«Нацыянальнае, краёвае, мясцовае…»

№ 8 (317) 01.08.2009 - 31.08.2009 г

Штогод у маі музычная грамадскасць адзначае ўгодкі аднаго з самых буйных кампазітараў ХІХ стагоддзя Станіслава Манюшкі. Нельга сказаць, што імя гэтае невядомае ў Беларусі. Тым не менш, усведамленне ролі Манюшкі ў станаўленні беларускага музычнага мастацтва да многіх суайчыннікаў прыходзіць з цяжкасцю.

 Нарадзіўся Станіслаў Манюшка 5 мая 1819 года на Ігуменшчыне (цяпер Чэрвеньскі раён) у спадчынным маёнтку Убель, які яшчэ дзед кампазітара, таксама Станіслаў, набыў у гетмана Вялікага княства Літоўскага Міхала Казіміра Агінскага. Там прайшлі гады маленства будучага генія. Калі ж надышоў час вучобы хлопчыка, сям’я пераехала ў Мінск. Вядомыя два месцы, дзе Манюшкі жылі ў губернскім горадзе: гэта будынак, сучасны адрас якога -- вуліца Інтэрнацыянальная, 21, і так званы Дом масонаў у Музычным завулку Верхняга горада (цяпер тут знаходзіцца Дзяржаўны музей тэатральнай і музычнай культуры).

/i/content/pi/mast/22/400/52.jpg
 
Першапачатковую музычную адукацыю Станіслаў атрымаў ад маці. Між іншым, сама Альжбета (у дзявоцтве Маджарская -- з роду заснавальнікаў знакамітай Слуцкай «персіярні», радзівілаўскай мануфактуры, дзе вырабляліся славутыя паясы), у сваю чаргу, вучылася ў вядомага мінскага кампазітара і выканаўцы Пётры Карафы-Корбута. Падчас вучобы ў Мінскай гарадской мужчынскай гімназіі (будынак па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 19 захаваўся, цяпер у ім размешчаны Мінскі абласны савет прафсаюзаў) Станіслаў Манюшка пачаў паралельна займацца музыкай пад кіраўніцтвам Даменіка Стафановіча -- дырыжора і выдатнага педагога, які выхаваў цэлую плеяду знаных майстроў. Сярод вучняў Стафановіча-Фларыян Міладоўскі, піяністка і кампазітар Каміла Марцінкевіч -- дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У семнаццацігадовым узросце Станіслаў Манюшка паехаў у Берлін, дзе два з лішнім гады ўдасканальваў сваё кампазітарскае і дырыжорскае ўмельства пад кіраўніцтвам рэктара Берлінскай пеўчай акадэміі прафесара Карла Фрыдрыха Рунгенхагена.

У 1852 годзе, у час працы арганістам віленскага касцёла святога Яна, Манюшка разам з Дуніным-Марцінкевічам і Канстанцінам Крыжаноўскім паставіў «Ідылію» («Сялянку»). У лістападзе 1985 года ў брытанскім архіве Адам Мальдзіс азнаёміўся з адным з рукапісаў «Сялянкі» Дуніна-Марцінкевіча. Той рукапіс меў назву «Розна міласць бывае». «Ідылія» ж (паводле беларускай тэрміналогіі, «Sielanka» -- паводле польскай) -- гэта жанравае вызначэнне п’есы, што вынесена ў яе назоў.

Оперы належыць асаблівае месца ў развіцці беларускага музычнага мастацтва: гэта першы твор у гісторыі жанру, у якім са сцэны загучала беларуская мова. Прэм’ера «Ідыліі» адбылася ў памяшканні мінскага тэатра Поляка. Будынак побач з Беларускай акадэміяй музыкі быў разбураны зусім нядаўна -- у 1984 годзе.

Віленскі перыяд жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі адметны тым, што кампазітар пачаў працу над серыяй зборнікаў пад агульнай і змястоўнай назвай «Хатні спеўнік». Выйшлі з друку шэсць зборнікаў, якія склаў сам кампазітар. (Усяго іх, як вядома, было дванаццаць, але ўкладальнікам шасці апошніх стаў пасля смерці Манюшкі яго сябра Ян Карловіч.) Стварыўшы болей за 300 песень, Станіслаў Манюшка фактычна змяніў «канцэртны фон» Беларусі і Польшчы, які дагэтуль быў арыентаваны на італьянскія, французскія, нямецкія музычныя творы, звярнуў увагу аматараў музыкі на вялікія і багатыя скарбы мясцовага народнага меласу. Вось што пісаў кампазітар у артыкуле-праспекце «Хатняга спеўніка» ў «Tygodniku Petersburgskim»: «З таго часу, як у цывілізаванай Еўропе пачалі з вышэйшага пункту гледжання ставіцца да музыкі і ацэньваць яе не толькі як мову, якая перадае пэўную думку і пачуццё <...>, але яшчэ як адлюстраванне пэўнай мясцовасці, нацыянальнага характару народаў <...>, самыя выдатныя мастакі пачалі выяўляць і распрацоўваць гэтае радовішча невычэрпнай гармоніі... Не прэтэндуючы на вышэйшы ў музыцы талент, але заахвочаны ласкавым, а можа, вельмі паблажлівым успрыманнем, якое мае першыя апублікаваныя музычныя спробы змаглі выклікаць, я асмельваюся, наколькі мне дазваляе мой талент, пашырыць рэпертуар краёвых песень... Вершы я стараўся выбіраць з найлепшых нашых паэтаў <...>, перакананы ў тым, што гэтыя паэтычныя творы найбольш выявілі ў сабе мясцовы характар і каларыт... Вось чаму мой спеўнік можа выклікаць да сябе нейкую цікавасць. Бо калі цудоўныя вершы, паяднаныя з цудоўнай музыкай, здольныя адкрыць сабе доступ да вуха і сэрца не вельмі музыкальнага, то нават слабейшая, менш удалая музыка пры выдатнай паэзіі здабудзе сабе паблажлівасць; а тое, што ў ёй нацыянальнае, краёвае, мясцовае, што як рэха нашых дзіцячых успамінаў, ніколі насельнікам зямлі, на якой яны нарадзіліся і ўзраслі, падабацца не перастане».

У час працы над «Хатнім спеўнікам» кампазітар, як сведчаць сучаснікі, выяўляў нястомную цікавасць да беларускіх народных мелодый. Пра гэта ведаў яго бацька і ў лісце да сына даў падрабязнае апісанне «Лявоніхі» і спеваў, якія слухаў на Радашкоўшчыне.

Стварыў кампазітар і зборнік літургічных спеваў «Песні нашага касцёла», якія можна ўмоўна падзяліць на тры часткі: першая -- з польскамоўнымі тэкстамі, другая -- з кананічнымі лацінскімі тэкстамі з «Псалтыра» Давіда, трэцяя частка -- арганныя прэлюдыі і нешпоры, пераапрацаваныя Манюшкам з вядомых беларускіх касцельных песень. Прэлюдыі маюць выгляд закончаных арганных твораў, таму іх часта выконваюць як самастойныя. Вакальныя творы, напісаныя на лацінскія тэксты і стылізаваныя Манюшкам пад італьянскі раннерамантычны оперны стыль, надзвычай узнёслыя і прыгожыя, маюць парадны выгляд. Песні з польскімі тэкстамі напоўнены лірызмам, пяшчотаю.

/i/content/pi/mast/22/400/53.jpg
Мінскі гарадскі тэатр (на здымку справа, уваход з парталам).9 лютага 1852 года ў ім адбыўся трыумфальны дэбют "Ідыліі". 
У віленскі перыяд жыцця кампазітар плённа працаваў і ў такіх жанрах, як кантата, сімфанічная паэма і іншыя, але кульмінацыйным момантам трэба лічыць стварэнне оперы «Галька». 1 студзеня 1848 года віленскімі аматарамі музыкі быў упершыню выкананы двухактовы варыянт у канцэртным фармаце. Гэта была вялікая падзея ў музычным жыцці Вільні, водгукі пра якую хутка разляцеліся па ўсім славянскім свеце. У 1903 годзе, з Нью-Йоркскай пастаноўкі, пачалося трыумфальнае шэсце «Галькі» па сцэнах свету.

Даволі часта прыязджаў Станіслаў Манюшка з Вільні ў Мінск: ці да бацькі, ці па справах -- творчых або маёмасных. У 1856 годзе да яго прыезду Дунін-Марцінкевіч напісаў нават верш ад імя іх сумеснага «сялянскага» героя -- Навума Прыгаворкі.

У 1858 годзе Станіслаў Манюшка развітаўся з Беларуссю. Фінансавае і творчае становішча кампазітара ўжо не магло затрымліваць яго ў Вільні. Тым не менш ён ніколі не забываў сваёй радзімы і, як мог, дапамагаў сваім сябрам і калегам-музыкам.

Сёння ўсё яшчэ чутны папрокі калег адносна таго, што беспадстаўна мы далучаем творчасць выключна польскага (на думку крытыкаў) кампазітара Станіслава Манюшкі да гісторыі беларускага мастацтва. Што тут сказаць? Пачнем з таго, што мы ніколі не адмаўлялі і не адмовім ролі Манюшкі, Орды, Агінскіх, Радзівілаў і іншых творцаў у гісторыі польскай музыкі. Не адмовім, бо ведаем пра вялікі ўнёсак, зроблены гэтымі кампазітарамі ў станаўленне і развіццё польскай культуры. Тое ж можна сказаць і пра ролю кампазітараў Дылецкага, Казлоўскага і іншых, але ўжо ў адносінах да расійскай культуры.

Часцей за ўсё даводзіцца чуць у дачыненні да Манюшкі наступныя аргументы:

ён паляк;

ён пісаў на польскія тэксты;

гэта польская музыка;

а што скажуць палякі?

Адкажам паслядоўна.

«Ён паляк». Ужо аднаго прозвішча кампазітара дастаткова, каб зняць пытанне. Касцюшкі, Грыдзюшкі, Манюшкі, Дзядзюшкі і г.д. -- усё гэта тыповыя беларускія прозвішчы. Род Манюшкаў паходзіць з этнічных беларускіх тэрыторый Падляшша. На Беларусі Манюшкі -- не імігранты. Хутчэй трэба казаць -- спаланізаваная (у культурным разуменні) частка беларускай шляхты каталіцкага веравызнання. Але ж спаланізаваны (у пэўным сэнсе) беларус -- не паляк. Гэта па-першае. Па-другое, нават у вялікай ступені спаланізаваная частка беларускага грамадства ніколі не атаясамлівала сябе з палякамі. Адзін з такіх «палякаў», Міхал Клеафас Агінскі, называе ў мемуарах калегаў (гэткіх жа, як і ён, «палякаў») па Сейму, які прыняў Канстытуцыю Рэчы Паспалітай абодвух народаў 3 мая 1791 года, наступнымі словамі: «Гордыя сваім паходжаннем ліцвіны». Паводле мемуараў Агінскага, ягоны род бярэ свой пачатак у глыбіні вякоў (праз князёў Глушонкаў -- гаспадароў падмаскоўнага Казельска, дзе, дарэчы, нарадзіўся будучы гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі) ад Кіеўскага князя Уладзіміра Краснае Сонейка.

Адам Міцкевіч у «Пане Тадэвушу» называе адных і тых жа героеў то палякамі, то ліцвінамі. Як гэта разумець? Беларускія гісторыкі і літаратуразнаўцы даўно гэтае пытанне высветлілі дакладна. У жыхароў Вялікага Княства Літоўскага былі два ўзроўні патрыятызму: дзяржаўны -- і тады яны называлі сябе палякамі, і мясцовы, этнічны -- і тады яны называлі сябе ліцвінамі. Рэч Паспалітая ўспрымалася Еўропаю (паводле пануючай у афіцыйным ужытку польскай мовы) як польская дзяржава, і таму яе жыхароў у Еўропе называлі палякамі. Тое самае мы назіраем і ў сучаснай гісторыі, дастаткова згадаць, напрыклад, Іспанію. Увесь свет успрымаў Расійскую імперыю, потым Савецкі Саюз, а цяпер Расійскую Федэрацыю, як рускую дзяржаву. Не мелі і не маюць значэння ні нацыянальнасць, ні веравызнанне, ні нават раса ў ідэнтыфікацыі выхадцаў з Расіі: калі адтуль – значыць, рускі. Але ж мы з вамі ведаем, што гэтае меркаванне зусім не абавязкова слушнае. Род Манюшкаў пакінуў добры след на Беларусі. І калі мы пра гэта забыліся, дык у тым толькі наша ўласная віна.

«Ён пісаў на польскія тэксты». Сапраўды, пісаў. А яшчэ на нямецкія, французскія, італьянскія, рускія, лацінскія, беларускія. Што ж тычыцца польскіх, дык пераважна на беларускія-польскамоўныя. Бо паэтычная беларускамоўная творчасць знаходзілася ў той час на пачатку шляху адраджэння. А такому пладавітаму кампазітару, як Манюшка (адных рамансаў ды песень больш за 300), былі патрэбны вершы дасканалыя. Пачытайце паралельна польскамоўныя і беларускамоўныя вершы Яна Чачота і вы зразумееце, чаму Манюшка аддаў перавагу хоць і беларускім, але ж польскамоўным версіям Чачотавых твораў. Ствараючы песні на польскамоўныя тэксты Чачота, Манюшка ішоў такім самым шляхам, што і Чачот, -- пераводзіў іх з фальклорнага стану ў акадэмічны. Асваенне або, дакладней, выяўленне праз сябе народных мелодый свайго краю (найперш Міншчыны, дзе нарадзіўся) Манюшка здзяйсняў на высокапрафесійным узроўні. Самае істотнае ў гэтых песнях -- гэта, відаць, тое, што можна назваць паглыбленнем драматургіі вершаванага тэксту. Праз вылучэнне ці падкрэсліванне інтанацыйна важных момантаў яны станавіліся песнямі, якія нясуць у сабе генетычную памяць беларускай народнай асновы, такой натуральнай для нашых продкаў і такой цяжка ўзнаўляльнай для нас сёння. Дарэчы, калі па моўнай, і толькі моўнай, прыкмеце далучаць творцу да адпаведнай культуры, дык мы з вамі будзем мець двух Чачотаў, двух Дуніных-Марцінкевічаў, трох Янкаў Лучынаў...

«Гэта польская музыка». Манюшка належыць да ліку кампазітараў-рамантыкаў, а гэта значыць, што ён абавязкова абапіраўся на народны мелас, свядома выкарыстоўваючы, напрамкі цытуючы народныя песні, мелодыі, звароты гармоніі, прыёмы народнага музіцыравання. У нас няма аніякіх сумненняў наконт таго, які мелас і якія прыёмы выкарыстоўваў Манюшка -- тыя, якія ведаў: родныя, беларускія. Шкада, што практычна не існуе прац айчынных фалькларыстаў на тэму «Беларускі музычны фальклор у творчасці Станіслава Манюшкі». Ёсць, праўда, невялічкі фрагмент у артыкуле бясспрэчнага музычнага аўтарытэта ў галіне беларускага фальклору -- Рыгора Раманавіча Шырмы: «...Манюшка ў сваёй творчасці не мог пазбегнуць уплыву беларускага народнага меласу. У песнях і асабліва ў оперы «Фліс» («Плытагон») такое багацце народных інтанацый, што, слухаючы, адчуваеш, нібы прысутнічаеш недзе пад Слуцкам або каля Мінска на ўрачыстым свяце беларускіх сялян».

Польскія ж даследчыкі адпаведных фальклорных крыніц (мяркуючы па артыкулах энцыклапедый) на тэрыторыі Польшчы па зразумелых прычынах не знайшлі. Ды яшчэ пры жыцці кампазітара крытыкавалі яго за несупадзенне моцнай долі ў вершах і музыцы. Значыць, польскія кампазітары таго часу (за выключэннем Манюшкі) такіх памылак не рабілі. Чаму ж парушаў прасодыю польскай мовы Манюшка? Ці не таму, што несупадзенне моцнай долі ў вершах і музыцы ў беларускіх народных песнях -- з’ява ардынарная, інакш кажучы, такая ж натуральная для музычнага этнавыяўлення Манюшкі, як і любога другога беларуса? Нам падаецца гэта бясспрэчным фактам, бо іначай трэба прызнаць, што Манюшка дрэнна ведаў польскую мову, а гэта, выбачайце, цалкам неверагодна.

«Эдмунт праспяваў музычны сказ, мяккі голас пяшчотна закалаціўся ў сцены пакоя і сціх.

-- Ну, гэта адзін дурань не ведае. Пачатак славутай арыі “Галькі”.

-- Гэта, хлопча, песня: “Стала б ты калінай, абняў бы цябе я...”».

Фрагмент рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» пакінем без каментарыяў.

Каментару патрабуе наступнае. Успомнім словы Манюшкі: «Вершы я браў з найлепшых нашых паэтаў...» Да іх ліку ён несумненна прылічваў Яна Чачота (20 песень), Уладзіслава Сыракомлю (22 рамансы і песні), Адама Міцкевіча (кантаты «Пан Твардоўскі», «Прывіды» і «Крымскія санеты», 5 баладаў, 16 рамансаў і песень) Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (чатыры сумесныя оперныя працы).

Немагчыма не заўважыць вельмі прыкметны другі сэнс Манюшкавага слова «наш». У варунках забароны беларускай мовы ў вуснах беларускай інтэлігенцыі ХІХ стагоддзя гэтае слова мела даволі выразны краёва-патрыятычны беларускі (ліцвінскі) сэнс. Як тут не ўспомніць назву зборніка літургічных спеваў таго ж Манюшкі -- «Песні нашага касцёла» ці, напрыклад, пачатак ліста Уладзіслава Сыракомлі да Яна Хэнцінскага ў Варшаву: «Вось у гэтую хвіліну наш Манюшка, дрыжучы, чакае прысуду вашай [польскай -- В.С.] публікі». І ў больш позні час гэтае слова азначала для беларусаў тое самае: газеты «Наша доля», «Наша Ніва». Ці вось радок з Канстанцыі Буйло -- «Люблю наш край, старонку гэту...»

Той, хто знаёміўся з творамі Станіслава Манюшкі грунтоўна, заўважаў, што маэстра быў фенаменальным стылізатарам. Калі не ведаць, напрыклад, што песні, напісаныя на рускія тэксты, належаць Манюшку, у галаву нават не прыйдзе шукаць аўтара па-за межамі Расіі. Адпаведнае становішча і з «нямецкімі», «французскімі», «італьянскімі» творамі Манюшкі. Што перашкаджала яму пры такіх здольнасцях напісаць «польскую» оперу, тым больш «польскую» песню?

«Што скажуць палякі?» Скажуць: «Дзякуй». Манюшка быў, ёсць і будзе вялікім польскім кампазітарам. Так, паўторым яшчэ раз, разумее ягоную творчасць кожны паляк. І хто з нас у гэтым сумняваецца? Але ўвесь комплекс творчасці майстра з-за мяжы і горш відаць, і горш чуваць. Як мы з вамі не ў стане перасягнуўшы чыста эстэтычны ўзровень, меркаваць пра глыбінныя з’явы творчасці, напрыклад, Лютаслаўскага, гэтак жа і з Польшчы немагчыма ўбачыць
/i/content/pi/mast/22/400/54.jpg
"Страшны двор". Сцэна з оперы. Дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета. 1952.
дасканала і аб’ектыўна творчасць Манюшкі ва ўсім аб’ёме. Ці ж пошук ісціны -- не мэта навукі, у тым ліку музычнай? І толькі нам, суайчыннікам кампазітара, можа раскрыцца «беларускі бок» ісціны пра яго. Таму мы і ўпэўнены, што за гэта палякі нам скажуць дзякуй. А такія аўтарытэты, як пані Марыя Фолтын -- выдатная спявачка і рэжысёр, старшыня польскага Таварыства прыхільнікаў музыкі Манюшкі, пані Эльжбета Смулкова -- былы пасол Польшчы ў Беларусі, а цяпер прафесар беларускай філалогіі Варшаўскага і загадчыца кафедры беларускай культуры Беластоцкага ўніверсітэтаў, ды й пан Вітальд Рудзінскі (выхаванец Віленскага ўніверсітэта даваеннага часу), прафесар, кампазітар, вядучы сучасны манюшказнаўца ў свеце, -- усе гэтыя дасведчаныя асобы не абвяргаюць тэзіс пра беларускае паходжанне і прыроду таленту Манюшкі, выяўленыя ў яго творчасці.

Станіслаў Манюшка быў выхаванцам перадавой часткі пакалення беларускай інтэлігенцыі, якое адчувала сваёй Радзімай не Расійскую імперыю, а былую Рэч Паспалітую абодвух народаў. Дык якія ж падставы маем мы сёння абвяргаць насуперак здароваму розуму тэзіс аб адзінай культурнай прасторы Польшчы і Беларусі таго часу і адмаўляць нашаму земляку ў праве там і знаходзіцца? Таму -- хай у Польшчы Манюшка застаецца вялікім польскім кампазітарам (нам гэта не крыўду чыніць, а, хутчэй, гонар робіць), а ў Беларусі ён, натуральна, калісьці быў вялікім кампазітарам -- можа, сам і не ўсведамляючы таго. Спадзяемся, што беларускае грамадства з пачуццём удзячнасці ўспомніць свайго сына і Манюшка зноў стане вялікім беларускім кампазітарам -- найперш, пажадана, у нашай свядомасці.

А з польскім грамадствам мы знойдзем агульную мову, калі не дзяліць будзем Манюшку, а памнажаць -- выкананнем яго музыкі, доследамі ў галіне манюшказнаўства. Бо гэты кампазітар -- аўтар вялікай колькасці твораў, сваёй тэматыкай і праблематыкай (нават тапанімікай -- узгадаем хоць бы «Свіцязянку», «Да Нёмна») звязаных з беларускай зямлёй і культурай. Беларускі мелас знайшоў у музыцы Манюшкі самае яскравае ўвасабленне. Без ягонай постаці немагчыма ўявіць гісторыю музычнага тэатра Беларусі, гісторыю беларускага камернага, сімфанічнага і рэлігійнага пластоў музыкі XIX стагоддзя.

 Уладзімір Мархель, Віктар Скорабагатаў