Музей, быццам універсальная мадэль сусвету, фарміруе духоўны досвед народа, праз творы мастацтва, размешчаныя ў экспазіцыі, чалавек нібы ўваходзіць у мінулае. У гэтым галоўная культуразберагальная функцыя галоўнага, нацыянальнага, мастацкага...
У пачатку ўсіх музеяў свету ляжыць пэўны збор. Дзяржаўны ці прыватны, ён становіцца ядром, вакол якога «нарастае» калекцыя. Быў такі збор і ў мастацкага музея: семдзесят гадоў таму — 8 лістапада 1939 года — у Мінску адкрылася Дзяржаўная карцінная галерэя БССР. Асновай калекцыі сталі творы з аддзелаў выяўленчага мастацтва гістарычных музеяў краіны, дарункі з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Пасля ўз’яднання заходнебеларускіх земляў з БССР у Мастацкую галерэю трапілі творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў Заходняй Беларусі.
Экспанаты са збораў карціннай галерэі сёння склалі невялікую экспазіцыю ў музеі, якая так і называецца: «З першых калекцый Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР 1939 — 1941 гг.» У ёй — творы рускага, беларускага і заходняга мастацтва, якія ўцалелі ў ліхалецці вайны...
Сёння супрацоўнікі музея згадваюць мінулае, думаюць пра будучыню. Стаць адукацыйным цэнтрам, уводзіць сучасныя тэхналогіі і развіваць інфраструктуру, пашыраць тэрыторыю — усё гэта ў планах, блізкіх і далёкіх. Таксама — абменныя экспазіцыі з Луўрам, з іншымі музеямі свету і актыўная выставачная праграма. Паважны статус абавязвае трымаць належны ўзровень, а значыць — людзі будуць прыходзіць у музей у пошуках арыенціраў, на сустрэчу з творамі, што захоўваюць культурную памяць стагоддзяў.