ВАЙНА Ў ЛЮСТРЫ ЧАСУ

№ 6 (315) 18.06.2009 - 18.07.2009 г

Вялікая Айчынная вайна — гэта трагедыя і подзвіг, гэта надзвычайнае напружанне фізічных, душэўных сіл кожнага яе ўдзельніка, гэта балючы досвед, які шчыміць цягам усяго жыцця. Відавочна, што і ўвасабленне вайны на розных часавых адлегласцях будзе розным.

Непасрэдныя замалёўкі на полі бою, рэпартажныя фатаграфіі і кадры кінахронікі, плакаты, якія з’яўляліся на вуліцах ледзь не на наступны дзень пасля падзей, — неслі энергетыку непасрэднага водгуку, экспрэсію жывога ўражання і праўду факта. Сёння гэтыя архівы маюць не толькі мастацкую, але і гістарычную, культурную вартасць. Творы жывапісу, графікі, скульптуры, што экспанаваліся на выставах падчас ваенных дзеянняў, мелі большую ступень абагульнення. Істотнае праламленне трагедыі праз прызму творчасці, сувымернасць з чалавечым успрыманнем адбывалася ў тэатральных пастаноўках і музычных кампазіцыях...

Мастацтва валодае сілай пераадольваць траўматычны вопыт, пераводзячы яго ў плоскасць сімвалічнага. Творы, якія з’яўляліся ў першыя дзесяцігоддзі пасля вайны, хвалявалі менавіта гэтымі вартасцямі, нягледзячы нават на іх магутны ідэалагічны падтэкст. Як вырашаць гэтую тэму сёння, калі жывых сведчанняў застаецца ўсё менш? Што можна яшчэ сказаць у мастацтве пра вайну? Зразумела, што на такой далёкай адлегласці гэта павінна быць асабліва адметнае слова, асабліва глыбокі вобраз, асабліва ўражальны гук… Ваенная тэма не вычарпала патэнцыял для глыбокага асэнсавання, але погляд на яе з пазіцый сучаснасці патрабуе ад кожнага віду мастацтва пошуку і новых выразных прыёмаў, і іншых падыходаў. Якіх? На гэтае пытанне і спрабуюць адказаць аўтары артыкулаў, якія мы публікуем
у нашым часопісе.

Шрамы на фотаплёнцы

/i/content/pi/mast/19/366/4-.jpg 
Уладзімір Дагаеў. Даваяваўся. Берлін, красавік 1945-га.
 /i/content/pi/mast/19/366/5-.jpg
Аляксандр Кушнер. Яны вызвалялі Мінск.
/i/content/pi/mast/19/366/5=.jpg 
 Уладзімір Лупейка. Мінск, 1944 год.

Я згадваю адну з апошніх сустрэч з былым ваенным карэспандэнтам Міхаілам Пятровічам Ананьіным.
Ён нетаропка крочыў сярод святочнага люду
на плошчы Перамогі — невысокі, у мешкаватым пінжаку і з нязменным старым партфелем у руках.
Яго ордэнскія планкі былі перахоплены раменьчыкамі двух фотаапаратаў.
Часам, заўважыўшы цікавую сітуацыю, ён пераўвасабляўся, па-маладому ўскідваў камеру, пасля нешта запісваў у нататнік. І няўцям было староннім, якіх высілкаў каштаваў яму кожны такі выхад на здымку. Страшная кантузія ваенных гадоў і праз дзесяцігоддзі нагадвала пра сябе. На маю ж параду паберагчыся Міхаіл Пятровіч спакойна, без пафасу адказаў: «Гэта мой абавязак — пакінуць памяць пра гэтых людзей». Абавязак і памяць...

Пасля маштабнага святкавання саракавой гадавіны вызвалення Беларусі ўпершыню пачалі ўсведамляць, што бязлітасны час забірае тых, хто прынёс свабоду нашай зямлі. Тады вялікая колькасць фотажурналістаў, фатографаў-аматараў звярнулася да тэмы вайны, ветэранаў — да тэмы памяці. У Савецкім Саюзе гэты зварот адбываўся паўсюдна. І паступова ў архіве фотаклуба «Мінск» накопліваўся каштоўны фонд работ фатографаў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі... І калі паўстала пытанне пра выставу да 65-й гадавіны вызвалення Беларусі, мы ўспрынялі гэта як наш абавязак — не толькі перад ветэранамі, але і перад фатографамі, якім не наканавана было дажыць да гэтага свята. Вызначыўся і фармат падзеі — выстава-рэквіем «Памяць», якая адкрылася ў кінатэатры з сімвалічнай назвай «Перамога».

Адкрывае экспазіцыю надзвычай эмацыянальная фатаграфія віцябчаніна Генадзя Бяліцкага «Іграй, труба». Невысокага росту, шчуплы ветэран на фоне святочных вянкоў выводзіць мелодыю. Кампазіцыя пабудавана такім чынам, што ўзнікае адчуванне гуку — надрыўна-высокай ноты трубы, што ўвасабляе шчымлівы боль па страчаных жыццях...

Бясцэнныя дакументы — выявы вызваленага Мінска — пакінуў нам Уладзімір Лупейка. Шэраг фатаграфій спустошанага горада прымушае задумацца, якіх намаганняў каштавала падняць яго з руін. Адзін са здымкаў гэтага фатографа не патрабуе каментарыяў: на вуліцы перад Домам афіцэраў ляжыць забіты варожы салдат. Падобную тэму развівае і ваенны карэспандэнт Уладзімір Дагаеў у творы «Даваяваўся»: на драбінах сядзіць, абхапіўшы галаву рукамі, нямецкі салдат.

Фатаграфіі Міхаіла Ананьіна — неадрыўная частка яго прафесійнай журналісцкай работы. Дзякуючы яму да нас дайшлі вобразы абаронцаў Брэсцкай крэпасці Пятра Гаўрылава, Уладзіміра Фурсава, партызанскага сувязнога Антона Сергяені і многіх іншых удзельнікаў вайны...Сапраўдную каштоўнасць уяўляюць яго каментарыі да кожнага здымка — хто і калі зняты, кім стаў герой фатаграфіі ў мірным жыцці.

Тэма простых салдат вайны захапляе і паваеннае пакаленне фатографаў. Творы мінчан Юрыя Васільева, Сяргея Кіцеля, Аляксандра Кушнера, Самуіла Левіха, віцябчаніна Паўла Бранштэтэра эмацыянальныя і выразныя. Яны напоўнены роздумам пра вайсковы абавязак, шчымлівай нотай гучыць у іх удзячнасць за перамогу. Падобнымі пачуццямі поўняцца творы Антанаса Суткуса (Вільнюс), Юрыя Шпагіна (Ніжні Ноўгарад), Генадзя Бадрова (Курск), Уладзіміра Філонава (Запарожжа), Султана Ісхакава (Казань)...

Вядомы майстар псіхалагічнага партрэта Уладзімір Шарнікаў прадставіў на выставу фатаграфію «Свята». У Бабруйску па плошчы Перамогі ідзе гвардзеец, радавы вайны. Напружаная хада, заціснутыя ў кулаку цюльпаны — па ўсім відаць, што яму вельмі цяжка, але ён прыйшоў пакласці кветкі да Вечнага агню. За яго спінаю — маладыя салдаты ганаровай варты, інвалід у вазку, бестурботная дзятва з надзіманымі шарамі — тыя, дзеля каго была здабыта гэтая вялікая Перамога.

Два ўдзельнікі выставы незалежна адзін ад аднаго раскрываюць тэму ваенных удоў, іх нялёгкай долі працаваць за дваіх, гадаваць дзяцей, жыць успамінамі. Жанчыны, паказаныя мінчанінам Анатолем Дудкіным у серыі «Нарачанскія ўдовы» і масквічом Паўлам Крыўцовым у фотаздымку «Мацяркі і ўдовы сяла Багаслоўка», надзвычайна падобныя.

Падагульняе ўражанні ад выставы здымак Аркадзя Нікалаева «Ветэраны», зроблены ў 1974 годзе. Ад краю да краю і колькі відно ўдалячынь галоўная вуліца Мінска запоўнена шэрагамі вызваліцеляў горада. Угледзьцеся ў гэтыя твары, запомніце іх. На той момант мінула трыццаць гадоў з дня вызвалення Мінска — і ўсе наступныя 35 гадоў няўмольныя кулі часу выбівалі з гэтых шэрагаў тых, каму не суджана сустрэць ліпень 2009-га.

Выстава-рэквіем — добрая нагода згадаць іх зноў.

Яўген Казюля

 Мірнае неба Міхаіла Дружыны

 /i/content/pi/mast/19/366/6.jpg
 
Ён ведае вайну не па кнігах і не па фільмах.
У 19 гадоў упершыню сеў за штурвал ваеннага самалёта. За мужнасць і гераізм быў узнагарожданы ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны
II ступені, медалямі «За баявыя заслугі»
і «За перамогу над Германіяй», двума польскімі ордэнамі «Сярэбраны крыж заслугі», медалём
«За перамогу і свабоду». Гаворка ідзе пра...
опернага спевака — заслужанага артыста
Рэспублікі Беларусь Міхаіла Афанасьевіча Дружыну.

Сёння, у свае 87, ён выходзіць на сцэну тэатра ў ролях Шляхціца ў «Дзікім паляванні караля Стаха», Сабакіна ў «Царскай нявесце», Анжэлоці ў оперы «Флорыя Тоска», удзельнічае ў канцэртах (у тым ліку ў праграме «Музыка — наша жыццё!» разам з Аленай Сіняўскай), здзіўляе гучаннем велічнага, магутнага, шырокага славянскага баса.

Сакрэты незвычайнага вакальнага даўгалецця Міхаіл Дружына пераняў ад свайго педагога, легендарнага Яўгена Віцінга. Але, магчыма, ніякага сакрэта і няма. Проста людзі, загартаваныя вайной, прызвычаіліся ўсяго дасягаць упартай працай і не звяртаць увагі на недарэчнасці жыцця. Ну што значаць дробныя непрыемнасці ў параўнанні са шчасцем жыць, займацца любімай справай, кожны дзень ісці на працу праз прыгожы таполевы сквер, выходзіць на сцэну Вялікага тэатра і патанаць у авацыях?..

/i/content/pi/mast/19/366/7.jpg 
 Міхаіл Дружына ў партыях Рамфіса («Аіда»),
/i/content/pi/mast/19/366/7-.jpg 
Пімена («Барыс Гадуноў»), 
/i/content/pi/mast/19/366/7=.jpg 
цара Дадона («Залаты пеўнік»). 
— Марыў зрабіцца настаўнікам і скончыў Днепрадзяржынскі педагагічны тэхнікум. Там адбыўся і мой дэбют на самадзейнай сцэне, а першым творам былі куплеты Трыке з «Яўгенія Анегіна»: «Какой прекрасный этот день...» Тады спяваў гэткім «тэнарком».

Здаваў выпускныя экзамены, працаваў выратавальнікам на Дняпры, калі пачалася вайна. 10 жніўня 1941 года мяне прызвалі ў армію і накіравалі ў Тамбоўскае лётнае вучылішча. Потым — як аднаго з лепшых пілотаў — перавялі ў Бугурусланскае лётнае вучылішча: працаваць інструктарам, вучыць маладых лётчыкаў. У 1944 годзе наша вучылішча ў поўным складзе накіравалі ў Польшчу, у 6-ю паветраную армію, дзе мы ўдзельнічалі ў баявых аперацыях. А пасля вызвалення Варшавы нас залічылі інструктарамі ў Войска Польскае. І стаў я «пан паручнік», і да 1948 года служыў у Радаме.

Прыходзілася на вайне і спяваць, як жа без песні! Толькі часцей — на памінках... Паляціць на заданне звяно, а вернецца адна машына — вось і спяваю для хлопцаў. Маці потым казала, што кожны дзень за мяне малілася, таму Бог і збярог.

Каб ажыццявіць сваю мару... Не, пра Міхаіла Афанасьевіча не выпадае гаварыць штампамі. Надта рэзка кантрастуюць пафасныя словы з яго армейскім гумарам, здаровым жыццялюбствам і поўнай адсутнасцю артыстычнай багемнасці. Спявак не скрывае, што ягоны шлях да сцэны опернага тэатра Беларусі быў хутчэй неверагодным, чым відавочным. Ён дамовіўся з камандзірам палка, што будзе вучыцца... падчас нялётнага надвор’я. Нават цяжка ўявіць, як старшы лейтэнант Дружына пратрымаўся пяць з паловай гадоў у рэжыме «двайнога грамадзянства», прыстасоўваючы расклад заняткаў у Беларускай кансерваторыі да графіка палётаў.

— Каб вучыцца ў кансерваторыі, я перавёўся з Пінска ў Мінск. Тут, у Сцяпянцы, размяшчалася вайсковае падраздзяленне, у якім выкарыстоўваліся двухматорныя амерыканскія самалёты СІ-47, падобныя на мае «Ілы». Няма задання — я адпрошваюся ў камандзіра ў Мінск. А часам ён і сварыцца на мяне: маўляў, нашто табе тыя спевы, палкавых кабет весяліць?! Да кансерваторыі дабіраўся «аўтастопам». Аднойчы ехаў на самазвале, які вугаль вазіў, гляджу, дзяўчаты ў кансерваторыі ўсміхаюцца. Аказалася, у мяне ўвесь твар перапэцканы.

Выдатнай вакальнай школай я абавязаны Яўгену Эдуардавічу Віцінгу. Сакрэт спеваў — правільнае дыханне. Калі ў жанчын больш ключычнае дыханне (паназірайце, як жаночы хор на ўздыху «падскоквае»), то ў мужчын — брушное. Віцінг цудоўна вучыў гэтаму. Ён мяне вельмі любіў, відаць, за настойлівасць. І тое самае казаў, што і камандзір, толькі на другі лад: «Навошта табе лятаць? Кідай і будзь артыстам». А я адказваў: «Яўген Эдуардавіч, вось да пенсіі даслужу, каб не памерці з голаду, і адразу кіну». Ну што голас — усяго дзве звязкі. А раптам згублю?

Яўген Віцінг — унікальны спявак, артыст, педагог. Больш за 10 год спяваў і сябраваў з Шаляпіным. Сваім вучням ён перадаў усе сакрэты, зазнаныя на Марыінскай сцэне, распавёў сотні «баек» з загадкавага і прывабнага тэатральнага жыцця. Манера, якой вучыў Віцінг, дазваляла захоўваць вакальную працаздольнасць да глыбокай старасці. Казалі, выхаванцаў Віцінга хутчэй падвядуць ногі, чым голас...

У класе Віцінга пазнаёміўся Міхаіл Дружына і са сваёй жонкай Палінай, з якой у любові і згодзе пражыў да апошняга дня яе жыцця. Даводзілася ім і іграць у адных спектаклях, хоць у сусветнай оперы няшмат сцэн для баса і мецца-сапрана. Міхаіл Афанасьевіч не імкнуўся да буйных партый, але каму, як не яму, хто мае шыкоўны бас і вайсковую выпраўку, іграць генерала Грэміна?! Першая (і адразу «ўзроставая») роля зрабілася любімай на ўсё жыццё.

— Вырашальным стаўся 1952 год, калі ў Беларусі праходзілі вучэнні войск Варшаўскага дагавора. Напрыканцы адбыўся канцэрт, у якім выступаў і я. Поўная зала вышэйшых афіцэрскіх чыноў, у першым радзе сядзіць сам маршал Жукаў. Я праспяваў песню Варажскага госця і арыю Мефістофеля. Жукаў апладзіруе, меня не адпускаюць. Дырыжор ціха падказвае — маўляў, спей украінскую песню, Жукаў іх любіць. Я асмялеў і спеў «Дывлюсь я на небо». Раптам Жукаў падымаецца, а следам за ім і ўся зала. Падышоў да сцэны, паціснуў мне руку і прамовіў: «Малайчына, старшы лейтэнант. Вам трэба ў оперы спяваць». А я адказаў: «Служу Савецкаму Саюзу!» Пасля гэтага выпадку мой камандзір стаў больш прыхільным да маіх заняткаў.

За паўстагоддзя творчай дзейнасці ў рэпертуары саліста назапасілася больш за 40 буйных оперных партый. Яго рэпертуар склалі «шаляпінскія» ролі: Млынар у «Русалцы», Мефістофель у «Фаўсце», Пімен у «Барысе Гадунове», Дасіфей у «Хаваншчыне», Канчак у «Князі Ігары». Харызматычнымі сталіся ягоныя Агамемнан, Камандор, Рамфіс і мноства іншых рознахарактарных вобразаў.

2 чэрвеня 2006 года, у дзень святкавання 50-годдзя творчай дзейнасці, Міхаіл Дружына выканаў партыю Дасіфея ў оперы Мусаргскага «Хаваншчына». Вобраз манаха-раскольніка — адна з вяршынь басовага рэпертуару, увасабленне мудрай праведнасці і гістарычнай асуджанасці. У знак непахіснасці сваёй веры Дасіфей вядзе раскольнікаў на самагубства. Ашаламляе заключная сцэна оперы, у якой гэты герой дамінуе. Малітоўны настрой і прадчуванне непапраўнай трагедыі ствараюцца магутнасцю постаці прапаведніка, вакол якога групуюцца ў адзінае цэлае стракатыя лёсы і падзеі. Вобраз Дасіфея могуць стварыць толькі моцныя духам, светлыя сэрцам акцёры. Акцёры-асобы, як Міхаіл Дружына.

Летась, падчас канцэртнага выканання оперы «Барыс Гадуноў», Міхаіл Дружына велічна і ўзнёсла праспяваў партыю летапісца Пімена. У тым жа 2008 годзе артысту быў уручаны прыз Беларускага СТД «Крыштальная Паўлінка».

— Прырода майго голасу кантыленная. Люблю спяваць, каб ліўся пявучы прыгожы гук. Не люблю «крычаць». Часам мне кажуць: табе ў храме трэба служыць. І сапраўды, памятаю, у Філадэльфіі давялося выступаць у старадаўнім саборы. Пачынаю спяваць у мікрафон і адразу літаральна глухну ад лавіны гуку. Адыходжу ад мікрафона — і атрымліваецца спеў неверагоднай прыгажосці... За гэты саборны дух люблю Мусаргскага, яго Дасіфея і Пімена. Усе партыі любімыя. А самая любімая... канцэртмайстар Таццяна Іванаўна Іванова.

Зрэшты, я так і не ведаю, ці правільна вызначыў сваё прызванне. Хочацца пакруціць штурвал. Некалькі разоў удалося ўгаварыць калег-лётчыкаў дазволіць правесці палёт не ў пасажырскім крэсле, а на месцы другога пілота.

Але толькі на сцэне адчуваю, што патрэбны людзям, што не проста так жыву. З задавальненнем спяваю ў канцэртах для вайскоўцаў. Шмат гадоў салірую ў народным вакальным ансамблі ветэранаў Узброеных Сіл «Памяць сэрца». Тут я адчуваю сябе ў сваёй стыхіі. Калегі па ансамблі, здараецца, пытаюцца ў мяне: якая розніца паміж спеваком і лётчыкам? Адказваю: калі на сцэне «дам пеўня», дык буду мучыцца, але жывы застануся. А калі ў небе зраблю секундную памылку, дык загублю і сябе, і людзей, і машыну. Таму я і на сцэне спакойны, вытрыманы, адказны. Такім мяне выхавала неба...

Алена лісава 

 

Калі музы гавораць...

Тэма Вялікай Айчыннай вайны была і застаецца актуальнай для беларускага выяўленчага мастацтва. Гераічны пафас барацьбы і вызвалення, манументальны вобразны шэраг, эмацыянальнае перабольшанне пачуццяў пераважалі ў жывапісе і графіцы ў першыя пераможныя дзесяцігоддзі. Чым далей адыходзілі рэальныя падзеі, тым часцей аўтары звярталіся да псіхалагічнай, рамантычнай альбо лірычнай трактоўкі ваеннай тэмы.
/i/content/pi/mast/19/366/8.jpg 
 Сяргей Каткоў. На шляху да Кёнігсберга. З серыі «Франтавыя замалёўкі». Папера, туш, свінцовы аловак. 1945.
/i/content/pi/mast/19/366/9.jpg 
 Генрых Бржазоўскі. Партрэт Леаніда Сарокі, камандзіра партызанскага атрада імя Калініна. Папера, аловак. 1943.
Мастакі шукалі асацыяцый, перадавалі эмоцыі смутку па загінуўшых, малявалі зямлю і неба, стомленых людзей, згарэўшыя вёскі, партрэты ветэранаў.
Для творцаў з’явілася магчымасць перадаваць таемныя, інтымныя думкі, пачуцці і ўспаміны. Асабліва гэта датычыць старэйшага пакалення,
якое зведала ваеннае ліхалецце.
Для іх вайна была часткаю гераічнай біяграфіі. Для тых, хто перажыў і памятаў вайну, кожны твор станавіўся эпічным аповедам, пабудаваным
на канкрэтыцы сюжэтаў, на літаратурнай канве,
праз дэкаратыўную, пастановачную кампазіцыю.

Летапіс вайны, распачаты знакамітымі майстрамі, не скончаны. Кожнае новае пакаленне творцаў знаходзіла свае адметныя шляхі выяўлення тэмы. Паказвалі герояў бітваў у паўсядзённай абстаноўцы, рэальна, не прыхарошваючы іх і не завастраючы ўвагі на асобных дэталях. Мастакі малявалі бежанцаў, якія вярталіся дадому, людзей, якія наладжвалі мірнае жыццё, краявіды, дзе здалёк кідаліся ў вочы сілуэты кінутай і разбітай ваеннай тэхнікі.

Але ёсць шэраг работ, прысвечаных тэме барацьбы з ворагамі, якія сёння выклікаюць асаблівую цікавасць мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў. Гэта графічныя аркушы, створаныя ў 1941—1945 гадах беларускімі мастакамі розных школ і напрамкаў. Менавіта іх намаганнямі тэма вайны стала вядучай у выяўленчым мастацтве Беларусі ХХ стагоддзя. У Нацыянальным мастацкім музеі захоўваецца калекцыя з 200 графічных твораў 36 мастакоў, дзе сабраны партрэты, малюнкі з натуры, рэпартажныя накіды, замалёўкі інтэр’ераў, эскізныя праекты будучых палотнаў. Тэхніка гэтых твораў вельмі разнастайная і залежала ад таго, што было ў распараджэнні аўтараў: вугаль, аловак, акварэль, пастэль, соус, лінагравюра. Работы можна падзяліць і тэматычна. Аркушы, выкананыя ў 1941—1943 гадах, адлюстроўваюць нечаканасць фашысцкага нашэсця і безабароннасць мірнага насельніцтва. Большасць іх мае назву «Бежанцы». Сюжэты работ, выкананых у два апошнія гады вайны, увасабляюць побыт і падзеі з жыцця партызан і салдат. Ёсць шэраг пейзажных твораў, дзе занатаваны разбураныя гарады, кампазіцыі на тэму няздзейсненых планаў агрэсараў, замалёўкі ўцалелых гістарычных помнікаў Германіі, Венгрыі.

Уражвае трагічнае гучанне тэмы бежанства, пакідання родных мясцін у работах Фёдара Дарашэвіча, Марка Жытніцкага, Яўгена Зайцава, Барыса Малкіна. Іх вачыма мы бачым пячныя коміны, абгарэлыя дрэвы, спустошаную шэра-чорную зямлю. Уздоўж дарог, разбураных і спаленых хат цягнуцца людскія чароды. Нечаканасць вайны і негатоўнасць да супраціўлення — сюжэтная аснова малюнка Яўгена Зайцава 1942 года, дзе частка уцекачоў — жанчыны з дзецьмі, старыя — ужо не мае сіл рухацца наперад. Кампазіцыя будуецца такім чынам, што паўстае пытанне: адкуль з’явіліся гэтыя людзі і што іх чакае?

Незразумелы і далейшы лёс дзяўчынкі, што засталася каля сваёй забітай маці ў рабоце Марка Жытніцкага «1941 год». Мастак прыводзіць гледача да разумення, што вайна для дзяцей — самая страшная трагедыя на свеце. Кампазіцыю дапаўняе полымя, што засцілае поле і неба, а забойцы-сцярвятнікі ператварыліся ў маленькія чорныя кропкі на гарызонце. Барыс Малкін — аўтар серыі чорных акварэляў «Па слядах вайны» (1942—1944), дзе паказана знявечаная ворагам беларуская зямля. Замест палеткаў, садоў і дамоў — жудасныя абгарэлыя рэшткі. Людзям тут не будзе прытулку. Ім няма куды ісці. У цэнтры кампазіцыі яго малюнка «Бежанцы» — вялізная варонка ад разарванага снарада. На месцы колішняй забудовы і саду побач — толькі пасечаныя асколкамі дрэвы. Малюнак Фёдара Дарашэвіча «Бежанцы» 1943 года мае больш аптымістычны характар: лес становіцца надзейным прыстанішчам для дзвюх жанчын, адна з якіх трымае малое дзіця, загорнутае ў коўдру. Гэтую тэму — лёс малых дзяцей, што засталіся на руках у жанчын, — аўтар будзе распрацоўваць і далей. Тэма «адыходу», адна з самых трагічных у сусветным мастацтве, увайшла ў творчасць беларускіх мастакоў як гістарычна апраўданая: акупанты спалілі і разбурылі 209 гарадоў, 9200 вёсак.

Сяргей Раманаў і Генрых Бржазоўскі ўзнімалі іншую тэму — партызанскай барацьбы. Баявое юнацтва Раманава, які быў байцом Чырвонай Арміі, пасля палону ваяваў у партызанскім атрадзе, знайшло адлюстраванне ў партрэтах разведчыкаў, падрыўнікоў, гвардзейцаў. Яго творы падобныя на дакументальныя кадры. На аркушах занатаваны розныя праявы жыцця партрэтаваных, іх побыту, барацьбы: зборы, прывалы, разведка, хаты-зямлянкі, узяцце «языка», чытанне зводак Інфармбюро. Фонам для партрэтаў станавіліся сцены зямлянак, выкладзеныя з дрэва, мастак з натуры выпісваў абмундзіраванне: вінтоўкі, патранташы з патронамі, рамяні паверх гімнасцёркі, шапкі-вушанкі, шынялі. У малюнках ёсць мноства рэальных дакладных дэталяў, якія характарызуюць партызанскі быт, — сані, запрэжаныя коньмі, агітацыйныя плакаты. Героі Бржазоўскага таксама пазіруюць у поўнай баявой гатоўнасці: яны перапяразаны рамянямі, палявымі сумкамі, узброены аўтаматамі і кулямётамі. Твары маладых байцоў вылучаюцца адкрытасцю, спакоем, разважлівасцю. Аўтар імкнецца падкрэсліць, што мэта іх жыцця — выратаваць Радзіму.

А вось у аснову пейзажа Барыса Звінагродскага «Зіма» 1944 года лёг матыў самотнай старажытнай забудовы, што дрэмле ў гурбах снегу. Тэма роднага кута кранае шчырасцю і адкрытасцю. Сюжэт быў блізкі аўтару, які ў той час таксама перажываў разлуку з родным домам. Звінагродскі разам з Заірам Азгурам і іншымі прымаў удзел у выданні ілюстраванага агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну!», першы нумар якога быў падрыхтаваны ў 1941 годзе ў Гомелі. У далейшым агітплакат выдаваўся ў Маскве, а з ліпеня 1944 года — у Мінску. На яго старонках рэгулярна з’яўляліся малюнкі Івана Ахрэмчыка, Яўгена Красоўскага, Яўгена Зайцава, Барыса Малкіна, Міхаіла Філіповіча і іншых. Менавіта ў Маскве ў канцы 1941 года была ўзноўлена праца праўлення Саюза мастакоў СССР. Пазней па выкліку Саўнаркома БССР сюды прыехалі з Новасібірска Барыс Малкін, Яўген Красоўскі, з фронту Павел Гаўрыленка, з Беларусі Яўген Зайцаў, Соф’я Лі, Уладзімір Сухаверхаў, Лазар Ран, Мікалай Гуціеў і іншыя. Тут праходзілі першую апрабацыю жывапісныя шматфігурныя палотны, партрэты, графічныя серыі, скульптурныя выявы герояў.

Многія беларускія творцы змагаліся ў шэрагах Савецкай Арміі. Захаваліся франтавыя замалёўкі Мікалая Тарасікава, Івана Стасевіча, Івана Белановіча, Льва Лейтмана, Сяргея Каткова, Абрама Кроля і іншых. Гэта партрэты з натуры, аповеды пра паўсядзённую службу салдат, замалёўкі бязлітасных разбурэнняў. Аголеныя сцены, разбітыя коміны занатоўваліся і для памяці, і для будучых пакаленняў. Сяргей Каткоў, які сумяшчаў функцыі мастака і фотакарэспандэнта, узнаўляў шлях савецкіх войскаў на Захад. Захаваліся серыі яго аркушаў пад назвамі «Франтавыя замалёўкі», «Мяжа Усходняй Прусіі». Іван Белановіч — аўтар малюнкаў з выявамі культурных помнікаў Германіі, перададзеных з фатаграфічнай дакладнасцю, аж да адлюстравання слядоў куль і снарадаў.

Гэта далёка не поўны пералік тых графічных твораў, якія апавядаюць пра ваенныя падзеі. У фондах музея ёсць і гістарычныя аркушы, і творы, выкананыя мастакамі за межамі Беларусі, у час яе акупацыі. Графіка перыяду Вялікай Айчыннай вайны — частка мастацкай спадчыны. На жаль, у пасляваенныя гады ўзнікла меркаванне, што не варта, так бы мовіць, «згушчаць фарбы» ў паказе трагічнага, а таксама духоўных, чалавечых і матэрыяльных страт. З гэтай прычыны многія творы засталіся па-за ўвагай даследчыкаў беларускага выяўленчага мастацтва. Сёння мы адкрываем іх наноў.

 людміла налівайка,
н
аталля шаранговіч
 

Трагічная экспрэсія «Балады...»

Да інтэрпрэтацыі аповесці Васіля Быкава
«Альпійская балада» айчыннае мастацтва звярталася неаднойчы. Можна згадаць і аднайменны фільм, зняты Барысам Сцяпанавым у 1965 годзе, з Любоўю Румянцавай і Станіславам Любшыным у галоўных ролях, і нядаўні спектакль Купалаўскага тэатра, увасоблены Уладзімірам Савіцкім. А ў 1967-м у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі
быў пастаўлены балет «Альпійская балада» на музыку Яўгена Глебава. У гэтага спектакля незвычайны і дзівосны сцэнічны лёс! Ён магутна прагучаў на сваіх першых паказах, а потым «пражыў» доўгае і шчаслівае «жыццё». Рэдка здараецца, каб нацыянальны балетны твор не адно дзесяцігоддзе трымаўся на сцэне і прайшоў больш за 100 разоў...

/i/content/pi/mast/19/366/10.jpg 
 «Альпійская балада» Яўгена Глебава.
Вольга Лапо (Джулія), Віктар Саркісьян (Іван).
/i/content/pi/mast/19/366/11.jpg 
 Клара Малышава (Джулія), Леанід Чахоўскі (Іван).
У кнізе ўспамінаў «Доўгая дарога дадому», якая выйшла ў Мінску ў 2002-м, Васіль Быкаў згадваў, што пасля напісання аповесці «Здрада» ён «інстынктыўна адчуваў патрэбу ў чымсь болей мяккім, нават добрым. <...> Хацелася вылучыцца з жорсткага натоўпу, кудысь адасобіцца, дзе толькі ён і яна. Хай сабе ў акопе. У лесе. Тым болей у гарах. Ці ў дарозе. У дарозе, мусіць, найлепш: на вайне то будзе менш фальшыва. Бо вайна — скрозь дарога. Ці туды, ці назад. Ці ў рай, ці ў пекла. А яшчэ больш тыпова, калі пойдуць у рай, а прыйдуць у пекла. <...> Так у мяне неўпрыкмет выспеў намер “Альпійскай балады”. Там сапраўды — ён і яна, абое гнаныя і праследваныя ў самых драматычных абставінах, дзе, аднак, выяўляецца вечная праява жыцця — каханне...»

Аповесць мела шырокі чытацкі рэзананс і розгалас. Быкаў успамінаў у той жа кнізе, што з Мінска «прыйшла прапанова стварыць балет паводле “Альпійскай балады”, але я, навучаны вопытам кіно, адмовіўся. Я не хацеў празмернай папулярнасці...» Увогуле, пісьменнік не надта любіў тэатр і ставіўся да яго досыць іранічна. Пэўна, тэатральныя ўражанні (а можа, штампы і фальш?) кепска спалучаліся з той жорсткай і бязлітаснай праўдай пра вайну, якую ён бачыў у рэальнасці, а потым многія дзесяцігоддзі ўзнаўляў на старонках сваіх твораў.

Лібрэта «Альпійскай балады» было напісана вядомай балерынай і педагогам Раісай Чарахоўскай. У 1966-м Глебаў стварыў партытуру. А ў наступным годзе балет быў увасоблены на акадэмічнай сцэне харэографам Атарам Дадзішкіліяні.

Твор літаратурны, а ўслед за ім — і музычна-харэаграфічны атрымаўся пранізліва-трагічным. І разам з тым — узвышаным, рамантычным. Як і ў аповесці, на сцэне двое герояў — Іван Цярэшка, беларускі салдат, і італьянская дзяўчына Джулія. Абое яны ўцякаюць з фашысцкага канцлагера і выпадкова сустракаюцца ў Альпах. «Балада» — балет аднаактовы і, па сутнасці, камерны. Але прастора яго аказалася такой ёмістай і магутнай, што змясціла роздум і пра жорсткасць вайны, і пра нараджэнне кахання, і пра маральную нязломнасць.

Напрыканцы жыцця, праз тры з паловай дзесяцігоддзі пасля прэм’еры, Быкаў згадваў: «Балет мне ўвогуле спадабаўся, як можа спадабацца іншае мастацтва паводле празаічнай крыніцы. Добра танцавалі, гарманічны дуэт. Пасля спектакля пазнаёміўся з аўтарам музыкі. Глебаў аказаўся чалавекам камунікабельным, востраязыкім, іранічным. Гутарыць з ім было адно задавальненне...»

На маю думку, балет «Альпійская балада» хавае ў сабе нейкую таямніцу. Што дапаможа яе разгадаць? Сюжэт і вобразы аднаго з самых вядомых твораў Быкава? Ніколі больш пісьменнік не пісаў так пранізліва і разам з тым так рамантычна і светла. Менавіта светла — нягледзячы на трагізм вайны, на трагізм сітуацыі і ўсведамленне, што героі ніколі не выратуюцца, якія б высілкі ні прыкладалі. Бо з самага пачатку асуджаны...

Разгадка крыецца ў музыцы? Глебаў увогуле любіў жанр балета, аддаў яму шмат гадоў творчага жыцця. Да «Балады» на мінскай харэаграфічнай сцэне ўжо была пастаўлена яго «Выбранніца» (паводле паэм Янкі Купалы). Тэатральнасць музыкі, кантраснасць вобразаў, тэм і псіхалагічных станаў была блізкая Глебаву як кампазітару. Даследчыкі адзначалі, што ў балеце «прапанавана істотна новае музычнае вырашэнне, звязанае з прынцыпам скразнога сімфанічнага развіцця, з маляўнічасцю, экспрэсіўнасцю музычнай мовы».

Чым яшчэ патлумачыць доўгае жыццё спектакля? Магчыма, працай мастака Яўгена Чамадурава, яго простай і выразнай сцэнаграфіяй: падмосткі — пустыя, і толькі на заднік праектуюцца розныя адлюстраванні (адпаведна тром часткам балета: «Уцёкі», «Перавал», «Каханне»). А можа, сакрэт — у майстэрстве артыстаў? У іх уменні аддаць героям уласныя пачуцці і абаянне? Выканаўцы галоўных партый перадавалі ў сваім танцы і драматызм уцёкаў з канцлагера, і нечаканасць сустрэчы Івана і Джуліі, і вызваленне герояў ад звыклай насцярожанасці і трывогі, і вяртанне да самых высокіх пачуццяў у дуэтных сцэнах. А ў апошніх эпізодах балета — прадчуванне смяротнай пагоні. У фінале спектакля, дагнаны эсэсаўцамі, Іван Цярэшка не падаў на зямлю, а — заставаўся стаяць нерухома, засланіўшы сабой Джулію. Як помнік чалавечай самаадданасці і гераічнасці беларускага салдата...

таццяна мушынская 

 

Пра спектакль згадваюць яго выканаўцы

«Гераічны па сваёй сутнасці балет...»

Прэм’еру балета «Альпійская балада» танцавалі
Клара Малышава (Джулія) і Леанід Чахоўскі (Іван). У партыі італьянскай дзяўчыны таксама выходзілі на беларускую сцэну Аляўціна Карзянкова, Марына Пятрова, Людміла Цярэнцьева, у партыі Івана выступалі Мікалай Грышчанка і Сяргей Пясцехін. У ліку надзвычай яркіх інтэрпрэтатараў галоўных роляў — народны артыст Беларусі Віктар Саркісьян і балерына Вольга Лапо. Спектакль адыграў важную ролю ў іх творчасці, бо менавіта гэтыя артысты з’яўляліся яго асноўнымі выканаўцамі працяглы час.

Віктар: З кампазітарам Яўгенам Глебавым нас звязвалі гады сяброўства і сумеснай творчасці. Яшчэ да «Альпійскай балады» я танцаваў Машэку ў балеце «Выбранніца», пастаўленым Атарам Дадзішкіліяні. Вядома, Глебаў бываў на кожным паказе свайго спектакля. Заўсёды! Не здаралася ніводнай «Альпійскай», а пазней «Кургана», каб яго не было ў зале...

Вольга: Кампазітар быў зацікаўлены, каб яго «Балада» не сыходзіла са сцэны. Яўген Аляксандравіч быў задаволены нашым выкананнем, заўсёды дзякаваў. Прафесійным разборам ніколі не займаўся. Увогуле, калі Дадзішкіліяні паставіў балет у 1967 годзе, дык спектакль выклікаў сапраўдны фурор: Быкаў на балетнай сцэне — гэта было так нязвыкла! З харэаграфічнай вучэльні я яшчэ толькі «выпусцілася», а ўжо была занята ў спектаклі ў кардэбалеце. «Альпійскую баладу» мы з Віктарам рыхтавалі разам з рэпетытарам Аляксандрам Смалянскім у балетнай зале, пад раяль. Віктара занялі ў спектаклі раней, ён танцаваў з Аляўцінай Карзянковай. Але старэйшае пакаленне выканаўцаў паступова сыходзіла, і мне даверылі выканаць партыю Джуліі.

Віктар: Спектакль вельмі складаны! «Альпійская балада» ідзе 45 хвілін, і ўвесь гэты час знаходзішся на сцэне...

Вольга: Вобраз Джуліі патрабаваў шмат сцэнічных эмоцый і чыста фізічных сіл. Як і ад Віктара, які танцаваў Івана. У партыі складаны нават першы выхад, пабудаваны на хуткіх музычных тэмпах. Дзяўчына ўвесь час бяжыць! Не паспееш аддыхацца, як на «цяжкое» яшчэ дыханне ідзе варыяцыя. І далей усё запар — адно за другім! Здаецца, толькі паўза — зноў эмацыйны напал. І няма ніякага перадыху!

Віктар: І музыка, і сцэнаграфія стваралі патрэбны настрой і стан...

Вольга: У музыцы адчуваліся трывога, напружанасць, чаканне... Страх — адна з фарбаў вобраза, і псіхалагічна такі стан дапамагаў перадаць эмоцыі Джуліі. Пачынае гучаць аркестр, і ў табе ўсё літаральна трымціць. Ты бяжыш — за табой пагоня, за табой — сабакі! Здаецца, імгненне — і яны цябе разарвуць. Або немцы расстраляюць... І ўсё — канец! І такі стан — кожны раз... На спектаклі заўсёды здавалася, што ўсё адбываецца менавіта са мной. Пасля спектакля мы літаральна «выключаліся»!

Віктар: На маю думку, «Альпійская балада» не была яшчэ адным варыянтам харэаграфічнай трактоўкі спрадвечнай тэмы трагічнага кахання: спектакль прагучаў як гімн нязломнай трываласці і мужнасці чалавека. Каханне — насуперак усяму; каханне — як пратэст супраць гвалту; каханне — як сцвярджэнне права сярод бяспраўя — такой была асноўная тэма спектакля, яго эмацыйная і сэнсавая дамінанта. Таму заўсёды ўспрымаў «Альпійскую баладу» як гераічны па сваёй сутнасці балет.

«Я перад вамі з памяццю сваёй...»

 

/i/content/pi/mast/19/366/12.jpg 
 «Сцежкаю жыцця» Генрыха Вагнера. Сцэна са спектакля.

...Па калідоры побач са сцэнай
прагульваліся людзі ў шынялях, ватоўках,
у выгаралых ад сонца гімнасцёрках, з аўтаматамі цераз плячо. Для тэатра оперы, які любіць узнаўляць гістарычныя сюжэты, касцюмныя драмы, гэта было так нязвыкла! Памятаю, тады, у красавіку 1980 года, давялося трапіць на адзін з апошніх прагонаў оперы «Сцежкаю жыцця», а дакладней —
на генеральную рэпетыцыю...

А пасля, у напаўпустой глядзельнай зале, мы размаўлялі з адным са стваральнікаў спектакля — кампазітарам Генрыхам Вагнерам. Тэма вайны была яму асабліва блізкая. І як чалавеку, і як музыканту. Бо на ягоных вачах развіваліся падзеі ў Іспаніі ў 1936 годзе. У 1939-м, з Польшчы, занятай немцамі, Генрых Матусавіч дабраўся да Савецкага Саюза. Тут вырас, атрымаў адукацыю. У часе Другой сусветнай зведаў сапраўдную трагедыю, калі загінулі родныя.

Натуральна, што ўсё ўбачанае, перажытае так ці інакш адбілася ў тым, што ён напісаў. Непасрэдна з ваеннай тэмай былі звязаны музычныя паэмы «Героі Брэста», «Вечна жывыя», музыка да кінафільма «Паланез Агінскага». Але кампазітар марыў пра буйны твор… Асновай опернага лібрэта, напісанага паэтам і драматургам Анатолем Вярцінскім і рэжысёрам Сямёнам Штэйнам, стала аповесць Васіля Быкава «Воўчая зграя». Усе стваральнікі спектакля ўсведамлялі: творчасць Быкава — гонар беларускага мастацтва, тое, што прадстаўляе нашу краіну перад усім светам.

Партытура была скончана ў 1977 годзе. Музычная мова оперы аказалася няпростай для ўвасаблення. Кампазітар разумеў, што ад ступені выразнасці, эмацыйнасці музыкі, пераканаўчасці музычных характарыстык герояў залежыць поспех (або няўдача) рэжысёра, мастака, салістаў. У партытуры ён выкарыстаў напеўныя інтанацыі народных песень. Асноўнай музычнай тэмай — «ваўчынай зграі» — паслужыў механічна-бяздушны матыў бравурнага марша. Хор жыхароў спаленай вёскі, які задумваўся як адна з эмацыйных кульмінацый оперы, па жанры — плач. Хор быў напісаны настолькі экспрэсіўна, моцна і пранізліва, што і праз шмат гадоў пасля прэм’еры (у межах канцэртнага цыкла «Па старонках беларускіх опер», што быў паказаны летась у філармоніі) рабіў уражанне сачынення надзвычай сучаснага і вострага — і па змесце, і па форме.

Жыццёвы матэрыял спектакля «Сцежкаю жыцця» — трагічная гісторыя, што адбылася ў адным з партызанскіх атрадаў. А галоўнай праблемай для стваральнікаў новай беларускай оперы была праблема будзённага, непрыкметнага гераізму. Большасць оперных персанажаў часцей выходзяць на сцэну пераможцамі. А былы партызан Ляўчук (Ігар Сарокін) — звычайны, непрыкметны чалавек, які і праз шмат гадоў пасля вайны адчувае віну за тое, што не даглядзеў радыстку Клаву (Ніна Казлова), што загінуў Грыбаед (Віктар Стральчэня). Ратуючы дзіця радысткі, рызыкуючы жыццём, Ляўчук, па сутнасці, здзяйсняе подзвіг. І глыбокая маральнасць гэтага чалавека ў тым, што такі ўчынак для яго цалкам натуральны.

Ставіў спектакль рэжысёр Сямён Штэйн, пастаноўшчык удумлівы, глыбокі, схільны да рэалістычных сцэнічных форм і тэатральнай мовы. Разгорнутая, у дзвюх дзеях, опера «Сцежкаю жыцця» ўспрымалася многімі як эксперымент. У спектаклі суседнічалі два «пласты» — ваенны і сучасны, актыўная роля адводзілася цяперашнім героям. Штэйн імкнуўся адысці ад звыклай «опернасці», а значыць, і опернага штампа, наблізіўшы стылістыку да якасцей, уласцівых, напрыклад, кінематографу. Вырашэнне прасторы мастаком Юрыем Турам максімальна адкрывала сцэну ў глыбіню. Сцэнічныя пляцоўкі, якія ўзнімаліся, давалі магчымасць манціраваць эпізоды, узмацняючы эмацыйныя акцэнты, па-рэжысёрску будаваць спектакль такім чынам, каб дасягнуць найбольшай выразнасці.

Вядомы даследчык беларускай оперы Галіна Куляшова праз шмат гадоў напіша, што «ў гэтым спектаклі творчы калектыў імкнуўся падкрэсліць драматызм сітуацыі, адчуць душэўны свет сучаснікаў, якія прайшлі вайну. Складаны і нязвыклы для опернага жанру вобразны лад вымагаў ад удзельнікаў спектакля новых сродкаў выразнасці, асаблівага выканальніцкага інтанавання. Праца над операй у значнай ступені эксперыментальная для аўтараў, пастановачнага калектыву і выканаўцаў у плане асваення сучаснай опернай драматургіі». Як ні дзіўна, але гэты спектакль стаўся ці не адзінай спробай прачытання прозы Васіля Быкава на нашай опернай сцэне...

Таццяна Міхайлава

 

Паміж быццём і небыццём

/i/content/pi/mast/19/366/13.jpg 
 Таццяна Ражкоўская (Марына), Аляксей Кілеса (Прохараў).
Як з сучаснымі людзьмі, што не зведалі наступстваў страшэннай фашысцкай навалы, можна і трэба гаварыць сёння пра тую далёкую вайну?
Думаецца, такое пытанне паўстае перад кожным рэжысёрам, які бярэцца за ўвасабленне на сцэне ваеннай тэматыкі. І ад адказу на яго шмат у чым залежыць поспех будучага спектакля.

«Жывая» памяць, носьбітамі якой былі ўдзельнікі вайны і ветэраны, паступова адыходзіць на задні план — яе настойліва выцясняюць іншыя, больш сучасныя «жахі» — глабалізацыя, экалогія, атамная зброя і г.д. І немінуча эмацыянальны боль былой вайны пераходзіць у шэраг... сюжэтаў для кінасцэнарыяў, на аснове якіх можна стварыць яркі экшн з уражальнымі сцэнамі баёў, выкарыстаннем камп’ютэрнай графікі і найноўшых спецэфектаў. Але самае складанае — патлумачыць простай і даходлівай мовай маладым пакаленням хлопцаў і дзяўчат, што выраслі ў мірны час, навошта ім, людзям зусім іншага стылю мыслення і разумовага складу, у чарговы раз звяртацца да падзей Вялікай Айчыннай вайны?

Гэтым пытаннем задаецца драматург Алена Папова ва ўсіх сваіх п’есах, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны, пачынаючы з «Плошчы Перамогі». Для яе адказаць на яго нашмат важней, чым «распісаць» у тэатральнай форме чарговую ваенна-патрыятычную гісторыю, — аўтар свядома скіроўвае пільную ўвагу не ў мінулае, а на тых людзей, што жывуць побач з ёю.

Пра гэта і п’еса Паповай «Бліндаж», пастаўленая рэжысёрам Наталляй Башавай на сцэне Рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Адрасаваная адмыслова маладзёжнай аўдыторыі, гэтая пастаноўка сталася ці не адным з першых па-сапраўднаму новых спроб падыходу да ваеннай тэматыкі. Наватарства гэтае выявілася найперш у стылістыцы самой пастаноўкі. Вартая ўвагі сама форма пабудовы размовы з глядзельнай залай. Рэжысёр звяртаецца да стылістыкі клубна-дыскатэчнага відовішча, дзе «счэпка» і далейшае суіснаванне — у дадзеным выпадку, сцэнічнай дзеі і гледачоў у зале — будуецца па прынцыпе музычнага нумара, дзе ёсць некалькі асобных «куплетаў», звязаных пэўным сюжэтам-тэмай, і ёсць прыпеў — рэфрэн, які на працягу спектакля гучыць у разнастайных варыяцыях з вуснаў розных герояў. Рэфрэнам ТЮГаўскага «Бліндажа» стала думка пра тое, што вайна — гэта стан душы кожнага чалавека. Адпаведна, кожны з нас — салдат на ўласнай вайне, і наша права выбіраць стратэгію і тактыку вядзення бою паміж Дабром і Злом. Гэта, канешне, вольны пераказ аўтарскай думкі, але ж акурат ён, а не пэўныя сюжэтныя перыпетыі, застаецца ў памяці па выхадзе з глядзельнай залы.

Калі гаварыць пра цэласнасць сцэнічнага дзеяння, то зададзеная драматургам і шырока эксплуатуемая сёння ідэя «часавага збою» — перамяшчэння герояў у эпосе і прасторы — у рэжысёрскай апрацоўцы Наталлі Башавай ператвараецца ў падабенства ці то сну, ці то трызнення, дзе адны сцэны наплываюць на іншыя, словы і ўчынкі герояў набываюць бясконцую паўтаральнасць, а адсутнасць логікі ў паводзінах і ацэнках становіцца натуральнай і праз пэўны час перастае выклікаць наша глядацкае здзіўленне. Часам гэткая гульня з тэкстам і яго інтанацыйна-сэнсавай падачай стварае пэўнае адчужэнне. Але часцей гэтая гульня становіцца самамэтай, у выніку чаго атмасфера сцэнічнага дзеяння нагадвае балоцістую багну, дзе ўсе рухі становяцца вымушана павольнымі, крыху затарможанымі і часам падсвядома выконваюць адну-адзіную задачу — утрымаць раўнавагу. У дадзеным выпадку — падтрымаць знешнюю форму спектакля.

Асобнай увагі вартае сцэнаграфічнае рашэнне «Бліндажа» мастаком Вольгай Мацкевіч. Яно знарочыста не побытавае: аголеную прастору з адным толькі подыумам у глыбіні сцэны арганізуе вакол сябе купал вялікага парашута, на якім героі спектакля трапляюць у часавы зрух.

Па сутнасці, і самі героі спектакля нагадваюць гэткія ж парашуты, што завіслі паміж небам і зямлёй. І той кліпавы калаж-нарэзку, што па ходзе спектакля час ад часу праектуецца на іх, можна было б назваць станам свядомасці гэтых маладых людзей, дзе спалучыліся ў адно жахлівыя, але адначасова і эфектныя, уражваючыя кадры катастроф, забойстваў, катаклізмаў. На фоне іх самі людзі выглядаюць усяго толькі маленькімі хісткімі ценямі, што толькі і могуць трымаць адзін аднаго за руку.

І, бадай, галоўным недахопам сталася тая відавочная стараннасць, з якой акцёры тэатра намагаюцца сыграць наіўнасць сваіх персанажаў. Толькі адзін персанаж у спектаклі пазбаўлены ненатуральнасці — Сяржант у выкананні Васіля Ніцко. Акцёр знайшоў для свайго героя інтанацыю старонняга назіральніка, што ў спалучэнні з адсутнасцю імкнення да меладраматызацыі надае яму рысы крыху дэманічнай істоты.

Рэжысёрская любоў Наталлі Башавай да знешняй тэатральнай эфектнасці выявілася ў тым, што ў спектаклі, у параўнанні з п’есай, істотным чынам зменены фінал. Для Алены Паповай важна было падкрэсліць факт, што, нягледзячы на ўсе тыя наступствы і рэаліі сучаснага жыцця, якія мы, цяперашнія людзі, маем і спажываем, мінулае наша нельга змяніць нават на адзін міліметр. Нават калі вельмі і вельмі гэтага хочацца.

Для Наталлі Башавай важна даць гледачам надзею на прамень святла ў цёмным царстве і нават цвёрдую ўпэўненасць у гэтым. Фінальную сцэну яна вырашае без экзістэнцыяльнай неабходнасці маральнага выбару — у абстрактна-метафарычным ключы. Яна дае нам, гледачам, гуманістычна-меладраматычную веру ў справядлівае вырашэнне сітуацыі, а ім, салдатам, — магчымасць вырвацца з замкнёнага пякельнага кола: яны развітваюцца з намі і... ператвараюцца ў зоркі на небе. Адны з многіх іншых, уваскрашаючы ў памяці радкі Расула Гамзатава: «Часамі мне здаецца, што салдаты, што не прыйшлі з крывавых тых палёў...»

 таццяна команава