Не памерці ад невуцтва

№ 11 (320) 01.11.2009 - 30.11.2009 г

Тэатральнае жыццё Украіны здзівіла не толькі вялікай колькасцю сцэнічных калектываў, высокай мастацкай якасцю спектакляў, але і фанатычнай цікавасцю публікі. Тыдзень, праведзены ў Кіеве, быў перанасычаны ўражаннямі, якія настойліва нагадвалі пра тое, што ў нас, у Беларусі, іначай.

 Насычаны культурны раствор апошняй дэкады верасня змясціў у сабе свежыя прэм’еры, Міжнародны тэатральны фестываль, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння сцэнографа Давіда Бароўскага, Міжнародны тэатральны фестываль жаночых монадрам «Марыя», Міжнародную канферэнцыю «Магічны ўплыў Мікалая Гогаля на сусветны культурны працэс», Фестываль студэнцкіх тэатраў у гонар 200-годдзя з дня нараджэння Гогаля. І гэта без уліку іншых культурных акцый, пра якія абвяшчалі афішы, расцяжкі на вуліцах, тэлебачанне і газеты. Тэатральныя залы былі перапоўненыя гледачамі, якіх гасцінныя гаспадары імкнуліся сустрэць як мага лепш: правесці, усадзіць, забяспечыць інфармацыяй.

/i/content/pi/mast/25/430/36.jpg

«Рэвізор» Мікалая Гогаля. Нацыянальны тэатр імя Івана Франко.

Інфармацыйны складнік выклікае асаблівую павагу. Пры ўваходзе ва ўсе тэатры бягучы радок апавяшчае аб прэм’ерах і ўдзельніках спектакляў. У скверыку каля Нацыянальнага тэатра імя Івана Франко — вялізная бронзавая выява камедыйнага акцёра. На лаўку каля яго можна прысесці і сфатаграфавацца. Паспрабуй пасля гэтага не купіць білет у тэатр!

Фактычна ў кожным з буйных украінскіх гарадоў выходзіць тэатральны часопіс. Ягоныя прадстаўнікі запрашаюцца ў сталіцу на ўсе значныя мерапрыемствы і асвятляюць іх у сябе на месцах. У пакет рэспубліканскай перыёдыкі «Культура», які ўтрымлівае сем выданняў, уваходзяць тры спецыялізаваныя часопісы і дзве газеты, прысвечаныя тэатральнаму жыццю. Набываючы такі пакет, можна сістэмна атрымліваць інфармацыю пра развіццё культуры на Украіне ва ўсіх сферах ад старажытнасці да сённяшняга дня. Але галоўнае месца адведзена тэатру.

Матэрыялы гэтых штотыднёвікаў і штомесячнікаў аналізуюць унікальнасць і непаўторнасць нацыянальнай культуры. У цені не застаецца ніводны тэатральны завулак. Гістарычныя, а таксама сучасныя прэстыжныя стандарты, аб’екты, каштоўнасці пастаянна ў полі зроку тэатразнаўцаў і крытыкаў. Гэта фарміруе моцную мастацтвазнаўчую школу. Ёсць дзе друкавацца, спрачацца, рухаць навуку.

Апрача традыцыйных дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, падтрымку тэатральным фестывалям рэгулярна аказвае Нацыянальны ўніверсітэт «Кіева-Магілянская акадэмія». Гэта вялізны студэнцкі гарадок са сваім гісторыка-музейным цэнтрам, галерэямі мастацтваў, выдавецкім домам і часопісам «Кіно—тэатр». Натуральна, што студэнцтва актыўна ўваходзіць у тэатральны працэс. І не толькі ў якасці гледачоў. Многія тэатразнаўцы і нават акцёры выйшлі з гэтай навучальнай установы.

Галоўнае спецыялізаванае выданне «Украінская культура і жыццё» з верасня змяніла свой імідж: перайшло на колер і вырасла з 8 старонак да 32-х. Яно адкрываецца штотыднёвай калонкай міністра культуры Васіля Воўкуна, які выказаў наступнае крэда: «Нацыянальная культура — гэта і ёсць нацыянальная ідэя». Паказальна, што нацыянальная культура пастаянна разглядаецца ў кантэксце сусветнай. Гэта пацвердзілі яшчэ дзве падзеі. У Севастопалі адкрыўся тэатр лялек. На алее, што вядзе да яго, пастаўлены скульптурныя помнікі Пушкіну і героям ягоных казак. У Ялце праходзіў ІІ Міжнародны фестываль «Тэатр. Чэхаў. Ялта». У ліку запрошаных была Беларусь. Такая карціна ўкраінскай тэатральнай восені, але вернемся ў Кіеў.

Гогаль у люстэрку тэатра і навукі

Не мае сэнсу пераказваць даклады і дэбаты двухтыднёвай Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Магічны ўплыў Гогаля на сусветны культурны працэс», у якой прымала ўдзел прафесура кафедр славістыкі ўніверсітэтаў Украіны, Канады, Італіі, Перу, Індыі, Расіі, Ірана, Харватыі. Ад Беларусі з дакладам выступаў аўтар гэтага артыкула. Літаратуразнаўцы ўваходзілі ў актыўны дыялог з тэатрамі, чые рэжысёры адвольна абыходзіліся з тэкстамі вялікага Гогаля. У прыватнасці, паказаны на галоўнай сцэне Кіева «Тарас Бульба» з Луганскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра прадэманстраваў адвольную інсцэнізацыю, харэаграфію і хор, якія заўважна націснулі на вядомы сюжэт.

/i/content/pi/mast/25/430/39.jpg

Армінэ Матсакян у монаспектаклі «Макбет» Уільяма Шэкспіра.

«Адзначыцца Гогалем» у гэтым годзе імкнуліся многія. Цудоўна, што было нададзена новае жыццё творам класіка. Менавіта таму, як ставіць Гогаля, каб захаваць дух літаратуры і не страціць кантакт з сучаснымі гледачамі, былі прысвечаны многія выступленні. Цікава, што літаратуразнаўцы і тэатральныя крытыкі разышліся ў меркаваннях і ўступілі ў спрэчкі. Ніхто не хацеў пакрыўдзіць Гогаля. Ягоны нябачны дух быццам лунаў у паветры. За сталом прэзідыума на свабодным крэсле стаяў партрэт класіка. Побач, па левую руку, сядзеў Багдан Ступка і звяртаўся да выдатнага сабрата з павагай і па-сяброўску, нібыта раючыся. У Нацыянальным тэатры імя Івана Франко былі разгорнуты дзве вялікія выставы. Адну з іх, «Марыя Занькавецка і Гогаль — землякі», падрыхтавалі супрацоўнікі музея Занькавецкай са сваіх фондаў. Некаторыя матэрыялы з’явіліся сапраўдным адкрыццём для ўдзельнікаў. Гэта адносіны Гогаля з тэатрам ягонага часу, падрабязнасці сяброўства з Міхаілам Шчэпкіным і Аляксандрам Астроўскім.

Другая выстава — «Гогаль і франкоўцы» — была пабудаваная на відэаматэрыялах пастановак твораў Мікалая Васільевіча на галоўнай сцэне Украіны. Цудоўныя партрэты Гогаля і ягоных герояў, зробленыя мастакамі Сяргеем Якутовічам і Канстанцінам Лаўрам, дапоўнілі гэты вернісаж.

Пітэр Брук у знакамітай кнізе «Пустая прастора» падзяліў драматычнае мастацтва на «жывое і мёртвае», паклаўшы канец спрэчкам пра кансерватараў і наватараў. «Жывога» Гогаля могуць сёння паказаць і тыя, і іншыя. Адны з дапамогай уважлівага паглыблення ў тэкст, іншыя — з дапамогай атракцыёна або песеннай культуры, хтосьці — ствараючы на сцэне прадметны свет, хтосьці — містыкай і новамодным саспенс.

Літаратуразнаўцы, знатакі Гогаля, рэдка захапляліся поспехамі пастановак. Ім, канешне, было шкада частак гогалеўскага тэксту, якія непазбежна даводзіцца скарачаць і манціраваць. Але такая рэальнасць тэатра. Яму неабходна чуць голас часу і адлюстроўваць яго на сцэне ў адэкватнай форме. Украінскія тэатразнаўцы настойвалі на тым, што нельга ігнараваць мастацкую форму, таму што яна валодае магутным энергетычным патэнцыялам. Былі б пры гэтым шчырасць перажывання і выказвання.

Адпаведна рэаліям новай тэатральнай рэчаіснасці, у яркай гарэзлівай форме ў нас быў зроблены спектакль Мікалая Пінігіна «Як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам» і шакіруючая саўндрама «Гогаль. Вечары» маскоўскага Цэнтра Меерхольда ў рэжысуры Уладзіміра Панкова. У гэтых пастаноўках ёсць свой драйв і асаблівая прывабнасць для новай публікі.

Вядома, тэксты Гогаля можна пісьменна, з натхненнем, з акцэнтам на моўную характарыстыку чытаць са сцэны, не аздабляючы пастановачнай фантазіяй. Але можна тонка і з густам іграць, выкарыстоўваючы ўвесь арсенал сучасных тэатральных магчымасцей.

Гогалеўскія традыцыі заўсёды былі істотнымі ў беларускім тэатры, які характарызуецца адзінствам рамантыкі, героікі, сатыры і фантасмагарычнага побыту. У сучасным беларускім тэатры яны канцэнтруюцца ў такіх гогалеўскіх вобразах, як Хлестакоў, Падкалесін, Чычыкаў, Хама Брут, Башмачкін, Папрышчын. Падчас святкавання 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка на беларускіх сцэнах з вялікім поспехам ідуць «Рэвізор», «Жаніцьба», «Мёртвыя душы», «Вій», «Шынель», «Запіскі вар’ята». Разам з сатырычным зместам наш тэатр актыўна развівае і лірычныя падтэксты твораў Гогаля. У канструкцыю гогалеўскіх п’ес «Рэвізор» і «Жаніцьба» арганічна ўпісваюцца супярэчнасці новай рэчаіснасці. Істотна і тое, што тэксты лёгка суадносяцца з новым часам.

У нашу тэатральную гісторыю ўжо ўпісаны адзначаныя міжнароднымі ўзнагародамі бліскучыя акцёрскія работы Алеся Лабанка і Анатоля Ката ў ролі Папрышчына. Яны ўзнімалі тыповае да выключнага, калі смех ад іх вар’яцкіх пражэктаў абрываўся. На сцэне панавала трагедыя і ўладарыла агульначалавечае.

У лепшых спектаклях па творах Гогаля, як і ў ягонага Хамы Брута з «Вія», героі толькі перад тварам небяспекі, нават смерці, пачынаюць разумець бессэнсоўную марнасць свайго існавання. Мізэрнае ў фальшывазначным часам так цяжка разгледзець у сучасным жыцці. Магчыма, для гэтага трэба ўдумліва чытаць усяго Гогаля.

/i/content/pi/mast/25/430/38.jpg

Давід Бароўскі. Эскіз афармлення да спектакля
«Паварот ключа» Мілаша Кундэры. Тэатр імя Лесі Украінкі. 1963.

Канешне, нават класічныя тэксты патрабуюць асэнсаванай перакампаноўкі пры сустрэчы з сённяшнімі гледачамі. Украінскі тэатр паспяхова даводзіць, што з дапамогай сучасных тэхнічных магчымасцей і яркага візуальнага шэрагу можна старое зрабіць новым, а забытае вярнуць да жыцця. Доказам з’яўляецца прэм’ера спектакля паводле аповесці Вольгі Кабылянскай «У нядзелю ранкам зелле капала» ў Нацыянальным тэатры імя Івана Франко. Удала напісаная п’еса Недзі Няжданнай ператварыла сентыментальную старамодную меладраму ў трагедыю шэкспіраўскага гучання. Рэжысёр Дзмітрый Чырыпюк выкарыстаў выразныя магчымасці пластыкі, святла, музыкі, не канфліктуючы з аўтарскім тэкстам, а ўзбуйняючы яго. Атрымалася магутная народная драма з адвечным пытаннем: каханне — разбуральная або стваральная сіла?

У двухтыднёвай «Прасторы Давіда Бароўскага», якая праходзіла на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Лесі Украінкі, удзельнічалі не толькі тэатры з Санкт-Пецярбурга, Масквы, Канады, але і вядучыя тэатразнаўцы былога Савецкага Саюза. Багатая творчая спадчына Бароўскага зрабіла яго знакавай фігурай дваццатага стагоддзя. Кіеўскі тэатр рускай драмы — радавое гняздо сцэнографа, а далей работа па ўсім свеце.

У чэхаўскім «Дзядзьку Вані» рэжысёр Леў Додзін з Малога драматычнага тэатра Еўропы паяднаў трох геніяў — Чэхава, Бароўскага і Левітана — у адзіным стылі. Сцэна расхінута, вызвалена ад усяго лішняга. Яна пакідае нам магчымасць бачыць акцёра буйным планам. У той жа час перадае мімалётнае імпрэсіянісцкае ўражанне знікаючага жыцця. У «Каралі Ліру» выдатны сцэнограф выкарыстоўвае чорна-белую графіку, смела адмаўляючыся ад шматслойнасці і пярэстасці шэкспіраўскага часу.

Як цудоўна і ў той жа час лёгка супрацоўнічаюць і дапаўняюць адна адну розныя культуры! Так і хочацца нагадаць словы Аляксандра Пушкіна тым, хто замыкаецца ў сваіх нацыянальных дамах і краінах: «Не памірайце ад невуцтва!» Мова мастацтва зразумелая без перакладу.

Сем Марый

VI Міжнародны фестываль жаночых монадрам «Марыя» паказаў спектаклі з сямі краін. Мастацкі кіраўнік праекта, народная артыстка Украіны Ларыса Кадырава змагла атрымаць падтрымку для свайго камернага фестывалю ад трынаццаці важкіх культурных арганізацый. Пляцоўку прадставіў Нацыянальны тэатр імя Івана Франко, а яго гендырэктар Міхаіл Захарэвіч і мастацкі кіраўнік Багдан Ступка асабіста курыравалі ўсе мерапрыемствы.

Хоць гэтым разам беларускія монаспектаклі не ўдзельнічалі, усё ж можна казаць пра трывалыя беларуска-ўкраінскія сувязі. Вышэйшую ўзнагароду фестывалю — «Залатую Марыю» — у свой час атрымалі купалаўскія актрысы Галіна Бальчэўская і Марыя Захарэвіч, а таксама мастацкі кіраўнік Тэатра «Зьніч» Галіна Дзягілева. Дзякуючы Галіне Дзягілевай узнікла зялёная вуліца між украінскай «Марыяй» і нашым паэтычным тэатрам аднаго акцёра.

Сёлета Кадырава прывозіла свой монаспектакль «Быць» у Мінск. Украінская актрыса распавяла гісторыю выдатнай армянскай актрысы Сірануйш. Малы зал філармоніі запоўніла не толькі беларуская публіка, былі і прадстаўнікі армянскай дыяспары, якія пасля заканчэння спектакля паказалі канцэрт у гонар украінскай госці. Для многіх з іх лёс Сірануйш быў адкрыццём. Медэя, Гамлет, Дэздэмона, лэдзі Макбет, Соф’я з «Гора ад розуму», класіка і меладрама ў армянскіх і турэцкіх спектаклях — усе работы Сірануйш былі насычаны яркімі эмоцыямі. Актрыса, якая жыла ў ХІХ і ХХ стагоддзях, нават напісала артыкул пра магчымую трактоўку Гамлета ў жаночым выкананні.

Усё гэта давала Ларысе Кадыравай неабмежаваныя магчымасці прадставіць на падмостках дзесяткі вялікіх вобразаў, але аўтар спектакля і рэжысёр Акоп Казанчан паставіў актрысу ў жорсткія рамкі. На сцэне грыміравальны столік з люстэркам, вешалка, куфар з бутафорыяй. Пасля спектакля прыбіральшчыца мые грымёрку і ўспамінае выдатную актрысу. Акцёрская творчасць знікае, як малюнак на пяску. Важна захаваць і адлюстраваць памяць. На гамлетаўскае пытанне: «Быць альбо не быць?» спектакль упэўнена адказвае сваёй назвай: «Быць!» Пакуль жыве памяць пра служыцеляў тэатра, вялікім акцёрам — БЫЦЬ.

Калі драматург Аляксей Дудараў ад імя СТД Беларусі ўручаў «Крыштальную зорку», узнагароду за служэнне тэатру, Ларысе Кадыравай, ён казаў пра тое, што актрыса ў сваёй творчасці ўвекавечвае вялікія імёны. Мне давялося пераканацца ў гэтым на фестывалі «Марыя». Разам з рэжысёрам з Польшчы Збігневам Хшаноўскім яна паказала спектакль «Сара Бернар. Насуперак усяму». Адлучаная ад тэатра хваробай, адзінокая, прыкутая да інваліднага крэсла, вялікая французская актрыса займаецца жывапісам, літаратурай, педагогікай і працягвае марыць пра новыя ролі. І зноў рэжысёр не дае Кадыравай магчымасці паказаць Федру, Андрамаху, Маргарыту Гацье, зорныя ролі Сары Бернар. Станіслаўскі лічыў Бернар узорам тэхнічнай дасканаласці. Рэжысёрскае вырашэнне спектакля абапіраецца на гэтую характарыстыку. Кадырава дэманструе прыгожы голас, адточаную дыкцыю, мастацкі густ і разважліва дазіраванае акцёрства. Невыпадкова Чэхаў казаў, што «кожны ўздых Сары Бернар, яе слёзы, яе перадсмяротныя канвульсіі, уся яе ігра ёсць не што іншае, як бездакорна і разумна завучаны ўрок». Заўсёды цяжка вырвацца з зададзеных рамак і парваць моцныя ніці чужога жыцця. Кадыравай гэта ўдаецца.

На Украіне добра ведаюць, што ёсць тэатр Ларысы Кадыравай і ёсць яе фестываль «Марыя», названы так у гонар Марыі Занькавецкай, з лёсам якой таксама цесна звязана заснавальніца. Застаючыся актрысай, валявым кіраўніком, гасціннай гаспадыняй, Ларыса Мікалаеўна захоўвае ўсе магчымыя сувязі з энтузіястамі монатэатраў іншых краін. Сярод удзельнікаў яе фестывалю заўсёды ёсць Расія, Беларусь, Польшча, Германія, Швейцарыя.

Японская монадрама айчыннаму гледачу малавядомая. У спектаклі «Тры гісторыі, восем жыццяў» маладая актрыса Хатака Хагіварава захавала адданасць традыцыйнаму японскаму музычнаму тэатру з міфалагічным зместам, але зрабіла яго цалкам сучасным. Лёгкая і пластычная Хатака нібыта вяртае гледачоў да першаасноў тэатральнага мастацтва, калі чалавек выходзіў на плошчу, рассцілаў дыванок — і пачыналася дзеянне. Без сцэнаграфічнага афармлення, без бутафорыі актрыса ператвараецца то ў старую, то ў дзіця, то ў звярка. Цудоўны музыкант Масаказу Церамота ёй дапамагае ігрой на нацыянальных інструментах і гіпнатызуючымі гарлавымі спевамі. Фінал спектакля абапіраецца на ўсім добра вядомы архетып: у неба запускаюць белага жураўліка, зробленага з паперы.

Такі самы жураўлік, толькі буйнейшы памерамі, усеўся і на шыкоўны кошык кветак, паднесены на закрыцці фестывалю. Як надзея на працяг і... выздараўленне. Апошняе слова асабіста я звязала яшчэ з адным спектаклем гэтага фэсту.

Актрыса з Арменіі Армінэ Матсакян і рэжысёр Цімур Ачынян паказалі саракахвіліннага шэкспіраўскага «Макбета». Двухаблічнае стварэнне, дзве маскі, дзве галавы, Кароль і Каралева ў чырвона-чорных сполахах пражэктараў прымушаюць актрысу віртуозна працаваць целам. Паварот паставы — і новы вобраз, новы стан духу. Рэжысёр — аўтар музычнага і сцэнаграфічнага афармлення і муж актрысы. Ён не выпусціў яе рукі са сваёй цягам усяго тыдня ў Кіеве. Разам яны не першы год, але падобныя на закаханую пару. Армінэ Матсакян нейкі час таму страціла зрок. Каханне дапамагло ёй застацца ў прафесіі. Няхай японскі жураўлік дапаможа захаваць мужнасць і адданасць.

Гэта яны, цудоўная армянская сямейная пара, пераклалі з персідскай мовы сэнс звыклага нам слова «дзякуй»: «Каб твая рука гора не адчувала». Усходнія людзі могуць простае зрабіць асаблівым, вытанчаным. Па сутнасці, гэта брэнд добрага мастацтва. Фестывалі ў Кіеве яшчэ раз пацвердзілі, што сцэнічнае ўвасабленне літаратуры розных краін і эпох мусіць грунтавацца на нацыянальных традыцыях. Тады яно зразумелае без перакладу.

Таццяна Арлова