У.Іваноў (Асілак Жадан), Л.Улашчанка (Лявон) |
Сённяшняя версія мае на ўвазе не толькі новы падыход у прачытанні твора, а і сучасную мову, зразумелую цяперашняму гледачу. Невыпадкова жанрава спектакль вызначаны як мюзікл, што само па сабе вельмі адказна для рэжысёра. Ідэя стварэння нацыянальнага беларускага мюзікла даўно лунае ў паветры. І першыя эксперыменты ажыццяўляюцца менавіта з дзіцячымі спектаклямі -- маўляў, аўдыторыя больш удзячная ды і рызыкі меней (пры гэтым забываецца спрадвечны пастулат: для дзяцей трэба іграць яшчэ лепш, чым для дарослых, паколькі юныя заўжды адчуваюць фальш).
Тым не менш, беларуская «легенда ў жанры мюзікла» -- з’ява неардынарная. Спектакль мае высакародную мэту: змалку прызвычаіць гледача да адэкватнага ўспрымання аўтэнтычнасці беларускай культуры. Гэтаму спрыяюць прыцягальная атмасфера народнай даўніны на сцэне, паэтычнасць тэкстаў, калі дзейныя асобы разважаюць, спадзяюцца і сумуюць менавіта з дапамогай вершаў, якія паступова перарастаюць у зонгі і цэлыя музычныя тэмы.
Эстэтыка мюзікла па сваім вызначэнні патрабуе належнага выканання шматлікіх правілаў жанру. Відовішча такога кшталту мусіць захоўваць гарманічнасць узаемапранікнення
Сцэна са спектакля |
Музыка здзіўляе неверагоднай разнастайнасцю тэматычных акцэнтаў, натуральна ўзмацняе драматычныя калізіі персанажаў. Для кампазітара У.Кандрусевіча гэтая праца над дзіцячым мюзіклам -- далёка не першая. І ўсё ж менавіта ў «Таямніцы блакітных азёр» ён паспрабаваў сродкамі музыкі так данесці народную мудрасць, каб прачытваліся ўсе пласты, назапашаныя стагоддзямі. Нават заштампаванасць казачных персанажаў нівелюецца пад гукі валынкі, жалейкі,скрыпак і цымбал.
Тандэм жывога выканання і запісу -- гэта ўжо даніна часу. Жывыя спевы чаргуюцца з фанаграмамі, актыўныя масавыя сцэны змяняюцца замаруджанымі акцёрскімі маналогамі. Усё гэта рэаліі сучаснага беларускага мюзікла. У вялікім выканальніцкім ансамблі цяжка вылучыць востры характар, які б прымусіў спачуваць і зачароўвацца. Асілак Жадан у выкананні У.Іванова, пры ўсёй сваёй вонкавай адпаведнасці, не дацягвае да тытула «легендарнага героя», здольнага на роўных канкурыраваць з заходнімі аналагамі.
В.Кавалерава (Леваніха), Ю.Жыгамонт (Гусляр), Л.Улашчанка (Лявон) |
Такія абавязковыя складнікі мюзікла, як танец і спецэфекты, прысутнічаюць у спектаклі даволі ўмоўна. Пластычныя замалёўкі выразна праяўляюцца хіба што ў сцэне Купалля, дзе кола маладых сялян гарэзліва вытанцоўвае каля ўяўнага вогнішча. Дазіраваная порцыя эфектаў абуджае ўвагу маленькіх гледачоў: дастаткова Чарадзею (А.Кізіно) раптоўна праваліцца «скрозь зямлю» або з’явіцца чатырохгаловаму Цмоку ўнушальных памераў, як зала замірае ў агульным уздыху нечаканасці. На жаль, такіх момантаў падчас спектакля было няшмат. Неймаверная, амаль магнетычная гульня колеру ў дэкарацыйным аздабленні (Д.Мохаў) магла б звязаць усе кампаненты спектакля, наладзіць нябачную сувязь з гледачом. Аднак раз’яднанасць асноўных частак пазбаўляе відовішча цэласнага завершанага выгляду. Створаныя ў розных вымярэннях, надзеленыя ўласным рытмам і, бясспрэчна, выдатныя паасобку, гэтыя часткі не састыкоўваюцца ў адзіны гарманічны арганізм.
Ці дастаткова ўсяго гэтага, каб называцца мюзіклам? Сёння ўсё часцей адбываецца сэнсавая падмена «традыцыйнага» жанру спектакля для дзяцей, які можна назваць «відовішчам з музычнымі нумарамі», на больш моднае вызначэнне -- «мюзікл». Прэм’ерны спектакль ТЮГа -- гэта значны крок наперад, да стварэння паўнавартаснага нацыянальнага мюзікла на аснове якаснай драматургіі. Мюзікл можа існаваць у розных праявах, асноўнае, як і ў любым іншым жанры, -- прафесійнасць. Менавіта на гэтай мове можна смела размаўляць з новым пакаленнем, не рызыкуючы быць незразуметым.
Любоў ДЗЁМКІНА