Галіна Букаціна.На белым аркушы жыцця

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Вядомы крытык Георгій Колас некалі назваў півонямі і вяргінямі жанчын Коласаўскага тэатра. Небеспадстаўна заўважыўшы, што менавіта на гэтай сцэне працуюць самыя прыгожыя актрысы ў Беларусі. У той час гэта не было дзяжурным кампліментам ці актам звычайнай ветлівасці. Працаваць на падмостках Беларускага тэатра імя Якуба Коласа лічылася прэстыжным. Пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута ў Купалаўскім заставаліся адзінкі. Затое ў Коласаўскім, паводле пануючага «астаткавага прынцыпу», збіраліся лепшыя. Галіна Букаціна прыйшла сюды на пачатку 1980-х — з юнацтва і назаўжды.

Ніколі не скардзілася на адсутнасць роляў, бо іграць даводзілася шмат. Яе зграбныя, тактоўныя і сур’ёзныя гераіні, здаецца, ахутаныя вэлюмам пакорлівасці, прыроджанай прывабнасці, якой немагчыма пазбыцца і якую нельга набыць. Тое, што складае акцёрскую індывідуальнасць Галіны Букацінай, натуральным чынам упрыгожвае любы спектакль. Ствараецца ўражанне, што яна здатная абжыць, зрабіць прыдатнай для існавання любую прастору. Ролі іграе без непатрэбнай саладжавасці і жаноцкасці напаказ. Нават не самыя галоўныя персанажы ў яе выкананні запамінаюцца, выходзяць на першы план. Здатнасць не згубіцца ў сцэнічным натоўпе, квітнець і зіхацець нават у цені — вельмі рэдкая ў сучасным тэатры. Сярод вобразаў Галіны Букацінай варта згадаць Аню ў чэхаўскім «Вішнёвым садзе», Лідку ў дудараўскіх «Радавых», Маргарыту ў «Генрыху VI» Уільяма Шэкспіра, Галу ў «...Таму што люблю...» Алены Паповай, Любу ў спектаклі «І смех, і слёзы, і Любоў» паводле Уладзіміра Набокава. Спіс, вядома ж, не вычэрпвае таго, што безумоўна вартае ўвагі.

Зрэшты, наша гутарка таксама не вычэрпвае ўсяго, пра што варта было б пагаварыць.

— Амаль трыццаць гадоў працую ў Коласаўскім тэатры... Але вось учора выйшла на мінскі праспект Незалежнасці, бачу — Акадэмія. Здаецца, зусім нядаўна ўсё было. Першы акцёрска-рэжысёрскі курс у Валерыя Раеўскага і... белы ліст майго жыцця, які так цудоўна было запаўняць. Чатыры гады шчасця. Валерый Мікалаевіч літаральна з першых крокаў пачаў займаць нас у спектаклях Купалаўскага тэатра. Прысутнічалі на рэпетыцыях «Аптымістычнай трагедыі», танцавалі і бегалі ў масоўках. Купалаўцы над намі падсмейваліся. Ды толькі дух і пах сцэны мы адчулі. А потым мне пашанцавала. Тэрмінова спатрэбілася актрыса на ролю сакратаркі Стэлы ў «Пагарэльцах», і мяне ўвялі ў гатовы спектакль. Гэта я зараз разумею, хто быў поруч: Віктар Тарасаў, Павел Дубашынскі, Генадзь Гарбук, Марыя Захарэвіч — уся краса беларускага тэатра. І самае галоўнае — мой улюбёны партнёр Арнольд Памазан. Я дагэтуль захоўваю лялечку з ільну і паштоўку, якую ён мне перад прэм’ерай падараваў. Там напісана: «Стэла, цяпер ты разумееш, у чым складанасць сучаснага моманту?» Мабыць, тады я гэтага да канца яшчэ не разумела, проста трэслася як заяц.

А цяпер разумееш — у чым?

— Усё адбылося. Спектакль быў выбуховы, пра чыноўнікаў. І лішні білецік на яго пыталіся каля сквера. У ім гучалі думкі, якія дагэтуль уголас ніхто не выказваў. А я апынулася ўнутры гэтага дзеяння. Галоўнае для мяне было справіцца з роллю. Пачынаўся другі акт, круцілася кола, і я выязджала на сцэну на каленях у Генадзя Аўсяннікава, пры гэтым мая пантофля стаяла на стале. Акцёры з мяне пакеплівалі, калі ў эпізодзе неабходна было пацалавацца, рабілі гэта па-сапраўднаму. А я думала, што так і трэба. Нельга запярэчыць! Валерый Раеўскі пазнаёміў з Андрэем Макаёнкам. І ён мяне на гэтую ролю блаславіў. Мне было тады 19 гадоў, вось толькі цяпер разумею, у чым удзельнічала. Наступны год праляцеў у эйфарыі. Летам паехала з Купалаўскім тэатрам на гастролі ў Гродна. Там прайшла прэм’ера «Мікітавага лапця», дзе ў мяне таксама была роля. Пасля гастроляў — размеркаванне, і я апынулася ў Віцебску.

На той момант ты фактычна была актрысай Купалаўскага тэатра, і раптам — Віцебск. Не было крыўдна, траўму не атрымала?

— Як табе сказаць... Бадай што горкі асадак прысутнічаў. Але ў той час у Мінску з выпускнікоў амаль ніхто не заставаўся. Былі рэдкія выключэнні: Андрэй Душачкін трапіў у Рускі тэатр, Сяргей Дзмітрыеў — у ТЮГ. Астатнія раз’ехаліся. Ды толькі я думала, што ў Віцебск ад’язджаю ненадоўга. Неўзабаве вярнуся. І вось ужо 30 гадоў у сваім тэатры. Родным... Нібы ў сям’ю патрапіўшы. Усе яны, нашы карыфеі, былі блізкія, хатнія — Уладзімір Куляшоў, Галіна Маркіна, Георгій Дубаў, Анатоль Трус, Мікалай Цішачкін, Галіна Каралькова... Да моладзі ставіліся цудоўна. І тэатр наш быў такі... трапяткі. Рэпеціравалі «Вішнёвы сад». Я — Аня.

Коласаўскі тэатр адрозніваўся ад Купалаўскага?

— Ад Купалаўскага не надта адрозніваўся. Хутчэй можна сказаць, што тэатр тады наогул быў іншым. Больш... урачыстым, нават пампезным. Вось цяпер ён камерны, жывы. Нават седзячы ў зале, ты заўсёды нібыта ўнутры працэсу можаш апынуцца. А раней акцёр ведаў, што існуе пэўная адлегласць паміж ім і залай. На сцэне мы траплялі ў іншы свет. Увогуле па-іншаму існавалі. Выходзілі асобы і стваралі вобразы. Напрыклад, Барыс Эрын вёў па ролі, як па прыступках. Гэта толькі здавалася, што ты сам рухаешся. Вобразы атрымліваліся — закончаныя творы мастацтва. Я дагэтуль настальгірую па тым тэатры. Пасля шмат што змянілася. Акцёры цяпер самі выбудоўваюць свае ролі. Цялёпкаюцца. Часам выплываюць, дзякуючы набытым ведам. Дый могуць і патануць.

Як канкрэтна працаваў Барыс Эрын, можаш прыгадаць?

— Усё было па школе, па задачах. Ведаеш знакамітае: пяцелька — кручочак. Здаралася, працаваў эцюдным метадам. Нечакана на рэпетыцыях змяняў задачы. У спектаклі «Хам» мне прапанавалі ролю Ульяны. Я не разумела — чаму? Па п’есе ёй сорак, а мне было дваццаць пяць. Неяк надзвычай цяжка давалася работа. Эрын кажа: «Трэба развіваць дыяпазон. Што вы ўсё субрэтак іграеце — вы ж гэта і так умееце. Важна паспрабаваць тое, што складана, чаго яшчэ ніколі не рабілі». Ён вельмі асцярожна, паступова мяне ў вобраз уводзіў. Калі ўрэшце атрымалася, была проста шчаслівая. Апошнім часам мы неяк развучыліся працаваць з тэкстам. А ў «Метамарфозах кахання», дзе я іграла Ілуш, былі велізарныя маналогі. І пасля кожнай рэпетыцыі Эрын рабіў дэталёвы аналіз. Вельмі дакладна (таму і крыўда не пякла) паказваў на памылкі. Ішоў падрабязны працэс. Разбіралі твор, паглыбляліся ў абставіны. Ляпілі вобраз. Потым прагоны... На жаль, мы нейкім чынам страцілі школу, якую мелі. І гэта балюча.

Кажуць, што чалавек, які ў дзяцінстве навучыўся катацца на каньках, ніколі не развучыцца. Хіба ў акцёрскай прафесіі не так?

— Развучыцца нельга, ды многае страчваецца. У тэатры таксама існуе свая граматыка. Спачатку абавязкова адбываецца чытка п’есы, а потым трэба ісці па дзеянні, па задачах. Сучасныя рэжысёры, бывае, абмінаючы граматыку, адразу пачынаюць працаваць з агульнымі паняццямі. Калі акцёр валодае школай, то справіцца, бо сам зразумее, што да чаго. Інакш дом без падмурка абрушыцца. На інтуіцыі, на эмоцыях надта доўга не пратрымаешся. Раз-другі, не больш. Затое калі ведаеш законы, па якіх будуецца спектакль, роля можа атрымацца сама сабой. Дарэчы, такія рэжысёры, як Віталь Баркоўскі, не будуць сядзець і ўсё канкрэтна па задачах разбіраць. Так бы мовіць, літары ў словы састаўляць. Таму яго і разумеюць найперш акцёры, з якімі не адзін спектакль выпусціў. Мне спачатку таксама было складана. Калі зразумела сістэму, вельмі камфортна стала з ім працаваць. І ў нас многае атрымалася.

Многія лічаць, быццам акцёр у сучасным тэатры — фігура кшталту шахматнай. Рэжысёр задумвае «партыю», а выканаўцу неабавязкова ведаць, дзеля чаго ён робіць той ці іншы «ход».

— Думаю, акцёр заўсёды ведае і разумее, што робіць на сцэне, інакш навошта працаваць? Праўда, дзеля таго, каб склалася нешта агульнае, неабходна часам растварыцца ў ім. Найлепшая ілюстрацыя да нашай размовы — спектакль «Прывітанне, Альберт!». У ім дзейнічаюць знакамітыя асобы — Ньютан, Кюры... Пастаноўка складаецца з асобных фрагментаў, што нанізваюцца адзін на другі, а ў выніку ўзнікае атмасфера, якая цалкам адпавядае заяўленаму жанру «вандроўкі ў прастору невядомага». І гэтая атмасфера, светаадчуванне маюць у спектаклі большае значэнне, чым характары.

Сцэна для акцёра заўсёды накшталт лакмусавай паперкі. Нават калі акцёра выкарыстоўваюць толькі, так бы мовіць, фрагментарна, усё роўна гледачам адразу бачна, што ён з сябе ўяўляе. Калі пустэча, дык і відавочная пустэча. Зрэшты, калі ты жыў-жыў, ды цягам жыцця нічога за душу не паклаў, як зможаш іграць класіку?

Як да Коласаўскага тэатра ставяцца ў горадзе?

— Калі я толькі прыйшла ў трупу, Віцебск быў тэатральным горадам. Гараджане ведалі акцёраў, «хадзілі» на любімых выканаўцаў. Цяпер усё крышачку інакш. Глядацкая апантанасць у пэўнай меры страчана. Глыбокі, змястоўны тэатр сёння складана прадаць. Публіка прагне «хлеба і відовішчаў». Магчыма таму, што тэатр адзіны ў горадзе, нам трэба задавальняць самыя розныя густы і патрабаванні. Усё ж хацелася б часцей прапаноўваць гледачам спектаклі іншага ўзроўню — і па змесце, і па ягоным увасабленні. Камедыю таксама можна паставіць з густам. Прыгожа, дасціпна, элегантна. Тады ні перад кім не трэба будзе вочы долу апускаць. Памятаю, як некалі бліскуча працаваў Георгій Дубаў у камедыі «Будзьце здаровы!». А глядзельная зала заходзілася ад смеху... Было... Усё было.

Ёсць адчуванне значных творчых страт?

— Страты пачаліся даўно, калі сталі сыходзіць нашы карыфеі. Асобы. Так здарылася. Быццам насланнё, быццам каса выкасіла. Фёдар Шмакаў быў апошні з магікан. Але дагэтуль сышлі адзін за адным Мікалай Цішачкін, Уладзімір Куляшоў, Яўген Шыпіла... Са старэйшага пакалення коласаўцаў застаўся толькі Тадэвуш Кокштыс. Вядома ж, страты для тэатра істотныя, прагалы так проста не запоўніш. І гэта заўважна на сцэне. З іншага боку, стаўленне да тэатра таксама змянілася. Раней трапіць у Коласаўскі было прэстыжна. А цяпер мы лічымся правінцыяй. Трупа фарміруецца па-іншаму. У тэатр запрашаюць працаваць людзей, калі ім ёсць дзе жыць. Яны вучацца завочна, а гэта вялікі мінус для прафесіі.

Коласаўскі тэатр мае высокі прафесійны статус, які пастаянна трэба падтрымліваць. Як ні дзіўна, часам здаецца, што менавіта падобны статус тэатру шкодзіць.

— Мне здаецца, што з тэатрам на тэрыторыі нашай краіны ўвогуле штосьці адбываецца. Але статусу «Нацыянальны» коласаўцам, вядома, трэба адпавядаць. Думаю, неўзабаве мы з той сітуацыі, якая склалася, выкараскаемся. У тым ліку дзякуючы рэпертуарным зменам, якія цяпер адбываюцца.

А калі ў тэатр і надалей будуць прыходзіць людзі ў пэўнай ступені неадукаваныя?

— Не зусім слушнае вызначэнне. Сюды проста так людзі не прыходзяць. І ў душы маюць штосьці важнае. Мы ўсе любім хварэць хваробай тэатра. Чалавек, які не любіць хварэць тэатрам, рана ці позна пойдзе адсюль. Трупа наша таленавітая. А вось з рэжысурай бяда не толькі ў нас. Мне здаецца, пра гэта крычаць паўсюль.

Спадзяюся, што добрыя традыцыі коласаўцаў будуць працягвацца. Як жа інакш? Зараз мы знаходзімся на раздарожжы. Але абавязкова некуды вырулім. Наш тэатр такую прастору займае ў культурным жыцці краіны, што другога выйсця ў нас проста няма. Тэатр павінен мець уплыў на чалавека. Іначай ён мёртвы. Не думаю, што мы да такога дажывем.

Якімі якасцямі сёння трэба валодаць, каб стаўленне да тэатра змянілася?

— Ёсць сцэнічныя калектывы, якія заўсёды адпавядаюць свайму прызначэнню, непадуладныя модзе і павевам часу. Тэатры Някрошуса або Фаменкі, напрыклад. Але там усё арганізавана па-іншаму. Яны — адна сям’я. Я разумею, што Коласаўскі тэатр ніколі не будзе такім, як раней, набудзе нейкую новую якасць. Ды толькі ўзровень спектакляў павінен быць высокім. Спектакль мусіць узрушваць. Гэта галоўнае. Не ведаю, чаму ўсё змянілася, куды знікла. Магчыма, раней людзі былі больш адкрытыя. Ды толькі ўсё роўна ў нашай прафесіі можна схавацца ад розных нягод. Прафесія — класная, яна вымагае ахвярнасці і ў той жа час ахоўвае цябе. Калі моташна, страшна, на сцэне можна пазбыцца болю. Але выдаткоўвацца трэба на поўную моц, тады энергетычная плынь будзе вольна цячы ў абодва бакі. Туды — і назад. Увогуле сцэна лечыць, нават тэмпература ў хворых можа зніжацца. На энергетычным узроўні адбываецца штосьці невытлумачальнае. Калі я пачынала тут працаваць, мне не было дзе жыць. І я цэлы год тулілася ў пакойчыку загадчыка літчасткі. Уяўляеш: заканчваецца спектакль, усе сыходзяць, а я застаюся адна. Паўсюль гасне святло. Цішыня. Тэлевізара няма. Нічога няма... Спачатку было страшна. А потым я пачала хадзіць па лесвіцах, вандраваць па тэатры. Ты ведаеш, тыя, што ігралі тут некалі, — яны не сышлі. Яны тут ёсць. Сцэна захоўвае энергетыку, тым больш у такім месцы, дзе аддача надзвычай моцная. Не магу дакладна растлумачыць. Але адчуванне было амаль містычнае — і вусцішна, і хораша адначасова.

Прывідаў не бачыла?

— Не. Але пераканана, яны дапамагаюць. Хоць зараз мы з табой казкі гаворым. І ўсё ж тэатр — храм, які напоўнены светлай энергетыкай, не чорнай.

А чаму такія буры здараюцца?

— Немажліва пастаянна існаваць на роўнядзі. Думаю, калі бура, дык неўзабаве штосьці сапраўднае абавязкова народзіцца. Вельмі хацелася б. А як без надзеі? Дзеля надзеі часам патрэбны нават самападман. У пэўныя моманты амбіцыі варта адкінуць, бо мы робім супольную справу. І таму вельмі хочацца выдатных пастановак і агульных перамог. Ведаеш, калі перастаюць рабіць капуснікі ў тэатры, ён памірае. У нас капуснікі пачынаюць адраджацца. Магчыма, хутка знойдзем выйсце з тупіка.

Людміла Грамыка