Райскі сад

№ 10 (319) 01.10.2009 - 31.10.2009 г

ІІІ Нацыянальная выстава інсітнага (інакш кажучы, наіўнага) мастацтва, якая сёлета адбылася ў Віцебску, складвалася з двух раздзелаў: рэтраспектыўнага і сучаснага. Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці паказаў у сваёй выставачнай зале калекцыю твораў канца ХХ стагоддзя. Віцебскі абласны краязнаўчы музей прадставіў работы 35 сучасных самабытных беларускіх мастакоў.

/i/content/pi/mast/24/414/27.jpg
Віктар Цяцёркін. Флатылія. Фрагмент. Дрэва, разьба, расфарбоўка. 2000. Вёска Халамер’е Гарадоцкага раёна.
Дэкаратыўны жывапіс з ляснымі краявідамі Беларусі, ідылічнымі сцэнамі жыцця ў суладдзі з прыродай дапаўнялі расфарбаваныя драўляныя кампазіцыі, якія распавядалі пра клопат людзей аб сваёй зямлі і парадак на ёй.

Скульптуры майстроў з розных рэгіёнаў краіны сведчылі пра разнастайнасць стылёвых падыходаў да ўвасаблення народных ідэалаў прыгажосці. Большую частку аўтараў можна вызначыць як наіўных рэалістаў, якім уласціва апавядальнасць праз выкарыстанне вобразаў-знакаў. Так, Віктар Цяцёркін упадабаў сюжэты пра казачных катоў у прыгожых ботах; жураўлёў, якія дапамагаюць дзяўчатам чэрпаць ваду з калодзежа; караблі, плаваючы на якіх можна пабачыць увесь свет. У яго работах пануюць гіпербала і прага цудаў. Мікалай Тарасюк з болем распавядае пра разбурэнне спрадвечнага ладу жыцця сялянства, прычынай чаму, на яго думку, з’яўляецца п’янства. Яго вобразы вылучаюць этнаграфізм і народны гумар. Абодва аўтары скарыстоўваюць творчы метад макетавання, дзякуючы якому статычныя постаці персанажаў з дадатковымі атрыбутамі расстаўляюцца адпаведна сюжэту, што дазваляе змадэляваць пэўную сітуацыю.

Жывапісныя работы наіўных рэалістаў сведчаць пра захаванне ў народным мастацтве традыцый маляваных дываноў. Да аўтэнтычнага ўзору можна аднесці карціну «Манашкі каля мора» Мікалая Понтуса, дзе аўтар апісвае забавы дзяўчат каля вады, падкрэслівае іх лялечную прывабнасць і цнатлівасць.

Творцы, якія маюць пэўную дасведчанасць у мастацтве, скарыстоўваюць кампазіцыйныя схемы маляванак і стэрэатыпы вобраза народнага героя для адлюстравання знакамітых асоб айчыннай і сусветнай гісторыі. Яе старонкі Сяргей Каваль раскрывае адпаведна законам фальклорнай рэдукцыі праз аповед пра Рагнеду і яе сына Ізяслава. Карціны-маляванкі Вольгі Ярэська з дапамогай пастаральнага сюжэта шпацыру закаханых каля палаца аднаўляюць гісторыю кахання Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста.

Аўтары, творы якіх у большай ступені арыентаваныя на гарадскую культуру, працуюць набліжана да мадэрністычнага накірунку. Скульптуры Івана Супрунчыка хоць і ўвасабляюць фальклор роднай мастаку Століншчыны, але створаны авангардна. Знакаміты разьбяр ужо якое дзесяцігоддзе здзіўляе жыццёвай моцай сваіх вобразаў і нечаканай трактоўкай традыцыйнай формы драўлянага стода. Яго бясконцыя серыі работ на тэму народных святаў — «Шчадрэц», «На дзяжу», «Вялікдзень», «Пахавальны абрад: перадача хлеба» — дэманструюць усё большую ступень творчай свабоды. Фактурная «недапрацаванасць» скульптур праз сакавітую жывапісную дэталіроўку набывае завершанасць і эмацыянальную абвостранасць. Разьбяр працуе на мяжы пластычнага і жывапіснага відаў мастацтва, што робіць яго работы надзвычай актуальнымі для культуры постмадэрнізму.

Сапраўдным адкрыццём выставы сталі пастэльныя аркушы гэтага ж аўтара. Яны выкананы энергетычна насычанай штрыхоўкай, дзе актыўныя белыя лініі выпраменьваюць святло з цёмнай таямнічай прасторы. «Жаніцьба коміна», «Памінальны абрад. Душа памерлага. 9 дзён», «Дзяды» Івана Супрунчыка з’яўляюцца ўзорамі народнай метафізікі, распавядаюць пра народныя абрады, веру чалавека ў непарыўную духоўную повязь з душамі памерлых родзічаў, у іх апеку.

Метафізічнасцю вызначаюцца карціны-прыпавесці Людмілы Андзілеўка. Мастачка глядзіць на свет і на сябе быццам скрозь мроіва нейкай таямніцы, што адкрылася толькі ёй. Выкарыстанне незвычайных ракурсаў, перспектыўных скарачэнняў, рознамаштабных супастаўленняў у палотнах «Зоркі ў калюжыне, або Партрэт дзівака», «Вялікае мыццё бялізны», «Гарбун» дапамагаюць ёй раскрыць драматызм жыццёвых калізій герояў. Ноткі смутку і філасофскай адасобленасці набліжаюць творы Андзілеўка да паэтыкі лірычнага экспрэсіянізму парыжскай школы канца ХІХ стагоддзя.

Сярод наіўных аўтараў нямала прыхільнікаў тагачаснага перыяду ў мастацтве. Захапленне Ван Гогам адчуваецца ў работах Маргарыты Сайфугаліевай, стваральніцы жывапісных арабесак, якая адлюстроўвае камерны свет сям’і. Паводле прыкладу знакамітага жывапісца, Мікалай Ліцвінаў, палотны якога дэманструюць адметную графічна-жывапісную стылістыку, малюе дэкаратыўныя краявіды, насычаючы каляровыя плямы ўнутранай дынамікай напружанага мазка. Яго жывапіс — гэта эпічны аповед пра жыццё вёскі на беразе ракі з панарамным паказам у адной кампазіцыі заняткаў усіх яе жыхароў.

Графіка Юрыя Малаша нагадвае і супрэматычныя эксперыменты Казіміра Малевіча, і народны лубок ХІХ стагоддзя. У яго асобе надзіва арганічна спалучаюцца знаўца беларускай культуры і інсітны творца, які нястомна перапрацоўвае ўзоры разнастайных артыстычных з’яў у кантэксце нацыянальнай мастацкай традыцыі. Спробы змадэляваць карціну свету вызначаюцца наўмыснай архаічнасцю.

Шэраг твораў выстаўкі адсылаюць да фантазій сюррэалізму. Артыстычныя мроі Ксеніі і Валянціны Муліцаў увасоблены праз паэтычныя выявы жаночых твараў, удала закампанаваных з вобразамі птушак, расліннымі матывамі і сімваламі часу. Карціны Івана Зайцава іранічна распавядаюць пра жыццё і каханне людзей-дрэў, постаці якіх упісаны ў звычайны краявід, пакрыты драўнянай фактурай і гратэскава надзелены характарамі і жарсцямі чалавека. Пры поглядзе на іх прыходзяць на памяць партрэты-анамарфозы Джузэпэ Арчымбольдзі, якія прачытваюцца як алегорыі пораў года, складзеныя з кветак, пладоў, рыбін і жывёлін. Аднак у Зайцава людзі-дрэвы — гэта падгледжаны і пераасэнсаваны цуд прыроды.

Карціны Мікалая Нікіценкі — вандроўкі з прыгажуняй-нявестай, казачнымі анёламі і музыкамі, што адбываюцца і ў вулічнай прасторы роднага Полацка, і на дахах яго дамоў і храмаў, і нават у нябёсах над старажытнай Сафіяй. Гледзячы на творы Нікіценкі, адразу згадваеш матывы (палёт закаханых) Марка Шагала, аднак тут яны ўвасоблены з ілюзорнай пераканаўчасцю, больш блізкай да Сальвадора Далі. Разам з тым жывапіс не губляе свайго наіўнага дэкаратывізму, дэманструе жаданне аўтара насыціць прастору як мага большай колькасцю дробных дэталей. Яго ж панарамныя пейзажы ваколіц Полацка ўражваюць стэрэаскапічным эфектам, які ўзнік дзякуючы выкарыстанню ў адным краявідзе прыёмаў як прамой, так і зваротнай перспектывы.

Пазнаёміўшыся з экспазіцыяй, нават самы спрактыкаваны глядач выказваў задавальненне. Нішто так не ўражвае, як парушэнне правілаў, асабліва калі гэта зроблена артыстычна. Працуючы на мяжы народнай і прафесійнай культур, інсітны мастак нястомна вынаходзіць усё новыя спосабы апраўдання свайго творчага сваволля.

Людміла Вакар