Цёплы і халодны. Чырвоны і сіні

№ 10 (319) 01.10.2009 - 31.10.2009 г

Вялізны чырвоны месяц на пранізліва-сінім фоне — гэтая карціна Васіля Касцючэнкі адразу кінулася мне ў вочы ў яго майстэрні. Вечарэла, і ў пакоі панаваў паўзмрок. Здавалася, колеры палатна павінны былі б прыглушана змоўкнуць. Аднак адбылося нечаканае: чырвоны, такі святочны і магутны пры дзённым асвятленні, саступіў месца сіняму, што раптоўна выявіў дзівосную глыбіню. Так можа чараваць толькі сапраўдны жывапісец, які адчувае жывую магію колеравых спалучэнняў.

І адразу белыя сцены майстэрні, якія гаспадар прынцыпова не завешвае ўласнымі творамі, падаліся тымі чыстымі палотнамі, што толькі чакаюць дотыку рукі майстра. Не перашкаджаць ужо гатовымі творамі нараджэнню новых — вось прынцып, якога прытрымліваецца мастак.

Што ж было тым першапачатковым штуршком, які прывёў да з’яўлення новай пластычнай мовы Васіля Касцючэнкі? Эмацыянальная афарбоўка для ўжо знойдзенай формы ці менавіта вобразнае развіццё тэмы? Або стыхія прыродных спалучэнняў? Ці структура палатна — шматмерная, шматпадзейная, шматфарбавая, дынамічная? Прычыны невядомыя, але бачны вынік: аслабленне прадметнага пачатку, зніжэнне ролі сюжэтных сувязей. У карцінах Касцючэнкі ёсць пазнавальныя дэталі, але рэаліі тут — відавочна другарадныя. Галоўнае — жыццё самога жывапісу.

 /i/content/pi/mast/24/412/19.jpg

Вячэрні сум. Алей. 2006.

А ўсё пачалося з горада на Дзвіне. Праўда, студэнцкія работы на знакамітым мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута, які скончыў Касцючэнка, у 1970-я гады былі вельмі далёкія ад прынцыпаў фармальнай кампазіцыі. Не эксперымент быў пакладзены ў аснову навучання, а рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці. Таму не выклікае здзіўлення, што дыпломная работа Васіля — манументальнае шматфігурнае палатно два на два з паловай метры — была прысвечана заснаванню Віцебска княгіняй Вольгай. З паўгода хлопец маляваў сваіх сакурснікаў, іх паставы, твары. Над ложкам у інтэрнацкім пакоі віселі яго надзіва характарныя і выразныя малюнкі. Пасля ён перавёў іх праз капіравальную паперу на палатно. Малады мастак вельмі гарманічна і натуральна здолеў спалучыць у адной рабоце розныя жанры: пейзажа, тэматычнай кампазіцыі, партрэта. Карціна прынесла дыпломніку не толькі добрую адзнаку, але і была ўхвалена старшынёй камісіі Пятром Крохалевым. З яго лёгкай рукі Васіль Касцючэнка пераехаў у Мінск, прадоўжыць вучобу ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Праўда, задума не ажыццявілася. Давялося зарабляць на жыццё мастаком-афарміцелем у адным са сталічных паркаў адпачынку, а паралельна — весці дзіцячую студыю. Усё, здаецца, складвалася не так ужо і кепска. Заказныя жывапісныя работы на мастацка-вытворчым камбінаце прыносілі неблагі прыбытак. І, магчыма, не мела б сёння наша мастацтва такога тонкага каларыста, які віртуозна адчувае пластыку алейнага жывапісу, калі б не адзін выпадак. Закуток дзіцячай студыі быў адведзены для ўласнай майстэрні выкладчыка і аддзяляўся ад астатняй часткі шырмай. Пасля заняткаў навучэнцы звыкла кідалі свае творы на падлогу і сыходзілі. Аднойчы дзіцячыя малюнкі — рознакаляровыя, наіўна-шчырыя і такія «сапраўдныя» — засяродзілі ўвагу Касцючэнкі. Праз хвіліну ён адкрыў шырму, за якой стаяла заказная камбінатаўская работа з тыповым па тых часах сюжэтам: святочная плошча, моладзь з кветкамі і шарыкамі ў руках. І здалося Васілю гэтае палатно цёмным, надуманым, паказным... Як маланкай працяла: не тое! Мастак свае тагачасныя работы... спаліў. Вызваліўся такім чынам з іх палону. І пачаў творчасць наноў — са шклянкі і яблыка. З простых прадметаў.

Не ўсё адразу пайшло лёгка і гладка. Давялося шмат эксперыментаваць, крытычна параўноўваючы ўласныя напрацоўкі з выяўленчай «мовай» калег, разважаючы над інавацыямі, якія адбываліся ў савецкім і еўрапейскім выяўленчым мастацтве ХХ стагоддзя. Што характэрна, Касцючэнка цураўся ўсялякіх абстракцый нават у час суцэльнага захаплення аднагодкамі супрэматызмам Казіміра Малевіча, беспрадметным жывапісам Васіля Кандзінскага. У пластыцы заставаўся традыцыяналістам. Просты, рэчыўны свет ён аздабляў сімваламі, метафарамі і асацыяцыямі. У жывапісе імкнуўся рабіць толькі тое, што адчуваў інтуітыўна, да чаго цягнула стыхійна і падсвядома. Займаўся не наватарствам, а — творчасцю.

Гульня з колерам, пошук свежых, арыгінальных кампазіцыйна-пластычных структур для Васіля Касцючэнкі — натуральныя. Прычым у аснове сюжэтаў заўжды знаходзяцца канкрэтныя аб’екты — дакладныя і пазнавальныя сваімі абрысамі і формамі. Ёсць садавіна, гародніна, зеляніна, кераміка, абрусы — класічныя атрыбуты свету рэчаў. Захапляюць мастака і жаночыя постаці, у якіх няма партрэтнасці, прымітыўнай прамалінейнай трактоўкі чалавека. Такія работы, хутчэй, нагадваюць успаміны, разважанні, сімвалы, дзе валадарыць пластычная дынаміка, што можа захапіць гледача лірычным, нават інтымным, пачуццём. Усе карціны Касцючэнкі поўныя складаных асацыяцый, якія не прачытваюцца адназначна.

Мастак выкарыстоўвае кантрастныя жывапісныя акорды, змякчае нюансамі паўтонаў і вытанчаных фарбавых пераходаў, ад «поля» да «поля» палатна. Менавіта гэта з’яўляецца першаснай стыхіяй яго творчасці, незалежнай ад таго, якую тэму ён абірае: нацюрморт з фруктаў на белым абрусе, вытанчаную жаночую галоўку або сюррэалістычны загадкавы краявід. Яго палотны — цёплыя, амаль пяшчотныя па колеры, а рэчыўны свет і постаці людзей успрымаюцца чыстай мелодыяй у адпаведнай танальнасці.

Зрэшты, і сам працэс работы над палатном — ад першапачатковай ідэі да апошняга мазка — мае няпросты характар. Мастак можа адразу працаваць пэндзлем, імкліва пакрываючы ўсю паверхню фарбай, і таму многія яго работы здаюцца выкананымі імправізацыйна. Хаця на самай справе яго творы пачынаюцца з эскізаў і накідаў, як у большасці мастакоў, з графічных, акварэльных выяў, якія маюць не меншую эстэтычную каштоўнасць, чым алейныя палотны. А бывае, ідэі прыходзяць да Касцючэнкі спантанна, ужо ў час работы. Здараюцца і няўдачы: калі першапачатковае імкненне так і не знаходзіць адпаведнай рэалізацыі, калі на пярэдні план выходзіць рацыянальнасць задумы. Надуманасць, калажнасць не маюць дачынення да творчасці Васіля Касцючэнкі. Эмацыянальнае напружанне мастак ніколі не шукае ў разгорнутай апавядальнасці сюжэта. Яно — у моцы форм і фарбаў, у тым пачуццёвым геданізме, які прачытваецца ў многіх яго сюжэтах.

Можна адзначыць шчаслівае супадзенне тэмы і метаду. Касцючэнка выкарыстоўвае розныя жывапісныя тэхнікі: шчыльны, густы фарбавы слой, створаны кантрастамі рэзкіх і дакладных спалучэнняў, графічную сілуэтную заліўку, акцэнтаваны мазок, у апошні час — лесіроўку. Ён працуе на палотнах рознага фармату, любіць буйныя формы з далучэннем дробных фігур, узятых панарамна з высокай кропкі погляду. У палотнах сярэдніх памераў мастак максімальна ўзбуйняе выяву і, гледзячы на яе ва ўпор, рэзка кадрыруе. Ёсць рысы, якія аб’ядноўваюць гэтыя вопыты: пластычная думка, жывапіснае адчуванне, уменне пабудаваць кампазіцыю карціны так, каб вылучыць галоўнае і пазбавіцца ад другаснага.

Васіль Касцючэнка — посттрадыцыяналіст. Яго творчасць — «адкрытая сістэма», якой уласціва перавага ўяўлення над логікай, стварэнне ўласнай рэальнасці, часта зашыфраванай у алюзіях і падтэкстах. Традыцыі мастак пераасэнсоўвае з пункту гледжання дня сённяшняга, спрабуючы як мага глыбей зразумець, успрыняць, прааналізаваць і ацаніць усё, што яго абкружае. Яго творчы метад не трывае ні канону, ні шаблонаў, патрабуючы вынаходлівасці, урэшце, імкнення рухацца наперад у пошуках новай структуры карціны, у якой усе кампаненты знаходзяцца ў дынамічнай узаемасувязі.

/i/content/pi/mast/24/412/20.jpg
Двое. Алей. 2006.
Ёсць месца, дзе кожны зацікаўлены глядач можа сёння ў любы момант паглыбіцца ў вобразны сімвалізм Васіля Касцючэнкі. У кальцавых калідорах новай Нацыянальнай бібліятэкі знаходзіцца вялікі жывапісны твор мастака «Зімовыя святы». Праз канкрэтны сюжэт, увасоблены з дапамогай сучаснай пластыкі, якая выдатна адпавядае хай-тэкаўскім інтэр’ерам бібліятэкі, мастак здолеў узняцца да філасофскіх абагульненняў, да глыбокага пранікнення ў сутнасць духоўных пошукаў сучаснага чалавека. Ён паспрабаваў перадаць адчуванне чароўнага святла на фоне пранізлівага белага колеру, які сам па сабе сімвалізаваў для яго Белую Русь. Унізе ідзе залатая паласа — сімвал дарогі, алегорыя развіцця і трыумфу нашай Бацькаўшчыны. У цэнтры экспазіцыі згрупаваны людзі, якія сустрэліся, каб у цесным чалавечым адзінстве акунуцца ў аўру зімовых святаў. Тут шырока выкарыстаны розныя народныя атрыбуты: ручнікі, паднос, калядныя зоркі, іншыя арнаментальныя і матэрыяльныя рэчы. Зверху кампазіцыю замыкаюць акенцы, за кожным з іх — свой свет, сваё жыццё: мастак хацеў перадаць сувязь старадаўніх вытокаў нацыянальнай культуры з высокай духоўнасцю сваіх сучаснікаў.

Васіль Касцючэнка з ахвотай робіць свой унёсак у рэалізацыю грамадскіх праектаў. Сярод іх — афармленне Нясвіжскай гарадской ратушы выявамі князёў Радзівілаў, напісанымі ў стылі класічных сармацкіх партрэтаў. Мастаку, які разам з іншымі выйграў конкурс Міністэрства культуры, давялося шмат папрацаваць над вобразным увасабленнем Мацея Радзівіла. Гэта быў вельмі адукаваны і адораны ў сферы культуры чалавек, які займаўся тэатрам, пісаў вершы, музыку, п’есы. Рэпрадукцыю невялікага жывапіснага партрэта Мацея Радзівіла, які захоўваецца ў Польшчы, удалося знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы. На жаль, гэта быў толькі твар Мацея Радзівіла, а вось сінюю стужку і ордэн давялося шукаць асобна. Увогуле, праца над праектам была складаная, патрабавалася даволі дакладная мастацкая рэканструкцыя, узмацненне колераў: партрэты размешчаны досыць высока, і дадатковая кантрастнасць дапамагае ўспрымаць іх больш выразна.

Выстаўляецца Васіль Касцючэнка шмат. Разам з іншымі беларускімі мастакамі быў запрошаны да ўдзелу ў знакамітым лонданскім аўкцыёне «Крысці». Дарэчы, для нашых творцаў гэта сталася першым прарывам на адны з самых буйных міжнародных мастацкіх таргоў. З творамі Касцючэнкі пазнаёміліся жыхары Швецыі і Літвы, эстонцы бачылі работы Касцючэнкі на выставе ў «Рускай галерэі», расіяне — на групавой экспазіцыі ў Цэнтральным доме мастака. Персанальная выстава майстра адбылася і ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Цяпер ужо і айчынныя аматары жывапісу парадаваліся сустрэчы з палотнамі майстра, напісанымі за апошнія гады. Васіль Касцючэнка не стамляецца працаваць. Сваёй творчай актыўнасцю ён пацвярджае выказванне знакамітага французскага мастака-сімваліста Анры Маціса: «Спазнаўшы сябе, мастак заўсёды выйграе».

Наталля Шаранговіч

 

МАСТАКОЎСКІ ДОСВЕД

Сустрэча. Белае на белым

«Многія мае карціны маюць назву “Сустрэча”. І невыпадкова. Бо сустрэча, гутарка, размова з сябрам, калегам, проста паважаным чалавекам для мяне — вельмі важная частка творчага працэсу. Такую сустрэчу трэба заслужыць. Мастак гадзінамі можа засяроджвацца на адным творы, сядзець за зачыненымі дзвярыма майстэрні, але пасля гэтага ўзнікае непераадольная патрэба паразмаўляць з аднадумцамі. Тут няма майго ўласнага вынаходніцтва. Згадаю палотны класікаў — іх работы таксама часта мелі назвы “Дыялог”, “Тайная вячэра”. Стол — гэта магутны філасофскі сімвал. На пачатку тысячагоддзя я напісаў серыю “Чысты стол”: белы фон, белы абрус на стале, на якім няма ніякіх прадметаў. Гэта сімвал ачышчэння, што неабходна кожнаму з нас, каб пайсці далей».

Чырвонае з сінім

«Я не аматар плесці на палатне «карункі»: мноства рэчаў, сабраных у межах адной плоскасці, мяне не натхняюць. Неабходна, каб былі яснасць, выразнасць і зразумеласць. У гэтым — сапраўдная глыбіня. Але дасягнуць яе трэба проста і лёгка, што патрабуе немалых высілкаў. Нават калі бярэш суадносіны ўсяго двух колераў, не заўжды ўдаецца адразу патрапіць у іх спалучэнні так, каб не трэба было нічога дамалёўваць. Ёсць, безумоўна, іншая эстэтыка, калі творца поўнасцю запаўняе прастору карціны. Для мяне ж работа завершана, калі яна адпавядае задуме і дасканала, па-майстэрску, вырашана, калі ў творы ёсць энергетыка мазка і гульня колераў. Аднак «спланаваць» вынік мне ніколі не ўдаецца — усё адбываецца праз інтуіцыю. Не прадумваю перад тым, як узяцца за пэндзаль, ці можна спалучыць чырвонае з сінім. Адказ шукаю на ўзроўні падсвядомасці. Адбываецца гэта так: цэлы дзень пішу, быццам, усім задаволены, усё атрымалася. Але тут пачынае змяркацца, і ты бачыш: фарбы на палатне таксама згасаюць. Спачатку здавалася: стварыў шэдэўр! А тут разумееш: твор не кранае. І зноў штосьці перарабляеш. А раніцой з палёгкай усведамляеш: усё здзейснілася».

Філасофія колеравых кантрастаў

«Для мяне вельмі важна, каб палотны аднолькава выразна выглядалі ў розных сітуацыях. Яшчэ ў маладосці сутыкнуўся з такой праблемай: працуеш у маленькай майстэрні, а пасля прыносіш твор у выставачную залу — і хапаешся за галаву. Як так? Калі маляваў, колер быў актыўным. А тут — не. Асабліва відавочна гэта тычылася памяшкання Палаца мастацтва. І пачынаеш думаць: чаму колер успрымаецца па-рознаму? У майстэрні — так, на вуліцы — гэтак, а дома ўвогуле зусім па-іншаму. Заўважыў цікавую акалічнасць: карціны старых майстроў,, якія ўпрыгожвалі інтэр’еры цэркваў, глядзеліся аднолькава выразна і пры дзённым асвятленні, і ў цемры. І нават пры запаленых свечках палотны проста змяняліся, але, тым не менш, засяроджвалі на сабе ўвагу. Калі я стаў аналізаваць гэты феномен, заўважыў: уся справа — у правільных адносінах да цёплых і халодных фарбаў. Цёплы колер вечарам цямнее, згасае. І тады пачынае працаваць халодны. А работа пры гэтым не страчвае выразнасці, яна застаецца жывапіснай, пластычнай. Такі эфект ніколі не перадасі на фотаздымку. Нават калі разглядваеш палатно ў люстэрку, разумееш: не тое. Аднойчы мне адзін калекцыянер сказаў: маўляў, не прывозь мне свае каталогі, хачу твае карціны бачыць «жыўцом», каб зразумець сутнасць твора, а не проста банальную перадачу сюжэтнай лініі. Вось так, па-мойму, і варта ўспрымаць жывапіс».

Рытміка паўтораў

«Рытм — з’ява ўнікальная. Я часта выкарыстоўваю прыём паўтораў адной і той жа выявы, што дадае маім работам адчуванне плаўнай, цякучай рытмікі. Мне падаецца, гэта зачароўвае, заварожвае погляд гледача, перадае хараство музыкі і паэзіі, спалучаных з жывапісам. Зрэшты, невыпадкова крытыкі часта абапіраюцца на рытміку пры аналізе мастацкіх твораў, што сведчыць: на нас уплывае паэтычны лад. Для мяне рытміка паўтораных фігур падобная на раптоўна перарваны сон, на гульню свядомасці і падсвядомасці».