Пяшчота з адценнем журбы

№ 12 (321) 01.12.2009 - 31.12.2009 г

Людміла Кудраўцава — адна з вядучых балерын у трупе Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Увогуле пра яе як пра тонкага інтэрпрэтатара вобразаў у класічных і сучасных спектаклях мы маглі б... проста не даведацца. Бо лёс салісткі складваўся вельмі няпроста.

Дастаткова доўгі час яна старанна... танцавала ў кардэбалеце. Ажно з 1994 года. Яе гераіні кожны раз аказваліся безыменнымі, а сама Людміла нагадвала Папялушку, што заставалася дома, каб зрабіць неабходную, але непрыкметную і няўдзячную працу, тады як яе больш удачлівыя сяброўкі ў шыкоўных строях выпраўляліся на святочны баль.

 /i/content/pi/mast/26/437/24.jpg
 У партыі Жызэлі з аднайменнага балета (Алег Яромкін — Альберт).
Рашучы паварот у творчым лёсе Людмілы Кудраўцавай, які і адкрыў артыстцы шлях да вядучых роляў, надарыўся нечакана. Тагачасная прыма трупы Кацярына Фадзеева, цудоўная балерына з маскоўскай школай, на год заключыла кантракт з Белградскім тэатрам. На вядучыя жаночыя партыі катастрафічна не хапала выканаўцаў. Кіраўніцтва трупы прапанавала, і Людміла падрыхтавала адну партыю, другую, выйшла на сцэну... І тут высветлілася, што ёй хапае не толькі фізічных, але і духоўных сіл, каб разам з элітай тэатра трымаць на сабе багаты рэпертуар. Так Папялушка зрабілася Прынцэсай.

Прэмія «Філіп Морыс Дэбют», якой балерына была адзначана ў 2004-м, падвяла вынікі надзвычай інтэнсіўнага перыяду яе творчасці. Толькі за адзін 2003 год яна падрыхтавала партыі Евы ў «Стварэнні свету», Гюльнары ў «Карсары», Машы ў «Шчаўкунку». А да іх трэба дадаць класічныя партыі Аўроры ў «Спячай красуні» і Жызэлі ў аднайменным балеце. А ў сучаснай харэаграфіі — Фрыгію ў «Спартаку», Джульету, Каханую ў «Карміна Бурана».

На першы погляд, лёс Людмілы змяніўся толькі дзякуючы выпадку. Але здаецца, яна сустрэла такія акалічнасці падрыхтаванай. Казачная Папялушка пасля таго, як у яе закахаўся прынц, а яна сама трапіла ў палац і зрабілася прынцэсай, здолела адпавядаць законам і правілам новага для яе асяроддзя. Такі паварот лёсу быў бы немагчымы, калі б прырода не надзяліла гераіню высакародствам, прыроднай душэўнай вытанчанасцю і грацыяй. Арыстакратызмам, які не набываецца, а даецца ад нараджэння.

Арыстакратызм гераінь Людмілы Кудраўцавай выяўляецца ў іх абліччы, пластыцы танца, поглядзе і нават красамоўным маўчанні. Вось яе Флёр дэ Ліс («Эсмеральда») бачыць у руках цыганкі шалік свайго жаніха Феба. Магчыма, у трактоўцы іншай артысткі гледачоў чакала б гама меладраматычных эмоцый! Але Кудраўцава доўга і нерухома стаіць на месцы, яе твар здаецца пазбаўленым усялякага жыцця... І вось гэтая нечаканая нерухомасць, амаль здранцвенне, цішыня, якая ўсталёўваецца пасля таго, як раптам спынілася музыка, ды няўпэўненыя крокі Флёр дэ Ліс — далей, далей ад Феба! — пераконваюць, што ў яе жыцці адбылася сапраўдная драма... Нерухомасць артысткі, магнетызм маўчання ўздзейнічаюць больш моцна, чым любыя эмоцыі.

Значную частку рэпертуару балерыны складаюць партыі лірычнага кшталту. Можа, гэта і абумовіла выбар Кудраўцавай адпаведных фарбаў у акцёрскай палітры? Лірычнаму складу яе натуры адпавядае і характар пластыкі — мяккі, пяшчотна-акварэльны. У балетным тэатры нашым і іншых краін хапае выканаўцаў, у чыім арсенале лірыка дамінуе. Але ў дачыненні да Людмілы часам хацелася б бачыць і большую эмацыйную разнастайнасць, каб артыстка не паўтарала свае ранейшыя дасягненні.

/i/content/pi/mast/26/437/25.jpg

«Спячая красуня». У партыі Аўроры.

Як ні дзіўна, але амаль усім лірычным гераіням Кудраўцавай уласціва пэўная стрыманасць у выяўленні пачуццяў. У іх ніколі не заўважыш ні эмацыйнай экстатычнасці, ні пластычнай экспрэсіі на мяжы магчымага. Калі імі авалодвае радасць, дык светлая, прамяністая, як у яе Аўроры са «Спячай красуні». Здараецца, ажыўленасць мае адценне лёгкага суму або журбы, як у Жызэлі ці Джульеты. Нібыта яны прадчуваюць, што шчасце не можа быць бясконцым, а наперадзе іх чакаюць расчараванні і душэўны боль. Калі шмат у чым закрытых гераінь Кудраўцавай напаткае смутак або гора, дык гэта прымушае іх перажываць уласныя пачуцці сам-насам, у глыбіні душы, не выносячы іх на агульнае агляданне.

Шматлікія партыі Людмілы ўспрымаюцца як адлюстраванне розных адценняў і праяў жаноцкасці. Аблічча і характар гераінь Кудраўцавай робяць іх крыніцай светлай веры для сваіх каханых. Іх жыццё на сцэне падобнае да святла лампады ўначы. Такое святло не самае моцнае, але цярплівае і надзейнае. Патрэбнае для таго, каб дачакацца ўзыходу сонца.

Калі менавіта так акрэсліць эстэтыку творчасці балерыны, гэта дапаможа лепш зразумець яе досыць шматпланавы і сімвалічны вобраз Евы ў «Стварэнні свету». Артыстка ўвасабляе не толькі каханне першай жанчыны да першага мужчыны, Адама, але і мацярынскую любоў Евы да чалавецтва. Акцэнт робіцца менавіта на ўсёабдымнасці гэтага пачуцця. Таму гарэзная і пяшчотная, строгая і непахісная, вытанчаная і такая натуральная Ева зрабілася адной з творчых удач артысткі.

Сярод іншых роляў балерыны вылучаецца Фрыгія ў «Спартаку». Як і Марыю ў «Бахчысарайскім фантане», найбольш часта яе выконваюць Яромкіна і Кудраўцава. Фрыгія ў інтэрпрэтацыі Ірыны Яромкінай, яшчэ адной яркай балерыны трупы, мае шмат агульнага з вобразам Каханай, створаным ёю ж у «Карміна Бурана»: яна закаханая ў Спартака як у абаяльнага, сапраўды харызматычнага чалавека. Але складвалася ўражанне, што яе Фрыгія не ўсведамляе цалкам веліч яго асобы. Кудраўцава істотна пашырыла дыяпазон вобраза і зрабіла гераіню не толькі каханай, але сяброўкай і музай Спартака. Такія сэнсавыя нюансы прымушаюць па-рознаму тлумачыць прычыны паўстання. У дуэце з Фрыгіяй — Яромкінай на першы план выходзілі асабістыя матывы: Спартак паўставаў, бо быў зняважаны рымлянамі, якія адбіралі яго каханую. У спектаклі з Фрыгіяй — Кудраўцавай дамінавалі матывы агульначалавечыя: імкненне да свабоды і справядлівасці. Гэта рабіла вобразы больш ёмістымі і паглыбляла філасофскі змест спектакля.

Увогуле балет — мастацтва ігры без слоў, мастацтва выразнай пластыкі і красамоўнага маўчання. Такой выразнасцю танца вызначаецца адзін з фінальных эпізодаў «Спартака», сцэна плачу Фрыгіі. Твар артысткі суровы, трагічна-засяроджаны. І толькі вочы могуць расказаць пра тое, што дзеецца ў яе душы. Пра яе сапраўдныя пачуцці, пра гатоўнасць разарваць сваім поглядам нябесную прастору, праляцець праз аблокі, дастукацца да Бога і вярнуць Спартака да жыцця...

Яшчэ адна вызначальная рыса гэтай балерыны — загадкавасць. Але калі ў іншых артыстак такая якасць можа з’яўляцца зрэдчас — як адзін з элементаў акцёрскай палітры, дык тайна ў гераінь Людмілы ёсць заўсёды. Думаю, што калі б Леанарда да Вінчы ў пошуках мадэлі для стварэння сваёй «Моны Лізы» завітаў у тэатр, магчыма, ён выбраў бы менавіта Кудраўцаву...

За час сваёй танцавальнай кар’еры Людміла атрымала прызнанне як у самой балетнай трупе, так і сярод гледачоў. У 2007 годзе была адзначана ганаровым званнем заслужанай артысткі Беларусі. Сёння Кудраўцава танцуе ўвесь вядучы рэпертуар. У мінулым сезоне ўпершыню выканала Кармэн у «Кармэн-сюіце». Восенню 2008 года, падчас правядзення Дзён культуры Беларусі ў Літве, вільнюскаму гледачу быў паказаны спектакль «Рамэо і Джульета», дзе партыі галоўных герояў танцавалі Ігар Артамонаў і Людміла Кудраўцава. Пасля заканчэння спектакля публіка на працягу 20 хвілін стоячы вітала нашых артыстаў. Хіба гэта — не зорны момант у жыцці балерыны? У новай рабоце тэатра, балеце «Папялушка», яна падрыхтавала вядучую партыю. Людміле Кудраўцавай гэта роля блізкая. Бо і ў жыцці, і на сцэне яна неаднойчы была і Папялушкай, і Прынцэсай. Магчыма, новая роля наблізіць нас да разгадкі творчасці гэтай балерыны?

Дзяніс Марціновіч