапоўніліся новымі структурамі, звязанымі з развіццём эканомікі, грамадскіх інстытутаў, і гэта абумовіла новую арганізацыю побытавага асяроддзя. Ядром горада альбо мястэчка становіцца гандлёвая плошча, размешчаная побач з умацаваным замкам феадала ці ўвогуле без яго на перасячэнні вуліц, якія разыходзяцца ад яе ў напрамках галоўных сухапутных шляхоў зносін. Замест бессістэмнай жылой забудовы актыўна фарміруецца рэгулярная гарадская планіроўка з сеткай вуліц, якія ўтвараюць кварталы. Старажытны Гродна ў 1541 годзе атрымаў водаправод, тут былі забрукаваны асноўныя вуліцы і гандлёвая плошча. Мінск, які да сярэдзіны ХVІ стагоддзя быў цалкам драўляным горадам, пасля вялікага пажару 1547 года таксама пачаў адбудоўвацца паводле ўпарадкаванага горадабудаўнічага плана, заснаванага на прынцыпах ідэальнага еўрапейскага горада эпохі Рэнесансу. Адначасова ў беларускім дойлідстве з’явіўся тэрмін «палац» (ад італьянскага palazzo), што замяніў мясцовую «камяніцу».

З імем каралевы Боны звязваюць будаўніцтва мураванага палаца ў Рагачове. Ён уяўляў сабою кампактную двухпавярховую пабудову без характэрнага для сярэдневяковых замкаў унутранага двара, меў прасторныя залы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі, і лоджыю на галоўным фасадзе, аформленую паўцыркульнай рэнесанснай аркадай. Наяўнасць вонкавых маршавых лесвіц і лоджыі (адкрытай з аднаго боку галерэі) як элементаў архітэктурна-прасторавай кампазіцыі збудавання (неспрыяльных для мясцовага клімату) сведчыць пра італьянскія карані.

У архітэктурнай фарматворчасці італьянскага Рэнесансу ў цэлым важнейшую ролю адыгрывала вяртанне да антычнай паўцыркульнай аркі ў сукупнасці з класічнай ордэрнай трактоўкай апор. Цікавае паэтычнае выказванне найвялікшага з «тытанаў Адраджэння» Леанарда да Вінчы пра канструкцыйную існасць паўцыркульнай аркі: «Што ёсць арка? Арка не што іншае, як сіла, створаная дзвюма слабасцямі, бо арка ў збудаваннях складаецца з дзвюх чвэрцяў круга, кожная з гэтых чвэрцяў круга, вельмі слабая сама па сабе, імкнецца ўпасці, але пры сутыкненні адна з адной абедзве слабасці пераўтвараюцца ў адзіную сілу». Адначасова ў эпоху Рэнесансу адрадзіліся і іншыя элементы антычных ордэраў: пілястры, прафіляваныя карнізы... Усе гэтыя навацыі ўвасобіліся ў мастацкім абліччы Ніжняга (Дольнага) замка ў Вільні, які адбудоўваўся пры Жыгімонце І Старым.

Пад уплывам эстэтычных і тэхнічных элементаў архітэктуры італьянскага Рэнесансу замкавае дойлідства Беларусі паступова трансфармавалася ў палацава-замкавае. Пры будаўніцтве феадальных рэзідэнцый у другой палове ХVІ стагоддзя атрымалі распаўсюджанне бастыённыя фартыфікацыйныя сістэмы стараітальянскага і новаітальянскага тыпаў з планам у выглядзе чатырохвугольніка (Ляхавічы, Заслаўе, Нясвіж) і поліганальныя, блізкія да круга ці яго часткі, па ўзору «ідэальных» гарадоў (Стары Быхаў, Нясвіж, Слуцк). У іх фартыфікацыйныя прыстасаванні выносяцца за межы асобных будынкаў, акаляючы ўвесь горад з гандлёва-рамесніцкімі пасадамі. Стары замак князя Вітаўта ў Гродне ў другой палове XVI стагоддзя, пры каралі Стэфане Баторыі, быў перабудаваны ў палацава-замкавы комплекс архітэктарам Скота з Пармы — у рэнесансных формах з прыгожым атыкам, які меў дэкаратыўна-абарончыя функцыі. Выразныя элементы італьянскага архітэктурнага рэнесансу (паўцыркульныя аркады галерэй, лоджыі, атыкі) можна назіраць таксама на старажытных вядутах з выявамі палацаў гетмана Вялікага княства Літоўскага Яна Караля Хадкевіча ў Ляхавічах і ваяводы трокскага Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы.

Італьянскія дойліды прыўнеслі ў архітэктуру Польскага Каралеўства характэрны элемент рэнесанснай архітэктуры Італіі — атык, альбо гарызантальны парапет, які вянчаў сцяну фасада і на сваёй айчыне часта ўпрыгожваўся мармуровымі скульптурамі. Гэты архітэктурны элемент распаўсюдзіўся напрыканцы ХVІ і ў пачатку ХVІІ стагоддзя і ў беларускім манументальным дойлідстве, як культавым, так і палацава-замкавым. Класік беларускага мастацтвазнаўства Мікола Шчакаціхін называў яго «дэкарацыйным аркавым фрызам», а польскі гісторык архітэктуры Стэфан Шылер нават «польскім» атыкам. У сучасным мастацтвазнаўстве за ім умацавалася назва «дэкаратыўна-абарончы атык». Яго асноўным мастацкім матывам з’яўляюцца рытмічныя шэрагі плоскіх нішаў у выглядзе паўцыркульных, у большасці падвойных падвесных арак, арганізаваных у форме рэнесанснага атыка. Характэрна, што першапачаткова на плоскасці нішаў звычайна размяшчаліся байніцы, пазней замураваныя. Усё гэта скіроўвае на тое, каб шукаць вытокі азначанага дэкаратыўна-абарончага атыка ў Мілане, у замку, названым «Сфарцэска». На нашу думку, узнікненню ў другой палове ХVІ стагоддзя на беларускіх землях характэрнага элемента мясцовага Рэнесансу — дэкаратыўна-абарончага атыка — спрыяла спецыфічная інверсія архітэктурных форм і функцый распаўсюджаных у паўночнай Італіі протарэнесансных абарончых мерлаў ці «гібелінавых зубцоў».

Акрамя антычнай аркі, італьянскі архітэктурны Рэнесанс адрадзіў ідэю цэнтрычных купальных збудаванняў, накшталт рымскага Пантэона, але ў новых, больш дасканалых канструкцыях. На адным са шматлікіх малюнкаў Леанарда да Вінчы прадстаўлена цэнтрычнае 9-купальнае збудаванне. Цэнтр кампазіцыі акцэнтаваны вялікім купалам, па дыяганалях квадратнага плана размешчаны чатыры меншыя купалы (накшталт сабора святога Марка ў Венецыі) і яшчэ чатыры купалы — па баках свету, над прамавугольнымі прытворамі, кожны з якіх аформлены трыма конхавымі апсідамі.

У культавым дойлідстве Беларусі ХVІ стагоддзя рэнесансныя рысы паступова знітоўваліся з узорамі мясцовай готыкі. Гістарычна склалася так, што культура Рэнесансу, асабліва ў краінах Паўночнай Еўропы, была звязана з рэфармацыйным рухам. Таму ў пратэстанцкіх зборах Беларусі (Смаргонь, Кухцічы, Замосце) элементы гэтага стылю захоўваліся найбольш доўга — амаль да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя. Каталіцкае ж храмабудаўніцтва пад уплывам ідэалогіі контррэфармацыі ўжо ў другой палове ХVІ стагоддзя (непасрэдна за Італіяй) перайшло да новых мастацкіх форм стылю барока. Хоць у абодвух гэтых стылях ужываліся агульныя пластычныя сродкі класічнага архітэктурнага ордэра, існуюць важныя адрозненні ў інтэрпрэтацыі канфесійных ідэй, якія асабліва заўважны ў гістарычнай рэтраспектыве. У рэчаіснасці пераход ад Рэнесансу да барока ў мясцовым сакральным дойлідстве адбываўся паступова.

Цікавую старонку ў эвалюцыі манументальнага храмабудаўніцтва Беларусі напрыканцы стагоддзя вялікіх перамен, складаны працэс пошукаў новай архітэктурна-мастацкай стылістыкі адлюстроўвае найкаштоўнейшы графічны дакумент — архіўны альбом чарцяжоў канца ХVІ стагоддзя, знойдзены ў рукапісным аддзеле Цэнтральнай Навуковай бібліятэкі НАН Украіны ў Кіеве гісторыкам Георгіем Галенчанкам. Ён быў атрыбутаваны намі як «альбом Бернардоні», прыдворнага архітэктара князёў Радзівілаў, запрошанага ў Нясвіж з Італіі. Гэты збор графічных матэрыялаў даволі неаднародны, але яго аўтарскую прыналежнасць вызначыла наяўнасць у альбоме праектных чарцяжоў езуіцкага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, выкананых Джавані Марыя Бернардоні ў 1576 годзе. Паводле іх у 1587 — 1593 гадах быў узведзены велічны купальны сабор, але не цэнтрычны, рэнесансны (як у Леанарда), а ў выглядзе барочнай лацінскай базілікі, што ўвасабляла эстэтычныя і тэалагічныя ідэі контррэфармацыі.

Па сваёй архітэктурнай кампазіцыі касцёл Божага Цела — першая ў беларускім дойлідстве трохнефавая крыжова-купальная базіліка з бязвежавым фасадам, у два ярусы аздобленым пілястрамі класічнага ордэра. Купал па сваёй канструкцыі і памерах (дыяметр 10 м) таксама першы на нашай зямлі. Ён узведзены архітэктарам Брызіё з Падуі. Будаўніцтву гэтай святыні ў комплексе з грандыёзным будынкам калегіі езуітаў вялікае значэнне надаваў першы ардынат нясвіжскі князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, які сам прымаў чынны ўдзел у яго задуме і рэалізацыі, пра што сведчаць шматлікія гістарычныя дакументы. З іх агульнай дзейнасцю звязана з’яўленне ў будаўнічай практыцы Цэнтральна-Усходняй Еўропы праектнага чарцяжа.

Італьянскі дойлід Джавані Марыя Бернардоні быў мастаком пераломнай эпохі. Як манах-езуіт, ён стаў носьбітам новай мастацкай канцэпцыі барока, але пры гэтым заставаўся чалавекам эпохі Адраджэння. Гэты дойлід не толькі стварыў на нашых землях першы ўзор архітэктуры барока ва ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропе, але і распачаў працэс фарміравання беларускага барока. Таму гэтак стылістычна неадназначна трактаваны архітэктурныя формы шэрагу створаных ім беларускіх храмаў у Гродне, Нясвіжы, Міры, у краіне вельмі далёкай ад яго радзімы і па кліматычных умовах, і па будаўнічых матэрыялах, і па мастацкіх традыцыях. Яго творчасць стала пераломным момантам у развіцці манументальнага дойлідства Новага часу ўсёй Рэчы Паспалітай і больш шырокага арэала. Гісторыя архітэктуры Беларусі ХVІ стагоддзя яскрава сведчыць пра непасрэдныя светапоглядныя і мастацкія паралелі з культурай Італіі эпохі Адраджэння.

Тамара Габрусь