Нясцерпная вабнасць быцця

№ 12 (321) 01.12.2009 - 31.12.2009 г

Вечар нядзелі быў насычаны справамі арганізацыйнымі. У акцёрскім фае накрывалі святочны стол, рыхтаваліся выйсці на сцэну з шампанскім і кветкамі, віншаваць з юбілеем народнага артыста Беларусі Тадэвуша Кокштыса. Жыццё вяло свой звычайны танец...

/i/content/pi/mast/26/436/23.jpg

У ролі Ісаака Ньютана. «Прывітанне, Альберт!» Юрыя Сохара.

Над сцэнай і глядзельнай залай несліся словы яго героя, апошнія ў спектаклі «Кракаўскі студэнт». Тадэвуш Кокштыс — Іосіф III, арцыбіскуп Полацкі, бласлаўляў отрака Францішка ў дарогу, звяртаючыся да нас скрозь стагоддзі і падзеі... Вымаўляў словы прыгожыя, годныя. Тым больш што любоў да месца і тых блізкіх і вельмі дарагіх яму людей у сталага акцёра, які шмат чаго пабачыў, надзвычайная.

— З вайны, з акупацыі, з дзіцячых хвароб я ледзь-ледзь вылез, бадай што толькі на тыф не хварэў. Слабенькі быў, кволы. Калі з майго хутарка дарослыя ішлі працаваць у поле, касіць, жаць, — гэта было надзвычай прыгожа, але я за хаткай ляжаў у цяньку... Падчас акупацыі пайшоў у першы клас. Школа была аднапавярховая, драўляная. Эйстэр — дырэктар, добра яго памятаю... Пасля вызвалення толькі адна дзяўчынка з чацвёртага класа перайшла ў пяты, а ўсе астатнія засталіся на другі год. Дарэчы, я і потым хадзіў з класа ў клас, уперад і назад, толькі ў 58-м годзе скончыў сярэднюю беларускую школу ў Валожыне.

А быў я бяспамятным, тугадумам, лягчэй за ўсё даваліся перапынкі паміж урокамі, і пасля ўрокаў усё добра давалася... Ці то, бывала, збягаў з заняткаў з такімі ж, як сам... Сядзем пад мостам рыбку лавіць. Рачулка маленькая і рыбка маленькая. Мы — малыя, нам цікава...

Неяк дырэктар, паважны такі, на каталіцкага ксяндза падобны, запрасіў мяне ў свой кабінет і кажа: «Вось тут, у Мінску, у інстытуце, ёсць мастацкі факультэт, а ты ж у нас мастак, усе нашы газеты курыраваў, усе дыяграмы маляваў і чарціў...» Потым на школьнай лінейцы за актыўную грамадскую дзейнасць мне аб’явілі падзяку і далі прэмію. Класная сказала: «Вось табе сто рублёў, язджай дадому, няхай маці табе боцікі купіць». На ўсіх парах панёсся я ў інстытут. Сакратар пытаецца: «Якія ў вас з сабой работы? Вы, пэўна, не зразумелі, куды паступаеце?» Заплакаў і перапісаў заяву... на акцёрскі.

Службовая даведка аб дзейнасці і творчых дасягненнях вядучага майстра сцэны, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуша Кокштыса — нібыта «інфармацыя для роздуму»: «Высокі прафесіяналізм, працавітасць, карпатлівая работа над сабой дазволілі акцёру заняць вядучае становішча ў коласаўскай трупе». Насамрэч, ён ніколі не быў абмежаваны рамкамі амплуа. Аб’ёмна, быццам з гліны вылепліваў вобразы Расплюева (адметнага сухаво-кабылінскага персанажа), коласаўскага Дзеда Жабрака, гогалеўскага Качкарова і шэкспіраўскага Блазна, Графа з «Любоўнага карагода» Шніцлера і Сганарэля з «Лекара паняволі» Мальера. Ён іранізуе, бывае, кпіць са сваіх герояў — і шкадуе іх адначасова.

Вочы Тадэвуша Кокштыса штораз змяняюцца ад саркастычна-зласлівых да гарэзліва-дзіцячых; вусны то падобныя на трагічную тэатральную маску, то смешна крывяцца ад лагоднасці і наіўнасці. Ва ўсім абліччы — энергія вечнага артыстызму, юнацкая неўтаймаванасць, ненатоленасць духоўнай смагі. Вучыў Тадэвуша Кокштыса слынны майстра Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў, сам выдатны артыст.

— У мяне была толькі адна бабка, у Валожыне, маленькая, кволенькая і працавітая. Яна з праваслаўных, ды аказалася ў баптыстаў. Я запомніў яе Евангелле, заўсёды разгорнутае, а там — літары вялікія... Разам з бабкай паклалі ў дамавіну гэтую цудоўную кнігу. Я б яе на памяць выпрасіў, ды тады быў дурненькі... Бацька расказваў, што ягоны дзед з-пад Дзвінска, а мы з латышоў. Сям’я дзядзькі апынулася ў Польшчы, і ён казаў, што мы палякі. Але чым я ўсё ж сілкуюся да сённяшняга дня? Дзяцінствам. Бацька мой быў маленькі такі, як Казіміроўскі ці Таліпаў... Чым ён толькі не займаўся на хутары, Божа ты мой! А на цётцы скура гарэла... Як яе на ўсё хапала? У царкве пела... Ды як вып’е — такія анекдоты расказвае, людзі добрыя! А прыпеўкі! Ну як было не набрацца ад такой цёткі!

Вось вам падрыхтоўчыя курсы да таго, што ўва мне патроху ўключалася, прачыналася, вось вам універсітэты... І шмат чаго адтуль, з дзяцінства. Усё, што даводзілася іграць на сцэне, — дзядкоў, мужычкоў, — гэта мае родненькія мужычкі. А калі ўдавалася штосьці ўвасобіць з ваеннага, — сяржанта ў той жа «Плошчы Перамогі», — не трэба было мне падкідваць ніякіх рэжысёрскіх вабікаў, у мяне столькі іх у сэрцы, што толькі адкрывай. І я выходжу са сваёй вайной: яна для мяне жывая, памятаю яе, мне ўжо дзесяты годзік быў, — сам як у «Апошніх сведках».

Гастрыта з дудараўскага «Вечара» акцёры звычайна іграюць з асалодай. Характарная роля дае магчымасць для стварэння шматграннага вобраза, гістарычнае поле якога вядзе за небакрай па любой выбранай выканаўцам сцяжынцы. Дваццатае стагоддзе шмат нарадзіла такіх вертухаеў і даносчыкаў з іх зайздрасцю, з комплексамі і напалеонаўскімі марамі. Тадэвуш Кокштыс іграў у «Вечары» разам з Яўгенам Шыпілам і Таццянай Мархель (а таксама з Валянцінай Петрачковай). Ягоны Гастрыт быў Васілю і Ганне чужы па крыві — нібы з іншай культурай і традыцыяй. У ім прысутнічаў нейкі бляск, уся ягоная постаць распавядала пра іншы сацыяльны слой. І ён падаваўся надзвычай адзінокім, тады як Васіль і Ганна — кожны сам па сабе — адзінокімі не былі. І Гастрыт усё не мог усвядоміць, чаму так сталася. І справа тут была не ў ягонай зласлівасці і недарэчным жыцці, а якраз наадварот. Прычыну і вынік Кокштыс мяняў месцамі, балючы нерв Гастрытавай нянавісці да ўсяго свету палягаў у інакшасці персанажа. Васіль і Ганна валодалі ўсёй паўнатой быцця як асобы самадастатковыя, карэнныя, тутэйшай культурай народжаныя і ёю прасякнутыя. Натура Гастрыта мела іншы пачатак, больш аналітычны, уедлівы і цікаўны. Ён здаваўся напружана-парадаксальным і тонкім. З гэтага ж шэрагу былі Райнер з «Сола для гадзінніка з боем» Освальда Заградніка, Тарас з «Тараса на Парнасе» Сяргея Кавалёва, доктар Эстэрмарк з «Бацькі» Аўгуста Стрындберга.

Чароўнымі і спагадлівымі ягоныя дзядкі і дзядзькі не бываюць. Нават калі яны смешныя і нагадваюць клоунаў. Нават калі іх недарэчнасць чаплінаўскага кшталту, як, напрыклад, у «Лекары паняволі». Персанажы Тадэвуша Кокштыса наскрозь драматычныя, больш за тое, раптам мільгане і гамлетаўскае вывіхнутае стагоддзем вар’яцтва. Невырашальнае пытанне, неспакой і нейкае восеньскае трымценне жыцця. Як у пейзажы за акном ягонай грымёркі — з Кіраўскім мостам, чырвона-зялёнымі светлафорамі і свінцовай Дзвіной, якая цячэ так, нібыта сплывае час... Прыхаваная шторкамі характарнасці і камедыйнасці вострая драма дапытлівага чалавека заўсёды рэзка, быццам нож, прарэзвае ролю. І тут узнікае пытанне катарсісу. Для Кокштыса яно не з апошніх у акцёрскім жыцці.

Кожны, хто вывучаў тэарэтычныя дысцыпліны ў вышэйшай мастацкай установе, памятае, што катарсіс — гэта не проста выплеск жывога і яркага пачуцця, але і факт ператварэння негатыўных эмоцый у пазітыўныя. І звязана гэта не толькі з псіхікай і не толькі з эстэтыкай, а больш за ўсё — з мараллю і духоўным светам. У акцёрскім пераўтварэнні ўзнікае вобраз, які з’яўляецца носьбітам часткова самастойнай свядомасці. Гэты вобраз пранізвае акцёра наскрозь і трансфармуе яго біяполе.

— З вайны выйшаў з комплексам непаўнацэннасці, які застаўся ўва мне на ўсё жыццё. Я не ўмеў растварацца ў асяроддзі. Не адчуваў сябе нязмушана ў кампаніях. Калі гучала танга, не мог танчыць, у мяне толькі слёзы наварочваліся, нават не ведаю чаму... Вось і зразумейце, як я мог усведамляць усё тое, што перажыў. Ды, як ні дзіўна, гэтым і сілкуюся, гэта — мой рухавік, мая спружына. Не хапае слоў, каб усё растлумачыць, і надыходзіць шчаслівы момант, магчымасць выказацца праз ролю, праз сцэну. Тады не проста атрымліваю задавальненне — я шчаслівы. Гэта — парадаксальна, бо наступае катарсіс душы, вышэйшы пілатаж. Я не з тых, хто можа лёгка смяшыць ці ўзнімаць трагедыйныя ролі. Калі Бог даў мне такую знешнасць і такое нутро, дык хапаю там, дзе толькі можна схапіць, і карыстаюся тым, што ў мяне ёсць. Бо я ў такім узросце, што мне важна выйсці на сцэну і прынесці сваё назапашанае.

У працятай сярэбранымі ніцямі-струнамі сцэнічнай прасторы спектакля «Прывітанне, Альберт!» ад каласнікоў да планшэта кругам па цэнтры ўзнікаюць вобразы-здані з падсвядомасці Альберта Эйнштэйна. Скрыпічны гук, шызы колер... Музыка і бясконцыя словы... Успаміны і бясконцыя спрэчкі... Маленькі яблык выпадае з далоняў Ньютана — Тадэвуша Кокштыса. Сэр Ісаак біўся над формулай быцця з не меншай апантанасцю, чым Альберт. Стары Ньютан смяяўся са старога Альберта на сцэне. А між тым абодва былі запрошаны на Боскую вячэру... Камедыя? Драма? Жыццё ў мастацтве, дзе магчыма дасягаць завершанасці ў незавершаных сімфоніях.

Таццяна Катовіч