Галоўны, нацыянальны, мастацкі...

№ 11 (320) 01.11.2009 - 30.11.2009 г

«Званне “Нацыянальны” абавязвае», — кажа дырэктар галоўнага мастацкага музея краіны Уладзімір Пракапцоў. Сапраўды, будынак на вуліцы Леніна, 20, пабудаваны спецыяльна для гэтай установы ў 1957 годзе (паводле праекта архітэктара Міхаіла Бакланава), класіцыстычнымі формамі сімвалічна пазначае сваю ролю — збіральніка, захавальніка, інтэрпрэтатара культурнага набытку.

Музей, быццам універсальная мадэль сусвету, фарміруе духоўны досвед народа, праз творы мастацтва, размешчаныя ў экспазіцыі, чалавек нібы ўваходзіць у мінулае. У гэтым галоўная культуразберагальная функцыя галоўнага, нацыянальнага, мастацкага...

У пачатку ўсіх музеяў свету ляжыць пэўны збор. Дзяржаўны ці прыватны, ён становіцца ядром, вакол якога «нарастае» калекцыя. Быў такі збор і ў мастацкага музея: семдзесят гадоў таму — 8 лістапада 1939 года — у Мінску адкрылася Дзяржаўная карцінная галерэя БССР. Асновай калекцыі сталі творы з аддзелаў выяўленчага мастацтва гістарычных музеяў краіны, дарункі з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Пасля ўз’яднання заходнебеларускіх земляў з БССР у Мастацкую галерэю трапілі творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў Заходняй Беларусі.

Экспанаты са збораў карціннай галерэі сёння склалі невялікую экспазіцыю ў музеі, якая так і называецца: «З першых калекцый Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР 1939 — 1941 гг.» У ёй — творы рускага, беларускага і заходняга мастацтва, якія ўцалелі ў ліхалецці вайны...

Сёння супрацоўнікі музея згадваюць мінулае, думаюць пра будучыню. Стаць адукацыйным цэнтрам, уводзіць сучасныя тэхналогіі і развіваць інфраструктуру, пашыраць тэрыторыю — усё гэта ў планах, блізкіх і далёкіх. Таксама — абменныя экспазіцыі з Луўрам, з іншымі музеямі свету і актыўная выставачная праграма. Паважны статус абавязвае трымаць належны ўзровень, а значыць — людзі будуць прыходзіць у музей у пошуках арыенціраў, на сустрэчу з творамі, што захоўваюць культурную памяць стагоддзяў.