«Разбітыя ліхтары» на плошчы Вердзі

№ 12 (321) 01.12.2009 - 31.12.2009 г

Напрыканцы кастрычніка Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь паказаў сваю новую работу — «Трубадур» Джузэпе Вердзі. Гэта сумесны беларуска-галандскі праект. У якасці пастаноўшчыка выступіла шведскі рэжысёр Марыяна Берглёф, мастак-пастаноўшчык — Андрэй фон Шліпэ, мастак па касцюмах — Крысціна Халер, мастак па святле — Вольфі Айберг. Музычны кіраўнік і дырыжор спектакля — Віктар Пласкіна, хормайстар — Ніна Ламановіч.

Вядучыя партыі ў спектаклі выконваюць беларускія салісты, акрамя таго, на ролю Манрыка запрошаны два італьянскія тэнары — Джавані Манфрын і Серджыё Панаджыо. Якім жа атрымаўся плён творчага супрацоўніцтва?

/i/content/pi/mast/26/439/29.jpg

Серджыё Панаджыо (Манрыка).

Мае ўражанні і думкі былі досыць супярэчлівымі. Не хацелася моцна пакрыўдзіць ні замежную пастановачную групу, ні вядучых салістаў, ні новую работу тэатра. Але як жа тады быць з не надта прыемнай праўдай, куды яе падзець? Расставіць усе кропкі над «і» дапамог пачуты мной дыялог двух крытыкаў, Аптыміста і Скептыка, што мелі дыяметральна супрацьлеглыя пункты гледжання на новую версію «Трубадура». І мне засталося толькі іх старанна занатаваць...

Аптыміст: Як вам спадабалася прэм’ера?

Скептык: Па-мойму, жахліва! Бедны Вердзі... Мне здаецца, ад такога сцэнічнага ўвасаблення партытуры ён у труне тры разы перавярнуўся!

Аптыміст: Па-мойму, атрымалася досыць прыгожа па «карцінцы», досыць стыльна, хоць і крыху змрочна... А напрыканцы публіка так горача апладзіравала!

Скептык: Магчыма, яна апладзіравала геніяльнаму Вердзі, чыю музыку ніяк немагчыма сапсаваць? А мо, дзякавала аркестру, хору, салістам, што маюць яркія моцныя галасы? У дадатак наша публіка ветлівая і гасцінная. Яна будзе апладзіраваць, бо прадстаўнічую пастановачную брыгаду, што прыехала з розных краін, сапраўды нельга не вітаць. Але публіка, пры ўсёй павазе да яе, не заўсёды ведае, што было раней і што магло атрымацца цяпер. Дарэчы, вы бачылі ранейшую версію «Трубадура», увасобленую адным з лепшых беларускіх рэжысёраў Барысам Уторавым?

Аптыміст: Не!

Скептык: Таму вам, можа, і падабаецца гэты варыянт. Ранейшы «Трубадур», які, падкрэслю, мне пашчасціла пабачыць на пачатку лета 2006 года (тэатр збіраўся тады на гастролі на Міжнародны музычны фестываль у Тайланд), — адно з самых магутных тэатральных уражанняў. Прычым, усяго жыцця... Хоць глядзеў я спектаклі не толькі беларускай оперы, але і Марыінскага тэатра, маскоўскага і варшаўскага Вялікіх тэатраў. Паверце майму немалому вопыту!

Аптыміст: Але ж перанос месца і часу дзеяння оперы — з’ява досыць распаўсюджаная. Гэта магчымасць зрабіць оперу, якую многія — і небеспадстаўна — лічаць жанрам архаічным, больш сучаснай і актуальнай, прывабіць у тэатр моладзь...

Скептык: Як і многія, я таксама не люблю наклееныя бароды і гумозныя насы, гумавыя шапачкі цялеснага колеру, якія павінны імітаваць лысіну, а таксама аб’ёмных прымадон, якіх мы чамусьці павінны ўяўляць танклявымі 18-гадовымі паненкамі...

/i/content/pi/mast/26/439/30.jpg

Серджыё Панаджыо (Манрыка),

Наталля Акініна (Азучэна).

Але справа не ў гэтым. Яшчэ 10 гадоў таму дырыжор Аляксандр Анісімаў, які з’яўляўся музычным кіраўніком оперных прэм’ер у многіх краінах, расказваў пра безліч прыкладаў сучасных інтэрпрэтацый оперных сюжэтаў. Памятаеце оперу «Мазепа», напісаную Чайкоўскім паводле пушкінскай «Палтавы»? Падзеі паэмы і спектакля адбываюцца на пачатку XVIII стагоддзя. Складаныя палітычныя ўзаемаадносіны паміж Расіяй і Украінай, бітва пад Палтавай, усёмагутны гетман Мазепа, Качубей, Орлік, Марыя... Сучасны рэжысёр разгортвае дзеянне «Мазепы» ў 30-я гады ХХ стагоддзя, у час сталінскіх рэпрэсій. Ёсць варыянты «Царскай нявесты», перанесенай у тую ж эпоху, і тады апрычнікі Івана Жахлівага ператвараюцца ў афіцэраў НКУС. Ёсць пастаноўкі «Дэмана» Рубінштэйна, дзе галоўны герой робіцца пацыентам псіхбальніцы, а Анёл — ягоным доктарам-псіхатэрапеўтам...

Аптыміст: Па-мойму, досыць арыгінальна!

Скептык: У тым выпадку, калі ў горадзе існуе некалькі оперных тэатраў і глядач можа выбіраць, які спектакль глядзець: у класічнай версіі або мадэрнова-«накручанай». Можна і баль Ларыных у «Анегіне» прадставіць як дыскатэку, сюжэт «Пікавай дамы» перанесці ў казіно, а падзеі «Аіды» — у асяроддзе інжынераў, якія будуюць Асуанскую плаціну. Такія пераносы — мода, якая была актуальнай некалькі дзесяцігоддзяў таму, а цяпер адышла. Калі вы штосьці істотна мяняеце, трэба, каб сюжэтныя лініі, героі, характары, тлумачэнні — усё «сышлося». А тут, на жаль, не сыходзіцца!

Аптыміст: Цікава, што ў розных версіях «Трубадура» занята шмат тых самых спевакоў...

Скептык: Так, Таццяна Траццяк, Наталля Акініна, Уладзімір Пятроў... Але там яны прадстаўлялі моцную, туга завязаную драму высакародных людзей. А ў новай версіі «Трубадура» нам прапаноўваюць тры гадзіны назіраць за «разборкамі» бандытаў. Асабіста ў мяне яны выклікаюць пачуццё гідлівасці!

Падзеі таго спектакля таксама адбываліся пераважна ноччу, па светлавым рашэнні ён быў дастаткова змрочны, але нараджаў святло, надзею, адчуванне шчасця. Бо ягоныя героі выклікалі спачуванне і захапленне.

Аптыміст: Давайце разгледзім галоўных персанажаў...

Скептык: Леанора, гераіня Таццяны Траццяк у папярэдняй версіі оперы, мела невытлумачальнае жаночае хараство — у ёй спалучаліся пяшчота, душэўная тонкасць, кранальная безабароннасць. У белай сукенцы, з ніткамі перлін на шыі, гераіня здавалася ўвасабленнем ідэалу жаноцкасці. Станавілася зразумелым, чаму двое такіх розных мужчын — Манрыка і граф ды Луна — імкнуцца заваяваць яе сэрца і каханне (але, прабачце, ніяк не цела!). У новай версіі Леанора, спявачка з кабарэ (Анастасія Масквіна), з’яўляецца на сцэне ў чырвонага колеру атласнай сукенцы і гэткіх жа чырвоных доўгіх пальчатках. Можа, такая агрэсіўнасць колеру і не патрэбная? У гэтай гераіні ёсць і чысціня, і тонкасць, і далікатнасць, але чаму ў яе такая неабачлівая цікавасць да крымінальнага асяроддзя? Калі гучыць чароўная, хвалюючая музыка дуэта Леаноры і графа, а галоўны мафіёзі пачынае распранаць жанчыну, з жахам думаеш: хутчэй бы скончылася сцэна! Можа, не паспее згвалціць пры ўсёй зале?

Аптыміст: Ну а браты-ворагі куды і як трансфармаваліся?

Скептык: У ранейшай версіі іх спявалі Сяргей Франкоўскі і Уладзімір Пятроў. У першым была харызма — сардэчная шчырасць, душэўная цеплыня, абаяльнасць. І таму цалкам зразумела, чаму Леанора абрала менавіта яго. Пятроў іграў халоднага, вышкаленага арыстакрата, які не мог змірыцца з думкай, што прыгажуня і разумніца Леанора будзе належаць іншаму. Яна — каштоўнасць, і такой каштоўнасцю павінен валодаць толькі ён! Спявак пераканаўча адлюстроўваў барацьбу ў душы героя холаду і прыхаванай палкасці, пагарды і эратызму, моцнай рэўнасці і прагі помсты, якія літаральна «з’ядалі» яго знутры.

У новым варыянце ўсё зрабілася да прымітыўнасці проста. Ёсць два браты-бандыты, па якіх, як кажуць, турма плача. Толькі адзін — граф ды Луна (яго спяваюць Станіслаў Трыфанаў і Андрэй Марозаў), які стаіць на чале мафіі, а другі — аўтсайдэр, вандроўны музыкант, які чамусьці мае гэткую самую бандыцкую падтрымку (Серджыё Панаджыо і Сяргей Франкоўскі). Іхняя сутычка — і адразу ў цемры бліскаюць ножыкі... Жанчына, якая свядома звязвае свой лёс з адным з іх, не выклікае спачування. Яна хоча належаць не аднаму бандыту, а другому? Дзе тут логіка, дзе тут сэнс? Ці заслугоўвае такая паненка хоць нейкую павагу?

У «Трубадуры» яшчэ ёсць цыганка Азучэна, маці Манрыка (у новай версіі Наталля Акініна і Аксана Якушэвіч). На маю думку, у спектаклі Уторава Акініна стварыла адну з лепшых сваіх роляў. Азучэна, якая ў дзяцінстве перажыла сапраўдную трагедыю і ўзрушэнне, дагэтуль нясе ў душы невыносны цяжар і імкнецца ад яго пазбавіцца. Добра памятаю вялікі разгорнуты дуэт Манрыка і Азучэны, які зіхацеў мноствам пераканаўчых псіхалагічных фарбаў. У ім выяўляліся змрочная душэўная моц цыганкі і яе прага помсты, а таксама душэўныя пакуты і ваганні Манрыка, які марыць быць шчаслівым з Леанорай і зусім не хоча помсціць.

Аптыміст: Згодзен, у новым спектаклі Азучэна выглядае хутчэй як гарадская вар’ятка, якую нельга ўспрымаць усур’ёз. Старую і малапрывабную цыганку безліч разоў штурхае нагамі ахова графа. У дадатак хочуць падпаліць, што таксама шакіруе натуралізмам…

Скептык: Здаецца, Манрыка пазірае на маці толькі са спачуваннем і не ведае, што з ёй рабіць. Такім чынам Азучэна — не ідэолаг помсты. У дадатак яе сцэнічны сын выглядае... старэйшым за маці, што недарэчна. Зноў «пракол»!

І што атрымліваецца ў выніку? Адзін «бандзюган» забіў другога. Гэта іх «разборкі». Прабачце за цынізм, але было б някепска, калі і першага хтосьці забіў. Чым менш бруду, тым лепш. Тым больш чыстае навакольнае асяроддзе. Спявачка заканчвае жыццё самагубствам. На сцэне — гара трупаў, а ў душы нічога не зварухнулася. Бо падзеі спектакля ўспрымаеш проста як канстатацыю фактаў. Як інфармацыю з крымінальнай хронікі. Бандытаў трэба ў турму, хворую — лячыць. Героі абсалютна нецікавыя, не жывыя і не выклікаюць ніякага спачування. Няма дакладнага псіхалагічнага малюнка, няма абгрунтаванасці ўчынкаў, няма адлюстравання душэўнай барацьбы. Ёсць плакат, аднастайнасць і аднамернасць. Дзе ж тут мастацтва?

Аптыміст: Вы даводзіце, што музычная драматургія і рэжысура ніяк не супадаюць?

Скептык: Вы фармулюеце абсалютна правільна! Больш за тое, яны супярэчаць адна адной! Калі героі такія непрывабныя і адштурхоўваюць паводзінамі і абліччам, чаму тады ім аддадзена такая прыгожая, неверагодная, фантастычная музыка? Яна адлюстроўвае ўнутраны свет, дае карціну душы. Значыць, штосьці тут няпраўда — або ноты, або інтэрпрэтацыя вобразаў! А паколькі партытура «Трубадура» першасная, значыць, няпраўда — у інтэрпрэтацыі! Калі пастаноўшчыкі абралі стыль фільмаў 40—50-х гадоў мінулага стагоддзя, дык і музыка такому стылю павінна адпавядаць. Пры чым тут Вердзі? Ён для кіно не пісаў.

Аптыміст: Магу пагадзіцца...

Скептык: Хор спявае прыгожа і выразна, але ў ім няма ніякай індывідуалізацыі характараў. Усе аднолькавыя, спрэс — варта, ахова, людзі «ў шэрым». Думаю, імкненне да навацый, увогуле ўхвальнае, у дадзеным выпадку сыграла злы жарт з пастановачнай групай. Новы мінскі «Трубадур» успрымаецца... як частка і прыналежнасць масавай культуры. З усімі яе прыкметамі. Уключыце тэлевізар: серыялы «Мянты», «Хронікі забойнага аддзела», «Вуліцы разбітых ліхтароў». Кроў, кроў і зноў кроў! Трупы, трупы, трупы... Нас пераконваюць: свет складаецца з бандытаў, гэта — норма...

Аптыміст: У фіналах «Гамлета» і «Макбета» — горы трупаў...

Скептык: Але адначасова — гуманістычны погляд на чалавека!

Аптыміст: Заўважце, напрыканцы кожнай серыі «Вуліц разбітых ліхтароў» або «Марша Турэцкага» бандыты ці мафіёзі аказваюцца выкрытымі або арыштаванымі...

Скептык: Так. Справядлівасць, хоць бы на пэўнай тэрыторыі, перамагае. І надае надзею. А якія пачуцці нараджае спектакль — беспрасветнасці і безвыніковасці? А дзе падзелася «разумнае, добрае, вечнае»?

Аптыміст: Вы аргументуеце пераканаўча... У мяне таксама ёсць пытанні. Калі ў адной з выканаўцаў партыі Леаноры я спытаў, як яна тлумачыць выбар гераіні, бо граф ды Луна (Станіслаў Трыфанаў) выглядае ў спектаклі непараўнальна больш цікава і прывабна, чым Манрыка (Серджыё Панаджыо), дык яна са смехам адказала: «Я не магу патлумачыць! Можа, мая гераіня — мазахістка? Таму выбірае горшае...»

Скептык: Але ж мы не мазахісты, каб абіраць горшае? У пэўны момант спектакля я зразумеў, што на сцэну лепей і не пазіраць. Калі разглядаеш прыгожую і магутную свяцільню на столі тэатра, роспісы і ў гэты час слухаеш гучанне аркестра, хору, магутныя і прыгожыя галасы салістаў, — уражанне непараўнальна лепшае!

Аптыміст (са смехам): Думаю, менавіта гэтай акалічнасцю кіравалася і адміністрацыя тэатра, калі ўсю прэсу пасадзіла на тыя месцы, дзе ўсё чуваць, але амаль нічога не відаць...

Скептык: Мае калегі, крытыкі драматычнага тэатра, кажуць у такіх выпадках: «Як пасадзіце, так і напішам!»

Дарэчы, яшчэ адзін момант, які датычыць разумення публікай сэнсу і падзей оперы, што спяваецца па-італьянску. Што вы робіце, калега, калі раптам на DVD-дыску вам трапляецца недубліраваны фільм?

Аптыміст: Калі ён візуальна цікавы, буду глядзець. Калі зрокава нецікавы, выключу...

Скептык: Тое самае і ў оперы. Так, яна павінна выконвацца на мове арыгінала, гэта правіла існуе ва ўсім свеце. Але ў варшаўскім Вялікім тэатры над сцэнай ёсць бягучы радок, і тэкст спеваў з італьянскай або французскай адразу перакладаецца на польскую. У «Ла Скала» пасля капітальнага рамонту ў спінкі крэслаў уманціравалі невялічкія экраны з тэкстамі арый. Калі ўсяго гэтага няма, трэба, каб існавала падрабязнае лібрэта. Усё гэта праявы тэатральнай культуры і павагі да гледача.

Аптыміст: Але вернемся да прэм’еры. Усё-такі мне хочацца адшукаць у ёй каштоўнае, вартае падтрымкі. Надзвычай цікавая праца мастака па святле Вольфі Айберга. Тонкі густ заўважаеш у касцюмах Крысціны Халер. Пагадзіцеся, каб наладзіць культурныя сувязі, запрасіць замежную пастановачную брыгаду, трэба прыкласці шмат часу і намаганняў...

Скептык: Некалькі сезонаў таму шведскі рэжысёр Аляксандр Нардштрэм паставіў у Мінску (і вельмі ўдала!) оперу Масканьі «Сельскі гонар». Як вы думаеце, запрошаныя рэжысёр Марыяна Берглёф, мастак-пастаноўшчык Андрэй фон Шліпэ, якія маюць салідны паслужны спіс, могуць быць таннымі?

Аптыміст: Опера заўжды была дарагім мастацтвам...

Скептык: Нават калі тэатр ставіць на прэм’еру самыя дарагія квіткі ў 50 тысяч, збору ад іх усё роўна не хопіць, каб акупіць выдаткі. Опера заўжды будзе датацыйнай і будзе існаваць на грошы падаткаплацельшчыкаў. А мы з вамі, калега, таксама належым да іх. І, маючы вопыт разгляду музычных спектакляў, можам разважаць, куды і на што выдаткоўваюцца немалыя сумы. Асабіста мне шкада такой колькасці намаганняў велізарнага калектыву і такіх фінансавых сродкаў.

Аптыміст: У пошуку могуць быць выдаткі...

Скептык: Як гледачу і крытыку мне цікава, не што і колькі шукалі, а што ўрэшце знайшлі! Калі ёсць выдатны мастацкі вынік, ёсць магутны і цэласны спектакль, нават вялікіх грошай не шкада... А тут вы бачыце магутны спектакль?

Аптыміст: Думаю, не. Здаецца, што артысты разважалі так: калі няма іншай пастаноўкі, трэба згаджацца на гэтую, бо яна — хоць нейкі рух наперад. Апошнім спектаклем опернай класікі быў ажыццёўлены год таму «Алека»...

Скептык: Калі аднаўляць рэпертуар, дык спектаклі, якія сапраўды таго патрабуюць. «Аідзе», пастаўленай Ларысай Александроўскай у 1954-м, споўнілася 55 гадоў.

Аптыміст: Наколькі я ведаю, з’яўленне новага «Трубадура» выклікана і неабходнасцю замежных гастроляў, магчымасцю прадставіць спектакль на еўрапейскай сцэне. У Галандыі ён будзе паказаны 11 разоў...

Скептык: «Не трэба прагінацца пад зменлівы свет», — спяваў у свой час Андрэй Макарэвіч. Тэатр і раней шмат ездзіў. У часы Сяргея Картэса — па гарадах Германіі і Швейцарыі. «Трубадур» у 2002 годзе паказваўся ў старадаўнім замку Маншаў, які знаходзіўся высока ў гарах. Леанору і графа ў інтэрнацыянальнай трупе спявалі Таццяна Траццяк і Антоніо Сальвадорэ. Вось такі спектакль хацелася б паглядзець! Наша опера шмат гастралявала і ў часы Маргарыты Ізворскай — Іспанія, Германія, Канары. Можна згадаць і Міжнародны музычны фестываль у Тайландзе, дзе з поспехам паказваўся «Трубадур».

Аптыміст: Але час ідзе, ён патрабуе змен, новых версій...

Скептык: Напаўудачы або ўдачы сумніўныя заўжды агаляюць праблемы развіцця пэўнага мастацкага арганізма. Тут бачу іх некалькі. Па-першае, адсутнасць у тэатры галоўнага рэжысёра, які вядзе паслядоўную рэпертуарную лінію.

Аптыміст: Яго няпроста знайсці! Гэта велізарная адказнасць, мала хто хоча ўзвальваць на сябе такі цяжар, калі пазней цябе могуць абвінаваціць ва ўсіх грахах...

Скептык: Праблема і ў тым, што ў нас няма і абоймы проста оперных рэжысёраў, дасведчаных, эрудзіраваных, з якіх можна было б выбіраць. У выніку нараджаецца татальная залежнасць ад «варагаў», ад таго, хто прыйдзе і што паставіць.

Аптыміст: Падрыхтоўкай рэжысёраў займаецца цяпер Акадэмія музыкі...

Скептык: Оперная рэжысура — рэч шматвектарная. А пастаноўшчыкі, якія б мелі вышэйшую музычную адукацыю, тэатральнае мысленне, ведалі сусветны тэатр і тое, куды ён рухаецца, і ў дадатак былі філосафамі — іх адзінкі!

Аптыміст: Згодзен, тавар штучны...

Скептык: Другая сур’ёзная праблема — тэнары. У трупе хапае сапрана. А высокіх мужчынскіх галасоў — дэфіцыт...

Аптыміст: Тэнары — вялікая каштоўнасць у кожнай трупе. Гэтым у свой час было выклікана запрашэнне Эдуарда Мартынюка, тагачаснага саліста музкамедыі, у оперны. У Маладзечанскім маладзёжным тэатры спяваў цікавы малады тэнар Уладзімір Дзмітрук. Але як паступіў вучыцца ў Пецярбургскую кансерваторыю, «Травіята», спектакль маладзечанцаў, фактычна перастала існаваць...

Скептык: Калі з лірычнымі тэнарамі ў тэатры справа яшчэ прыстойная, дык з драматычнымі — на мяжы катастрофы...

Аптыміст: Удзел у прэм’ерным спектаклі запрошанага італьянскага тэнара выкліканы менавіта тым?

Скептык: Бясспрэчна! Абодва заяўленыя тэнары спявалі і ў гастрольных паказах «Трубадура». А потым, калі спектакль вярнуўся дадому, тэатр вымушаны быў разлічваць толькі на Сяргея Франкоўскага. Фактычна адзінага драматычнага тэнара, які выконвае партыі Манрыка, Радамэса, Рычарда... Ён і Андрэй Марозаў па сутнасці выратавалі другую прэм’еру, хоць у рэпетыцыях і не ўдзельнічалі.

Аптыміст: Дзе выйсце? І няўжо ў 10-мільённай краіне нельга знайсці драматычнага тэнара?

Скептык: Гэты голас рэдкі, каштоўны, ён гадуецца гадамі, а магчыма, і дзесяцігоддзем працы. Выйсце — шукаць у іншых тэатрах, запрашаць. Згодзен, той жа Франкоўскі не павінен быць адзіным драматычным тэнарам!

Аптыміст: А калі вярнуцца да «Трубадура», дык варта ўсё-такі падсумаваць спрэчку. Якім бачыцца вам лёс спектакля?

Скептык: Думаю, у кіраўніцтва тэатра хопіць дальнабачнасці захаваць у належным стане і дэкарацыі, і касцюмы ранейшай пастаноўкі. А новую версію можна разглядаць як выязны варыянт... Магчыма, ён праіснуе некалькі сезонаў, потым ціха сыдзе са сцэны. А калектыў вернецца да ранейшай, надзвычай гарманічнай і па-мастацку выверанай версіі.

Аптыміст: Ведаеце, у працэсе абмеркавання ў мяне нарадзілася столькі думак, што, каб удакладніць ацэнкі, мне трэба яшчэ раз паглядзець спектакль...

Скептык: Ну, не! Яшчэ раз мяне туды нават сілком не зацягнеце! Лепей дома CD-дыск паслухаю з запісам оперы. Тады ні бандыцкія фізіяноміі, ні мафіёзныя групоўкі, ні гарадскія вар’яткі, ні ножыкі, што пабліскваюць у цемры сцэны, — ніхто і нішто не здолее сапсаваць уражанне ад геніяльнага «Трубадура» Вердзі. Ад ягонага аркестра, фантастычных хароў, арый, якія лепшыя вакалісты свету з захапленнем спяваюць трэцяе стагоддзе... А калі дырыжорам будзе Клаўдыё Абада, тады вы мне толькі пазайздросціце...

 

Дыялог Аптыміста і Скептыка занатавала Таццяна Мушынская.