Арт-падрыхтоўка і арт-рынак

№ 4 (313) 06.04.2009 - 06.05.2009 г

Што ўяўляе сабой сённяшні малады творца? Часта гэта славалюбівы правінцыял з яшчэ не растрачанымі ў барацьбе за выжыванне сіламі. За плячыма ён мае мастацкі ліцэй або вучэльню. Пасля Акадэміі мастацтваў, як правіла, уладкоўваецца ў Мінску. Або неўзабаве з’язджае на заробкі ў Германію, Францыю, Канаду... Яму дваццаць з нечым гадоў. З чаго ён жыве? Са сваёй творчасці — надзвычай рэдка. Ён пачынае займацца дызайнам, працаваць на камп’ютэры, часам «сыходзіць» у інтэрнэт... і, бывае, не вяртаецца. Іншым разам выкладае тое, чаму яго вучылі ў Акадэміі. Спрабуе знайсці галерыста, які забяспечыць яму пражытковы мінімум. Шмат хто не вытрымлiвае. Мастацтва — жорсткая рэч...

«Праўдзівы мастак — лішні мастак»

Так сказаў аднойчы Стывен Райт — французскі крытык, куратар і гісторык сучаснага мастацтва.

Сёння мастакі, як і літаратары, ужо не ўладары думак, аднак яны валодаюць здольнасцю татальна ўздзейнічаць на гледачоў праз візуальныя выявы. У процілегласць таму высокаму статусу, які меў мастак у колішнім СССР, цяперашняе яго становішча (як, зрэшты, і становішча прадстаўніка любой іншай «вольнай прафесіі») — штосьці эфемернае. Размеркаванне выпускнікоў мастацкага факультэта ў мастацка-вытворчы камбінат БСМ — не столькі паспяховы трамплін у «светлую» будучыню, колькі прывязка да месца, дзе шмат гадоў жыцця можа прайсці ў чаканні нестабільных заказаў...

 /i/content/pi/mast/17/356/24.jpg
 Уладзімір Гаўрыленка. Венера манументальная. Дрэва, шкло. 2007.
Даводзіцца мыслiць у новай плоскасці. Прызвычайвацца да таго, што знаходжанне на невысокай прыступцы сацыяльнай лесвіцы — не знявага і не павінна ўспрымацца трагічна. Гэтак жа, як і адчуванне «непрызнанасці». Бо адразу паўстае пытанне: кім? Звычайна творцы iмкнуцца не прымаць на свой конт распаўсюджанае меркаванне пра мастацкую вартасць, якая вымяраецца выключна лічбамі на банкнотах. Магчыма, у іхнім выпадку ўсё адбываецца якраз наадварот? Да гэтай высновы прыходзіць усё большая колькасць мастакоў паўсюль у свеце, і гэта прымушае іх пакідаць абжытыя абшары выяўленчай творчасці, быць ніжэй бачнасці «радараў» — куратараў выстаў. Трэба адзначыць, што падобныя тэндэнцыі назіраюцца і ў Беларусі. Бурная дзейнасць маленькай андэграунднай мінскай галерэі «Падземка» — сведчанне таго, што сучасных мастацкіх «хіпі» перастаюць цікавіць культурныя мерапрыемствы, зробленыя па ўзорах савецкага часу, і каштоўнасці, якія палягаюць у іх аснове. Замест таго каб выйсці з ценю, яны пазбягаюць публічнасці, адчуваюць перавагу свайго інкогніта.

Паслядоўна дэманструюць згаданыя тэндэнцыі і буйныя еўрапейскія выставы — Венецыянскія або Парыжскія бiенале. Формы, якія прымае contemporary art, пераасэнсоўваюцца. Але што гэта — разрыў з гісторыяй або яе пераемнасць? І як вызначыць гэты новы статус мастацтва? У размаітых праектах бiенале агульнае толькі тое, што прадстаўленыя ў іх экспанаты лічацца творамі, але пры гэтым не перастаюць быць тым, чым яны з’яўляюцца ў рэальнасці: аб’ектамі, дэталямі, тэхнічнымі прыстасаваннямі і г.д.

Па-другое, удзел у такіх мерапрыемствах звычайна ананімны. Прагартаўшы спіс удзельнікаў той ці іншай бiенале, бачыш, што ў ім мала аўтараў, якія выступаюць пад уласнымі імёнамі. Ёсць калектывы і праекты. Гаворка ідзе аб нейкай з’яве мастацтва, у якой няма твора, няма майстра і — што яшчэ больш дзіўна — няма публікі. Нішто не падахвочвае чытача, які гартае старонкі, убачыць творчы акт і, такім чынам, ператварыцца ў гледача. Мастацтва канцэптуальных праектаў чытэльнае, але нябачнае...

Натхненне — не прадаецца, ды можна палатно прадаць...

Рэальнасць змянілася. А мастацкая адукацыя, якая абавязана быць кансерватыўнай, — не. Можа, у гэтым трэба шукаць каранi праблем сучаснага стану беларускага мастацтва, адказ на пытанне, чаму глядач не ходзіць на выставы?

 /i/content/pi/mast/17/356/25.jpg
 Вера Асядоўская. Жыццё актыўнае. Алей. 2004.
Справа не ў адукацыі. Справа ў асяроддзі, якое атачае маладога творцу. Ці дае яно магчымасць шукаць, расці, развівацца? Размова вядзецца не проста пра выяўленчае мастацтва, хутчэй пра тыя варункі, у якіх яно існуе. У візуальнай творчасці крыху іншыя правілы гульні, звязаныя з умовамі рынку.

Як выглядае сёння структура продажаў выяўленчых твораў? На гэтым велізарным кірмашы трэба ўмець сябе прэзентаваць. Тут мастаку даводзіцца клапаціцца пра такія рэчы, як уласны вэб-сайт, удзел у форумах, адпраўка сваіх рэзюмэ ў галерэі. А тыя прад’яўляюць уласныя патрабаванні, якія мастаку не заўсёды даспадобы. Словам, трэба арыентавацца ў новых абставінах.

І тут, адначасова з неабсяжнымі даляглядамі, пачынаюць адкрывацца малапрыемныя бакі сучаснага арт-рынку. Высвятляецца, што ў Расіі ніхто не чакае беларускіх мастакоў, якія, паводле пераканання большасці маскоўскіх галерыстаў, не «адпавядаюць» іх фарматам. Бо, напрыклад, не ўдзельнічаюць у іхніх «тусоўках», не судакранаюцца з іх праектамі.

Але ёсць яшчэ больш жорсткі Усход. Кітай так захліснуў сусветны арт-рынак разнастайнымі копіямі і падробкамі пад стыль і манеру таго або іншага мастака, што становіцца цяжка дыхаць. Там усё пастаўлена на канвеер — танная праца, велізарны наклад. Еўропа абараняецца ад наплыву кітайскага тандэту, але з кожным годам рабіць гэта становіцца ўсё складаней.

 /i/content/pi/mast/17/356/26.jpg
 Тамара Шэлест. Зацьменне. Папера, змешаная тэхніка. 2004.
Амерыканскі рынак падзелены шмат гадоў таму — спецыялізаваны, стандартызаваны, пралічаны і ўпакаваны. Па словах тых, хто з ім судакранаўся, там вядуць рэй мастацкія выдавецтвы, якія аўтара раскручваюць і прадаюць. Пры гэтым прынты, друкаваныя на палатне адбiткі з твораў, прадаюцца працэнтаў на сорак танней за арыгінал. «Беларускі мастак» — гучыць для амерыканскага дзелавога чалавека амаль гэтак жа экзатычна, як чукоцкі, украінскі, партугальскі або каталонскі. Каб не рызыкаваць, з вас запатрабуюць штомесяц тысячу долараў наперад і аплату аўтарскіх за копіі ў канцы года (гэта прыкладна 5% ад кошту аптовага продажу). Акрамя таго, неабходна эксклюзіўнае прадстаўніцтва. Гэта значыць, што вам забаронена самастойна прадаваць свае працы. Звычайна кантракт падпісваецца на 5 гадоў. І там абавязкова будзе пункт аб праве выдаўца спыніць дагавор без тлумачэння прычын... Толькі на такіх умовах вас будуць «прасоўваць», надрукуюць каталог, прадэманструюць работы на ўсіх модных выставах і прарэкламуюць у прэсе. Праблема ў тым, што 70% прыватных галерэй у ЗША належаць выдавецтвам. І яны прапагандуюць толькі «сваіх» мастакоў.

Застаецца еўрапейскі рынак, які больш дэмакратычны і адкрыты навацыям. Да таго ж еўрапейскія галерысты чуйна рэагуюць на талент і адметнасць. Адзін з прыкладаў — шматгадовае супрацоўніцтва беларускага мастака Валянціна Губарава з французскай галерэяй «Сланечнікі» ў Сент-Эцьене. Яму даюць поўную волю ў выбары тэматыкі. Самі ладзяць прэзентацыі. Працы прадаюцца. Галерэя ставіцца да мастака з павагай, хоць і сочыць за кожным пунктам кантракта.

Рынак візуальнага мастацтва

Візуальнае мастацтва можа натуральна існаваць у прасторы арт-рынку, ствараць пэўныя зоны, непранікальныя для камерцыі, дзе выспявае штосьці новае. Твор можа быць зроблены за кошт самога аўтара, не прадавацца на працягу дзесяцігоддзяў і пры гэтым заставацца ў культурным полі, лічыцца шэдэўрам, увайсці ў гісторыю… Рынак наогул толькі дапамога для мастацтва, але не форма існавання. Прычым «камерцыйнае» і «некамерцыйнае» — гэта не значыць «дрэннае» і «добрае», гэта дзве розныя зоны, якія супрацоўнічаюць адна з адной.

 /i/content/pi/mast/17/356/26-.jpg
 Аляксандр Сувораў. Вавілонская вежа. Алей. 2007.
Некамерцыйнай галіне творчасці неабходна свая «брыгада падтрымкі» — крытыкі, інтэлектуальнае асяроддзе, дзе магчымы абмен меркаваннямі і ідэямі. Вялікую ролю тут адыгрывае і самаадданасць галерыстаў.

Праблема ж беларускай культуры (зрэшты, як і расійскай, і наогул ва ўсіх постсавецкіх рэспубліках) у тым, што цягам апошніх гадоў згладзілася розніца паміж уяўленнямі пра культуру і пра рынак культуры, у той час як гэта не адно і тое ж.

Для Беларусі само паняцце «арт-рынак» носіць футурыстычны характар. Яго пакуль яшчэ няма. І таму беларускім мастакам даводзіцца арыентавацца на рынак еўрапейскі, у крайнім выпадку, расійскі. Пры гэтым улічваць, што міфалогія, звязаная з «чыстым» мастацтвам, зведала значныя змены.

Напрыклад, адна з асноўных тэндэнцый сённяшняга міжнароднага арт-рынку — папулярнасць скульптуры і інсталяцыі. Багатыя пакупнікі гатовы выкладваць мільёны долараў за тварэнні Джэфа Кунса, Дэміена Хэрста і Такасі Муракамі. Скульптуры гэтых адносна маладых (усе нарадзіліся пасля 1945 года) мастакоў прадаюцца на аўкцыёнах за сямізначныя, а часам і васьмiзначныя сумы. Гэта новы, які зарадзіўся толькі ў другой палове XX стагоддзя, від пластыкі. Сённяшнія мастакі проста прыдумваюць канцэпцыі сваіх твораў, а ўсю «чорную работу» па іх увасабленні выконваюць шматлікія асістэнты. Часта працы ствараюцца з дапамогай запрошаных спецыялістаў, у прыватнасці, інжынераў, бо новае мастацтва патрабуе складаных тэхнічных разлікаў.

Іншая вельмі iстотная адметнасць сучаснай скульптуры (як і сучаснага мастацтва наогул) — шэдэўры вырабляюцца ў велізарнай колькасці. Гэтая стратэгія завецца people-friendly. Хтосьці можа на аўкцыёне набыць скульптуру за мільён долараў, а хтосьці зойдзе на сайт і купіць паменшаны адбiтак той жа працы ўсяго за пару сотняў. Розніца толькі ў тым, што «мільённы» твор будзе адным з пяці асобнікаў, а яго танны «клон» — аднім з дзвюх або трох тысяч.

Мастацтва як экасістэма

Гаворачы пра арыентацыю на еўрапейскі рынак, варта згадаць выставу «Новае мастацтва Беларусі» (фатаграфія, інсталяцыя, музыка, перформанс, відэа), якая праходзіла ў 2000 годзе ў Варшаве. Гэта было, мабыць, першае прадстаўленне нашага сучаснага мастацтва ў новым фармаце. У выставе прымалі ўдзел мастакі, якія працуюць у розных сферах, з рознымі формамі і ў розных матэрыялах, сярод іх група «Бергамот», Андрэй Логвiнаў, Вiтольд Ляўчэня, Андрэй Дурэйка, Сяргей Бабарыка, Ігар Цішын, Васіль Васільеў, Вольга Сазыкіна, Наталля Залозная і іншыя. У чым жа адчувалася тут «навізна»? Палякі бачаць яе ў наяўнасці iнсталяцый, відэаперформансаў, «светлавых» аб’ектаў, мультымедыйных спектакляў — усяго таго, што сімвалізуе «новы час» у мастацтве ХХІ стагоддзя. У гэтым кантэксце ў паказе «новага мастацтва Беларусі» іх бянтэжыла нейкая супярэчлівасць, аглядка на мінулае. На іх думку, апошняе адчувалася нават у надзвычай авангардных працах.

 /i/content/pi/mast/17/356/27.jpg
 Раіса Сіплевіч. паміж наступным і былым. Алей. 2006.
Напрыканцы 2008 года зала мінскага Палаца мастацтва была аддадзена творам «свежых» чальцоў Саюза мастакоў. Што кідалася ў вочы? Розныя ўзроўні прац: ад вучнёўскай пераймальнасці («Дажынкi» Усевалада Швайбы) да грунтоўных манументальных палотнаў («Фотаробат», «Камуфляж» Аляксандра Некрашэвiча), нетрывіяльнай скульптуры (Валерый Малахаў).

І гэта сведчыць, што беларуская «тэрыторыя мастацтва» жыве па іншых законах, чым еўрапейская. Творчыя стасункі тут складаныя і неадназначныя. Так, ёсць музеі і галерэі. Аднак адсутнічае асяроддзе, дзе ладзіліся б трывалыя творчыя кантакты. Выяўленчае мастацтва даўно і паспяхова выкарыстоўвае такі рэсурс, як творчы саюз, які не толькi арганізоўвае выставы, але і дапамагае з продажам, з папулярызацыяй, клапоцiцца пра тое, каб у зоне культуры не губляліся нават самыя малыя з’явы мастацкай «флоры і фаўны».

Як функцыянуе гэтая «экасістэма»? Спачатку — індывідуальная вытворчасць артэфактаў і распаўсюджванне іх у мiкраасяроддзі, якое робіць свой крытычны аналіз, інтэрпрэтацыю, адбор, прасоўванне ў зону праблемнага поля культуры. Затым — далучэнне да сістэмы масавых камунікацый: шырокія міжнародныя выставы, музейныя экспазіцыі, рэпрадуктаванне ў шырокай прэсе, уключэнне ў адукацыйныя праграмы і г. д. У выніку — праз аб’яднанне культурнай памяці грамадства з яго культурнай свядомасцю — удзел у агульнам полi культурнага капіталу.

Адна з праблем сучаснага беларускага арт-свету — у тым, што тут усё пераблытана. Па выразе Дзмітрыя Прыгава, «парадкі культурных сістэм мікра- і макраасяроддзя настойлiва змешваюцца самімі ўдзельнікамі мастацкай супольнасці». Важкасць падзей і артэфактаў часцей за ўсё вызначаецца не меркаваннямі мастацтвазнаўцаў, а газетнымі рэпартажамі. Адсутнічае такі ўплывовы медыйны элемент, як аператыўная арт-крытыка. У выніку мастацкія працэсы, якія патрабуюць адмысловага асэнсавання, угрунтаванага на веданні гісторыі мастацтва і кваліфікаваным знаёмстве з найноўшымі тэндэнцыямі, адразу ж кананізуюцца без усялякай экспертызы. Усе адзнакі зблытаны, усе крытэрыі размыты. Стыль жыцця Саюза мастакоў савецкага ўзору захоўваецца. Ён быў і застаецца «аб’яднаннем узаемнага захаплення», дзе выключана магчымасць размовы пра дрэнны твор.

Сучаснае мастацтва — гэта сумесная дзейнасць велізарнай творчай супольнасці. Куратары, музеі, крытыкі — гэта ўсё сааўтары мастакоў. Яны робяць агульную справу. У мастацтва ж ёсць адзіная задача — не наганяць сум, а тлумачыць соцыякультурную сітуацыю ў грамадстве. Не больш. Але і не менш…

Таццяна цюрына