Абраннікі лёсу, нявольнікі часу

№ 12 (321) 01.12.2009 - 31.12.2009 г

Дынастыя Уладамірскіх

Саша

/i/content/pi/mast/26/442/sa.jpg

Аляксандр Уладамірскі.

Ён ведаў сабе цану.

З самага дзяцінства адчуваў знак «дынастыі» — славутай акцёрскай фаміліі, цалкам і назаўжды адданай тэатру, адзінаму, Купалаўскаму. І яму было наканавана лёсам і сям’ёй — прадоўжыць дынастыю.

Хто ведае, як склалася б жыццё, калі б акрамя фамільнага прадвызначэння ён не быў памечаны дарам... Кажуць, на дзецях талентаў прырода адпачывае, але колькі таму пацвярджэнняў, столькі ж і выключэнняў з правіла. Ён быў бліскучым прыкладам выключэння, і час засведчыў яго адоранасць, адзначанасць. Выбранасць...

Шмат гадоў таму на рэпетыцыі казкі «Лапці-самаскокі», якую ставіла Галіна Іванаўна Уладамірская, на авансцэне вытанцоўваў Саша: пускаўся ўпрысядкі, круціўся ваўчком — усё ў імклівым тэмпе, засяроджана, не заўважаючы нічога наўкол, падпарадкоўваючыся толькі музыцы. А музыка гучала не для яго, рэпеціравалі з іншым артыстам, але «малы Уладамірскі» не марнаваў часу, працаваў сам. У той дзень мне гэта спадабалася — і толькі. Сёння ў тым бачыцца лінія жыцця: штодзённая работа над целам, розумам, душой.

...Апошняя праца Сашы Уладамірскага была на Малой сцэне Рускага тэатра — Рабіновіч у «Вечары яўрэйскіх анекдотаў». У які раз даводзіцца наракаць: ну чаму нельга спыніць імгненне! Ёсць аматарская відэакасета, але што можа захаваць плёнка? І ўсё ж нават яна дазваляе ўзгадаць пранікненне акцёра ў самую сутнасць героя — і погляд на яго збоку, пяшчоту, захапленне, іронію, спачуванне, боль за таго чалавека, якога сам і стварыў, сам вывеў на сцэну... Абвостраную чуйнасць ва ўсведамленні і выяўленні жанру спектакля; тонкасць, асцярожнасць дакранання — і адвагу майстра, які смее і можа.

За некалькі гадоў да гэтага была дзівосная роля Мотла ў «Памінальнай малітве» на купалаўскіх падмостках. Хто бачыў тады ў спектаклі бацьку і сына Уладамірскіх, такіх падобных, такіх розных, у поўным росквіце таленту, майстэрства, адораных рэдкай свабодай і пачуццём сцэны, той не забыў. Добра складзены, трэніраваны, спружыністы Саша стаў сутулаватым, сарамлівым Мотлам, местачковым краўцом-самавукам. Агорнуты марамі пра ўласную швейную машынку, а пакуль старанна ўручную майструючы крывенькую камізэльку — падарунак будучаму цесцю, хілы, нясмелы, закаханы Мотл з яго ціхай годнасцю і нячутнай упартасцю — роля не самая галоўная, але ад яго немагчыма было адвесці вочы... Саша ў поўнай меры валодаў такой неабходнай акцёру і такой рэдкай якасцю — абаяннем, калі выканаўца, не стараючыся дагадзіць публіцы, прыкоўвае да сябе ўвагу.

Быццам у працяг «яўрэйскай тэмы» Саша сыграў Рабіновіча ў «Анекдотах...» — і ў каторы раз пацвердзіў сваю прыхільнасць да спалучэння жанравых накірункаў. Пры тым, што яму падуладны былі літаральна ўсе, без выключэння, жанры і формы (і гэта не перабольшанне: ад лірыкі да трагедыі, ад сацыяльнай драмы да гратэску), яго вабілі трагікамедыя, трагіфарс. І ў іх ён быў непераўзыдзены. У «Анекдотах...», напэўна, сам «матэрыял» — трагедыя народа і ўзвышэнне над ёю сілай духу, пранікненне ў сутнасць нацыянальнага характару і адкрыццё ў ім агульначалавечага — стаў адпраўным пунктам акцёрскага пошуку і акцёрскага ўзлёту. У які раз па БТ паказвалі тэлеверсію «Зацюканага апостала», старога спектакля Купалаўскага тэатра; галоўная роля, найскладанейшая — Сын — сыграна вытанчана, нават выштукавана, у ёй мноства пластоў, якія акцёр прыадкрывае, раўніва хавае — і раптам абрушвае на нас трагедыю юнай зламанай душы... Пасля адыходу Сашы спектакль глядзіцца па-іншаму («Калі чалавек памірае, змяняюцца яго партрэты», — пісала Ахматава, так любімая ім), вось і ў «Апостале...» адчуваецца Сашава асабістая, акцёрская, чалавечая тэма, яго трагедыя, яго нестыкоўка са светам.

/i/content/pi/mast/26/442/44.jpg

«Зацюканы апостал» Андрэя Макаёнка. Сын (Тата — Аўгуст Мілаванаў).

Асабістая тэма — так бачыцца сёння — чулася ў многіх, калі не ва ўсіх яго работах. Якіх аказалася значна менш, чым магло быць. Хлестакоў прайшоў міма, хоць першае імя, якое з’яўлялася ў свядомасці ў чаканні пастаноўкі «Рэвізора», было Сашава. Спектакль адбыўся без яго, і колькі страціў, мы не даведаемся ніколі. Ставілі «Верачку» — не ставілі Шэкспіра. А які б ён быў Блазан у «Ліру»! Ён выкладваўся ў другапланавых ролях.

У «Плачы перапёлкі» Чыгрынава — злавесна маўклівы паліцай Рахім. Роля без адзінага слова (пазней ён сыграе яшчэ адну такую ролю — без слоў — у «Вежы» Дударава і Някляева, да гэтага быў вясковы прыдурак у «Ажаніцца — не журыцца» — той толькі мармытаў штосьці... па-французску. Што за лёс такі — ажыўляць неіснуючае, рабіць яго непаўторным!..). Выйшаў на сцэну на тоненькіх ножках, у абмотках, дзіравых галіфэ, вынашанай целагрэйцы без сподняга, з бела-блакітнай павязкай на рукаве. Абрытая галава, апушчаныя цяжкія павекі, уцягнутыя шчокі, пальцы несупынна пагладжваюць, абмацваюць, лашчаць вінтоўку. Маленькая, загадкавая, перапоўненая ядам істота — тарантул, скарпіён? — можа ў любы момант уджаліць. Ён прыцягваў увагу адлучанасцю, маўклівай нянавісцю, якая беспрадметна вылівалася на ўсё, што яго атачала. Стаўшы дэзерцірам, Рахім беспаваротна вырашыў свой лёс, а варожасць навакольных, унушаная наяўнасцю зброі і павязкай паліцая, канчаткова аформілі яго: пігмей-забойца, гвалтаўнік, ён абыходзіцца без слоў — ягонай нянавісці яны непатрэбны. У доме Ганны ён са звярынай настойлівасцю ў вусцішным маўчанні будзе пераследаваць яе, выломліваць ёй рукі. Потым прыкінецца спячым. Як змяя, падпаўзе да яе. І, звязаўшы рукі жанчыны пятлёю, з пераможным крыкам задзярэ іх... А сонны твар яго разарве грымаса — адолеў!

Тады мільганула думка: ён павінен іграць Дастаеўскага, Фолкнера: Флем Сноўпс, увасабленне разважлівага зла, нелюдзь, механізм, зараджаны лютасцю... Павінен, здолеў бы, ды хто ж яму дазволіць, хто будзе ставіць для яго, з разлікам на яго — Фолкнера? Дзе той рэжысёр, для якога ён стане сваім артыстам, які даруе яму многае дзеля чагосьці вышэйшага? Не выключана, такім рэжысёрам мог быць Барыс Луцэнка, але сустрэча з ім здарылася на схіле жыцця, якое аказалася кароткім.

Саша шукаў сваю працу: тое, што было ў ім, пакутліва патрабавала выхаду, але часцей за ўсё вылівалася ў п’есах і ролях, якія не дацягвалі да ўзроўню, ім самім для сябе вызначанага. Ён быў сам сабе школа, пастаянна імкнуўся ўдасканальвацца. Ягоны тэатр — Купалаўскі — быў патрэбны яму, але адносіны перасталі складвацца, і вінаватыя ў гэтым былі абодва бакі. Раслі душэўная смута, трывога, непрыкаянасць, адчуванне надыходзячай бяды. Прыходзяць на памяць чароўныя імёны (іх не так ужо і шмат) мастакоў, якім не хапіла — не голасу, не моцы, — не хапіла месца, часу, паветра... Мне здаецца, Саша адчуваў сябе роўным самому сабе, чалавекам для тэатра — тэатра, які ён шукаў.

Душа адмаўляецца верыць, што ўсё гэта было, было і сплыло. Што не будзе новай ролі — і тых, якія адбыліся, ужо не ўбачым. Што спіс роляў, у якім ніводнай — ніводнай! — не было прахадной, не папоўніцца. А голас, які і цяпер яшчэ гучыць па радыё, такі гнуткі, пранікнёны, цёплы, — не вымавіць больш ніводнага новага слова. І Шэкспір, і Высоцкі, Ясенін, Рубцоў, якіх ён чытаў, засталіся толькі ў фанатэцы радыё (крый Божа, сатруць) і на хатніх касетах. Не напішуцца новыя вершы. У маім доме, варта было загучаць па радыё голасу Сашы, муж, Уладзімір Андрэевіч Бойка, клікаў мяне — слухаць. А потым, па заканчэнні, ён, дасведчаны і патрабавальны ў мастацкім чытанні, рабіў выснову: «Усё разумее. Усё адчувае. Усё можа. Майстар». Сашавым дарам чытаць вершы і веданнем паэзіі захапляўся Ілья Курган. А Рыгор Барадулін напаўжартам, але з павагай называў яго «маэстра»: «О, вы, маэстра, сёння ў нас чытаеце? Дык я застаюся...»

Сашу цанілі калегі і любілі партнёры, у яго было мноства сяброў; сам ён быў верным сябрам і кідаўся, забыўшы пра сябе, ім на дапамогу. Сябры даражылі ім, і калі яго не стала, не забывалі пра Галіну Іванаўну...

…Даўнім летнім днём — аж больш за паўстагоддзя таму — мае маленькія сыны выправіліся да Сашы пагуляць. Я прыйшла па іх і на парозе абамлела: на паліраваным стале грувасціліся перакуленыя санкі, паперадзе іх была ўваткнута швабра, а на ёй — на дзержаку — сарваны са стала чырвоны аксамітны абрус з прымацаванай наверсе вялізнай сярэбранай вазай. Тры піраты размясціліся на гэтым збудаванні і гучна гарлалі сваю пірацкую песню. Я кінулася здымаць іх са стала, і ў адказ на мае папрокі Саша з годнасцю зазначыў: «Бацькі мне дазваляюць. Гэта развівае фантазію». — «Без нас», — бурчэла я, цягнучы сыноў, якія ўпарціліся, дадому.

Неяк, нашкодзіўшы, Саша быў выстаўлены з класа. Вярнуўся дамоў, сабраў сумку — і адбыў на лецішча да дзеда і бабулі. Але на стале пакінуў вершаваны ліст бацькам, у якім павініўся і пасыпаў галаву попелам. Мама захавала гэтыя вершы і ведала іх на памяць. Вельмі смешныя і кранальныя. Пакаранне, напэўна, адмянілі.

/i/content/pi/mast/26/442/45.jpg

«Раскіданае гняздо» Янкі Купалы. Данілка.

Восем гадоў Саша правучыўся ў музычнай дзесяцігодцы, у яго быў прыгожы глыбокі голас. Супадзенне — у тэлеспектаклі «Крах» Барыс Уладамірскі ў вобразе куплетыста з кабарэ кшталту «Бадзяжнага сабакі» каменціраваў падзеі, акампаніруючы сабе на раялі. Думаецца, менавіта пра гэта ўспомніў Барыс Луцэнка, рэжысёр «Анекдотаў...», прыдумаўшы для іх трэці акт — сустрэчу выканаўцаў і гледачоў у кавярні, дзе іграў на піяніна і спяваў старадаўнія рамансы, песні Вярцінскага — Саша. Ён быў у бацьку — на ўсё здатны, любая работа гарэла ў яго руках. Тэатру прыдавалася ўсё, што яны ўмелі...

Лісты з арміі былі прасякнуты марамі аб ролях. У кожным радку — сляды безупыннай працы розуму, пачуццяў, душы. Пяшчота — да блізкіх, да каханай, да прыроды — і да тэатра. З часам, спасцігнуўшы не толькі вышыню тэатра, але і тое нізкае, што ў ім можна сустрэць, не зняверыўся, не зрынуў яго з п’едэстала. Сцвердзіўшыся і выдатна самавыяўляючыся на радыё, ТБ і ў кіно, тэатр лічыў для сябе галоўным. Нават цяжкая хвароба — спадарожніца многіх творчых натур, немач, што спальвала яго ў апошнія гады, нават яна не закранула яго любові да тэатра і яго дару. Мабыць, засцерагаў яго добры геній, дух-ахоўнік, ратуючы талент, не даючы яму загінуць...

...У час развітання з Сашам на сцэне Купалаўскага тэатра заплакала скрыпка. За труной, у галовах, пад Сашавым партрэтам музыкант іграў вечнае расстанне. «Ave Maria», «Кадыш» — адна за адной ліліся жалобныя мелодыі. Скрыпка аплаквала талент, які больш не зможа нам свяціць, спявала аб смутку, аб вечнай самоце — і вечным святле.

Хто ён быў, гэты скрыпач, скуль узяўся — не ведаў ніхто. Па тэатральнай лесвіцы, па вуліцы, пакуль сябры неслі дамавіну, — ён праводзіў яе музыкай, у пінжаку, такім лёгкім у студзеньскую стынь, з непакрытай галавой...

На саракавінах у доме Галіны Іванаўны ён іграў зноўку — яго ўсё ж адшукалі. Музыкант, які юнаком, з аркестравай ямы ў Купалаўскім тэатры, глядзеў усе спектаклі «Старога Улада», потым Барыса Уладамірскага, а затым і Сашавы. І прыйшоў правесці апошняга артыста з дынастыі Уладамірскіх, якога тэатр так і не адпусціў.

Галіна

Людзям не стае часу штосьці спазнаваць.
Яны купляюць рэчы гатовымі ў крамах.
Але ж няма такіх крамаў, дзе гандлявалі б сябрамі,
і таму людзі больш не маюць сяброў.

Антуан дэ Сент-Экзюперы, «Маленькі прынц».

/i/content/pi/mast/26/442/46.jpg

Галіна Уладамірская.

У 1919 годзе маладзенькая мінчанка Наташа Праляскоўская закахалася ў Івана Чэкалінскага, палымянага рэвалюцыянера, бальшавіка... На самай справе Іван меў прозвішча Жадовіч, але (згодна з сямейным паданнем, што нарадзілася пазней), калі разам з паплечнікамі па барацьбе руйнаваў дваранскія сядзібы, пад руку патрапіў маёнтак Чэкалінскіх: гаспадары своечасова збеглі і тым выратаваліся, а Іван узяў сабе іхняе гучнае прозвішча. Калі ўсё разбураецца і, здаецца, нічога непарушнага больш не застаецца, пашыраецца страсць да перайменаванняў — месяцаў, вуліц, гарадоў і іх жыхароў. Нагадаем: прычыны бываюць розныя. У нашым выпадку, законна атрымаўшы пасля замужжа прозвішча Чэкалінская, Наташа аддалялася ад небяспечнага сваяцтва — па матчынай лініі яна паходзіла з вядомага шляхецкага роду Ваньковічаў, да якога належаў, у прыватнасці, мастак Валенцій Ваньковіч, аўтар знакамітага партрэта Адама Міцкевіча. (У мінулыя гады мы любілі прагуляцца ў Сцяпянку, наведаць гістарычнае папялішча — сядзібу Ваньковічаў, ад якой застаўся толькі чароўны пейзаж і дом, ператвораны ў штосьці кшталту камуналкі. Надышоў час, калі быў-такі адноўлены асабняк Ваньковічаў у самым цэнтры Мінска.) Цётка, якая выхоўвала Наташу з маленства, у тыя гады з’ехала з Беларусі, прэч з вачэй — у Майкоп. Пазней сям’я ўз’ядналася, але старалася трымацца ў цені.

У Наталлі нарадзіліся сын і чатыры дачкі, але жыццё ў Чэкалінскіх не задалося: надта рознымі былі муж і жонка — добра адукаваная, аматарка мастацтва, дасведчаная ў французскай, англійскай, нямецкай, польскай мовах. Вялікую нізку вершаў ёй прысвяціў Якуб Колас. Дзяцей яна імкнулася выхоўваць па-свойму.

Грымнула яшчэ адна вайна. У сорак першым сын Багдан добраахвотнікам пайшоў у армію. Пад Ленінградам ён загінуў. Маці і дочкі апынуліся ў акупацыі, падзяляючы лёс многіх, стараючыся неяк выжыць і займаючыся тым, чым шмат хто займаўся... Па падазрэнні ў сувязі з партызанамі Наталля Іванаўна і яе дочкі — Галя, Ірма, Юля, Наташа — трапілі ў гестапа, затым — у лагер на вуліцы Шырокай... Удалося застацца жывымі, але здароўе ва ўсіх было падарвана. Гэта адгукнулася нашмат пазней — але ў кожнай.

І ў маці, і ў дачок была акрэсленая цяга да прыродазнаўчых навук: Наталля Іванаўна, дыпламаваны батанік, за работу ў калектыве вучоных была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі; Ірма, Юля, Наташа абаранілі дысертацыі ў галіне біялогіі і фізікі. А Галя аказалася відавочным гуманітарыем і накіравалася на філфак БДУ. Але ненадоўга — неўзабаве яна апынулася ў студыі пры Тэатры імя Янкі Купалы.

...Пазнаёміліся мы на дні нараджэння маёй сяброўкі Люды і ўвесь вечар прабавілі разам, дамовіліся сустрэцца заўтра. І пайшло... А Люда, вандруючы з адной здымнай кватэры на другую, абавязкова ладзіла шумныя ўлазіны, мы ж былі маладыя і трывушчыя — так што вечарынкі не спыняліся. Неяк на лесвіцы Галю сустрэў сусед з ніжняй кватэры: распытваючы пра жыццё-быццё, ён з дакорам пазіраў на яе туфлікі, якія надоечы да глыбокай ночы вытанцоўвалі ў яго над галавой. Галя раскайвалася і прасіла прабачэння, і ён ахвотна ёй дараваў. Дзіва што не ўстаяў: блакітныя вочы, цёмныя кучаравыя валасы, адкрытая гарэзлівая ўсмешка — і лёгкасць, жыццярадаснасць, знаходлівасць, інтэлігентнасць...

А між тым у той час, у другой палове 50-х, у яе быў ужо цяжкі жыццёвы досвед: вайна, акупацыя, турма, а потым — Барысаў лагер. Гэта ж трэба: ёй удалося дамагчыся немагчымага — спаткання з мужам у Вятлагу! Гэта ніяк нельга было назваць звычайным падарожжам — на поўнач чыгункай, потым вузкакалейкай у таварняку, а далей — колькі кіламетраў пешшу па бязлюдных мясцінах катаржнага краю з рукзаком за плячыма. І сустрэлася-такі з Барысам! Але перш трэба было дастукацца ў высокія дзверы, дабіцца дазволу, — вось тут якраз пасадзейнічала гучнае імя Уладзіміра Іосіфавіча! Я трымала ў руках лісты Барыса з лагера — поўныя маладога кахання, тугі, абяцанняў быць удзячным усё жыццё... Чытала іх у цяжкія для Галі дні і думала: не, не варта шмат абяцаць — наўрад ці жыццё дазволіць выканаць усе зарокі, ды й слабы чалавек...

/i/content/pi/mast/26/442/47.jpg

Уладзімір, Барыс і Галіна Уладамірскія. 1948.

Але тады, калі мы толькі пасябравалі, быў слаўны час: здавалася, усе выпрабаванні мінулі. Галя з Барысам пасля яго вызвалення нядоўга папрацавалі ў Брэсцкім тэатры (Мінск для яго быў закрыты), там ён іграў першыя ролі, ягоны дон Сезар дэ Базан карыстаўся бурным поспехам. Калі забарона была знята і яны вярнуліся ў Мінск, поспех сустрэў Барыса і на купалаўскай сцэне. Падрастаў мацачок-Саша, «Стары Улад» быў зноў у фаворы і ва ўлады, і ў гледачоў. Праўда, Галіны справы складваліся не так удала. Дзіўна, але калі яна выходзіла на падмосткі — ці то ў сучаснай п’есе, ці то ў «Дуэнні» Лопэ дэ Вега, некуды знікала яе абаяльнасць, лёгкасць, натуральнасць: атрымлівалася «пісьменна», але... без колеру і паху; не малюнак — чарцёж. Тое, што адбываецца, яна адчула раней за іншых, пакутавала, спрачалася з сабой. Але і «іншыя» — рэжысёры, свае і тыя, якіх запрашалі з Масквы, зразумелі: справа не ў адсутнасці здольнасцей, проста талент яе — не ў гэтым. Галіна выключна адчувала ўсе шляхі да ролі, яе форму, была здольная выведаць таямніцы прызначанага для ўвасаблення вобраза, умела разам з акцёрам разабраць яго ролю «па костачках» і скласці ў тэатральнае цэлае. Яе адоранасць, мэтанакіраванасць, кантактнасць, любоў да паэзіі, музыкі, жывапісу як ніхто здолеў ацаніць Барыс Уладзіміравіч Эрын. Выдатны майстар, ён з 1957 года прыязджаў у Купалаўскі тэатр на пастаноўкі, потым цягам дзесяцігоддзяў быў яго галоўным рэжысёрам, а пазней рэгулярна быў запрошаны ставіць спектаклі. І заўсёды быў у курсе спраў тэатра.

Менавіта ён прадвызначыў тэатральны лёс Галіны Уладамірскай, прызначаючы яе ў свае пастаноўкі асістэнтам-рэжысёрам, другім рэжысёрам, усаджваючы побач з сабой за рэжысёрскі столік. У ягоных спектаклях яна праходзіла неацэнную школу, шматгадовая праца поруч з Эрыным была яе ўрокам, яе «класам».

Некалькі разоў Эрын запрашаў мяне на свае рэпетыцыі, і гэта было дзейства адначасова галавакружнае… і пакутлівае. Прысутнічаць пры тым, як са знаёмага тэксту, уражваючы адкрыццём, нараджаецца штосьці абсалютна нечаканае, як з мноства знаходак, здавалася б, ужо канчатковых, адхіляюцца ці не ўсе і ўзнікае неабвержнае: вось яно! — усведамляць, як гэты працэс зачароўвае цябе, зацягвае... Але Барыс Уладзіміравіч свае — геніяльныя, як мы адчувалі, — адкрыцці выказваў з такім нясцерпным шматслоўем, з такой процьмай спасылак, супастаўленняў і лірычных адступленняў наконт парадку дзеянняў на абраным шляху!..

І ўсё роўна гэтыя бясконцыя маналогі, якія выклікалі ў свой час раздражненне, зараз успамінаюцца з пяшчотай і замілаваннем: у гэтых слоўных нагрувашчваннях нараджаліся лепшыя спектаклі 1950 — 1980-х гадоў! А ўсе мудрагелістасці Эрына потым — цалкам даходліва — тлумачыла акцёрам Галіна.

/i/content/pi/mast/26/442/48.jpg

Кацярына і Уладзімір, Галіна, Саша і Барыс Уладамірскія. Пачатак 1950-х.

Ёй была даручана індывідуальная праца з акцёрамі, «размінка» ролі, і аказалася, што Галіна здольная знайсці паразуменне і з маладымі, і з вопытнымі, і з імянітымі артыстамі. Маладыя Лілія Давідовіч, Марыя Захарэвіч, Галіна Талкачова, Генадзь Аўсяннікаў, Віктар Тарасаў, Ніна Піскарова, Генадзь Гарбук, Аляксандр Дзянісаў, Арнольд Памазан — не злічыць тых, з кім яна аналізавала ролі, збірала іх, спалучаючы ў адно напісанае на паперы і жывую «душэўную хімію» акцёра. Ужо стаўшы славутай, Галіна Макарава радавалася працы з Галяй; Леанід Рахленка, цудоўны акцёр з велізарным досведам рэжысёра-пастаноўшчыка, Лідзія Ржэцкая, Стэфанія Станюта, Алена Рынковіч — ды бадай што ўсе акцёры ахвотна працавалі з ёю, знаходзячы ў гэтым для сябе вялікую карысць.

Прыйшоўшы аднойчы ў тэатр, яна цалкам агарнулася яго атмасферай і ведала пра яго — усё. Па імёнах звала рабочых сцэны, мела прыяцельскія стасункі з касцюмерамі і краўцамі, касірамі, буфетчыцамі, білецёркамі — іначай і быць не магло: гэта быў яе дом. У яе можна было атрымаць адказ на любое пытанне з тэатральнай храналогіі.

Сябравала з тэатральнымі мастакамі і музыкантамі, і калі яна ставіла ўжо свае спектаклі ў Купалаўскім тэатры і ТЮГу, лепшыя мастакі супрацоўнічалі з ёю — з асабістай сімпатыі да рэжысёра і прадчуваючы радасць узаемаразумення.

...У спектаклі ТЮГа «Чынчраквела» танцы ставіў сам Сямён Дрэчын. Ужо сталага веку, увянчаны рознымі званнямі майстар з юнацкім захапленнем рэпеціраваў з цюгаўскімі артыстамі. Ад яго ішоў ток маладой энергіі, ён узлятаў на сцэну сваім легендарным скачком і паказваў спалоханым акцёрам драмы, як трэба ў танцы пырхнуць з даху і, зрабіўшы кульбіт, закруціцца ваўчком... «А тэхніка бяспекі?!» — яхідна пацікавіўся першагодак ТЮГа. І тут абое — і шасцідзесяцігадовы славуты танцоўшчык, і пяцідзесяцігадовая Галіна, якая толькі што абараніла ў БДТМІ дыплом на званне рэжысёра, — зарагаталі, а з імі і ўсе, хто быў на сцэне і ў зале... Я не абмовілася: пяцідзесяці гадоў Галя паступіла ў Тэатральны і, экстэрнам скончыўшы рэжысёрскае аддзяленне, атрымала дыплом, у якім нават не было вострай неабходнасці, бо на гэты час яна даўно была штатным рэжысёрам, у многіх спектаклях асістэнтам, другім рэжысёрам і сурэжысёрам. Але тое ж Галя: ва ўсім мусіць быць парадак. І яна яго гэткім чынам устанавіла.

/i/content/pi/mast/26/442/49.jpg

«Ваўкі і авечкі» Аляксандра Астроўскага. Уладзімір Уладамірскі (Юсаў).

Здзіўляла, як яны з Барысам усё паспявалі, — такім напоўненым быў іхні дзень. Тэатр — гэта два прыходы: раніцай — рэпетыцыя, увечары — спектакль або рэпетыцыя. Ды яшчэ выязныя, адкуль вярталіся далёка за поўнач. А яшчэ да ранішняй рэпетыцыі — радыё. Усе Уладамірскія вельмі даражылі радыё, як і яно імі. Па-першае, гэта была някепская і стабільная прыбаўка да зарплаты. (Маладыя акцёры ніколі багатымі не былі, а выдаткі патрабаваліся немалыя. Галя нават вынайшла хітрасць: калі нам з ёй вельмі хацелася купіць якую-небудзь абноўку, а траціць на сябе грошы было сорамна, мы дарылі адна адной упадабаную рэч, ратуючыся такім чынам ад згрызот сумлення і атрымліваючы двайное задавальненне.)

А па-другое (хоць хутчэй менавіта гэта было «па-першае»), тыя гады былі сапраўдным залатым векам беларускага літдрамвяшчання: на кіламетры плёнкі запісвалася мноства радыёспектакляў, інсцэніровак айчыннай класікі, сучаснай літаратуры — беларускай, рускай, сусветнай. Гучалі галасы лепшых акцёраў. Ва Уладамірскіх — У.І., Барыса, Галіны, Сашы — быў асаблівы, які высока цаніўся, «радыйны» дар — адчуванне магутнасці мікрафона, тады яшчэ досыць прымітыўнага, але здольнага перадаваць найпяшчотнейшую афарбоўку гуку, настрой, адценне пачуцця. На радыё валадарыла Марыя Дзмітрыеўна Троіцкая; галоўны рэжысёр літдрамы, вялікі майстар у сваёй справе, яна цаніла таленты і абавязкова займала Уладамірскіх у сваіх пастаноўках. Яна ж убачыла ў Галі адпаведныя здольнасці і далучыла яе да радыёрэжысуры. Што на доўгія гады стала Галінай другой прафесіяй. Другой. Першая, найгалоўнейшая прафесія, адданасць, страсць — заўсёды тэатр. Усё ішло ад тэатра, усе радасці, засмучэнні, клопаты мелі адносіны да яго. У самыя апошнія свае гады Галя выкладала ў спецыялізаванай школе, у тэатральным класе. З цяжкасцю пераадольвала дарогу з лецішча, з Крыжоўкі, але заняткаў не прапускала. Калі ж дабірацца стала не пад сілу — рабяты па сваёй ахвоце прыязджалі да яе дадому і слухалі, як казала Галя, «растапырыўшы вушы».

Яна валодала шчаслівай здольнасцю прыцягваць да сябе сэрцы, збіраць людзей, падштурхоўваць іх да дзеяння. Першая мая тэатральная рэцэнзія з’явілася ў час пачатку нашай дружбы, якая, бадай што, і сыграла тут вызначальную ролю. Галя была знаёмая з паловай Мінска, а яе ведала яшчэ больш народу. Саюз пісьменнікаў пастаянна запрашаў рэжысіраваць свае творчыя вечары — яна рабіла гэта з захапленнем і выдумкай. На кінастудыі «Беларусьфільм» шмат гадоў была рэжысёрам дубляжу кінафільмаў на беларускую мову. Калісьці наш сябар, кінасцэнарыст Самсон Палякоў, адкрыў нам, што Галя ў гэтай справе — ас, роўных ёй няма. Так яно і было: мову Галіна ведала ва ўсіх тонкасцях, з акцёрамі працаваць умела і любіла, а яе «творчы почырк» вылучаўся ўнікальнай педантычнасцю і ўвагай да дробязей. Зрэшты, дробязей для яе не было. (Неяк мы вырашылі на пару зрабіць радыёінсцэніроўку, і ўжо дзесьці ў сярэдзіне працы я гатова была ўсё кінуць: яна «загразала ў драбноцці» — так, стаміўшыся ад Галіных сумненняў і варыянтаў, упікнула я яе. Але, падпарадкоўваючыся «богу дэталяў», рацыю, бадай што, мела яна, а ў нас аказаліся занадта розныя і несумяшчальныя спосабы работы...) Таму яна была незаменнай пры агучванні фільмаў, а з-за таго, што яно часцяком адбывалася ў начную змену (уначы ж акцёры напэўна вольныя!), працоўны дзень расцягваўся амаль да раніцы.

І ўсё-такі яна паспявала ўсё: бываць на цікавых спектаклях і канцэртах, не прапускаць ніводнага ўводу калег у старыя спектаклі, сустракацца з сябрамі, прымаць гасцей і весці гаспадарку, складаную і раскіданую: У.І. і Кацюша некалькі сваіх апошніх гадоў жылі на лецішчы, старэлі, хварэлі. Хварэла і цяжка памірала маці. Цяжка хварэла Наталля Іванаўна, сястра. Вырас Саша, а ўвагі яму патрабавалася не менш, чым у дзяцінстве.

І тады ж яна прыбягала ў вольную хвіліну да маіх маленькіх пляменнікаў, якія толькі што страцілі маму, і чытала ім «Снежную каралеву», абмяркоўваючы з дзецьмі, як яна будзе ставіць яе на сцэне. Нейкія прыдумкі з тых вечаровых размоў увайшлі ў спектакль. Хто ведае, мо ад гэтага ў ім была такая асаблівая цеплыня...

/i/content/pi/mast/26/442/49-.jpg

«Дзівак» Назыма Хікмета.Барыс Уладамірскі (Рэджэб-бей).

Можна было, прыйшоўшы дадому, знайсці кветкі ў дзвярной ручцы — прыязджала Галя. Заўсёды з’яўлялася з забаўнымі прынашэннямі — нейкія мілыя хатнія дробязі, а то і рондаль з фірмовымі дранікамі.

...Здымалі для БТ перадачу пра «Старога Улада». На лецішчы, за накрытым сталом, сабраліся яго партнёры, акцёры. Прывезлі Ірыну Фларыянаўну Ждановіч, знаную актрысу, партнёрку і У.І., і Барыса. Яна і заўважыла: усё, маўляў, ёсць, але дзе ж «уладамірскія дранікі»? Галя спешна кінулася дзерці бульбу — без дранікаў стол быў не поўны...

Праводзячы ў Маскву пасля цёплага братання на дачы цудоўнага «блакітнавокага турка», паэта Назыма Хікмета (у тэатры ішлі яго п’есы «Дзівак», «Забыты ўсімі»), Уладамірскія прывезлі на вакзал гаршэчак з упадабанай Назымам грэчневай кашай, яшчэ гарачай, букецік позніх суніц і слоік варэння з іх жа...

Як каштоўны скарб захоўвала Галіна томік Ахматавай з «Малой бібліятэкі паэзіі», падпісаны рукой аўтара, са словамі ўдзячнасці Галі, і ратапрынтны экземпляр «Рэквіема». У томіка свая гісторыя. У Мінск на пастаноўку п’есы Эдварда Радзінскага «104 старонкі пра каханне» з Масквы была запрошана Ніна Антонаўна Альшэўская. Галіна была назначана да яе асістэнтам. Яны ўжо пачалі працаваць, былі размеркаваны ролі, калі здарылася бяда — цяжка захварэла Ніна Антонаўна: інсульт. Паклалі яе ў стацыянар лечкамісіі, і самы дзейсны ўдзел у доглядзе прыняла Галя: з яе пунктуальнасцю і вынаходлівасцю яна насамрэч была надзвычай карыснай. У Мінск да нетранспартабельнай Ніны Антонаўны прыязджалі муж — Віктар Ардаў, сыны — Аляксей Баталаў і Міхаіл Ардаў (уся тая самая «Легендарная Ардынка» Ганны Ахматавай, сям’я Ніны Антонаўны, яе найбліжэйшай сяброўкі, у якой яна жыла ў Маскве і з кім была звязана дружбай да апошніх дзён). Пасля вяртання Ніны Антонаўны ў Маскву яна прыслала Галі тое, што змагло яе ўзрадаваць — і ашчаслівіла! — вершы...

Аднойчы Галіна прызналася: калі даводзіцца чытаць на радыё штосьці малавыразнае (а такое здаралася), проста робіцца хворай, увесь дзень — аскоміна. «Лячуся Блокам...» Для нас падзеяй была сустрэча з сапраўдным — ці тое фільм, музыка, ці вершы або проза. Калі ўпершыню ў часопісе «Москва» быў надрукаваны «Маленькі прынц» Сент-Экзюперы ў перакладзе Норы Галь, мы насіліся з нумарам, як з узнагародай, і наладзілі ў мяне чытанне ўголас. Чыталі па чарзе — Галя, Барыс Бур’ян і я. Паўтараючы фразы, што адразу западалі ў душу. «Калі даеш сябе прыручыць — часам даводзіцца і плакаць...» Цытую па памяці і згаджаюся: усё правільна, даводзіцца. Нельга ж рассячы магніт напалам.

Галя на ляту схоплівала словы, якія адразу сталіся афарызмамі, што ж тут казаць пра вершы — здаецца, яна магла іх чытаць гадзінамі: усплывала ў размове імя паэта, і пачыналі ліцца вершы. Але не толькі вершы: па-мойму, увесь рэпертуар Купалаўскага тэатра змясціўся ў яе памяці, нават вельмі даўнія спектаклі яна ўзнаўляла цалкам, рэпліка за рэплікай. Іншым разам я яе пад’юджвала: — «Скупы»! — на хвіліну задумаўшыся, яна чытала маналог Гарпагона «Грошыкі мае, грошыкі». «Мілы чалавек», «Фландрыя», «Хто смяецца апошнім»… — яна помніла не толькі тыя пастаноўкі, у якіх працавала, — усе! Гэтак жа дакладна яна памятала асаблівасці акцёрскіх работ, удачы і пралікі, перыпетыі нараджэння спектакляў, казусы... Дзе вы былі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, тэатразнаўцы з БДТМІ?

Нявестка, яна стала клапатлівай захавальніцай — і стваральніцай — сваёй сям’і. У сямейным спектаклі ролі размяркоўваць складана, але Уладамірскія-жанчыны — Кацярына Васільеўна і Галіна — увасаблялі дух і душу, інтэлігентнасць, прыстойнасць, інтэлект.

Памятлівая і чуйная, Галя ведала ўсе фамільныя сувязі, зберагала альбомы, пісьмы, шкатулкі, фатаграфіі, старадаўнія карункі бабуль і прабабак, экземпляры роляў; збірала сямейныя паданні, трапныя слоўцы.

Пры шматлікіх здольнасцях нічога ёй не давалася лёгка, без бою. Нічога. Ні разу. Ішло безупыннае змаганне — за прафесію, за каханне, за сям’ю, за блізкіх, за іх і сваё месца ў жыцці. За само жыццё. А жыццём быў тэатр.

Неяк Галіна заўважыла: «Я — нібы кветка на асфальце: узышла дзесьці ў глыбіні, білася, успучвала асфальт і выскачыла нарэшце. І тырчыць...» Мы доўга падражнівалі адна адну, перакручвалі гэтую метафару і так і сяк, давёўшы яе, урэшце, да абсурду... Можа, дарэмна...

■ ■ ■

«Гарачкай памяці» неяк ахрысцілі мемуарны жанр. Па-мойму, сапраўдныя, класічныя мемуары для гэтага вызначэння занадта спакойныя — страсці астылі, крыўды сцішыліся, радасці таксама адышлі ў мінулае. Прадугледжваецца нейкая адхіленасць, аддаленасць ад падзей. А гарачка — калі памяць смыліць, не дае спакою, калі хочаш упарадкаваць тое, што не забываецца, расказаць пра гэта, — і не можаш, а часам і не маеш права. Тады варта паспрабаваць распавесці тое, што можаш. Дзеля памяці.

Лілія Брандабоўская