«Латарэя» вядзе рэй

№ 1 (322) 01.01.2010 - 30.01.2010 г

Камічная опера Станіслава Манюшкі

 

У сталічнай філармоніі ў межах ХVІІІ фестывалю «Адраджэнне беларускай капэлы» была сыграна (ці, як сказалі б у ХІХ стагоддзі, «разыграна») «Латарэя» Станіслава Манюшкі. І гэта ніякі не розыгрыш (хоць лібрэта — менавіта пра тое, як правялі жаніха-недарэку, закаханага не ў дзяўчыну, а ў грошы). Не розыгрыш яшчэ і таму, што атрымалася не канцэртнае выкананне ранняй камічнай оперы беларуска-польскага класіка, а паўнавартасны спектакль, хоць і без дэкарацый.

/i/content/pi/mast/27/447/14.gif

Прапраўнучка кампазітара Клара Манюшка.

Рэжысёр-пастаноўшчык (і выканаўца ролі Шляхціцкага) Андрэй Каламіец не рабіў, здавалася б, нічога надзвычайнага. Дый хіба разгорнешся ў камернай зале імя Рыгора Шырмы? Нават некалькі радоў крэслаў давялося «размеркаваць» па баках залы, каб уладкаваць перад сцэнай ансамбль салістаў «Класік-Авангард», які выступіў у ролі аркестра. Мастацкі кіраўнік калектыву і ўсёй пастаноўкі Уладзімір Байдаў працаваў па выдадзенай у Варшаве ў 1908 годзе партытуры, далучыўшы да яе раяль.

Партыі салістаў былі размеркаваны ў адпаведнасці з узростам персанажаў. У выніку ў цэнтры апынуліся пачаткоўцы: Яўгенія Каральчук з ансамбля «Купалінка» ўвасобіла шчырую, кранальную Ганну, Сяргей Клачкоў — прастадушнага, не здольнага на хітрыкі Яна Пюркевіча, закаханага ў яе. Дый партыю Незнаёмага, у вусны якога Манюшка ўклаў не звычайную арыю, а раманс «ад аўтара», праспяваў малады Міхаіл Русіноўскі — практычна без репетыцый, замяніўшы запланаванага знакамітага саліста. А Уладзіміру Громаву, вядомаму выкананнем партый высакародных «аксамітна-барытонавых» герояў, удалося сумясціць у падманутым Бібулкевічы як парадыйныя рысы, так і трагедыйныя: яму спачатку зайздросцяць, потым пачынаюць лічыць вар’ятам, дый ён сам набліжаецца да такога стану. Нягледзячы на адсутнасць асобных «выхадных арый», вельмі запамінальнымі атрымаліся сакавітыя характарныя персанажы Віктара Скорабагатава, акцёрская ігра якога была на ўзроўні фантастыкі, і Яўгена Глебава, таленавітага ўдзельніка Опернай студыі Акадэміі музыкі.

А колькі артыстаў Дзяржаўнага камернага хору раскрыліся як выдатныя салісты і, галоўнае, як паўнавартасныя акцёры! Тое, што здзейсніў гэты харавы калектыў, цяжка пераацаніць. Замест звыклых акадэмічных спеваў — свабодныя тэатральныя манеры, ды яшчэ ў камічнай оперы, блізкай да вадэвілю, дзе і патрабуюцца асаблівая лёгкасць, нязмушанасць, натуральнасць. Без ценю «пазёрства» хор стварыў не масоўку, а персаніфікаваную чараду чалавечых лёсаў: у кожнага персанажа — свой спадзеў на буйны выйгрыш.

Ды ўсё ж галоўным адкрыццём для нас стала сама музыка Станіслава Манюшкі. Абсалютна пазнавальны аўтарскі стыль раманса Незнаёмага зусім не ўласцівы іншым музычным нумарам, дзе пры ўсёй іх прыгажосці і прафесіяналізме не стае адметна манюшкаўскай «разыначкі». Разгорнутасць харавых нумароў прымушае згадаць традыцыі рускай оперы. Музычныя партрэты закаханых насычаны подыхам ураўнаважанага класіцызму. Але ж опера была напісана 21-гадовым юнаком! І ў ёй прасочваецца добрая прафесійная падрыхтоўка кампазітара, уменне развіваць музычны матэрыял, у тым ліку поліфанічнымі сродкамі, асабліва ў аркестравай інтрадзе, дуэце і трыо. Жанрава-побытавай завостранасцю, уласцівай рамантызму, вылучаюцца куплеты Бібулкевіча. Размоўныя дыялогі не парушаюць агульнай музычнай драматургіі. Паслядоўнасць жа апошніх двух нумароў набліжае іх да сапраўднай опернай сцэны, узмоцненай правядзеннем асноўных тэм — амаль лейтматываў.

І такіх малавядомых ранніх опер-аперэтак, напісаных задоўга да ад’езду ў Варшаву, у Манюшкі больш за дзесятак. Але менавіта «Латарэя» была да ўсяго яшчэ і своеасаблівай «рэкамендацыяй» кампазітара. Бо паказвалася не толькі ў Гародні і Мінску (а па меркаванні даследчыкаў, таксама ў Вільні), але і ў Варшаўскай оперы.

На цяперашняе ж вяртанне «Латарэі» ў Мінск прыехала прапраўнучка кампазітара Клара Манюшка — прэзідэнт французскай Асацыяцыі імя Станіслава Манюшкі, піяністка, выканаўца камернай музыкі. І была ў такой ступені ўзрушана пастаноўкай і беларускай гасціннасцю, што адразу прапанавала некалькі сумесных праектаў. А вось «Беларускія латарэі» на прапанову аб супрацоўніцтве, на жаль, не адгукнуліся. Мабыць, аказаліся не гатовымі да такога «музычна-тэатральнага лато»...

Надзея Бунцэвіч