Contemporary art: каментарыі і прагнозы

№ 9 (318) 01.09.2009 - 01.01.2005 г

Міжнародны фестываль «Дах-IX», які доўжыўся чатыры тыдні на пляцоўцы мінскага Палаца мастацтва, аб’яднаў работы творцаў з адзінаццаці краін свету. Афіцыйныя арганізатары мерапрыемства — Беларускі саюз мастакоў і берлінскі арт-цэнтр «Тахелес». Аўтары ідэі і канцэпцыі — мастакі Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч.

Стабільнасць і прадказальнасць — якасці абсалютна не ўласцівыя большасці ўдзельнікаў гэтай арт-падзеі, якая прадстаўляе сучаснае, актуальнае мастацтва. «Дах-ІХ» абяднаў літаратурныя і тэатральныя дзеі, канцэрты альтэрнатыўнай музыкі, фестываль перформансаў «Навінкі», прэс-канферэнцыі і «круглыя сталы». Усё гэта арганічна дапоўніла буйныя палотны ў залах, інсталяцыі, якія зявіліся на сценах, столі, падлозе, графіці ў дворыку Палаца. Асновай фестывалю стаў праект «Ахвяры мастацтва». Берлінскі арт-цэнтр «Тахелес» прывёз работы еўрапейскіх майстроў, прэзентавала сваю экспазіцыю і некамерцыйная аўтарская галерэя «Брама».
Госцем мерапрыемства стаў мастак Уладзімір Аляксандраў — адзін з заснавальнікаў маскоўскага акцыянізму.

Нічога падобнага па маштабе прэзентацыі актуальнага мастацтва ў Беларусі
дагэтуль не адбывалася. Выстава прадэманстравала, наколькі адносным і адначасова ўніверсальным можа быць мэсідж мастацтва, зварот творцы да свету. Пры гэтым канцэпцыя і ідэя фестывалю выклікалі ажыўленую палеміку. Часавыя рамкі існавання «сучаснага мастацтва», тэндэнцыі і праблематыка беларускіх арт-праектаў і арт-практык, вяртанне да нонканфармізму, яго змяненне пад уплывам постмадэрнізму — усё гэта нагода для асэнсавання найноўшых творчых працэсаў. Крок у гэтым кірунку і паспрабавалі зрабіць на падставе фестывалю «Дах» крытыкі і мастацтвазнаўцы.

 

/i/content/pi/mast/23/401/3.jpg

Зміцер Юркевіч, Алесь Родзін, Генадзь Лойка. Без назвы. Інсталяцыя.

Сэнсавы код

 

У Беларусі сёння склалася няпростая, нават парадаксальная сітуацыя: ёсць нямала цікавых, перспектыўных па сваіх творчых магчымасцях майстроў, але няма сучаснага мастацтва як культурнага феномена.

Патлумачу сваю, магчыма, залішне катэгарычную сентэнцыю. Сярэднестатыстычны беларускі глядач ідэнтыфікуе з сучасным мастацтвам паток арт-прадукцыі, якая запаўняе яго існаванне. Ён не разумее, што актуальнасць твора мае цалкам канкрэтныя спецыфічныя параметры: ідэйна-філасофскія, стылёвыя, вобразна-мастацкія ды іншыя.

Можна жыць у пачатку ХХІ стагоддзя, але паводле свайго творчага мыслення заставацца майстрам ХІХ ст. У гэтым няма нічога дрэннага — паўнавартаснае развіццё мастацкага працэсу гаворыць пра яго разнастайнасць, інакш кажучы, пра ўзаемаперапляценне і ўзаемаадштурхоўванне класічных традыцый і наватарскіх тэндэнцый. Так было і так будзе заўжды.

 

Скіруем свой погляд у нядаўняе мінулае: радыкальны авангард заклікаў да знішчэння ўсёй класічнай культуры. Гэтага не адбылося, дый не магло адбыцца. А сёння спадчына мадэрністаў ХХ стагоддзя ўспрымаецца ўжо як класіка сусветнай мастацкай культуры. Творцы эпохі постмадэрнізму, калі можна так сказаць, міралюбіва паціскаюць плячыма: навошта адмаўляцца ад гэтага багатага культурнага пласта, яго варта выкарыстоўваць у фарміраванні новай філасофіі творчасці, у пошуках канцэпцый, але інтэрпрэтаваць з некласічных пазіцый.

Беларуская крытыка дасюль не зрабіла неабходнага інтэлектуальнага асэнсавання тэндэнцый апошняга дзесяцігоддзя, якія адносяцца да contemporary art. Дарэчы, у заходнім (англамоўным) мастацтвазнаўстве, дзе тэрміналогія распрацавана лепш, чым у нас, існуюць два тэрміны: «modern art» і «contemporary art». Даслоўны пераклад у абодвух выпадках аднолькавы — «сучаснае мастацтва», але сэнсавы змест розны. «Modern art» абазначае накірункі мадэрнізму мінулага стагоддзя, а «contemporary art» — даволі радыкальныя тэндэнцыі ў распрацоўцы новых тэхнік, форм, канцэпцый і стратэгій, якія з’явіліся ў другой палове 1970-х гадоў і сталі альтэрнатывай мадэрнізму. Мы часта ў якасці аналага гэтага тэрміна выкарыстоўваем тэрмін «актуальнае мастацтва», які ў многім падобны, але не тоесны па сэнсе тэрміну «contemporary art».

Грамадства не ведае, як успрымаць гэтую з’яву, які сэнсавы код да яе падабраць. У такой сітуацыі лёгка маніпуляваць свядомасцю чалавека, у якой адбываецца падмена паняццяў: нішу сучаснага займаюць квазірэалістычнае мастацтва, салонны дэкаратыўны «мадэрн» і нават вулічны кіч.

Мастацкая эліта Беларусі, на мой погляд, не спяшаецца змяняць сітуацыю, бо лічыць, што яна агульнасусветная і таму рабіць місіянерскія захады ў нашых спецыфічных абставінах увогуле бессэнсоўна. Персанажы нашай культурнай сцэны, якія пазіцыяніруюць сваю дзейнасць як актуальную, упэўнены, што іх мастацтва паспяхова можа існаваць «па-партызанску», або фармальна. І дастаткова. Яно нібыта ёсць.

Сучаснае мастацтва на самай справе — шматузроўневая сістэма, якая мае сваю візуальную мову, кантэкст, інфраструктуру (музеі і галерэі, прэсу, інстытут менеджэраў, крытыкаў, экспертаў). Такім чынам фарміруюцца глядач і рынак спажывання створанага эстэтычнага прадукту. Прычым рынак — гэта не толькі адэкватны ўзроўню твора грашовы эквівалент, а ў першую чаргу — магчымасць заваяваць міжнароднае прызнанне, атрымаць вядомасць. На жаль, у Беларусі такая сістэма не склалася. У нашых бліжэйшых суседзяў — Расіі і Украіны — за мінулае дзесяцігоддзе сфарміравалася мастацкае асяроддзе, адэкватнае рэаліям і запатрабаванням сучаснасці. Беларусь жа ў многім так і заставалася на пазіцыях савецкіх часоў. Дзяржаўныя структуры дыстанцыраваліся ад прыватных ініцыятыў. Афіцыйная выставачная дзейнасць у краіне і за мяжой ажыццяўлялася па састарэлых клішэ і прынцыпах дваццацігадовай даўніны, што ніяк не суадносіцца з рэчаіснасцю.

І ўсё ж у гэтай няпростай сітуацыі, нават ва ўмовах эканамічнага крызісу, пачалося ажыўленне выставачнай дзейнасці ў прасторы актуальнай творчасці. Знакавымі мне падаюцца арт-праекты гэтага года — «Беларускі павільён на 53-й Венецыянскай біенале» і «Дах-ІХ». Нягледзячы на пэўную спрэчнасць і супярэчлівасць канцэпцый, яны прапанавалі гледачу новы погляд не толькі на сучаснае айчыннае мастацтва, але на формы, задачы і мэты яго функцыянавання ў соцыуме.

Яшчэ адзін істотны момант. Цікавасць гледачоў да падзеяў у нашым культурным жыцці велізарная. Калі бачу на выставе жывыя вочы наведвальнікаў, іх непасрэдныя, эмацыянальныя рэакцыі на тое, што адбываецца вакол, я міжволі згадваю напаўпустыя залы пецярбургскага Мармуровага палаца, які з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага рускага музея і ў якім прадстаўлена выдатная калекцыя сучаснага рускага, заходнееўрапейскага і амерыканскага мастацтва. Гэта дае падставы меркаваць, што ў беларускага актуальнага мастацтва ёсць будучае і мы не застанемся на задворках культурнай Еўропы.

Вольга Каваленка

Абвінавачваецца мастацтва

Трагедыя належыць да высокіх жанраў мастацтва.
Так, прынамсі, некалі вырашыла само чалавецтва. Значна пазней яно (трэба чытаць: мы) зразумела,
што «свет выжыў, бо смяяўся», што «блазнаў слухаюць каралі», але спачатку сатыру і гумар аднеслі да нізавой культуры. Затое праз трагедыю адшліфоўваліся філасофскія, этычныя і эстэтычныя прынцыпы і нормы культуры і жыцця. Таму калі асноўны праект фестывалю «Дах-ІХ» мае назву «Ахвяры мастацтва», яна адразу,
як камертон, настройвае вас на высокі лад і супярэчных думак не выклікае — раз ёсць мастацтва, то, верагодна, мусяць быць і яго ахвяры...

/i/content/pi/mast/23/401/4.jpg
 
На міжнародны фестываль нетрадыцыйнага мастацтва «Дах-ІХ» запрашалі вялізныя афішы. Іх трэба адзначыць — выразныя, заўважныя, густоўныя, з тонкім адчуваннем стылю і лёгкім прысмакам іроніі, яны былі якраз тым, што трэба для вуліцы. Афішам хацелася верыць. І, як аказалася, не дарэмна. Зараз, праз адлегласць часу, можна сцвярджаць, што фестываль — як дзея — атрымаўся. З шэрагу сённяшніх масавых арт-праектаў, беларускіх біенале і фестываляў «Дах-ІХ» вылучаецца па насычанасці і мастацкай канцэнтраванасці, па глядацкай цікаўнасці, па адчуванні сапраўднага, жывога жыцця. Зразумела, што ўсё гэта запатрабавала вялізных высілкаў, і тут перад арганізатарамі «Даху-ІХ» можна з пашанай і падзякай зняць капялюш.

Аднак да арганізатараў ёсць і пытанні. Тэрмін «нетрадыцыйнае мастацтва» не толькі недакладны, ён яшчэ і памылковы, бо ад выставы фестывальнага праекта «Дах-ІХ» — а гэта і ёсць тое самае галоўнае, вакол чаго разгортваюцца іншыя падзеі, — насамрэч так і патыхае традыцыяй. Так, чароўна-прыгожы твор Наталлі Рачкоўскай размаўляе з намі мовай авангарда, рускага і еўрапейскага. Ён пашырае, змяняе іх межы, таму можна гаварыць аб працягу і развіцці традыцыі гістарычнага авангарда. А, напрыклад, «Жалюзі» Аляксандра Канавалава прымушаюць нагадаць, што геаметрычная мова належыць вытокам мастацкай культуры, яна — агульная, таму і яднае чалавецтва.

Натуральна, што падрыхтаваць гэткі фестываль і там-сям не памыліцца проста немагчыма, але ж гаворка зараз ідзе пра рэчы асноватворныя. І такіх хібаў быць не павінна.

Не менш пытанняў выклікае і ўласная назва праекта — «Ахвяры мастацтва». Творы, размешчаныя на першым паверсе Палаца мастацтва, маглі б экспанавацца і без гэтай назвы ці пад якой іншай — нічога б не змянілася. Шчырыя намаганні арганізатараў праекта аб’яднаць прастору ў адно цэлае не ўратавалі экспазіцыю і яна відавочна распалася на дзве розныя часткі. Розныя па задуме, па цікавасці — і гэта вельмі дрэнна. Літаральна ўся ўвага арганізатараў была аддадзена другому паверху Палаца. Цудоўны інтэрактыўны праект з размаляваным трусянём на першым паверсе мала што ў гэтым сэнсе змяніў.

Затое другі паверх уражваў вялізнымі, моцнымі плямамі чорнага колеру і насычанай пластыкай прасторай. Напрацаваныя мастацтвам вобразы болю, самоты, страты, змроку, суму. Тут табе і чорны чалавек, і брама жаху, і няўдалыя ўцёкі, і ладдзя роспачы, і вартавыя лагерныя вежы. Тут кінутыя чалавекам рэчы непатрэбныя, але прывабныя і хараством адыходзячага, і схаванай у іх і ўжо згубленай думкай. Як вяршыня рэчавых стратаў — інсталяцыя: «Сапсаваны вечны рухавік»... Важным момантам гэтай часткі экспазіцыі сталі тэксты, напісаныя Родзіным. Гледачу дазволілі пазнаёміцца з самай патаемнай, няўлоўнай часткай творчага працэсу, з тым, што звычайна схавана ад чужога вока, што не фіксуецца аніякімі нарматыўнымі дакументамі. Уражанні, самааналіз, вобразныя асацыяцыі, эмацыянальныя выбухі, сумненні, памылкі, пошукі, спробы...

Гэта не экспазіцыя, а вялізная, агромністая інсталяцыя, аўтары якой, мастакі Алесь Родзін і Мітрыч (Зміцер Юркевіч), дзеля цэльнасці ўражання зрабілі літаральна ўсё. Інсталяцыя выглядае сапраўдным гімнам «Тахелесу», дзе некалькі гадоў працуе Алесь Родзін і дзе звычайна ён рэалізуе праект «Дах». Але асноўная думка інсталяцыі была тая, што мастак — асоба самотная і трагічная. Таму ахвярамі творчасці з’яўляюцца якраз самі творцы. Прычым — усе. Вось яны — выявы, выявы і зноўку выявы творчых асоб.

Прабачце...

Максім Багдановіч памёр ад сухотаў, з мастацтвам ён праблем не меў, а цалкам наадварот. Ён быў адораны шчодра і прыгожа, і гэтак жа працаваў. Ахвярай мастацтва ён сябе дакладна не адчуваў, бо памёр, па яго ўласным сведчанні, «не самотным», а з кніжкай «з друкарні пана Марціна Кухты».

Якуб Колас пражыў доўгае творчае жыццё, адчуваў сябе поўнасцю рэалізаваным і на развітанне пакінуў нам светлыя словы: «Краса мая адкрасавала...» (гэта з апошняга верша).

Вольфганг Амадэй Моцарт загінуў ад атруты з рук Сальеры (праўда, гэта аспрэчваецца), а пісаў геніяльную музыку так лёгка, што зайздрасць ператварыла яго калегу ў злачынцу.

Вінцэнт Ван Гог стаў ахвярай не мастацтва, а ўласнай шызафрэніі. У мастацтве ён быў геніем абагульнення, дазволіў сабе думаць іначай і ўрэшце пераканаў гэтым чалавецтва.

Поль Гаген з’ехаў у Палінезію не ад мастацтва, а якраз наадварот — да яго. Ён збег ад нецікавай працы біржавога маклера, а таксама (даруй, Гаген!) і ад шматлікіх дзяцей з жонкай.

А Язэп Драздовіч толькі мастацтвам і ўратоўваўся. Пастаўлены лёсам у жорсткія ўмовы, ён здолеў прайсці самую неверагодную эвалюцыю — з прафесійнай творчасці ў народную. Звычайна бывае наадварот, а ў яго атрымалася, і мастацтва яму не здрадзіла.

Дзіўна, але арганізатары чамусьці абвінавацілі мастацтва і саму творчасць у тым, у чым трэба было вінаваціць час, атачэнне, дрэннае здароўе, лёс і збег абставін. Выснова з гэтага можа быць толькі адна — мастацтва трэба апраўдаць, а арганізатараў... апраўдаць таксама. Проста не хочацца дакараць тых, хто спрабуе зладзіць складаныя рэчы. Яны паставілі перад сабой вялізную, цяжкую, цікавую і вельмі пазітыўную задачу — дапамагчы ўдзельнікам і гасцям праекта адчуць сябе насельніцтвам адной цудоўнай прасторы. Прасторы, дзе акрамя нас саміх існуюць Бойс, Шагал, Малевіч, Рэмбрант, Хокні, Тарасевіч, Хэрст.... Праект мусіў увасобіць чароўнасць і таямніцу мастацтва, яго архэ, яго дух. А дух гэты насамрэч ёсць, бо мастацтва немагчыма прыдумаць, пралічыць, вынайсці.

Чаму не ўсё задуманае атрымалася?..

Акрамя тэарэтычнай недапрацаванасці, пашкодзіла справе тая ўпартасць, з якой арганізатары «рабілі трагедыю». Згадваю, як неяк на выставе Мая Данцыга адзін мастак разважаў, чаму ж тут няма адчування трагедыі. І сюжэты быццам бы адпаведныя мелі месца, пластыка, каларыт, аўтар таленавіты... Але ж нічога «гэткага» не адбывалася... Уся справа ў тым, што мастакі, якіх лічаць трагікамі, малявалі не трагедыю. Яны шукалі шчасця, якога не было, якога чамусьці не магло быць.

У мастацтве, як і ў жыцці, для трагедыі ёсць толькі адна падстава. Адбываецца сапраўднае, якое чамусьці ўсім замінае. Іосіф Бродскі ніколі не быў дысідэнтам, не гультайнічаў. У ім была неабсяжная шчодрасць паэтычнага існавання і настолькі іншая логіка, што гэта раздражняла атачэнне. І Бродскага выслалі. Беларускі мастак Ізраіль Басаў быў сціплым інтэлігентным чалавекам. Не рабіў кар’еры, не лез на першыя ролі, не павучаў. Ён проста шукаў ісціну, а яго мастацтва трагічна абмежавалі прасторай маленькай майстэрні. Ён зрабіў бы болей, мы б сталіся іншымі... Да гонару мастака Басава, калі дзверы нечакана расчыніліся і яго запрасілі на выставы, ён стрэліў туды як срэбная куля. Здолеў рэалізаваць тое, пра што мроіў доўгія гады.

Дык што ж, зрэшты, адбылося пад дзевятым «Дахам»?

Адбылася выстава, якая здзівіла колькасцю ўкладзенай у яе арганізацыйнай працы (і дрэнна, што гэта бачна!) і нечаканай сціпласцю вынікаў, наяўнасцю другасных, нецікавых ідэй. Гэта нельга было б лічыць праблемай фестывалю, калі б само беларускае мастацтва па-за сценамі Палаца не выглядала сёння лепей і цікавей. Самым важным адкрыццём мерапрыемства стаў мастак Алесь Родзін з яго амаль містычнай здольнасцю аб’ядноўваць у сваіх творах мінулае і будучыню, мастацкія і планетарныя праблемы, цытаты і касмічныя прадбачанні. Па сур’ёзнай выставе гэтага творцы даўно плача наш Нацыянальны мастацкі музей.

Ларыса Міхневіч

 

Пустазелле багемных міфаў

Эпіграфам да развагаў з нагоды канцэпцыі праекта Алеся Родзіна і Зміцера Юркевіча «Ахвяры мастацтва» магла быць формула трэцяга закону дыялектыкі («Адмаўленне адмаўлення») у выглядзе іранічнага выслоўя «Ты мяне нарадзіў, а я цябе заб’ю».
/i/content/pi/mast/23/401/5.jpg

Алесь Родзін. Глабалізацыя. Алей. 2007—2008.

Мастацтва — рэч небяспечная. Прыгожосць (у шырокім сэнсе) — тая сіла, якая можа і выратаваць, і загубіць свет. Гэта гледзячы як падысці, з якога боку. Першая ахвяра мастацтва — сам творца. Ужо хаця б з той прычыны, што шэдэўр, даючы яму пэўны шанец
на віртуальную бессмяротнасць, рэальнае жыццё скарачае абавязкова. Геніі, за рэдкім выключэннем, доўга не жывуць, бо талент не падарунак лёсу,
а наканаванне.

Тут дарэчы згадаць тэатральныя нататкі з цыкла Карэла Чапэка «Як гэта робіцца». Падрабязна распавядаючы, якіх высілкаў творчага калектыву вымагае стварэнне спектакля; як фізічна і душэўна пакутуе на сцэне выканаўца ролі, аўтар заўважае, што гэтыя пакуты дробязь у параўнанні з эмоцыямі, перажытымі акцёрам, якому ролі не дасталася.

Тую ж сітуацыю мы сустрэнем і ў іншых галінах мастацтва. Цяжка «на сцэне», а «па-за сцэнай» невыносна...

Я ведаю людзей творчых прафесій, якія ад намеру сваіх дзяцей доўжыць справу бацькоў у захапленне не прыходзілі, раілі нашчадкам пашукаць больш надзейнае жыццёвае апірышча. У часе нам гістарычна блізкім у так званых прыстойных сямействах сыход дачкі ў актрысы ці сына ў мастакі лічыўся ганьбаю. І рэч не толькі ў тым, што рэдка хто мае з творчасці надзейны кавалак хлеба. Галоўнае, што ва ўсе часы «эліта» грамадства глядзела на мастака, акцёра, кампазітара, пісьменніка як на абслугу.

Іспанскі кароль надаў вялікаму мастаку Дыега Веласкесу рыцарскую годнасць, зрабіў кавалерам ордэна Святога Яга (Георгія), да якога належала магнатэрыя Іспанскага каралеўства. Калі Веласкес памёр, ніводны з рыцараў не прыйшоў на ягонае пахаванне, хоць статут ордэна абавязваў іх браць удзел у такіх рытуалах. Ганарлівыя гранды не лічылі Веласкеса раўнёю сабе.

Ёсць, зразумела, і тут шчаслівыя выключэнні. Манарх, якому нейкі барон паскардзіўся, што Ганс Гальбейн вышпурнуў яго, барона, за дзверы майстэрні і прымусіў куляцца па лесвіцы, параіў пакрыўджанаму забыць гэты інцыдэнт і больш не лезці да мастака, калі той працуе. Каб не трапіць пад гарачую руку. І дадаў: «Я хоць зараз магу зрабіць з дзесяці мужыкоў дзесяць баронаў, але не зраблю з дзесяці баронаў аднаго Гальбейна».

Англійскі пісьменнік Самерсэт Моэм у аўтабіяграфічным творы «Падводзячы вынікі», прысвечаным не столькі асобе аўтара, колькі роздуму пра сутнасць мастацтва, прыйшоў да парадаксальнай высновы: у грамадстве валодаюць свабодай толькі дзве сацыяльныя групы — злачынцы і мастакі. Злачынец вольны, бо ігнаруе закон і агульнапрынятую мараль, а мастак — бо стварае ўласны ілюзорны свет, які для яго нават больш рэальны, чым свет наяўны. Але ж і мастак калі-нікалі мусіць пакідаць майстэрню і сутыкацца з сапраўдным жыццём. Сапраўднасць і мара — розныя рэчы. Кажуць, праўда, што «мара — не ўцёкі ад рэальнасці, а спроба набліжэння да яе», аднак летуценніку ад гэтага не лягчэй.

Вяртаючыся да слоў Самерсэта Моэма, дадам: свабода мастака ілюзорная, але ў недасведчанай публікі (а яе — большасць) яна выклікае зайздрасць. Крыўдна, калі ты штодня з раніцы за станком або ў полі, а мастак бавіць час у «багемным» стылі, працуе толькі калі натхненне напаткае. Ды яшчэ і грошы за гэта мае незлічоныя. Ганарары людзей творчых прафесій тэма асобная, а для тых, хто валодае інфармацыяй, — яшчэ і балючая. А вось як магчыма сумясціць «багемны лад жыцця» з творчай працай, зайздроснікі не задумваюцца. А варта было б. Самадысцыпліна (мо нават больш жорсткая, чым дысцыпліна на ваенным заводзе) — неадменная ўмова поспеху. Напрыклад, людзі, якія памятаюць Барыса Заборава па ягоным мінскім перыядзе, расказваюць наступнае. Ён быў асобаю кампанейскай, сяброў і прыяцеляў меў нямала. Але ж калі Барыс Абрамавіч быў заняты ў майстэрні, адарваць яго ад творчасці, выцягнуць на размову не мог ніхто. Калі ў такі час прыходзіў няпрошаны госць, Забораў адкрываў яму дзверы, знаёміў са змесцівам лядоўні і пакідаў у адзіноце; сам жа вяртаўся ў рабочую палову майстэрні і зачыняўся там на ключ. Гэтая бытавая замалёўка шмат што гаворыць пра чалавека. Для яго справа — паперадзе ўсяго. Дык нездарма сёння Забораў — наш гонар.

Аляксандр Кішчанка гаварыў пра сябе: «Я працую як катаржнік, як ламавы конь». І гэта праўда. Ён быў чалавекам фантастычнай працаздольнасці. І паважаў такіх жа ўпартых у творчасці, як і сам. У прыватнасці — Заіра Азгура. Пра яго Кішчанка казаў: «У ягонай майстэрні галоў (у сэнсе партрэтаў) — як у іншых пляшак».

Але гэта свайго кшталту наканаванасць: пакуль існуе мастацтва, вакол вялікіх імёнаў будзе буяць пустазелле багемных міфаў. І мастакі, чые імёны на слыху, будуць станавіцца ахвярамі паўзучай прафанацыі і звычайнай зайздрасці...

Калі мастацтва з тых ці іншых пазіцый трактуюць як рэч небяспечную, дык першая яго ахвяра — сам мастак. Прычым ахвяруе ён сабою свядома. Той, хто выбірае мастацтва як веру, як рэлігію, ведае, што дабрабыту хутчэй за ўсё не будзе, што могуць «з’есці» калегі-канкурэнты, можа абразіць публіка. Гісторыя французскага рэаліста ХІХ стагоддзя Гюстава Курбэ таксама, хоць і не наўпрост, адпавядае згаданаму кантэксту. Ягоная самаўпэўненасць пераходзіла ўсе магчымыя межы, а нястрыманасць на язык балюча раніла не толькі калег-жывапісцаў, але і крытыкаў, а яшчэ — чыноўнікаў, адказных за цішыню і спакой у сферы культуры. Часам Курбэ паводзіў сябе адкрыта па-хамску, шакіруючы парыжскі бамонд сваімі «вясковымі» (што вынікалі з небліскучага паходжання) замашкамі. Мог вылаяць міністра і нават падпусціць шпільку імператару. Гэта было жывое ўвасабленне правінцыі, якая здзекавалася са сталіцы. З мастацкага боку ўправы на яго не было. Адно слова: геній! Мастак найвышэйшай пробы! І ўсё ж яго пасадзілі ў турму — за удзел у справах Парыжскай камуны... І гэта пры тым, што Гюставу Курбэ, перакананаму індывідуалісту з анархісцкімі схільнасцямі, па вялікім рахунку было ўсё роўна: ці то камуна, ці то рэспубліка, ці то імперыя...

І ўсё ж хораша, што ёсць людзі, якім трэба нешта большае за дабрабыт і спакой. Людзі, здольныя да ахвярнасці. Сумна жыць, каб толькі есці і спаць.

Зрэшты, паўнавартаснае існаванне пачынаецца толькі тады, калі штосьці больш за жыццё любіш і чагосьці больш за смерць баішся. Для мастака «жыццё» і «творчасць» — сінонімы. А больш за смерць ён баіцца не паспець напісаць сваю галоўную кнігу ці карціну, сыграць сваю галоўную ролю. Мастак — ахвяра свайго мастацтва. Але часам гэтай ахвяры сапраўды варта пазайздросціць.

Віталь Богуш

 

à propos дэфініцыі

Алесь Родзін: З гісторыі «Даху»

/i/content/pi/mast/23/401/rodin.jpg
«Дах» — фестываль, задуманы для берлінскага кунстхаўза «Тахелес», які, сярод іншых, прытуліў у сваіх сценах мастакоў з Беларусі. У 1990-х там сустрэліся Алесь Тарановіч і Ігар Ермакоў, якія ў розны час былі дырэктарамі мінскага арт-цэнтра «6-я лінія» і разам апынуліся ў Берліне. У 2001 годзе яны вырашаюць зрабіць пад дахам «Тахелеса» маштабную выставу работ беларускіх мастакоў. Праект адбыўся, яго фінансаваў Берлінскі сенат. Сама ж выстава выклікала такі вялікі наплыў турыстаў і гледачоў, што ідэю вырашылі замацаваць і зрабіць штогадовым фестывалем мастацтва. Наступным разам выстава спалучыла беларускіх і нямецкіх творцаў. Сфарміравалася і канцэпцыя — фестываль прымае пад сваім дахам прадстаўнікоў розных краін, стылістык, творчых метадаў і накірункаў. У 2003 годзе, дзякуючы прыезду нямецкай фотамастачкі Б’янкі Флегель, «Дах» упершыню прэзентавалі ў Мінску. З цягам часу на фестывалі з’явіліся не толькі перформеры, але і музыканты, паэты. Галоўная ж мэта мерапрыемства — папулярызацыя андэграўнднага мастацтва, будаўніцтва кантэксту актуальнай айчыннай арт-прасторы, азнаямленне беларусаў з найноўшымі тэндэнцыямі мастацкага жыцця. Фестываль — гэта наш агульны дах, еўрапейскі.

Зміцер Юркевіч: Траянскі конь у кішэні грамадства

/i/content/pi/mast/23/401/urkevich.jpg
Праект «Ахвяры мастацтва» ўпершыню быў паказаны год назад у Берліне ў кунстхаўзе «Тахелес». У Мінску мы не проста павялічылі колькасць аб’ектаў, але паспрабавалі надаць выставе абагульняючы характар. Фраза «мастацтва патрабуе ахвяраў», як адрэзанае вуха Ван Гога (згадка пра якое прысутнічае і ў экспазіцыі), стала ўжо агульным месцам. Філасофія праекта намнога глыбей.

Мастацтва — нібы траянскі конь у кішэні грамадства. Няма ў яго ні межаў, ні памераў. Мастацтва — гэта такая звышсіла, якая закладзена ў кожным з нас. Да пэўнага часу яна дрэмле — і раптоўна знаходзіць выйсце, пачынае маніпуляваць чалавекам. І становіцца для яго безаблічнай крыважэрнай пачварай. Ахвярамі мастацтва ягоныя спажыўцы робяцца заўжды, калі адчуваюць, што не могуць без яго жыць. Менавіта гэтую ідэю мы імкнуліся паказаць у сваім праекце праз шматлікія аб’екты, уведзеныя ў кантэкст вобразы гістарычных і сучасных дзеячаў культуры. У экспазіцыі невыпадкова ўключаны карціны, калажы, фотаздымкі, скульптуры, відэаматэрыялы, дэкламацыя вершаў і прозы, перформансы, эксперыментальная музыка ад фальклору да хіп-хопа. Усё гэта — спроба адлюстраваць дух свабоднай творчасці, непадуладнай рынкавым адносінам і модным тэндэнцыям.

Халет Кенаві: «Шчырая размова» нямецкага андэграўнда

/i/content/pi/mast/23/401/kenavi.jpg
Арт-цэнтр «Тахелес» існуе ў Берліне ўжо васемнаццаць гадоў. З’яўленне яго ў пяціпавярховым будынку былога супермаркета на Араніенбургер-штрасэ звязана з падзеннем Берлінскай сцяны, у выніку якога горад стаў месцам нашэсця творчых людзей розных прафесій. Усе яны прыехалі сюды ў пошуках свабоды самавыяўлення. І — самавольна «захапілі» дом, які пуставаў у былым яўрэйскім квартале. Назвалі яго «Тахелес», што ў перакладзе з ідыш азначае «Шчырая размова». Арганізавалі творчую камуну. Аднак у дома знайшліся ўласнікі, якія ўвесь час імкнуліся адабраць у мастакоў гэты вялізны будынак у цэнтры горада. Сёння «Тахелес» набыў сусветную вядомасць, стаў уплывовай галерэйна-выставачнай структурай, але не пазбавіўся праблем: тэрмін дагавору арэнды, заключанага паміж уласнікам дома і камунай, скончыўся, і гэта ставіць будынак пад пагрозу зносу.

Аднак ніякія праблемы не перашкаджаюць нам падтрымліваць мастакоў з розных краін свету. Нейкага адзінага стылёвага накірунку ў «Шчырай размове» няма — кожны працуе ў меру сваёй геніяльнасці. У залах экспануюцца і сур’ёзныя філасофскія карціны, і поп-арт, і простыя паштоўкі, і складаныя святломузычныя інсталяцыі. Прыжыліся ў творчым калектыве арт-галерэі і беларускія мастакі Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч. Іх работы здзіўляюць сваёй невычэрпнай энергетыкай і складаным філасофскім кантэкстам. Гэта відавочна і на сёлетняй экспазіцыі «Даху-IX». Ну а мы са свайго боку падтрымалі ідэю спалучыць у адным фестывалі творы мастакоў з розных краін свету і прывезлі на фестываль карціны са сваёй калекцыі, якія прэзентуюць майстроў з Германіі, Польшчы, Расіі, Ізраіля, Украіны, Нарвегіі, Галандыі, Італіі, ЗША і Японіі.

Брутальны трэш

З рэдакцыйнага «круглага стола»

Наталля Шаранговіч: Радыкальная візуальная культура сёння напоўнена рэфлексіяй, якая, ператвараючыся ў каментарыі, у тэкст, ажыццяўляе дыялог з пачуццёвай рэальнасцю. Спосабы выяўлення, тэхнікі выканання павінны быць нетрадыцыйнымі, каб дасягнуць большай ступені сімвалізацыі рэчаіснасці. Актуальнае — гэта тое, што адгукаецца на сучаснасць, рэагуе на падзеі жыцця. Фестываль «Дах» пазіцыяніруецца яго арганізатарамі як своеасаблівы маніфест шматмернасці і незаангажаванасці айчыннай візуальнай культуры. Экспазіцыі, размешчаныя на двух паверхах, уяўляюць сабой свайго кшталту «эсэ», разважанне аб формах існавання нашага сучаснага мастацтва — відавочных і схаваных, адкрытых і закадзіраваных. Аўтарскі канцэпт пад назваю «Ахвяры мастацтва» працягваецца работамі еўрапейскіх аўтараў з калекцыі «Тахелеса», а таксама беларускіх мастакоў. Ці можам мы выбудаваную гэткім «рознафарматным» чынам выставу аднесці да нетрадыцыйнага мастацтва — паводле вызначэння аўтараў мерапрыемства?

/i/content/pi/mast/23/401/fil.jpg
Ларыса Фінкельштэйн:
Перформансы, інсталяцыі, хэпенінгі, акцыі і нават відэа-арт даўно засвоены айчыннымі творцамі. Згадаю, што фестываль перформансаў «Навінкі» існуе ўжо дзесяць гадоў. Таму прадстаўленае на сёлетнім «Даху-IX» мастацтва — добра знаёмае гледачу. І пры гэтым — сучаснае. Бо ў цяперашні момант у нас аднолькава паспяхова працуюць і рэалісты (невыпадкова ў экспазіцыі прысутнічаюць шчымлівыя выявы дамкоў з комінамі), і авангардысты...

/i/content/pi/mast/23/401/mih.jpg
Лізавета Міхальчук:
Не забывайцеся, што мы ўсё ж такі гаворым пра айчыннае мастацтва. Такія формы, як, напрыклад, відэа-арт, сапраўды звыклыя для Еўропы, але ў Беларусі яны яшчэ мала вывучаныя і не зусім зразумелыя гледачу. Тым не менш гэта не з’яўляецца падставай для вызначэння прадстаўленых аб’ектаў як нетрадыцыйных. Нетрадыцыйнай хутчэй можна назваць пабудову экспазіцыі. Вырашэнне прасторы залаў больш канцэптуальнае, чым падабраныя для выставы творы.

Ларыса Фінкельштэйн: Тут няма ніякага вынаходніцтва. Нагадаю праекты дваццацігадовай даўніны — жывапіс Лявона Тарасевіча, выставы «Авангард 1920 — 1980-х гадоў», «Ад лубка да інсталяцыі», фестываль «Агасфер», дзе таксама ўсё было перавернута дагары нагамі, работы без рам звісалі са столі...

Лізавета Міхальчук: Аднак большасць выстаў у нашай краіне дэманструе класічнае мастацтва, звыкла размешчанае на сценах. Праект «Ахвяры мастацтва» прапануе лабірынт з інсталяцый на падлозе і проста ў прасторы залы, аздоблены манументальнымі жывапіснымі фантазіямі Алеся Родзіна. Такая падача матэрыялу на фестывалі «Дах-IX» кагосьці ўзрушыла, кагосьці шакіравала. Яна прымушае суперажываць. Выклікае цалкам іншыя адчуванні, якія не ўзнікаюць пры знаёмстве з акадэмічнай або салоннай экспазіцыяй.

/i/content/pi/mast/23/401/vay.jpg
Павел Вайніцкі:
Як збор мастацкіх аб’ектаў, праект «Ахвяры мастацтва» вельмі традыцыйны. Нават прадстаўленыя інсталяцыі — па сутнасці, трывіяльныя карціны, якія толькі злёгку разрасліся ў прасторы. Гэта аб’екты, галоўная мэта якіх уразіць — калі не зробленасцю і майстэрствам (як на звычайных агульнасаюзаўскіх выставах), дык, у дадзеным выпадку, дзіўнасцю і змрочнасцю. Пры гэтым глядач застаецца на адлегласці, не ўступае з імі ў кантакт. Наведвальніку дазваляецца зусім нямнога: абысці аб’ект, на імгненне зазірнуць унутр і г.д. Такім чынам, наведвальніку адведзена роля вядзёнага, пасіўнага назіральніка — яму застаецца толькі зачаравацца-жахнуцца карціннымі «ахвярамі» (на самай справе злёгку манернымі), якія прыносяць аўтары «Даху».

/i/content/pi/mast/23/401/hob.jpg
Леанід Хобатаў:
У мяне ўзнікла адчуванне, што нонканфармізм вярнуўся і становіцца неабходным, запатрабаваным і актуальным. А калісьці мне падавалася, што гэты мастацкі кірунак знік у Беларусі. Перавагу атрымалі класічныя творы. А вось канцэптуальныя праекты засталіся відавочна па-за ўвагай. Але менавіта contemporary art мае вялікі творчы патэнцыял, вызначаецца свабодай і незалежнасцю мыслення яго прадстаўнікоў, актуальнасцю падачы матэрыялу. Калі ў такім кантэксце наша мастацтва будзе развівацца і надалей, вынікі чакаюцца вельмі сур’ёзныя. Беларусь перастане выглядаць акадэмічнай, патрыярхальнай, маргінальнай у прасторы еўрапейскай культуры.

/i/content/pi/mast/23/401/shun.jpg
Яўген Шунейка:
Мы засумавалі па 1980-х, калі эксперыменты пакідалі шмат уражанняў, пазітыўных і негатыўных, але галоўнае — жывых. Тагачасныя выставы спараджалі гарачыя дыскусіі. Зараз ніхто не спрачаецца наконт экспазіцый. Накатаная методыка акадэмічных праектаў, салоннае майстэрства не даюць падстаў для дыскурсаў. Праект «Дах» таксама не паказвае найноўшых мастацкіх форм. У экспазіцыі пануе брутальны экспрэсіянізм з сегментамі поп-арта. Мы, здаецца, селі ў човен 1990-х гадоў і накіраваліся па рэтра-маршруце. Для пачатку гэта зусім няблага. Ва ўсякім разе нагода для асэнсавання сучаснага беларускага мастацтва ў нас ёсць. Прынамсі ў мяне ўзнікае пытанне: чым матываваныя прадстаўленыя ў экспазіцыі творы? Матывацыя, на мой погляд, даволі інфантыльная. Прапанаваныя Алесем Родзіным і Зміцерам Юркевічам сродкі выразнасці падыходзяць для бяскрыўдных работ. Куратары не ўскрылі ніводнага нарыва нашага грамадства. Нягледзячы на інтрыгоўную назву праекта «Ахвяры мастацтва», я не бачу на выставе праблем: самоты, дэмаграфіі, адносінаў да мінуўшчыны... Магчыма, варта было б памяняць назву і абвастрыць нейкую тэму, напрыклад, мінскага гета або Катынскага лесу, і экспанаты набылі б новае гучанне?

Лізавета Міхальчук: Сапраўды, адчуваецца адсутнасць куратарскага погляду. Гэта можа быць апраўдана толькі тым, што адсутнасць канцэпцыі якраз і з’яўляецца канцэпцыяй. Але гэты момант і вельмі небяспечны. Самі па сабе работы вельмі цікавыя, але яны не складзены ў адзіную экспазіцыю, няма ключа для разумення аўтарскай ідэі. Арганізатары імкнуліся задзейнічаць максімальна вялікую колькасць мастакоў, запрасіць як вядомых, так і зусім маладых творцаў, прыхільнікаў розных стыляў і жанраў. Гэта плюралізм, даведзены да анархізму. У выніку, калі заходзіш на экспазіцыю, не адразу пачынаеш выяўляць найбольш знакавыя і важныя работы. Уявіце, як заблытаецца ў такім лабірынце глядач...

/i/content/pi/mast/23/401/sin.jpg
Ілля Сін:
У мяне трошкі іншае ўспрыманне выставы. Яна не выглядае для мяне падобнай на брацкую магілу. І я паспрабую патлумачыць, чаму ўсё арганічна аб’ядналася і спалучылася ў залах Палаца мастацтва. Напэўна, канцэпцыяй праекта можна назваць саму спробу адлюстравання творчага працэсу ў дыскрэтных формах. Можна хадзіць, глядзець і па-свойму далучацца да работ, тлумачыць іх сэнс або проста замацоўваць у памяці візуальны шэраг. Агульную атмасферу мастацкага працэсу ўдалося адлюстраваць не толькі нерухомымі аб’ектамі, але і музыкай, паэзіяй, тэатральнымі пастаноўкамі. Тут няма іерархіяў, разжаваных ідэй, зразумелых для кожнага чалавека, які ўвогуле не забыў літары. Перад намі спроба стварэння агульнага творчага гармідару і адлюстравання яго як нейкага працэсу ў ягонай бязмежнасці. Вось у гэтым, мабыць, самае важнае дасягненне, нетрадыцыйны момант у арганізацыі выставы.

Ларыса Фінкельштэйн: Аўтары замахнуліся на вялікі маштаб, і адпрацаваць асобныя моманты падачы матэрыялу было складана. Я, прызнацца, не ўяўляю, як беднаму гледачу адшукаць ключы для разумення экспазіцыі. Яны настолькі глыбока схаваныя, што мы іх не заўважаем. А ўсё таму, што экспазіцыю праекта «Ахвяры мастацтва» стваралі два чалавекі. Самі рабілі творы, самі іх расстаўлялі. Гэта цяжка як інтэлектуальна, так і фізічна. І арганічна, пераканальна ўвязаць уласны праект з іншымі часткамі агульнай выставы ім было проста не пад сілу. Таму і неабходнага адбору твораў не адбылося. Наступным разам, мне здаецца, над такім маштабным мерапрыемствам павінна працаваць каманда куратараў.

Ілля Сін: Мяне ашаламіў адзін куток экспазіцыі. Там вісіць карціна Андрэя Смаляка. А побач работа Аляксея Таўстога. Ведаю гэтага хлопца як цікавага празаіка і музыканта. А тут выстаўлена адна з яго першых жывапісных прац, ды яшчэ побач з творам ужо вядомага майстра.

Яўген Шунейка: Адметнасць «Даху-IX» у тым, што сярод яго ўдзельнікаў ёсць ужо вядомыя мастакі, такія як Сяргей Цімохаў, Юрый Хілько, Аляксандр Канавалаў, Леанід Хобатаў, Сяргей Грыневіч, Анатоль Кузняцоў і іншыя. Яны могуць сабе дазволіць паказаць свае работы ў іншым кантэксце. Арганізавана міні-рэтра-экспазіцыя Ізраіля Басава. Выстаўлены дыван Язэпа Драздовіча. А побач з імі — буйныя творы Алеся Родзіна, інсталяцыі Зміцера Юркевіча. Такім чынам здымаецца пытанне наконт існавання беларускага мастацтва толькі ў вузка традыцыйных межах, падпарадкаванасці яго тэхнічнаму майстэрству. Па вялікім рахунку, не тэхнічнае майстэрства з’яўляецца крытэрыем вартасці сучаснага мастацтва. Хутчэй — уменне перадаць ідэю. У адпаведнасці з ідэяй мастак мае магчымасць выбраць сродкі выразнасці: ад акадэмізму да экспрэсіянізму.

Леанід Хобатаў: Не згаджуся. Пытанне майстэрства ў сучасным мастацтве не знікае. Толькі прафесійны творца можа зрабіць сапраўды значны твор у авангардным накірунку. Другое пытанне — пабудова экспазіцыйнай прасторы. Я, калі шчырую над экспазіцыяй буйной выставы, заўжды клапачуся, каб работа, нават слабая, выглядала выразна. Што ж датычыць «Даху-IX», дык тут не было патрэбы прадстаўляць кожнага мастака паасобку, ствараць кожнаму ўдзельніку асобныя ўмовы для экспанавання. Тым больш што іх і няма, наш Палац — не Музей сучаснага мастацтва ў Барселоне або Мадрыдзе. Але тыя магчымасці, якія дае памяшканне, арганізатары выкарысталі.

Лізавета Міхальчук: Я таксама бачу тут трэш-артаўскі пачатак, спробу выбудаваць наўмысны экспазіцыйны хаос. Але завяршэнне праекта не трэш-артаўскае. Вось і атрымліваецца супярэчнасць, бо ўспрымаць кожны твор паасобку ў класічным варыянце ўжо немагчыма.

Леанід Хобатаў: Безумоўна, недапрацаванасць экспазіцыі адчуваецца. Аднак у такім жывым асяроддзі могуць нарадзіцца выдатныя мастакі, вольныя ад догмаў. А як яшчэ моладзі набыць еўрапейскі досвед? Як пазбавіцца местачковасці і правінцыйнасці, якімі мы дасюль грашым?

Ларыса Фінкельштэйн: У мяне няма такога адчування. Наадварот, калі я гляджу на карціны, прывезеныя з калекцыі «Тахелеса», за некаторыя з іх сорамна. Яны вельмі розныя па ўзроўні. Работы беларускіх мастакоў, як ні называй іх — маргінальныя, правінцыйныя, — насамрэч прафесійныя, нечаканыя па ідэі, падачы.

Яўген Шунейка: Арганізатарам удалося задзейнічаць надзвычай моцны пласт людзей, якія раней былі па-за межамі буйных выстаў. Напрыклад, графіцістаў, што размалявалі тумбы ў дворыку Палаца. Увогуле падчас правядзення фестывалю напрацаваны вялікі патэнцыял сродкаў выразнасці. І самае важнае — ідэя можа мець працяг. Нядаўна ў Палацы мастацтва адбылася наладжаная Зміцерам Юркевічам і Алесем Родзіным вечарына, прысвечаная памяці Чэслава Немэна. Рэзананс атрымаўся такі вялікі, што цяпер наша тэлебачанне здымае фільм пра гэтага спевака, амаль забытага на радзіме. Пасыл мастакоў правакуе на дзеянні. Засталіся ў мінулым 1990-я з постмадэрнізмам, гульнёй, рознастылёвасцю. Зараз мы фарміруем грамадства, выяўляем нявырашаныя праблемы.

Ілля Сін: Аднак не ўсе праблемы трэба рашаць візуальнымі сродкамі. Так, наконт непрыстойных надпісаў у пад’ездах можна надрукаваць артыкул у газеце, прыняць заканадаўчы акт. Дыскурс мастацтва не столькі публіцыстычны, колькі інтэлектуальны і ў той жа час эмацыянальны.

Яўген Шунейка: Аднак мастацтва не павінна быць бяззубым. Робіцца прыкра, калі прыходжу на выставу і бачу дзяўчат з марожаным у руках. Іх увага да жывапіснай работы хвілінная. Не хачу, каб на фестывалі склалася падобная сітуацыя. Неабходна праблематыка, актуальная, але вобразна пераасэнсаваная. На экспазіцыях «Даху-IX» шмат добрага цёплага гумару, свабоды. А вось эпатажнасці няма, як і шоку. Я не згодны з мастакамі, якія сцвярджаюць, што творца нікому нічога не павінен, гэткі мыльны пузыр. Творца мусіць перажываць за ўвесь свет. І выяўляць гэта ў аўтаномных, незалежных формах.

Наталля Шаранговіч: Пад актуальным звыкла разумеюць мастацтва як пазбаўленую сацыяльнай значнасці эстэтычную сферу. І такім чынам вычэрпваюць тэму «сучасны творца і грамадства». Гэта вельмі зручна гледачам, бо дазваляе «разумець» або «не разумець» сучаснае мастацтва ў адпаведнасці з уласнымі эстэтычнымі прыярытэтамі. Гэта зручна грамадству, таму што адсутнасць сацыяльнай значнасці дазваляе дадзеную субкультуру не заўважаць. Зручна галерыстам і крытыкам, якія могуць стварыць уласную шкалу каштоўнасцей паводле фармальных прыкмет. На самай справе каштоўнасць твора не вызначаецца яго злабадзённасцю. Для ацэнкі важна самабытнасць, адметнасць намаляванай аўтарам карціны свету.

Леанід Хобатаў: Каб рэалізавацца мастаку-канцэптуалісту, неабходна матэрыяльная база. Невыпадкова ў экспазіцыі «Ахвяраў мастацтва» пераважаюць папера, кардон, дрэва ды іншыя даступныя матэрыялы. Усё гэта сведчыць, што мерапрыемства атрымалася стыхійнае, трымаецца на прыватнай ініцыятыве зацікаўленых людзей. Зрэшты, мы проста не маем досведу ўдзелу ў падобнага кшталту мерапрыемствах.

Ларыса Фінкельштэйн: Не магу пагадзіцца з тым, што ўсё зроблена стыхійна. За тры месяцы да падзеі ў эфіры ўжо гучала інфармацыя пра будучы фестываль. Такой рэкламы не мела ніводная рэспубліканская выстава. Хачу дадаць да нашай размовы, што самым вострым з прадстаўленых экспанатаў праекта «Ахвяры мастацтва» лічу лялькі, раскіданыя па зале ў розных паставах. Лялькі выяўляюць станы людзей, іх паводзіны, характары. Лялькі — надзвычай удалая знаходка.

Леанід Хобатаў: На жаль, мы адно прабегліся па тэме і адказалі толькі на некаторыя пытанні. У кантэкст відавочна прабіваецца літаратура. Тэму ахвяры важна адчуваць на больш філасофскім узроўні. А так у экспазіцыі шмат таўталогіі, і гэта стварае манатоннасць. Не хапае канфлікту, які б спарадзіў асацыяцыі, пазбавіў дэкаратыўнасці, тэатральнасці, празмернасці.

Павел Вайніцкі: Я не падзяляю меркавання аб залішняй «змрочнасці», «літаратурнасці» экспазіцыі. Кожны мастак або група мастакоў валодаюць сваёй творчай мовай. Мне падаецца, тут мы маем справу са спецыфічнай галіной еўрапейскага мастацтва, «нефармальнай» творчасцю сквотаў — са сваімі асаблівасцямі і правіламі. І бачым, што на беларускай глебе гэты спецыфічны накірунак глядзіцца цалкам арганічна. Што я вітаю ў фестывалі «Дах» — гэта стварэнне адметнага, крэатыўнага асяроддзя як інструмента для зносінаў — маю на ўвазе не толькі мастацтва, але і перформансы, канцэрты, проста стасункі творчых людзей. З гледзішча функцыянальных патрабаванняў гэткага транзітнага «месца сустрэч» прастора арганізавана цалкам прымальна. Вось толькі сама экспазіцыя пры гэтым выглядае проста дэкарацыяй.

Наталля Шаранговіч: Добра, што ў нас хапае аб’ектыўнасці чакаць ад фестывалю адкрыццяў, а не проста радавацца факту яго правядзення. Не варта забывацца, што «Дах-IX» праходзіць пры непасрэдным удзеле і падтрымцы Саюза мастакоў. Гэта тлумачыць павышаную ўвагу да падзеі з боку дзеячаў і аматараў як традыцыйнага, так і нетрадыцыйнага мастацтва.