Абраннікі лёсу, нявольнікі часу

№ 11 (320) 01.11.2009 - 30.11.2009 г

Спачатку гэта гучала высакамоўна: дынастыя. У Купалаўскім тэатры здавён квітнела сямейнасць; кагосьці яна раздражняла, але, на шчасце, доўжыцца і па сёння. Здаецца, першымі так — дынастыяй — назвалі менавіта іх, Уладамірскіх. Бацька, заснавальнік — Уладзімір Іосіфавіч, сын — Барыс Уладзіміравіч, унук — Аляксандр Барысавіч. І іхнія жонкі.

 У 1924 годзе ў малады беларускі драматычны тэатр у Мінску была запрошана вядомая актрыса Кацярына Замешына з мужам, Уладзімірам Уладамірскім-Малейка. Менавіта так гэта выглядала на той час: артыстка з мужам. Праз нейкі час Кацярына Васільеўна ціха сышла ў цень — пакінула тэатр, занялася сынам і домам, а сярод першых акцёраў голасна загучала імя Уладзіміра Уладамірскага. Мінулі гады — разам з іх сынам Барысам у Тэатры імя Янкі Купалы пачала сваё сцэнічнае жыццё Галіна Чэкалінская, яго юная жонка... Сын Галі і Барыса гэтак жа рана прыйшоў у Купалаўскі тэатр, а ягоная жонка, Лена Пастрэвіч — у Рускі тэатр. Лёс распарадзіўся так, што сын Лены і Сашы, названы Данілам, данікам, у гонар любімай Сашавай ролі — Данілкі ў «Раскіданым гняздзе», акцёрам не стаў, але прыродную таленавітасць унаследаваў...

Пагодзімся: ходкае меркаванне, што талент у спадчыну не перадаецца, у выпадку Уладамірскіх памылковае.

...Сям’я ганарылася звонкім прозвішчам, ужо не згадваючы сапраўдныя, родавыя. (У тэатры, у літаратуры прынята шукаць мілагучнае імя, каб глядзелася з афішы, з вокладкі кнігі, з газетнай старонкі. Нярэдка — каб замяніць ранейшае, якое напамінала аб тым, што належала выкрасліць, закапаць, забыць; з розных прычын — дваранскага паходжання, сваяцкіх сувязей са зніклымі беззваротна.) Уладамірскія неслі сваю «дынастыйнасць», абранасць з годнасцю, артыстычна, часам — іграючы і ў жыцці.
Як Уладзімір Іосіфавіч.

Стары Улад

Мінскія старажылы любяць згадваць, як ён крочыў у тэатр: ад дому побач з ГУМам, дзе зараз красуецца мемарыяльная дошка з ягоным профілем, да Тэатра імя Янкі Купалы ўсяго нічога, але гэты адрэзак ён ператвараў у запамінальнае відовішча. Дзябёлы, моцны, з дакладна і высакародна вылепленай галавой (у апошнія гады жыцця, уразрэз з тэатральнай традыцыяй — сярэбраная барада), у модным капелюшы, з цяжкім мудрагелістым кіем у руцэ, незалежна ад надвор’я — у расхінутым быццам незнарок франтаватым паліто, што дазваляла ўбачыць ордэны на пінжаку, мернай хадою ступаў Знакаміты Артыст!

На схіле гадоў ён узяўся рассылаць сябрам і знаёмым лісты, уласнаручна па-майстэрску склееныя з прысланых яму паштовак. Запрашаў у госці, віншаваў з памятнай датай — усё з вялікай літары. І падпісваў: Народны Артыст СССР, Ардэнаносец і г.д. Зваротны адрас: Крыжоўка, Дача «Палеская Легенда», Народнаму... Спрабавалі паслаць па гэтым адрасе адказ, і, уявіце, даходзіў!

Назва «Палеская легенда» прыйшла з аднайменнага фільма: ганарар за ролю Войта паклаў аснову лецішча. Там таксама была гульня. Па прыездзе ўзнімалі флаг, які спускалі ўжо ўвосень, ад’язджаючы. Праводзячы гасцей, У.І. — «стары Улад» — выходзіў на балкон у лядашчым капелюшы з пеўневымі пёрамі і даваў у іхні гонар салют з «дубальтоўкі».

Гульня... У прыхожай сярод здымкаў у ролях — малпа. Прыгледзеўшыся, пазнавалі хітрэнныя чалавечыя вочы. Яго роля ў спектаклі для дзяцей.

(...Усё-такі як хочацца гульні! Мы развучыліся гуляць — электронныя забаўкі не ў лік. Мы ўпарцімся, калі нам прапаноўваюць гульню. Аднойчы за мяжой увайшла ў краму з тысячамі прадметаў невядомага прызначэння, якія аказаліся
/i/content/pi/mast/25/431/50.jpg

«Кароль-ваявода» Еўсцігнея Міровіча. Блазан.

цацкамі для дзяцей і дарослых. Там былі штучкі, асноўнае прызначэнне якіх — выклікаць усмешку, процьма гуллівых непатрэбнасцей, мы адразу ж ахрысцілі іх «маразмікамі». Багатыя на выдумку, вясёлыя і прадпрымальныя людзі сачынялі іх на радасць нам — і на карысць сабе. Як яны, напэўна, рагаталі, давёўшы сваю ідэю «да выхаду»... Прызнаюся, я ў першы момант паморшчылася: што за лухта, дзяцінства! І сапраўды — дзяцінства. Чым і цудоўнае. Вось жа тырчыць за спінамі ў нас гэты рэдактар з кіслай мордай: «ты што, дзіцё? Або дурань?» Дзякуй Богу, тэатр, мастацтва не даюць нам канчаткова і незваротна паразумнець і стаць дарослымі... Дзякуй Богу, што «мастак ёсць адсталая істота, якая спынілася на ступені гульні і належыць да юнацтва і дзяцінства...»)

У.І. гульнёю ўпіваўся. Іграў, кіруючы багатым, шчодрым застоллем, іграў, шпацыруючы па горадзе і міласціва прыўзнімаючы капялюш у адказ на прывітанні. Іграў, калі спыняўся перакінуцца словам са знаёмымі і басавіта пасміхаўся, бакавым зрокам заўважыўшы запаволеную хаду прахожых. У палатнянай вышыванай кашулі, белых часучовых нагавіцах, увесь адпрасаваны, з пахам парфумы, лагодны, ён іграў свой спектакль пад назвай «Народны Артыст». Ну, а ўжо трапляючы ва ўлюбёную стыхію, на сцэну, ператвараў сваю радасць, сваё мышачнае задавальненне ад ігры — у дзейную асобу, насычаючы ў гэтую хвіліну ролю ўласным бегам крыві.

У немудрагелістым партызанскім дэтэктыве «Гэта было ў Мінску» — гаўляйтэр Вільгельм фон Кубэ, моцны, выпешчаны, ружоватвары, у ззяючых ботах, крухмальнай сарочцы, пашчоўкваў туга нацягнутымі шлейкамі, расслабляўся пасля добра выкананай працы — драпежнік на адпачынку, у любы момант гатовы скокнуць, усадзіць зубы ў ахвяру. Звер, звер... Палкоўнік з камедыі «Дамы і гусары» прыводзіў у захапленне адточанасцю дэталяў, інтэнсіўнасцю фарбаў, трапляннем у вобраз, чароўнасцю і персанажа і акцёра. Немалады артыст у поўным узбраенні майстэрства і абаяльнасці быў непераможны... Гэта памяць пра яго самыя апошнія ролі. А заслужаныя тэатралы ў экстазе згадвалі ягонага званара Іонаса са знакамітага спектакля «Фландрыя», і заўсёды — апошнюю сцэну. Іонас зрываўся са званіцы, куляючыся па безлічы прыступак. Кожны раз, нягледзячы на перасцярогі, не абыходзілася без сінякоў і драпін, але акцёр упарта настойваў на гэтым труку.

Гісторыя беларускага тэатра падрабязна распавядае пра тое, чаму сведкаў, напэўна, не засталося, але захаваліся легенды: пра «чырвонага конніка» Дыбава з «Міжбур’я», чалавека не для мірнага жыцця, які ўсімі думкамі застаўся ў грамадзянскай вайне; пра слізкага «таварыша Брызгаліна»; пра зацятага беларускага селяніна Леапольда Гушку; пра паліцмайстра — садыста і баязліўца Івана Каламійцава.

Ужо пасля вайны, калі тэатр вярнуўся з Томска, дзе У.І. быў улюбёнцам публікі, у Мінску паказвалі і ранейшыя, і зусім новыя спектаклі. Старыя тэатралы і новыя гледачы апладзіравалі яму — Трыстану ў «Сабаку на сене», Юсаву ў «Даходным месцы», Каламійцаву... І вось што ўражвае: адзначаючы, што любую ролю, нават другога плана, акцёр ператварае ў першапланавую, нікому і ў галаву не прыйшло ўпікнуць У.І. у тым, што ён парушае логіку спектакля. Пры ўсёй яркасці даравання, багацці і трапнасці дэталяў ён натуральна трымаў сваё месца ў спектаклі: яму ад роду дадзена было пачуццё ансамбля.

...У тыя часы заснавальнікаў тэатра балавалі і песцілі.Аднойчы ўсім «народным» шчодра нарэзалі дачныя ўчасткі — і немалыя! — у маляўнічых мясцінах побач з Мінскам. Дапамагалі з будаўніцтвам. Тады ж далі магчымасць набыць аўтамабілі — і каля тэатра радком прыпаркаваліся новенькія шараватыя «Победы» з
/i/content/pi/mast/25/431/50-.jpg

«Кар'ера таварыша Брызгаліна» Еўсцігнея Міровіча. Брызгалін.

падобнымі нумарамі. «Народныя» мелі доступ у «вярхі», атрымлівалі нямала льгот і адзін абавязак: называючыся «слугамі народа», яны насамрэч былі слугамі ўлады. Але — слугамі любімымі, аблашчанымі, не абыдзенымі ўзнагародамі. З любой наменклатурнай нагоды газетчыкі звярталіся да імянітых творцаў з просьбай, адмаўляць у якой было не прынята: даць «водгук» на падзею (ці тое з’езд партыі, ці бітва за ўраджай, прамашка заакіянскіх заправіл або «двойка» па паводзінах Ахматавай, Зошчанку, а пазней Пастэрнаку, Растраповічу). «Народны» млява аднекваўся, спасылаючыся на недахоп часу, няўменне пісаць, потым выводзіў сваё імя пад састаўленым некім барабанным тэкстам і вяртаўся да пяра, пэндзля, ролі. Часам — з валідолам пад языком. Затое з надзеяй у глыбіні душы, што іншыя нягоды яго абмінуць... Уладамірскі выключэннем не быў.

У чэрвені 1941-га ён з тэатрам знаходзіўся на гастролях у Адэсе. Іх адправілі ў Томск. Усю вайну мучыла трывога за блізкіх — у Мінску засталіся жонка, васемнаццацігадовы сын і нявестка. Вярнуўшыся, ён знайшоў іх з кляймом акупацыі.

Не ведаю, ці то У.І. шчыра верыў у тое, што час абраў яго сваім любімым сынам, ці то страхаваўся ад будучых бедаў, — але ў доме пры пабочных не прынята было згадваць балючыя тэмы. І галоўную: увесну 1950 года, праз некалькі дзён пасля нараджэння доўгачаканага ўнука — Сашы, Барыс, адзіны сын, святло ў акенцы, шматабяцаючы акцёр, быў арыштаваны. І ўраз ляснула, ледзь упарадкаваўшыся, пасляваеннае жыццё. Не, У.І. не выстаўлялі з высокіх прыёмных і не аднялі званне народнага СССР, але — заклеймавалі. І сына, і яго, і толькі што народжанае немаўля. Гэта збівала з ног... Першая трагедыя, што абрынулася на Уладамірскіх, ценем легла на ўвесь лёс сям’і.

З цяжкасцю пераадолеўшы шок, У.І. вярнуўся на сцэну. Пазней яшчэ былі ролі — і сярод іх годныя. Мне не хочацца ўспамінаць пра саладжавыя сервільныя п’есы немаведама адкуль узніклых драматургаў, пра жорсткі сацыяльны заказ, што душыў тэатр. У гэтых п’есах ігралі многія, не толькі У.І., заказ выконвалі і іншыя выдатныя акцёры, здольныя ўзняцца на неймаверную вышыню, але занятыя ў «Калінавых гаях», «Асабняках у завулку», «Маскоўскіх характарах», «Простых дзяўчынах», «Зялёных агнях» і падобнага кшталту вырабах. Гэта разбурала і тэатр, і акцёраў. І балюча адгукнулася ў будучым для ўсіх.

У апошнія свае гады ў тэатры У.І. здолеў пакінуць памяць у дастойных яго таленту ролях — у тых жа «Дамах і гусарах»; сыграўшы «адстаўнога ундэра» Сілу Гразнова ў «Праўда добра, а шчасце лепш», Юсава ў «Даходным месцы». І яшчэ — Івана Каламійцава ў «Апошніх», разам з Барысам, які вярнуўся з лагера, у ролі Пятра.

...Потым былі дача, госці, дубальтоўка, паштоўкі... Дом ад тэатра не астываў: Барыс быў шчыльна заняты ў рэпертуары — вядучы малады герой. Галя працавала асістэнтам рэжысёра. Радыё, кіно, выязныя спектаклі, сябры. Падрастаў цудоўны ўнучак Саша. Мілая Кацюша — Кацярына Васільеўна — прывячала гасцей і высокім, з ледзь заўважнай надтрэснутасцю крыштальным галаском спявала старадаўнія рамансы з рэпертуару Анастасіі Вяльцавай і Ізы Крэмер. Быў зняты фільм «Купалаўцы»: акцёры тэатра амаль поўным складам наведалі старэйшыну на лецішчы.

Сонца свяціла. Жыццё кіпела. Фатаграфія тых часоў: У.І., Барыс, маленькі Саша — у белым, вясёлыя, элегантныя, прыгожыя — увасабленне дабрабыту, сям’і, мудрасці, росквіту, надзеі. Але за спінай у кожнага мне бачыцца той ракавы майскі дзень 1950 года, калі прыйшлі па Барыса...

Барыс

Ён не мог стаць нікім іншым — толькі акцёрам. Кацярына Васільеўна і Уладзімір Іосіфавіч Уладамірскія не прысвячалі ўрачыста сына тэатру, гэта адбылося ў «рабочым парадку». Тэатр для ўсёй сям’і быў домам, цэнтрам усіх інтарэсаў, жыццё — цалкам падпарадкавана раскладу рэпетыцый і спектакляў, і гэты лад захоўваўся няўхільна. Хвароба, настрой, неадкладныя справы — вышэй за ўсё была рэпетыцыя. Пажар, паводка — усё магло быць адменена, апроч спектакля. (Аднойчы з-за нялётнай пагоды адзін з вядучых акцёраў не змог вярнуцца са здымкі, і спектакль давялося-такі адмяніць. Вярнуўшыся, ён прыйшоў у бухгалтэрыю тэатра і ўнёс грошы за спектакль, які не адбыўся. Калегі яго зразумелі.) Памятаю, перад спектаклем «Мазепа» Барыс цэлы дзень не еў: роля была вельмі дынамічная, малады Мазепа ўвесь у руху. Нічога не павінна было замінаць. З такіх «подзвігаў» ён толькі пасміхаўся: сцэна вымагала больш сур’ёзных ахвяр.

Ці даводзілася вам штовечар пачынаць новае жыццё? Роўна ў 19.30, па трэцяму званку, пачынаць і за тры гадзіны пражываць яго крытычны момант... Пакутаваць, плакаць жывымі слязамі, прымаць або адхіляць рашэнні за свайго героя, здзяйсняць ягоныя подзвігі і ліхадзействы, паміраць яго смерцю — і ў той жа час неадступна сачыць за ім збоку, кантраляваць, папраўляць, ацэньваць... А пасля спектакля, адкланяўшыся і адчужана паўсміхаўшыся, вяртацца да ўласнага жыцця і яго клопатаў…

...Дарожка паміж векавымі таполямі старадаўняга мінскага сквера, міма легендарнага фантана з лебедзем — да цяжкіх дзвярэй службовага ўвахода. Студыец — пачынаючы акцёр — сталы майстар. А шмат гадоў таму выйшаў на сцэну трохгадовы хлапчук: у спектаклі спатрэбілася малое, і «на ролю» ўзялі сынка Уладамірскіх.

/i/content/pi/mast/25/431/53.jpg

«Рамэо і Джульета» Уільяма Шэкспіра. Рамэо.

Талент у спадчыну не перадаецца, дапусцім. Але страсць да тэатра — перадаецца, фамільная страсць, што захапіла ўсіх членаў сям’і. «Які падобны!» — ахалі, убачыўшы Барыса на сцэне. «Не, зусім не тое», — засмучаліся іншыя. А ён быў і падобны, і непадобны — ярка, па-свойму таленавіты, па-свойму тэмпераментны, ён аказаўся неабходным Тэатру імя Янкі Купалы не менш, чым тэатр яму, і ўвайшоў у тэатр, што славіўся сваім ансамблем, як роўны.

Іншай прафесіі быць не магло, і зусім не таму, што нічога другога ён не ўмеў. Вельмі музыкальны, з барытонам прыемнага тэмбру, ён з задавальненнем іграў на піяніна, танцаваў, спяваў. (Калі падрос Саша, па тэлефоне блыталі іх галасы: інтанацыі тыя ж. Зараз, размаўляючы з Данікам, уздрыгваю: голас, тон — Сашы, Боры...) Яго рукі хвацка трымалі сякеру, рубанак, кельню і тоненькі свердзел; ён умеў рамантаваць аўтамабіль, будаваць дачу, саджаць дрэвы — і прылітаваць дужку да завушніцы; настроіць піяніна, скласці печку, адпаліраваць да шаўковага ззяння стольніцу... І ўсе ўменні ў першую чаргу служылі тэатру.

Ён быў надзіва натуральны ў сваіх ролях: іншыя дасягаюць гэтага немалымі намаганнямі — ён з гэтага пачынаў. Быў такім, якім патрэбны быў у гэты дзень у гэтай ролі. У адным са спектакляў ён іграў ролю нямецкага афіцэра. У канцы акта яго забівалі партызаны. Чакаючы Барыса, мы ўвайшлі ў каморку сакратара дырэкцыі, Зінаіды Мацвееўны Крачко; пакойчык знаходзіўся ў другім ярусе, у канцы цёмнага ў час спектакля глядацкага фае. Мы аб нечым ціхенька размаўлялі, калі шырока расчыніліся дзверы і з цемры на парозе з’явіўся... эсэсавец: быццам улітая форма, светлыя вочы, нахабная ўсмешка. На імгненне мы заледзянелі. А Барыс быў задаволены зробленым эфектам.

У яго маглі быць гнуткія пальцы Рамэо і вузлаватыя кісці-граблі аратага Глушака, рукі маглі быць то ўпэўненымі, то асцярожнымі, то ўчэпістымі. У яго, здаецца, нават характар мяняўся ў залежнасці ад ролі. Толькі што ён быў вясковым хлопцам, і ў гарадской кватэры цесна было зычнаму голасу, размашыстым жэстам. А назаўтра — Глумаў, асцярожны, выглянцаваны, амбіцыёзны, соладкагалосы «мудрэц» прабівае сабе месца ў вышэйшых сферах, дзе нахрапам, дзе інтрыгай, дзе шаркаючы ножкай і хаваючы небяспечны бляск у вачах.

Спіс яго роляў здаецца бясконцым, цяжка пералічыць нават асноўныя спектаклі: «Людзі на балоце», «Ліса і вінаград», «На дне», «Апошнія», «Мяцеліца», «Салавей», «Паўлінка», «Рамэо і Джульета», «Памінальная малітва»... Чэхаў, Гогаль, Шэкспір, Лопэ дэ Вега, Славацкі, Астроўскі, Горкі, Арбузаў, Зорын, Алёшын, Шукшын, Горын, Хікмет, Крапіва, Мележ, Макаёнак, Дудараў. Уражвае? Можна і прадоўжыць. Сярод роляў і тыя, што дасталіся ў спадчыну ад вялікіх артыстаў — першых выканаўцаў. Роля Пятра ў «Апошніх» двойчы знакавая: у свой час яе іграў Барыс Платонаў, а пазней ролі бацькі і сына Каламійцавых ігралі Уладзімір і Барыс Уладамірскія. Нейкі магнетызм пазначаў іх дуэт: драматургічны канфлікт бацькі і сына памнажаўся на натуральнае акцёрскае хваляванне і плынь энергіі ад акцёра-бацькі да акцёра-сына.

/i/content/pi/mast/25/431/54.jpg

«Ліса і вінаград» Гільермі Фігейрэду.

Эзоп (Ксанф — Сцяпан Бірыла).

Пазней Барыс быў спадкаемцам Платонава ў ролі Мікалая ў «Познім каханні», затым — Эзоп у «Лісе і вінаградзе». Кожны раз — неймаверна складаная праца: «другая рэдакцыя» спектакля для акцёра была ва ўсіх адносінах першай. Заўсёды цяжка ўваходзіць ва ўжо зроблены спектакль, у ролю, ужо сыграную вялікім майстрам, прызнаную ўсімі — і табой у тым ліку — дзівоснай. Дзе шукаць тое новае, што блізка менавіта табе? Шукалі і рэжысёр, і ён — у самім акцёру. Так нараджаўся новы герой з ранейшым імем: пасля Эзопа Барыса Платонава — Эзоп Барыса Уладамірскага, у якога боль быў агульны з тымі, чыя годнасць зняважана, а свабода адабрана. Адна і тая ж роля, але адценні пачуццяў, афарбоўка болю іншыя, але чалавек Эзоп — па-свойму перажыты.

Так прыйшоў у «Паўлінку» следам за незабыўным Уладзімірам Дзядзюшкам — Сцяпанам Крыніцкім — Барыс Уладамірскі: шырока хлебасольны, аматар выпіць, пажартаваць, кінуцца ў скокі, наклікаць поўную хату гасцей і шумець з імі да раніцы, запальчывы, зменлівы, лёгкі на крык і слязу.

Так — пасля Глеба Глебава — прыйшоў у «Людзі на балоце» Уладамірскі — Халімон Глушак. Не, не зусім «так». Доўга ў спектаклі жылі бацька і сын Глушакі, па-вулічнаму — Карчы, Халімон — Глебаў і Яўхім — Барыс Уладамірскі. Моцна збітыя, цяжка ступалі, глядзелі спадылба, востра, недаверліва. Яўхім дамагаўся кахання Ганны настырна, падаграваны крыўдай, рэўнасцю; нераздзеленае пачуццё разлютавала яго: усё адабрала новая ўлада, вось і жонка... Надышоў час, калі Барысу прапанавалі ролю бацькі, Халімона. Перад намі паўстаў пастарэлы Яўхім — толькі хітрэйшы, больш затоены, больш стрыманы.

Барыс любіў ролі зіхатлівыя, што давалі магчымасць бліснуць гратэскам, агаломшыць парадаксальнасцю, уразіць россыпам знаходак, дэталяў, як у шукшынскіх «Характарах» і «Гарадскіх расказах». Але і ціхая, нечаканая для яго непрыкметная роля запаміналася відавочнасцю ўнутранага роздуму. Рэжысёры любілі з ім працаваць, нягледзячы на няўступлівасць: і эпізод, і галоўная роля, і роля другога плана выштукаваны былі з надзвычайным майстэрствам і не менш уражальным пачуццём меры і ансамбля.

Адной з апошніх работ быў Лейзер у «Памінальнай малітве». Паўнакроўны мяснік, нязграбны тугадум, перакананы, што ён хітрун, якіх мала, — і ў той жа час лірычны закаханы, здольны на шырокі жэст і цалкам велікадушны ўчынак, быў бясконца смешным і надзіва кранальным. Акцёр трапіў у сваю ўлюбёную стыхію — трагікамедыю — і стварыў з невялікай ролі шэдэўр. Воляй рэжысёра Барыса Эрына «сапернікамі» — Лейзерам і местачковым краўцом Мотлам — былі бацька і сын, Барыс і Аляксандр Уладамірскія. Зноў — дуэт і велізарная асалода ўсіх, хто яго бачыў: столькі чароўнасці, камізму і смутку было ў гэтых шолам-алейхемаўскіх дзіваках і столькі пяшчоты, такту, беражлівасці — у двух цудоўных акцёрах.

Калі меркаваць па паслужным спісе Барыса — ён быў удачлівым акцёрам: выдатныя ролі, без творчых прастояў, пастаянна загружаны працай, запатрабаваны на радыё, у кіно, на ТБ, у канцэртах. Любілі гледачы, абагаўлялі паклонніцы, цанілі рэжысёры і калегі, ухвалялі крытыкі. І ўсё ж. Існуе няпісанае правіла: не трэба заігрывацца. Выходзячы з тэатра, належыць пераключацца на будзённыя справы. А «душа патрабуе» іншага. Недарэмна многія з акцёраў не спяшаюцца разыходзіцца: ім неабходна пабыць з тымі, хто ў гэты момант здольны падзяліць іх стан. І таму яны напрасцяк кіраваліся ў Дом акцёра, у кавярню, празваную «Мутным вокам». Там, паміж сваіх, можна было аб’ектыўна, па гамбургскім рахунку, разабраць па костачках сённяшні спектакль, заадно прааналізаваць асобы рэжысёра, аўтара, а к канцу вечара непрадузята ацаніць здольнасці дырэктара і дзелавыя якасці самога міністра. Хадзілі чуткі, што сказанае неадкладна рабілася вядома зацікаўленым асобам і да разгарачанага аратара прымяняліся санкцыі. Ды ці мала пра што пляткарылі, тым больш што субяседнікі былі не без граху: затрымліваліся дапазна і разыходзіліся няўпэўненай хадою. У сям’і Уладамірскіх пасядзелкі ў «Мутным воку» з многіх прычын не віталіся, затое звычаем гэтага хлебасольнага адкрытага дома было збірацца пасля спектакля. Барыс быў душой кампаніі, завадатарам жартаў, розыгрышаў, жыццё ў ім кіпела. «Узліванні» былі цалкам памяркоўныя, а сярод улюбёных забаў перадусім значылася музіцыраванне ў чатыры рукі. Здаралася, мы з ім акампаніравалі самадзейнаму хору, а потым імправізавалі. Адзін наш нумар ахрысцілі «сімфаніетай кампазітара Чуркіна»: пачыналі яго з народнай тэмы — песні «А калі ж ты памрэш, мой дзядок?» і, прапусціўшы яе праз мноства варыяцый, хвацка заканчвалі аляб’еўскім «Салаўём»... Варыяцыі Бора падхопліваў на ляту, бліснуўшы вокам і задаволена хмыкнуўшы, радаваўся кожнаму ўдаламу «калену»... Потым журботна, са значэннем спяваў «Тры гады ты мне снілася». Успамінаў, як раптам быў збіты на ляту і пагнаны ў Вяцкі лагер? На жаль, з цягам часу такія ўцехі скарачаліся на карысць наведванняў «Мутнага вока» з абавязковым абнародваннем там пераліку боляў і крыўд.

А крыўды смылелі. І галоўная — тыпова наша, айчынная: абміналі з дзяжурным блюдам, прысваеннем звання. Ніякія довады — маўляў, паглядзі, ты ў поўным парадку, лепшыя ролі, зарплата па вышэйшай катэгорыі, здаровы, моцны, прыгожы, любімы публікай, — ды што гэтыя званні, ва ўсім свеце пра іх і не ведаюць, — не дапамагалі. Там няма, а вось у нас жа ёсць!

І сапраўды, існаваў у нашых тэатрах, ды і дасюль існуе, табель аб рангах, відочны і прыхаваны. Згодна з ім лепш за ўсіх іграе народны артыст СССР, затым — рэспублікі і г.д. А ўжо без звання — прабач-пасунься. Словам, як у арміі: самы галоўны маршал. Акцёры лепш за іншых заўсёды разумелі: усё не так проста. Але — размеркаванне дабротаў, павага — спецпаліклініка, лепшы нумар у гасцініцы, лепшае месца ў цягніку, пуцёўкі... (Пры тым, што адпачываць арганізавана Барыс не любіў і не ўмеў: аднойчы, недзе ў 80-х, паехаў па пуцёўцы ў Крым — і праз пару тыдняў збег — ну іх, лепш на дачы. А на гастролях здымнай кватэры аддаваў перавагу перад любым «люксам».)

Тэма гэтая не гучала пастаянна, але крыўда прысутнічала заўжды, раз’ядаючы душу. Пасля адтэрмінаванай на два дзесяцігоддзі рэабілітацыі (Барыса вызвалілі адразу пасля смерці Сталіна — па амністыі) прысваенне звання заслужанага артыста сустрэў без вялікай радасці: свята спазнілася непапраўна. Прыняўшы ўмовы гульні, ён усведамляў, што козыраў у яго няшмат. Ужо трэба было пераходзіць на ўзроставыя ролі; гэтага ён не баяўся, бо заўсёды меў схільнасць да вострай характарнасці і яшчэ зусім маладым з бляскам іграў старога турка Рэджэб-бея ў «Дзіваку» Хікмета, пастаўленым Барысам Эрыным. (Гэты рэжысёр вельмі даражыў Уладамірскімі, Барысам і Сашам, нястомна адкрываў у акцёрах новыя рысы. Часам Барыс упарціўся, але Эрын даказваў, уломліваў — і дамагаўся свайго. Многія з лепшых роляў — у спектаклях Эрына. Да «Вечара» і «Памінальнай малітвы»...) Час мінаў — вось што балела, вось з чым ён не мог змірыцца.

...Прыйшла хвароба, усё цяжэй стала іграць. «Удзячна прымаць» змены, што напаткалі яго, не атрымлівалася, не той быў характар. Раздражняўся, бунтаваў — у гневе ён быў неўтаймоўны. Спрабаваў заняць сябе будзённымі справамі, тымі, якія ўмеў і любіў рабіць. Не дапамагло: без тэатра ўсё стала нецікава. Усведамляў, што ў цяперашнім сваім стане тэатру ён не патрэбны, але жыць без тэатра не ўмеў. Ніякай радасці не прадбачылася. І ён пайшоў з жыцця.

Лілія Брандабоўская