"Якая дзіўная гульня!"

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

XVІ Мінскі міжнародны фестываль "Лістапад",

Кожны раз, калі гаворка заходзіць пра фестываль «Лістапад», акцэнт робіцца галоўным чынам на колькасці паказаных фільмаў і краін-удзельніц. Трэба сказаць, што гэта характарыстыка хоць і пераканаўчая, але ўсё ж адносная. У агульную колькасць уваходзяць і пазаконкурсныя фільмы, і стужкі спецыяльных праграм, і фільмы дзіцячага кінаконкурсу «Лістападзік». У Мінскага форуму ёсць іншыя, магчыма, больш прыкметныя асаблівасці.

/i/content/pi/mast/27/457/cin_01==_opt.gif

«Гастролі» Горана Маркавіча. Сербія.

Гэта адзін з нешматлікіх фестываляў, дзе паказваюцца, як у першы раз, фільмы ўжо прагледжаныя і ўзнагароджаныя (хіба за выключэннем беларускіх). Значыць, на фестывалі прадстаўлены ўжо пэўны вынік мастацкіх пошукаў і сацыяльных абагульненняў. Акрамя таго, наш «Лістапад», мабыць, адзіны ў сваім падабенстве да двухаблічнага Януса, бо раўназначнымі на ім лічацца вынікі працы двух журы — кінематаграфічнага і глядацкага. Зрэшты, галоўным і канчатковым успрымаецца меркаванне менавіта глядацкага журы, таму што ад яго імя ўручаюцца самыя гучныя прызы: «Золата...», «Срэбра...», «Бронза “Лістапада”». Мінскі фестываль адметны яшчэ і тым, што прафесійнае журы, адзначаючы стужкі ў розных намінацыях — «За лепшую рэжысуру», «За лепшую жаночую ролю», «За лепшую мужчынскую ролю», — не мае права ўручыць прыз «За лепшы фільм» ці хоць бы спецпрыз журы, як гэта прынята на іншых фэстах, якія таксама не належаць да класа «А».

Аднак як бы там ні было, «Лістапад» даўно ўжо зрабіўся знакавай з’явай у нашым культурным жыцці. Яго чакаюць, у ім жадаюць удзельнічаць і перамагаць. І хоць фестывальныя прызы не маюць фінансавай падтрымкі, барацьба за іх ідзе абсалютна сур’ёзная. За шаснаццаць гадоў узніклі атмасфера, такая неабходная для кожнага фэсту, і асяроддзе, дзе ёсць месца не толькі праглядам, але і кантактам, не толькі прэс-канферэнцыям, але і неабходным фестывальным вечарынкам. Нарэшце зрабіўся прыкметным такі важны складнік жыцця форуму, як глядач. Не значыць, што на папярэдніх фэстах яго не было. Проста сёлета «якасць» аўдыторыі аказалася вышэйшай. Калі раней зала часам запаўнялася «арганізаванымі масамі», дык цяпер, як пасля складанай хімічнай рэакцыі, выкрышталізаваўся ўласны глядач, інтэлігентны і адукаваны, для якога кіно — не форма баўлення часу, а спосаб спасціжэння сэнсу. Напэўна, гэта і ёсць галоўны набытак «Лістапада». Зрэшты, такі вынік можна назваць галоўным сэнсам і мэтай кожнага фестывалю.

Гульні аўтсайдэраў

Стракатае тэматычнае поле кожнага форуму дае магчымасць або адкрыць новыя змястоўныя кампаненты жыцця, або суаднесці ўласныя адчуванні, разуменне рэчаіснасці з аўтарскімі выказваннямі. XVI «Лістапад» дазволіў зрабіць і тое, і другое. Прадчуванне гіганцкага хаосу, дзе няма месца ні сардэчным памкненням, ні душэўнаму камфорту, ні чалавекалюбству, відавочна адлюстравалася ў кадрах рэжысёраў розных нацыянальнасцей, узростаў і мастацкіх прыярытэтаў. Паняцці «гуманізм», «духоўнасць», «маральнасць», якія за доўгія гады афіцыёзнага ўжывання зрабіліся амаль бясколернымі, цяпер успрымаюцца як выратавальны якар. У сучасных фільмах захаваны тыя вектары жыцця, якія мала суадносяцца з высокай мараллю і любоўю да чалавека. Аўтары акрэслілі змест «бягучага моманту», дзе ўсё больш прыкметным робіцца іншае — гвалт над асобай, паляванне на чалавека, дэгуманізацыя прасторы. Унутраныя прадчуванні пацвярджаюцца ў поўнай ступені — у фільмах жорстка зафіксаваны антыгуманныя рэаліі жыцця, дзе чалавек чалавеку ўжо даўно перастаў быць «таварышам» і «братам». У дадзеным выпадку прад’яўляць прэтэнзіі да каго б то ні было — бессэнсоўна. Бо сутнасць — не ў наўмысных аўтарскіх устаноўках, а ў самой рэальнасці, розныя сюжэты і вобразы якой рэпрадуктаваны ў фільмах.

/i/content/pi/mast/27/457/cin_04_opt.gif

«Спакой у душы» Уладзіміра Балко. Славакія.

Галоўным персанажам большасці стужак з’яўляецца не праславуты «станоўчы» герой, які мае стваральны патэнцыял і шукае выйсце. Як правіла, такія людзі па розных прычынах апынаюцца па-за сацыяльным мэйнстрымам. Цяперашняя рэальнасць вызначыла сваіх герояў — аўтсайдэраў, лузераў. Яны як быццам выбылі з гульні. Не выпадкова польскі фільм так і завецца — «Па-за гульнёй» (рэжысёр Кася Адамік).

Хоць паняцце «гульня» мае самае непасрэднае дачыненне да прафесіі галоўнага героя (ён — футбаліст), гэта хутчэй канстатацыя экзістэнцыйнай сутнасці і героя, і сітуацыі. Знакамітага некалі футбаліста Яцэка Мруза як быццам спецыяльна выштурхнулі на ўзбочыну, прымусіўшы пачынаць усё наноў, але ўжо ў сітуацыі, калі «ўвесь свет з табой у разладзе». Адлучаны ад усяго і пакінуты ўсімі, Яцэк пачынае ствараць футбольную каманду з гэткіх жа няўдачнікаў — бамжоў, п’яніц, наркаманаў. Фільм цалкам пазбаўлены ўрачыстага пафасу перамогі чалавека над абставінамі, над уласнымі заганамі, жыццёвымі несправядлівасцямі. У ім няма і намёку на катэгарычнасць маральных імператываў. У драматургічна жорсткай канве фільма прысутнічае іншы галоўны герой, нябачны, але заўсёды гатовы скарэктаваць жыццё кожнага, — асяроддзе. Менавіта «раўнадушная прырода» заўжды гатовая перавесці чалавека з поля ігракоў на ўзбочыну аўтсайдэраў.

Лёсы аўтсайдэраў у іншых фільмах складаюцца яшчэ больш трагічна. Герой славацкай карціны «Спакой у душы» (рэжысёр Уладзімір Балко) спрабуе вярнуцца да звычайнага жыцця пасля некалькіх гадоў турмы. Ён аказаўся ахвярай перабудовачна-бандыцкага часу, але ва ўмовах сваёй краіны. У характарыстыцы Тоны ёсць намёк на станоўчыя якасці. Менавіта гэтая акалічнасць прадвызначыла трагічны фінал. Пазітыўнае памкненне героя вырвацца з заганнага кола асуджана на паражэнне. Аднак у фільме акцэнт зроблены не на тым, які насамрэч персанаж — станоўчы ці адмоўны. Ёсць абыякавая рэальнасць, у якой усе лепшыя чалавечыя парыванні застаюцца незапатрабаванымі. «Спакой у душы» можна разглядаць як парафраз «Каліны чырвонай» — з той толькі розніцай, што гэта фільм не пра асобу, а пра асяроддзе, якое выштурхоўвае чалавека за межы жыцця.

Паядынак з рэальнасцю можа ўвесці ў стан ступару і поўнага адчужэння ад яе. Розныя пакаленні герояў фільма «Лепшыя рэчы» (рэжысёр Дзюэйн Хопкінс, Вялікабрытанія) перажываюць усё тое ж — адхіленне і ад рэчаіснасці, і адзін ад аднаго. Штосьці аднойчы разбуранае ў іх жыцці — каханне, сям’я, сяброўства — зрабілася неадлучным фонам татальнай адзіноты і бязрадаснага самапаглыблення. Кінааповед ідзе выключна на экзістэнцыяльнай тэрыторыі, дзе развіццё дзеяння абумоўлена праявай не ўчынкаў ці характараў герояў, а іх унутраных перажыванняў. Сузіральна-адчужаны стан герояў вызначыў і рытм фільма, які больш за ўсё падобны на дзэн-будысцкую медытацыю.

/i/content/pi/mast/27/457/cin_09_opt.gif
 Свет велізарны, і выратаванне хаваецца за вуглом»
Стэфана Камандарава. Балгарыя—Германія—Славенія—Венгрыя.
Нягледзячы на тое, што аўтсайдэрамі людзі становяцца ў выніку пэўных грамадскіх адносін, у сучасным кіно няма і намёку на тэму сацыяльнай несправядлівасці або выдаткаў сацыяльнай стратыфікацыі. Такое адчуванне, што адпаведныя сюжэты ўвогуле зніклі. Свет асэнсоўваецца ў межах рознага роду экзістэнцый. Свайго кшталту выключэнне — яшчэ адзін фільм на тэму непрымання чалавека і адчужанасці яго ад рэальнасці — «Прывітанне табе, мой анёл» (рэжысёр Актай Мір-Касім, Азербайджан). У фільме адчуваюцца традыцыі героіка-прыгодніцкага жанру савецкага кіно, калі ўвага засяроджана не на стане героя (у дадзеным выпадку гераіні), а на важных учынках, якія робяць гэтага героя ў вачах гледачоў усё лепшым і лепшым. Менавіта такія ўчынкі здзяйсняе маладая актрыса, пакінутая з дзіцем на руках і змушаная выжываць у абсалютна нядобразычлівым свеце. Нягледзячы на адназначную дыдактычнасць, кінастужку ў пэўнай ступені таксама можна разглядаць як увасабленне ўсё той жа рэальнасці, варожай у адносінах да чалавека. Калі раней герой мог выйсці пераможцам з гэтага паядынку, дык цяпер усё часцей ён аказваецца сярод тых, хто прайграе.

Гульні дзяцей

Яшчэ страшней, калі аўтсайдэрамі на нашых вачах робяцца дзеці. Штосьці сапраўды «не тое» адбываецца ў гэтым свеце, калі дзеці пачынаюць бунтаваць і раней часу становяцца дарослымі. Па сутнасці, розныя фільмы розных аўтараў пра адно і тое ж: пра адчужэнне дзяцей ад сям’і, бацькоў, соцыуму, пра абыякавасць да іх усіх і ўсяго. У фільме «Дах» (рэжысёр Барыс Грачэўскі, Расія) дарослыя настолькі захапіліся ўласнымі любоўнымі страсцямі, кар’ернымі інтарэсамі, што не заўважылі, як дзеці пачалі гуляць у дарослых. І ў гэтых гульнях усё па-сапраўднаму — надзея, каханне, боль, роспач, прага смерці. Калі б не «фацэтны» тон і стыль ходкага анекдота, фільм Грачэўскага цалкам мог бы адпавядаць жанру сур’ёзнай драмы. Як гэта было ў нядаўнім фільме расійскага рэжысёра Валерыі Гай Германікі «Усе памруць, а я застануся», які атрымаў спецпрыз Канскага фестывалю. Аднак абраны стыль — гэта таксама ступень разумення аўтарам праблемы пад назвай «дзеці па-за светам».

Крыху іншы погляд на гэтую праблему ў стужцы «Музычная шкатулка» (рэжысёр Фарзад Метамен, Іран). Дзіця па-свойму перажывае смерць блізкіх. Мяжа паміж светам жывых і мёртвых робіцца вельмі хісткай. Бачная, відавочная прысутнасць іншасвету — тэма зусім не новая ў кіно. Але амаль рытуальнае вандраванне дзіцяці на той свет, сур’ёзныя гутаркі маленькага хлопчыка з Анёлам Смерці — такі сюжэт увасабляецца ўпершыню. Іранскі фільм у параўнанні са стужкамі іншага нацыянальнага кантэксту дае магчымасць падумаць і пра тое, што ва ўмовах усходне-патрыярхальнага ўкладу дзіця ўсё-такі больш абароненае, чым у грамадстве з парушанай іерархіяй сваяцкіх сувязяў. Хлопчык Алі, які страціў блізкіх людзей, не адзінокі, паколькі ў яго захоўваецца пачуццё дому і сям’і. Дзякуючы гэтаму Алі выжывае. У той час як Машы, Янкі, Алены, якія аказваюцца непатрэбнымі ва ўласных сем’ях, бо страцілі самую важную апору, спрабуюць развітацца з жыццём, скінуўшыся з даху шматпавярховага будынка.

У надзвычай складанай сітуацыі аказваецца грузінскі падлетак Тэда са стужкі «Іншы бераг» (рэжысёр Георгій Авашвілі, Грузія—Казахстан. Прыз журы «За лепшы дэбют»). У выніку грамадзянскай вайны з Абхазіяй у хлопчыка нічога і нікога не засталося: краіны, з якой ён павінен быў уцякаць разам з маці; бацькі, якога яны вымушаны былі пакінуць у абхазскай бальніцы; дзяцінства, якое закрэслілі нягоды, што выпалі на яго долю. Сяк-так зляпаная каморка на ўскраіне Тбілісі так і не стала для яго домам. На сваёй гістарычнай радзіме Тэда, падобна, больш страціў, чым набыў: маці пачала зарабляць на жыццё прастытуцыяй, сябры, якія ў паўразбураных падвалах «каштавалі» наркату і клей, вучылі яго красці.

Аселая частка грузінскага жыцця 12-гадовага хлапчука — толькі прэамбула да суровага вандравання назад у Абхазію, куды Тэда выпраўляецца ў пошуках бацькі. У гэтым падарожжы сустракаюцца героі, воляю трагічнага рока расстаўленыя на сцэне тэатра пад назвай «Вайна і мір»: грузіны, рускія, абхазцы. Аўтарскі погляд пазбаўлены нацыянальных прыярытэтаў. Рэжысёр, як эпічны апавядальнік, трымаецца на пэўнай адлегласці ад падзей, прасякнутых драматызмам і безвыходнасцю. Стылю «Іншага берага» ўласцівыя наўмысная бесстароннасць і жорсткая аб’ектыўнасць. Тэда, па вялікім рахунку, аказваецца нікому не патрэбным. Ён застаўся адзін у «гэтым вар’яцкім, вар’яцкім свеце». Ніхто з дарослых, незалежна ад нацыянальнасці, не робіць скідку на ягоны ўзрост, з ім вядуць паядынак на роўных. Ён — чужы сярод сваіх і яшчэ ў большай ступені чужы сярод чужых.

У кіно тэмы «вайна і дзеці», «разруха і дзеці» не новыя (згадаем «Іванава дзяцінства» ці «Я родам з дзяцінства»). Аднак у тых стужках вайна мела прасторава-часавыя межы. У «Іншым беразе» вайны як быццам няма, але яе смяротная энергія спапяліла ўсё жывое, у тым ліку і душы людзей. Тэда спрабуе выжыць на папялішчы. Ці выжыве? А калі выжыве, дык якім ён будзе? На гэтыя пытанні няма адказаў...

Гульні дарослых

Як злавеснае гульбішча, паказана вайна ў фільме «Гастролі» (рэжысёр Горан Маркавіч, Сербія. Спецыяльны дыплом кінематаграфічнага журы «За мастацкую цэласнасць і сцвярджэнне агульначалавечых каштоўнасцей». Спецыяльны дыплом журы кінапрэсы «За мастацтва, якое прымірае»). Стужка таксама зроблена ў жанры вандравання. Невялікае ўдакладненне змяняе стылістыку фільма: падарожнічаюць акцёры. Менавіта гэтай акалічнасцю тлумачыцца пэўная доля знарочыстасці і ўмоўнасці. На сцэне «тэатра ваенных дзеянняў» усе героі — галоўныя: сербы, харваты, албанцы, акцёры, пісьменнікі, гандляры, вайскоўцы. Аднак рэчаіснасць уносіць свае карэктывы. У кожнай вайне, тым больш грамадзянскай, усе галоўныя героі ў той жа час — другарадныя, усе пастаянныя — часовыя, усе пераможцы — пераможаныя. Наўмысная ўмоўнасць і стылізацыя пад тэатральнае дзейства не ўплываюць на стварэнне вобраза сусветнага жахлівага хаосу, у цёмных завіхрэннях якога спее пагроза ўсяму жывому на зямлі. Вайна — той тэатр, сцэна якога кожны раз кліча новых удзельнікаў. Стужка, у мастацкай цэласнасці якой арганічна яднаюцца дакументальная дакладнасць, тэатральная ўмоўнасць і мудрасць прыпавесці, стала свайго роду праніклівым маналогам-заклікам, пазбаўленым пафасу і фальшу. Дзеля справядлівасці заўважу, што гэта лепшая з сербскіх карцін, паказаных на «Лістападзе» за ўвесь час яго існавання.

Гульня ў калядную казку

Калі ў любой фестывальнай праграме з’яўляецца фільм Кіры Муратавай, глядацкі ажыятаж забяспечаны. Так здарылася і гэтым разам: кіназалы былі поўныя. Аднак думкі з нагоды карціны падзяліліся. Стужка «Мелодыя для катрынкі» (рэжысёр Кіра Муратава, Украіна. Прыз журы кінапрэсы «Фільм як з’ява мастацтва», прыз «Магія кіно» часопіса «На экранах») выклікала абсалютную любоў прэсы, спакойную цікавасць гледачоў, халаднаватае стаўленне прафесійнага журы.

У новым творы заканадаўцы новага, ні на што не падобнага стылю стракацяць шматлікія паўторы і алюзіі. Найперш Кіра Муратава паўтарае саму сябе. Акрамя таго, тэматычна і сюжэтна «Мелодыя для катрынкі» нагадвае, з аднаго боку, «Сярод шэрых камянёў» самой Муратавай, а з іншага — андэрсенаўскую казку «Дзяўчынка з запалкамі». Драматургічная канва лёгка праектуецца на сюжэт стужкі «Іншы бераг». У сюжэтнай лініі «Мелодыі...» захоўваецца ўсё той жа матыў вандравання. Дзеці, зводныя брат і сястра, пасля смерці маці адпраўляюцца напярэдадні Каляд шукаць сваіх бацькаў. Па сутнасці, гэтае вандраванне — па аналогіі з яшчэ адным муратаўскім фільмам — можна было б назваць і так: «Спасцігаючы белы свет». Аднак свет у адносінах да бедных сірот аказваецца зусім не белым і не добрым. Персанажы гэтага свету, як у рэкламным блазнаванні, размаляваныя і адназначныя. Гэта, мабыць, тая немалаважная дэталь, якая адразу чапляе. Гэта тое, што ніяк не дае магчымасці паверыць у шчырасць намераў аўтара. Аднойчы рэжысёр сказала, што «мастацтва — гэта гульня ў жыццё» і што «кіно існуе для атрымання задавальнення і баўлення часу». Так усё і аказалася ў «Мелодыі...». «Усё гэта было б смешна, калі б не было так сумна...» У фільме выявілася відавочнае несупадзенне сэнсу таго, што адбываецца, з формай, якая больш адпавядае карнавальнаму відовішчу. Грым, адзенне, маскі, рэплікі, дыялогі, персанажы — пазнавальныя знакі муратаўскага почырку. Аднак сумны аповед з трагічным фіналам на фоне яркіх і сытых малюнкаў з жыцця наваяўленых нуварышаў сам нагадвае размаляваны лубок на калядную тэму. Знакаміты муратаўскі стыль, на жаль, застаўся толькі на ўзроўні формы.

Гульні гледачоў

Глядацкае галасаванне на «Лістападзе» — само па сабе вялікая інтрыга і непрадказальная гульня. Маленькія квадрацікі з пазначанымі на іх баламі ад 1 да 10 могуць змяніць карціну прыярытэтаў глядзельнай залы ў любы момант. Ужо які год аўдыторыя «Лістапада» выяўляе добры мастацкі густ, а часам — грамадзянскую і чалавечую сталасць. За апошнія некалькі гадоў не прыгадаю выпадку, каб выбар гледачоў катэгарычна адрозніваўся ад выбару кінематаграфічнага журы ці журы прэсы.

І хоць амаль да самага канца, паводле меркаванняў публікі, лідзіравала шведская карціна «Вечныя імгненні Марыі Ларсан», літаральна ў апошні дзень градацыя сімпатый аўдыторыі змянілася. Тры карціны, якія вырваліся наперад і вызначылі фестывальныя «золата», «срэбра» і «бронзу», лагічна спраектаваліся на глядацкія прыярытэты. «Бронзавы» кляновы ліст быў аддадзены беларускаму фільму «Снайпер. Зброя адплаты», што сведчыла пра наяўнасць патрыятычных пачуццяў. «Срэбны» дастаўся згаданаму шведскаму фільму, пацвердзіўшы тым самым высокую ступень эстэтычнай адукаванасці сучаснага масавага гледача. А галоўным прызам — «Золата “Лістапада”» — была ганаравана стужка «Свет велізарны, і выратаванне хаваецца за вуглом» (рэжысёр Стэфан Камандараў, Балгарыя — Германія — Славенія — Венгрыя), і гэты выбар паказаў, што такія годныя чалавечыя якасці, як спачуванне, добразычлівасць, пачуццё гумару, таксама ўласцівы нашым кінааматарам.

Фільм балгарскага рэжысёра — пра магчымасць заўсёды знайсці выратавальнае выйсце. Па сутнасці, усе героі ў розныя перыяды жыцця, у розных сітуацыях шукаюць выратаванне — і заўсёды знаходзяць яго: бацькі хлопчыка бягуць ад «светлай рэальнасці» камуністычнай Балгарыі ў неакрэсленыя перспектывы Германіі; юнак, які ў будучым зробіцца пісьменнікам (дарэчы, фільм пастаўлены па аўтабіяграфічнай кнізе нямецкага пісьменніка балгарскага паходжання), імкнецца пасля аўтакатастрофы выйсці са стану амнезіі; дзядуля юнака робіць усё для таго, каб той вярнуўся да самога сябе. Немагчымага няма, неабходна толькі засяродзіцца і знайсці самы правільны ход. Бо жыццё — як гульня ў нарды, калі ад правільна кінутага кубіка залежыць вынік усёй партыі. Менавіта гэтая гульня стала вобразным кодам фільма.

Гульня ў беларускае кіно

Яна пачынаецца на ўзроўні заяў тых, хто кіруе беларускім кіно. То нам абяцалі «абагнаць Галівуд», то напярэдадні фестываляў гучна заяўляюць пра «значнасць» беларускіх фільмаў, то лічаць «новым словам» фільмы сумніўнага зместу і мастацкай якасці. Дзе ж яно, сучаснае беларускае ігравое кіно? У прадзюсераў яно не выклікае цікавасці, гледачы пра яго не ведаюць, пракатчыкі заклапочаны, якія лічбы паставіць у справаздачу...

Памятаю, як на адным з «Лістападаў» нібы пра вялікае адкрыццё бадзёра рапартавалі пра фільм Марыі Мажар «Ворагі». Што-што, а прыз гледачоў ужо як быццам быў забяспечаны. Толькі ў той год ні гледачы, ні міжнароднае кінематаграфічнае журы так і не падтрымалі гарачае жаданне кіраўніцтва беларускага кіно. А старшыня прафесійнага журы Дзмітрый Месхіеў заўважыў: «Сорамна, што ў Беларусі ствараецца такое кіно». Яно, такое кіно, стваралася, дарэчы, зусім не ў Беларусі. Але гаворка не пра тое. Гаворка пра адсутнасць крытэрыяў і мастацкага чуцця на кінапрадукцыю са штампам «Зроблена ў Беларусі».

На XVI «Лістападзе» былі прадстаўлены два беларускія фільмы — «Снайпер. Зброя адплаты» (рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў) і «Інсайт» (рэжысёр Рэната Грыцкова). Незалежна ад тэмы, стылю, жанру, амаль ва ўсіх беларускіх фільмаў ёсць агульныя «загагуліны». Адна з іх — няўважлівасць да таго, што, уласна, і складае сутнасць мастацтва кіно: візуальнай пластыкі. Не атрымліваецца таго, пра што яшчэ класік казаў, — глыбіні экрана. У «Інсайце», напрыклад, наогул няма асяроддзя. Пакой гераіні, ды і сама гераіня, неверагодна статычныя. Як быццам у адным і тым жа месцы ўстанавілі святло — вось і ўся прастора фільма. У «Снайперы» крэпасць у Кенігсбергу чамусьці кропля ў кроплю нагадвае турыстычную паштоўку з Мірскім замкам. А дзверы ў крэпасці часоў Другой сусветнай вайны акурат як цяперашняя стылізацыя пад даўніну. Ды і адзін з галоўных герояў, які апынуўся ўнутры нямецкай групоўкі, апрануты калі ўжо не як лонданскі дэндзі, то, пэўна, як Індыяна Джонс. Пры такіх «ляпах» ніякія жанравыя выкрутасы — баявік ці псіхалагічная меладрама — ужо не спрацоўваюць. Бо нават у гульні неабходна захоўваць хоць бы ілюзію праўды.

Больш чым гульні

Некалькі гадоў таму суцэльны «лістападаўскі» трыумф зведала шведская карціна «Як на аблоках» Кая Полака. І вось трыумф паўтарыўся. Самую вялікую колькасць прызоў сабрала карціна «Вечныя імгненні Марыі Ларсан» (рэжысёр Ян Труэль, Швецыя — Данія — Фінляндыя — Нарвегія. Прыз за лепшую рэжысуру. Прыз за лепшую аператарскую працу — Яну Труэлю і Мішу Гаўрушаву. Прыз за лепшую мужчынскую ролю — Мікаэлу Персбранту. Прыз за лепшую жаночую ролю — Марыі Хейсканен. Сярэбраны прыз глядацкага журы). Гэты фільм мог бы атрымаць прыз і за лепшае выкананне роляў другога плана, за працу мастака, сцэнарыста, кампазітара. Калі аднойчы знакамітага рэжысёра спыталі, што такое таленавіты фільм, ён адказаў: «Гэта калі збіраецца каманда таленавітых людзей». Так атрымалася яшчэ і таму, што ў гэтым фільме быў самы важны чалавек — Аўтар. Менавіта аўтарскім стаўленнем, воляй, светабачаннем з’яднана маляўнічае пано, якое больш нагадвае вытанчана манахромную выяву старых фатаграфій.

У гэтым фільме непрыкметна, так, што не відаць ніводнага «шва», падагнаны адзін да аднаго розныя складнікі адзінага цэлага пад назвай «жыццё»: вялікая гісторыя і прыватнае жыццё асобна ўзятай сям’і, адносіны мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей, пачуццё абавязку і пачуццё кахання, статус мужчыны і жанчыны, нараджэнне і смерць, цярпенне і нянавісць, здрада і дараванне. Гэта карціна дакладная ва ўсіх дэталях, выдатная па якасці мастацкіх выяў, бясконцая па сэнсах. Гэты фільм — як глыбокая літаратура, што кожны раз пры новым чытанні адкрываецца ўсё новым зместам; як добры жывапіс, што прыадкрывае кожны раз свае новыя грані; як дзівосная фатаграфія з мінулага, што заварожвае чароўным адчуваннем ажылага часу. «Вечныя імгненні...» апынуліся вышэй навамодных плыняў, стылявых вынаходстваў, жанравых віньетак. Фільм, які з’явіўся ў краіне вялікага Бергмана, сведчыць аб прыхільнасці да класічных традыцый. Гэта аказалася сёння запатрабаваным як ніколі, бо ў класіцы ёсць нешта большае, чым проста гульня, — увага да чалавечага жыцця і шчырасць.

Людміла САЯНКОВА

«Мелодыя для катрынкі»: у прадчуванні надзеі

 /i/content/pi/mast/27/457/md_portret_opt.gif
 Кіра Муратава

Актрыса, сцэнарыст, рэжысёр. Народная артыстка Украіны.

Візіт славутага рэжысёра Кіры Муратавай стаўся адной з яскравых падзей ХVI Мінскага міжнароднага фестывалю «Лістапад». Майстар (разам з мужам, мастаком-пастаноўшчыкам Яўгенам Галубенкам, і прадзюсерам Алегам Коханам) прыехала ў Мінск прадставіць на конкурс кінафоруму сваю апошнюю стужку «Мелодыя для катрынкі». Карціна выклікала вялікую ўвагу публікі, стала аб’ектам абмеркаванняў і спрэчак.

Праз выказванні аўтараў «Мелодыі для катрынкі» — рэжысёра Кіры Муратавай і мастака-пастаноўшчыка Яўгена Галубенкі, спалучаныя з уласнымі меркаваннямі, паспрабуем распавесці пра гэты нешараговы і знакавы для нашага часу фільм.

Дык пра што ж гэтая карціна? Паводле жанру стужку можна вызначыць як «калядную антыказку»: двое дзетак — зводныя брат і сястра — пасля смерці маці выпраўляюцца з правінцыі ў вялікі горад шукаць сваіх бацькаў. За час падарожжа героі перажываюць самыя нечаканыя прыгоды (свядома скарыстаю гэты штамп), але за знаёмым словазлучэннем стаяць зусім не займальныя, хутчэй — жорсткія выпрабаванні, якія ў выніку скончацца не жаданым хэпі-эндам: жыццё акажацца надзвычай несправядлівым. Уявіце: на фоне белага зімовага пейзажу, які раз-пораз асвятляецца сполахамі ёлачных калядных агней, дзве фігуркі крочаць насустрач свайму лёсу, а больш дакладна — свету.

Кіра Муратава: Трактаваць вобразы гэтых дзяцей пры стварэнні фільма можна было па-рознаму: да прыкладу, як занядбаных, няшчасных сірот. Але мы вырашылі, што дзеці мусяць быць вельмі добра выхаванымі сваёй мамай: яны ўвесь час кажуць «дзякуй», «калі ласка». І яны не худзенькія, таму што бяда здарылася нечакана.

Ведаеце, быў такі фільм, які мне не ўдалося паглядзець, — «Грошы, карты, два ствалы». Гэтае словазлучэнне мне прыйшлося вельмі да спадобы: увесь час паўтарала яго пра сябе — «грошы, карты, два ствалы», — зусім не ведаючы, што гэта значыць. Па асацыяцыі прыдумалася і назва для майго фільма: «Голад, холад, два сіроткі». Быў яшчэ варыянт — «Зусім простыя рэчы», а потым спынілася на назве, якую прыдумаў сцэнарыст: «Мелодыя для катрынкі». Гэта сапраўды вечная гісторыя. Двое сірот ідуць па свеце — тэма, якая паўтараецца ў розныя часы.

/i/content/pi/mast/27/457/cin_mur_02_opt.gif
Ці нагадвае гэты сюжэт знаёмыя гісторыі? Так, і казкі Андэрсена, і творы Горкага, Гюго, Бальзака... Аднак героі «Мелодыі...» жывуць і пакутуюць у сучасным свеце, праходзячы, так бы мовіць, кругі пекла, дэманструючы заганы сённяшняга дня. Абыякавасць, якая прадыктавана недахопам часу, жорсткасць, якая нараджаецца з беднасці, подласць, якая ідзе следам за маладушшам, сквапнасць, якая проста жыве і нікуды не знікае... Усе спрадвечныя заганы, атрымаўшы новы антураж, існуюць па ранейшых законах. Яны амаль нябачныя, але іх прырода не стала ад гэтага менш злачыннай. Няўжо людзі сапраўды не здольныя на міласэрнасць?

Кіра Муратава: Канцэпцыя карціны была простай — у гэтай стужцы ніхто не злы. Усе проста жывуць уласнымі клопатамі і аказваюць двум дзеткам тую ўвагу, якую могуць аказаць: даюць парады, кідаюць рэплікі. Дарослыя ў фільме паводзяць сябе нейтральна, ветліва. Хтосьці з іх заняты, хтосьці спяшаецца — яны ўдзельнічаюць у жыцці дзяцей у той жа ступені, у якой мы ўсе ўдзельнічаем у жыцці адзін аднаго. Дарослыя не ведаюць таго, што ведаем мы, гледачы: што гэта дзеці, у якіх памерла мама, што яны галодныя і змерзлыя. Яны бачаць хлопчыка і дзяўчынку, якія нармальна выглядаюць, якія пытаюцца, дзе знаходзіцца Успенскі завулак. Гэта не злоба,
не абыякавасць — гэта трагізм на малекулярным узроўні, які прысутнічае ў нашым жыцці. І з гэтым нічога нельга зрабіць...

Ды ўсё ж ці знаходзіцца ў свеце месца для надзеі? Ці жыве ў людзях дабрыня? Ці здараюцца цуды, якіх мы чакаем у калядную ноч? Чырвонай ніткай праз усю стужку праходзіць магчымасць шчаслівай развязкі. Вось хлопчык раптоўна знаходзіць грошы: цяпер яны з сястрой, нарэшце, змогуць пад’есці. Вось іх падбірае няўдачлівы гулец, які абяцае аддзячыць дзяўчынцы за яе нечаканую дапамогу. Вось маленькага героя вырашае ўсынавіць багаты бізнесмен... Яшчэ адна магчымасць удалай канцоўкі, яшчэ адзін чараўнік, казачная фея, якія знікаюць у паветры, так і не ўзмахнуўшы чарадзейнай палачкай, не здзейсніўшы жаданне. Няўжо наш сучасны свет не здольны падарыць надзею?

Кіра Муратава: Людзі заўжды сцвярджаюць, што менавіта ў цяперашні час моладзь жудасна распусная, дзеці не паважаюць сваіх бацькоў і г.д. Але так казалі яшчэ ў старажытным Рыме. Яшчэ вечнасць таму, скажам, да імператара мог прыйсці чалавек з дарамі мора, а ў адказ пачуць: вазьміце гэтага краба і кіньце яму ў твар! Ён перашкаджае мне глядзець на зоры! Час заўжды аднолькавы. Гэта ілюзія, што эпохі падзяляюцца на больш або менш жорсткія. Жорсткасць, змрок і трагізм існавалі, існуюць і будуць існаваць. Бываюць перыяды, калі здараюцца эканамічныя прасветы і пэўнай частцы насельніцтва падаецца, што «жыць стала лепей, жыць стала весялей», але я так не ўспрымаю рэчаіснасць. Кожная эпоха апранаецца ў сваё адзенне, але шкілет — ад веку адзін і той жа. Жыццё было трагічным заўжды — у часы Нерона, СССР, сёння... Вядома, яно не толькі трагічнае, але мая карціна закранае менавіта гэты бок існавання. А чаму яно такое? Гэта пытанне ўжо не да мяне, яно — да Бога. Спытайце нябёсы: чаму яно такое?

Фільм заканчваецца красамоўнай сцэнай, якая з’яўляецца алюзіяй на вядомы евангельскі сюжэт — пакланенне вешчуноў. Трое будаўнікоў на гарышчы невядомага памяшкання знаходзяць мёртвага хлопчыка. І... заміраюць у здзіўленні. Маленькі Ісус памёр ад холаду і голаду, так і не паспеўшы выратаваць свет. Ці заслугоўваем мы такога прыгавору?
Ці вартыя літасці?

Яўген Галубенка: На мастацтва можна глядзець з розных бакоў. Спачатку яно вярэдзіць, чыніць боль, а з цягам часу вы прызвычайваецеся і атрымоўваеце асалоду ад таго, як твор зроблены. Да прыкладу, навошта вам у пакоі змяшчаць выяву страшэнных пакутаў? Але ў многіх спальнях вісіць распяцце — і гэта нікога не абражае, не выклікае абурэння. Распяцце не перашкаджае нам чытаць кнігу, з задавальненнем снедаць; мы прызвычаіліся да гэтага сімвала, адаптаваліся. У майго сябра ў пакоі вісела рэпрадукцыя карціны Брулова «Апошні дзень Пампеі». Няўжо вы лічыце, што ён успрымаў яе як адлюстраванне рэальных падзей? Не, выява для яго была каштоўная з эстэтычнага гледзішча.

Так пабудаваны свет, што любы жах з цягам часу ператвараецца ў «салон». Якую б апакаліптычную карціну ні намаляваў мастак, праз 100 гадоў яго творы становяцца ўпрыгажэннем для сцен. Так, вы можаце рэагаваць на гэты фільм эмацыйна і шчыра. І можаце пайсці дапамагаць бяздомным дзецям. Паспрабаваць выратаваць нацыю, яе генафонд, проста стаць больш добрым і г.д. А можаце — атрымаць асалоду ад таго, як зроблена гэта кіно. І гэта будзе вашым правам...

Што пакідае нам у сумная «Мелодыя для катрынкі»? Беспрасветны змрок? Смутак па немагчымых залатых часах? Раздражненне ад таго, што прырода чалавека не здолее змяніцца? Крыўду за нявінныя душы? Усё так. Але разам з тым і адчуванне надзеі. Бо столькі ўнутранага супраціўлення выклікае ў душах людзей гэтая «антыказка».... Мабыць, пасля прагляду фільма хтосьці здолее «перапісаць» фінал уласнымі ўчынкамі...

Дар’я Амяльковіч