Галадар вярнуўся!

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Новы твор Сяргея Кавалёва

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля «Вяртанне галадара». Спачатку яе пабачылі польскія гледачы на Міжнародным фестывалі «Тэатральныя канфрантацыі» ў Любліне. Дый неўзабаве назіраць за атракцыёнам галадара прыйшла мінская публіка.

/i/content/pi/mast/27/451/kov_02_opt.gif

Ігар Сігаў (Незнаёмы).

Герой Франца Кафкі і Тадэвуша Ружэвіча ўжо з’яўляўся на сцэне РТБД у спектаклі «Майстар галадання» (пастаноўка Валерыя Анісенкі, прэм’ера — верасень 2005 года). Цяперашняму вяртанню вядомага персанажа паспрыяў драматург Сяргей Кавалёў, які яшчэ раз асэнсаваў знакаміты сюжэт Кафкі і напісаў своеасаблівы працяг п’есы Ружэвіча. Увасобіла твор Кацярына Аверкава.

У маленькае польскае мястэчка прыязджае вандроўны звярынец. Аднойчы раніцай у пустой клетцы, дзе некалі Галадар праводзіў па сорак дзён без ежы, з’яўляецца Незнаёмы (Ігар Сігаў). І зноў пачынаецца атракцыён... Гэта той самы Галадар, які некалі знік са сваёй клеткі, ці не? Навошта ён галадае? Каму гэта патрэбна?

Ды толькі грамадства вельмі змянілася пасля адыходу Галадара... Цяпер яго сустракае дачка гаспадароў Эрна (Вераніка Буслаева), якая працягвае справу бацькоў. І новы атракцыён «40 дзён без ежы» распачынаецца ў новым медыйным свеце. Незнаёмы зноў кідае выклік грамадскасці, дэманструючы ўнутраную свабоду і звышнатуральныя фізічныя здольнасці. Але пытацца ў майстра галадання, навошта ўсё гэта, яшчэ больш бессэнсоўна, чым раней. Ён маўчыць (у адрозненне ад героя Кафкі, які зрэдчас любіў пагутарыць з гледачамі і назіральнікамі) і рве на шматкі нататкі Аляксандра пра сябе. Гэта ягоны пратэст супраць свету, перапоўненага словамі і іх значэннямі, дзе сэнс можа быць падменены бессэнсоўнасцю...

Новая версія вяртання вырашана ў стылі постмадэрнізму. П’еса Сяргея Кавалёва — іранічны і інтэртэкстуальны твор, які руйнуе супрацьлегласці паміж масавым і элітарным. Схільная да містычных і казачных матываў Кацярына Аверкава (прыгадваюцца яе праца «Кысь» паводле Таццяны Талстой на сцэне Акадэміі мастацтваў, урывак з п’есы Мікалая Рудкоўскага «Ана і ананас», паказаны на тэатральным форуме «М.@rt.кантакт») скарыстоўвае мажлівасці постмадэрнісцкай гульні. Традыцыйнымі тэатральнымі метадамі яна будуе нелінейны містычны расповед. У безадноснае да часу і прасторы, бадай што казачнае дзеянне Аверкава ўводзіць інтэртэкстуальныя эпізоды з гісторыі Кафкі. Мінулае паўстае ў выглядзе эцюдаў з Цыркавымі прывідамі (Андрэй Бібікаў, Аляксандр Марчанка, Марыя Пятровіч і Юлія Шаўчук), якімі кіруе Жабрачка-канферансье (Галіна Чарнабаева). Паненкі ў белых сукенках, што пасля заканчэння атракцыёна падхоплівалі галадара пад рукі, ператвараюцца ў кабарэшных танцоўшчыц, а імпрэсарыо-прывід не асцярожна корміць, а гратэскна пхае ў галадара ежу. З асноўным дзеяннем эцюды звязаны візуальнымі (ператварэнне жабрачкі ў канферансье) і гукавымі (чаргаванне музыкі і шэптаў) алюзіямі.

Сістэма вобразаў у спектаклі пабудавана на супрацьпастаўленнях і абагульненнях. Ролю Незнаёмага выконвае зусім не субтыльны Ігар Сігаў. Ён, фізічна дасканалы, існуе поруч з расфарбаванымі, пачварнымі, звыродлівымі прывідамі і стварае вобраз пластыкай, мімікай, без аніякага грыму. А вось мясцовы дзівак Аляксандр у выкананні Дзяніса Паршына, здаецца, дэманструе ўсе самыя тыповыя рысы ўсіх дзівакоў на свеце — растрапаную прычоску, шкарпэткі розных колераў, тысячу і адну дробязь у кішэнях і заўсёдную задуменнасць...

Постмадэрнісцкі стыль спектакля асабліва выяўлены ў шматсэнсоўнасці фінальнай сцэны. Для адных яна завяршае гісторыю кахання — месца Незнаёмага ў клетцы займае Аляксандр, а побач з ім сядае Эрна. Для другіх спектакль набывае філасофскі сэнс: новаму грамадству — новы галадар. Але цікава і смешна, здаецца, тым, хто чытаў Кафку: яны ведаюць, чые іклы заблішчэлі за прутамі напрыканцы самай першай гісторыі...

Ды толькі ў гэтай шматсэнсоўнасці незаўважна страчваецца асноўны канфлікт. На самае простае пытанне: «Пра што спектакль?» — цяжка адказаць. Пра каханне і самаахвярнасць? Пра ўнутранае змаганне чалавека з самім сабой? Пра тое, як грамадства пазбаўляецца з’явы, калі яе немагчыма зразумець?

Разглядаць дэталі, якімі шчодра ўпрыгожаны спектакль, шукаць сімвалы і сэнсы цікава. Але варта толькі зрабіць два крокі назад і зірнуць не на мізансцэны і вобразы, а на карціну ўвогуле — воку, здаецца, няма за што ўхапіцца.

Алена Мальчэўская