Свае ці чужыя?

№ 11 (320) 01.11.2009 - 30.11.2009 г

З рэдакцыйнага «круглага стала» вакол праблем ідэнтыфікацыі беларускага мастацтва канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя

У Нацыянальным мастацкім музеі, які ў пачатку лістапада адзначыў сваё сямідзесяцігоддзе, у трох залах галоўнага корпуса размясцілася новая пастаянная экспазіцыя мастацтва Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Сярод твораў, набытых з прыватных калекцый, прадстаўлены шэдэўры мастакоў, што нарадзіліся ў нашай краіне, але вучыліся і нярэдка працавалі па-за яе межамі. Сярод іх — Іосіф Аляшкевіч, Іван Хруцкі, Станіслаў Жукоўскі, Фердынанд Рушчыц, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Сяргей Заранка, Апалінарый Гараўскі, Фелікс Хадаровіч. У экспазіцыі дэманструюцца карціны, якія раней доўга не выстаўляліся. Жывапісныя палотны выклікаюць у наведвальнікаў адчуванне сапраўднай эстэтычнай асалоды. Разам з тым у даследчыкаў узнікае пытанне: як ідэнтыфікаваць творчасць майстроў, імёны якіх ужо ўпісаны ў гісторыю суседніх народаў? Паводле якіх крытэрыяў адносіць іх да айчыннага мастацтва — па месцы нараджэння аўтараў, паводле творчых уплываў ці дамінуючых тэм?

Пра гэта разважалі дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, прарэктар па навуковай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валерый Жук, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, загадчык кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Тоўсцік і супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея: намеснік дырэктара Надзея Усава, загадчык аддзела рускага мастацтва Таццяна Рэзнік, загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Алена Карпенка. Гутарку вяла мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч.

Наталля Шаранговіч: Кожны дапытлівы глядач, які трапляе ў залы з экспазіцыяй «Мастакі Беларусі ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя», адчувае пераемнасць творчасці ўраджэнцаў нашай зямлі, пачынаючы ад Іосіфа Аляшкевіча, Івана Хруцкага да Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Творцы, маючы выдатную прафесійную падрыхтоўку, распрацоўвалі ў жывапісе камерныя жанры, якія мелі найбольш дэмакратычны, нацыянальны характар — пейзаж, нацюрморт, партрэт. Яны бачылі праявы станоўчага, пазітыўнага ў вобразах простых і разам з тым шляхетных людзей, у някідкіх краявідах, у сціплых нацюрмортах, дзе заўсёды ёсць месца для палявых кветак з роднага поля. Складаны час палітычных абмежаванняў не дазволіў ім шырока выявіць тэму гістарычнага мінулага. Яны перадавалі мужную сутнасць нашага народа праз манументальны пейзаж ці ўзвышаныя вобразы герояў сваіх карцін.

/i/content/pi/mast/25/423/5.jpg

Іван Хруцкі. Дзяўчынка ў блакітнай сукенцы. Алей. Сярэдзіна 1840-х.

Аднак дасюль застаецца нявырашаным пытанне: да мастацтва якой краіны адносіць творчасць ураджэнцаў Беларусі? Пакуль фарміравалася беларуская акадэмічная мастацтвазнаўчая школа, у суседзяў выйшлі грунтоўныя выданні, дзе нашы землякі занялі пачэсныя месцы класікаў рускага, літоўскага, польскага мастацтва. Першыя крокі да вызначэння беларускасці гэтых «спрэчных асоб» зрабілі сваімі манаграфіямі і кнігамі Міхаіл Кацар, Леанід Дробаў і іншыя аўтарытэтныя даследчыкі. Выйшла 6-томная «Гісторыя мастацтва Беларусі», дзе гэты перыяд быў падрабязна разгледжаны. Наступная важная падзея — адкрыццё невялікай экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі ў 1993 годзе, а цяпер новай вялікай у экспазіцыйных залах першага паверха галоўнага будынка музея, які з-за недахопу месца больш за 20 гадоў выкарыстоўвалі пад сховішча. Доўгі час большая частка палотнаў ураджэнцаў Беларусі знаходзіліся ў фондах і толькі часткова і зрэдку выстаўляліся ў музейных залах.

Надзея Усава: Нядаўна ў музеі была зроблена яшчэ адна значная экспазіцыя — беларускага гістарычнага партрэтнага жывапісу XVI — пачатку XX стагоддзя. Упершыню так поўна і рознабакова прадстаўлена мастацтва Беларусі за апошнія пяць стагоддзяў.

Аднак мы толькі паказалі невядомае беларускае мастацтва. Другое пытанне — яго каталагізацыя, уключэнне ў навуковы абарот. Хутка мы пачнем складаць каталогі асобных калекцый. І тады радзівілаўскія і сядзібныя партрэты будуць аднесены да заходнееўрапейскага мастацтва. Такі падзел «гістарычна склаўся» яшчэ ў 1950-я гады. А карціны Хруцкага, Жукоўскага, Бялыніцкага-Бірулі і іншых ураджэнцаў Беларусі трапяць у калекцыю рускага дарэвалюцыйнага жывапісу. Дзе ж мастацтва Беларусі XVIII — пачатку ХХ стагоддзя? Таму пытанне, як ідэнтыфікаваць гэтыя творы, да мастацтва якой краіны іх аднесці, застаецца сёння актуальным. Хачу нагадаць, што яшчэ ў 1947 годзе на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» публікаваліся развагі мастацтвазнаўцаў Аляксандра Палееса, Міхаіла Кацара і іншых, якія спрабавалі ўвесці ў беларускую гісторыю імёны творцаў, звязаных з нашай краінай па праве нараджэння, праз тэматыку, ментальнасць сваіх работ. І тады ўпершыню былі сказаны крамольныя для многіх словы, што Заранка, Хруцкі, Бялыніцкі-Біруля — беларускія мастакі. У 1974 годзе з’явілася кніга Леаніда Дробава «Живопись Белоруссии ХІХ — начала ХХ в.». Менавіта Дробаў найбольш аргументавана і доказна аднёс жывапісцаў, што былі ўжо прызнаны суседзямі як уласныя класікі, да Беларусі. Пазней пад яго кіраўніцтвам была выдадзена шасцітомная «Гісторыя беларускага мастацтва», у якой ураджэнцы нашай краіны вызначаны як мастакі Беларусі. Аднак і сёння, нягледзячы на шматлікія публікацыі Адама Мальдзіса, на працу па вяртанні славутых імёнаў старшыні Беларускага фонду культуры Уладзіміра Гілепа, шырокай дыскусіі па гэтай праблеме яшчэ не адбылося, яна абмяркоўваецца фрагментарна і кулуарна.

Уладзімір Пракапцоў: Звярніце ўвагу, як размешчана наша новая экспазіцыя. Яна пяршынствуе сярод астатніх! І ў гэтым выказана наша пазіцыя. Менавіта ў гэтыя залы перадусім трапляе наведвальнік, тут знаёміцца з работамі слынных айчынных класікаў, якія вучыліся і працавалі за межамі Радзімы, у асноўным у Расіі. Работы Хруцкага, Бялыніцкага-Бірулі, Жукоўскага перакідваюць масток да іншых раздзелаў экспазіцыі. У наступным годзе мы будзем святкаваць 200-годдзе Івана Хруцкага ў рамках ЮНЕСКА. Плануецца падчас юбілею выставіць некалькі яго твораў у Луўры. Побач мы зрабілі экспазіцыю графікі Напалеона Орды. Таму сёння, лічу, наш музей сапраўды варты звання «Нацыянальнага».

Валерый Жук: Творчасць ураджэнцаў Беларусі мы можам са спакойным сумленнем і цалкам правамерна адносіць да айчыннага мастацтва. Так адбываецца ва ўсім свеце. Няўжо галандцы не лічаць Ван Гога сваім, хоць ён і даўно заняў сталае месца ў кантэксце французскага жывапісу? Ці возьмем Пабла Пікаса, які з’яўляецца і іспанцам і французам адначасова... У рускім мастацтве такіх прыкладаў яшчэ больш. Памятаю, як экскурсаводы называлі Феараванці рускім дойлідам. І ніхто не спрачаўся. А мы паводзілі сябе настолькі рахмана і сціпла, што з нашай культуры няўхільна знікалі імёны мастакоў і іх творы. І што адбылося: гісторыя беларускага мастацтва адлічвалася з савецкага часу, з яго пачыналася і экспазіцыя музея. А на самай справе да айчыннага мастацтва мы можам адносіць і радзівілаўскія партрэты, якія заказвалі багатыя мясцовыя мецэнаты замежным майстрам. Іх карціны заставаліся на нашай тэрыторыі. Яны адыгралі значную ролю ў культуры. Вы ведаеце, як цэлыя мастацкія пласты прысвойваліся больш смелымі і актыўнымі суседзямі. І таму я вельмі рады, што музей нарэшце адкрыў новую экспазіцыю. Яна вельмі цэльная. Я не згодны толькі з тым, што экспазіцыя існуе ў адрыве ад асноўнага масіву беларускага мастацтва. І разглядаць яе як масток да рускага жывапісу не варта. Ураджэнцы Беларусі павінны быць вылучаны асобна. А вось астатняе — рускае, заходнееўрапейскае, усходняе мастацтва — трэба адносіць да замежнага раздзелу, які мусіць быць другім планам у шэрагу экспазіцый Нацыянальнага музея. Найважнейшая задача музея — паказваць усё багацце айчынных здабыткаў.

Таццяна Рэзнік: Не лічу гэты аргумент слушным. Нацыянальны музей — не музей нацыянальнага мастацтва. Менавіта калекцыя рускага мастацтва — адна з найбольш цэльных, значных і яркіх у музеі, і нельга лічыць яе дадаткам. Уражвае сам пералік прадстаўленых імёнаў: Фёдар Мацвееў, Сяргей Васільеў, Канстанцін Каровін, Ісаак Левітан, Іван Шышкін... Без карцін з нашага збору не абыходзіцца ніводная буйная выстава ў Рускім музеі, Траццякоўскай галерэі.

Валерый Жук: Я не спрачаюся аб цэльнасці рэпрэзентацыі рускага мастацтва. Мяне цікавяць творы, якія павінны прадстаўляць нацыянальнае мастацтва.

Уладзімір Тоўсцік: Калі б наш «круглы стол» адбываўся ў Вільнюсе, Варшаве, Кракаве, там такога пытання ўвогуле не ўзнікла б. Я часта наведваю Польшчу. Бачу кніжкі кшталту «Польскі жывапіс з музея Львова», рэпрадукцыі з выявамі Мірскага замка ў цяперашнім адбудаваным стане, якія падпісаны: «Замак з усходніх крэсаў»... Увогуле, праблемы ідэнтыфікацыі, асабліва калі гаворка ідзе аб спрэчных момантах, вырашаць вельмі складана. І вызначэнне «рускае мастацтва» ў дачыненні да ўсяго, што было створана ў час існавання Расійскай імперыі, таксама вельмі спрэчнае. Не сакрэт, што таленавіты чалавек, які нарадзіўся на ўскрайку імперыі (а мы і былі такім ускрайкам), мог рэалізаваць сябе толькі ў цэнтры. Вучыцца ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, там жа і працаваць. У сталіцах былі пакупнікі і мецэнаты, існавала творчая багема, там віравала жыццё. Але пры ўсім гэтым, напрыклад, Станіслаў Жукоўскі не пераставаў быць ураджэнцам Беларусі, у яго работах мы бачым матывы, навеяныя дзіцячымі і юнацкімі ўспамінамі, і з поўным правам можам уключыць яго ў кола айчынных слынных дзеячаў. Гэта датычыць і Марка Шагала. Вялікі яўрэйскі мастак прыўнёс у свае карціны відавочную беларускую ментальнасць, спрэс прасякнутую атмасферай невялікага на той час губернскага Віцебска. Творчасць Шагала можна адначасова аднесці і да французскага мастацтва, і да беларускага, і да рускага. Калі Бялыніцкі-Біруля выказваў пажаданне, каб частка яго работ вярнулася на Радзіму, калі называў сябе беларусам, дык ці можна спрачацца, якому народу ён належыць?

Валерый Жук: Мы забыліся тут пра сучаснікаў. Вось Яўсей Майсеенка лічыў сябе беларусам, прыязджаў на Радзіму, хоць і склаўся як мастак у Расіі, а ў нашым музеі яго работ няма...

Уладзімір Гілеп: Для мяне важна, што пад адным музейным дахам сабраны знакамітыя беларускія мастакі. Менавіта беларускія. Не мае значэння, дзе чалавек жыў і працаваў. Калі, напрыклад, Уладзімір Тоўсцік ад’едзе ў Мексіку, яго творчасць і там будзе звязана з нацыянальнымі матывамі. У Беларускага фонду культуры ёсць свая праграма, якой ужо споўнілася чатырнаццаць гадоў. Яна называецца «Славутыя імёны Бацькаўшчыны». У нашым камп’ютэры зарэгістравана каля
/i/content/pi/mast/25/423/5-.jpg

Апалінарый Гараўскі. Сажалка, якая зарасла. Алей. Год невядомы.

двухсот такіх імёнаў. Сярод іх ёсць мастакі, музыканты, пісьменнікі, грамадскія дзеячы. Памятаю час, калі Станіслава Манюшку называлі польскім кампазітарам. Але пятнаццаць гадоў таму штосьці ў нашай свядомасці змянілася. І з’явіліся зусім іншыя ацэнкі. Мне падаецца, гэта вельмі добра. Прывяду прыклад. У 2007 годзе ў «Краязнаўчай газеце» быў змешчаны артыкул пра Казіміра Малевіча, напісаны даследчыкам Ігарам Малевічам. Там ёсць найцікавейшыя звесткі пра тое, дзе нарадзіўся аўтар «Чорнага квадрата». Ва ўсіх энцыклапедыях свету пішуць — у Кіеве. Але ў артыкуле прыведзены доказы таго, што радзіма Казіміра Малевіча — беларускі горад Капыль! Няма яснасці ў тым, як і чаму мастак апынуўся ў Кіеве. Новыя звесткі апублікаваны, пытанні зададзены. Далей — клопат даследчыкаў гісторыі мастацтва. Але, думаю, прыйдзе час, калі мы і Казіміра Малевіча далучым да славутых імёнаў Бацькаўшчыны.

Наталля Шаранговіч: Падыдзем да справы з іншага боку. Калі мастак нарадзіўся ў Беларусі, мы заяўляем на яго свае правы. А калі ён толькі прыехаў сюды працаваць? Самы яркі прыклад — Аляксандр Кішчанка, які нарадзіўся ў Расіі, вучыўся ў Львове, а працаваў у Беларусі.

Надзея Усава: Дадайце сюды праблемы з самаідэнтыфікацыяй мастака. Вось Фердынанд Рушчыц, які нарадзіўся, жыў, працаваў і пахаваны ў беларускай вёсцы Багданава, заяўляў, што ён польскі мастак, нягледзячы на тое, што яго маці была датчанкай, дома гутарылі паміж сабой па-французску, а польская мова была вывучана хлопчыкам толькі ў гімназіі. А Вітольд Бялыніцкі-Біруля пісаў, што ён беларус. Чаму мы ўзнімаем такое пытанне? Мы маем намер стварыць у музеі асобную калекцыю мастацтва Беларусі, куды павінны ўвайсці і мастакі Заходняй Еўропы, якія з XVI стагоддзя па замовах пісалі нашых гістарычных персанажаў, і мастакі ХІХ стагоддзя, якія толькі нараджэннем звязаныя з Беларуссю. Наколькі карэктнае такое аб’яднанне? Ці можам мы аднесці да такой калекцыі твор, напрыклад, Ганны Разіны Лішэўскай, якая пражыла ў Беларусі два-тры месяцы, але за гэты час напісала знакаміты партрэт Міхала Казіміра Агінскага?

Валерый Жук: Дэфініцыя «мастацтва Беларусі» пакрывае ўсе кансерватыўныя выдаткі. У такі раздзел могуць увайсці і асобы, і помнікі, усё, што на дадзенай тэрыторыі адбывалася, што ўвабрала ў самым шырокім сэнсе ментальнасць народа. Іншы сэнс закладваецца ў вызначэнне «беларускае мастацтва». Тут калекцыя павінна будавацца дакладна па прыкметах нацыянальнасці.

Таццяна Рэзнік: Аднак нагадаю вам такога мастака, як Сяргей Заранка. Ён, як ніхто іншы, адлюстроўвае не настроі і ментальнасць Беларусі, а мікалаеўскую эпоху Расійскай імперыі.

Валерый Жук: І што? Беларусь таксама знаходзілася ў межах Расійскай імперыі, не была самастойнай адзінкай. І яе мастацтва было цалкам звязана з агульнымі тэндэнцыямі той эпохі.

Таццяна Рэзнік: Усе прадстаўленыя ў экспазіцыі аўтары, акрамя Іосіфа Аляшкевіча, атрымалі адукацыю ў Расіі, іх станаўленне адбылося ў расійскай культуры. Яны ў роўнай ступені належаць і рускаму, і беларускаму народу.

Наталля Шаранговіч: Аднак нішто не перашкодзіла расійскім мастацтвазнаўцам назваць Барталамеа Растрэлі, італьянца па паходжанні, расійскім архітэктарам...

Таццяна Рэзнік: Усё залежыць ад таго, у якой культуры фарміраваўся мастак. Таму наконт старэйшага Растрэлі, Барталамеа, могуць быць розныя думкі. Яго сын, Барталамеа-Франчэска (Варфаламей Варфаламеевіч) Растрэлі, без агаворак адносіцца да расійскага мастацтва. А хто ў такім разе Фёдар Дастаеўскі — рускі або беларускі пісьменнік? Уся ранняя творчасць Мікалая Гогаля грунтуецца на ўкраінскім фальклоры. Аднак ён, па ўласным вызначэнні, рускі пісьменнік.

Наталля Шаранговіч: Вось тут мы падыходзім да пытання: якія крытэрыі ўключэння мастакоў у пэўную культуру?

Міхаіл Баразна: Карцінам усё роўна, дзе вісець. Абы былі добрыя ўмовы — асвятленне, тэмпература, вільготнасць... Умовы наш музей забяспечвае. А вызначэнне ідэнтычнасці творцаў — тэма для філасофскай дыскусіі. І вынікам такой дыскусіі ніколі не стане дакладная інструкцыя, як трэба дзейнічаць. Ідэнтычнасць — вельмі тонкая матэрыя. Той, хто займаецца гісторыяй, ведае, што нельга трактаваць факты без уліку падзей, абставін, становішча герояў. Калі Рушчыц адчуваў і называў сябе польскім мастаком, ніхто гэта абвяргаць або змяняць не будзе. У плане навуковага дыскурсу адносіць той або іншы накірунак, перыяд да пэўнай канцэпцыі, погляду ў развіцці мастацтва — права тых людзей, якія жывуць у дадзеную эпоху. І пра гэта трэба гаварыць. Мне вельмі падабаецца Нацыянальны мастацкі музей, яго экспазіцыі. Мяне хвалюе не толькі стан сучаснай айчыннай творчасці, але і тая пазіцыя, якую займае музей у фарміраванні погляду на гісторыю беларускага мастацтва. Усё гэта — частка стратэгіі і стварэння перспектыў для развіцця нашай культуры, што дазволіць творчай моладзі адчуць велізарны патэнцыял нацыянальнага мастацтва, годна ўвайсці ў прастору еўрапейскай творчасці. Іначай нас заўжды будзе прыгнятаць пачуццё непаўнацэннасці і правінцыйнасці.

/i/content/pi/mast/25/423/7.jpg

Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Быстрая рэчка. Алей. 1908.

Нацыянальны мастацкі музей Украіны выдаў кнігу, якая мае назву «Украінскі мадэрнізм». Гартаючы старонкі, заўважыў цікавыя факты. Напрыклад, у альбом уведзены Аляксандр Архіпенка — заснавальнік кубізму ў скульптуры, які тры гады вучыўся ў мастацкім вучылішчы Кіева. Толькі гэты момант звязвае яго з Украінай. Футурыст Давід Бурлюк нарадзіўся на хутары ў Харкаўскай губерні. Гэта адзіны факт, які дазволіў аднесці яго творчасць да ўкраінскага мастацтва. Соня Дэланэ ва ўзросце сямі гадоў ад’ехала з Украіны. Аляксандр Родчанка толькі ўдзельнічаў у адной з выставак украінскага жывапісу. Аднак усе яны — заснавальнікі ўкраінскага мадэрнізму. Я не за тое, каб капіраваць калег з суседняй дзяржавы. Будзем называць гэта крайнасцю. Але хачу сказаць, што выбар рашэнняў і альтэрнатыў — адна з самых складаных мастацтвазнаўчых задач. Для таго, каб развівацца, а не ператварацца ў правінцыю, трэба не рэдагаваць біяграфіі, а падкрэсліваць, што творцы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя адносяцца да мастацтва нашай прасторы — культурнай, гуманітарнай. Адносяцца да Беларусі. Усё гэта натуральна вырашаецца ў рамках адзінай канцэпцыі развіцця беларускага мастацтва.

Таццяна Рэзнік: Чамусьці ўсе забыліся, што наша новая экспазіцыя насамрэч зусім не новая. Яна проста дапоўненая. Творчасць гэтых мастакоў заўсёды была прадстаўлена ў экспазіцыі музея ў кантэксце рускага мастацтва. Амаль дваццаць гадоў таму ў музеі была створана асобная экспазіцыя рускіх мастакоў — ураджэнцаў Беларусі. Назва гучыць не вельмі прыгожа, але тым не менш такая экспазіцыя існавала. Цяпер у сувязі з павелічэннем плошчы ў нас з’явілася магчымасць экспанаваць большую колькасць карцін Івана Хруцкага, Станіслава Жукоўскага, Апалінарыя Гараўскага, адкрыўся асобны зал Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Валерый Жук: Новая экспазіцыя глядзіцца цэльна, а раней яна знікала ў кантэксце рускага мастацтва.

Надзея Усава: Мы вырашаем зараз практычнае пытанне — стварэнне асобнай калекцыі мастацтва Беларусі. Яна складзецца з сядзібнага партрэта, гістарычных партрэтаў і работ мастакоў, якіх мы называем «ураджэнцамі Беларусі».

Таццяна Рэзнік: Такая пастаноўка пытання гістарычна няправільная. Тагачаснае мастацтва не складвалася па нацыянальных адзнаках, бо мы гаворым пра мастацтва Расійскай імперыі.

Валерый Жук: Гэтае мастацтва стваралася на нашай тэрыторыі і таму можа называцца мастацтвам Беларусі. Расійская імперыя была вельмі шматгранная. Туды акрамя Беларусі ўваходзіла таксама Украіна.

Алена Карпенка: Магчыма, сітуацыя з мастакамі — ураджэнцамі Беларусі дастаткова праблематычная, але адносіцца да гістарычных партрэтаў Беларусі як да заходнееўрапейскага жывапісу цалкам абсурдна. Мы зараз знаходзімся ў даволі складанай сітуацыі. Да нас увесь час звяртаюцца літоўцы, палякі, украінцы па дазвол сфатаграфаваць работы, якія яны пасля друкуюць у сваіх выданнях як прыклады ўласнага мастацтва. Сутыкнулася на адной з канферэнцый з цікавым фактам. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ўкраінскі гісторык мастацтваў Шчарбакоўскі сфармуляваў тры асноўныя прынцыпы, паводле якіх партрэты XVI — XVIІІ стагоддзяў лічацца ўкраінскімі. Гэта партрэты, напісаныя на тэрыторыі этнаграфічнай Украіны; партрэты, выкананыя ўкраінскімі мастакамі, якія жылі за мяжой; партрэты замежных мастакоў, якія выяўляюць украінскіх магнатаў. Усе гэтыя творы знаходзяцца ў Музеі нацыянальнага мастацтва Украіны. Чаму б не перанесці згаданыя прынцыпы і на мастакоў XVI — ХІХ стагоддзяў?

Таццяна Рэзнік: Можа, нам і аддзел рускага мастацтва пераразмеркаваць? У нас будзе сектар украінскага мастацтва з творамі Баравікоўскага, Трапініна, Лявіцкага. А што мы будзем рабіць з Шышкіным, які маляваў у Беларусі? У якім сектары застанецца ён? Ёсць такое агульнапрынятае вызначэнне — вядомы або малавядомы рускі мастак беларускага паходжання... Нельга перакройваць гісторыю. Прынамсі, калі нямецкі мастак намаляваў партрэт імператара Аляксандра, ён застанецца нямецкім мастаком.

Валерый Жук: У дадзеным выпадку твор належыць ужо мастацтву Расіі.

Таццяна Рэзнік: Твор — так, а мастак застанецца нямецкім.

Надзея Усава: Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва і краін Усходу наш супрацоўнік Святлана Пракоп’ева зрабіла выдатны альбом заходнееўрапейскай скульптуры і графікі, а хутка пачне займацца альбомам заходнееўрапейскага жывапісу, куды, згодна з правіламі размеркавання па калекцыях музея, увойдуць усе сармацкія партрэты. Ці не будзе нам пасля сорамна за гэта?

Міхаіл Баразна: Іначай трэба ацэньваць калекцыю радзівілаўскіх партрэтаў. Яна іграе актыўную ролю ў культурнай прасторы Беларусі і ўжо ўвайшла ў кантэкст нашага мастацтва.

Уладзімір Гілеп: Згадаю пастанову Савета Міністраў СССР 1951 года, у якой Савету Міністраў БССР прадпісвалася перадаць Польскай Народнай Рэспубліцы дзевяноста польскіх партрэтаў. Скажыце, радзівілаўскія партрэты — гэта польскія партрэты? Праз два дні Мастацкі музей без аніякіх спрэчак перадаў работы. І сёння я зноў бачу тую ж самую гатоўнасць адхрысціцца ад свайго. Мастацтва — гэта самая высокая палітыка дзяржавы. Дык давайце перарабляць фонды музея. Гэтым мы абаронім нашу культуру. А тое зноў будзем спрачацца, куды аддаць — на Захад або Усход? Пазіцыяніруйце беларускае мастацтва!

Уладзімір Пракапцоў: З 1950-х гадоў шмат што змянілася. Сёння музейныя супрацоўнікі маюць іншы ўзровень і самасвядомасці, і адукацыі. Я не прымяншаю ролю нашых старэйшых калег, яны рабілі вялікую справу. Чаму я абараняю радзівілаўскія партрэты і работы мастакоў — ураджэнцаў Беларусі? Калі мы гаворым аб калекцыі і ролі беларускага мастацтва, я падтрымліваю сваіх калег: мы павінны вызначыцца, хто мы, і заявіць аб гэтым з пазіцыі вядучага музея краіны. І мы павінны адпавядаць узроўню самасвядомасці народа. Пазіцыяніраванне твораў, калекцый вельмі важнае. Сённяшні «круглы стол» — гэта толькі першы крок, размінка. Спадзяюся, што трохтомнае выданне, прысвечанае калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея (першая кніга — фарфор і кераміка, другая — графіка і скульптура, трэцяя — жывапіс), стане годным працягам шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва».

Наталля Шаранговіч: Сваёй размовай мы ўзнялі шмат важных пытанняў і акцэнтавалі праблему ідэнтыфікацыі мастакоў — ураджэнцаў Беларусі. Будзем жа памятаць, што нацыянальную ідэю краіны фарміруе ў тым ліку і галоўны мастацкі музей краіны.