Сучасны танец: крэатыў ці псеўдаадкрыцці?

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Апошні фестываль харэаграфіі ў Віцебску засведчыў: беларускі сучасны танец — contemporary dance — не проста ёсць, а мае ўласнае непаўторнае аблічча. Мінуў час спрэсавана-паскоранага засваення заходняга танцавальнага досведу і пераўтварэння «чужога» ў «сваё». Былыя вучні выраслі ў майстроў, лепшыя з якіх могуць годна канкурыраваць у міжнароднай прасторы.

Траекторыя эвалюцыі

З упэўненасцю можна сцвярджаць, што постсавецкай сучаснай харэаграфіі столькі ж гадоў, колькі віцебскаму фестывалю. IFMC аж да 1997 года з’яўляўся адзіным танцавальным форумам падобнага кшталту на тэрыторыі СНД. Фестываль узнік у 1987-м як Маладзёжны форум брэйк-данса, пазней трансфармаваўся ва Усесаюзны фестываль папулярнага танца «Белы сабака». На шчасце, авангардна-эксперыментальны «генатып» Віцебска пачатку XX стагоддзя аказаўся мацнейшым за «папсовыя» павевы. І з 1992-га IFMC існуе ў яго цяперашнім фармаце. Безумоўна, гэтаму спрыяе і тое, што цягам 17 гадоў старшынёй журы конкурсу з’яўляецца Валянцін Елізар’еў — прыхільнік і стваральнік высокапрафесійнай, сэнсава змястоўнай харэаграфіі.

/i/content/pi/mast/27/459/vit_04_opt.gif

«Туманы». Выканаўцы Таццяна Карняйчук і Дзмітрый Куракулаў. «ТАД» (Гродна).

Дзякуючы самаадданаму энтузіязму Марыны Раманоўскай — стваральніцы, нязменнага арганізатара і мастацкага кіраўніка IFMC — менавіта ў Віцебску стала відавочным, што на постсавецкай прасторы існуе сучасны танец, вядзецца інтэнсіўны пошук новага вобразна-пластычнага тэзаўруса. Раней разрозненыя сілы харэографаў-«іншадумцаў» тут не столькі аб’ядналіся, колькі сустрэліся і даведаліся пра існаванне адзін аднаго. Сярод першапраходцаў былі Пермскі тэатр «Балет Яўгена Панфілава», Тэатр танца Аляксандра Кукіна (Санкт-Пецярбург), «Свабодны балет» Мікалая Агрызкава (Масква). А яшчэ — Тэатр сучаснага танца Вольгі Поны (Чэлябінск), «Правінцыйныя танцы» Таццяны Баганавай (Екацярынбург), «Кінетычны тэатр» Аляксандра Пепяляева (Масква), «Fine 5 Dance Тheatre» Рэнэ Ныміка і Ціны Олеск (Талін) і інш. Асобы, якія сёння лічацца «брэндавымі», знакавымі постацямі ў развіцці постсавецкага contemporary dance.

Ад халтуры — да Гесэ

Праграма фэсту, нягледзячы на скарочаны варыянт (чатыры дні замест пяці), была поліфанічна насычанай: гасцявыя выступленні, практычныя і тэарэтычныя майстар-класы, прэс-канферэнцыі, кінапаказ шведскага відэаданса, выстава балетных афіш, конкурсныя туры, гала-імпрэза ўзнагароджання лаўрэатаў і нават перформанс у фае, зладкаваны танцоўшчыкамі са Швецыі.

Шырокі дыяпазон уражанняў, як заўжды, пакінулі канцэрты гасцявых калектываў, самымі «забойнымі» з якіх аказаліся панфілаўцы. Бо халтура, аўтарствам якой «бліснулі» салісты тэатра Аляксей Растаргуеў і Сяргей Райнік, мела вельмі аддаленае дачыненне да асобы Панфілава, а вось да касава-папсовага кічу — самае непасрэднае.

Вядома, вайдаўскае «ўсё на продаж» зрабілася адной з дамінантных характарыстык і нават дыягназам мастацтва нашага часу, і сам Яўген Панфілаў дзеля фінансавай падтрымкі трупы побач з філасофскімі пастаноўкамі ствараў эксцэнтрычна-правакацыйныя відовішчы. Але колькі ў гэтым было фантазіі, творчай вынаходлівасці! Бязмерны талент балетмайстра нават такія данс-хіты ўздымаў да ўзроўню мастацтва. Чаго не скажаш пра пастаноўкі згаданых аўтараў.

Асабліва ў гэтым сэнсе ўразіў спектакль Растаргуева пад канцэптуальна-мудрагелістай назвай «Хучы-кучы», дзе прысутнічалі ўсе лабавыя і растыражаваныя прыёмы таннай забаўляльнасці: па-навагодняму вясёлкавая сцэнаграфія, танцы на стале, мужчыны ў пярэстых спадніцах і спакуслівыя героі ў стрынгах. Абноўлены склад «Байцоўскага клуба», на артыстаў якога быў пастаўлены балет, у такім абліччы нагадваў, хутчэй, персанажаў... гей-клуба і зусім не адпавядаў крытэрыям брутальна-вітальнай энергетыкі і мужчынскай харызмы, як задумваў гэтую трупу Панфілаў.

/i/content/pi/mast/27/459/vit_05_opt.gif

«Задалёчаны». Ашот Назарэцян. «Эксцэнтрык-балет» (Екацярынбург, Расія).

Самае ашаламляльнае ў тым, што «звышзадача» была дасягнута — «піпл хаваў»! У фінале ўся зала апантана ўзнялася і бурнымі апладысментамі і воклічамі «брава» доўга не жадала адпускаць артыстаў. А з іншага боку, няма чаго здзіўляцца. Публіка прызвычаілася, што імя Яўгена Панфілава, легенды і першапраходца ў айчынным contemporary dance, — гарант найвышэйшай мастацкай якасці і прафесіяналізму. Аднак калі пад брэндам Панфілава прэзентуецца падобная папса, то гэта ўжо спекуляцыя і дэвальвацыя памяці Майстра. І справа тут нават не ў фінансах, якіх заўсёды не хапае, а ў прыярытэтах і мастацкай палітыцы тэатра. З усіх іпастасяў творчай асобы балетмайстра больш запатрабаваным сёння аказаўся Панфілаў-шоумен, а не мастак-філосаф.

Кантрастам са знакам «плюс» на гэтым фоне стала яшчэ адна прэм’ера панфілаўцаў — балет «Плынь» у пастаноўцы запрошанага Дзяніса Барадзіцкага («Boroditsky Dennis Dance Company», Масква). Канцэптуальна-зашыфраваны спектакль па матывах «Сідхартхі» Германа Гесэ, нягледзячы на наяўнасць эцюднай незавершанасці і адсутнасць драматургічнай цэласнасці, уразіў тонкасцю асацыятыўнага спасціжэння інтэлектуальных лабірынтаў прозы пісьменніка, яркай і ў той жа час стрымана-канцэнтраванай, пазбаўленай усходняй псеўдаэкзотыкі візуальнай стылістыкай (сцэнаграфія, святло і відэапраекцыя Аляксея Харошава). Харэаграфія таксама вызначалася «нешматслоўнай» вобразна-сэнсавай ёмістасцю. Пабудаваная на няспешным, кантыленным чаргаванні поз-«стоп-кадраў», у сінтэзе з мінімалісцкай музыкай Філіпа Гласа яна ўтварала няўлоўна адчувальны вобраз часу, яго медытатыўна-замаруджанага руху. Назва балета ўспрымалася метафарай кругазвароту, несупыннай плыні людскога лёсу і вечнага шляху чалавека да сябе самога.

Прэм’ерай новага данс-спектакля «Задалёчаны» парадаваў «Эксцэнтрык-балет» Сяргея Смірнова (Екацярынбург). Маргінальнасць персанажаў, падобных на сучасных юродзівых, прыхаваны, але адчувальны драматызм, поліфанія харэаграфічнага малюнка, вынаходлівыя пластычныя дыялогі саліста і масы, яркая акцёрская экспрэсія выканання — усе вызначальныя рысы творчага почырку балетмайстра прысутнічалі і ў гэтай рабоце. Аднак ідэнтычнасць пастановачных прыёмаў і тэмы (пераадоленне чалавекам сябе, выхад за межы ўласнага мікракосму) з больш раннім балетам Смірнова «Вышэй за неба» крыху зніжала эфект навізны ад убачанага.

Гасцявыя канцэрты падарылі публіцы і сустрэчу з замежнымі калектывамі. Недаўменне выклікала выступленне Ульві Азізава, саліста балета Латвійскай нацыянальнай оперы. Зразумела, што арганізатары фэсту кіраваліся жаданнем уразіць гледачоў зорным бляскам прафесіяналізму. І фенаменальная тэхнічнасць, віртуознасць выканання, прадэманстраваныя артыстам, безумоўна, прысутнічалі. Але стылістыка танца, набліжаная да характарных сцэн акадэмічнага балета, у фармаце IFMC выглядала недарэчнай. Аднаактовы балет «На спатканне з тваім ворагам» германскага праекта «Cocoondance», нягледзячы на сучасна-эпатажнае, постмадэрнісцкі-ігравое вырашэнне, адпавядаў хутчэй крытэрыям аматарскага спектакля для хатняга спажывання. Дэфіцыт танца, які паўсюдна назіраецца ў заходняй сучаснай харэаграфіі, быў уласцівы і гэтай рабоце.

Падчас прагляду міжволі думала: чаму б у якасці госця не запрасіць Раду Паклітару? З 2006 года ён кіруе трупай «Кіеў-мадэрн-балет», адным з нямногіх аўтарскіх стацыянарных танцтэатраў на постсавецкай тэрыторыі, і прадэманстраваў бы «клас» на ўсіх узроўнях — прафесіяналізму, крэатыву, незаштампаванасці балетмайстарскай думкі. Тым больш што Паклітару з’яўляецца выхаванцам Валянціна Елізар’ева і гісторыя яго першых творчых узлётаў непасрэдна звязана з IFMC.

Беларускія харэографы буйным планам

Конкурс сучаснай харэаграфіі сёлета набыў выразна нацыянальныя рысы, бо яго ўдзельнікамі зрабіліся выключна айчынныя харэографы. Па выніках адборачнага відэатура з 17 прэтэндэнтаў у Віцебск былі запрошаны 10, з якіх даехалі 8. Хоць узровень майстэрства калектываў быў розным, тым не менш самабытнасць беларускай харэаграфіі і наяўнасць уласнай мастацкай прасторы на танцавальнай карце свету былі адзначаны і журы, і экспертным саветам.

Яшчэ некалькі гадоў таму, калі нашы харэографы блукалі ў лабірынце творчай самаідэнтыфікацыі і ўражвалі адзінкавымі перамогамі (як, да прыкладу, Дзмітрый Куракулаў, стваральнік першай у гісторыі нацыянальнай харэаграфіі мадэрн-трупы), падобны вынік уяўляўся немажлівым. У нас не было сваіх Ніжынскіх, Лапуховых і Галяйзоўскіх — прадвеснікаў і стваральнікаў новых традыцый расійскага харэаграфічнага мастацтва, а сучасны танец пачаў развівацца амаль на стагоддзе пазней, чым за мяжой. Аднак траекторыя ягонай эвалюцыі аказалася імклівай. За лічаныя гады мы засвоілі тое, што на Захадзе адточвалася дзесяцігоддзямі.

Сапраўды, калі 1990-я для нашых харэографаў сталі этапам творчага самавызначэння, то мяжа XX — XXI стагоддзяў зрабілася перыядам менавіта сінтэзу, падсумавання дасягнутага і яго далейшай трансфармацыі — адпаведна новым павевам часу.

Нечакана «зорным» у гэтым плане аказаўся для беларусаў мінулы IFMC. Большасць нашых калектываў сталі пераможцамі міжнароднага конкурсу ў межах фестывалю (пры тым, што раней ніводны нават у фінал не праходзіў). А балет Дзмітрыя Залескага «Сталасць» «выбухнуў» 1-й прэміяй, засведчыўшы не толькі высокі ўзровень майстэрства пастаноўшчыка, але і мастацкую сталасць айчынных харэографаў.

Немалаважную ролю ў агульным працэсе адыгрывае Ансамбль кафедры харэаграфі БДУ культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам Святланы Гуткоўскай. Калектыў, які «ўзрасціў» не адну генерацыю выканаўцаў, задае высокую планку прафесійнасці, уражвае вобразна і стылёва разнастайнымі работамі. Нагадаю адзначаныя ў мінулыя гады ўзнагародамі IFMC фольк-мадэрновае «Вяселейка» ў пастаноўцы Гуткоўскай, абстрактную «Вівальдзіяну» і вострадраматычны пластычны аповед «Дзеці мары», створаныя ў супрацоўніцтве з амерыканскай «Neta Dance Company». Калі ўлічыць адсутнасць у нашых мастацкіх ВНУ аддзяленняў сучаснай харэаграфіі, дзейнасць ансамбля з’яўляецца не толькі выдатнай прафесійнай базай, але і трамплінам для ўласных харэаграфічных пошукаў і дасягненняў. Найлепшы доказ таму — узнагароды ўдзельнікаў сёлетняга IFMC, многія з якіх прайшлі школу кафедры харэаграфіі. У тым ліку і Залескі — бадай, самы паспяховы з выпускнікоў, вядомы як адзін з кіраўнікоў Тэатра сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I.».

Гэтым разам ансамбль паказаў харэаграфічны трыпціх «Тры “В”» у пастаноўцы Вольгі Шамровай і Яўгеніі Шуляк. Сэнсавай дамінантай спектакля з’яўляўся вобраз жанчыны, нібы сатканы з разнастайных псіхалагічных нюансаў і эмацыянальных праяў. Тры гераіні ўспрымаліся як тры галасы адной душы, у пластычным «гучанні» якой былі і мары Папялушкі пра цудоўнага прынца, і расчараванне ад няспраўджанасці віртуальных памкненняў... Твор быў заслужана ўшанаваны прэміяй у намінацыі «Выканальніцкае майстэрства».

Нельга таксама не адзначыць творчасць кіраўніка гродзенскага «ТАДа» Дзмітрыя Куракулава, з дзейнасцю якога звязаны першаадкрыцці беларускага «новага танца». Значнасць індывідуальнасці харэографа ў кантэксце айчыннага contemporary dance супастаўная з асобай Яўгена Панфілава. З самых першых работ Куракулаў сцвердзіў сябе стваральнікам ўласнага мастацкага іншасвету. А многія лексічныя знаходкі і вобразныя прыёмы, назапашаныя харэографам за дваццаць гадоў творчай дзейнасці, сталі агульнымі і разышліся па пастаноўках іншых калег па цэху. Запатрабаванымі аказаліся і артысты, падрыхтаваныя Куракулавым у Гродзенскім каледжы мастацтваў і сваім калектыве, які з поўным правам можна назваць школай-студыяй сучаснага танца. Дарэчы, першай у гісторыі беларускага contemporary dance.

Пастаноўкі апошніх гадоў — відавочнае пацвярджэнне метамарфоз творчага стылю Дзмітрыя, які ад вобразна-канцэптуальнай дакладнасці ранейшых работ «мадуляваў» у жанр пластычнай абстракцыі. Не зрабілася выключэннем і кампазіцыя «Туманы», паказаная на XXII IFMC, адзначаная 1-й прэміяй у намінацыі «Харэаграфічная мініяцюра». Дуэтны нумар, цалкам пабудаваны на акрабатычна складаных падтрымках, вызначаўся неакласічнай прыгажосцю рухаў, навізной танцавальнага малюнка, арыгінальнасцю візуальна-сцэнічнага вырашэння. Міжволі згадваліся словы славутага Баланчына: «Там, дзе ёсць двое — Ён і Яна — там ужо ёсць сюжэт».

Безумоўным фаварытам фестывалю, уладальнікам найбольшай колькасці прэмій стаў танцтэатр «D.O.Z.SK.I.» Дзмітрыя Залескага — Вольгі Скварцовай (Мінск). У межах конкурсу калектыў прэзентаваў два аднаактовыя балеты — «Homo sapiens» і «Камень, нажніцы, папера», якія атрымалі ўзнагароду ў намінацыі «Лепшая пастаноўка».

Нечаканае з’яўленне тэатра «D.O.Z.SK.I.» ў айчынным данс-кантэксце ў складаны, крызісны час успрымаецца як суперз’ява, крэатыўна-вынаходлівае пераадольванне матэрыялу. Праблема з артыстамі? Дзмітрый ды Вольга выхоўваюць іх на базе гуртка-студыі Мінскага дзяржаўнага Палаца дзяцей і моладзі. Харэографы шукаюць і знаходзяць рэкламадаўцаў, прадзюсераў, зацікаўліваюць СМІ. А самае галоўнае — ствараюць вельмі якасны мастацкі прадукт, што і было прадэманстравана на сёлетнім IFMC.

Балет «Homo sapiens» уразіў вытанчанай, блізкай да кіліянаўскай пастановачнай стылістыкай. Стрымана, эмацыянальна-ненавязліва і разам з тым асацыятыўна-ёміста раскрывалася ў спектаклі яго галоўная тэма — сутыкненне і вечны антаганізм дзвюх воль і экзістэнцый, мужчынскай і жаночай. Героі ў імкненні падпарадкоўваць і панаваць не жадалі адмовіцца ад свайго троннага месца. Трон — не толькі метафара, але і рэальны сцэнічны вобраз. Менавіта ён станавіўся цэнтральнай візуальнай і сэнсавай кропкай дзеяння. На троне высвятляліся адносіны, вяліся псіхалагічныя баталіі. На ім каралі змянялі каралеў, і ўчынкі герояў не заўсёды адпавядалі якасцям «чалавека разумнага».

Варыяцыі на тэму ўзаемаадносін, адчужанасці і пошуку паразумення працягваліся ў балеце «Камень, нажніцы, папера». Стыльнае візуальнае вырашэнне, кантрапунктнае спалучэнне сцэнічнага дзеяння і відэашэрагу, арганічнае выкарыстанне выразных сродкаў — усё гэта адразу вылучыла твор сярод іншых. Невыпадкова спектакль быў адзначаны спецпрэміяй «За цэласнасць і гарманічнасць».

Сёлетні фестываль засведчыў, што крызіс танцавальнасці і тэатральнасці, усёдазволенасць, погляд на чалавека як на істоту паталагічную і сексуальна заклапочаную, на свет як на абсурд і хаос, характэрныя для заходняга contemporary dance, неўласцівы нашым харэографам. Беларусы вядуць з гледачом дыялог на мове танца, інтэрпрэтуюць жыццё ў шматгалоссі яго фарбаў і працуюць на вынік, мастацкую завершанасць твора. Але гэта сведчанне не адсталасці творчых прынцыпаў, а наяўнасці ўласнага аблічча.

Тым не менш, XXII IFMC выявіў і шэраг праблем, адна з якіх — энтрапія ідэй. Калі раней айчынныя харэографы імкнуліся да асэнсавання значных філасофскіх праблем, але недастатковае валоданне прыёмамі і тэхнікамі сучаснага танца перашкаджала выказванню на поўны голас, дык сёння канцэптуальнае рэчышча відавочна абмялела. Цяпер гаварыць на мове contemporary dance навучыліся ўсе, аднак тэмы для размоў знізіліся да ўзроўню кухонных разборак і высвятленняў адносін. Або адпавядалі крытэрыям дзіцячых ранішнікаў і школьных адукацыйных спектакляў, як у пастаноўках Настассі Махавай і Дзіяны Юрчанка.

Наяўнасць такой сітуацыі — непасрэдны вынік галоўнай «хваробы» сучаснай харэаграфіі — крызісу аўтарскага пачатку і адсутнасці новых яркіх імёнаў. «D.O.Z.SK.I.», безумоўна, былі лепшымі, аднак і канкурэнтаў у іх мала… Амаль усе ўдзельнікі фэсту дэманстравалі сярэднестатыстычны ўзровень далучанасці да «сусветнага танцавальнага Інтэрнэта», валодання ягонымі базавымі праграмамі і тэхналогіямі, але мала ў каго нават добра засвоены данс-стандарт атрымліваў індывідуальную інтэрпрэтацыю. Паказальным у гэтым сэнсе стаў балет «Вяселейка» Вольгі Лабоўкінай (Тэатр танца «Karakuli», Мінск). Харэаграфія спектакля, «нашпігаваная» лексічнымі міні-цытатамі, выклікала нязменнае адчуванне дэжавю, рымэйка па матывах чужых знаходак. Фенаменальная тэхнічнасць і акцёрская арганічнасць самой Лабоўкінай не засталіся па-за ўвагай: яна атрымала прэмію ў намінацыі «Артыстызм».

І яшчэ адно назіранне. Над усім убачаным лунаў адчувальны настрой агульнай творчай стомы. Маю на ўвазе, вядома, не мастацкую эвалюцыю беларускай сучаснай харэаграфіі, а яе соцыякультурнае становішча. Бо энтузіязм па-ранейшаму застаецца для многіх асноўным палівам. А IFMC — амаль адзінай мажлівасцю для творчага ўзаемаабмену і прэзентацыі ўласных пошукаў.

У гэтым сэнсе значэнне віцебскага форуму цяжка пераацаніць. Фестываль не толькі дае пуцёўку ў жыццё крэатыўным памкненням маладых харэографаў, але таксама спрабуе папулярызаваць дасягненні беларускіх майстроў, інтэграваць лепшае ў сусветную танцавальную прастору. На сёлетні фэст з гэтай мэтай былі запрошаны прадстаўнікі аўтарытэтных у свеце арганізацый. Варта спадзявацца, што гэты дзейсны пачатак набудзе пераканаўчы працяг. Лексічна разнастайны тэзаўрус, якім авалодалі айчынныя харэографы, пераадоленне тэндэнцый местачковасці і правінцыйнай самадзейнасці — выдатныя для гэтага падставы.

Святлана Уланоўская