Унікальнасць ці серыйнасць?

№ 12 (321) 01.12.2009 - 31.12.2009 г

З рэдакцыйнага «круглага стола»

Першая Беларуская трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і плаката, што адбылася ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва», была задумана і арганізавана Беларускім саюзам мастакоў. Гэтая адметная падзея дазволіла прасачыць новыя тэндэнцыі ў развіцці габелена, ткацтва, керамікі, шкла, фарфору, скуры, металу, пазнаёміцца са станам развіцця плаката.

/i/content/pi/mast/26/435/18-.jpg

Яўген Адзіночанка. Гаршчок. Мазаіка з каляровых мас, шамот. 2009.

Тэмай нашай гутаркі сталі прадстаўленыя на трыенале творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кожны з удзельнікаў трыенале мае свой адметны стыль, манеру, пластыку, яскрава выяўленую тэматыку.
Кожны сам па сабе — яркая асоба ў мастакоўскім асяродку. Але пры гэтым ёсць агульная плынь, мастацкі далягляд, што аб’ядноўвае прадстаўленыя
ў экспазіцыі творы, надае ім духоўную цэласнасць, — гэта беражлівае стаўленне да мастацкай спадчыны і яе асацыятыўна-метафарычнае пераасэнсаванне.

Усвядоміць здабыткі і вызначыць праблемы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія выявіла трыенале, паспрабавалі на «круглым стале» мастакі Тамара Васюк, Ала Непачаловіч, мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Вяла «круглы стол» мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч.

Наталля Шаранговіч: Творы апошніх гадоў, сабраныя ў адной зале, дазваляюць убачыць тэндэнцыі — пазітыўныя і негатыўныя, якія склаліся ў гэтай галіне мастацтва. Безумоўна, ДПМ падхапіла эстафету ручной вытворчасці ўжытковых прадметаў самага шырокага дыяпазону, традыцыі якой налічваюць не адно тысячагоддзе. Яно ажывіла гэтыя традыцыі дзякуючы прафесійным мастакам-прыкладнікам, якія выконваюць унікальныя вырабы ў розных дэкаратыўных матэрыялах на базе ручной, традыцыйнай тэхналогіі або запускаюць свае аўтарскія дэкаратыўныя праекты ў серыйную вытворчасць.

Яўген Шунейка: Можна смела сказаць, што творы выяўленчага, манументальнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дызайну цяпер на роўных могуць фарміраваць прасторавае асяроддзе, у якім жыве чалавек. Парушэнне гэтага сінтэзу ў выніку розных прагматычных абмежаванняў не ідзе на карысць сучаснай цывілізацыі. Атрыманая «пустка» запаўняецца дылетанцкімі падробкамі, недахоп мастацкіх узораў стварае попыт на танную і прымітыўную штампоўку. Можа паўтарыцца тое, што калісьці ўжо змусіла мастакоў-наватараў паўстаць супраць засілля кепскага густу, бескантрольнай, эклектычнай валавай прадукцыі і «шырспажыву» рамеснікаў-штампоўшчыкаў, ствараючы мадэрністычную праграму развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва мае на сённяшні дзень зайздросны творчы досвед і мала выкарыстаны патэнцыял. Яго выразны дэкаратыўны стыль склаўся ў 1970—1980-х і працягвае паслядоўна развівацца.

Наталля Шаранговіч: Пачатак жа 2000-х гадоў мастацтвазнаўцы характарызуюць як прафесійнае «зацішша», нават «разгубленасць». Усё гэта было звязана з імклівым развіццём сучасных тэхналогій, што мела вынікам замену ўсяго грунтоўнага, эстэтычна выверанага штучнай штампоўкай, нівеліроўкай, стандартызацыяй, якая выключае суладдзе традыцый і наватарства. Беларускаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву варта ўсвядоміць свае бясспрэчныя здабыткі. Менавіта іх і павінна была выявіць і паказаць гледачу першая трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і плаката.

Ала Непачаловіч: Я б сказала іначай: гэтую задачу павінна была выканаць, але не выканала трыенале. У выніку ўсіх намаганняў атрымалася звычайная выстава аб’яднаных секцый ДПМ, у якой удзельнічалі далёка не ўсе знакамітыя мастакі і таленавітая моладзь. Тое, што было прадстаўлена ў экспазіцыі, не пакідала адчування адкрыцця, навізны. Выклікалі сапраўдную зацікаўленасць толькі асобныя работы. А вось маштабнай падзеі, свята, якога чакалі, не адбылося.

Тамара Васюк: Ніводная мастацкая падзея без намаганняў і высілкаў не ствараецца. Над канцэпцыяй мерапрыемства аргкамітэт павінен быў шчыраваць калі не паўгода, дык некалькі месяцаў. Удалай знаходкай стала хіба толькі прывязка да трыенале выставы з VII Міжнароднага пленэру керамікі, якую праводзіў наш знакаміты бабруйскі калега Валерый Калтыгін. Вось у яго штогод адбываецца
/i/content/pi/mast/26/435/18.jpg

Лілія Нішчык. Вясновае раўнадзенства. Шамот, солі, аксіды, паліва. 2008.

сапраўдная мастацкая акцыя і свята творчасці. У пленэрных работах нашых і запрошаных мастакоў няма нават згадкі пра перыферыйнасць, другаснасць або правінцыйнасць. Тым больш, што тэхналогія абварной керамікі, якая аднаўляецца ўдзельнікамі, унікальная. Дарэчы, на першым пленэры абварай ніхто не займаўся, там усё будавалася па ўзору Японіі на тэхналогіі керамікі раку. Аднак Калтыгін хутка адмовіўся ад запазычвання замежнага вопыту, мы маем уласныя, нацыянальныя старажытныя прыклады. Даследчыкі даказалі, што ўжо ў неаліце крыецца пачатак абварной і задымленай керамікі на Беларусі. Хіба гэта не дае нам поля для творчай дзейнасці? Хіба не значыць, што наша кераміка не менш старажытная і тэхналагічна дасканалая, чым японскае раку ў класічным разуменні? Вось на такой ідэі — ад архаікі да сучаснасці — можна было б вызначыць сувязь часоў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. І вызначыць канцэптуальна.

Абварная кераміка — гэта, безумоўна, тэхналагічнае адкрыццё. Калі б вы бачылі, як радаваліся нечаканым фактурным эфектам замежныя творцы. Француз, які жыве пад Парыжам і робіць цуды ў кераміцы раку з дапамогай задымлення і палівы (як гэта прынята ў Еўропе), быў шчыра здзіўлены, што нейкая «кіслая баўтушка» дае эфект звышнатуральнасці. Рабыя плямінкі абварной керамікі ляжаць пасля абпалу на форме так, як не прыдумае і самы лепшы мастак. Вось такі эфект дасягаецца гэтай старажытнай адноўленай тэхналогіяй, якая дапамагае ствараць вельмі сучасныя керамічныя формы. Я не бачу тут ніякай супярэчлівасці. Сучаснае — гэта штосьці забытае, але перапрацаванае наноў. Такая ідэя закладзена ў філасофіі продкаў. Выдатны беларускі мастак-кераміст Уладзімір Угрыновіч заўжды казаў: пачынаць ляпіць трэба з філасофіі, з думкі.

На жаль, творы з калтыгінскага пленэру былі няўдала размешчаны ў экспазіцыі. На сталах, пакрытых палатном грубага пляцення, вытачаныя і камерныя керамічныя рэчы амаль цалкам згубілі далікатнасць, а шчыльнае размяшчэнне работ пакідала ўражанне выставы-продажу танных керамічных вырабаў.

Яўген Шунейка: Наш час называюць «складаным», «пераходным», і гэта выявілася ў экспазіцыі трыенале. Тым не менш, па творах экспазіцыі мы бачым, што беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва па-свойму рэагуе на клопаты часу, умацоўваючы повязі з народнымі майстрамі, з традыцыямі рамёстваў. Мае суразмоўцы ўжо згадвалі Валерыя Калтыгіна. Сапраўднай «кузняй» маладых кіраўнікоў студый і гурткоў народнай творчасці стала кафедра народнага і
/i/content/pi/mast/26/435/20.jpg

Тамара Васюк. Знак чалавека. Шамот, аксіды. 2009.

дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Універсітэта культуры і мастацтваў, дзе ўжо не адзін год сакрэты народнай керамікі, саломапляцення, выцінанкі, роспісу на дрэве на прафесійным узроўні вывучаюць студэнты з розных куткоў Беларусі. Нараджаюцца праекты правядзення сумесных выставаў прафесійных і народных майстроў тэкстылю, керамікі, касцюма, каб максімальна прыцягнуць увагу да сучаснай калектыўнай творчасці, захапіць нашых суайчыннікаў ідэяй неўміручасці рукатворных традыцый. Не забывайцеся і пра незвычайную цікавасць да мастацтва лялькі. Кожная новая лялечная выстава з арсенала «Батлейкі» са стылізаванымі гістарычнымі строямі збірае вялікае кола наведвальнікаў.

Тамара Васюк: На жаль, па экспазіцыі трыенале такіх высноў мы зрабіць не змаглі б. Нішто не наводзіла гледача на думку, як і з чаго ствараліся работы, якая таямніца іх з’яўлення, на якія тэхналагічныя і вобразныя асаблівасці варта звярнуць увагу. Па двух паверхах развялі сталічных творцаў і ўдзельнікаў бабруйскага пленэру. І цэласнага ўяўлення аб прыкладніках не склалася. Не былі паказаны прыёмы, тэхнікі, тэхналогіі мастацтва. Прывяду прыклад. Чаму б не паставіць побач керамічныя вырабы з сучаснай электрычнай печы, адкуль выходзіць недапалены сырэц, каляровую модульную палітру Тамары Кіршыной і старажытную абварную кераміку, дзе на адкрытым агні атрымліваецца вельмі звонкі, якасны чарапок? Вось і былі б падставы для разваг.

Трыенале вельмі востра выявіла праблему адсутнасці ў нас творчай базы для мастакоў. Раней мы маглі працаваць на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Аляксандра Кішчанкі. Памятаю, як Анатоль Анікейчык на нашай выставе ў 1985 годзе ў Заслаўі гаварыў, што тут будзе, як у Дзінтары, арганізаваны Дом прыкладной творчасці. Нават месца каля Заслаўя паспеў прыгледзець. Аднак пабудаваць такі Дом ніхто так і не здолеў. Сёння ў нас няма
/i/content/pi/mast/26/435/21.jpg

Сяргей Сотнікаў. Стомленае сонца. Дрэва, метал, камень. 2009.

нават агульнай керамічнай майстэрні. Тое маленькае памяшканне, якое вылучана для гэтай мэты на Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце, ні плошчай, ні абсталяваннем не адпавядае патрэбам мастакоў. А вось аб’яднацца і зрабіць штосьці самім сталічным творцам не ўдаецца. Кожны думае пра заказ, а атрымаўшы яго, творчыя работы адсоўвае на другі план. Гродзенцы, дарэчы, самастойна арганізавалі сваю сучасную тэхналагічную базу. А творчасць Яўгена Адзіночанкі і яго жонкі Ірыны Радкевіч больш актуальная і выразная, чым у многіх сталічных аўтараў.

На такой буйной выставе кераміка абавязкова павінна была падзяляцца паводле тэхналагічных і мастацкіх якасцей. А прынцып, скарыстаны ў экспазіцыі, іншы: або гэта кераміка аб’ёмна-прасторавая, якая прызначана для архітэктуры, або яна цалкам выставачная…

Ала Непачаловіч: Каб не было экспазіцыйнага «вінегрэту», выстава павінна падавацца як праект, прадуманы па тэматыцы, прынцыпах, накірунках, стылях.

Тамара Васюк: У якасці прыкладу згадаю выставу ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея ў Раўбічах, якая называецца «З нетраў». Да ўдзелу запрасілі мяне і Лідзію Малахаву. Але не проста як асобных майстроў, а як пачынальнікаў школ. Прадставілі таксама кераміку і саломку нашых вучняў. І выстава адразу загучала. Яна дала адказы на актуальныя пытанні: ці прыходзіць у мастацтва моладзь, ці патрэбны яе высілкі на ніве прыкладной творчасці? Аказалася, што і саламяныя царскія вароты запатрабаваныя ў новаадбудаваных цэрквах, і архаіка ў кераміцы вельмі сучасна глядзяцца ў прыватных маёнтках, бо насуперак усюдыіснай штучнасці чалавек імкнецца да архаікі, дзе ёсць натуральнасць, шчырасць. А ў гліне гэта атрымоўваецца тады, калі ёсць гарманічнае суладнае спалучэнне матэрыялу і вобраза, арганічнасці і дэкору.

Наталля Шаранговіч: На трыенале былі прадстаўлены таксама яркія сучасныя формы, напрыклад, керамічны пейзаж Ірыны Радкевіч. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ўзнімае да ўзроўню сучаснасці архаічнасць, але ў ім тэхналагічна лёгка і вобразна эфектна паказаць абстрактныя формы.

Тамара Васюк: Гістарычная архаіка захоўваецца ў музеі. Я ж маю на ўвазе архаіку як напрамак эксперыментальнай творчасці. На міжнародных пленэрах па кераміцы мастакі эксперыментуюць з сучаснымі формамі, прыведзенымі да геаметрыі, як чорны квадрат Казіміра Малевіча — да філасофіі сімвала. Аднак гэта не выключае эксперыментаў і з фактурамі, тэхналогіямі вырабу. Спалучэнне сучаснага і архаічнага дае вельмі цікавы вынік.

Наталля Шаранговіч: Кераміка была ярка прадстаўлена на выставе. Але што адбылося з ткацтвам? Чаму творы, выстаўленыя ў Палацы мастацтва, здаюцца такімі невыразнымі?

Ала Непачаловіч: Існуе памылковая думка, што сучасныя тканыя работы павінны стварацца лёгка, праз простую форму, пляму, геаметрычныя фігуры. Габелен можа быць і такім. Але, на жаль, мала хто сёння адштурхоўваецца ад сапраўдных глыбінных традыцый. Маладыя працуюць хутка, але нядбайна. Няма вытанчанай дасканалай тэхнікі выканання.

Наталля Шаранговіч: У габелене і ткацтве не форма адыгрывае першапачатковую ролю, а колеравая гама, тэма, філасофскае разважанне. Хочацца, каб штосьці кранала. Калі ж ідзеш па экспазіцыі, здаецца, быццам усё тут аднолькавае. І што дзіўна — гэта праблема і старэйшых, і моладзі.

Тамара Васюк: Сапраўды, людзі згубілі прафесійнасць і імкненне да яе. Мы гэта адчуваем па нашых дыпломніках, бачым па экспазіцыі выставы. Сустракаецца ў прадстаўленых работах нядбайнасць выканання або іншая крайнасць — шмат бляску, разлічанага на пакупніка. Некаторыя працы цалкам кічавыя, нават дзіўна, што яны выстаўлены побач з сур’ёзнымі прафесійнымі работамі.

Наталля Шаранговіч: У мяне склалася такое адчуванне, што і шкло нібы выпала са сферы аўтарскага мастацтва…

Тамара Васюк: У шкла калісьці быў свой «залаты век». Невыпадкова ў Нацыянальным мастацкім музеі фонды запоўнены мастацкім шклом, а яшчэ народнай керамікай. А вось сучаснай керамікі за ўвесь пасляваенны перыяд было закуплена толькі каля двухсот адзінак… З болем згадваю, колькі фур з керамічнымі вырабамі было адпраўлена багатым пакупнікам у Еўропе. А вось шкло закуплялі з кожнай выставы. І шкло аўтарскае, што існуе самае большае ў пяці варыянтах. А цяпер у Палацы мастацтва выстаўлена шкло, якое можа выпускацца мільённымі тыражамі. На жаль, падобная тэндэнцыя ў нас і з фарфорам. Мінскі фарфоравы завод ужо не працуе. Часткова яго музейную калекцыю набыў Нацыянальны мастацкі музей. Аднак гэта толькі лепшыя ўзоры тыражнага фарфору — чайнічкаў, кубкаў, талерак. А ўнікальнай творчай пластыкі ў гэтым цудоўным матэрыяле не захавалася.

Ала Непачаловіч: Мастацкае шкло больш за іншыя віды звязана з вытворчасцю. Справа ў тым, што на заводах, якія займаюцца крышталём, шмат што змянілася. У 1970-х Нёманскі завод падтрымліваў мастакоў, якія працавалі на вытворчасці, лічылася прэстыжным, каб на рэспубліканскіх выставах з’яўляліся іх творы. Цяпер сістэма іншая. Усіх цікавяць аб’ёмы шырспажыву, а не аўтарскія варыянты. Вынік мы бачым на сёлетняй трыенале.

Тамара Васюк: Сумная сітуацыя склалася і на «Кераміне», і на заводзе ў Бярозаўцы. Кіраўніцтва прадпрыемстваў закрыла эксперыментальныя лабараторыі, дзе быў прытулак для аўтарскай працы. Там стаяла печ, быў дазвол перад ці пасля працы альбо ў свой вольны дзень рабіць уласныя работы. Зараз такой магчымасці ні на адной вытворчасці няма. Так і ў нашай лёгкай прамысловасці. Я доўгі час была членам шматлікіх мастацкіх саветаў, дзе разглядаліся адзенне, абутак. Сёння гэтыя саветы ніякай ролі не адыгрываюць. Вырашаюць усё камерцыйныя ўлады, менеджэры. Яны ўзялі на сябе функцыю эстэтычнай ацэнкі. Гэтыя людзі не маюць прафесійнай мастацкай адукацыі, творчага стажу, густу, не могуць не толькі ацаніць, але абгрунтаваць каларыт, прапорцыі, форму вырабаў. Паўсюль пануе страшэнны дылетантызм.

Яўген Шунейка: Мастакоў-прыкладнікоў з 1960-х гадоў рыхтуе Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Ужо больш як дзесяць гадоў выпускае спецыялістаў з шырокай арыентацыяй на мадэрнізацыю народных традыцый кафедра народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Мастакі-тэкстыльшчыкі навучаюцца ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Куды ж ісці маладым творцам пасля заканчэння адукацыі? Каму яны патрэбныя?

Тамара Васюк: Ім застаецца толькі працаваць на карысць багатых, але часта неадукаваных людзей. Я мела адну такую заказчыцу, якая спрабавала дыктаваць нават прапорцыю рэчаў для задуманага інтэр’ера. Я вымушана была яе пакінуць, бо давяраю толькі свайму густу. Аднак моладзь не здолее адмовіцца. Гэта небяспечная тэндэнцыя.

Наталля Шаранговіч: Манументальны габелен мы ўжо страцілі. Манументальная кераміка ў былым аб’ёме не выпускаецца. У прыкладным мастацтве ўсё становіцца камерным, залішне вытанчаным.

Тамара Васюк: А сусветныя тэндэнцыі цалкамі супрацьлеглыя: з маленькіх модуляў ствараецца манументальны твор. У Тамары Кіршыной модуль работы не перавышае 45 на 45 сантыметраў, а агульная кубатура твора 150 метраў і болей. Вось што сёння сучаснае. Модулем набіраюцца велізарныя канструкцыі. На выставе аўтар прадстаўляе два-тры творы, але яны такія маштабныя, аб’ёмныя, цікавыя.

Наталля Шаранговіч: Згадаю маладую беларускую мастачку Жанну Грак, якая зараз жыве ў Германіі і займаецца якраз такой модульнай керамікай.

Тамара Васюк: Маладыя мастакі ў Беларусі не бяруцца за такія праекты. Для модульнай пластыкі патрэбна асобная тэхналогія, прыстасаваная для абпалу печ, электрычнасць. Гэта каласальныя выдаткі.

Наталля Шаранговіч: Аднак ва Універсітэце культуры і мастацтваў некалі стваралася эксперыментальная лабараторыя традыцыйных рамёстваў беларусаў. Чаму яна не стала базай для эксперыментаў?

Тамара Васюк: Гэтая лабараторыя ўжо два гады не фінансуецца. Сёння яна мае напрамак тэарэтычны. А некалькі гадоў таму быў і навукова-творчы. Да тэорыі мы прыкладалі практычныя напрацоўкі тэхнік, тэхналогій, прыёмы, разнастайныя аўтарскія хады. Нашы распрацоўкі зацікавілі польскіх калег. Мы праехалі па Беларусі, рабілі выставы ў невялікіх гарадах, нашы акцыі выклікалі вялікую цікавасць. А сёння мы можам распрацоўваць толькі тэорыю.

Ала Непачаловіч: Падтрымку мастакам рэальна можа аказаць Саюз мастакоў. Іначай творцы будуць адчуваць сваю незапатрабаванасць. Недарэмна ў секцыі тэкстылю самым маладым сябрам споўнілася па сорак гадоў...

Яўген Шунейка: Думаю, што беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ўсё ж мае перспектывы для далейшага развіцця. Яно не можа ў наш час доўга заставацца на «нейтральным полі». І павінна хутка ўключыцца ў міжнародны творчы дыялог: гэтаму вельмі спрыяе наладжванне нашай краінай сувязей з краінамі Усходу, дзе традыцыі застаюцца ў пашане.

Наталля Шаранговіч: Для гэтага ў нас ёсць ўсе падставы: невычэрпныя традыцыі; таленавітыя мастакі; наша грамадства, якое не можа адчуць сапраўднага свята ў сваім жыцці без узораў дэкаратыўнай творчасці; сучасны цывілізаваны свет, які не можа не чакаць ад нашага па розных прычынах яшчэ «невядомага» мастацтва свежых ідэй, арыгінальных узораў творчасці, у якіх спадчына перадае неабходныя імпульсы наватарству.