Маленькі тэатр у невялікім горадзе

№ 8 (317) 01.08.2009 - 31.08.2009 г

Калі ў 1990 годзе ў Маладзечне ствараўся Мінскі абласны тэатр лялек, у Беларусі яшчэ не было колькі-небудзь значнага досведу функцыянавання тэатраў у раённых цэнтрах. Прафесійныя трупы доўгі час былі прыналежнасцю выключна сталічнага жыцця, і невялікія правінцыйныя гарады лічыліся небяспечнымі для акцёрскай кар’еры. Там няма ні тэлебачання, ні кінастудыі -- хто ж акцёра заўважыць, хто ацэніць, хто запросіць на здымкі?

 

 

Але насуперак усім асцярогам тэатры ў райцэнтрах пачалі адчыняцца, і адразу паўстала пытанне: якімі яны мусяць быць, каб прывабіць нязвыклага да таго кшталту мастацтва гледача? Прычым трэба, каб глядач купляў квіткі дастаткова часта, бо патэнцыйная тэатральная аўдыторыя тут вельмі невялікая, а рэальная -- яшчэ менш. Якімі ў такіх варунках павінны быць рэпертуарная палітыка, рэжысура, сцэнаграфія? На якія жанры рабіць стаўку -- на драму, меладраму, камедыю? Што акажацца бліжэй глядацкаму сэрцу -- традыцыяналізм або навацыі?

Канешне, усё гэта хвалявала і кіраўніцтва лялечнага тэатра, што пачаў працаваць у горадзе з васьмідзесяцітысячным насельніцтвам і досыць нізкай нараджальнасцю. А паколькі такія тэатры зарыентаваны перадусім на дзяцей, апошняя акалічнасць азначала, што глядацкая аўдыторыя навастворанага калектыву сваіх членаў будзе страчваць досыць хутка, а набываць -- марудна.

Новую ўстанову вырашана было назваць «Батлейкай», што само па сабе сведчыла пра акрэсленыя схільнасці і нават пэўную эстэтычную праграму. Дакладней -- пра скіраванасць на беларускую традыцыю (батлейка -- народны лялечны тэатр), на нацыянальную літаратуру і драматургію.

Т
/i/content/pi/mast/22/398/45.jpg
"Новы Калабок" паводле Пятра Васючэнкі.
ак, увогуле, і атрымалася. Загалоўнае слова «Батлейка» сталася не пустым гукам, а рэальным планам дзейнасці: з самага пачатку свайго існавання Мінскі абласны тэатр лялек працаваў з айчыннымі драматургамі і айчынным фальклорам. Прычым -- не над выпрабаванымі часам хітамі кшталту «Дзеда і Жорава» Віталя Вольскага, а над новай драматургіяй, якая часцяком не толькі ставілася, але і стваралася ў тэатры. Таму што літчастка «Батлейкі» была ў поўным сэнсе слова літаратурнай і ўзначальвалі яе дзеючыя драматургі: спачатку Сяргей Кавалёў, затым Пятро Васючэнка. Актыўна супрацоўнічалі з тэатрам Ігар Сідарук, Валянцін Лукша, Алена Турава.

Ужо ў першыя тэатральныя сезоны ў рэпертуары «Батлейкі» з’явіліся арыгінальныя п’есы Сяргея Кавалёва «Хохлік», «Піліпка і Вядзьмарка», яго ж інсцэніроўкі паводле твораў Уладзіміра Караткевіча «Заяц варыць піва» і «Жабкі і Чарапашка», п’есы Алены Туравай «Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа», «Чароўны камень» Валянціна Лукшы, «Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» Пятра Васючэнкі і Сяргея Кавалёва, «Страшнік Гам» Пятра Васючэнкі і іншыя.

Асаблівае месца на афішы займаў спектакль па п’есе брэсцкага драматурга Ігара Сідарука «Меч анёла», створаны ў стылістыцы беларускай батлейкі на традыцыйны калядны сюжэт. З гэтай пастаноўкай калектыў наведаў шмат краін, удзельнічаў у міжнародных фестывалях ва Украіне (Луцк, 2003), Сербіі (Субоціца, 2003), Польшчы (Ломжа, 2005) і інш. Спектакль дагэтуль жыве і паказваецца гледачу падчас навагодніх і калядных святаў.

Цягам першага дзесяцігоддзя тэатр працаваў толькі на беларускай мове. У некаторыя перыяды (1992, 1993 гады) ставіў выключна творы айчынных аўтараў -- беспрэцэдэнтная, па сутнасці, з’ява. Ніводзін іншы тэатр у рэспубліцы (у тым ліку самыя тытулаваныя) не меў такіх інтэнсіўных стасункаў з нацыянальнай драматургіяй, робячы іх не проста прыярытэтнай, але найпершай задачай рэпертуарнай палітыкі. Аднак гэты ўнікальны досвед «Батлейкі» пакуль застаецца нявывучаным.

Па афішы Мінскага абласнога тэатра лялек можна было атрымаць досыць поўнае ўяўленне пра стан беларускай драматургіі для дзяцей, пра ўсе яе «плюсы» і «мінусы», пра колькасць аўтараў і накірункі творчай думкі.

Аднак з цягам часу сталася відавочным, што галоўная праблема -- у нешматлікасці айчынных п’ес, разлічаных на дзіцячую аўдыторыю. Тыя творы, што зрэдчас з’яўляюцца, не могуць здаволіць «рэпертуарны голад», які асабліва востра адчуваецца ў тэатрах лялек, традыцыйна зарыентаваных на дзяцей і падлеткаў. І тэатр «Батлейка», які адважна пазіцыянаваў сябе як прадаўжальніка нацыянальных традыцый, даволі хутка пачаў адчуваць дэфіцыт літаратурнага матэрыялу. Бо адна з асаблівасцей існавання тэатра ў маленькім горадзе -- неабходнасць пастаяннага абнаўлення рэпертуару.

Часткова выратоўвала «рэжысёрская» драматургія. Ва ўмовах перманентнай нястачы п’ес для тэатраў лялек шмат якія рэжысёры самі бяруцца за пяро, робячы інсцэніроўкі вядомых літаратурных твораў. Гэтая практыка цалкам сябе апраўдвае, у тым ліку і ў «Батлейцы». Менавіта так у яе рэпертуары з’явіліся вельмі цікавыя, па-мастацку значныя спектаклі «Казкі з куфэрка», «Пра дурня Янку, які страху не ведаў» (1996, 1997 -- аўтар абедзвюх п’ес і рэжысёр Алег Жугжда), «Пакінуты ўсімі» паводле казкі Ханса Крысціяна Андэрсена «Брыдкае качаня» (1998, аўтар п’есы і рэжысёр Аляксей Ляляўскі).

С
/i/content/pi/mast/22/398/46.jpg
"Залатая табакерка" паводле беларускай народнай казкі.
пектакль «Пакінуты ўсімі» адносіцца да шэрагу бясспрэчных удач тэатра «Батлейка» і рэжысёра Ляляўскага -- пры тым, што сцэнічная версія казкі нашмат больш трагічная, чым яе літаратурная першакрыніца. Ляляўскі змяніў фінал, у ягоным спектаклі брыдкае качаня не паспявае вырасці, яму не суджана ператварыцца ў прыгожага лебедзя. Выгнанае суродзічамі з птушынага двара, яно замярзае ў праталіне маленькага стаўка і чараду дзівосных лебедзяў бачыць не наяве, а ў перадсмяротным забыцці…

Мастак Валерый Рачкоўскі не стаў узнаўляць у дэкарацыі апісаны Андэрсенам патрыярхальны птушнік. Ён змясціў дзею спектакля ў абставіны сучаснай птушкафабрыкі, дзе пануе цяснота і жорсткі вытворчы прагматызм. У гэтых варунках мае вартасць толькі той, хто ўмее нагульваць мяса і несці яйкі. І смерць тут -- справа абсалютна будзённая і эканамічна апраўданая. Гэты свет выкідвае мізэрнае кволае качаня як бескарысны, нікому не патрэбны прадмет. І тады «пакінутая ўсімі» маленькая птушка марудна памірае ад холаду, абыякавасці, адзіноты.

Нягледзячы на такі нечаканы фінал, што прыводзіць гледача ў шок, гэты спектакль можна назваць адным з лепшых увасабленняў казкі Андэрсена на сучаснай сцэне. Ён прадстаўляў тэатр «Батлейка» на некалькіх міжнародных тэатральных фестывалях і дагэтуль захоўваецца ў бягучым рэпертуары.

Спектакль «Казкі з куфэрка», створаны Алегам Жугждам па матывах фальклору Віленскага павета, таксама зведаў гучны поспех у Італіі (Верона, 1996), Малдове (Кішынёў, 2000), Украіне (Івана-Франкоўск, 2007), Расіі (Санкт-Пецярбург, 2008) і многіх іншых краінах.

Аднак круг беларускіх драматургаў, якія супрацоўнічалі з тэатрам, з цягам часу звужваўся, папаўняць рэпертуар арыгінальнымі творамі рабілася ўсё больш складана. І пачынаючы з 2001 года доля айчыннай драматургіі ў афішы «Батлейкі» стала паступова скарачацца, саступаючы месца папулярным казкам Андэрсена, Шварца, братоў Грым і іншых замежных аўтараў.

На тое былі аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Аб’ектыўныя заключаліся ў агульным крызісе драматургіі, які не пераадолены да гэтай пары. Прычым у драматычных тэатрах нястача сучасных п’ес адчувалася, бадай, яшчэ больш востра, чым у лялечных: дзіцячыя тэатры знаходзілі выйсце ў інсцэніроўках папулярных казак. Драматургічны крызіс звязаны не столькі з тэатральным працэсам, колькі з працэсам літаратурным. Карані драматургіі -- на літаратурным полі, толькі плады яе лепш бачныя на тэатральным.

Гэта -- асобная і надта шырокая тэма, якая не з’яўляецца для нас асноўнай. Заўважым толькі, што літаратурны і драматургічны крызіс аказаўся асабліва адчувальным для тых тэатраў, якія былі арыентаваны на стварэнне арыгінальнага рэпертуару. Безумоўна, да іх ліку адносіцца маладзечанская «Батлейка».

Суб’ектыўныя прычыны карэкціроўкі рэпертуарнай палітыкі тэатра палягалі ў частай змене рэжысуры. Кожны пастаноўшчык меў уласныя літаратурныя прыхільнасці, і яны не заўсёды супадалі з творчай праграмай тэатра «Батлейка».

Блізкасць сталіцы не магла не адбіцца на кадравай сітуацыі. За васемнаццаць гадоў у «Батлейцы» паспелі папрацаваць рэжысёры Сяргей Юркевіч, Галіна Карбаўнічая, Юрый Сарычаў, Андрэй Жыгадла. Зараз галоўным рэжысёрам з’яўляецца Мікалай Андрэеў. Разавыя пастаноўкі ажыццяўлялі Алег Жугжда, Аляксей Ляляўскі, Віктар Калядзіч, Дзмітрый Нуянзін, Аляксандр Барбаш, Уладзімір Грамовіч, Уладзімір Уладыка і іншыя.

Такая разнастайнасць рэжысёрскіх індывідуальнасцей, творчых почыркаў, стыляў і густаў магла б абярнуцца эклектыкай і нестабільнасцю, але ад гэтага «Батлейку» здолела ўсцерагчы яе нязменны дырэктар Ала Палякова. Шмат у чым дзякуючы ёй тэатр застаўся верным сваёй эстэтычнай праграме, імкненню да арыгінальнага рэпертуару.

Пазітыўным стабілізуючым момантам у жыцці ўстановы была праца галоўнага мастака Валерыя Рачкоўскага. У лялечным тэатры ўзровень сцэнаграфіі з’яўляецца ці не асноўным фактарам, які вызначае мастацкую вартасць спектакляў. На працягу амаль усёй гісторыі «Батлейкі» (а Рачкоўскі працаваў у ёй з моманту заснавання да 2008 года) створаныя ім лялькі і дэкарацыі адпавядалі самым высокім прафесійным крытэрыям. Яму ўдалося стварыць пазнавальны сцэнаграфічны стыль. У дэкарацыйных вырашэннях многіх спектакляў Рачкоўскі выкарыстоўваў канструкцыі батлеечнага тэатра, падтрымліваючы творчае крэда і назву ўстановы на візуальным узроўні. Прычым раз-пораз рабіў гэта на самым нечаканым драматургічным матэрыяле, досыць далёкім ад народнай тэатральнай традыцыі.

За першае дзесяцігоддзе працы «Батлейкі» маладзечанскі глядач прызвычаіўся бачыць на сцэне лялечнага тэатра новыя казкі, расказаныя па-беларуску. Да таго ж гэта былі казкі, якія паказваліся толькі тут: «Хохлік», «Меч анёла», «Жабкі і Чарапашка», «Страшнік Гам».

Як ужо адзначалася вышэй, пасля 2000 года рэпертуарная афіша «Батлейкі» пачала павольна змяняцца. У ёй па-ранейшаму было нямала нацыянальнай драматургіі і інсцэніровак класікі. Пятро Васючэнка стварыў п’есу па матывах гогалеўскага «Носа», напісаў «Новы Калабок» -- сучасную версію вядомай казкі. Прэм’еры спектакляў паводле гэтых п’ес адбыліся ў 2000 годзе. Стодваццацігадовы юбілей Янкі Купалы тэатр адзначыў спектаклем «Яна і Я», у аснову якога былі пакладзены вершы класіка (аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр Уладзімір Уладака, 2003). Поруч з гэтымі пастаноўкамі ў афішы тэатра з’явіліся спектаклі «Храбры кравец» паводле братоў Грым, а таксама «Па шчупаковым загадзе» і «Васіліса Прыгожая» паводле рускіх народных казак. Рэпертуар для дарослага гледача папоўніўся спектаклем «Голы кароль» па п’есе Яўгена Шварца. Рыхтуюцца да пастаноўкі спектаклі «Канёк-Гарбунок», «Казка пра цара Салтана», «Шчаўкунок».

Імкненне тэатра разнастаіць афішу з дапамогай замежнай казачнай класікі выглядае цалкам натуральна, а ў сітуацыі пастаяннага дэфіцыту нацыянальных п’ес -- гэта абсалютна непазбежны крок. Паколькі пераказваць рускую класіку па-беларуску ў становішчы рэальнага двухмоўя было немэтазгодна, зараз у бягучым рэпертуары маладзечанцаў ёсць спектаклі на абедзвюх мовах.

Змены, што адбываюцца ў тэатры «Батлейка», зразумелыя і заканамерныя. Пэўную трывогу выклікае толькі факт адсутнасці сучасных айчынных п’ес у бліжэйшых пастановачных планах. Мы ведаем, што тэатр адкрыты для супрацоўніцтва з беларускімі аўтарамі, але яму ўсё больш складана ажыццяўляць свае мастацкія прыярытэты і кіравацца праграмай па адраджэнні і развіцці нацыянальнай культуры.

Не варта заплюшчваць вочы на тое, што драматургія, як і культура ў цэлым, цягам апошняга дзесяцігоддзя панесла значныя страты ў «жывой сіле». Прэстыж прафесій, звязаных з культурай, навукай і мастацтвам, значна знізіўся, як і ўзровень аплаты працы ў гэтых сферах, і новае пакаленне аддае перавагу іншым відам дзейнасці. Усё часцей нашы драматургі мяняюць прафесійную арыентацыю, усё радзей з’яўляюцца новыя імёны.

А між тым, накірунак на папулярызацыю беларушчыны, абраны тэатрам «Батлейка» ў пачатку яго творчага шляху, быў абсалютна слушным, і важнасць менавіта такога падыходу захоўваецца да нашых дзён. Актуальныя задачы сучаснай культуры звязаны з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй беларускага народа, аднаўленнем гістарычнай памяці, увасабленнем найважнейшых падзей і вобразаў мінулага. Менавіта тэатр здольны ажывіць гэтыя падзеі, наблізіць іх да сённяшняга гледача, зрабіць радкі з падручніка па гісторыі бачнымі, чутнымі і рэальнымі. І ніякія часовыя складанасці гэтых задач адмяніць не могуць. Таму тэатры, якія бяруцца за іх вырашэнне, заслугоўваюць найвялікшай увагі і падтрымкі -- як маральнай, так і матэрыяльнай. Напрыклад, дастатковай колькасці дзяржзаказаў на стварэнне арыгінальных сцэнічных работ.

Тэатр -- калектыўнае мастацтва, і тэатральны поспех заўсёды мае шмат складнікаў: гэта і творчыя прыярытэты, і прафесіяналізм трупы, і ўменне фарміраваць рэпертуар, і адкрытасць для эксперымента... Маладзечанская «Батлейка» валодае многімі з пералічаных якасцей, і гэта дае падставу спадзявацца, што яна яшчэ доўгія гады будзе яркай і самабытнай з’явай у культурным жыцці Беларусі.

Галіна Алісейчык