ПАДЗЕІ І ТЭНДЭНЦЫІ

№ 6 (315) 18.06.2009 - 18.07.2009 г


музыка

«Мядзведзь» — эстэтыка гульні і парадокса

/i/content/pi/mast/19/375/14-.jpg 
"Мядзведзь" Сяргея Картэса. Алена Бундзелева (Папова), Станіслаў Трыфанаў (Смірноў).
Сусветная оперная прастора ў апошнія дзесяцігоддзі ўсё часцей выводзіць на авансцэну чэхаўскіх герояў. І невыпадкова. Мастакоў прыцягвае россып пазачасавых ідэй, закладзеных у драматургічнай паэтыцы, а ў сітуацыях, якія разыгрываюцца чэхаўскімі героямі, адкрываюцца вечныя матывы-знакі. І вось новы здабытак: зіхатлівая інтэрпрэтацыя чэхаўскай камедыі «Мядзведзь» — аднайменная камерная опера ў адной дзеі Сяргея Картэса, лібрэта якой было напісана Уладзімірам Халіпам.

Ідэя стварэння другой камічнай оперы па п’есе Чэхава (першая — «Юбілей») для Сяргея Картэса аказалася сугучнай усім яго творчым устаноўкам і тэатральным ідэалам: «П’еса Чэхава “Мядзведзь” дасканалая. У ёй з асаблівай дакладнасцю выпісаныя вобразы герояў, яркія сцэнічныя сітуацыі, яна вылучаецца выдатнай прастатой і дасціпнасцю паэтычнай мовы. Я не мог прайсці міма гэтага сачынення і... напісаў оперу!» Працягваючы пошукі ва ўпадабаным жанры, кампазітар выявіў сябе майстрам тонкага псіхалагічнага партрэта, які ўмела маніпулюе характарамі-інтанацыямі.

Геніяльная прастата чэхаўскага твора, задуманага вялікім драматургам як жарт у духу французскага вадэвільчыка, гэткага «тру-ля-ля», адкрывае замкнёны камерны свет-космас, у якім час кантактаў герояў абмежаваны некалькімі гадзінамі, але пры гэтым незвычайна дэталізуецца кожная хвіліна і ўвага канцэнтруецца на асобных словах і нюансах. Грунтам чэхаўскай камедыі зрабілася эстэтыка гульні і парадокса, логіка «выпадковага». І разам з тым гэта лірычная гісторыя пра каханне, якое нясе вызваленне ад унутраных комплексаў.

Канцэртна-сцэнічная пастаноўка оперы (рэжысёр Галіна Галкоўская), прадстаўленая на сцэне Белдзяржфілармоніі, дала слухачам магчымасць атрымаць асалоду ад зіхатлівых сюжэтных калізій, бліскучых слоўна-інтанацыйных паваротаў і музычных вобразаў-пярэкрутаў («вочы чорныя», спакуслівыя «ямачкі на шчочках», пазачасавы вокліч-захапленне «Якая жанчына!» і г.д.). Складаная мастацкая задача была з бляскам вырашана спевакамі-акцёрамі: на вачах ліслівага лёкая Лукі (Юрый Балацько) адбываецца цудоўнае пераўвасабленне няўцешнай удоўкі Паповай (Алена Бундзелева) у асляпляльную какетку, а грубавата-нязграбнага Смірнова-Мядзведзя, нестарога памешчыка (Станіслаў Трыфанаў), — у рамантыка-залётніка. Адзначым арганічную і эмацыйна дакладную адпаведнасць кожнага з іх інтэрпрэтаванаму персанажу-вобразу. А насычаная складанымі рытма-інтанацыйнымі структурамі музычная партытура, у якой кампазітар выкарыстаў увесь арсенал камічнай оперы (ад акрэсленай характарнасці да парадыйнай завостранасці), была бездакорна ўвасоблена Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь. (Ініцыятар пастаноўкі, музычны кіраўнік і дырыжор — Аляксандр Анісімаў. Дарэчы, менавіта яму прысвяціў кампазітар сваё новае сачыненне.)

У прасторы чэхаўскіх тэкстаў «себя как в зеркале мы видим», але гэтая самаіронія мае лекавы эфект і здольная вярнуць нам свабоду, прыгажосць і гармонію ўнутранага свету.

Наталля Ганул.

Танцавальны drive па-беларуску

/i/content/pi/mast/19/375/15.jpg 
 "Арт-мажор-2009".
Што такое танец? Праява эмацыйнай і сэнсавай энергіі або нават згустак яе. Увасабленне дынамікі жыцця, яго імклівай плыні. Танец — ці не лепшая, ці не найбольш яскравая іпастась маладзёжнага мастацтва. Пра ўсё гэта думалася падчас справаздачнага канцэрта кафедры харэаграфіі БДУ культуры і мастацтваў (загадчык кафедры Святлана Гуткоўская). Праект паказваўся ў межах фестывалю «Арт-мажор-2009» і прысвячаўся 65-годдзю вызвалення Беларусі. Традыцыйна такія вясновыя паказы праходзяць з аншлагам, бо ў зале ДК чыгуначнікаў збіраюцца не толькі вядомыя дзеячы айчыннай харэаграфіі, але і зацікаўленая маладзёжная аўдыторыя. Тлумачэнне простае. Танцавальных калектываў, студый, прыватных школ танца ў нас хапае. А вось новых харэаграфічных уражанняў і вобразаў відавочна не стае.

Студэнты і выпускнікі прадстаўлялі свае харэаграфічныя пастаноўкі, зробленыя пад кіраўніцтвам педагогаў. Чым адрознівалася гэтая прэзэнтацыя ад папярэдніх? Найперш імклівасцю, дынамікай, разумным балансам паміж рознымі плынямі харэаграфіі — аўтарска-сучаснай, эстраднай, бальнай, народнай. (У ранейшых праграмах апошні накірунак чамусь заўсёды дамінаваў.)

Пошукам пластычнай і сэнсавай выразнасці пазначаны работы майстэрні эстраднага танца («Подых жыцця», «Свечка гарэла»). Але нават сярод іх вылучалася мініяцюра «Лугавая трава» — моцная па эмоцыях, дынамічная, яна надзвычай дакладна стасавалася з прысвячэннем праграмы 65-годдзю вызвалення Беларусі. Надзвычай відовішчнымі паўсталі нумары бальнікаў — «Танга», «Самба» і асабліва суперімклівы «Джайв» (дзе літаральна зіхацеў майстэрствам чэмпіён Беларусі па спартыўных танцах, паўфіналіст Кубка свету і Еўропы Вячаслаў Чыжык).

Гумару і ў музыцы, і ў харэаграфіі заўсёды мала, ён заўжды запатрабаваны. Менавіта таму гарачы глядацкі водгук мела дасціпная і вынаходлівая харэаграфічная замалёўка «Мастак абы-як». З нецярплівасцю чакалі аматары сучаснай танцавальнай пластыкі паказу яшчэ дзвюх разгорнутых сцэн, якія сталіся плёнам супрацоўніцтва студэнтаў кафедры і амерыканскага харэографа Майкла Паркса. Гэта ўрывак з мюзікла West Side Story (на музыку Вэбера) і пастаноўка I Love Broadway (на музыку з мюзікла Hairspray). Вынік пераканаў: не толькі знаёмства з новай танцавальнай мовай, але і яе засваенне аказалася надзвычай карысным для нашых студэнтаў. Пра гэта сведчылі пластычная разняволенасць і тое відавочнае задавальненне, з якім яны танцавалі...

Т.М.

У параўнанні з іншымі зоркамі

 /i/content/pi/mast/19/375/15-.jpg
 Mandolinissimo -- ансамблі, аркестры, салісты...
Міжнародныя дні мандалінна-гітарнай музыкі Mandolinissimo прайшлі ў межах 26-га Міжнароднага фестывалю музыкі «Мінская вясна-2009». Як і ўвесь фестываль, свята было прымеркавана да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прысвячэнне вялікай даце сталася далёка не фармальным.

Асацыяцыя беларускіх дамрыстаў і мандаліністаў пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў, якую ўзначальвае саліст сталічнай філармоніі Мікалай Марэцкі, нядаўна была прынята ў Еўрапейскую гітарна-мандалінную асацыяцыю. Адна толькі Наталля Корсак з’яўляецца лаўрэатам ажно дзевяці міжнародных конкурсаў (на некаторых з іх яна была ўзнагароджана новымі інструментамі лепшых майстроў свету). Шырокую вядомасць прыносяць нашай школе і беларускія музыканты, якія працягваюць навучанне, жывуць і працуюць у замежжы: Каця Пракопчык (Германія), Аліна Сакалоўская (Эстонія).

Гасцямі Mandolinissimo былі і сусветна вядомыя майстры з Японіі, Венесуэлы, Францыі. Той жа Масанобу Нішыгакі — літаральна культавае імя сучаснага гітарнага свету: цудоўны выканаўца, арыгінальны кампазітар, нястомны рэдактар, аранжыроўшчык, паспяховы выдавец, нарэшце, педагог, які правёў у Мінску майстар-класы. Сусветныя зоркі не проста выступалі на фестывалі побач з нашымі музыкантамі, яны ўтваралі сумесныя ансамблі, часам імправізацыйныя. А ў фінале апошняга канцэрта дэмакратычна ўліліся ў Мінскі мандалінна-гітарны аркестр. Ды не салістамі, а такімі ж удзельнікамі, як усе астатнія.

Добра складзеная праграма дапамагала вызначыць адметнасці кожнай нацыянальнай школы і індывідуальныя якасці выканаўцаў. Першы вечар — класічныя дуэты мандаліны і гітары. Другі — саліраванне (не толькі мандаліны ці гітары, але і квартэта мандалін) з Беларускім камерным аркестрам на чале з Пятром Вандзілоўскім. Трэці канцэрт — стылёвая мазаіка ХХ стагоддзя, што ўключала і джазавы ансамбль, і мандалінна-гітарны аркестр.

Французская мандаліністка Сабіна Марзе іграла надзвычай настальгічна, без аніякай бравады, але амаль з балетнай грацыёзнасцю кожнай фразы. Венесуэлец Рыкарда Сандавал, узрошчаны на лацінаамерыканскім фальклоры, захаваў схільнасць да танцавальных мелодый, так званага «трэцяга напрамку», у якім яднаюцца здабыткі акадэмічнай і джазава-эстраднай музыкі. Яшчэ больш адметным «нацыянальным шыфрам» было пазначана гітарнае выкананне Масанобу Нішыгакі — нірвана, дый годзе!

Толькі ў параўнанні з іншымі зорнымі выканаўцамі можна было ацаніць майстэрства і асаблівую славянскую выразнасць выхаванцаў нашай школы — задумліва-рамантычную манеру Яна Скрыгана, поўную не знешніх, а ўнутраных эфектаў; адухоўленасць, пранікнёнасць, часам грацыёзную «капрызнасць» Каці Пракопчык.

Надзея Бунцэвіч.

Вечарына памяці

/i/content/pi/mast/19/375/16.jpg 
 На вечарыне памяці Віктара Помазава.
У Гомелі ў канцэртнай зале Каледжа мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага адбыўся канцэрт памяці кампазітара Віктара Помазава (1949–1986), прысвечаны 60-годдзю з дня яго нараджэння. Ініцыятарам правядзення мемарыяльнай вечарыны стаўся Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча. З гэтым знаным калектывам кампазітар супрацоўнічаў найбольш плённа.

Віктара Помазава называлі надзеяй беларускай музыкі — такім імклівым, зорным быў яго ўзлет у прафесійным музычным мастацтве пачатку 1980-х. Але лёс наканаваў гэтаму таленавітаму творцу незайздросную долю — заўчасную смерць ва ўзросце няпоўных 37 гадоў. Ураджэнец Гомеля і выпускнік Гомельскага музычнага вучылішча па класе баяна, Помазаў працягнуў адукацыю ў нашай кансерваторыі па класе кампазіцыі, дзе ён вучыўся ў карыфеяў беларускай музыкі Пятра Падкавырава і Яўгена Глебава. Творчасць Помазава мела грамадскае прызнанне — у 1986 годзе за стварэнне вакальна-сімфанічнай паэмы «Янка Купала» і сюіты «Батлейка» для народнага аркестра кампазітар быў ганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

Вечар памяці кампазітара адбыўся ў межах гастрольнага тура Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі па Гомельшчыне і стаў сапраўднай кульмінацыяй гастроляў. У праграму канцэрта былі ўключаны самыя яркія творы, спецыяльна напісаныя Помазавым для аркестра імя Жыновіча па просьбе кіраўніка калектыву Міхаіла Казінца. Гэта сюіты «Батлейка» і «Вясковыя музыкі» і сімфанічная паэма «Заслаўская легенда», а таксама канцэрт для баяна Андрэя Мдывані памяці Помазава, які бліскуча выканала вядучая салістка Святлана Лясун.

У партытуры сваіх твораў для народнага аркестра для стварэння асаблівых каларыстычных эфектаў Помазаў увёў партыі скрыпак і труб, для выканання якіх былі запрошаны гомельскія музыканты — артысткі Канцэртна-эстраднага аркестра Гомельскай абласной філармоніі Юлія Машкоўская і Лілія Несцяровіч, а таксама выкладчык класа трубы Гомельскага каледжа мастацтваў імя Сакалоўскага Эрык Пучкоў і яго вучні — Уладзімір Галавач і Аляксандр Верамеенка. Навучэнцы і педагогі каледжа здолелі належным чынам ацаніць таленавітую музыку Помазава, а таксама майстэрства музыкантаў аркестра імя Жыновіча на чале з маладым дырыжорам Аляксандрам Высоцкім, які з бляскам правёў канцэртную праграму.

«Народ, які не ведае сваёй мінуўшчыны, не мае будучыні», — сказаў у адным з нешматлікіх інтэрв’ю Помазаў. Ён дасканала ведаў гісторыю сваёй зямлі, быў яе верным сынам. Яго музыка і праз гады не страчвае сваіх мастацкіх якасцей і гучыць па-ранейшаму шчыра і натхнёна.

Вольга Брылон.

выстава

Спакуса канцэптуальнасці

 /i/content/pi/mast/19/375/16-.jpg
 Раман Каларус. Плакат музычнага фестывалю. Змешаная тэхніка. 2006.
Раман Каларус — адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў славутай школы польскага плаката, а менавіта таго накірунку, што праз сінтэз і метафару звяртае гледача да самастойнага мыслення. Асноўныя асаблівасці яго аўтарскага стылю — адкрытасць чыстых колераў, выразнасць ліній, свабоднае канструяванне выяў, калі эратычную раскаванасць выратоўваюць ад рызыкоўнасці хіба што вытанчанасць і дасціпнасць мастацкага рашэння. Плакаты Каларуса шакіруюць нас надзвычайнай насычанасцю колераў, дзіўным спалучэннем сакавітага фіялетавага, аранжавага, чырвонага, зялёнага смарагду, кобальту. Яны прасякнуты магутнай вітальнай энергетыкай. Ёсць пэўная спакуса кантэкстуальна аднесці яго работы да вельмі папулярнай у сучасным польскім мастацтве правакацыйнай плыні, але для аўтарскай пазіцыі гэта мае другасны сэнс. У Каларуса навізна нараджаецца натуральна, без натужлівых высілкаў і штучных выкрутаў, няма жорсткага размежавання на графіку, плакат, малюнак. Каларус — універсальны мастак, які аднолькава ўтульна адчувае сябе ў розных тэмах і тэхніках, з незвычайнай лёгкасцю жангліруе кантэкстамі сусветнага мастацтва.

На выставе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва прадстаўлена шмат плакатаў, якія анансуюць канцэрты джазавай і блюзавай музыкі, фільмы і тэатральныя спектаклі. Вытокі гэтай зацікаўленасці мастака трэба шукаць у ранейшых захапленнях Каларуса. Мастак сам калісьці іграў на гітары. Магчыма, таму яго плакаты выкананыя «ў джазава-блюзавым саўндзе». У іх можна разгледзець і пачуць музыку бурлівай ракі, рытмы свінга, дзёрзкую пачуццёвасць танга.

Даволі часта яго выява — гэта спатканне і суіснаванне «высокага з нізкім», вокамгненны спантанны выкід адрэналіну і эндарфіну ў кроў, выбліск пачуццяў, сінтэз эмоцый «адухоўленай цялеснасці». Пульсацыя рытму перапоўненага жарсцю сэрца. Дынаміка яго вобразаў грунтуецца на вельмі трапнай мастацкай інтуіцыі, яны надзвычай пластычныя і востра пазнавальныя эратызмам, спалучэннем рытмаў, колераў, тэкстаў і сілуэтаў. Усё гэта — прыкметы аўтарскага почырку майстра.

Андрэй Янкоўскі.

Графічная атамізацыя

 /i/content/pi/mast/19/375/peh.jpg
 Іаана Пех. Лінарыт. 2000-я.
Аб творчасці Іааны Пех мастацтвазнаўцы пішуць вельмі ўзвышана, называючы яе аркушы «тэатрам снегу і дажджу», «канфеці, якое падае з нябёсаў». Тое, што стварае аўтарка на белай паверхні аркуша, — сапраўдная паэзія графікі. Яе лінарыты, прадстаўленыя на выставе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, — фантастычна складаная сумесь адценняў і форм, тонкіх срэбных пераліваў і чарнаты патаўшчэнняў ліній. Гэта і аўтарская споведзь, і апавяданне пра нашае блуканне ў сабе. Гэта празрыстая, вытанчаная сімфонія, напоўненая рафінаванай гульнёй нюансаў і моцнымі хрысціянскімі рэмінісцэнцыямі. Гэта эфемерныя галасы памяці, гэта «шэпты і крыкі» чалавечай душы. Кожную з работ мастачкі можна разглядаць бясконца, настолькі натуральна і непазбежна зацягвае нас моц іх мікракосму. У яго срэбным марыве адбываецца іх своеасаблівая «арганічная атамізацыя». Раптам мы бачым патаемную ўнутраную частку структуры твора.

Лінарыты Іааны Пех нельга назваць проста «тэхнічна дасканалымі». Гэта менавіта той выпадак, калі мы, гледачы, выказваем сваё захапленне банальна-рытарычным пытаннем: «Як гэта зроблена?» Аднак віртуозная тэхнічнасць для Іааны — толькі сродак дасягнення іншага і больш важнага выніку. Кожны твор Іааны Пех — гэта вяршыня таго магутнага працэсу, што адбываецца ўнутры мастачкі, для якой дасканаласць метаду выяўлення — не самамэта, а адзіна магчымая візуальная форма максімальнага ўвасаблення духоўнага пошуку, які Іаана не спыняе з таго далёкага імгнення, калі яна правяла па белай паверхні аркуша сваю першую ў жыцці лінію...

Андрэй Янкоўскі.

Ён спавядаў прыгажосць

 /i/content/pi/mast/19/375/cvirka.jpg
 Віталь Цвірка. Над Прыпяццю. рабіны. ДВП, 1979.
У фондах Беларускага саюза мастакоў захоўваецца вялікая колькасць твораў Віталя Цвіркі, якія склалі экспазіцыю выставы ў Палацы мастацтва. Унікальныя карціны прадаставіла сям’я мастака. Усе гэтыя жывапісныя перліны дазваляюць на сучасным узроўні асэнсаваць мастацкія дасягненні класіка айчыннага жывапісу, прасякнуцца іх нязгасным вобразным святлом.

Віталь Цвірка пакінуў нам надзвычай каштоўную творчую спадчыну. Беларуская прырода з незвычайным багаццем вобразных матываў стала для яго невычэрпнай крыніцай натхнення. Пачынаючы ад свайго першага этапнага твора «Беларускі пейзаж» 1951 года і да апошняга дня, калі яго рука магла трымаць пэндзаль, ён услаўляў бацькаўшчыну ў краявідах, якія заўжды будуць успрымацца натхнёным і ўрачыстым гімнам эпічнай велічы і лірычнай чароўнасці роднай зямлі. Мастак валодаў выключнымі здольнасцямі малявальшчыка і каларыста, быў смелым наватарам у кампазіцыйных вырашэннях. Яго творчая дзейнасць выходзіла далёка за межы мінскай майстэрні і пашыралася на пагоркі Лагойшчыны, дасягала берагоў Сожа, Нёмана, Нарачы, была звязана з іншымі мясцінамі, дзе ён працаваў на ўлонні прыроды, выяўляў у ёй самае галоўнае і сутнаснае, абагульняючы свае жывыя і натхнёныя ўражанні вельмі сучаснымі і маляўнічымі сродкамі выразнасці. Надзвычайнай тэхнічнай свабодай і вобразнай непаўторнасцю вылучаюцца яго акварэльныя краявіды, выкананыя нібы на адным дыханні. Творы мастака з часу іх напісання не перастаюць выклікаць агульнае захапленне. Дзякуючы іх вялікаму эстэтычнаму ўздзеянню знайшлі свой шлях у пейзажным жывапісе многія сучасныя беларускія мастакі.

Яўген Шунейка.

Прэзентацыя

У краіне райскіх птушак

/i/content/pi/mast/19/375/18.jpg 
 Галіна Конанава. Танец. Лета. Алей. 1996.
Жанчына, яе прыгажосць і адухоўленасць — вось галоўная тэма жывапісных работ магілёўскай мастачкі Галіны Конанавай, якую лічаць майстрам вялікіх лакальных колеравых плямаў. Гэта невыпадкова, бо адпавядае яе тэмпераменту і характару. Няўрымслівасць і непаседлівасць, прага да эксперыментавання, імкненне да пазнання навакольнага свету, прывабнага адкрытай і шчырай прыгажосцю натуральнай пластыкі, — першааснова яе творчасці. Яна мысліць маштабамі, плоскасцямі, сімваламі, вылучае асноўны візуальны вобраз, які б адразу прачытваўся гледачом у сваёй сэнсавай значнасці, што абумоўлівае адмову ад дэталяў, якія б гэтую галоўную ідэю загрувасцілі, ускладнілі, парушылі яе першасную чысціню.

Жанчыны на карцінах Галіны Конанавай пазбаўленыя бытавізму, унутрана сканцэнтраваныя, напоўненыя святлом і марай. У іх няма адкрытай эратычнасці, што магла б прагучаць грубым дысанансам таму флёру паэтычнай замілаванасці, які дадае загадкавасці кожнай гераіні. Прыцягальнасць работ мастачкі — у іх балансаванні паміж дакладнасцю формы, сюжэта і абстрагаванасцю раскрыцця гэтай формы. Аўтарка схоплівае сутнасць чалавека, ідзе ад эмацыянальнага ўражання, ад вобраза, які павінен хваляваць, настройваць на развагі. Жанчына, паводле мастачкі, — гэта імгненне прыгажосці, якое трэба ўхапіць і пакінуць хаця б на палатне.

Альбіна Дзерыглазава.

Людзі Егіпта ў сценах музея

 /i/content/pi/mast/19/375/18--.jpg
 Вадзім Качан. З серыі "Людзі Егіпта".
«Ночы музеяў» была прысвечана выстава Вадзіма Качана «Людзі Егіпта» (Нацыянальны мастацкі музей). Гэты цыкл, які распачаўся ў 2004 годзе, складаецца з некалькіх серый, частка з іх — дакументальная фатаграфія, частка — фотамантажы. Калі фатограф упершыню прыехаў у Егіпет, яго, як і ўсіх падарожнікаў, цікавіла экзотыка. Пазней ён свядома пакідае стаптаныя турыстамі сцежкі, каб паказаць людзей, якія жывуць на руінах старажытнай цывілізацыі. Дакументальная фатаграфія прымушае паверыць у сябе лепш, чым аўтарскі фотамантаж — серыі «Сны ў Егіпце», «Фантазіі Егіпта», «Білборды Егіпта». У аснове іх выяўленчай структуры — кантраст паміж мінулым і сучасным, архаічным ладам жыцця і ўрбаністыкай. Глядзіцца гэта, безумоўна, эфектна, але тут адчуваецца пэўны недавер да аналітычных здольнасцей гледача. Мінімалістычная серыя «Графіка Егіпта» была пераканальнай — аўтар здолеў праз знакі канкрэтнай прасторы перадаць атмасферу краіны.

Танец па-за сцэнай

 /i/content/pi/mast/19/375/19.jpg
 Класічны танец. Фота. 2009.
Віталь Брусінскі і Наталля Коўш рэалізавалі праект «Класічны танец» у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. «Балерыны, што танцуюць на сцэне, надзвычай прыгожыя і эфектныя. Мы пазіраем на іх здалёк, мы не бачым дэталей», — кажа Наталля. Якой цяжкай працы каштуе гэтая прыгажосць, можна ўбачыць толькі зблізку — за кулісамі ці ў рэпетыцыйнай зале. Фатографы прыйшлі ў харэаграфічнае вучылішча, бо іх цікавіла менавіта тое, што звычайна схавана ад старонніх вачэй. Аб’ектам свайго аналізу яны выбралі навучэнак першага класа.

Праект атрымаўся строгі і мінімалістычны. Серыя партрэтаў юных вучаніц — відавочна пастановачная фатаграфія. Фон усіх гэтых здымкаў аднолькавы і лёгка пазнавальны: зала для заняткаў. У гэтай серыі вобразаў мяняюцца толькі гераіні, кожная з іх развучвае свой элемент харэаграфічнай кампазіцыі. Напружаныя рухі і засяроджаныя твары... Гэта пазней, на вялікай сцэне, навучацца яны дапаўняць вобразы сваіх гераінь і бляскам вачэй, і шчаслівай усмешкай.

Аўтары праекта максімальна набліжаюцца да аб’ектаў здымкі, і ў выніку пачынаюць праступаць дэталі: сцёртыя каленкі і стаптаныя пуанты, «гусіная скура», вена, што пульсуе ад напружання... На падаконніку выставачнай залы — чарада пуантаў, раскладзеных у парадку ўбывання іх функцыянальнасці: ад самых новых да ўжо непрыдатных для выкарыстання. «Да такога стану яны могуць прыйсці і за тыдзень. Гледзячы як працаваць», — гаворыць Наталля Коўш, якая сама навучалася ў гэтым каледжы. На выставе знайшлося месца і для станка для заняткаў — як верыфікацыі фатаграфій.

Прыадкрываючы заслону, фатографы не ставілі задачы шакіраваць гледача, эстэтыка падачы заставалася важнай. Цяжкая праца мае свой вынік — гэта трыумф і гармонія класічнага танца.

прэм’ера

Аранжавы настрой Пэпі

/i/content/pi/mast/19/375/19-.jpg 
 "Пэпідоўгаяпанчоха". Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.
У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек Святланай Залескай-Бень (яна таксама і аўтар п’есы) была пастаўлена «Пэпі Доўгаяпанчоха»

Вясёлая агніста-рудая дзяўчынка ў кампаніі салатавага коніка з кучаравай грывай і маленькай няўрымслівай малпачкі могуць расфарбаваць яркімі колерамі шэрыя будні і падняць настрой маленькім гледачам. У пачатку мая ва ўнісон вясноваму сонечнаму надвор’ю ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адбыўся паказ спектакля «Пэпі Доўгаяпанчоха» па матывах вядомага твора Астрыд Ліндгрэн.

Рэжысёр спектакля, яна ж вакалістка фрык-кабарэ бэнда «Срэбнае вяселле», Святлана Залеская-Бень адчула, што паводзінам і прыгодам эксцэнтрычнай дзяўчынкі будуць адпавядаць рытмы музыкі, якая гучыць у кампазіцыях гурта. Такім чынам, «Срэбнае вяселле» забяспечыла музычнае афармленне пастаноўкі, а ў якасці сцэнографаў рэжысёр запрасіла маладых мастакоў Міхаіла Гуліна і Антаніну Слабодчыкаву. Перад імі была пастаўлена задача зрабіць стылізацыю дзеі пад дзіцячае бачанне гэтай казкі.

Сярод маленькіх гледачоў быў праведзены конкурс малюнка, і творы сямігадовай Тані Шадрынай сталі зыходнай кропкай для вырашэння сцэнаграфіі. Зварот да дзіцячай творчасці арганічна спалучыўся з жывапісам Міхаіла і Антаніны — яго лубачнымі матывамі і калажнай стылістыкай з дамешкамі сюррэалізму. У выніку спектакль атрымаў надзвычай яркі каларыт.

У новых пастаноўках лялечнага тэатра даўно не скарыстоўваюцца шырмы — за выключэннем, бадай, «Васілісы Прыгожай» з трысцінавымі лялькамі. У пачатку спектакля «Пэпі Доўгаяпанчоха» таксама з’яўляецца шырма. Але для актыўнага жыцця Пэпі (Юлія Марозава) за ёй аказваецца замала месца. Ператварыўшыся ў звычайную планшэтную ляльку, Пэпі вандруе па сцэне, наведвае цырк і правакуе «свята непаслушэнства» ў школе. Спектакль завяршаецца ўрачыстым вяртаннем бацькі дзяўчынкі, які нібыта калісьці патрапіў на востраў і стаў там негрыцянскім каралём. Адсунутая на задні план шырма разварочваецца другім бокам і караблём выплывае да гледачоў.

Пальчаткавыя лялькі надалі дзеянню дынаміку і экспрэсію. Іх традыцыйныя якасці — схільнасць да эксцэнтрыкі, здольнасць існаваць у рытме танца. Гэта добра атрымлівалася на шырме, але не заўсёды — па-за яе межамі, па гэтай прычыне часам не ўдаваліся мізансцэны. Асабліва «правісалі» пераходы паміж асобнымі сцэнамі, калі даводзілася досыць доўга чакаць, пакуль акцёры перасоўвалі дэкарацыі.

Свет Пэпі — бесперапынныя гульні колерамі і няўтольная цікавасць да ўсяго, что адбываецца навокал. Гледачам таксама даводзілася штохвілінна здзіўляцца тым відовішчам, якія Пэпі арганізоўвала вакол сябе. У гэтым плане прыемна ўразіў паказ пастаноўшчыкамі руху вясёлай кампаніі па кірмашы: пятрушкі хаваліся, а над шырмай з віскатам праносілася шалёная карусель з плоскімі сілуэтамі. Выразна і вобразна вырашана сцэна, у якой Настаўніца (Валерый Зяленскі) лавіла непаседлівую дзяўчынку. Пэпі спрытна скокнула і схавалася за кулісамі, але пераследніца ўсё ж паспела схапіць яе за пятку. Цягне-цягне, выцягнуць не можа, а нага ў паласатай панчосе толькі даўжэе. Аднак трансфармацый, метамарфоз з прадметамі, дэкарацыямі і лялькамі, увогуле вясёлага абсурду магло б быць і больш.

Зрэшты, можна пагадзіцца з аўтарамі — часам страву лепей недасаліць... Нягледзячы ні на што, спектакль атрымаўся. Смешны і прывабны, ён добра ўспрымаецца сучаснымі дзецьмі. Пастаноўка дасягнула сваёй мэты — узняла настрой гледачам прыгожым і эфектным відовішчам.

Надзея Якаўлева.

Юрый Іваноў. выбранае з жыцця

 /i/content/pi/mast/19/375/16iv.jpg
Мама вучыла: не гавары пра сябе сам, паслухай, што пра цябе людзі гавораць.
Тата здагадваўся пра мае жаданні.
Купляў навукова-папулярныя кніжкі.
Калі мне споўнілася 10 гадоў, падарыў фотаапарат «Любитель».
Нарадзіўся я 17 чэрвеня 1939 года ў 2 гадзіны 30 хвілін ночы ў горадзе Сімферопалі.
У 1941 годзе, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мы жылі ў Феадосіі.
Ваенны завод, на якім працаваў тата, эвакуіравалі ў тыл.
Зімой у цяплушцы таварнага цягніка мы прыехалі ў горад Уральск.
Уральск — горад дзяцінства і юнацтва.
Дзіцячы сад з пахам маннай кашы, ненавіснай да гэтай пары.
Захапленне батанікай, фізікай, матэматыкай і літаратурай.
Настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Барысаўна — любоў да паэзіі.
Дырэктар школы Якаў Міхайлавіч — узор годнасці і гонару.
/i/content/pi/mast/19/375/pano_10_opt.jpg 
/i/content/pi/mast/19/375/pano_12_opt.jpg 
/i/content/pi/mast/19/375/pano_13_opt.jpg 
Настаўнік малявання Іван Дзянісавіч адкрыў для мяне Ван Гога.
Настаўніца фізікі Надзея Мікалаеўна Кабанава не магла растлумачыць бесперспектыўнасць майго праекта... вечнага рухавіка.
Ды шмат чаго было!
У 1956-м годзе, калі я скончыў 10 класаў, тату прапанавалі на выбар тры гарады: Адэсу, Кіеў і Мінск.
Бацькі абралі Мінск.
Многія задаюць мне пытанне: як я стаў фатографам?
Не ведаю.
Можа быць, гэта здарылася ва Уральску, калі, гледзячы на перасячэнне правадоў у небе, я спыняў «карцінку» поглядам.
Можа быць, калі я задумаўся: а што застанецца пасля мяне?
Можа быць...
Мне шанцавала на людзей.
Сямён Вінагура адкрыў мне Пастэрнака: «В занавесках кружевных вороньё...»
Стас Ананко, з якім я працаваў у «Знамени юности», казаў: «Не будзь рабом рэчаў!»
Барыс Сяргеевіч Буркоў, старшыня Праўлення АПН, у 1965 годзе запрасіў працаваць у АПН, дадаўшы: «Калі вы не супраць».
Карэспандэнт АПН Барыс Уладзіміравіч Усцінаў падаў формулу: «Мы працуем за ідэю, а грошы прыходзяць самі...»
Я быў сведкам многіх падзей у жыцці.
Я бачыў...
Вось і я паказваю, што я бачыў.
Якая самая яркая падзея ў маім жыцці?
Прэміі на ўсесаюзных і міжнародных выстаўках?
Камандзіроўкі па СССР?
Развал Савецкага Саюза ў Віскулях?
А можа быць, сустрэча з бабкай Салохай у палескай вёсцы?
На пытанне: «Колькі вам гадоў?» адказала так, што сэрца замерла: «А і не памятаю. Помню, што першага мужа ў Першую сусветную забілі, а другога — у Другую...»

 новы твор

Партрэт бацькі

 /i/content/pi/mast/19/375/18-.jpg
 Надзея Лівенцава. 9 мая. Алей. 2009.
Надзея Лівенцава — партрэтыст лірычны. Твары яе пераважна маладых герояў поўныя пачуццёвасці, прагі жыцця, стрыманай іроніі. Але цяпер мастачка працуе над жорсткай тэмай: двума палотнамі пра вайну. Іх можна будзе пабачыць на выставе, прысвечанай 65-годдзю вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая адкрыецца 3 ліпеня. Абедзве працы яшчэ не скончаныя, таму нежаданне мастачкі шмат пра іх гаварыць цалкам зразумелае.

«Сорак першы» — называецца палатно, якое наўрад ці магло б нарадзіцца раней, калі доўжылася традыцыя пафаснай трактоўкі сюжэтаў пра Вялікую Айчынную. Чатыры гады краіна вонкавых атэістаў змагалася за Перамогу ў агні жахлівай вайны, творачы ўнутры сябе малітву аб жыцці. На карціне — салдат у разбуранай царкве, укленчаны перад напаўз’едзеным дымам абразом, са зброяй забітага сябра за плячыма. Далягляд засцяць коміны спаленых хат. Вусціш, ад якой няма іншага паратунку, як вера. І назва твора не дазваляе гледачу схавацца ад болю, бо гэта — не канец вайны, гэта — пачатак. Далей будзе яшчэ горай, жудасней, але не знікне вера — мы, гледачы з іншай эпохі, ведаем пра гэта, бо «пасля» адбылася Перамога.

«9 мая» — другое палатно. Праца, зробленая па замове Музея Вялікай Айчыннай вайны, і адначасова — кранальна асабістая для мастачкі. Партрэт ветэрана, жывога сярод жывых. Чалавек у строгім касцюме на мінскай Інтэрнацыянальнай вуліцы, у святочны дзень, з чырвонымі кветкамі ў руках, пасярод квецені сцягоў. Ён глядзіць не на нас — у мінулае, у сябе. Глыбокі позірк чалавека, жыццёвы досвед якога прадвызначыла вайна. Гэта бацька аўтаркі партрэта, славуты партызан Віктар Лівенцаў, Герой Савецкага Саюза, камандзір 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады, чалавек, імя якога займае асаблівае месца ў найноўшай беларускай гісторыі.

Вобраз бацькі, а праз яго — асабістае асэнсаванне тэмы вайны вельмі глыбока ўкаранёныя ў творчыя прыярытэты мастачкі. Першая вялікая праца Надзеі Лівенцавай, з якой пачаўся адлік яе сталай творчасцi, — вельмі экспрэсіўнае, па-свойму трагічнае палатно «Бацьку і маці — партызанам Беларусі прысвячаецца». На ім — партызанскі атрад рушыць проста на гледача, наперадзе — чалавек з жорсткім, але не бязлітасным позіркам, крок у крок за камандзірам — гожая маладая жанчына са зброяй. Пасля гэтай працы Надзея Лівенцава напісала шмат партрэтаў бацькі — і рэтраспектыўна-ваенных, і інтымна-прыватных. Бацька сталеў адначасова з талентам мастачкі. І цяпер — напісаны з даччынай любоўю партрэт старога чалавека, чалавека з легенды, усё яшчэ прысутнага побач з намі, для большасці якіх вайна — гэта толькі творы мастацтва.

Надзея Лівенцава дапускае, што падчас адкрыцця выставы давядзецца пачуць і крытычныя водгукі іншых мастакоў пра сваю працу — маўляў, сёння неактуальны такі празрыста-просты жывапіс, вольны ад радыкальных абагульненняў і рызыкоўных метафар. Але вайна, мір, жыццё, смерць, каханне, абавязак — няўмольна-адназначныя паняцці, менавіта пра гэта нагадваюць вочы чалавека на партрэце. Для мастачкі было вельмі істотным наблізіць вайну да гледача вось так — праз вочы ветэрана, намаляванага не на невыразнам тле, а у пазнавальным краявідзе, у чароўнай мітусні звыкла мірнага наваколля.

Ціна Палынская.