Увогуле кінапрапаноў у мяне было шмат. І дастаткова сур’ёзных... Адна з іх — магчымы ўдзел у фільме «Крэйцэрава саната», які здымаў Міхаіл Швейцэр. У свой час пра тое мяне асабіста вельмі прасіў Алег Янкоўскі. Другая прапанова — «Вочы чорныя», стужка Мікіты Міхалкова. Была таксама думка здымаць фільм «Альтыст Данілаў». У двух праектах я нават прайшоў пробы. Потым прызначаюць здымкі, напрыклад, на ўвесь лістапад. А ў мяне ў гэты час — 20 дзён гастроляў па Японіі. Пасунуць тэрмін здымак немагчыма. А для мяне ўсё-такі прыярытэтная мая непасрэдная музыканцкая дзейнасць. Артыст кіно — гэта прафесія, якой трэба вучыцца.

Шэсць разоў кінапраекты не атрымліваліся. Сяргей Салаўёў, мой даўні сябра, прапанаваў аднойчы папіць кавы і пагутарыць. Ён падкупіў мяне тым, што адшукаў мой гастрольны графік на цэлы год і прыйшоў на сустрэчу падрыхтаваным. «Ты з Парыжы прылятаеш 12-га чысла? А 13-га і 14-га ў нас першыя здымкі. А потым праз паўтара месяца ты прылятаеш з Новасібірска, у цябе ёсць адзін дзень. Там у нас будуць здымкі начныя...» Так Салаўёў распісаў мне ўвесь год. І я вымушаны быў пагадзіцца. У працэсе здымак атрымаў велізарнае задавальненне ад стасункаў з таленавітымі артыстамі. Наогул кіно — гэта зусім іншы свет...

Лёгка ці складана вам сумяшчаць дзейнасць саліста, педагога і дырыжора?

— Якраз учора мы гутарылі пра тое з Расціславам Крымерам. І з пазіцыі старэйшага калегі я пераконваў яго, што як бы добра ў яго ні атрымлівалася быць арганізатарам і мастацкім кіраўніком фестывалю, трэба не забываць пра галоўнае — пра сваё месца на сцэне і магчымасць быць канцэртуючым піяністам. Я нагадаў пра сваю даўнюю ўжо размову з Мсціславам Растраповічам у Вашынгтоне. Неяк увечары ён запрасіў мяне ў госці. Быў не ў гуморы, што з ім здаралася рэдка. Як высветлілася, Мсціславу Леапольдавічу не прадоўжылі кантракт з Вашынгтонскім сімфанічным аркестрам, дзе ён з’яўляўся галоўным дырыжорам больш за 14 гадоў. Растраповіч быў засмучаны гэтай акалічнасцю. А потым сказаў мне: «Ніколі не кідай свой інструмент! Іграй на ім столькі гадоў, колькі зможаш. Бо з аркестрамі рознае здараецца, а мы заўсёды можам узяць нашы інструменты і ўсё роўна іграць лепш, чым астатнія...» І Славу Крымера я пераконваў, каб ён не пакідаў свой раяль...

У вас надзвычай насычаны графік канцэртаў, майстар-класаў, выступленняў — сольных і з аркестрамі, сваімі і чужымі. Самалёты, цягнікі, пераезды... Такое вандроўнае жыццё патрабуе вялікіх фізічных намаганняў, не кажучы ўжо пра эмацыйныя і духоўныя. Што вы робіце, калі іграць не хочацца, а не іграць нельга?

— Калі сцісла, дык апетыт прыходзіць у час яды. Трэба — значыць трэба! Пачынаеш іграць, і нехаценне сыходзіць. Уласна кажучы, выканальніцтва і ёсць сэнс жыцця... Іншым разам я блытаю тое, што ўяўляю падчас музіцыравання на сцэне, з рэальнымі дэталямі і фактамі. Здараецца, гэтая мяжа знікае, і я не зусім дакладна ведаю: дзе жыццё, а дзе не-жыццё? Што цяпер адбываецца на самай справе? Калі не іграеш, дык вельмі часта гэта — не-жыццё. А ў працэсе ігры ранейшыя ўражанні дзіўным чынам афарбоўваюцца і робяцца непараўнальна больш глыбокімі. У іх адкрываецца раней невядомы табе сэнс.

У Шостай сімфоніі Чайкоўскага ёсць знакамітая тэма, кульмінацыя — яе прынята называць тэмай кахання. Але можна таксама назваць страсцю, трагедыяй, споведдзю. Гэта мацней, чым калі ў аднаго чалавека ў жыцці здарыцца няшчасце. Бо геній аб’ядноўвае ў сваім творы няшчасці, драмы і трагедыі ўсіх. Іх аказваецца мільярд — у трох нотах... І калі ты ўнутры такой музыкі, дык галоўнае — сысці са сцэны жывым. Ад гэтага неверагоднага напружання... Для мяне не існуе такога: «Не хачу, а трэба!» Гэта ўсё-такі прафесія, і дзеля яе ў маім жыцці адбываецца ўсё астатняе...

Запісала Таццяна Міхайлава.

Юрый Башмет: «Выканальніцтва і ёсць сэнс жыцця...»

№ 11 (320) 01.11.2009 - 30.11.2009 г

Ягоная постаць шмат у чым знакавая. Усяму свету Юрый Башмет адкрыў альт як інструмент сольны і як інструмент саліруючы. Студэнтам выйграў два буйныя міжнародныя конкурсы альтыстаў — у Будапешце ў 1975-м (2-я прэмія) і ў Мюнхене ў 1976-м (Гран-пры). Упершыню ў сусветнай выканаўчай практыцы даў сольныя альтовыя канцэрты ў Карнэгі-холе (Нью-Йорк), Берлінскай філармоніі, міланскай «Ла Скала», у вялікіх залах кансерваторый Масквы і Ленінграда.

Спецыяльна для Башмета напісана і яму прысвечана неверагодная колькасць сачыненняў для альта, а таксама канцэртаў для гэтага інструмента і аркестра. Прычым, як кажуць, кампазітарамі «першага эшалона». Сярод іх Альфрэд Шнітке, Соф’я Губайдуліна, Эдысон Дзянісаў, Аляксандр Чайкоўскі, Андрэй Эшпай і іншыя.

Надзвычай паспяховая кар’ера прывяла Башмета да ідэі стварэння аркестраў, на чале якіх ён паўстаў як дырыжор і мастацкі кіраўнік. Спачатку гэта быў камерны аркестр «Салісты Масквы», створаны ў 1992 годзе з лепшых выпускнікоў, студэнтаў і аспірантаў Маскоўскай кансерваторыі. З размахам і піярам у Башмета заўжды ўсё ў парадку — праз дзень пасля першага выступлення ў расійскай сталіцы «Салісты Масквы» дэбютавалі на сцэне парыжскай залы «Playel». Сёння гэты камерны аркестр, як мяркуе замежная крытыка, з’яўляецца «адным з лепшых у свеце ў сваім жанры».

З 2002 года Башмет — мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра «Новая Расія». Паралельна Юрый Абрамавіч узначальвае эксперыментальную кафедру альта ў Маскоўскай кансерваторыі, дае майстар-класы па ўсім свеце, выступае ў якасці дырыжора з многімі сімфанічнымі аркестрамі. Як усё гэта можна сумяшчаць — невядома!

Башмету — 56 гадоў. Ён нарадзіўся ў Растове-на-Доне. Вучыўся ў Львове і Маскве. Пры асабістым знаёмстве заўважаеш шмат штрыхоў і дэталяў, на якія, магчыма, не звяртаеш увагі, калі сочыш за ягонай ігрой. Ён невысокага росту. Хударлявы і нават субтыльны. Любіць адзенне чорнага колеру. І, па-мойму, на публіцы і на сцэне з’яўляецца толькі ў ім. Што дадае ягонаму абліччу загадкавасці і неспасцігальнасці. Шмат паліць падчас размовы.

Больш за 35 гадоў іграе ён на альце XVIII стагоддзя, які набыў яшчэ студэнтам. Альт зроблены міланскім майстрам Паола Тэсторэ. Замежная прэса свярджае, што «ён — Паганіні новага часу», і што «калі Башмет іграе, у ягоным вобразе з’яўляецца штосьці дэманічнае». Магчыма...

Ягоны твар падчас дырыжыравання, як і належыць, звернуты да аркестра, і таму публіка яго амаль не бачыць. Падчас ігры на альце ён надзвычай розны і зменлівы. Адлюстроўвае шмат эмоцый — чакання, здзіўлення, задумлівасці, услухоўвання ў музычную інтанацыю.

Аднак пры ўсёй сваёй нібыта расхінутасці — падчас прэс-каферэнцый, размоў, выканання — Башмет усё роўна застаецца закрытай, шмат у чым загадкавай асобай. Магчыма, ягоныя думкі, выказаныя ўголас, хоць крыху рассунуць заслону таямніцы. Той, якая, зрэшты, суправажае кожнага вядомага, буйнога майстра.

Міжнародны фестываль, які носіць ваша імя, адбываецца ў Мінску ўжо чацвёрты раз. Чым адметны для вас сёлетні музычны форум?

— Самае галоўнае, што ў праграму фестывалю мы ўключылі міжнародную Маладзёжную акадэмію краін СНД. Яна — унікальная на постсавецкай прасторы. І нарадзілася менавіта ў Мінску! Пры належным разуменні першых асоб Беларусі і Расіі, а таксама пры спрыянні органаў Саюзнай дзяржавы. Гэта каласальны знак! Ён сведчыць, што не толькі музыканты задумваюцца пра будучыню нашых краін. І пра іх культуру...

/i/content/pi/mast/25/428/27.jpg

Скрыпач Віктар Траццякоў, піяніст Васіль Лабанаў, альтыст Юрый Башмет.

Не трэба нікому тлумачыць, што такое класічная музыка, якое месца яна займае ў сусветнай культуры... Усе сродкі прыдатныя для таго, каб выклікаць цікавасць публікі да яе. Успомнім, напрыклад, Ванэсу Мэй. Яна вельмі мілая дзяўчына, цудоўна іграе на скрыпцы. Такія жанры і такія выступленні я толькі падтрымліваю, бо дзякуючы яе выкананню і кароткай сукенцы мільёны слухачоў даведаліся пра існаванне кампазітара Вівальдзі і ягоных «Пораў года». І калі наступны раз гэты твор будзе іграць Гідон Крэмер, дык чалавек, які ніколі не наведваў класічны канцэрт, можа там апынуцца.

Калі Бах выконваецца на сінтэзатары, гэта ўсё роўна лепей, чым калі б яго не выконвалі зусім. Бо інфармацыя, якую закладвае геній у свае творы, важнейшая за інструмент. Таму твор можа гучаць і на сінтэзатары, і на аргане, і на раялі. Бо думка там — касмічная... Хоць, вядома, лепш за ўсё твор слухаць у арыгінале, на тым інструменце, для якога пісаў кампазітар.

У межах Маладзёжнай акадэміі краін СНД прайшло шмат сустрэч, майстар-класаў, маладыя музыканты мелі магчымасць кантактаваць з сапраўднымі зоркамі сусветнага выканальніцтва. Кіраўніцтва Беларускай акадэміі музыкі падтрымала гэтую ідэю з самага першага моманту, выдзеліла класы і залы для практычных заняткаў.

У Акадэміі музыкі вучацца з 18 гадоў. У такім узросце позна браць у рукі скрыпку, альт, віяланчэль. Для гэтага патрэбна сур’ёзнае папярэдняе навучанне. Мы наведалі гімназію-каледж пры Беларускай акадэміі музыкі, дзе вучацца таленавітыя беларускія дзеці. Мяне вельмі турбуе, што рамонт у школе ідзе ўжо не першы год і ў цэнтры вестыбюля — глыбокая яміна... Трэба, каб школа як мага хутчэй набыла годны выгляд, каб можна было належным чынам рыхтаваць вучняў для паступлення ў Акадэмію.

На мінулых фестывалях здавалася, што фарміруецца традыцыя абавязкова выконваць новы твор беларускага кампазітара. Прычым напісаны спецыяльна для фестывальнай праграмы. Яго ўрачыстая прэм’ера адбывалася менавіта падчас міжнароднага форуму... Сёлета ад гэтай ідэі адмовіліся. Чаму?

— Не адмовіліся. Ні ў якім разе! Шкада, канешне, што ў сёлетняй праграме няма прэм’ернага твора нацыянальнага аўтара, але спадзяемся, што фестываль не апошні. Ён яшчэ вельмі малады. І пэўныя моманты трэба карэкціраваць. Таму дзякуй за напамінак!

Ідэя будзе развівацца. Трэба, каб яна сапраўды зрабілася традыцыяй. Для гэтага сачыненне трэба замаўляць. У Гайдна існуе Лонданская сімфонія № 104. На жаль, нам ён ужо не напіша... Але беларускія кампазітары — могуць! Калі іх папрасіць. Магчыма, варта аб’явіць конкурс на такі твор? І каб у ім удзельнічалі або маладыя кампазітары, або аўтары з імем...

Ці камфортна адчувае сябе фестываль у Мінску?

— Так. На пачатку кожнага форуму мы атрымліваем прывітанне ад Прэзідэнта краіны: гэта стварае адчуванне надзейнасці. Летась мне быў уручаны ордэн Францыска Скарыны. Фестываль мае падтрымку на ўзроўні ўрада краіны. Ёсць шмат пацвярджэнняў таго, што Беларусі фестываль патрэбны. Мы адчуваем гэта кожны год — па глядзельнай зале, па публіцы... А калі такі музычны форум патрэбны, дык, натуральна, і адчуваем сябе камфортна...

Вы з’яўляецеся тэлевядучым і кіраўніком папулярных праграм «Вакзал мары» і «Музыка ў музеях свету». Не так даўно зняліся ў фільме «Аса-2» культавага расійскага кінарэжысёра Сяргея Салаўёва. Якія ўражанні засталіся ад працэсу здымак?

— Успомніў, як у старшых класах школы мы рыхтавалі навагоднія вечары, «капуснікі»... Гэта быў неверагодна захапляльны працэс! А вось акцёрскага майстэрства — такога, як патрэбна для кіно, — у мяне няма. Можа, выпадкова што-небудзь і атрымалася? Калі бачу сябе ў фільме «Аса-2», дык, шчыра кажучы, мне сорамна. Нават калі не бачу, а чую. Калі маўчу — яшчэ нічога. А калі адкрываю рот, дык не веру сабе. Ніводнаму слову...

 
 
Падзяліцца