З глебы, а не з галавы

№ 10 (319) 01.10.2009 - 31.10.2009 г

Як адрозніць работы таленавітых самавукаў ад кічу або мастацтва псіхічнахворых людзей? Ці ёсць дакладная мяжа, якая аддзяляе наіў ад псеўданаіву, неапрымітывізму ці постмадэрнізму ды іншых накірункаў сучасных праектаў, напрыклад, канцэптуальнага мастацтва?

/i/content/pi/mast/24/415/28.jpg
Лідзія Шпектарава. Любімы кот Артура. Палатно, алей. 2008. Гродна
Адказ на гэтыя пытанні не можа быць адназначным, але пэўныя межы існуюць, пакуль яшчэ спрэчныя. Наіў — гэта творчасць мастакоў-прымітывістаў, якія свядома звяртаюцца да першабытнага, сярэднявечнага, народнага мастацтва. Да прымітыву адносяцца некаторыя работы такіх знакамітых жывапісцаў, як Ван Гог, Гаген, Пірасмані, Ганчарова, Ларыёнаў, Шагал, Пікаса.

Калі нарадзілася наіўнае мастацтва ў Беларусі, дакладна сказаць немагчыма. На маю думку, Еўфрасінню Полацкую, якая ў мураваным храме па начах «кнігі пісала сваімі рукамі», можна разглядаць як адну з першых мастачак і асветніц, што паклалі прыгожую каліграфічную цагліну ў падмурак наіўнага мастацтва Беларусі разам з невядомымі ілюстратарамі Аршанскага евангелля ХIII стагоддзя і Шарашоўскага евангелля ХVI стагоддзя.

Гісторыя наіўнага мастацтва ў Еўропе бярэ адлік ад 1886 года, калі ў Парыжы ў Салоне Незалежных былі прадстаўлены карціны мытніка Анры Русо. У 1920-я гады творцаў, якія не мелі прафесійнай адукацыі, але выстаўлялі свае палотны ў Парыжы на Манмартры каля сабора, пачалі называць мастакамі «святога сэрца». У 1966 годзе славацкі даследчык Штэфан Ткач прыдумаў новае вызначэнне прыхільнікаў «прымітыву» — як мастакоў інсіту (ад лацінскага «прыроднае», «несфармаванае»). Гэты тэрмін замацаваўся ў мастацтвазнаўстве некаторых еўрапейскіх краін. Пад назвай Іnsita з 1980-х гадоў праходзяць міжнародныя фестывалі ў Браціславе (Славакія), з 1994 — нацыянальныя выставы ў Віцебску; першая ў свеце энцыклапедыя па наіўным мастацтве выдадзена даследчыкам Біхаліем-Мэрынам у 1984 годзе ў Югаславіі.

Асабіста я прытрымліваюся тэрміна «наіўнае мастацтва» за яго зразумелае для кожнага чалавека значэнне, шырокі дыяпазон выкарыстання, захаваную да сённяшняга часу семантыку слова, якое мае куды больш сэнсу для беларуса, чым сучасныя замежныя тэрміны «маргінальнае мастацтва», «мастацтва аўтсайдэраў» і іншыя.

Дык хто такі наіўны мастак? Гэта майстра, творчыя прыёмы якога ідуць не ад адукацыі, а ад сэрца, ад уяўленняў і роздумаў, з глыбіняў падсвядомасці і пачуццяў. У якіх умовах праходзіла жыццё мастака, якія прафесіі ён атрымаў, хто быў ягоным настаўнікам, з кім ён сябраваў, якія кнігі чытаў — гэтыя, як і іншыя, звесткі дапамогуць стварыць праўдзівую гісторыю пра творчасць таленавітага самавука, якога адрознівае нястрымная прага маляваць. Менавіта таму наіўнае мастацтва — самадастатковае, самабытнае, нягледзячы на велізарнае адставанне ў тэхніцы выканання пры параўнанні з акадэмічнымі нормамі перадачы лінейнай перспектывы, святлаценяў, пабудовы сюжэтаў.

Аўтары такіх твораў шукаюць гармонію паміж чалавекам і грамадствам, чалавекам і прыродай, выяўляюць яе праз сімвалы, алегорыі, метафары і пазачасавыя каардынаты... Угледземся ў «Рай» Алены Кіш, выкананы ёю ў пяці варыянтах. На маляваным дыване занатаваны застылыя ў руху белыя лебедзі і буслы, забітая жывёліна ў кіпцюрах птушкі. Цёмна-блакітны начны фон надае твору казачную ірэальнасць. Нават белая лінія паміж «акном» (сярэднікам дывана) і раслінным бардзюрам з дробных і буйных кветак ператвараецца з элемента дэкору ў сімвал пераходу ад ідэальнага боскага свету да будзённага жыцця людзей...

Наіўнае мастацтва адметна нацыянальнае. Адзенне герояў, архітэктура, краявіды, арнаменты, адсылкі да гістарычных падзей дазваляюць адразу пазнаць мясцовасць, дзе адбываецца дзеянне. Згадаю карціну Сяргея Каваля «Мастак Клод Манэ вудзіць рыбу». У тых, хто ўпершыню бачыць гэты твор, але не прачытаў яшчэ яго назву, узнікае ўражанне, што ён разглядае беларускі пейзаж — бераг ракі Бярэзіна, — дзе з вялікім задавальненнем вудзіць рыбу чалавек, у якім не цяжка пазнаць вядомага французскага жывапісца.

Сяргей Каваль ахвотна выяўляе мясцовыя краявіды, прадметы вясковага побыту, свойскіх жывёл (кароў, сабак, коней, кур, гусей). У яго творах цяжка знайсці вобразы адмоўных герояў, калі яны і з’яўляюцца, то падаюцца аўтарам праз незласлівы жарт. Гэта адметнасць карцін-панарам «Мая вёска Якімава Слабада», «Вялікдзень», «Касмічная адысея», якія ўжо не столькі перадаюць вонкавае падабенства, колькі выяўляюць філасофію жыцця прадстаўнікоў розных слаёў грамадства: селяніна ці вясковага святара, вандроўнага паэта ці гандляра, вайскоўца ці закаханых.

Яшчэ адна з характэрных рыс наіву — ягоны тэкставы складнік, які можа прысутнічаць і захоўвацца ў некалькіх формах. Найперш, гэта напісаныя на пярэднім плане або адвароце карціны выказванні аўтара. Глыбокі сэнс мае і назва работы. Безумоўна, тэкставая насычанасць узмацняе сюжэтную лінію карціны, надае ёй большую эстэтычную, інфарматыўную выразнасць. Заўважу, калі словы на карціне падаюцца ў вершаванай форме, у выглядзе прымавак, знаёмых усім «крылатых выказванняў», яны яшчэ больш абвастраюць пачуцці чалавека.

/i/content/pi/mast/24/415/29.jpg

Сяргей Каваль. Французскі мастак Клод Манэ вудзіць рыбу. Двп, алей. 2003. Вёска Якімава Слабада Светлагорскага раёна.

Пабла Пікаса і Васіль Кандзінскі, Міхаіл Ларыёнаў і Наталля Ганчарова, Марк Шагал і Фернан Лежэ, шмат іншых творцаў неаднойчы звярталіся да прымітыву. У выніку эксперыментаў з’явіліся новыя мастацкія плыні з відавочнымі адценнямі народных традыцый: прамянізм (лучызм), неапрымітывізм, фавізм, экспрэсіянізм, кубізм. Аўтарскі стыль Шагала спалучыў «бытавы сімвалізм» з узвышанымі летуценнямі наіўнага ўспрымання свету. Усе гэтыя рысы вызначылі мастацкі артыстызм і загадкавы міфалагізм мастака. Захапляльнай лубачнай серыяй на матывы народнага паўстання ў Беларусі сталі працы Казіміра Малевіча «Ішоў аўстрыец у Радзівілы», «Ну і трэск жа быў каля Ломжы» (1914).

Наіўнае мастацтва вылучаецца сваёй спрошчанай формай у перадачы вобразаў, якую звычайна вызначаюць як прымітыў. Семантыка слова паспрыяла таму, што даследчыкі на працягу ХХ стагоддзя вызначалі творы народнага мастацтва як праявы больш нізкай мастацкай культуры ў параўнанні, напрыклад, з рэалістычным жывапісам. Яны не ўспрымалі маляваныя дываны як творы, вартыя вывучэння, музейнага калекцыянавання. Калі абразы, рукапісныя кнігі, лубкі ці народная гравюра XVI–XVIII стагоддзяў, медны посуд, гістарычныя дакументы карысталіся значным попытам у некаторых беларускіх калекцыянераў, то творы мастакоў наіўнага ці самадзейнага мастацтва (далучаю да іх і маляваныя дываны, роспіс па шкле, карцінкі на кардоне) заставаліся па-за межамі культурнага досведу грамадства да канца 1980-х гадоў. І толькі з адкрыццём Першай рэспубліканскай выставы маляваных дываноў у Палацы мастацтва ў 1989 годзе пачаўся адлік новага часу, які працягваецца сёння ў Віцебску на выставах інсітнага мастацтва.

На працягу тысячагадовай гісторыі беларусы стваралі прыгожыя ініцыялы, застаўкі на старонках рукапісных кніг, надавалі беларускія рысы тварам святых на абразах, размалёўвалі расліннымі ўзорамі гліняныя збаны і паліваную кафлю на печах, дзівоснымі арнаментамі ды залатымі ніцямі ткалі каштоўныя «слуцкія паясы», захапляльнымі відовішчамі аздаблялі лубачныя карцінкі, распісныя куфры, велікодныя яйкі, маляваныя дываны, выраблялі прыгожыя драўляныя скульптуры, нават стварылі незвычайны «драўляны народ». І ўсё для таго, каб захаваць і перадаць нашчадкам унікальную філасофію жыцця. Жыцця, у якім сузіранне прыгажосці спалучалася з таямніцай глыбіннага эстэтычнага дзейства.

І сёння гэтая неспазнаная архаічная беларуская прыгажосць узыходзіць з глыбіняў зямлі новымі парасткамі, па-свойму расквечваючы той неабсяжны райскі сад, які ва ўсе часы існаваў у творах наіўных мастакоў.

Развіваючы думку Шагала, можна сказаць, што духоўная энергія зямлі і космасу насычала і насычае работы мастакоў-прымітывістаў. Як ніколі раней, глыбінная эстэтычная повязь з першаснымі крыніцамі неабходна сучаснаму чалавеку. Беларускі Эдэм яшчэ чакае свайго адкрыцця.

Юрась Малаш