На выставе былі прадстаўлены творы з калекцый Нацыянальнага мастацкага і Літоўскага мастацкага музеяў, з Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
і Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея; работы з уласных збораў прапанавалі Беларускі саюз мастакоў і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.
Міхась Сеўрук. Жніво. Алей. 1937. |
Прафесійная падрыхтоўка віленскіх студэнтаў грунтавалася на лепшых традыцыях акадэмічнага мастацтва і дасягненнях еўрапейскіх школ. Творчы пошук не быў для іх самамэтай: яны адточвалі майстэрства ў малюнку і жывапісе, каб узвысіць сваіх сучаснікаў, якіх яны ўвасабляюць як герояў і гераінь роднай зямлі: прадстаўнікоў простага народа, што перажыве ўсе выпрабаванні часу, захаваўшы нацыянальны гонар. Такой высокай мастацкай ідэяй літаральна прасякнуты ледзь не кожны твор заходнебеларускага мастацтва — алегарычнага, пейзажнага і партрэтнага жанраў. Гэта ж ідэя ўвасобілася ў вобразах нацыянальных паэтаў — Янкі Купалы, Максіма Танка, Валянціна Таўлая.
Мастакі часта малявалі краявіды сваёй малой Радзімы. Дзякуючы ім сёння мы можам «вандраваць» па вулках даваеннай Вільні, крочыць «сцяжынкамі Драздовіча» па прасторах Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Свае пейзажы творцы напаўнялі сімвалічным зместам, тут дрэва, студня, храм ці капліца становіцца магутным знакам непахіснасці і цвёрдасці нацыянальнага духу.
Сяргей Віш неўскі. Стары з кіем. Кардон, алей. 1930-я. |
Асаблівую ўвагу прыцягвалі фантастычныя краявіды Язэпа Драздовіча. Універсальнае творчае мысленне робіць яго знакавай постаццю беларускага мастацтва, сваімі этнаграфічнымі штудыямі і касмічнымі візіямі Драздовіч зацікавіў і генеральнага дырэктара Луўра Анры Луарэта, які занатаваў прозвішча мастака. Творчасць Драздовіча, на думку даследчыка, «знаходзіцца па-за асноўнымі напрамкамі жывапісу».
Імя Пётры Сергіевіча як шчырага знаўца беларускай культуры і мастацтва 1930—1950-х гадоў было ўключана ў шматтомную «Гісторыю беларускага мастацтва». У 1978 годзе ў Палацы мастацтва ў Мінску дэманстраваліся яго партрэты Францыска Скарыны, Максіма Танка, гарадскія і сельскія краявіды.
Многія творы заходнебеларускіх мастакоў можна ўспрымаць як стратэгічныя маніфесты развіцця нацыянальнага стылю, які не падлягае ідэалагічным устаноўкам. Гэта і пераасэнсаванне рэчаіснасці ў яе гістарычным развіцці, што дае веру ў невычэрпны патэнцыял народнага жыцця як крыніцы вобразаў, сюжэтаў і тэмаў. Вобразная праўда гэтага мастацтва не страціла сваёй актуальнасці і сёння.
Жывапіс мастакоў Заходняй Беларусі не вылучаецца рэвалюцыйным мадэрнісцкім пошукам. Яны выдатна разумелі сімволіку колераў, карысталіся манументальнымі і пластычнымі абагульненнямі. Эстэтычная згарманізаваная сістэма свету стала вызначальнай у сцвярджэнні нацыянальнай тэмы. Гэта ідэальная жывапісная мова, якая лечыць псіхалогію гледача ад нігілізму і культурнай дэзарыентацыі.
Ужо ў савецкі перыяд былі створаны гістарычныя кампазіцыі пра сустрэчу з Чырвонай Арміяй і пра народны сход у Беластоку, які пацвердзіў жаданне беларусаў жыць у адзінай сям’і. Галоўныя героі гэтых кампазіцый — прадстаўнікі простага народа, гэтыя новыя тэмы сталі сугучнымі нацыянальнай канцэпцыі мастацтва Заходняй Беларусі.
Графіка, як друкаваная, так і арыгінальная, кранае сваёй дакладнасцю і трапнасцю штрыха. Тут няма нічога выпадковага: кожная рыса пёркам, алоўкам, вугалем ці сангінай — вынік пластычна перажытага, асэнсаванага. Ці гэта вобраз чалавека, ці прыроды, што стварае з помнікамі архітэктуры адзінае гарманічнае суладдзе. Чалавек падаецца як гаспадар свайго жыцця, якога не можа адужаць варожая сіла.
Тыя заходнебеларускія мастакі, што перажылі рэпрэсіі і дажылі да глыбокай старасці ў Вільні, Нясвіжы, Докшыцах, Маладзечне і іншых мясцінах, заставаліся ў цяні мастацкага жыцця, але працягвалі свае пошукі, яны былі наватарамі і першапраходцамі ў нацыянальных тэмах і сюжэтах. Іх творы не кранулі сталічная бравада, штучны пафас ці ідэалагічная пампезнасць — «набыткі», неабходныя для атрымання чарговых узнагарод. Але час расстаўляе ўсё па месцах. Выстава іх невядомых твораў з’яўляецца падзеяй выключнага значэння: упершыню мастацтва Заходняй Беларусі ў выставачнай прасторы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь паказваецца так маштабна і шматгранна.
Вольга Архіпава, Людміла Налівайка