Дар’я Іваноўская, Сяргей Завіжанец, Павел Вайніцкі: «Зірніце ў неба!»

№ 11 (320) 01.11.2009 - 30.11.2009 г

Майстэрняй сучаснага мастака можа быць і заводскі цэх, і марское ўзбярэжжа, якое становіцца нагодай для творчай рэфлексіі. Нават за жартамі ў кавярні ці падчас размовы па мабільным тэлефоне фарміруецца, адточваецца сучасны мастацкі твор — у рэжыме не менш інтэнсіўным і насычаным, чым строгая цішыня традыцыйнай мастакоўскай студыі.

 

Майстэрня трох маіх суразмоўцаў — цалкам віртуальная: яны займаюцца мастацтвам, у аснове якога ляжыць узаемадзеянне з гледачом, а рэжысура гэткага ўзаемадзеяння выбудоўваецца ў працэсе абмеркаванняў.

/i/content/pi/mast/25/429/32.jpg
 
Іх сумесныя творчыя праекты сінкрэтычныя, як гульня, працэс іх спасціжэння — лабірынты інтэрпрэтацый. Ці наадварот — тут усё проста і... пазітыўна?
Зрэшты, пра гэта я і спрабавала дазнацца ў саміх мастакоў. Тыя ж вечныя пытанні:
як і дзеля чаго ўсё робіцца? Ці, як модна сёння казаць, размова — пра мастацкі message.

Алеся Белявец: Вакол чаго вы аб’ядналіся: ідэі, асобы, месца?

Павел Вайніцкі: Усё адбывалася нашмат прасцей: мы разам вучыліся ў мастацкай вучэльні. Сябравалі і размаўлялі, удзельнічалі ў практыках і паездках.

Дар’я Іваноўская: Мы з Сяргеем вывучалі манументальны жывапіс у Акадэміі мастацтваў, а Павел — скульптуру.

Сяргей Завіжанец: Першы праект пачаўся таксама проста: тэлефануе Паша і кажа, што ёсць свабодная прастора ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва...

Дар’я Іваноўская: Любая новая выстава, у якой мы вырашылі ўдзельнічаць, — гэта нагода сабрацца. Што нас яднае: канешне ж, сяброўства і тое, што пры розных поглядах на мастацтва мы дапаўняем адно аднаго. Але за межамі нашай групы рэалізуемся ў розных сферах...

Павел Вайніцкі: Нечакана для сябе я зразумеў, што тыя аб’екты, якія мы робім утраіх, мне бліжэй за мае скульптуры. Я мушу займацца скульптурай па розных прычынах: каб зарабляць грошы, падтрымліваць рэнамэ скульптара, даказваць калегам, што я не лыкам шыты... Адсутнасць якіх-небудзь — акрамя творчага — зацікаўленняў робіць работу больш сумленнай і значнай.

Алеся Белявец: Даволі нечаканае выказванне, улічваючы, што тваё рэнамэ скульптара сапраўды важкае ў нашай арт-прасторы.

Павел Вайніцкі: Няхай гэта прагучыць банальна, але мастацтва — асаблівы сродак спазнання свету, які мае сваю спецыфічную сферу ўжывання, што дазваляе рабіць важныя адкрыцці-выказванні, іншымі сродкамі (напрыклад, навуковымі) недасягальныя. Скульптура ж — гэта толькі адзін з многіх вузкаспецыялізаваных інструментаў для перадачы мастацкага паслання. Таму тое, што мы робім у групе, мне больш цікава хаця б таму, што я выходжу за рамкі вузкай «скульптурнай» спецыялізацыі, але ў той жа час працягваю працаваць з прасторай. Калектыўная праца, вялікі дыяпазон разнастайных медыя — усё гэта вельмі істотна для мяне, але справа не толькі ў адточванні інструментальных навыкаў, а таксама і ў тым, што мы спрабуем сказаць.

Дар’я Іваноўская: А мне не так важна, чым канкрэтна займацца: я б магла і з Сяргеем карціны пісаць, і з Пашам увасабляць скульптурную работу... Але мы — людзі занятыя. Тое, што мы маем — мінімальны бюджэт і недахоп часу, — шмат у чым вызначае форму выказвання. Але асноўная прычына таго, што мы займаемся пераважна аб’ектамі, у тым, што канцэптуальны падыход любому з нас блізкі.

Сяргей Завіжанец: Выставачная прастора, прапанаваная Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва, стала толькі каталізатарам нашага згуртавання, і першае, што мы мусілі вырашыць, было: што хочам сказаць? Галоўная выснова, да якой мы
/i/content/pi/mast/25/429/34.jpg
Тэлестог. Галерэя «Універсітэт культуры». 2007.
прыйшлі, — рабіць пазітыўнае мастацтва. Гэта стала своеасаблівым фільтрам. Праекты, ідэі, якія намі абмяркоўваліся, маглі быць прыгожымі, але не пазітыўнымі. Так адбываўся адбор, наша пазіцыя прымушала настройвацца на канцэпцыю жыццесцвярджальнага ўздзеяння мастацтва.

Павел Вайніцкі: Перавага калектыўнай работы ў тым, што атрымліваецца трайны фільтр. Не адзін чалавек работу адбірае, а трое, і вынік тады больш якасны.

Алеся Белявец: Маніфестаў вы не пісалі, прэзентацыі групы не рабілі, назвы яна не мае. Дык асноўная прычына яе стварэння...

Дар’я Іваноўская: Кожны з нас хоча самавыявіцца. У маладосці гэтае пачуццё было асабліва моцным. Цяпер, пасля работы ў манастыры, у мяне гэты запал зменшыўся. Мне проста цікава з хлопцамі працаваць, вельмі блізкая наша ідэя: каб мастацтва нічога не руйнавала, не паказвала чалавеку і грамадству, што яны хворыя... Такое мастацтва разбурае не толькі гледача, найперш — мастака, а зрэдку даходзіць да смешнага: нехта зрабіў нешта антысацыяльнае, і гэты акт прэтэндуе на мастацтва.

Што для нас важна: каб чалавек паглядзеў у неба. І трэба паспрабаваць даказаць, што ў сучасным мастацтве можна яшчэ рабіць нешта стваральнае, і гэта будзе не пошла, не гламурненька, а чыста і эстэтычна.

Алеся Белявец: Не баіцеся, што ў наш цынічны час жаданне тварыць дзеля таго, каб «чалавек паглядзеў у неба», падасца па меншай меры наіўным? Каб сучасны чалавек паглядзеў у неба, там, верагодна, трэба яркую рэкламу размясціць... Ды і часу няма, каб гледача спыніць і прывабіць яго ўвагу, яго трэба найперш нечым здзівіць.

Дар’я Іваноўская: Не згодна наконт якасці і наіўнасці нашых твораў. Раней я працавала, выкарыстоўваючы тыя ж метады, але мастацтва маё было агрэсіўным. Сёння проста памянялася задача.

Мяркую, тут пытанне хутчэй наконт магчымасці рэалізацыі пазітыўнай ідэі ў сучасным мастацтве. Але хто ведае, што актуальна ў сучасным мастацтве, можа, якраз тое, што ў ім не прынята рабіць. І мне падаецца, што ідэя прыгажосці, вечнасці нашмат глыбейшая, чым канстатацыя факта безвыходнасці свету. Але падаць яе больш складана, чым агрэсіўную, пазбегнуўшы пры гэтым пошласці і саладжавасці.

Але ў некаторых атрымліваецца. Напрыклад, без банальнасці Юрый Шаўчук («ДДТ») закранае тэму неба, вечнасці. Ён робіць гэта вельмі акуратна, не імкнучыся павучаць.

Мне падаецца, што ў наш складаны час наіўна і ўжо неарыгінальна выкарыстоўваць эпатаж, рэкламу. Навошта прыцягваць увагу, навязваць нешта гледачу? Той чалавек, якому сёння блізкае наша мастацтва, зацікавіцца сам.

Павел Вайніцкі: Даша выказвае сваё бачанне, у мяне іншае... Мне падабаецца, што нашы аб’екты ўзаемадзейнічаюць з гледачом і з прасторай навокал. Яны працуюць не так, як традыцыйныя карціны на сценах ці скульптура на падстаўцы: акрамя таго, што яны ствараюць чыста візуальнае ўздзеянне, работы прывязаны да месца свайго экспанавання. Мы ўлічваем шмат момантаў: дзе будуць праходзіць людзі, характар прасторы, асяроддзя. Напрыклад, на выставах у Палацы Рэспублікі мы арыентаваліся і на сам будынак, і на плошчу перад ім, і на людзей, што ідуць па гэтай плошчы...

Дар’я Іваноўская: Мы ўлічваем памяшканне, у якім будуць экспанавацца нашы творы, будучага гледача і задачы выставы. І на ўсё гэта накладваецца наша прыватная задача.

Павел Вайніцкі: У сучасным мастацтве ёсць такая сфера дзейнасці — process based art, так вызначаецца творчасць, у аснове якой ляжыць працэс. Гэта пра нас: працэс тут найважнейшы, тут галоўнае дынамічнасць, пераменлівасць, паток...

Алеся Белявец: Тым не менш, у вас няшмат праектаў. Першы, наколькі я памятаю, быў у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва...

Дар’я Іваноўская: Ён называўся «Fееll Feels Love» — «Філя адчувае любоў». Мы адгарадзілі кавалак прасторы вакол музея стужкай «vip», насыпалі зерне ў форме фігур, і гэтае зерне елі галубы, разбураючы геаметрычны малюнак. Унутры памяшкання было размешчана відэа: буйным планам паказвалася чорная поўсць сабакі, з якой вычэсваўся белы пух. Наверсе ў пустым пакоі ў шкляной скрыні быў размешчаны гэты белы пух і чулася задаволенае мурлыканне ката...

Я думаю, што з назвай «пазітыўны» мы рана ці позна дамовімся. Я чалавек веруючы, астатнія проста імкнуцца да станоўчага, такім чынам нам паразумецца будзе лёгка. У аснове нашага першага праекта — не проста любоў да жывёл, а ахвярная любоў, чалавек атрымлівае радасць ад таго, што бескарысліва робіць нешта добрае...

Павел Вайніцкі: Мы імкнуліся стварыць такую атмасферу, каб на публіку ўздзейнічалі не толькі самі прадметы, а і ўся сітуацыя навокал. Мы ўлічвалі і рух гледача, і тое, як яго цела будзе перамяшчацца ў прасторы. Пры адсутнасці карцін наведвальнікі самі станавіліся галоўнымі і дынамічнымі элементамі экспазіцыі.

Дар’я Іваноўская: Мы з Сяргеем па адукацыі — манументалісты, ад гэтых прынцыпаў складана вызваліцца: мы бачым мастацтва ў прасторы...

Другі праект залежаў ад канкрэтнага асяроддзя, бо немагчыма не ўлічваць такі будынак, як Палац Рэспублікі. Мы ўявілі, як глядач перасякае голую плошчу, дзе няма ніякіх дрэў, і трапляе на выставу «Тэхнаарт. Прастора жыцця» ў галерэі «Універсітэт культуры» (куратар — Дзяніс Барсукоў). І мы арганізавалі сваю прастору жыцця, спрабавалі пераўтварыць гэтае асяроддзе і зрабіць яго больш гарманічным. У памяшканні галерэі паказвалася відэа: від зялёнай травы зверху. Па ёй зрэдку, пад парывам ветру, прабягала зялёная хваля. На адкрыцці адзін з нас падышоў да праекцыі на сцяне і ўставіў туды жоўтую кветачку.

/i/content/pi/mast/25/429/35.jpg

Fееll Feels Love (Філя адчувае любоў). Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. 2005.

У наступным годзе там жа экспанавалі «Тэлестог». У экспазіцыі размясцілі стог сена з маніторам унутры, на якім дэманстраваліся выявы праграмных кодаў. Сістэматычна гэтая дэманстрацыя на некалькі секунд перарывалася сюжэтам, у якім жанчыны спявалі народныя песні і таньчылі. Глядач нібы ўваходзіў у дзіўную атмасферу супастаўлення розных рэчаў і сутыкаўся з неверагодным кантрастам сучаснага асяроддзя і натуральнага, народнага.

Апошні праект мне падабаецца найбольш. Ідэя яго ў тым, што чалавек уваходзіць у падвал (зноў жа — галерэя «Універсітэт культуры») і бачыць надзіманы шар, рух якога абмежаваны столлю. Пад ім экран з выявай неба (якое аддаляецца ад цябе, як быццам ты рухаешся на самалёце), і цішыню сістэматычна перарывае гук руху птушыных крылаў. Нам падалося, што гэта можа зачапіць гледача. Мы выкарысталі сапраўдны, напоўнены газам вялікі шар, праўда, давялося прывязаць яго да манітора, каб ён не датыкнуўся шурпатай столі. Павел вырашыў, што гэта добра: за вяровачку можна патузаць, адчуць яе напругу і, гледзячы на рухомыя аблокі, перажыць амаль сапраўдны ўзлёт. Мы заўсёды бачым рознае ў нашых аб’ектах, хоць напачатку вельмі грунтоўна ўзгадняем канцэпцыю.

Сяргей Завіжанец: Цікава ўсё спрацавала ў «Тэлестозе»: пах сена ніхто з нас не ўлічваў, а ўздзейнічаў ён надзвычай моцна. У гледача ўзнікалі асацыяцыі з вёскай і... з дзяцінствам. Работа была пазітыўнай і полісемантычнай...

Алеся Белявец: Працуеце толькі ў Беларусі?

Дар’я Іваноўская: Так. У Швецыі, праўда, мы паказалі ўсе нашы праекты і цяпер супрацоўнічаем з тамтэйшым мастаком. Адразу выявіліся разыходжанні ў сістэме каштоўнасцей...

Павел Вайніцкі: Сучасная заходняя арт-практыка базіруецца пераважна не на візуальнасці, а на канцэптах. Візуальнае — толькі памочнік для ўвасаблення канцэпту, толькі адзін са шляхоў, каб перадаць ідэю аўтара.

А нашы аб’екты не пазбаўлены і візуальнасці, і эстэтыкі, але мы па-свойму канцэптуальныя. Не падобныя на чыстую канцэптуальнасць нашых заходніх калег, але і далёкія ад мясцовай візуальнай разбэшчанасці.

Алеся Белявец: Праект удаўся, калі яго прымаюць ці адмаўляюць? Зразумела, што эстэтыка падачы вам важна, іначай якое яно, ваша мастацтва, пазітыўнае...

Павел Вайніцкі: Шмат што ў мастацтве залежыць ад асяроддзя. Мы завязаны не толькі на ідэі, але і на тэхнічныя сродкі для іх увасаблення. Відэа, інтэрнэт, мабільная сувязь і гэтак далей, а не толькі, напрыклад, пэндзлі і палатно. Мы скарыстоўваем усё, што лічым эфектыўным. Гэтая мастацкая стратэгія сёння «працуе», а пазітыўны краявід з бярозкамі — не.

Алеся Белявец: Чым, прабач, табе не падабаюцца краявіды з бярозкамі?

Павел Вайніцкі: Нашы творы разлічаны на саўдзел гледача. На актыўны саўдзел. У ідэале я ўспрымаю гэтыя праекты як нешта накшталт каталізатараў, што правакуюць назіральніка на ўласныя думкі, эмоцыі, перажыванні. Канешне, і краявід з бярозкамі можа прымусіць задумацца, але дэманстрацыя разбаўленых алеем пігментаў, размазаных па тканіне, нацягнутай на драўляную раму, на мой асабісты погляд (пры ўсёй пашане да калег, што засвоілі надзвычай працаёмкую тэхніку жывапісу), не самы лепшы сродак выклікаць гледача на дыялог. Ёсць нашмат больш эфектыўныя мастацкія стратэгіі для камунікацыі з гледачом.

Сяргей Завіжанец: Дарэчы, мы вельмі хваляваліся наконт першага свайго аб’екта: глядач заплаціў грошы, а ў зале толькі шкляная ёмістасць з пухам. Але рэакцыя была станоўчая. На гледача ўздзейнічалі і аб’ект, і гук, і відэа, якое ён паглядзеў папярэдне...

Алеся Белявец: Можа, рэакцыя таму была станоўчай, што ўсё аказалася чытабельным?

Дар’я Іваноўская: Мы пазбягаем лабавой, плакатнай падачы. Твор павінен быць прыгожым і знакавым, але не ўтрымліваць у сабе павучанні...

Алеся Белявец: Ці можаце апісаць ваш творчы працэс? Хто генерыруе ідэю?

Сяргей Завіжанец: Насамрэч, працэс рэалізацыі нейкай ідэі надзвычай складаны. Адзін яе агучвае, другі прапануе нейкую канцэпцыю, а трэцяму гэта дае магчымасць убачыць усё ў сваім ракурсе. Збіраемся наступным разам і ўдакладняем нашы пазіцыі. І ў момант рэалізацыі высвятляецца, што ўсе бачаць па-рознаму. І зноў трэба ўзгадняць. Твор атрымаецца, калі ідэя набудзе найбольш яснае ўвасабленне.

Алеся Белявец: Вам не падаецца, што тэмы і праблемы, якія вы ўздымаеце, для нашага напоўненага супярэчнасцямі грамадства не самыя актуальныя? А імкненне быць пазітыўнымі... Чым яно адрозніваецца ад жадання салонных мастакоў ствараць пазітыўныя краявіды з тымі ж бярозкамі?

Павел Вайніцкі: Літаральнае значэнне слова «актуальны» — злабадзённы, рэакцыя на тое, што адбываецца ў гэты момант. Адмова ад такой «актуальнасці» і імкненне да пазачасавай глыбіні (пра што разважае Даша) — наша прынцыповая пазіцыя.

Што да бярозак... Для салона пейзаж з бярозкамі, таксама як і скульптура на падстаўцы, проста прыгожыя прадметы, галоўная функцыя якіх — упрыгожанне выставачнай залы ці інтэр’ера. А ступень пазітыўнасці (як і негатыўнасці ці правакатыўнасці — у залежнасці ад выбранага сектара рынку) павышае шансы такога твора на продаж. Мастацтва, якім мы займаемся, некамерцыйнае паводле вызначэння, і наша пазітыўнасць — іншая. Наш выбар пазітыўнасці не завязаны на нейкія выгады ад яе. Гэта своеасаблівы камертон, што не дазваляе скаціцца да фізіялагічнасці, негатыўнасці, крытычнасці.

Алеся Белявец: Мне падаецца, што быць пазітыўным па сутнасці і сучасным па форме выказвання — гэта кожны раз дасягаць крохкага кампрамісу паміж актуальнай формай і вечнымі каштоўнасцямі. І гэты пошук захапляе.