Краявід даўжынёю ў год

№ 10 (319) 01.10.2009 - 31.10.2009 г

Што азначае для мастака ўласная выстава? Найперш гэта — прынцыповае зрушэнне кропкі позірку, калі паслядоўнае «перагортванне» твораў (адзін за адным — на мальберце, у папцы ці на маніторы) змяняецца радыяльным гледзішчам. Стоячы ў цэнтры экспазіцыі, творца можа ўбачыць цэльны кавалак свайго рэалізаванага жыцця.

Гэта адначасова — і пункт абстрагавання, калі магчыма зірнуць на сябе з часавай і прасторавай дыстанцыі. Так ці іначай, гэты момант экспанавання патрэбны мастаку, каб выпрабаваць на жыццяздольнасць сваю новую канцэпцыю. У выніку — ці паспяхова рэалізаваць яе і рухацца далей, ці (з-за недахопу ідэй і энергіі) працягваць эксплуатаваць.

А калі мастак паказвае табе ў майстэрні свой незавершаны праект?.. Сярэдзіна гэта або перадапошні этап, не заўсёды можа сказаць нават сам аўтар, бо не ведае, які
/i/content/pi/mast/24/418/37.jpg
/i/content/pi/mast/24/418/37-.jpg
/i/content/pi/mast/24/418/37+.jpg
Лёгкі дотык наканаванасці. З цыкла «Беларускі ментальны краявід». Фота. 2009.
твор прыйдзе наступным. Ён адно прадчувае шлях і выбраў кірунак руху. Натуральна, старонняга гледача захапляе інтрыга: яму карціць прадугадаць, якім будзе цэльны — выставачнага фармату — праект. Ці, можа, наяўны матэрыял і не выльецца ў тое, што варта паказваць, а стане глебай для нечага іншага? У рэшце рэшт, апошні варыянт развіцця падзей мо нават лепшы, таму што нерэалізаванае, неўвасобленае, неадлакіраванае часта сваім патэнцыялам можа паўплываць на мастака больш істотна, чым гатовая, але выпадковая экспазіцыя, што праходзіць пад грыфам «з напрацаванага».

Сяргей Кажамякін, у майстэрні якога я і натрапіла на яго цяперашні незавершаны праект, існуе як мастак, так бы мовіць, унутры вялікага цыкла з агульнай назвай «Беларускі ментальны краявід». Частка яго была паказана на міжнароднай мастацкай выставе ў Маскве «Тэст на нацыянальны ген. Цытаты» (Цэнтр сучаснага мастацтва «М’АРС», жнівень, 2009). Адначасова ў рамках цыкла творца намацаў біццё новага пульсу: «Лёгкі дотык наканаванасці».

Сваю творчую мэту фатограф Сяргей Кажамякін вызначае як аналіз прасторы, у якой мы жывем, фактараў, якія ўплываюць на яе ўспрыманне. Зрэшты, самае важнае для сённяшняга перыяду творчасці Кажамякіна — звярнуцца да рэчаў абсалютна прыватных, надзвычай тонкіх і далікатных, якія хвалююць перадусім яго самога. Таму, пры ўсёй нейтральнасці выбранага візуальнага аб’екта, праект «Лёгкі дотык наканаванасці» — глыбока асабісты. Калі раней фатографу важна было стварыць візуальна эфектны здымак, цяпер паперадзе ідзе ўнутраны аналіз.

Метад «Лёгкага дотыку...» можна вызначыць як пражыванне краявіду ў часе. Серыя складаецца з відаў пэўнага месца. З аднаго боку — сузіранне, з іншага — так бы мовіць, псіхагеаграфічнае даследаванне. Узаемаадносіны з прыродай усё больш насычаюцца рэальным прасторавым вопытам, аналізам яго псіхічных адпаведнікаў, канчатковая мэта творцы — паглыбленне ў ментальны краявід.

Магчымасці для даследавання надзвычай абмежаваныя: ніцыя дрэўцы на фоне стромкага схілу, гарызонту няма, як і далёкіх планаў і дэталяў — вызначальнікаў характару мясцовасці. Пры максімальна спрошчаных умовах максімальна складаная гульня: зменлівы малюнак дрэў і травы, святло, што перастварае краявід кожную хвіліну.

Абмяжоўванне месца стварае сюррэалістычны эфект: тут час цячэ і нічога быццам бы не адбываецца. Але адбываецца якраз самае важнае, што ляжыць у прыродзе нашага ўспрымання свету: святло стварае форму і робіць яе бачнай для нас. Менавіта такім чынам мы атрымліваем візуальны доказ існавання прадметаў і адначасова — сведчанне іх ілюзорнасці і пастаяннай зменлівасці, іх бачнай дэматэрыялізацыі промнямі святла. Гэтая сітуацыя свядома вычляняецца фатографам з рэальнасці і становіцца прадметам яго аналізу.

Нягледзячы на тое, што гульня адбываецца з мінімальнай колькасцю чыннікаў — аб’ект, фон і святло, — у гэтай формуле з трыма пераменнымі велічынямі вынік атрымліваецца непрадказальна рухомы. Святло, што ўздзейнічае на усё, застаецца фактарам ператваральным і перастваральным.

Серыя задумана як гадавы цыкл, пачаўся ён ранняй вясной і, мяркуецца, завершыцца зімой. Фатограф будзе прыходзіць, каб лавіць гэтыя прывідныя рэчы і іх адбіткі ва ўласнай свядомасці. Цыкл нагадвае «Руанскі сабор» імпрэсіяніста Клода Манэ. У гэтай серыі жывапісец пісаў адзін і той жа аб’ект пры розных станах атмасферы і асвятлення. Фактычна, ён даследаваў законы ўзнікнення формаў: сродкамі выяўленчага мастацтва прааналізаваў станы, якія стварае святло, і знайшоў іх адпаведнікі ў матэрыі жывапісу. У фатографа ўзаемадзеянне са святлом прынцыпова іншае: рэчы становяцца зместам фатаграфічнага твора толькі таму, што аб’ектыў фіксуе святло, якое на іх трапляе. Абсалютная сапраўднасць фатаграфіі набліжае праект да навуковага эксперымента. Але тут усё нашмат ілюзорней, за факталагічнай халоднасцю здымка лёгка прасачыць ментальныя і псіхалагічныя станы аўтара. Ён «выдае» сябе сваім выбарам — аб’екта, ракурсу, пункту гледжання…

Уключанасць «Лёгкага дотыку…» у агульны вялікі цыкл усё нібы заблытвае і адначасова праясняе. Серыю «Беларускі ментальны краявід» аб’ядноўвае адзіны метад. Гэта — імкненне сабраць у прасторы кадра розныя сэнсавыя і інфармацыйныя пласты (кшталту праекцыі велізарных сланоў, што раптам апынаюцца ў тралейбусе сярод стомленых гараджан), гэта — візуалізацыя сноў і кашмараў, сілуэты, што ўказваюць на «штосьці іншае», гэта — немагчымыя спалучэнні.

У агульным кантэксце «Лёгкі дотык...» дае магчымасць вастрэй успрымаць тое, што адбываецца ў прасторы. Дзякуючы галоўнаму герою, сонцу, мяняюцца «дэкарацыі» краявіду, яно абумоўлівае каларыт сцэны, дыктуе законы кантрастаў і нюансаў, урэшце — змену пораў года. Спасціжэнне нашага рэальнага пейзажу вызначае вугал падзення сонечнага святла на зямлю, ступень умяшання чалавека. Гэтыя прывідныя станы і іх пераходы надзвычай моцна ўплываюць на нас. Ментальны краявід не даецца нам цалкам у акце бачання, і гэта пацвярджаюць і іншыя серыі работ. У адной з іх фатограф размяшчае здымкі такім чынам, што выява на краі аднаго знаходзіць свой працяг у форме на краі іншага. Такім чынам матэрыялізуецца думка пра тое, што форма ў фатаграфіі — рэч зменлівая і можа станавіцца носьбітам розных сэнсавых пасылаў. У іншых работах погляд, праходзячы праз празрыстасць вокнаў, чапляецца і за іншыя адлюстраванні. Перастаеш разумець, дзе адлюстраванні, а дзе рэальная рэч, і ўсё гэта перастае мець значэнне, бо прапушчанае праз лінзу аб’ектыва ператвараецца ў знакі візуальнага фатаграфічнага пісьма. І тады прыходзіць разуменне, што толькі сюррэалістычная выява можа наблізіцца да сэрца нашага свету і стварыць наш ментальны краявід...

Ці адбудзецца нарэшце выстава фатаграфій «Лёгкага дотыку...»? Якая логіка будзе дыктаваць аўтару адбор і канчатковую кампазіцыю гэтай серыі? Гадавы цыкл не завяршыўся. Цяпер амаль нерэальна ўявіць прывіднае зімовае святло, што падае на тонкія галінкі ніцых дрэў. Але ў свой час прырода і ўспрыманне фатографа разам і ў неспасцігальнай суладнасці вызначаць апошні акорд.

Алеся Белявец