Час для анёлаў

№ 10 (319) 01.10.2009 - 31.10.2009 г

Быць казачнікам — вялікая адказнасць, асабліва калі твае творы прысвечаны самым значным падзеям у гісторыі чалавецтва. Сярод гэтых падзей вылучаецца Ражаство — свята Дзяцінства, якое чалавек аднойчы страчвае і куды ён потым усё жыццё спрабуе вярнуцца. Ціхае і радаснае адчуванне цуду быццам губляецца ў шуме вялікіх гарадоў і вялікіх хуткасцей. Як узнавіць сапраўдную святочную казку, як перадаць у мастацкіх вобразах яе вытанчаную, быццам крыштальную гармонію?

/i/content/pi/mast/24/413/23.jpg

«Легенда пра лэдзі Гадзіву». Кадр з фільма.

У рэжысёра-аніматара Ірыны Кадзюковай гэта добра атрымліваецца. Яна стварыла і заняла сваю культурную «нішу» ў беларускай анімацыі. Але адбылося гэта не адразу. Спачатку былі пошукі метафарычнай і адначасова гратэскавай мовы ў фільмах «Прыпавесць аб Гасане» (1987) і «Ноччу ў тэатры» (1989).

Сапраўднай жа з’явай у творчасці Кадзюковай і наогул у айчыннай анімацыі стаў цыкл калядных казак, своеасаблівы серыял з сямі фільмаў пад агульнай назвай «Калядныя апавяданні». Цыкл, на ўвасабленне якога пайшло дзесяць гадоў, уключае ў сябе разнапланавыя стужкі, якія адпавядаюць сэнсу зімовых хрысціянскіх святаў. Тут фільмы для дзяцей і дарослых, аповеды аб нараджэнні Хрыста, цудоўныя гісторыі з мінулага і сучаснасці, якія адбыліся на гэтае свята.

Кожны з фільмаў нясе свае запамінальныя і кранальныя вобразы. У аснове стужкі «Каляднае» — аднайменны верш рускага паэта Сашы Чорнага. Розныя жывёлы прыходзяць паглядзець на немаўля Ісуса — бычок, кот, сабака. Гучанне простых, задушэўных паэтычных радкоў, ціхія гукі званочка ствараюць атмасферу цуду і адмысловы казачны свет, зразумелы дзіцяці і блізкі яму. Калі на экране шэры вослік раптам «заплакаў звонка-звонка ў перадсвітальнай цішыні», падалося, што яго сляза капнула недзе побач.

Галоўнае ўражанне ад стужкі «Дзяўчынка з запалкамі» (1996), знятай па вядомай казцы Ханса Крысціяна Андэрсена, — зімовы шэра-блакітны каларыт і выраз затоеных пакутаў на твары маленькай дзяўчынкі, якая памірае ад холаду напярэдадні Ражаства. Менавіта ўжытыя аніматарам колеры неяк змякчаюць трагедыйнае гучанне сюжэта. Стары горад з вузкімі вулачкамі, глыбамі дамоў і зіхаценнем вітрын паўстае з розных ракурсаў. То гэта позірк дзяўчынкі, якая з-за свайго росту бачыць толькі абутак прахожых, то, наадварот, позірк зверху, быццам з вышыні аўтарскага (ці нават яшчэ больш дасведчанага) погляду, якому адкрыты ўсе лёсы. Бадай, мала хто з мастакоў кіно так пранізліва і адначасова далікатна перадаваў на экране вобраз смерці, да таго ж у творы, адрасаваным маленькім гледачам. З гэтым фільмам звязана зусім не кіношная і сапраўды вельмі сумная гісторыя. Адна жанчына хацела паказаць стужку свайму дзіцяці, каб расказаць яму аб таямніцы смерці, але не дачакалася прэм’еры і памерла. Узрушаная гэтым выпадкам, Ірына Кадзюкова з разуменнем паставілася да чалавека, які спецыяльна зрабіў відэадыскі з яе анімацыйным цыклам, каб як мага больш людзей з ім азнаёміліся.

Не ўсе гледачы з разуменнем успрынялі аўтарскую трактоўку складаных духоўных пытанняў (гэта тычыцца галоўным чынам дарослай аўдыторыі). З нагоды «Дзяўчынкі з запалкамі» рэжысёра папракалі залішняй трагедыйнасцю. У фільме «Дзіўная вячэра на Куццю» (1999) строгім крытыкам не спадабалася непавучальная інтанацыя сучаснай казкі, у якой хлопчык з маці запрашаюць на незвычайную вячэру... кошак — паласавацца разлітай смятанай. Асабліва дакаралі за вобраз жанчыны з цыгарэтай, якая быццам бы «дрэнна ўплывае на падсвядомасць», і наогул раілі не паказваць фільм «пра катоў». У адказ рэжысёр прывяла словы з Дабравесця паводле Лукі: «Не запрашайце на пачастунак тых, хто можа адказаць тым жа; клічце тых, хто не зможа адквітацца». Калі адносіцца да рэлігійнай тэмы просталінейна, лічыць рэжысёр, паказваць шмат ікон і званоў, то гэта не гарантуе, што атрымаецца сапраўднае праваслаўнае кіно. А экранная гісторыя пра катоў, рэплікі з якой хутка запамінаюцца і нават цытуюцца, і зараз застаецца адной з самых папулярных у цыкле.

Змест стужкі «Прыпавесць пра Ражаство» (2000) запазычаны з апакрыфічнай легенды Уласа Дарашэвіча аб выбары зямных бацькоў для Хрыста. На зямлю быў адпраўлены архангел Гаўрыіл для пошукаў сям’і для таго, хто прынясе людзям дабро і любоў. Перад гледачамі праходзяць сем’і цара і багача, якія архангелу адмовілі. Толькі Дзева Марыя, жонка Іосіфа, згадзілася прыняць у сям’ю будучага Месію. Выяўленчы бок «Прыпавесці пра Ражаство» асаблівы: упершыню з Ірынай Кадзюковай працаваў выдатны мастак Аляксандр Верашчагін. Ён стварыў арыгінальныя і відовішчныя біблейскія вобразы. Моцнае ўражанне выклікае фрэскавы стыль, які нагадвае грузінскія ці іншыя ўсходнія насценныя роспісы. Твары персанажаў з агромністымі чорнымі вачамі быццам намаляваны дзіцячай рукой. Выяўленчы рад насычаны яскравымі колерамі, фарбы зіхацяць золатам і чырванню, абрысы буйныя і спрошчаныя. Мастак абраў характэрныя малюнкі і колеры для асобных персанажаў. Так, фігура цара і відарыс палаца стылізаваны пад егіпецкія роспісы. Знешнасць багача вырашана ў духу індыйскіх арнаментаў. Постаці бедняка і яго жонкі ўзыходзяць да вобразаў іудзейскай культуры. Тут каларыт страчвае сваю насычанасць, і абліччы Марыі і анёлаў вакол яе паўстаюць у светлай гаме, у блакітных тонах. Прафесіяналы ў галіне кіно адзначалі, што такі стыль — унікальная з’ява ў анімацыі краін былога СССР.

Знаёмы ўсiм з дзяцiнства сюжэт рускай казкi пра сястрыцу Алёначку i братку Iванку арыгінальна інтэрпрэтаваны ў фільме «Сястра і брат. Казка на Ражаство» (2002). У стужцы гучыць шмат вядомых музычных твораў: раманс «Адцвілі ўжо даўно хрызантэмы ў садзе», танга «Шчасце маё», рускія народныя песні «Уздоўж па Піцерскай» і «Ты ўзыдзі, сонца краснае» ў выкананні адпаведна Лідзіі Русланавай і Фёдара Шаляпіна. Галоўныя героі прапісаны ўмоўна, некалькімі штрыхамі. Алёначка, напрыклад, нагадвае звычайную дзяўчынку, у яе сумныя вочы і доўгія косы. Запамінаецца сцэна шабашу, поўная выразных дэталяў: вытыркаюцца капыты з-пад адзення злавесных персанажаў, лётаюць чорныя кажаны, вісіць павуцінне ў кутках хаты. Але глядзець чамусьці зусім не страшна. Агульная парадыйная інтанацыя быццам абумовіла аўтарскую свабоду ў трактоўцы знакамітай гісторыі. Немагчыма без усмешкі ўспрымаць бравага капітана, які плыве на караблі пад флагам з надпісам «Ідзі за мяне замуж», ці ведзьму з фіялетавым тварам і чырвонымі валасамі, ці сучасны слэнг у вуснах закадравага казачніка: «Не дай сабе засохнуць!» Нездарма на чарговым Адкрытым расійскім фестывалі анімацыйнага кіно ў Суздалі стужка атрымала спецыяльны прыз журы «За вытанчаны прымітывізм у інтэрпрэтацыі рускай казкі».

Сюжэт фільма «Легенда пра лэдзі Гадзіву» (2004) падаўся аўтару прыдатным для лагічнага завяршэння канцэптуальнага праекта. Гісторыю пра жонку лорда Леафрыка, якая, каб выратаваць месцічаў ад жорсткіх падаткаў, па прапанове мужа-тырана праехала па горадзе аголенай, расказаў англійскі паэт Альфрэд Тэнісан (нам яна вядомая ў інтэрпрэтацыі Івана Буніна). Мастак Дзмітрый Сурыновіч скрупулёзна аднавіў асаблівасці быту эпохі і гістарычныя касцюмы. На экране паўстаў старажытны горад з брукам, гатычнай архітэктурай, вузкімі вулачкамі. Але, напэўна, больш за ўсё запомніліся лірычныя вобразы, якія па-майстэрску ўмее ствараць Кадзюкова. Золатавалосая прыгажуня Гадзіва глядзіць на нас вачамі маленькага дзіцяці, даверліва-прыязным і разам з тым засмучаным позіркам. Празрыстыя фігуры двух анёлаў натуральна і арганічна ўпісваюцца ў прыгожую і павучальную гісторыю пра нявінную істоту, своеасаблівую Еву, якая яшчэ не зведала грэхападзення.

/i/content/pi/mast/24/413/24.jpg

«Дзяўчынка з запалкамі». Кадр з фільма.

У гэтай паэтычнай стужцы існуе асаблівая гармонія тэксту і музыкі, відовішчнасці і святла. Своеасаблівым камертонам гучыць пранікнёная балада «Я вышла замуж в январе» на верш Роберта Бёрнса (пераклад на рускую мову Іосіфа Бродскага), якая нясе адчуванне ціхай радасці і цноты. Невыпадкова задума фільма нарадзілася на канцэрте аўтара гэтай песні — маскоўскай спявачкі Алены Фраловай. Варта нагадаць знакамітыя словы балгарскага рэжысёра Тодара Дзінава пра тое, што мультыплікацыя пачынаецца там, дзе канчаюцца магчымасці іншых мастацтваў.

Фільм нясе ідэю перамогі дабра над злом — галоўную для ўсіх стужак аўтара. Ёсць і іншыя дэталі, якія сведчаць аб падсумавальнай ролі «Легенды…» ва ўсім цыкле. Вобраз горада нагадвае панараму са стужкі «Дзяўчынка з запалкамі». Сярод натоўпу вылучаюцца дзяўчына і хлопчык, якія быццам перанесены з казкі «Сястра і брат». Выяўленчы шэраг абагульняе пяшчотную шэра-блакітную гаму з «Дзяўчынкі з запалкамі» і відовішчнасць «Прыпавесці пра Ражаство». Цыкл сапраўды атрымаў адпаведную завершанасць. Свята Ражаства — гэта таінства, своеасаблівы магічны крышталь, які штораз можна паварочваць новым бокам. Рэжысёр паказала розныя спосабы экраннага ўвасаблення сакральнай з’явы, і атрымалася суцэльная аўдыёвізуальная форма — тэма з варыяцыямі.

У стужцы «Залатыя падковы» (2006) Ірына Кадзюкова прапанавала сваю інтэрпрэтацыю малавядомых казак Ханса Крысціяна Андэрсена. У славутага пісьменніка няма твора пад такой назвай. Але ёсць казка «Жук-гнаявік». У фільме гэты персанаж аб’ядноўвае некалькі гісторый і паўстае вельмі сучасным тыпажом, самаўпэўненым і ганарыстым — ён патрабуе сабе залатыя падковы, якімі быў узнагароджаны конь імператара. Як заўсёды, казачны свет беларускага рэжысёра напоўнены мілымі і ўтульнымі падрабязнасцямі. У маленькай вясковай хатцы жывуць стары імбрычак, пыльная бутэлька, прыгожая вясельная сукенка, а пад вокнамі — ружовы куст. У кожнай рэчы свой нораў, сваё мінулае. Бутэлька паўстае сапраўднай жанчынай і ўспамінае пра вясёлы пікнік, дзе яе адкаркавалі. У імбрычка свая бурна праведзеная маладосць. Пацешныя прадметы быццам ажыўлены і ачалавечаны фантазіяй аўтара, які ідзе следам за тэкстам казкі.

Філолаг па першай спецыяльнасці, Ірына Кадзюкова заўсёды адказна ставіцца да вербальнага боку стужак. Паэтычнае ці празаічнае слова пранізвае тканіну амаль усіх твораў рэжысёра (часцей за ўсё яно гучыць у выкананні акцёра Барыса Плотнікава, а часам — сына Ігната, як гэта адбылося ў «Дзіўнай вячэры»). Адсюль — «літаратурнае» адценне карцін Кадзюковай.

Большасць фільмаў рэжысёра адрасавана самай, бадай, складанай аўдыторыі — падлеткавай. Ствараючы стужкі для дзяцей, у тым ліку для сына, Ірына быццам сталела разам з ім — і «сталелі», набывалі зместавую глыбіню яе творы. Абраны шлях станавіўся ўсё больш складаным. Духоўныя тэмы заўсёды вырашаюцца ў мастацтве нялёгка — так казаў Ірыне і знаёмы святар. Дарэчы, калі ўзнікаюць якія-небудзь пытанні, яна ідзе ў мінскі сабор святых Пятра і Паўла, да айца Георгія, які ніколі не адмаўляе ў парадзе.

Можна лічыць, што яна вызначылася з поўнай дакладнасцю — галоўная тэма ў жыцці і творчасці Ірыны Кадзюковай, але рэжысёр па-ранейшаму з цяжкасцю знаходзіць патрэбныя крыніцы для сцэнарыяў, бо, на яе думку, наша літаратура для дзяцей, асабліва хрысціянская, «грашыць» павучальнасцю. Напісаныя з самымі лепшымі намерамі, кнігі часам бываюць такія сумныя!

/i/content/pi/mast/24/413/25.jpg

«Прыпавесць пра Ражаство». Кадр з фільма.

Сёння, на жаль, духоўная тэма ў мастацтве набыла кан’юнктурны характар. Ёй прысвечана нямала стужак, у тым ліку анімацыйных. Карціны нярэдка надзвычай пафасныя, у іх лётае шмат анёлаў — як, напрыклад, у фільмах славутай расійскай серыі «Гара самацветаў». Кінематаграфісты жартуюць: «Напэўна, прыйшоў такі час, што спатрэбіліся анёлы». На апошнім фестывалі ў Суздалі — галоўным аглядзе расійскай анімацыі — былі паказаны фільмы пра Васілія Блажэннага, Георгія Пераможца, дзеву Фяўронню. І гэтая тэндэнцыя паступова пераўтвараецца ў асобны напрамак, поўны стэрэатыпаў.

У гэтым годзе ў Суздалі Ірына Кадзюкова паказала «Старадаўнюю аповесць аб жыцці, смерці, каханні і іншых цудах», якая распавядае пра праваслаўных святых Пятра і Фяўронню. Гісторыя быццам бы вядомая, але на самай справе ніхто не ведае яе дакладна. Сапраўды, існуе нейкая таямніца наконт кахання Пятра і Фяўронні: ці то быў так званы «белы» шлюб, ці бяздзетнасць, кара Божая. Ніводны фільм Кадзюковай не ствараўся так цяжка, як «Старадаўняя аповесць…». Рэжысёр нават здзейсніла паломніцтва на радзіму святых у Мурам, дзе пазнаёмілася са старажытнымі «ліцавымі» рукапісамі (тут вельмі прыдалося яе веданне стараславянскай мовы). Высветлілася, што жыціе Пятра і Фяўронні мае шмат варыянтаў. Паступова акрэслілася галоўная пазіцыя аўтара: «распавядаць без рабства», паказаць герояў не абстрактнымі святымі, а блізкімі, зразумелымі, «цёплымі» людзьмі. Сапраўды, гаворка ідзе пра зусім маладых герояў, пра рускіх Рамэо і Джульету. Калі адбываліся апісаныя ў фільме падзеі, Пятру было шаснаццаць гадоў, Фяўронні — каля трынаццаці, то-бок яны былі амаль дзецьмі. Вось чаму гераіня на экране гаворыць падлеткавым голасам, у якім спалучаюцца рэзкасць і пяшчотнасць (яе агучвае купалаўская актрыса Ганна Хітрык).

Фільм разлічаны на юнацкую аўдыторыю, таму перад яго стваральнікамі паўставалі пэўныя цяжкасці — як паказаць, напрыклад, спакушэнне змеем ці шлюбную цноту. Былі і няпростыя пошукі выяўленчага стылю. Аўтары адразу адмовіліся ад лубка ці «ажыўлення» іканапісу. Спыніліся — і гэта нечакана! — на беларускіх маляванках, галоўным чынам на класічных творах Алены Кіш. У выніку атрымаўся свайго кшталту «заходні» погляд на рускую гісторыю.

На пытанне пра ўласную ментальнасць рэжысёр, у жылах якой ёсць і кропля «ўсходняй» крыві, адказвае, што адчувае сябе славянкай у шырокім сэнсе, «па вертыкалі», духоўна. Таму і працуе Ірына быццам на два дамы — у Мінску і Маскве. Напрыклад, стужка «Салавей», створаная па татарскай казцы, — цэльная, пяшчотная, адна з самых любімых аўтарам, — знята на знакамітай маскоўскай студыі «Пілот».

У праекце Ігара Волчака «Аповесць мінулых гадоў», дзе прымалі ўдзел амаль усе вядомыя аніматары Беларусі, Кадзюкова абрала для сябе сюжэт пра Гомель. Там яна правяла дзяцінства, там ёсць вуліца Акадэміка Паўла Рагавога — яе дзеда. Для Ірыны славуты палац Румянцавых-Паскевічаў не толькі помнік культуры, але і родны куток. У наступных фільмах яна хоча распавесці пра Заслаўе, Нясвіж, Ветку. Але пакуль што гэты важны культуралагічны праект знаходзіцца ў «замарожаным» стане.

Сімвалічная мова стужак Кадзюковай вымагае адмысловых спосабаў перадачы іх зместавай глыбіні. Такім нязменным сродкам з’яўляецца тэхніка перакладкі. Кадзюкова застаецца прыхільніцай ручной працы пад камерай і верыць у яе невычэрпныя выразныя магчымасці. Сапраўды, ручная тэхніка па-свойму экспрэсіўная, раскрывае багацце фонаў, фактуры. Плоская марыянетка — папяровая ці кардонная — мае своеасаблівую ўмоўнасць, якая вядзе да пэўнай абмежаванасці і стылізаванасці рухаў, плоскаснай перадачы аб’ёму, павышанай сэнсава-сімвалічнай ролі дэталі. Персанажы існуюць на цэлулоідзе, як у маляваным кіно, але складаюцца з асобных частак. Мультыплікатар «ажыўляе» іх, перасоўвае пакадрава прама пад камерай на размешчаным ярусамі шкле. У цяперашнi час такi вiд тэхнiкi выкарыстоўваецца даволі рэдка, хоць менавiта ў ёй былi рэалiзаваны лепшыя праекты аўтарскага анімацыйнага кiно, напрыклад, славутыя фiльмы «Вожык у тумане» і «Казка казак» Юрыя Нарштэйна. Папулярная сёння камп’ютэрная тэхніка насамрэч мае шмат станоўчых бакоў: камп’ютэр дапрацоўвае выяву, надае рухам персанажаў асаблівую чысціню і дакладнасць. Але абмежаванасць ягоная таксама відавочная. У камп’ютэры, па выразе Ірыны, «адсутнічае гравітацыя». Ці, як гаворыць той жа Нарштэйн, «мікробы тут не жывуць, гэта дыстыляваная вада».

Менавіта ручная праца найбольш адпавядае працэсу стварэння аўтарскага кіно. Наогул праца рэжысёра ў анімацыі — гэта працэс стварэння сусвету. Сапраўды, у ігравым ці дакументальным кіно зямля ці неба існуюць ад пачатку. Аніматар жа стварае іх зноўку. Тут вернымі паплечнікамі рэжысёра паўстаюць мастакі Дзмітрый Сурыновіч і Таццяна Кубліцкая, якія робяць гэтую ілюзорную, вытанчаную рэчаіснасць, якая нясе на сабе ўплыў графікі і жывапісу. Сярод аператараў, што з бясконцым цярпеннем здымаюць малюнкі, фігуркі і рэчы, — Галіна Гірава і Аляксандр Бецеў.

Што тычыцца прызоў, то, па словах рэжысёра, хвалююць толькі першыя два-тры. Дзіўна, што ў лепшых і самых любімых фільмаў Кадзюковай прызавы лёс не склаўся. Так было з «Лэдзі Гадзівай» і «Дзяўчынкай з запалкамі». Сумны парадокс і ў тым, што, як з горыччу канстатуюць многія нашы творцы, яны «вядомыя ў свеце, але невядомыя ў Беларусі». На жаль, у культурнай прасторы краіны не існуе такой цэласнай з’явы, як айчынная анімацыя: фільмы амаль ніхто не бачыць, яны мільгаюць толькі на замежных фестывальных экранах. Менавіта ў кантэксце «чужых» фестываляў адчуваецца своеасаблівасць беларускай анімацыі. Адметнасць яе Ірына Кадзюкова бачыць у тым, што «мы варымся ў сваім соку»: мала знешніх уплываў.

Аўтарская думка ў беларускай анімацыі набірае моц і натхненне. Але не стварэнне нейкай запаведнай, незразумелай для масавага гледача тэрыторыі з’яўляецца мэтай Кадзюковай як мастака, а пошукі цёплых, чалавечых твараў і постацей для сімвалічных вобразаў, духоўных ідэалаў. У сваіх фільмах рэжысёр арганічна спалучае высокія мастацкія формы і высакародныя асветніцкія мэты. Марыць пра зборнік фільмаў пад назвай «Казкі пра каханне» і шчыра гаворыць: «Людзей зараз трэба радаваць».

Антаніна Карпілава