Прыступкі творчасці. Пачатак

№ 11 (320) 01.11.2009 - 30.11.2009 г

Пра важнасць і сэнс дзіцячай творчасці разважалі псіхолагі і педагогі. І нездарма: дзіцячыя ўражанні і вопыт вызначальныя для лёсу любога чалавека, надзвычай важныя яны і для мастака. Зберагчы іх, пераплавіць у новую творчую энергію, запомніць гэта першаснае, свежае, непасрэднае бачанне свету — значыць захаваць творчы імпэт і плённую непасрэднасць нараджэння новых вобразаў.

Дзіцячая творчасць утрымлівае яшчэ адзін важны аспект: яна надзвычай укаранёная ў жыццё і псіхіку маленькага чалавека, гэта — чыстае самавыражэнне, натуральнае і яшчэ не абцяжаранае тэхнічнымі і інтэлектуальнымі пасрэднікамі, з якімі прафесійныя мастакі мусяць вучыцца жыць у суладдзі. Законы і таямніцы дзіцячай творчасці цікавяць і саміх мастакоў (нездарма мова простага і лапідарнага малюнка стала такой папулярнай у ХХ стагоддзі, часе псіхааналізу і разбурэння жанравых межаў), і псіхолагаў, і ўдумлівых педагогаў.

Тэма гэтага нумара часопіса «Мастацтва» тычыцца пачаткаў прафесійнага навучання дзяцей. Але перадусім мае сэнс адказаць на пытанне: чаму затухае дзіцячая геніяльнасць, чаму толькі адзінкі здольны перанесці гэты стваральны імпульс у сваё прафесійнае мастацкае жыццё?

 

Да дзіцячай творчасці псіхолагі адносяць танец, выяўленчае і музычнае мастацтвы, прыдумванне казак і вершаў, гульню і фантазію. Зразумела, што асноўныя формастваральныя рэчы з гэтага пераліку — гульня і фантазія. Маленькі чалавек не ўсведамляе сябе музыкантам ці мастаком, яго справа — гульня. Яму проста цікава змяняць і даследаваць рэчы і з’явы навакольнага свету. Гульня — сутнасць дзіцяці, а сутнасць гульні — творчасць: адвольная перапрацоўка перажытых уражанняў, камбінаванне і пабудова з іх новай рэчаіснасці. Гэты працэс — у аснове дзіцячай (ды і любой іншай) творчай дзейнасці.

Мастацтва — першая мова дзіцяці, праз творчасць даследуецца свет. Спачатку ён абмацваецца, спрабуецца на смак, разглядаецца, але пазней дзіця робіць адкрыццё: свет «укладваецца» ў рытмы музыкі, у яго можна пагуляць паводле ўласнага сцэнарыя, зафіксаваць праз прыдуманыя графічныя сімвалы.

Раней за ўсё ў дзіцяці прачынаюцца здольнасці да руху пад музыку. Псіхолагі нездарма раяць першыя два гады жыцця чалавека звяртаць увагу на развіццё яго псіхаматорыкі — асновы ўсіх астатніх відаў дзіцячай творчасці. Паводле апошніх даследаванняў, дзякуючы руху пад музыку ў маленькага чалавечка развіваюцца слыхаматорная, зрокава-прасторавая каардынацыі, ён вучыцца кіраваць сваім целам. Так ствараецца аснова для нармальнага развіцця мовы. Уздзеянне музыкі таксама спрыяе ўстанаўленню балансу паміж працэсамі ўзбуджэння і тармажэння.

Дзіця вучыцца кіраваць эмоцыямі дзякуючы менавіта працэсу творчасці, а не кантралюючай функцыі свядомасці, якая разаўецца толькі ў 8-10 гадоў.

Музычныя здольнасці праяўляюцца вельмі рана. Згадайма: Моцарт праявіў сябе ў тры гады, Гайдн — у чатыры, Мендэль-сон — у пяць. Нездарма набор у музычныя школы пачынаецца з дашкольнага ўзросту, а каледжы і гімназіі праводзяць конкурс сярод першакласнікаў. Навучанне тут патрабуе своечасовасці і вялікіх высілкаў, пастаяннага ўдасканалення майстэрства, таму няшмат наведвальнікаў музычных школ працягваюць сваю вучобу далей. Аднак незалежна ад выбару будучай прафесіі пачатковае музычнае навучанне адыгрывае сваю ролю: як і ў любой іншай сферы, яно вызначае ўсе будучыя ўзаемадачыненні чалавека з мастацтвам.

Тэатральная творчасць уласціва дзецям ад прыроды. Дзіцячыя фантазіі не застаюцца ў вобласці мараў, а ўвасабляюцца ў жывыя вобразы і дзеянні. Дзіця «ператвараецца» ў цягнік ці дрэва. Такая драматызацыя прыносіць велізарную асалоду: тэатральныя формы пражывання ўражанняў жыцця патрэбны для псіхалагічнага камфорту маленькага «артыста». Тэатр вельмі шчыльна звязаны з гульнёй, як мастацтва сінкрэтычнае, ён утрымлівае ў сабе элементы розных відаў творчасці: акцёр, глядач, аўтар п’есы, сцэнограф і тэхнік аб’яднаны тут у адной асобе. З узростам значна змяншаецца кола людзей, здольных да артыстычнай творчасці, якая з’яўляецца натуральным працягам дзіцячай гульні.

Гэтак жа, як зніжаюцца музычныя (каля дзесяці гадоў) і артыстычныя здольнасці, паступова прападае ў дзяцей і жаданне маляваць — гэта адбываецца дзесьці паміж дзесяццю і пятнаццаццю гадамі. У параўнанні з дашкольным дзяцінствам пятнаццацігадовых дзяцей, якія захапляюцца маляваннем, застаецца ў тры разы менш. І гэта вынік псіхафізічнага развіцця маленькага чалавека. Новы пад’ём творчасці перажываюць толькі адораныя дзеці. Большасць застывае ў сваім выяўленчым развіцці, і малюнак дарослага мала адрозніваецца ад малюнка дзіцяці васьмі-дзевяці гадоў, які заканчвае свой цыкл захаплення маляваннем.

Маленькі чалавек у сваёй выяўленчай творчасці праходзіць некалькі этапаў. Ва ўзросце каля дванаццаці месяцаў дзеці бяруць аловак і пачынаюць пакідаць на розных паверхнях свае крамзолі. Пасля з’яўляюцца схематычныя малюнкі (у іх дзіця перадае не тое, што бачыць, а тое, што ведае пра рэчы). Паступова ўзнікае пачуццё формы і лініі. Наступная стадыя — натуралістычныя выявы. Схема знікае з дзіцячага малюнка, ён пачынае імкнуцца перадаваць тое, што бачыць у натуры. Маляванне па назіранні, рэальнае ўвасабленне прадмета з’яўляецца апошняй стадыяй развіцця малюнка, якой дасягаюць нямногія дзеці. Новы перыяд (паводле даследаванняў вядомага псіхолага Льва Выгоцкага) звязаны з аслабленнем фізічнай актыўнасці, з узмацненнем актыўнасці розуму. Гэтая аналітычная паласа дзіцячай творчасці звязана з перамогай зрокавай устаноўкі ва ўспрыманні свету. Імкненне падлеткаў да ілюзорнай, натуралістычнай перадачы формы якраз прыходзіцца на перыяд, калі адбываецца масавы заняпад дзіцячага малявання. На новы этап выходзяць тыя адораныя дзеці, у каго ёсць да гэтага схільнасці.

І менавіта на гэтай стадыі дзіцячая творчасць патрабуе дапамогі прафесіянала. Падлетка ўжо не задавальняе сам працэс рэалізацыі яго ўяўлення, яму важны вынік, неабходны прафесійныя навыкі і ўменні.

Такім чынам, мастацтва — не проста крыніца вобразаў, важных для дарослага гледача-спажыўца, мастацтва ляжыць у аснове станаўлення чалавека, у падмурку яго развіцця. Дзеці — геніяльныя ў сваім мастацкім самавыражэнні, таму што творчасць тут — неад’емная частка іх фізічнага і псіхалагічнага выспявання, сродак адаптацыі ў соцыуме.

Тэма нашага нумару тычыцца выхавання маладога творцы, дзіцяці, падлетка, які прайшоў этап «мастацкіх падпорак» свайго псіхафізічнага развіцця і ясна ўсвядоміў, што свет вобразаў застаўся для яго важным, загадкавым і патрэбным. Але каб рушыць далей — яму неабходны настаўнік. Самае ж каштоўнае, што можа прапанаваць педагог, гэта — спалучаць тэхнічныя навыкі з самастойнай творчай рэалізацыяй...

У нашай краіне пачатковую мастацкую адукацыю можна атрымаць у спецыялізаваных гімназіях (з агульнаадукацыйным навучаннем), у школах мастацтваў (у іх існуе некалькі аддзяленняў па розных відах творчасці), мастацкіх, музычных і тэатральнай (яна пакуль адна) школах, якія дзеці наведваюць у вольны ад урокаў час.

Пра пачатковае мастацкае навучанне на старонках часопіса разважаюць людзі, непасрэдна далучаныя да гэтай справы.

Алеся БЕЛЯВЕЦ

 

 

Намаляваць увесь свет

Мастацкая школа №3 сярод мінскіх устаноў мае сваю выразную адметнасць: навучанне выяўленчаму мастацтву спалучана тут з урокамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гэта, на думку дырэктара Антаніны Шуганавай, прыносіць свой плён: адметнасць розных спосабаў выяўлення свету маладыя мастакі спазнаюць змалку. Пахадзіўшы па класах школы, дзе ўшчыльную размясціліся мальберты, а на сценах вісяць лепшыя работы, міжволі пранікаешся творчым духам, які і прывабіў сюды адораных дзяцей.

ГРУНТ

Вучыць тут пачынаюць літаральна з асноў — як трымаць аловак і дасягаць раўнавагі плямы на паперы. На ўроках малюнка знаёмяцца са штрыхоўкай і расцяжкай тону, пасля дзеці вучацца, як выбудаваць прадмет, як закампанаваць яго на аркушы паперы, перадаць прастору і аб’ём, складкі і матэрыяльнасць рэчаў. «Гэтыя задачы ставяцца паступова, — тлумачыць Антаніна Шуганава. — Калі дзеці пачынаюць разумець, як працуе пляма ў прасторы, як ураўнаважыць кампазіцыю, такія веды даюць ім вольнасць. А ў дзесяць гадоў — час, калі паступаюць у мастацкія школы, — яны ўжо могуць успрымаць дастаткова абстрактныя рэчы, а асновы малюнка — гэта ж чыстая геаметрыя. У прафесію мы ўводзім дзяцей вельмі паступова. Настаўнік, хутчэй, падштурхоўвае іх, каб вучань сам пачаў даследаваць форму і колер».

«КУХНЯ»

Усе дзеці любяць маляваць, але ў мастацкай школе любімы занятак становіцца вучобай. Пераадолець гэтую першую прыступку мастацкай навукі не так проста. Выкладчыца школы Галіна Раманава, разумеючы разгубленасць пачынаючага мастака, імкнецца дзяцей правесці праз гульню. «Цікавасць да жывапісу нараджаецца тады, калі іх захапляе “кухня” — напрыклад тое, як паводзіць сябе на паперы фарба, як утвараецца новы колер, як з плямы “прачынаецца” колер. Пры гэтым важна хваліць дзяцей, бо гэта стымул, які абуджае інтарэс. Нядаўна мы з вучнямі рабілі фармальную кампазіцыю: выразалі з паперы фігуркі і раскладвалі на аркушы паперы. Дзеці відавочна былі расчараваны: ну хіба гэта маляванне? Але калі я стала адзначаць іх знаходкі ў кампазіцыі, у іх нібы крылы раскрыліся. Увогуле, у класе часта адчуваю маўклівую просьбу: дайце нам гэту энергію, гэты штуршок, пакажыце, дзе ў нас прыгожа атрымалася...»

СТАЛЕННЕ

Мастачка і выкладчыца Кацярына Сумарава таксама памятае свой страх, нават стрэс, калі яна раптам даведалася, што маляваць трэба «па навуцы». «Зусім малыя дзеці малююць надзвычай вольна. Пасля яны перарастаюць гэты ўзрост, паміж імі і чыстым аркушам з’яўляецца шмат апасродкаваных ведаў. І вось яны гавораць: “А я не ўмею намаляваць карову”. Вы бачылі трохгадовае дзіця, якое б вам сказала, што нечага не можа намаляваць? Яно гатова намаляваць увесь свет! Наша задача: вярнуць старэйшым гэту ўпэўненасць у тым, што яны могуць увасобіць на аркушы ўсё. З кожным новым творам вучань павінен расці. Як гэта адбываецца на практыцы? У любым малюнку ёсць нешта цудоўнае. Важна зрабіць акцэнт на гэтым дасягненні і як быццам між іншым паказаць памылку. Што ж, мастацтва — карпатлівая справа...»

ПРА ГАЛОЎНАЕ

Завуч школы Уладзімір Аўраменка мае плённы вопыт выкладання. Таму лёгка адказвае на пытанне, чаму не ўсе навучэнцы становяцца пасля мастакамі. «Гэта залежыць ад таго, наколькі спрыяльнай была глеба, наколькі здольны быў вучань увабраць навуку і адгукнуцца душой. Надзвычай важна, каб да пачатку сур’ёзных заняткаў дзіця не страціла сваю індывідуальнасць, свой адмысловы імпэт. А нам важна выхаваць найперш неардынарную асобу, якая здольна і суперажываць, і лагічна ацэньваць тое, што адбываецца навокал».

ПЕРАЕМНАСЦЬ

Пяты клас мастацкіх школ з’яўляецца прафарыентаваным. Дзеці, што прыкладна вызначыліся з будучай прафесіяй, займаюцца ў ім па ўзмоцненай праграме. Яны рыхтуюцца да паступлення ў сярэднія спецыялізаваныя ўстановы.

У нашай мастацкай адукацыі закладзены прынцып неперарыўнасці: яна складаецца з пачатковай, сярэдняй і вышэйшай. Ад таго, які быў пачатак, часта залежыць і вынік. Бывае, дзіця ярка праявіць сябе ці раскрыецца ў падлеткавым узросце, але часам талент выспявае паступова.

Мастацкае навучанне заснавана на пераемнасці. Ад простага да складанага, ад гульні да сур’ёзнай карпатлівай працы, ад нацюрморта да партрэта. Ёсць такі закон псіхалогіі, які сведчыць, што нейкія веды чалавек можа атрымаць толькі ў пэўным узросце. Так і ў мастацтве. Раней — лепш. Але галоўнае — своечасова. Талент — рэч надзвычай тонкая, і гадаваць яго трэба ўважліва, з адчуваннем часу, з майстэрствам і з адказнасцю.

Вандроўкі дзяцінства

Незвычайная здольнасць дзіцяці пазнаваць навакольны свет праз яго выявы-адлюстраванні дае яму вопыт, неабходны для актыўнага дарослага жыцця. Аднак гэтая «споведзь» дзіцячай душы не становіцца тэмай для прафесійнага асэнсавання. Больш за тое, гэтыя так званыя «калякі-малякі» не заўважае большасць бацькоў і крытыкуюць школьныя настаўнікі малявання. Дарослая публіка ўвогуле прыходзіць у захапленне ад усялякага стараннага капіравання дзецьмі кніжных ілюстрацый, дакладнага ўвасаблення прадметаў, прымаючы гэты занятак за творчы працэс.

Цяжка ўявіць, каб дзіця не спакусілася пакінуць свой малюнак-след на паверхні сцяны кавалкам вугалю ці проста распісацца трысцінкай на бязмоўным снежным полі. Вынікі дзіцячай творчасці захоўваюць і папірус, і бяроста, і папера. Тым не менш, дзіцячыя малюнкі здавён успрымаліся дарослымі ўсяго толькі як забаўныя і няўмелыя спробы перадаць канкрэтнае прадметнае асяроддзе ці рэальныя падзеі.

Змяніла такое стаўленне да свету дзяцінства авангарднае мастацтва, у прыватнасці кубізм, прадстаўнікі якога катэгарычна адмаўлялі звыклыя ўяўленні пра стварэнне мастацтвам аптычнай ілюзіі, падобнай на акаляючы свет. Гэта эпоха Кандзінскага, Малевіча, Шагала — у жывапісе, Леанідава, Мельнікава, Татліна — у архітэктуры. Эпоха рэабілітацыі экспрэсіі, фантасмагорыі, «дзіцячай» адкрытасці.

У 1928 годзе ў Савецкай Расіі выходзіць кніга Карнея Чукоўскага «Ад двух да пяці». Свядома захаваўшы «хібы» лексікі сваіх маленькіх герояў, аўтар прапаноўвае захапіцца вобразнай выразнасцю дзіцячай мовы, задумацца пра адказнасць дарослых перад крохкім храмам дзяцінства, пра права дзіцяці на ўласную тэрыторыю, дзе ў форме гульні спее паўнацэннае будучае яго асобы.

У аснове спантаннага дзіцячага малявання ляжыць генетычна запраграмаваны механізм пазнання навакольнага свету праз яго «выяву-прысваенне». Гэтая стадыя дзіцячага жыцця надзвычай нагадвае «кароткі курс» эвалюцыі чалавецтва на шляху да духоўна-творчага развіцця.

Пачатковая стадыя дзіцячага малявання — гэта функцыянальная маторная гульня: дзіця пакідае на паперы шэраг энергічных, вонкава бязладных рысаў, якія з часам усё шчыльней і дакладней будуць запаўняць прастору аркуша.

Паступова з неструктураванай графічнай масы праяўляюцца дзве асноўныя формы геаметрычнага развіцця — спіраль, што ўвасабляе закон арганічнага росту і яго сіметрычнае адзінства, і круг — сімвал асэнсавання самога сябе як духоўнага напружання і руху. Потым пачынаецца засваенне простых геаметрычных фігур — трохвугольніка, квадрата — і кампаноўка з іх вобразаў, што сімвалічна пазначаюць навакольную рэчаіснасць. Тут быццам запускаецца механізм «калектыўнага неўсвядомленага», выштурхоўваючы на паверхню паперы далёкі гістарычны вопыт: то падарожніка-першапраходца, то марака, то архітэктара-будаўніка. Вандруючы ў заблытаных алоўкавых лабірынтах і раздумваючы на скрыжаваннях ліній-дарог, маленькі чалавечак рыхтуецца, дакладней, ужо стварае свой уласны свет з першавобразаў-архетыпаў, нібы з дэталяў канструктара. Цэнтрам гэтага віртуальнага сусвету будзе, безумоўна, сам Аўтар, яшчэ там з’явіцца ўсё, што неабходна ў сапраўдным свеце: Сонца і Неба, Воды і Горы і, канешне, Дом.

Архітэктурныя аб’екты ў творчасці дзяцей амаль заўсёды фасадныя, пазбаўленыя функцыянальнага зместу і нейкай матэрыяльнай пераканальнасці. Цікавая так званая «празрыстая форма», якую скарыстоўваюць дзеці, каб паказаць адначасова экстэр’ерную і інтэр’ерную часткі дома, а таксама яго насельнікаў. Часта выявы крэпасцей, палацаў і іншай гістарычнай архітэктуры нясуць у сабе антрапаморфныя ці зоаморфныя рысы і сваёй пластычнай выразнасцю нагадваюць архітэктуру вядомага іспанскага дойліда Гаўдзі.

Іншыя работы, наадварот, выкананы на адным дыханні з гранічным абагульненнем формы. Яны ўзніклі з эфемернага руху фарбавых плям і прымушаюць успомніць вядомае меркаванне, што архітэктура — гэта застылая ў камені музыка.

Так ці іначай, для маленькага мастака важны вобразны сэнс аб’екта, які правакуе эмацыянальную матывацыю творчага акта. Дзеці часта ў пошуках уражанняў «выпадкова» апынаюцца ў непрывычных для іх месцах — руінах старых будынкаў, закінутых гарышчах і лёхах, дзе яны перажываюць змешаныя пачуцці трывогі, небяспекі і прадчування чагосьці новага, невядомага. Гэты незвычайны для маленькага чалавека працэс-успрыманне эстэтычных перажыванняў і творчай практыкі спалучаецца з напрацоўкай бясконцых варыянтаў і імправізацый ва ўладкаванні карціны свету, пошукамі ідэалу прыгажосці і ўласнай мастацкай мовы.

P.S.Для нашай студыі «WOSTRAU» найважнейшае — унутранае развіццё дзіцяці сродкамі мастацтва. І гэта дае відавочны вынік — растуць асобы, многія з якіх пасля становяцца творцамі. Калі дзіця напоўніцу выкарыстае свой уласны рэсурс маленства, яго далейшае прафесійнае навучанне будзе вельмі плённым.

Юрый Іваноў

 

 

«Унікальная сістэма навучання...»

Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай акадэміі музыкі — элітарная ўстанова. Тут вучацца музычна адораныя дзеці з ўсёй краіны. Кожны маленькі або дарослы вучань установы — талент. І амаль кожны — «зорка» або маленькая «зорачка». Школа — сапраўдная кузня музычных геніяў. Большасць знакамітых беларускіх піяністаў, скрыпачоў, кампазітараў вучыліся менавіта тут. Бо адметнасць арганізацыі школы моцна ўплывае на працэс выхавання. Мы гутарым з дырэктарам гімназіі-каледжа Андрэем Яўгенавічам Калядзічам.

Адбор

Ваша навучальная ўстанова — адна з прэстыжных. Сюды нялёгка паступіць, тут няпроста вучыцца. Ці вялікі ў вас конкурс?

— Вялікіх конкурсаў для тых, хто паступае, звычайна няма. Чаму? Бо вядзецца папярэдняя сур’ёзная і разгорнутая кансультацыйная праца. Звычайна да нас не прыходзяць «з вуліцы». Каб дзіця было рэкамендавана да іспытаў, у нас ладзяцца планавыя кансультацыі: усімі аддзяленнямі, кожную суботу, пачынаючы з лютага і да ліпеня. Да ўступных іспытаў дапускаюцца тыя, хто адпавядае патрабаванням школы. У конкурснай барацьбе яны даказваюць права тут вучыцца.

Раней існавала традыцыя: педагогі ў пошуках таленавітых дзяцей ездзілі па абласных і раённых цэнтрах…

— Такая практыка існавала. Яна была б мэтазгоднай і цяпер, але паўстае, па-першае, фінансавае пытанне з камандзіроўкамі. Па-другое, у рэгіёнах не надта зацікаўлены аддаваць лепшых вучняў. Сказаць, што нас чакаюць з такой місіяй, будзе перабольшваннем. Беларусь — не такая вялікая краіна, каб мець глыбінку. Нават у дзіцячых музычных школах невялікіх гарадоў педагогі маюць дастаткова высокі ўзровень музычнай кампетэнтнасці і інфармаванасці.

Умовы

— Работа педагогаў раённых музычных школ дазваляе навучыць азам ігры на інструменце, даць асновы музычнай пісьменнасці. Калі дзеці збіраюцца паступаць у гімназію-каледж, дык не трэба выпраўляцца да нас з 1-га класа. Усё ж такі лепш, калі хлопчык ці дзяўчынка дзяцінства праводзіць у сям’і. Таленавітыя дзеці, якія прыязджаюць да нас з іншых гарадоў, жывуць у інтэрнаце. Ён належыць да ліку лепшых не толькі ў сталіцы, але і ў краіне: знаходзіцца ў цэнтры горада, камфартабельны для пражывання...

Ведаю, што ледзь не ў кожным пакоі стаіць фартэпіяна для індывідуальных заняткаў музыкай...

— Абавязкова — у кожным! Таму што ў гімназіі-каледжа ёсць акрэсленая мэта: прафесійнае навучанне. Музычныя школы арыентаваны на агульнаэстэтычнае развіццё, і пытанне, ці зможа падлетак у будучым займацца прафесійным мастацтвам, застаецца адкрытым. У нас жа нават з першага года навучання ставіцца мэта: прафесійная адукацыя як вынік. Адсюль — і патрабавальнасць, і насычанасць праграм...

Звычайна ў спецыялізаваных школах класы невялікія...

— Так, да 20 чалавек. А ў пачатковай школе — яшчэ меншыя, што дазваляе больш увагі надаваць індывідуальным урокам. Нашы задачы — зразумець кожнае дзіця, раскрыць, дапамагачы яму знайсці сябе ў музыцы. Перавага школы — у індывідуальным падыходзе.

Ці існуе для вашых вучняў праблема перагрузак: псіхалагічных, эмацыйных, інтэлектуальных?

— Сапраўды, нашы дзеці маюць нават не двайную нагрузку, а нашмат большую... Але ж набыць прафесію музыканта можна толькі ў дзіцячым узросце. Мы можам шкадаваць дзяцей, якія займаюцца балетам, фігурным катаннем і г. д.: гэтыя віды дзейнасці таксама нельга засвойваць у больш познім узросце. Комплекс псіхафізічных якасцей, неабходны для прафесіі музыканта, павінен набывацца дастаткова рана. Гэта па-першае.

А па-другое, шмат залежыць ад здольнасцей юнага музыканта. У нас сабраны самыя таленавітыя дзеці. Талент выяўляецца яшчэ і ў хуткасці мыслення, у тэмпе засваення музычных твораў, ва ўласцівасцях памяці. Нашы дзеці, якія перамагаюць на конкурсах, адзначаюцца ўзнагародамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, — звычайна вельмі добра вучацца і па ўсіх іншых прадметах. Мы робім усё, каб юныя музыканты мелі магчымасць «разгрузкі».

Кадры

Цікава, кім распрацоўваліся адмысловыя музычныя праграмы гімназіі-каледжа?

— Яны — нашы, аўтарскія, уласныя: гэта распрацоўкі педагогаў школы. Звычайна не ніжэй за тыповыя, а часта арыентуюць на больш грунтоўную падрыхтоўку. Працэс навучання ў гімназіі дазваляе засвоіць праграму каледжа за тры гады, бо звычайна ў музычных вучылішчах вучацца чатыры. Надзвычай цікавыя заняткі нашых педагогаў, звязаныя з музычна-тэарэтычнымі курсамі.

Варта адзначыць, што большасць нашых педагогаў — самі выхадцы з гімназіі-каледжа. І кіраўнік нашага знакамітага струннага аркестра Уладзімір Перлін, і кіраўнік Капэлы хлопчыкаў Уладзімір Глушакоў, і многія выкладчыкі музычна-тэарэтычных і спецыяльных прадметаў — усе вярнуліся сюды ўжо ў якасці педагогаў. Лічу, тэндэнцыя і традыцыя — надзвычай плённыя! Значыць, у нашых былых выхаванцаў застаюцца светлыя, прыемныя ўспаміны пра час навучання ў ліцэі. Ганаруся, што сам з першага класа тут вучыўся. Сёлета пайшоў 36-ы год, як я знаходжуся ў гэтым будынку, дзе ведаю кожны куточак…

Гены і гамы

Ці можна вызначыць, колькі ў творчым выніку юнага музыканта ад ўласнай прыроднай адоранасці, працавітасці, а колькі — ад чуласці і настойлівасці педагога? Ці можна дыферэнцыраваць: што — ад вучня, што — ад педагога?

— Думаю, у кожным выпадку суадносіны — індывідуальныя. Бо часта чалавеку даецца талент, але не хапае працавітасці. А здараецца, і наадварот: таленту — менш, а больш настойлівасці, імкнення да поспеху. Уласна музычныя даныя, здараецца, вельмі высокія, але не стае мастацка-творчых. Іншым разам пераважае ступень крэатыўнасці і жадання выявіць сябе з дапамогай мастацтва.

Наш педагагічны абавязак — разгледзець, якія якасці і чым трэба дапоўніць, куды скіраваць вучня. Дзе ён здолее лепей сябе выявіць: у сольнай ці аркестравай кар’еры або ў музыказнаўчай дзейнасці? Бо кожны інструмент — не проста сродак музіцыравання: ён прадугледжвае яшчэ і пэўныя здольнасці артыста. Кожнаму інструменту мусяць адпавядаць акрэсленыя псіхафізічныя даныя. Часам можна бачыць: гэты хлопчык або дзяўчынка нарадзіліся менавіта для скрыпкі або фартэпіяна. Часам юны выканаўца на складаным інструменце здольны іграць такія віртуозныя п’есы, што ўсведамляеш: гэта лёс! Іншым разам даводзіцца «шукаць» інструмент, нават яго мяняць... Нельга сказаць, што працэс музычнага выкладання — адназначны: маўляў, бяры і вучы па складзенай загадзя схеме...

Ёсць у піяністаў хрэстаматыйная гісторыя пра тое, як знакаміты Антон Рубінштэйн займаўся з Іосіфам Гофманам, ужо вядомым выканаўцам. І настаўнік не дазваляў вучню двойчы прыносіць на ўрок адзін і той жа развучаны твор. Інакш кажучы, да наступнага занятку той павінен быў падрыхтаваць нешта іншае. Бо настрой і стан і вучня, і настаўніка, і нават навакольнага свету — ужо іншыя...

Мэта

Цікава, якія ў школе склаліся колькасныя суадносіны педагогаў і вучняў?

— На аднаго педагога (уключна з канцэртмайстрамі) звычайна прыходзіцца нават не два вучні, а крыху менш. У нас працуе шмат выкладчыкаў, многія з якіх дацэнты і прафесары Акадэміі музыкі. Так мы сумесна рыхтуем музыкантаў.

Думаю, так дасягаецца і пераемнасць. Бо педагог Акадэміі музыкі займаецца і са свамі будучымі студэнтамі...

— Мы і Акадэмія музыкі — звёны ў інтэграванай сістэме музычнай адукацыі: гімназія — каледж — ВНУ... У сусветным кантэксце такая сістэма — унікальная! Калі да нас прыязджаюць музыканты з высокаразвітых краін, яны сведчаць, што ў Францыі, Англіі, Германіі, якія маюць найбагацейшыя музычныя традыцыі, такой сістэмы, тым не менш, няма. І яны хацелі б яе мець. Так, у іх ёсць высокая музычная культура, ёсць пачатковы ўзровень музычнай падрыхтоўкі, ёсць ВНУ з выдатнымі традыцыямі. А вось сярэдняе звяно часта аказваецца недастаткова развітым, а часам — і наогул выпадае...

Бесперапыннае навучанне мае велізарны плён! У 5 гадоў прымаем дзіця ў падрыхтоўчую групу — праз 20 гадоў з Акадэміі музыкі выходзіць дарослы чалавек, які прайшоў усе ўзроўні навучання, уключна з магістратурай і аспірантурай. Ён — спецыяліст самай высокай кваліфікацыі. Хтосьці з іроніяй паставіцца да таго, што 20 гадоў музыкант вучыцца іграць на раялі. Але акадэмічнае выканальніцтва немагчыма засвоіць іначай, як праз шматгадовае навучанне.

Калі юны музыкант удзельнічае, напрыклад, у фартэпіянным конкурсе, дык праграма ўключае творы Баха, Шапэна, Бетховена, якія гучаць на працягу стагоддзяў. У выкананні павінны адчувацца і традыцыі, і тонкія крытэрыі інтэрпрэтацыі. Іх трэба засвоіць і прытым прадэманстраваць сваю музыкальнасць, элементы ўласнага бачання музыкі. А зрабіць адметным выкананне без асабістага стаўлення да твора, без таго, каб прапусціць яго праз сябе, — немагчыма...

Гутарыла Таццяна Міхайлава.

 

 

Словы пра слова

Каб у дзіцяці прабіўся зялёны парастак даравання, патрэбны адпаведны асяродак, спрыяльныя ўмовы дый нечая добрая воля. Цікавасць да тэатральнага мастацтва вымагае падтрымкі. Нехта мусіць талент заўважыць, накіраваць, выгадаваць.

Акцёрскія здольнасці складана заўважыць, а яшчэ больш складана дзіця не адштурхнуць і развіць. Бабуля, маці, зрэдчас бацька і найчасцей настаўнік літаратуры садзейнічаюць зараджэнню ігравога пачатку, даюць штуршок да славеснага выяўлення індывідуальнасці праз прымаўкі, прыказкі, жарты, расповеды пра сябе, байкі і, галоўнае, вершы. Музыка — цуд, танец — чароўны, жывапіс, прыкладное мастацтва — неабходныя. Аднак «напачатку было слова». У слове ўсё паяднанае: аналіз, сэнс, адносіны да ўсяго на свеце, карціны мінулага, фізічнае жыццё.

Чаму ў наш час страчана цікавасць да слова ў многіх тэатрах? Чаму скарачаюцца драматургічныя тэксты? Чаму так часта немагчыма зразумець, што кажуць акцёры на сцэне? Бедныя драматургі! Слова на сцэне — вынік карпатлівай работы акцёра і рэжысёра. У аснове — аналіз творчасці аўтара, праца розуму і сэрца.

Канешне, прасцей скараціць тэкст, пусціць душашчыпальную музыку, запрасіць танцора, пластычна адоранага акцёра — і ён запоўніць гэтую дзірку ў тэксце прывабнымі рухамі, часцей сексуальна-забаўляльнымі. Гледачы паступова адвыкаюць, ужо адвыклі слухаць дыялогі, чуць і ўспрымаць слова.

Некалі ў кожнай школе быў літаратурны тэатр, праходзілі вечары. У філармоніях на канцэртах чытальнікаў залы былі запоўненыя. Гучала паэзія класічная і сучасная. Усё сур’ёзна, нічога не разбэшчвала.

Я ўсё жыццё вучыла майстэрству акцёра, і калі мне прапанавалі выкладаць сцэнічную мову ў дзіцячай тэатральнай школе пры Новым драматычным тэатры, гэтую прапанову прыняла, хоць і не без ваганняў. Дырэктар тэатра Васіль Васільевіч Марцецкі заўважыў: «Калі пачнеце працаваць
з дзецьмі, вас немагчыма будзе адарваць ад іх». І ён меў
рацыю.

Гэта былі цудоўныя дзеці!

Многія паступова сышлі па розных прычынах. Але тыя, што засталіся, сталі за пяць гадоў цікавымі, адухоўленымі, шматграннымі, тонкімі людзьмі.

Працуючы з дзецьмі над прадметам «сцэнічная мова», я згадвала, што калісьці займалася мастацкім словам у Палацы піянераў на Фантанцы. Прафесар Марыя Васільеўна Кастальская працавала ў філармоніі з акцёрамі, але не пакідала нас, дзяцей. Пачыналі ў 12–13 гадоў, гэтаксама як і ў нашай тэатральнай школе пры Новым тэатры. Пачыналі з былін: радок доўгі, працяглая галосная, інакш не скажаш. Потым засвойвалі балады: імклівы рытм, востры, дынамічны сюжэт — як бег па хвалях. Байкі прывучалі да простай фабулы. Але за ёю — спрадвечная мудрасць. Яркая, сакавітая бытавая гаворка. Першыя спробы авалодаць падтэкстам — праз яркія перайманні знаёмых у вобразах звяроў. Потым паэзія Пушкіна, дзе можна знайсці матэрыял для раскрыцця любой індывідуальнасці — так, каб яна заззяла, каб дзіця ўлюбілася ў верш. Потым Лермантаў: змаганне і незадаволенасць сабой, супярэчнасці свету, сімвалічны пачатак, алегорыі. Далей: Гогаль, Някрасаў, Талстой, Дастаеўскі і вяршыня — Чэхаў. Перад заканчэннем школы кожны выконваў апавяданне Чэхава. Не ўсе сталі акцёрамі, але гэты перыяд жыцця запомнілі ўсе.

Любоў да слова пачынаецца з любові да кожнай літары. Усе выбіраюць літару, думаюць, як яе абыграць, што з ёю адбываецца, якая яна. Паводзіны «ш-ш-ш» адрозніваюцца ад паводзін «р-р-р» або «ф-ф-ф» і «я-я-я». Разам з практыкаваннямі неабходна развіваць вобразнае мысленне. Любіць літары — значыць любіць словы: іх сэнс, вонкавы вобраз. Тэхніка вымаўлення — адзін са складнікаў прадмета «сцэнічная мова». Важна, каб дзеці не сумавалі, каб практыкаванні мелі гульневы, асэнсаваны характар, а вынікам стаў — маленькі спектакль: «Парад літар», «Свята літар», «Бойка і прымірэнне літар».

Для развіцця галасавых даных, для ўдасканалення дыкцыі важна прыдумваць цікавыя заданні, гульні, моўныя эцюды, скорагаворкі ў розных прапанаваных абставінах для актывізацыі фізічнага самаадчування.

А для фарміравання акцёрскай свядомасці, для развіцця асобы сучаснага маладога чалавека галоўнае — паэзія. У любым творчым калектыве далёка не ўсе дзеці зарыентаваныя на прафесію. Іх бацькі плацяць грошы, сочаць, дапытваюцца ў педагогаў: «Ну, як ён? Як яна?» Бацькі хочуць, каб мастацтва засцерагала іх дзяцей ад благіх уплываў, каб дзеці выраслі добрымі, шчаслівымі, тонкімі, прыгожымі, глыбока аналізавалі жыццёвыя сітуацыі.

Працаваць з падлеткамі мне было асабліва цікава. Яны пачыналі сталець духоўна. Юнакі спасцігалі паэзію, паэтычнае, а не бытавое дзеянне, станавіліся высакароднымі, інтэлігентнымі.

Драматургія раскрывае нам жыццё чалавечага духу. Як сорамна бывае ў тэатры, калі дэманструюць пусты сюжэт, калі рэжысёр не здатны абудзіць акцёраў духоўна і гледачы не могуць зразумець, што ён прамаўляе! Пра што? Пра каго?!

Каб зацікавіць паэзіяй, навучыць бачыць прыватнае ва ўзаемасувязях з агульным, трэба браць невялікія ўрыўкі, чатырохрадкоўі. Але ў іх мусіць быць ярка выяўлена вобразная прырода паэзіі, з выразнай формай і зместам, які дае нагоду для роздуму. Не трэба баяцца, што дзеці нечага не зразумеюць. Дзеці ўсё разумеюць.

Разнастайнасць зместу, рытмаў, стылю, эмацыйны зарад — усё разам, спакваля, адкрывае дзецям свет паэзіі. Верш прывучае да працяглай галоснай, дакладнага ўдарнага складу, актывізуе мову, развівае яркасць бачання, асоба паэта фарміруе асобу выканаўцы. Чалавек спазнае сябе.

Напачатку, канешне, цяжка — дзеці яшчэ не прывыклі да мовы паэзіі, хіхікаюць, крыўляюцца, але ў калектыве заўсёды ёсць сур’ёзныя, таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі, што спыняюць гарэзаў. Былі па-акцёрску адораныя дзеці, якія не паладзілі з калектывам, хтосьці не справіўся з навучаннем, некага забрала вуліца... І сумна бывае пры сустрэчы бачыць бессэнсоўны твар, цыгарэту, цынізм.

Шмат часу пры рабоце з дзецьмі займае бібліятэка, выбар рэпертуару. Самі яны яшчэ не ў стане гэта рабіць: іх кругагляд, веды пакуль не даюць такой магчымасці. Педагог свабодна арыентуецца ў свеце літаратуры, адчувае творчую своеасаблівасць кожнага з падапечных: кагосьці трэба раскрыць, кагосьці — зацікавіць. Часам аказваешся ў ролі снайпера: стрэл — і патрапіў. Часам здараецца асечка: прырода вучня маўчыць, не адгукаецца на прапанаваны матэрыял. А потым раптам — удача. Здатнасць дакладна адчуваць індывідуальнасць цяжка патлумачыць. Гэта як музычны слых: ёсць або няма. Гэта ўменне, талент. Наш настаўнік, прафесар Дзмітрый Арлоў, часта ўжываў адно слова: «туды» або «не туды». Інакш кажучы: загаварыла прырода або не загаварыла. Гэта быў незвычайны чалавек і педагог. Розум, інтэлект, гумар — усё адбівалася ў вачах, усмешцы. Мы змяняліся пад ягоным уплывам, нейкая магічная сіла захапляла нас. Дастаткова было дзвюх-трох рэпетыцый, каб урывак ажыў.

Мінаў час, і зерне, пасеянае Дзмітрыем Аляксеевічам, прарастала.

Ён ніколі не падмяняў слова музыкай, працаваў у адпаведнасці з ім, удакладняючы канфлікт сцэны, знаходзіў прыстасаванні для выяўлення вобраза. І нараджалася Слова — вынік усяго дзейснага аналізу спектакля і ролі. Слова выпакутаванае, разумнае, гучнае, цудоўнае, якое несла інфармацыю пра ўвесь спектакль. Я звярнулася да светлай памяці настаўніка, каб пацвердзіць тэзіс: майстэрства акцёра і сцэнічная мова — непарыўныя. Панцыр немагчыма ададраць ад чарапахі. Чарапаха сканае. Слоўнае дзеянне — элемент сістэмы Станіслаўскага — залежыць ад іншых складнікаў. Можа напісаць такую схему:

мова — прапанаваныя абставіны;

мова — фантазія, уяўленне;

мова — канфлікт;

мова — мышачная свабода, арганічнасць;

мова — кінастужка бачання;

мова — унутраны маналог;

мова — звышзадача;

мова — слоўнае дзеянне.

Усё ўзаемазалежна. Усе элементы факусіруюцца ў слове. Калі ўявіць, што цягам авалодвання сістэмай Станіслаўскага адна за адной запальваюцца лямпачкі, то апошняй і ярчэй за ўсе астатнія ўспыхне лямпачка «сцэнічнае слова», «слоўнае дзеянне».

Я шмат гадоў працавала са студэнтамі, пяць гадоў — з дзецьмі і не бачу розніцы ў педагагічным працэсе. Мастацтва драматычнага акцёра мае на мэце — прафесію, а таму прадугледжвае здольнасць працаваць з не падобнымі адзін на аднаго рэжысёрамі.

Не існуе розніцы: дарослыя, дзеці, падлеткі, юнакі. Усе адзіныя ў працэсе навучання мастацтву.

Марына Папова