Майстэрня, у якой працуюць мае суразмоўцы, нібы і вялікая, але прастора паміж кіпамі палотнаў, стосамі аркушаў і прафесійных прылад досыць абмежаваная. Cувязь з часам адчуваецца тут заўжды. Ды вось ён, час, — спрэсаваны ў жывапісных вобразах. Як бацькі і дзеці знаходзілі сябе ў мастацтве, якія ўплывы зведалі, як перасякаліся іх шляхі з эпохай — пра ўсё захацелася распытаць, калі апынулася ў творчай студыі мастакоў.
Барыс Семілетаў: Калі Іван быў малы, стол у нашай вялікай кватэры быў увесь застаўлены фарбамі. І ён — тыднямі — сядзеў і маляваў. Мы аддалі яго вучыцца ў мастацкую школу імя Івана Ахрэмчыка, але нягледзячы на поспехі ў спецыяльных дысцыплінах, яго адлічылі. Мы перавялі Івана ў звычайную школу. Вучоба адразу наладзілася, а работы паехалі на выставу ў Германію. Так творчая кар’ера і пачалася.
Алеся Белявец: А вас асабіста ці заахвочваў бацька маляваць?
Барыс Семілетаў: Не. Я скончыў восьмы клас, бацька паставіў нацюрморт, я намаляваў, ён паглядзеў, што ў мяне атрымалася, і сказаў: «Будзеш паступаць у вучылішча».
Алеся Белявец: Дык выбар быў зроблены не вамі?
Барыс Семілетаў: Я не пярэчыў, бо маляванне мне давалася лёгка. А пасля, у вучылішчы, вельмі натуральна ўключыўся ў агульную творчую атмасферу.
Алеся Белявец: Высветлілася, што гэта ваша дарога. Чым жа бацька матываваў сваё рашэнне?
Барыс Семілетаў: Здольнасці былі, і бацька гэта бачыў.
Алеся Белявец: Калі прасачыць ваш творчы шлях, можна заўважыць, што вы мяняліся, дынамічна развіваліся. Што вы шукалі і шукаеце цяпер?
Барыс Семілетаў: Сёння многае ў мастацтве завязана на стварэнні паверхні. Фактура, калаж, вушка, носік і... дастаткова. Просты матыў, складаныя назвы. Што цікавіць мяне? Здаецца, жывапісцу дадзена няшмат — толькі двухмерная прастора. Але сучаснае мастацтва можа закладваць іншыя вымярэнні. Адчуванне гэтага мусіць ісці ад карціны. Калі глядач падрыхтаваны, ён прачытае пасыл. Калі ж не гатовы да ўспрымання гэтых «іншых вымярэнняў», яго можа спыніць ля карціны яе кампазіцыйная выразнасць, незвычайнасць пабудовы...
Алеся Белявец: Як да вашых пошукаў ставіўся бацька?
Барыс Семілетаў: Мы з ім не гаварылі пра гэта. Сам ён быў мастак зусім іншага кшталту: інтуітывіст. Актыўная праца адбывалася ў яго ўнутры. Мог добрую работу замаляваць, зрабіць яе горшай. Але — пры ўсім гэтым — выдатныя творы ў яго таксама выходзілі. Інтуітыўна. А я — кожны крок абдумваю, пралічваю... Усё раблю паводле правілаў, калі мэта пастаўлена, абавязкова яе дасягну. Хоць тэма можа і незразумела адкуль узнікнуць...Бацька не дапамагаў мне ў творчасці. Падштурхнуў — так. Некалі я глядзеў тэлеперадачу пра акцёраў тэатра кабукі. У чалавека пытаюцца, ці дапамагае калегу-сыну. «Ніколі. Гэта яго ўласнае жыццё і яго творчасць».
Алеся Белявец: Да свайго сына ў вас такое ж стаўленне? Ці просіць ён у вас парады?
Барыс Семілетаў: Мы ў сям’і шмат размаўляем пра мастацтва. Але што б я ні казаў, Іван зробіць па-свойму. Як і ў мяне з бацькам, стаўленне да мастацтва ў нас прынцыпова рознае.
Алеся Белявец: Чым жа адрозніваюцца вашы падыходы?
Барыс Семілетаў: Іван — гэта ўжо іншае пакаленне, выхаванае ў свабодзе творчасці. У нас не было такіх магчымасцей выбіраць сярод розных плыняў і стыляў. Не было столькі інфармацыі ў пачатку прафесійнага сталення.
Алеся Белявец: Але быў пералом і ў вашым мастацтве?Барыс Семілетаў: Прычынай таму якраз і стаў інфармацыйны прарыў: у канцы 80-х мы шмат чаго новага ўбачылі і пачулі. Я наведаў выставу Філонава ў Маскве. Памятаю сваю думку тады: «Чаму мяне маглі навучыць, калі па прадмеце “гісторыя мастацтваў” нам не распавялі пра Філонава?» З бацькам мы пастаянна — ледзь не кожны дзень — ездзілі на эцюды. Яму было неабходна пісаць з натуры, бо ўзорам мастацтва для яго быў Левітан. А для мяне — да Філонава — Сікейрас (я заканчваў аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу).
Алеся Белявец: Вы працуеце серыямі.
Аляксандр Семілетаў. Прадчуванне. Алей. 1985–1987. |
Іван Семілетаў: Я бачу сувязь. Напрыклад, у тым, што дзед, хоць і быў рэалістам і інтуітывістам, як кажа бацька, але над творам працаваў вельмі асэнсавана. Карціны яго сёння выглядаюць даволі сучасна. Ён мог, напрыклад, даць фон адным колерам і на гэтым фоне — падрабязна выпісанае дрэва. Абагульненні былі дастаткова фармальныя, а пластыка — выразная.
Ларыса Мележ: Ён эксперыментаваў. Пошук Семілетавых з яго і пачаўся.Барыс Семілетаў: Інтуітыўна, але эксперыментаваў. Рабіў шмат замалёвак, эцюдаў, але ў майстэрні — у выніковым творы — мяняў усё: кампазіцыю, каларыт.
Алеся Белявец: То-бок агульнае для сям’і — пошук, эксперымент. Свабода, выказаная, так бы мовіць, у рознай ступені?
Іван Семілетаў: Так. Я, напрыклад, цалкам адыходжу ад натуралізму. Мяне вабіць пластыка — кшталту ўласцівай дзіцячаму малюнку.
Алеся Белявец: Не палохае адсутнасць арыенціраў у мастацтве?
Барыс Семілетаў. 5.40. Алей. 2009. |
Барыс Семілетаў: Пытанне ў іншым — наколькі ты сам іх ствараеш. Напрыклад, мне вельмі не падабаецца Уорхал. Але калі я яго ўпершыню ўбачыў на выставе, дзе ён з нейкіх крэсачак зрабіў твор, адчуванне значнасці было вельмі моцным...
Іван Семілетаў: Калі майстар напоўніцу валодае пачуццём кампазіцыі, ён можа з любой плямы зрабіць выразную рэч. Сам матэрыял не важны...
Барыс Семілетаў: Сіла асобы запампоўваецца ў палатно. Палатно становіцца шматслойным, важкім, глыбокім. Можна ўваходзіць унутр і вандраваць там.
Алеся Белявец: Гэта фамільнае: патрабавальнасць да сябе?
Іван Семілетаў: Калі мы з бацькам робім манументальныя роспісы заказчыку, часам можна і прасцейшы варыянт прапанаваць, але ўсё роўна шукаем такое рашэнне, якое нас саміх — як мастакоў — задаволіць.
Алеся Белявец: Іван, вы ж не манументальнае аддзяленне заканчвалі. І пры гэтым займаецеся роспісамі?
Іван Семілетаў: Так, але ўсюды адны і тыя ж законы: ці то ў кніжнай графіцы, ці то ў музыцы…
Барыс Семілетаў: Архітэктура будынка і архітэктура палатна — розныя рэчы.
Іван Семілетаў: Тым не менш, законы адны: гарманічнасць пабудовы, суадносіны частак кампазіцыі, акцэнты і паўзы ў аповедзе... Адрозненні вынікаюць з абранага жанру.
Алеся Белявец: Іван, згадайце сваё дзяцінства. Была такая магчымасць — не стаць мастаком?
Іван Семілетаў. Квартэт. Алей. 2005. |
Алеся Белявец: Вы сын і ўнук мастакоў. Не перашкаджалі вызначыцца чужыя ўплывы?
Іван Семілетаў: Наадварот: творчая атмасфера дома была вельмі спрыяльнай. З’яўлялася разуменне таго, чым займаешся. Прыманне. Размовы пра мастацтва, спрэчкі, у якіх фарміруецца твая пазіцыя. Бацька шмат даў у прафесійным плане. Маці ў мяне таксама з творчай — пісьменніцкай — сям’і. Стыль фарміраваўся дзякуючы і бацькам, і любімым мастакам — Пікасо, Фрэнсісу Бэкану, Брэйгелю і Босху.
Алеся Белявец: Якія рысы вы цэніце ў творчасці бацькоў?
Іван Семілетаў: У бацькі — лаканічнасць, якой мне не хапае. Ён вельмі лёгка прыходзіць да нейкага абагульнення, да цэласнасці. Яго кампазіцыі счытваюцца адразу. Захапляюць яго фармальныя знаходкі. Маці я ўвогуле зайздросціў, што яна робіць кніжкі, дапамагаў ёй, калі яна працавала ў выдавецтве.
Барыс Семілетаў: Наконт школы... Я малюю лепш за Івана. Але яму гэты акадэмічны малюнак непатрэбны, у яго стыль іншы. У нейкі момант, напрыканцы навучання ў Акадэміі, мы ўсе сталі майстрамі, і варта было б, каб выкладчыкі і размаўлялі з намі на ўзроўні творчасці. А гэтага не было — ні ў каго з нас. Школа павінна займацца пошукам індывідуальнасці, вучыць уменню мысліць.
Алеся Белявец: Ларыса, адкуль у вашай кніжнай графіцы такі тонкі каларыт, такое выдатнае разуменне прасторы?
Ларыса Мележ: Я заканчвала аддзяленне інтэр’ера. Законы ў мастацтве сапраўды агульныя: прынцыпы фармальнай кампазіцыі, арганізацыі прасторы, колеравага вырашэння.
Барыс Семілетаў: Мы з жонкай падобныя: аднолькавае стаўленне да інфарматыўнай насычанасці работы, неадназначнасці і складанасці прачытання. Разуменне таго, што тэма павінна счытвацца ў творы лёгка. Іван не такі, у яго працах усё незразумела. Мне гэта не блізка.
Ларыса Мележ: Іван — іншае пакаленне. Але падаецца, мы паўплывалі на яго таксама.
Іван Семілетаў: Ды безумоўна. Я ў бацькоў вучыўся, уся мая творчасць пранізана іх знаходкамі. На ўзроўні жыцця, каларыту, тэхнікі.Але мыслю па-іншаму. Вось мая работа: нацюрморт — як напружаны натоўп на вуліцы. Адухоўлены натоўп прадметаў. Я люблю шукаць спосабы, як ажывіць мёртвую натуру. Ці наадварот: балерыну ператвараю ў нерухомую пасудзіну.
Барыс Семілетаў: У яго гульня атрымліваецца. А мастацтва — сур’ёзная рэч.
Іван Семілетаў: Так, я гуляю. Шукаю грані паміж жывым і мёртвым. Мне цікава перадаць эмацыйны стан жывапіснай пластыкай. У мяне — партрэты пачуццяў, а не партрэты з вачыма і носам. Музыка складаецца з гукаў, але яна перадае канкрэтныя эмоцыі.
Барыс Семілетаў: Колеры падобныя да музыкі, яны — і кантрасныя, і напружаныя, і мяккія.
Алеся Белявец: Але ў любым выпадку ўсе ўражанні павінны быць звязаны сюжэтам?..
Барыс Семілетаў: Для мяне — так, для яго — не. Хоць у яго таксама ёсць сюжэты, але яны абсалютна іншыя...
Іван Семілетаў: Я іду не ад пастаўленай задачы, а ад інтуітыўнага малявання. Калі пачынаю маляваць, не ведаю, што ў мяне атрымаецца. А ў выніку выходзяць пластычныя формы, якія вельмі дакладна перадаюць мой стан. Усе мае работы — гэта мае партрэты.
Алеся Белявец: Думаю, што шмат творцаў, і ваш бацька ў тым ліку, могуць падпісацца пад апошнім выказваннем.