Рух фарбы з хуткасцю вады

№ 8 (317) 01.08.2009 - 31.08.2009 г

У Полацкай мастацкай галерэі адкрылася 2-я Міжнародная біенале акварэлі «Вада+фарба». У ёй прынялі ўдзел мастакі з Беларусі, Літвы, Латвіі, Расіі і Украіны. Мэта імпрэзы -- пазнаёміць гледача з сучаснымі тэндэнцыямі развіцця акварэлі, паказаць своеасаблівасць нацыянальных школ. Куратар праекта -- дырэктар галерэі Ларыса Лысенка.

А
/i/content/pi/mast/22/393/24.jpg
Генадзь Шутаў. Ёлачныя цацкі. Акварэль. 2008.
кварэльныя біенале звычайна падзяляюцца паводле канцэпцыі. Некаторыя з іх строга вытрымліваюць фармат: акварэль і толькі, ніякіх дадатковых тэхнік, што парушаюць чысціню вобраза. І гэта зразумела -- патэнцыял акварэлі далёка не вычарпаны, рарытэтнасць гэтага мастацтва, што перажыло катаклізмы мінулага стагоддзя, сёння цэніцца асабліва.

Полацкая выстава была заснавана на іншых пазіцыях. Назваўшы біенале «Вада+фарба», Ларыса Лысенка тым самым пашырыла фармат. Прымаліся творы і ў змешанай тэхніцы, бо той жа акрыл раствараецца вадой, а калажныя ўстаўкі могуць тонка падкрэсліць «акварэльны пасыл». Убачыць у акварэлі самастойны від мастацтва, а не частку графікі ці нейкі пераходны стан паміж жывапісам і графікай, -- такая была аснова канцэпцыі, закладзенай у біенале. Зыходзячы з гэтага і адбіраліся для ўдзелу яркія творчыя індывідуальнасці, прычым не абавязкова -- прафесійныя акварэлісты.

Куратара цікавіла не сама тэхніка пісьма «вадзянымі фарбамі», а яе развіццё ў часе, адэкватнасць сённяшняму дню, адпаведнасць сучаснаму мысленню. Біенале дала магчымасць асэнсаваць, куды рухаецца акварэль, якія сродкі яна прапануе для стварэння вобразаў, да якіх эксперыментаў схільная. Шкада, што для грунтоўнага аналізу ўсё ж відавочна не ставала маштабу, удзельнікаў з краін з прынцыпова іншымі культурнымі традыцыямі.

Такім чынам -- акварэль. Вытокі яе ў кітайскім вадзяным жывапісе, які стаў развівацца неўзабаве пасля вынаходніцтва паперы. У сярэднія вякі ў Еўропе водараспушчальныя фарбы выкарыстоўвалі для расфарбоўкі малюнка. Патэнцыял гэтай тэхнікі доўгі час быў незапатрабаваны, прыклады ўвагі да яе мастакоў -- адзінкавыя (з хрэстаматыйных твораў -- «Заяц» Дзюрэра). Акварэль у яе сучасным разуменні зараджаецца ў Англіі, дзе ў часы Цёрнера і Гёрціна лічыцца нацыянальным мастацтвам. Другі росквіт яна перажыла ў перыяд імпрэсіянізму, калі, падаецца, сам стыль, заклапочаны перадачай зменлівага руху, выклікаў яе да жыцця. Тэндэнцыю развіцця графікі -- ад лініі да плямы і тону -- прааналізаваў выдатны даследчык Барыс Віпер. Ён зазначаў, што «ў кожнай эпохі свой улюбёны інструмент для малявання, які найбольш адпавядае яе мастацкаму светаўспрыманню, прычым гістарычная змена гэтых інструментаў складваецца ў паслядоўную эвалюцыю графічнага стылю».

Акварэльная фарба пры растварэнні ў вадзе ўтварае празрыстую суспензію тонкага пігменту. Святло адлюстроўваецца ў белай паперы і вяртаецца назад -- праз слаі фарбы. Гэтая тэхніка імклівая і нечаканая, капрызная і наравістая. Тут ствараецца адметная эмоцыя -- свежасць першага ўражання, непасрэднасць адчування. Акварэлісты -- віртуозы жывапісу, ім патрабуецца майстэрства асаблівага кшталту, бо часта твор трэба напісаць за той кароткі час, пакуль сохне папера. Якую б тэхніку ні выбраў майстар: ці экспрэсіўную а-ля прыма (нанясенне фарбы адразу ў поўны тон), ці павольны апавядальны метад лесіровак (адзін слой невялікімі мазкамі наносіцца на другі), ці корпусную тэхніку з прымяненнем бялілаў, -- яна дае магчымасць выказацца і рамантыкам, і філосафам. Дазваляе перадаць і плаўныя пераходы, і імклівы рух, стварыць тонкія каларыстычныя фарбавыя калажы.

У тэхніцы акварэлі мастаку даводзіцца працаваць з матэрыялам, які часта паводзіць сябе вельмі незалежна. Нейкія эфекты прадбачыць можна, але часам даводзіцца толькі сачыць і накіроўваць натуральнае самараскрыццё вобраза. Гэтае мастацтва схіляе да імправізацыі.

Мастацтва акварэлі сапраўды балансуе паміж графікай і жывапісам. Тут магчымы і фотарэалізм з яго ілюзіяй прасторы і амаль поўным ігнараваннем плоскай паверхні аркуша. Але звычайна акварэль адбірае ў колеру яго функцыю пабудовы ілюзіі трохмернай прасторы дзеля стварэння прасторы самога твора. Як сказаў аднойчы ўдзельнік гэтай выставы віцебскі мастак Алег Кастагрыз: «Мяне не надта цікавіць, жывапісам ці графікай назавуць маю работу. Больш за ўсё я хачу, каб колер радаваў вока і жыў сваім акварэльным жыццём».

Сучасная акварэль адэкватна настроям часу, нас вабіць у ёй рукатворнасць, імправізацыйнасць і свежасць вобразаў. Мастак можа рухацца ў рэчышчы традыцыі і быць цікавым сучасніку. Рамкі, абмежаванні часта пашыраюць падыходы, служаць стымуламі развіцця. Акварэль натуральна асвойвае і новыя прыёмы, спалучаецца з іншымі тэхнікамі. Не любая паверхня згодная яе прыняць, але гэтае мабільнае мастацтва можа станавіцца часткай любога праекта. Як, напрыклад, у Валянціны Ляховіч, якая робіць акварэльны жывапіс арганічнай часткай сваіх аб’ектаў.

Агляд выставы я нездарма пачынаю з віцебскіх творцаў. Менавіта яны паспрыялі вяртанню акварэлі з перыферыі адукацыйнага працэсу ў паўнавартаснае мастацкае жыццё. Ля вытокаў аб’яднання «Віцебская акварэль» (1995) стаяў Іван Сталяроў. Дзякуючы яму былі створаны праграмы і дапаможнікі для навучання акварэльнаму жывапісу, які быў вылучаны ў самастойны курс на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. Фарміраванню школы спрыялі адзінства праграмы навучання і адметнае мастакоўскае асяроддзе, якое пастаянна папаўнялася носьбітамі новых ідэй.

У
/i/content/pi/mast/22/393/25.jpg
Відмантас Зарэка (Літва). Карабель. Акварэль. 2008.
работах Фелікса Гумена пазнавальны стыль ствараюць шырокі палёт пэндзля, яркая каларыстычная гама. Гумен стаў настаўнікам для многіх віцебскіх мастакоў. «Сталяроў даў класічнае разуменне акварэлі, а Гумен нацэльваў на эксперымент», -- згадвае выпускніца мастацка-графічнага факультэта Валянціна Ляховіч. Любоў да эксперымента ўрэшце выявілася ў шырокім дыяпазоне яе творчых здзяйсненняў. Жывапіс Валянціны працуе прасторава (у літаральным сэнсе -- бо так багата яго на яе арт-аб’ектах) і візуальна: яе акварэлі маштабныя, з вельмі моцным колеравым уздзеяннем і выразнай архітэктонікай. Сярод віцебскіх эксперыментатараў і Антаніна Фалей. Яе акварэлі нагадваюць калажы: колеравыя плямы маюць выразныя формы; паўпразрыстыя, яны наслойваюцца і злучаюцца паміж сабой імклівым рухам графічнай лініі. У акварэлі «Прыцяжэнне» Святланы Урублеўскай -- выразная кампазіцыя: тут хаос і яго ўпарадкаванне, празрыстасць фарбы і правільнасць геаметрычных форм -- усё стварае эмацыянальнае напружанне твора. Тонкасць лініі і складаныя каларыстычныя рашэнні характэрны для твораў Леаніда Мядзведскага. Адзін з карыфеяў віцебскай акварэлі Генадзь Шутаў, у адрозненне ад сваіх маладзейшых калег, не эксперыментуе з тэхнікай. Грунтоўны і ўдумлівы апавядальнік, ён стварае насычаныя дэталямі філасофскія навелы. Прадметы на яго нацюрмортах -- увасабленне тонкай матэрыі ідэй, а не матэрыяльнага свету чалавека. Яго жонка, Ірына Шутава, паказала творы экспрэсіўныя, супрацьлеглыя творам Генадзя па форме выказвання, але па сутнасці, па глыбіні даследавання ўнутранага свету -- сугучныя. Аляксандр Карпан працягвае традыцыі школы, імкнучыся да максімальнай выразнасці, свежасці і адначасова -- да моцнага гучання фарбы, фактуры, кампазіцыі. Міхаіл Ляўковіч стварае складаныя вобразныя структуры, тонка працуючы з каларытам.  Віцебская акварэль актыўна развіваецца, засвойваючы сучасныя тэндэнцыі. Яна разнастайная -- па стылі, па характары творчага мыслення, па формах увасаблення. Ядналі ж мастакоў імкненне да выразнасці індывідуальнай пластыкі, тонкі каларыстычны пошук.

Упершыню ўдзельнічаў у біенале гродзенскі мастак Анатоль Бурчык. Ён прадставіў акварэльныя краявіды, у якіх праз складаныя нюансы тэхнікі даследаваў структуры рэальнага пейзажа. Аляксандр Канавалаў, вядомы сваімі жывапіснымі творамі і калажамі, на гэтай выставе паказаў і акварэльныя работы. Дзякуючы хуткасці пэндзля кожны этап станаўлення вобраза эмацыянальна фіксуецца мастаком. Гэта выразныя па архітэктоніцы творы. Лёгкасць тэхнікі, прыцішанасць колеравага вырашэння надаюць работам асаблівую прывабнасць. На тонкіх эфектах пераходаў паміж рознымі станамі, на аптычнай ілюзіі рухомай паверхні былі пабудаваны творы мінчан Валянціны Сідаравай, Рыты Цімохавай, Сяргея Пісарэнкі. Пры ўсіх адрозненнях іх светапогляду і жывапісных манер, акварэль дае ім магчымасць на пранізліва-напружанай ноце цішыні ствараць вобразы ледзь не прывідныя, якія знаходзяцца ў пастаянным і няўлоўным руху развіцця. Немагчыма ўявіць такія творы напісанымі пастэллю або алеем на палатне -- менавіта тут важнасць паперы і празрыстасці, гэтых дзвюх галоўных прыкметаў акварэлі, асабліва відавочная. Патрыярх мінскай акварэлі Святлана Каткова мае смеласць вольна абыходзіцца з гэтай тэхнікай. Яе магутныя па рытмах, выразныя па пабудове кампазіцыі работы прывабліваюць сілай энергетыкі, моцай мастакоўскага выказвання. Вячаслаў Паўлавец ад рамантычных вобразаў нечакана перайшоў да негатыўных адбіткаў краявідаў, чорная, патрэсканая фактура якіх спрыяе ўражанню трагічна спыненага часу. Творы Паўла Татарнікава выразныя па рашэнні, яны заўсёды спыняюць позірк як тонка прапрацаваным сілуэтным малюнкам, так і глыбокім гучаннем колеравай гамы. Уладзімір Савіч назваў свой твор «Шлях 247»: менавіта столькі кіламетраў яму давялося пераадолець, каб даехаць да Полацка. Мноства невялікіх імпрэсій у каляровых паспарту -- нібы радкі вершаў: кожны эцюд -- эмоцыя, думка. Таццяна Радзівілка акрэслівае яшчэ адзін кірунак акварэльнага пошуку: у творы «Зіхаценне» спалучае віртуальны свет экрана і рэальны свет дзіцяці, прасочваючы траекторыю іх перасячэння рытмам геаметрычных форм.

Расійскую экспазіцыю складалі творы членаў Санкт-Пецярбургскага таварыства акварэлістаў. Яно падтрымлівае і развівае традыцыі Санкт-Пецярбургскага Імператарскага таварыства акварэлістаў, якое было заснавана ў 1887 годзе і існавала да рэвалюцыйных падзей пачатку мінулага стагоддзя. Першым старшынёй таварыства быў Альберт Бенуа. Арганізацыя адрадзілася ў 1997 годзе высілкамі заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Абрама Раскіна і пецярбургскіх мастакоў Ніны Дзьякавай і Юрыя Шэўчыка. Работы гэтых творцаў былі ў экспазіцыі, а Юрый Шэўчык пасля ўрачыстага адкрыцця біенале правёў майстар-клас. Гледачы маглі паназіраць працэс стварэння яго работ: мастак выціскаў на кавалачкі паперы фарбу з цюбіка, наносіў яе на шкло смелымі рухамі. Пасля прыціскаў вялікія аркушы паперы. Кожны раз твор атрымліваўся непадобным на папярэдні.

У расійскай частцы экспазіцыі панавалі разнастайнасць стыляў і тэхнік. Па-майстэрску выпісаны ілюзорныя творы Алены Базанавай. Аўтар не імкнецца да поўнага фотарэалізму: хоць тэхніка акварэлі і дае магчымасць дасягнуць вельмі блізкага падабенства выявы, мастачка па-майстэрску спалучае дэталі рэальнага свету з вольнасцю фактуры. Акварэлі Асіі Ганіевай-Лапцевай насычаны колеравымі кантрастамі. Іх вызначае яркая гама, неўласцівая санкт-пецярбургскай акварэлі. Любоў Пакуліна працуе імклівым пастозным мазком, што асабліва спрыяе нейкай наўмыснай нязграбнасці, шорсткасці гэтых цёплых, дамашніх патрыярхальных вобразаў. Для Зінаіды Рэўчук тэхніка акварэлі -- магчымасць захаваць і хуткасць імпрэсіі, і глыбіню вырашэння. Вобразна складаныя творы Ніны Дзьякавай напоўнены асаблівымі сімвалічнымі прадчуваннямі; мяккія і лірычныя творы ў Алега Памеранцава. Для работ пецярбуржцаў характэрны стылістычна шырокі дыяпазон, адмысловая танальнасць асабістага, інтымнага выказвання.

Бясспрэчна вылучалася латышская частка экспазіцыі. Там панавалі найперш эмоцыі і колер. Дзеля шматзначнасці сэнсаў мастакі лёгка пераходзяць да калажнасці, спалучаюць тэхнікі ў адным творы, бо ад такіх «сутыкненняў» нараджаецца больш шырокае поле інтэрпрэтацый. Так у этнаграфічны матыў можа ўрывацца газетная ці віртуальная стылістыка. Безумоўна, гэта яркая школа. І відавочна, што межы тэхнікі, жанру не маюць тут ніякага значэння. Усе сродкі падначальваюцца ідэі, асобе, духу сучаснасці. Класік латышскага жывапісу -- Джэма Скулмэ. Непаўторная атмасфера твора «Народныя песні» -- у рытмах ліній, у вольным і незалежным ад формы цячэнні колераў. Творы Аніты Мелдэрэ экспрэсіўныя, яркія па каларыце. «У сваім жывапісе я спрабавала перадаць крохкасць і сілу жыцця, -- расказвае мастачка, -- значэнне і прысутнасць любові і надзею на існаванне вечнасці». Медытатыўным гучаннем напоўнены творы Яна Спалвінша. У акварэлях Іаланты Спалвіне адчуваецца вельмі тонкае разуменне тэхнікі. «Раптам» атрымліваюцца падцёкі, праступае эскізны малюнак алоўкам, форма «выпадкова» ўтвараецца абцяканнем фарбы. Мастачка раскрывае нам механізмы стварэння выявы, а не хавае працэс за дасканаласцю пісьма. І гэта не выглядае халодным аналізам, падаецца -- гэта асаблівая мастакоўская шчырасць.

Л
/i/content/pi/mast/22/393/26.jpg
Эдзіта Суджутэ (Літва). Germination. акварэль. 2008.
ітва ўразіла тонкім спалучэннем перажывання і аналітыкі. Акварэль прываблівае сваімі асаблівымі здольнасцямі выказваць інтуітыўныя прадчуванні, зараджэнне думкі ці згасанне эмоцыі. Карацей, магчымасцю весці на аркушы паперы інтэлектуальную гульню. Сёння літоўская акварэль адкрытая для эксперымента, яна аб’ядноўваецца з графікай, калажом, з аб’емнымі аб’ектамі і відэа-артам. Адначасова працягвае развівацца і традыцыйная тэхніка. Відмантас Зарэка дасягае ў сваіх творах абсалютнага валадарства над выяўленчымі сродкамі -- настолькі пачуццёва дакладна і інтэлектуальна напружана выбудавана эфемерная і адначасова гіперрэальная прастора гэтых прац. Эдзіта Суджутэ напоўніцу выкарыстоўвае калажныя эфекты: праз паўпразрыстыя слаі фарбы біянічныя формы ўтвараюцца на нейкіх уласных законах арганікі. У адной з залаў экспазіцыі выставілі экран: на відэаінсталяцыі Гінтаўтаса Вайчыса бясконца змешваліся два патокі вады, утвараючы нечаканыя акварэльна-прыродныя кампазіцыі.

Ва ўкраінскай частцы экспазіцыі панавалі традыцыйныя тэмы і вольныя іх інтэрпрэтацыі, класічны фармат і праца з сучаснымі ідэямі.

Словам, біенале насамрэч пераконвае: акварэль -- не проста тэхніка, гэта -- мастацтва, што стварае своеасаблівае адчуванне свету, увасобленае лёгка і без прадузятасці. Мастацтва выпадковасцей і тонкіх нюансаў, мастацтва, дзе аўтару практычна немагчыма схаваць сваё няўменне або няшчырасць.

 

Алеся Белявец